Тамара Габрусь

Творы манументальнага мастацтва ў гістарычным цэнтры Менска


Манументальнае мастацтва сваёй вобразнай мовай матэрыялізуе грамадскую памяць. Праз пластычныя вобразы яно актыўна ўваходзіць у прастору і час і з іх дапамогай застаецца там надоўга. Духоўны свет і грамадзянская пазіцыя мастака, адлюстраваныя ў яго творчасці, павінны быць зразумелымі і ўспрынятымі калі не ўсімі, дык большасцю сучаснікаў, а гэта значыць быць адпаведнымі свайму часу. У гэтым высокая адказнасць сапраўднага мастака-манументаліста.
Але якім бачыцца наш час у творах сучаснага манументальнага мастацтва Менска? Як уваходзіць ён у гістарычны кантэкст сталіцы суверэннай дзяржавы? У якой ступені адпавядае genius loci - духу места? Якія сацыяльныя працэсы адлюстроўвае? Храналагічна наш час - гэта апошняе дзесяцігоддзе апошняга стагоддзя другога тысячагоддзя хрысціянскай эры ў эўрапейскай цывілізацыі. Гэта межавы, разломны час у многіх сэнсах. Яшчэ дзесяць гадоў таму ідэалагічныя арыенціры савецкага манументальнага мастацтва былі зусім іншымі. А яно, у выніку сваёй спецыфікі, не такое мабільнае, як, напрыклад, сацыяльныя апытанні ці прэса. Таму, каб адчуць у ім нейкія новыя павевы, патрэбны пэўныя намаганні і, зноў жа, час.
Праца мастака-манументаліста - справа надзвычай складаная. І не толькі з-за творчай адказнасці, але і з-за тэхнічных і матэрыяльных цяжкасцяў, а таксама сацыяльна-ідэалагічных праблем. Чалавеку недасведчанаму цяжка нават уявіць і ахапіць тое, што хаваецца пад знешняй, бачнай часткай айсберга, - праблемы атрымання заказа, фінансавання, матэрыялу, адліўкі, транспарціроўкі, вырашэння архітэктурна-горадабудаўнічай сітуацыі і г.д. Таму падаецца амаль неверагодным, што ў перыяд глыбокага ідэалагічнага і эканамічнага крызісу, у якім знаходзіцца наша грамадства на працягу 1990-х гадоў, у гістарычным цэнтры Менска з'явілася некалькі значных твораў манументальнага мастацтва мемарыяльнага характару, у адносінах да якіх пэўную пратэкцыянісцкую ролю адыграла Рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
6 жніўня 1993 г. у Траецкім прадмесці Менска, на рагу вуліцы М.Багдановіча і набярэжнай Свіслачы, быў адкрыты скульптурны помнік выдатнаму беларускаму мастаку і краязнаўцу Язэпу Драздовічу (скульптар І.Голубеў, архітэктар В.Марухін). Гэта даніна памяці не проста таленавітаму мастаку - асоба Я.Драздовіча стала сімвалам беларускага духоўнага Адраджэння. У кастрычніку 1998 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вялікага падзвіжніка, перад памяццю якога нельга не схіліць галавы. Чалавек вялікага таленту, добрай прафесійнай мастацкай адукацыі, якую ён атрымаў на пачатку ХХ ст. у Вільні, Язэп Драздовіч ніколі не меў уладкаванага быта, сям'і, амаль усё жыццё правёў у вандроўках і ўрэшце змерз на дарозе ўжо ў пасляваенны час. Але застаўся след вялікага жыцця, чалавечыя межы якога незвычайна спалучыліся з бясконцасцю прасторы і часу.
Творчасць Я.Драздовіча ўнікальная і традыцыйная, наіўная і мудрая, рэалістычная і сімвалічная. Яна мае свядомую асветніцкую накіраванасць і па-мастацку адметны характар. Ён працаваў у многіх відах выяўленчага мастацтва: кніжнай і станковай графіцы, жывапісе, скульптуры. У канцы 20-ых гадоў, падчас вандровак па Заходняй Беларусі, Драздовіч стварыў унікальныя графічныя альбомы - сотні малюнкаў, прысвечаных помнікам старажытнага дойлідства Наваградка, Вільні, Крэва, Глыбокага і іншых месцаў. Яго замалёўкі гарадзішчаў, курганоў замкаў і храмаў, гумнаў і хат з'яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай для даследчыкаў архітэктуры і этнографаў. Але помнікі дойлідства для Драздовіча не толькі рэаліі побыту, для яго яны - захавальнікі часу, канцэнтрацыя духоўнасці народа, накіраваная з мінулага ў будучыню. Гэта асабліва бачна пры параўнанні гістарычных твораў і касмічных фантазій мастака, галоўная тэма якіх - прамяністы горад усеагульнага шчасця.
Язэп Драздовіч адкрыў для беларускага мастацтва касмічную тэму. Ён, як і яго вялікія сучаснікі К.Цыялкоўскі, А.Чыжэўскі, М.Рэрых, глыбока цікавіўся космасам, што знайшло ўвасабленне ў мастацкім і філасофскім асэнсаванні гармоніі Сусвету, пра што сведчаць дзённікі мастака. У яго снах былі дзіўныя па сваёй рэальнасці «паветра-кінапалётныя вандроўкі па луннай краіне» і іншыя «астральныя падарожжы». Асабліва прыцягальнай для мастака-летуценніка была планета Сатурн, якой ён прысвяціў шэраг карцін з фантастычнымі сюжэтамі і пейзажамі. А яго «матывы архітэктуры на Месяцы» ўражваюць амаль прарочым прадбачаннем урбаністычных пошукаў сённяшняга дня і дня будучыні.
У жывапісе і скульптуры Я.Драздовіч стаў пачынальнікам стварэння мастацкага вобраза нацыянальнага генія - Францішка Скарыны, якому ён прысвяціў тэматычную серыю работ гісторыка-бытавога жанру. Адначасова ён распачаў гісторыка-славянскую тэму ў выяўленчым мастацтве. У карцінах з жыцця полацкага княства мастак неаднаразова звяртаўся да вобраза славутага князя Ўсяслава Чарадзея. Тыя ж тэмы знайшлі адлюстраванне ў яго літаратурнай творчасці.
Мастак падрабязна занатоўваў свае рэальныя і фантастычныя вандроўкі, але, на жаль, не ўсе запісы захаваліся. Літаратурныя спробы Я.Драздовіча вызначаюцца шчырасцю і чысцінёй успрымання свету. У 1931 г. ім была выдадзена навукова-папулярная брашура «Нябесныя бегі» з сакавітай беларускай тэрміналогіяй перадкасмічнай эры. Акрамя гэтага нястомны асветнік запісваў фальклор, апрацоўваў для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка» народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, рупна збіраў экспанаты для беларускага музея ў Вільні, настаўнічаў, маляваў дэкарацыі для аматарскіх спектакляў. Ужо ў сталыя гады мастак захапіўся стварэннем маляваных насценных дываноў, прызначаных для ўпрыгожання сялянскіх хат. Паводле яго ўласных слоў, на гэтай малааплатнай працы ён прысвяціў шмат часу дзеля развіцця эстэтычнага густу ў народа той краіны, дзе нарадзіўся і вырас.
Жыццёвы шлях Я.Драздовіча праходзіў і праз Менск. Тут на пачатку грамадзянскай вайны ён працаваў мастаком у беларускім літаратурным выдавецкім аддзеле камісарыята асветы, прымаў удзел у афармленні першага ў Савецкай Беларусі буквара-лемантара. На Траецкай гары на левабярэжжы Свіслачы знаходзілася вышэйшая жаночая школа, у якой ён выкладаў маляванне. Паблізу тых мясцін, дзе мастак любіў блукаць, аглядаючы краявіды старога Менска, пра што сведчаць і яго графічныя працы, яму ўстаноўлены помнік. Здаецца, усё зроблена слушна, абгрунтавана, невыпадкова, але гэта толькі здаецца. Некалькі гадоў адлітая ў бронзе скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Я.Драздовічу, з сімвалічнай назвай «Вечны вандроўнік», не магла знайсці свайго месца ў горадзе, і спатрэбіліся значныя намаганні грамадскасці, каб гэта ўрэшце адбылося. Ведаючы ўсе перыпетыі стварэння і ўстаноўкі помніка, я яшчэ больш пераконваюся, што не толькі над зямным жыццём, але і над памяццю Язэпа Драздовіча змагаліся і працягваюць змагацца касмічныя сілы Дабра і Зла.
Складаная па водле задумы скульптурная кампазіцыя «Вечны вандроўнік» была дыпломнай працай Ігара Голубева, таму яна мае адносна невялікія памеры. Маладому скульптару ўдалося перадаць не толькі партрэтнае падабенства, але і нешта вышэйшае, адвечнае: высокі ідэалізм, чысціню душы, свядомую самаахвярнасць Язэпа Драздовіча. Постаць мастака-вандроўніка ў сціплай сялянскай вопратцы ўкрывае дрэва-мроя, у кроне якога грувасцяцца знаёмыя сілуэты вежаў беларускіх замкаў і храмаў побач з яго касмічнымі летуценнямі. Вельмі не простымі для скульптуры сродкамі раскрыты ўласцівая для творчасці Драздовіча суіснаванне рэальнага свету і свету фантазіі, яго невычэрпная любоў да роднага краю і жыццё па водле законаў Хрыста.
Аднак стаўленне да мастацкіх вартасцей помніка Я.Драздовічу неадназначнае. Ёсць аналітыкі ад мастацтвазнаўства, якія бачаць у ім «старога, што выходзіць з крамы». Не хацелася б абвяргаць відавочнае блюзнерства. На мой погляд, пластычная выразнасць і адпаведнасць скульптурнай кампазіцыі духоўнаму свету і творчаму крэда Я.Драздовіча амаль бездакорныя, але гэта не азначае, што няма пытанняў да агульнага ўспрымання помніка. Як архітэктар, я пераканана, што яму бракуе менавіта неадэкватнага вырашэння архітэктурна-горадабудаўнічай сітуацыі. Камерны характар скульптурнай кампазіцыі востра ставіць пытанне яе сумаштабнасці з навакольным асяроддзем. У пэўнай ступені гэта вырашаецца антрапаметрычным маштабам забудовы Траецкага прадмесця, што склаўся гістарычна, але відавочна не дастаткова. Не адпавядаюць маштабу скульптуры і грувасткія ступені п'едэстала, з якога ўжо двойчы здымалі бронзавы надпіс-прысвячэнне. І ўсё ж неабавязкова павялічваць памеры скульптуры: гігантаманіяй мы, здаецца, ужо перахварэлі. Манументы горада не павінны быць усе аднолькавага маштабу і ўспрымацца «пры руху па аўтамагістралі». Але, на маю думку, яркую і выразную скульптурную кампазіцыю неабходна было падтрымаць масай сцяны ці размясціць яе ў нішы. Так, напрыклад, блізкі з ідэйнага зместу і маштабу помнік Крысціёнасу Данілайцісу, размешчаны ў нішы на сцяне будынка Віленскага ўніверсітэта (скульптар Я.Багданас, 1964 г.). Падобныя нішы-табернакулы для размяшчэння круглай скульптуры шырока выкарыстоўваліся і ў нашым сакральным дойлідстве.
Пытанні маштабу і матэрыяльнай захаванасці больш радыкальна вырашаны ў мемарыяльным комплексе, прысвечаным, па афіцыйнай версіі, «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі!», а ў сутнасці, ахвярам вайны ў Афганістане. Мемарыял размешчаны на процілеглым рагу Траецкага прадмесця, на штучным востраве пасярод Свіслачы.
Урачыстае адкрыццё мемарыяла, створанага скульптарам Юрыем Паўлавым і яго аўтарскай групай, адбылося 3 ліпеня 1996 г. І зноў жа ў ім, як у люстры, адбіліся складаныя сацыяльныя праблемы апошняга дзесяцігоддзя, хаця і зусім іншага плана. Я не буду падрабязна ўспамінаць, якое супраціўленне сустрэла і сама ідэя помніка, і месца яго размяшчэння, і аўтарскі калектыў з Украіны - гэта справа ўжо мінулая. Але было і шмат прыхільнікаў. У выніку мы маем значны твор манументальнага мастацтва, які прызначаны жыць доўга і захоўваць грамадскую памяць. Сапраўды, і непапулярнасць афганскай вайны, і віна дзяржавы не зніжаюць ні грамадзянскай самаахвярнасці юнакоў, што загінулі на ёй, ні болю і смутку нашых беларускіх мацярок. Ім і прысвечаны «храм-помнік» на «востраве слёз», дзе папярэдне была асвечана зямля, сабраная мацерамі на магілах сваіх сыноў.
Ідэя «храма-помніка» як асновы жалобнага мемарыяльнага комплексу літаральна лятала ў паветры на ўсіх магчымых мастацкіх конкурсах апошняга дзесяцігоддзя, напрыклад, у Курапатах і інш. На рэалізаваным прыкладзе ёсць падставы паразважаць пра яе слушнасць. Адразу паўстае пытанне: як разумець паняцці «храм» і «помнік», напісанвыя праз дэфіс? Што гэта - сапраўдны храм, сакральнае месца, дзе адбываецца літургія? Ці гэта - мемарыяльны знак, малая архітэктурная форма, якая толькі імітуе вобраз храма? Відавочна, што ў мемарыяльным збудаванні на «востраве слёз» галоўнай ідэяй было ўсё ж стварэнне каркаса-знака праваслаўнага храма, сілуэт якога выклікаў бы пэўныя асацыяцыі, хаця камусьці ён нагадвае звон, а камусьці - паніклую чатырохпялёсткавую кветку.
Нельга не адзначыць, што архітэктура збудавання вызначаецца выразнай пластыкай і дакладным маштабам адносна навакольнага асяроддзя, арганізуючы ў адзіную панараму аморфную масу забудовы праспекта Машэрава. Палац спорту і яшчэ больш дыскрэтную забудову левабярэжжа Свіслачы. Аднак, як вядома, архітэктоніка праваслаўнага храма, адпрацаваная літургічным канонам і традыцыяй, мае глыбокую рэлігійную сімволіку ва ўсіх формах і канструкцыях, што ў дадзеным выпадку цалкам праігнаравана.
У апошні час «храм-помнік» пачалі больш слушна называць капліцай, што не зняло, аднак, супярэчнасці паміж архітэктурай і манументальным мастацтвам, якая заўжды ёсць у суадносінах прасторы і масы матэрыялу. Сапраўды, у архітэктурным збудаванні, дзе галоўную ролю адыгрывае яго функцыя, вызначальнае значэнне мае арганізацыя ўнутранай прасторы. Нездарма кажуць, што архітэктура - гэта апранутая масай прастора ці, дакладней, падзеленая ею. Схематычна гэта выглядае так: унутраная прастора - маса матэрыялу - вонкавая прастора. У той жа час у манументальным мастацтве, у прыватнасці, скульптуры, маса суадносіцца пераважна з вонкавай прасторай, а прымусіць па-мастацку працаваць у ёй унутраную прастору амаль немагчыма.
Каркас мемарыяльнага збудавання на «востраве слёз» складаецца з чатырох напаўзамкнёных каплічак, зверху асветленых ліхтарамі з каляровага шкла. Паміж сабой яны злучаны высокімі скразнымі аркамі, якія ўверсе аб'яднаны невялікім светлавым барабанам з купалам - чыста сімвалічным. Прастора свабодна перацякае праз касцяк архітэктурнай формы. Аднак пры жаданні ўбачыць яе ўнутраную структуру, дзе размешчаны арыгінальныя фрэскавыя размалёўкі, бронзавыя іканаграфічныя рэльефы, імёны загінуўшых, наведвальніка паўсюдна спыняюць краты - паміж капліцамі і пры ўваходзе ў іх, што абмяжоўвае рух у прасторы і ўспрыманне. Звонку капліцы «апранутыя» ў масіўныя пілоны з аднастайнымі шэрагамі скульптурных выяў смуткуючых жанчын пры ўсіх уваходах, іх застылыя постаці з сумнымі тварамі ў вялікіх паніклых хустках, што сталі атрыбутам жанчын Вялікай Айчыннай вайны, залішне ўяўна нагадваюць аблічча жанчыны-маці з шырока вядомага мемарыяла ахвярам фашызму ў Пурчупісе (скульптар Г. Якубоніс, 1960 г.) і не адпавядаюць афганскай тэме. Да таго ж колькасць і размяшчэнне фігур пераўтвараюць іх з вобраза-сімвала ў рытмічны элемент архітэктурна-скульптурнай пластыкі.
Увогуле мемарыял ахвярам афганскай вайны перанасычаны мастацкімі ідэямі, якія, «гаворачы» ўсе разам, іншы раз супярэчаць адна адной. Тут і зацягнутыя струны ў самым асяродку помніка - яго сакральным сэрцы, куды чамусьці пачалі кідаць грошы, як курортным русалкам і піфонам. Тут і каваныя краты, завершаныя коп'ямі і аздобленыя гербамі беларускіх гарадоў, а што гэта азначае - іх абарончы ці агрэсіўны характар - невядома. Тут і японскі сад камянёў з назвамі афганскіх гарадоў, і стэла з маскіровачна-дэсантным мазаічным пакрыццём, і шмат надпісаў. Гэтае шматслоўе ідэй, матэрыялаў, тэхнік, фактур і г.д., на мой погляд, шкодзіць агульнаму мастацкаму ўражанню, нягледзячы на безумоўнае прафесійнае майстэрства аўтараў мемарыяла. Сапраўды, найбольш шчырым з усяго выглядае «Фантан слёз» з кволым хлопчыкам-анёлам. Магчыма, хапіла б яго аднаго, і не спатрэбілася б ваенізаваная ахова, што дыскрэдытуе культурны ўзровень нашага грамадства. І ўсё гэта, на жаль, таму, што сакральнасць мемарыяла не іманентная, а знакавая.
27 верасня 1996 г. у дзень каталіцкага свята Архістратыга Міхаіла на плошчы Незалежнасці, у гісторыка-ахоўнай зоне «чырвонага» касцёла Святых Сымона і Алены, кардыналам Казімірам Свёнтакам і прадстаўніком папы Яна Паўла ІІ быў асвечаны, як сакральны, яшчэ адзін твор манументальнага мастацтва, ужо цалкам элегарычна-сімвалічнага характару. Бронзавая скульптурная кампазіцыя (аўтар І.Голубеў, вышыня 4,5 м, дыяметр 3 м) прадстаўляе кіраўніка нябеснага войска ў момант яго перамогі над варожай сілай: Міхаіл Арханёл з узнятымі ўгору крыламі працінае кап'ём ашчэраную пастку крылатага змея. Са старажытнасці Архістратыг Міхаіл лічыўся апекуном Беларусі і абаронцам яе шматпакутнага народа. Яго перамога - сімвал перамогі Дабра над Злом. Імклівы рух Арханёла з гнеўным рашучым тварам, «усхваляваныя» пасмы яго валасоў і расхінутыя крылы, перадсмяротныя звівы зрынутай пачвары, надаюць кампазіцыі надзвычайны дынамізм і экспрэсію; як не прыгадаць тут блізкі па зместу манумент па Паклоннай гары ў Маскве Зураба Цэрэтэлі, які прадстаўляе апекуна горада - святога Юр'я, што перамагае змея, ужо папярэдне падзеленага на кавалкі?
Але як перагукаецца тэма манументаў, як выспела яна, відавочна, на дзяржаўным узроўні! Ці выпадкова «Міхаіл-арханёл», створаны на спонсарскія сродкі, пастаўлены на галоўнай плошчы сталіцы па адной чырвонай лініі з помнікам Леніну перад Домам урада? Можна па-рознаму ставіцца да гэтага з ідэйных пазіцый. Але з эстэтычнага боку яны зусім не супярэчаць адзін аднаму, складаючы разам са сваім архітэктурным асяроддзем два цалкам самастойныя і адметныя гісторыка-мастацкія комплексы, якія спалучаюцца па прынцыпу кантрасту.
Бясконцая гонка «за лідэрам», за кан'юнктурай, як заідэалагізаванай, так і дэідэалагізаванай, характэрная для мастацтва ХХ ст., прывяла да разбурэння традыцыяналісцкага метафізічнага духоўнага светаўспрымання, што з усёй відавочнасцю нашае грамадства адчула на ўласнай душы. Пошукі ім вышэйшага духоўнага пачатку ў манументальным мастацтве апошняга часу ажыццяўляецца шляхам мэтанакіраванай сакралізацыі тэмы, ідэі, іншы раз у штучнай спекулятыўнай форме. Але ёсць пошукі, ёсць і знаходкі.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.