Фёдар Сарока

Петрапаўлаўскі канон


L'homme n'est qu'un roseau.. Le roseau pensant
B.Pascаl[1]

Свята-Петрапаўлаўскі сабор - адзін са старажытнейшых храмаў нашага горада, яго ўзвядзенне датуецца 1613 г. За час свайго існавання сабор неаднаразова перабудоўваўся. Так, у канцы ХVII ст. абрынуліся скляпенні галоўнай навы. Далей былі значныя змяненні вонкавага выгляду будынка храма і нават перайменаванне Петрапаўлаўскага сабора ў Кацярынінскую царкву, потым над базілікай быў узведзены штучны купал... Усё гэта рысы гісторыі. У часе Другой сусветнай вайны выбухам бомбы была знішчана паўночная званіца (адноўлена ў 70-я гады).
Згодна праекта архітэктара Алены Курто ў 1972 - 1979 гадах была зроблена апошняя рэстаўрацыя будынка сабора. Вонкавы выгляд храма быў адноўлены і адпавядаў першапачатковым крыніцам, а ўсё ўнутранае напаўненне прыстасавалі пад архіў. На той час гэта было найлепшым вырашэннем для экстэр'ераў, што нельга сказаць пра інтэр'еры. Перакрыцці паверхаў, разбіўка аб'ёму на памяшканні, праводка новых гаспадарчых камунікацый - усімі гэтымі работамі была знішчана вялікая частка роспісаў.
Апошняе выпрабаванне для сабора распачалося ў 1992 г., калі яго вярнулі вернікам. Адразу ж пачаўся новы этап рэканструкцыі будынка, пачалі дэмантаваць перакрыцці паверхаў і сцены памяшканняў. Архіў выканаў сваю задачу «захавання» помніка, пераехаў у іншы будынак, пачалося вяртанне першапачатковай функцыі храма.
Адкрыццё роспісаў было выпадковым, але выпадак гэты мусіў быць непазбежным і заканамерным, як прыходзіць нейкая падзея ці змена пары года. Рабочыя пачалі рыхтаваць паверхню скляпенняў пад ператынкоўку, рабіць насечкі на старой забеленай тынкоўцы, і раптам з-пад аблупленай шпаклёўкі пачалі з'яўляцца фрагменты размалёвак. Не праявіўшы і кроплі дапытлівасці, працаўнікі працягвалі рабіць сваю справу. Ведама, чым магло ўсё гэта скончыцца - поўным знішчэннем сценапісу. На жаль, гэта ўжо стала прыкметай нашага часу, калі людская недасведчанасць мацней за ідэалагічную барацьбу ў недалёкім мінулым.
У тым жа годе настаяцель адноўленага Свята-Петрапаўлаўскага прыходу ў Менску айцец Георгій Латушка запрасіў нас, тады яшчэ супрацоўнікаў АП «Менск-рэстаўрацыя», правесці даследаванні аб наяўнасці і стане роспісаў у храме.
Першыя ўражанні самыя запамінальныя сваёй нечаканасцю і нязвыкласцю. Табе ўжо здавалася, што Менск ведаеш дасканала, ты ўжо прывык да сённяшняга архітэктурнага аблічча кожнага раёна горада, табе вядомыя нейкія старонкі гіcторыі, нічога новага адкрыць для сябе ўжо не спадзяешся. Здавалася, што сапраўдныя жывапісныя помнікі і шэдэўры недзе там, далёка ад сталічнай мітусні - у храмах Полацка, Мсціcлава, Слоніма, Нясвіжа, што там захаваліся гісторыя і час. Тут жа няспынная сучаснасць стварае бульдозерам сваю будучыню, бясконца выконваючы ролю Герастрата над сённяшнім і ўчарашнім днямі. І з гэтым ужо неяк пагадзіўся перад сабой, пагадзіўся, што двухмільённы Менск знішчыў культуру двухсоттысячнага Менска.
Жывапіс, як слабая матэрыяльная субстанцыя, не можа застацца там, дзе сцены і цэлыя гарадскія кварталы рушацца, калі вырываюць вокладкі з кніг, нельга спадзявацца на захаванасць яе асобных старонак.
Не меўшы вялікай спадзёўкі ўбачыць што-небудзь сапраўднае, мы падняліся на чацверты паверх. На гэты час перакрыцці ў храме яшчэ не былі разабраныя. Сярод паўразбураных сцен перагародак, сходаў, будаўнічага друзу - на пяце паўночнага боку скляпенняў праглядваўся цудоўны жывапіс - выява рагозаў[2] у атачэнні іонікаў.
Цяпер мы ўжо ведаем чатыры прынцыповыя жывапісныя слаі: два фрэскавыя і два алейныя. Нават па фрагментах раскрыцця бачна мастацкая вартасць кожнага з слаёў, бо, пазнаўшы частку, мы можам уявіць цэлае.
Размалёўкі кожнага слоя маюць, акрамя мастацкайне меншую гістарычную вартасць, яны ўжо, як кажуць прыхаджане царквы, намолены часам, а дакладней, кананізаваны часам і таму маюць права на суіснаванне ў гістарычным радзе і надалей.
Канон - гэтае слова мае багатую сэнсавую палітру, яно азначае царкоўнае ўстанаўленне, музычную форму, правіла ў мастацтве і архітэктуры, мерную палку, узор... А першае яго значэнне - «трыснёг». У паліхромным каноне Петрапаўлаўскага сабора гэта суць рагозу. У нашым разуменні канон - гэта паслядоўнасць і пераемнасць крокаў.
Па крупіцах збіраем звесткі пра гісторыю храма, каб знайсці хоць ускоснае ўпамінанне аб размалёўцы яго інтэр'ераў. На жаль, ловім толькі знікаючыя хвасты гісторыі, а не саму гісторыю...
«У Рыбного рынка, в низменной долине, находится каменная Екатерининская церковь с большим погостом, украшенным акациями и вековыми берёзами и обнесённая решётчатой оградой...Внутренность её украшена громадными колоннами (квадратными) и большого размера иконами с серебряными и золотыми ризами. Особенно замечателен в Екатерининской церкви главный (всех три) алтарь, против главного алтаря, у входа, большие хоры, на которых может поместиться до 200 человек....» - так піша ў сваіх падарожных лістах П.Шпілеўскі[3].
Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх нататках пра Mінcк піша: «Частка шляхты, верная непаяднанаму з Рымам абраду, падтрыманая п. Багданавай-Стацкевіч, у 1613 г. на выкупленай зямлі па вуліцы Юраўскай, узвяла муры манастыра і царквы святых апосталаў Пятра і Паўла, аддаючы іх манахам, якіх прывяла з Вільні...»[4]
«Рэстаўрацыя» - гэтае слова азначае «аднаўленне», да яго ўжо прызвычаіліся, але яно мала адпавядае таму характару дзейнасці, якім кіруецца наша група. «Аднавіць» - гэта толькі частка таго, што мусіць рабіцца. І немагчыма аднавіць у першапачатковым выглядзе тое, што ўжо страчана.
Складаней знайсці меру сувязей прыкметаў часу, вызначыць стык матэрый і зафіксаваць яго як новую матэрыю.
Сваёй формулай паводзін мы не рэстаўратары, а хутчэй кансерватары, і галоўнае для нас - не татальнае аднаўленне асобнай часткі гісторыі помніка, а пошукі рэпрэзентатыўнай формы захавання ўсёй яго гісторыі. Мы імкнёмся ўмагчыміць стаць думаючым даследнікам і шчаслівым вынаходцам кожнага, хто трапляе ў храм, адкрываем новае бачанне гісторыі помніка ў яе жывым напластаванні розных культур, што іскрацца ў наўмысна аголеных стыках. І такі падыход лічым вартым кананізацыі.
На сённяшні дзень ніводнае сучаснае энцыклапедычнае выданне, ніводны даведнік не гавораць пра наяўнасць роспісаў у Петрапаўлаўскім саборы. Яны не існуюць у прыродзе, як не існуюць роспісы ў езуіцкім касцёле, у залах лошыцкай сядзібы, у сцяпянскай сядзібе Ваньковіча...
Калі адкрыць асноўны дакумент рэгістрацыі помнікаў культуры ў раздзеле «Дзяржаўны спіс помнікаў мастацтва» (Менск, БСЭ, 1990 г., с. 238), то ў Менску, акрамя надмагілляў і помнікаў героям і правадырам, існуе толькі роспіс 30-х гадоў у Доме ўрада!
Ці можам мы сёння весці гаворку пра захаванне помнікаў культуры, якія не існуюць?
Мы даведваемся аб іх іcнаванні толькі тады, калі мусім фіксаваць факт знішчэння гэтых помнікаў. У бесперапыннай гонцы з часам мы павінны быць наперадзе, а атрымліваецца наадварот.
Таму хачу выказаць прапанову - неадкладна правесці рэгістрацыю ўсіх нерухомых помнікаў мастацтва ў нашым горадзе і зрабіць іх інвентарызацыю, кананізацыю, якая б складалася з гістарычных даследаванняў, фота- і графічнай фіксацыі.
Неабходна стварыць Чырвоную Кнігу помнікаў культуры, бо мы ўжо вымушаны складаць Мартыралог нашай культурнай спадчыны, і, на жаль, сёння толькі пра гэта наша асноўная гаворка і работа па ахове помнікаў мастацтва ў Менску.


1. «Чалавек ёсць трыснёг... але трыснёг думаючы». Б.Паскаль.
2. Рагоз - травяністая расліна сямейства рагозавых з тоўстым катахом на вялікім сцябле, якая расце на берагах вадаёмаў.
3. Шпилевский П.М. «Путешествие по Полесью и белорусскому краю», 1853 - 55гг. - Мн., 1992г. - С. 142.
4. Ул. Сыракомля. «Добрыя весці». - Мн., 1993. - С 382.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.