Людміла Налівайка

Рыцары аховы помнікаў


Адраджэнцкія ідэі беларускай культуры сярэдзіны 20-х гадоў былі, найперш, звязаны з краязнаўчым рухам, які разгарнуўся па ўсёй Беларусі і склаў не толькі падмурак для далейшых пошукаў нацыянальных каштоўнасцяў і іх вывучэння, але і з'явіўся пуцяводнай зоркай для мастакоў-краязнаўцаў канца стагоддзя.
Першыя крокі па асэнсаванні беларускага мастацтва старажытных часоў былі зроблены яшчэ да «кастрычніцкіх» часоў. Потым была дзейнасць розных таварыстваў гісторыі і культуры ў Петраградзе, Маскве, Смаленску, Віцебску. Сярод першых членаў таварыстваў былі Я.Карскі, У.Пічэта, З.Жылуновіч, Ч.Родзевіч, А.Сапуноў, У.Дабравольскі, Я.Дыла. Між іншым, многія з іх пачыналі справу арганізацыі Інстытута беларускай культуры, адной з галоўных задач якога сталі збор і захаванне помнікаў культуры і мастацтва. Менск становіцца буйным цэнтрам навукі і мастацтва, творчая інтэлігенцыя імкнулася да актыўнага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытутамі культуры і асветы.
Пачатак збіранню помнікаў культуры і мастацтва паклалі шматлікія экспедыцыі, арганізаваныя Наркам-асветы Беларусі, а затым секцыямі Інбелкульта. Так, яшчэ ў 1921 г. была арганізавана этнаграфічная экспедыцыя, у складзе якой былі менскія мастакі Д.Полазаў (кіраўнік), П.Гуткоўскі, Я.Кругер, К.Елісееў і інш. За шэсць тыдняў у Слуцку і навакольных вёсках было сабрана і часткова сфатаграфавана мноства помнікаў старажытнасці, знойдзена значная колькасць цудоўных узораў слуцкіх паясоў і тканін. Пра вынікі працы Д. Полазаў зрабіў даклад на пасяджэнні менскага таварыства гісторыі і старажытнасці. На пасяджэннях таварыства (іх адбылося каля дваццаці) былі заслуханы таксама даклады П.Харламповіча «Старажытнасці каменнага веку», Н. Маслакаўца «Заслаўская кафля XVII ст.» і інш. Некалькі экспедыцый было наладжана ў 1923 г. дзеля пошукаў экспанатаў на I Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку, якая рыхтавалася ў Маскве. У гэтай рабоце ўдзельнічалі мастакі, гісторыкі, этнографы А.Шлюбскі, З.Жылуновіч, М.Мялешка, М.Філіповіч, фатограф Л.Дашкевіч. Разам з узорамі дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва ў Маскве экспанаваліся творы выяўленчага мастацтва, якія паказвалі ўмовы жыцця беларускага селяніна, апавядалі пра рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. у Беларусі ды інш.
У 1921 г. пачала дзейнічаць музейная камісія Наркамасветы, вынікам яе работы стала адкрыццё Беларускага дзяржаўнага музея, яго аддзяленняў у Гомелі (1922), Віцебску (1924), Магілеве (1924), Цэнтральнае бюро краязнаўства размяркоўвала матэрыяльныя сродкі, займалася выданнем прац па мастацтву, распрацоўкай праграм і г.д. Яно таксама вяло перапіску з архівамі і музеямі ў пошуках вывезеных раней твораў народнага мастацтва Беларусі.
Шырокую дзейнасць па збіранні каштоўнасцяў разгарнула этнаграфічная камісія Інбелкульта, якая займалася вывучэннем духоўнай спадчыны, матэрыяльнага побыту і народнага мастацтва. Былі выяўлены характэрныя асаблівасці ткацтва Бабруйскага раёна, даследавана ганчарства паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі. Этнографы І.Сербаў і А.Сержпутоўскі сабралі і сфатаграфавалі шмат розных рэчаў народнага ўжытку і твораў мастацтва. Альбомы, замалёўкі, фотаздымкі зберагаліся ў Беларускім дзяржаўным музеі (БДМ).
У 1923 г. Саўнаркам Беларусі зацвердзіў пры Наркам-асвеце БССР навукова-экспертную камісію, якая павінна была выяўляць на тэрыторыі рэспублікі помнікі старажытнасці, ставіць іх на ўлік, ствараць сістэмы аховы і г.д. Старшынёю камісіі быў абраны С.Некрашэвіч, членамі - І.Сербаў, П.Харламповіч, М.Мялешка.
У 1925 г. пры Інбелкульце была створана мастацкая секцыя, пры якой працавала адна з падсекцый - выяўленчага мастацтва, музыкі. Знаўцы выяўленчага мастацтва займаліся пошукамі і выданнем матэрыялаў па гісторыі беларускага мастацтва, апрацоўкай і вывучэннем збораў БДМ, распрацоўкай тэрміналогіі, а таксама дапамагалі Віцебскаму мастацкаму тэхнікуму стаць на нацыянальныя рэйкі. Старшынёю секцыі быў абраны Я.Дыла, намеснікам - Н.Красінскі, сакратаром - М.Шчакаціхін. Мастацкая секцыя абапіралася ў сваёй дзейнасці на мастакоў, этнографаў, гісторыкаў. Асобныя мастакі не толькі збіралі ўзоры народнай творчасці, але і самі станавіліся яе даследчыкамі, мастацтвазнаўцамі. Для БДМ М.Філіповіч у некалькіх альбомах замаляваў нацыянальную вопратку, сялянскія забудовы, прадметы побыту. Праца яго і сёння ўяўляе цікавасць для знаўцаў славянскіх культур. А.Тычыне ўдалося знайсці ў адной з цэркваў Случчыны рэдкай прыгажосці вырабы мясцовых папрадух. М.Лебедзевай, М.Філіповічам, А.Тычынай быў складзены альбом слуцкіх паясоў, дзеля чаго давялося ім «капаць» архівы музеяў Масквы, Ленінграда, Смаленска і інш. У 1924 г. альбом «Слуцкія паясы» быў выдадзены Інбелкультам.
Пачэснае месца сярод збіральнікаў духоўнай спадчыны займае мастак, археолаг, гісторык, настаўнік малявання Я.Драздовіч, які стварыў шматлікія серыі краязнаўчых пейзажаў, малюнкаў старажытнай архітэктуры. замалёвак прадметаў народнага побыту. На матэрыялах гераічнай мінуўшчыны свайго народа Я.Драздовіч пісаў карціны гістарычнага жанру і быў у Беларусі адным з першых у гэтай справе. У школах, дзе настаўнічаў мастак, дзеці вучыліся на ўзорах народнай творчасці. Згуртаванне мастацкіх сілаў рэспублікі - адна з сур'ёзных дзяржаўных спраў мастацкай секцыі Інбелкульта, якую яна выконвала да таго часу, пакуль не было створана Ўсебеларускае аб'яднанне мастакоў. Вельмі актыўна секцыя працавала над падрыхтоўкай I Усебеларускай мастацкай выстаўкі (1925). На ёй быў аформлены аддзел старажытнабеларускага мастацтва, які паказаў тую вялікую работу, што праводзіў беларускі ўрад па выкананні дэкрэта аб ахове помнікаў гісторыі і мастацтва. Мастакі рэспублікі першымі пайшлі ў народ за яскравымі ўзорамі мастацтва, што складалі яго духоўную спадчыну. У экспазіцыю ўвайшлі фатаграфіі і малюнкі з архітэктурных помнікаў, копіі з манументальных роспісаў у Полацку, старажытныя кнігі, аздобленыя гравюрамі і малюнкамі, партрэты станковага жывапісу, вырабы з металу, дрэва і інш.
Дзейнасць мастакоў у справе аховы помнікаў не абмяжоўвалася толькі іх зборам. Адначасова ішоў працэс вывучэння, накаплення энергіі, духу народнай творчасці, каб у далейшым выкарыстаць у стварэнні самабытных мастацкіх твораў. «Этнаграфічнасць» большасці твораў I Усебеларускай выстаўкі, як адзначаў мастацтвазнаўца М.Шчакаціхін, і з'явілася вынікам даследчай дзейнасці мастакоў рэспублікі першай паловы 20-х гадоў.
Напрыклад, самабытнае мастацтва М.Філіповіча ўвогуле з'яўляецца этнаграфічным. Упершыню ў беларускім мастацтве былі створаны партрэты беларуса, у якіх мастаку ўдалося наказаць характар свайго народа. Найбольш удалыя жывапісныя палотны - «Група на кірмашы», «Беларусы ў старажытным адзенні», «Дудар» і інш. У кампазіцыі «На Купалле» мастак зафіксаваў многія нацыянальныя віды мастацтва - танец-карагод, адзенне, упрыгожванне свята кветкамі і зелянінай.
Этнаграфічныя партрэты пісалі таксама старэйшы віцебскі мастак Ю. Пэн («Стары беларус. 127 год», «Беларус»), менскія мастакі П.Марчкоўская («Старая беларуска»), В.Волкаў («Беларуска») ды інш.
З'явіўся новы від нацюрморта з атрыбутамі старажытнасці. У. Кудрэвіч напісаў «Эскіз беларускага дывана», «Старажытнасць». А.Тычына стварыў «Кампазіцыю на тэмы слуцкіх паясоў», а таксама «Кампазіцыю на тэмы сучасных беларускіх тканін і драўлянай разьбы».
У жанры пейзажа дэкрэт аховы помнікаў таксама пакінуў свой адбітак. Карціны і пейзажы адлюстравалі шмат помнікаў, узятых пад ахову Пастановай Саўнаркама БССР «Аб абвяшчэнні дзяржаўнай уласнасцю помнікаў старажытнасці, мастацтва, быту і прыроды» ад 5 ліпеня 1926 г.[1]. Гэта серыя «Стары Менск» І.Майзаліса, у якую ўвайшлі карціны «Домік Пятра І», «Будынак Бернардынскага кляштору», «Дом гарадскога суда на замчышчы» і інш.; «Пары ў Гомлі» і «Брама ў Заслаўі» М.Русецкага; «Царква ў Слуцку», «Дамініканскі касцёл», «Духаў манастыр» М.Філіповіча; «Юраўская царква» М.Эндэ. Віцебску і яго помнікам прысвячалі свае творы А.Бразер, В.Волкаў, М.Лебедзева. Старажытныя курганы пісалі амаль усе пейзажысты. Мастак В.Кудрэвіч прадставіў на I Усебеларускую выстаўку серыю пейзажаў помнікаў старажытнасці, якую ён зрабіў у Менску, Гомелі, Заслаўі.
Вялікую серыю гравюр у тэхніцы ксілаграфіі выканаў віцебскі графік М.Юдовін. У серыю ўвайшлі помнікі архітэктуры - як асобныя куточкі горада, так і цэлыя вуліцы.
Помнікам Менска прысвяціў сваю творчасць А.Тычына. Пачаткам яе была серыя «Матывы садовай архітэктуры», а таксама асобныя архітэктурныя будынкі Менска, якія ўяўляць і гістарычную, і культурную каштоўнасць. Да іх адносіцца выкананы ў розных графічных тэхніках «Дом І з'езда РСДРП», шмат малюнкаў дамоў гарадской архітэктуры розных мастацкіх стыляў.
Краязнаўчы рух закрануў навучальную праграму Віцебскага мастацкага тэхнікума. Па-першае, у 1925/26 навучальным г. ў тэхнікуме пачалі чытаць гісторыю беларускага мастацтва[2]. Па-другое, вучэбная праграма прадугледжвала кампазіцыі на тэмы этнаграфіі, у якіх выкарыстоўвалася народнае мастацтва (нацыянальнае адзенне, ткацтва, прывады), напрыклад, работа над кампазіцыяй «Беларускі быт» і інш.
Маладыя энтузіясты краязнаўчага руху ў тэхнікуме стварылі краязнаўчы гурток, у якім вучылі збіраць матэрыялы па народнаму мастацтву, рабіць замалёўкі па этнаграфіі ў перыяд летніх канікулаў[3].
Такім чынам, краязнаўства ў Беларусі ў першыя перыяды станаўлення мастацкай школы мела свае адметныя рысы - тую патрэбную этнаграфічную і фальклорную глебу, на якой пачалі фарміравацца новыя мастацкія групоўкі, асэнсоўвацца культурныя ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы. І ў гэтай патрыятычнай справе беларускія мастакі выступалі сапраўднымі рыцарамі аховы помнікаў мастацтва.


1. Мастацтва Савецкай Беларусі. - Мн., 1976. - С. 33.
2. Дзяржаўны архіў ў Віцебску. ф. 837, во. 1, д. 6, с. 110.
3. Тамсама. С. 136.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.