Пётра Русаў

Па шляху паміж Свіслаччу і Менкай


Падзеі знакамітай бітвы 1067 г. на рэчцы Няміга адбыліся, зг. з летапісам, напрыканцы зімы - 3 сакавіка. Гэтая пара г. мела характэрную рысу - павелічэнне колькасці ападкаў[1]. Жорсткая сеча суправаджалася снежнымі віхурамі, што таксама адзначана летапісам. Паход войска Яраславічаў да Нямігі адбываўся ў непагадзь. Снегавое пакрыва магло дасягаць найбольшай велічыні. На шляху да Нямігі не было больш-менш значнай рэчкі, замерзлая паверхня якой спрыяла б пераходу. Глыбокія і вузкія лагчыны Менскага ўзвышша, па якіх цяклі невялікія рачулкі, былі занесены снегам. Яраславічы, відавочна, выбіралі самы лёгкі шлях.
Мы прапануем варыянт маршруту, якім войска магло накіроўвацца ад разбуранага Менска па рэчцы Менка, але спачатку ўдакладнім геаграфічныя адметнасці мясцовасці з дапамогаю планаў і гістарычных дакументаў.
Даследчыкам нашай мінуўшчыны І.А.Сербавым у 1925 г. быў складзены план наваколля паўднёва-заходняга сектара Менска[2], размешчанага якраз на шляху паміж Менкай і Свіслаччу. З архіўных матэрыялаў мы выкарысталі карты, складзеныя ў 30-40-я гады, з якіх зрабілі выкапіроўку. Захаваўся цікавы дакумент, складзены ў 1557 г., у якім указваюцца межы «грунтоў», што належалі мяшчанам Менска. У дакуменце апісваецца і паўднёва-заходні сектар[3]. Абапіраючыся на план І.А.Сербава, карты і сярэднявечны дакумент, зробім параўнальны аналіз матэрыялаў.
Пачнём разгляд сярэдневяковага дакумента з тых радкоў, дзе ўказваецца месца перасячэння рэчкай Лошыцай, якая з'яўлялася мяжой «грунтоў» менскіх, Койданаўскай дарогі. Апошняя адзначана і на плане І.А.Сербава. Ад гэтага перасячэння мяжа, згодна з тэкстам, доўжылася паўз рэчкі да «прудца петровского, где и двор за речкою». Тут не ўказваецца назва двара, але, несумненна, што назва «прудца» паходзіць ад назвы двара. У адной з пісьмовых крыніц таго ж стагоддзя апісваецца, як у красавіку 1582 г. менскаму мешчаніну Андрэю Станкевічу быў выдадзены дакумент на валоданне маёнткам Пятроўскім у Менскім павеце[4]. Прыведзеныя ўрыўкі сярэдневяковых запісаў паказваюць на адно і тое ж месца. На карце І.А.Сербава на левым беразе рэчкі Лошыцы зафіксавана вёска Пятроўшчына. Відавочная блізкасць форм сярэдневяковых тапоніма і гідроніма і сучаснага тапоніма сведчыць аб пераемнасці гэтых назваў. Размяшчэнне сучаснай вёскі Пятроўшчына на месцы сярэдневяковага двара Пятроўскага ўдакладняецца параўнаннем пісьмовай крыніцы з планам мясцовасці, складзеным І.А.Сербавым праз 343 гады.
Месцазнаходжанне сучаснай вёскі Пятроўшчына дакладна адпавядае арыенціроўцы двара Пятроўскага адносна Менскіх «грунтоў»: «двор за речкою». Ад «прудца» Пятроўскага мяжа ішла па рэчцы праз дарогу, што «идёт з Менска до Вовъчкович». Дарога да «Вовъчкович», верагодна, ідэнтычная дарозе на Воўчкавічы, што пазначана на картах 30-40-х гадоў. Пасля перасячэння «Вовъчковичской» дарогі ўказваецца двор Сухараўскі пана Карэвіча, за якім «узнікля» (выток рэчкі Лошыцы). Згодна з картамі, уверх па рэчцы Лошыцы ад вёскі Пятроўшчына спачатку зафіксавана дарога на Воўчкавічы і далей праз 300 м дарога на Гарадзішча, а яшчэ далей, бліжэй да вытоку, вёска Сухарава. Такім чынам, дарога да «Вовъчкович», названая ў сярэдневяковым тэксце, тая ж самая, што і дарога да вёскі Воўчкавічы на картах 30-40-х гадоў. А на поўнач ад яе - дарога да сяла Гарадзішча.
Цікава, што дзве дарогі на картах 30-40-х гадоў ідуць ад Менска да вёскі Пятроўшчына побач. Сыходзяцца каля рэчкі і толькі за Лошыцай разыходзяцца. Несумненна, што сваім існаваннем познесярэдневяковы населены пункт Пятроўскі, які знаходзіўся на правым беразе Лошыцы, «абавязаны» нейкай пераправе праз рэчку, да каторай падыходзілі дзве дарогі ад горада.
Магчыма, што ў больш ранні час пасяленне на гэтым месцы магло выконваць альбо кантрольную функцыю на дарозе, альбо яго насельнікі абслугоўвалі тых, хто перапраўляўся цераз рэчку.
На сучасных планах Менска існуе памылка ў абазначэнні рэчышча Лошыцы, якое пачынаецца ад вёскі Дворыцкая Слабада (побач з мікрараёнам Малінаўка-6). На сучасных планах (паміж 5-м і 3-м завулкамі Міхалёва) зафіксавана рэчышча Мышы, сутока якой з Лошыцай месціцца ніжэй вёскі Пятроўшчына. На плане І.А.Сербава выток рэчкі Лошыцы пачынаецца ад вёскі Сухарава. Далей Лошыца цячэ злева ад фальварка Міхалёва і за вёскай Пятроўшчынай у Лошыцу ўпадае ручай, што выцякае з боку вёскі Слабада (сучасная Дворыцкая Слабада). Рэчышча Лошыцы на плане І.А.Сербава дакладна адпавядае апісанню старажытнага дакумента. Такім чынам, рэчышчам Лошыцы павінна лічыцца тое, што адпавядала сярэдневяковаму дакументу і плану наваколля Менска, складзенаму І.А.Сербавым.
Удакладненне рэчышчаў абалоны Лошыцы ў паўднёва-заходнім сектары Менска дазваляе перайсці да разгляду сухапутнага шляху ад Менкі да Свіслачы, па якім магло рухацца зімой войска Яраславічаў (пісьмовыя крыніцы засведчылі толькі кароценькі адрэзак паходу - рэчку Нямігу). У.А.Жучкевічам адзначана, што Няміга да сярэдзіны XIX ст. мела наступнае рэчышча. Пачыналася яна ў невялікай лагчыне на ўсходзе ад вёскі Сухарава, далей цякла паўз сяло Пятроўшчына (у раёне сучасных вуліц Чыгуначнай, Прылуцкай, Суражскай, Разінскай, Грушаўскай, Ізвознай, Нагіна, Мяснікова і накіроўвалася да вуліцы Нямігі[5]. Візуальнае даследаванне, праведзенае навукоўцамі АН Беларусі ў 1985 г., дазволіла выявіць і канстатаваць наяўнасць у мінулым іншага рэчышча: ад упадзення ў Свіслач і да аўтастанцыі Таварная і Калектарнага завулка, дзе раней было балота, з якога і пачыналася Няміга[6]. Згодна гэтага плана, рэчка Няміга паварочвала ў бок аўтастанцыі Таварная ў тым месцы, дзе пракладзена вуліца Грушаўская. Менавіта на павароце Нямігі і пачынаўся пераход ад яе рэчышча да рэчышча Лошыцы. На плане губернскага горада Менска, складзенага ў 1911 г., дарога, што ідзе да вёскі Гарадзішча, з'яўляецца як бы працягам вуліцы Грушаўскай. На плане І.А.Сербава паблізу гэтага месца зафіксаваны гідронім «Чыстая лужа». Ён месціцца ў пачатку лагчыны, што адыходзіла ў накірунку да рэчышча Лошыцы. Магчыма, што назва «Чыстая лужа» паказвае на існаванне невялікага воднага аб'екта прыроднага характару: балотца альбо крыніцы, якая сілкавала невялікае верхавое балотца, каторае магло быць вытокам ручая ці невялікай рачулкі, што цякла лагчынаю. На сучасных планах Менска ў гэтым месцы зафіксаваны ручай, які перасякаецца вуліцай Чыгуначнай. Ён падыходзіць да рэчкі Лошыцы якраз там, дзе на плане І.А.Сербава лагчына ад «Чыстай лужы» зліваецца з рэчкай насупраць вёскі Пятроўшчына. Верагодна, У.А.Жучкевіч і лічыў рэчышчам Нямігі заўважаныя ім лагчыны, па якіх цяклі Лошыца, што пачыналася ад вёскі Сухарава, і ручай, які браў пачатак ад «Чыстай лужы», побач з рэчышчам Нямігі на вуліцы Грушаўскай. Удакладненне памылкі У.А.Жучкевіча дае магчымасць вызначыць, што рэльеф мясцовасці, пачынаючы ад рэчышча Лошыцы каля вёскі Пятроўшчына і да вусця Нямігі, уяўляў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. лагчыну. Уздоўж яе і пралягала дарога да сяла Гарадзішча, адзначаная на плане І.А.Сербава. Паралельна і побач з Гарадзішчанскай дарогай працякае ў лагчыне і ручай, які на плане І.А.Сербава бярэ пачатак каля вёскі Слабада і ўпадае ў Лошыцу побач з вёскай Пятроўшчына, ніжэй па цячэнні. Мы ўжо адзначалі, што на сучасных планах ён памылкова пазначаны як рэчка Лошыца.
Такім чынам, ручай, што пачынаецца ад вёскі Слабада, і лагчына, якая адыходзіць ад «Чыстай лужы», накіраваны амаль што паралельна Гарадзішчанскай дарозе і знаходзяцца на поўдзень ад яе. Несумненна, што зімой, калі снег засыпаў лагчыны, па якіх цяклі невялікія рачулкі і ручаі, вандроўнікам трэба было кіравацца ўздоўж іх. Яны маглі рухацца ўзгоркамі на поўнач ад лагчыны - па наезджанай дарозе, якая ў пачатку ХХ ст. зафіксавана як дарога на Гарадзішча і якая пралегла на поўнач ад другой дарогі, што атрымала ў позняе сярэднявечча назву «дарога з Вовъчкович». Гэтыя мясціны былі здаўна асвоены і тут усталяваўся старажытны шлях. Сведчаннем заселенасці з'яўляюцца выяўленыя археалагічныя помнікі[7].
Шэраг кургановых груп зафіксаваны на плане І.А.Сербава ўздоўж дарогі на Гарадзішча і па рэчышчах абалоны Лошыцы. У апошнія гады ў паўднёва-заходнім сектары сучаснага Менска (у басейне рэчкі Лошыца) былі праведзены археалагічныя раскопкі. На заходняй ускраіне вёскі Дворыцкая Слабада (Шчомысліцкі сельсавет Менскага раёна) даследавана селішча, якое датуецца XI - XII стст.)[8]. На плане І.А.Сербава каля вытоку ручая побач з вёскай Слабада (сучасная Дворыцкая Слабада), ніжэй па яго цячэнні, зафіксаваны фальварак Дворышча (да нядаўняга часу вёска Дворышча). На поўнач ад гэтай вёскі, у раёне праспекта Любімава, выяўлена селішча, датаваная канцом X - XII ст.[8] У раёне Малінаўкі[9] раскопвалася вялікае паселішча плошчай да 8,5 гектара. Вынікі работ пацвердзілі яго значнасць як звяна ў ланцужку старажытнага сухапутнага шляху паміж Лошыцай і гарадзішчам на рэчцы Менцы[10]. Вялікае па плошчы паселішча і значная колькасць курганоў уздоўж дарогі на вёску Гарадзішча і ў абалоне Лошыцы, сведчаць аб тым, што тэрыторыя ўздоўж пазначанага сухапутнага шляху была ў пачатку другога тысячагоддзя даволі шчыльна заселена. Менавіта таму тут і пралёг сухапутны шлях, які праходзіў сярод паселішчаў.
Дакладную арыенціроўку заходняй часткі сухапутнай дарогі ад Менкі да Свіслачы ў сярэднявеччы, па-за межамі сучаснага Менска, даюць шэраг сярэдневяковых дакументаў. Першы з іх - уступны запіс 1582 г., у якім стараста Крычаўскі Фёдар Андрэевіч Шолуха частку сваёй зямлі апісаў на імя сваёй нявесткі Раіны Мялешкаўны, жонкі Канстанціна Шолухі[11]. Для абазначэння межаў зямлі ён абапіраўся на адметнасці мясцовасці: рэчка Менка супраць «рогу Кургана вялікага», маёнтак «Строчычы», поле і двор «Городішчанскі», дарога на Слуцак. «Рогам Кургана вялікага» каля рэчкі Менкі з'яўляецца малое гарадзішча сярэдневяковага Менска. Маёнтак Строкчычы адпавядае сучаснай вёсцы Строчыца, а двор «Городішчанскі» - вёсцы Гарадзішча. Усе гэтыя населеныя пункты і гарадзішча знаходзяцца ў сучасных межах Шчомысліцкага сельсавета. У запісу ад 26 верасня 1582 г. гаворыцца пра торг у Гарадзішчы, які знаходзіўся каля Новага двара[12]. Асобы, якія ўпаміналіся ў дакуменце, дапамаглі акрэсліць менавіта гэты рэгіён. Да торгу ў Гарадзішчы з Менска павінна была быць дарога і, несумненна, яна існавала ў той час, нягледзячы на тое, што ў дакументах не засведчана. Нездарма на плане І.А.Сербава дарога абазначана як Гарадзішчанская і накіравана праз землі на поўначы вёсак Слабада (сучасная Дворыцкая Слабада) і Азярцо. Неабходна заўважыць яшчэ адну асаблівасць. На сучасных картах і картах 30-40-х гадоў ад вёскі Дворыцкая Слабада ў заходнім накірунку адыходзіць балоцістая лагчына да вёскі Азярцо. Назва вёскі гаворыць пра існаванне ў гэтым месцы раней невялікага вадаёма. Ад вёскі Азярцо недалёка і сутокі рэчак Пціч і Менка. На поўнач ад лагчыны і па сённяшні дзень існуе грунтовая дарога, якая ідзе ад вёскі Азярцо ў бок вёскі Дворыцкая Слабада, верагодна, рэшткі старажытнай.
Такім чынам, паміж гарадзішчам на рэчцы Менка і рэчышчам Свіслачы існаваў старажытны шлях, частка якога была зафіксавана на плане І.А.Сербава, на картах 30-40-х гадоў і ў тэксце сярэдневяковага дакумента. Шлях ляжаў на поўнач ад рэчышчаў невялікіх рачулак і лагчын па наступных мясцінах: ад гарадзішча, уздоўж рэчкі Менкі на ўсход да рэчкі Пціч, далей праз тое месца, дзе знаходзіцца сучасная вёска Азярцо, яшчэ далей да правага прытоку рэчкі Лошыцы, што пачынаўся каля вёскі Дворыцкая Слабада (вёскі Слабада на плане І.А.Сербава), потым па ўзгорках уздоўж гэтае лагчыны на поўнач ад вёскі Пятроўшчына (сярэдневяковая вёска Пятроўскае), праз Лошыцу на левы бераг і, нарэшце, уздоўж ручая, які пачынаўся ад вярховога балотца ці крыніцы на мясціне пад назвай «Чыстая лужа», дзе непадалёк быў выток Нямігі.
Відавочна, што гэты шлях мог існаваць з тых часоў, калі на ўзвышшы побач з рэчкаю Менкаю сяліліся людзі і дзе ў апошнія дзесяцігоддзі даследчыкамі выяўлены шэраг археалагічных культур[13]. Безумоўна, шляхам карысталася і славянскае насельніцтва Менскага гарадзішча, і вялікага паселішча. У познім сярэднявеччы шэраг вуліц і трактаў, якія пачыналіся ад сцен Менска на Свіслачы, называўся адпаведна гарадам, да якіх вуліцы былі накіраваны: Ракаўская, Заслаўская, Койданаўская, Барысаўская і шэраг іншых[14]. На плане У.А.Жучкевіча, надрукаваным у яго кнізе «Дороги и водные пути Белоруссии», дарога, якая адыходзіла ад сярэдневяковага Менска на поўнач ад Койданаўскай, пазначана як Стара-Менская. Яна мела заходні напрамак, да «старога Менска», месца, дзе знаходзілася Строчыцкае гарадзішча. Стара-Менская дарога, адзначаная У.А.Жучкевічам, і дарога на вёску Гарадзішча, зафіксаваная І.А.Сербавым і картамі 30-40-х гадоў, адна і тая ж, якой карысталіся на працягу многіх стагоддзяў. Яна звязвала Менск на Свіслачы са старажытным гарадзішчам на рэчцы Менка. Гэтым шляхам і магло ісці войска Яраславічаў.
Зыходзячы з вялікай значнасці падзей 1067 г. у гісторыі Беларусі, было б мэтазгодна шлях ад Строчыцкага гарадзішча на рэчцы Менка і да Нямігі, якім рушыла войска Яраславічаў, адзначыць на планах турыстычных маршрутаў, а таксама і на шыльдах у горадзе і за яго межамі.


1. Гольберг М.А. Климат Минска. - Мн., 1976. - С. 107, 114.
2. Рынейскі А. Археолёгічныя разьведкі на р. Пцічы. У кн: Працы археолёгічнай камісіі. Т.3. - Менск. 1932. - С. 205-206.
3. Беларускі архіў. - Мн., 1930. Т.3. - С. 21-22.
4. АВАК. Т. 36. Акты Менского городского суда. 1582-1590. - Вільня, 1912. - С. 11.
5. Жучкевич В.А. Улицы помнят. - Мн., 1979. - С. 151.
6. Клок Л., Пазняк З., Штыхаў Г. Няміга / Помнікі гісторыіі культуры Беларусі. 1986. № 2. - С. 13-15.
7. Каваленя А. Археолёгічныя разьведкі ў Магілеўскай, Бабруйскай і Менскай акругах. У кн: Працы археолёгічнай камісіі. Т. 2. - Менск, 1930. -С. 153.
8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 2. Мн., 1987. - С. 46, арт. 1825.
9. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мн., 1988 г. - С. 148, арт. 202в.
10. Расолька С. Археолагі не выключаюць, што, магчыма, ужо ў 2000 г. Мінск адсвяткуе свой тысячагадовы юбілей // Звязда, 1997, 5 ліпеня.
11. АВАК. Т. 36. С. 160-161.
12. Тамсама, - С. 309-312.
13. Рынейскі А. Археолёгічныя разьведкі на р. Пцічы. - С. 205-206. Мал. 5; Загорульский Э. Возникновение Минска. - С. 49, 50; Алексеев Л. Полоцкая земля. - М., 1966. С. 147-148; История Минска. - Мн., 1957. - С. 10; Ткачев М. Прорезка вала городища на р. Менке. - В кн.: ТДКАБ. - Мн., 1969. - С. 193-198; Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли. - Мн., 1978. - С. 71-72.
14. Жучкевич В. Дороги и водные пути Белоруссии. - Мн., 1977. - С. 13-14. Мал.3.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.