Ігар Кныш

Падарожжа на каміне з Лошыцы ў Самару


Кожнае падарожжа - выпадак, выпадзенне з нармальнага, устойлівага, звыклага правіла і рытму. Выпадак, які супярэчыць прынятаму правілу, называецца казусам.
«Саsus» - гэта яшчэ і граматычны тэрмін, які абазначае выпадзенне слова з формы намінатыва. У расейскую граматыку ён увайшоў літаральна калькай - «падеж», а ў беларускую - як «склон». Патрэбна заўсёды здарэнне, выпадзенне з нормы, нейкі казус, каб нешта абачыць ці зразумець.
Два абсалютна аднолькавыя каміны за дзве тысячы кіламетраў адзін ад аднаго - першы лошыцкі, што ў маёнтку графа Любанскага, другі - на Волзе ў самарскага купца Клодта. Вось гэты казус і прывёў нас, мастакоў-рэстаўратараў лошыцкай сядзібы, у Самару.
Кожны выпадак падзяляе час, падводзіць рысу пад мінулым - ты пераскокваеш на іншую ступеньку і ўжо іншым, абноўленым вокам глядзіш быццам бы на тое ж самае, але па-іншаму. Камандзіроўка, тым больш з такой аказіяй, - таксама рыса, таксама зрэз.
Што ж бачна на гэтым лошыцка-самарскім зрэзе?
Тэатралізацыя, бутафорнасць, ілюзорнасць - гэтымі тэрмінамі лепш за ўсё акрэсліваецца стыль лошыцкай сядзібы і доміка Клодта, а ўвогуле, і ўсяго ХIX cтагоддзя. Фальшывы каларыт, фальшывыя стылі, фальшывыя матэрыялы ствараюць тэатральную падманку. Але ўжыванне квазіматэрыялаў гэта не якая-небудзь недарэчнасьць ці недахоп сродкаў, а мастацкі прыём, які ідзе насуперак усякай прагматыцы. Інакш немагчыма растлумачыць, чаму сталярка, зробленая з выдатнага дрэва, шпаклюецца і размалёўваецца зноў пад дрэва, альбо кеcоны, якія прасцей было б зрабіць драўлянымі, адліваюцца з гіпсу і размалёўваюцца пад дрэва. І так татальна - ракайлі робяцца з гіпсу, а імітуюць сабой мармур, сцены малююцца алеем, а разумеюцца як зробленыя са слановай косці..
Гэты час прынята называць эпохай «эклектыкі». Хацелася б толькі зняць адмоўны сэнс з гэтага слова, тым больш што этымалогія слова не дае ніякіх падставаў для такога тлумачэння (gr. eklektikos азначае «той, хто выбірае; выбіраючы»).
І граф Любанскі, і купец Клодт выбралі сабе аднолькавыя каміны, якія былі зробленыя ў Рызе, пра што сведчыць надпіс з адваротнага боку кафлі: «RIGA-ZELМ BOHEM». Яшчэ магчыма зразумець, як ён быў прывезены ў Лошыцу, але для таго, каб завесці яго аж у Cамару, найперш трэба мець, грошы.
Толькі за аб'ектыўнымі грашыма заўсёды хаваецца жывы чалавек, яго суб'ектыўны імпульс.
Тое, што волжскі немец выбраў сабе работу латышскага немца, можна зразумець як настальгію па Нямеччыне, а вось пра тое, чаму граф Любанскі выбраў сабе нямецкую рэч, пагаворым больш падрабязна.
Ажаніўшыся, граф Любанскі кардынальна перабудоўвае свой Лошыцкі маёнтак. Сядзібны дом з аднапавярховага драўлянага робіцца двухпавярховым цагляным. Робіцца перапланіроўка парку на ангельскі манер, сюды з усяго свету звозяцца разнастайныя расліны і дрэвы. Разам з новым домам кампануецца і новы ландшафт. Рамантычная стылістыка пачатку ХIX ст. замяняецца грувасткім ангельскім стылем каралевы Вікторыі. Як ландшафт стылізуецца «пад Кітай, Італію ці Францыю», так і інтэр'еры сядзібы ўключаюцца ў тую ж самую гульню ў стылі. Калідоры робяцца ў пампеянскім стылі, фае і бальная зала - у стылі «ракако», сталовая і бібліятэка стылізуюцца пад «рэнесанс»... Нягледзячы на анфіладны прынцып пабудовы дома, кожны пакой мае аўтаномную кампазіцыю. Увогуле, жыццё XIX ст. было з'арыентавана на зробленасць і на майстэрства. Мода на «нямеччыну» паўплывала на выбар графа Любанскага на карысць рыжскага каміна. Ангельская грувасткасць памножаная на нямецкую пільнасць якраз і стваралі эстэтыку «штукі».
Таму слова «штукатулка» стала нашым рэстаўрацыйным рабочым інструментам - лощыцкім правілам.
На сённяшні дзень даследаваны роспісы ва ўсіх 24-х памяшканнях сядзібы. Кожнае памяшканне мае свой пакет дакументацыі, які выяўляе характар жывапіснага і ляпнога дэкору сядзібы. Ствараецца альбом лошыцкіх роспіcаў, які інвентарызуе выявы ўсіх даследаваных слаёў. Эстэтыка «шкатулкі» набыла новую форму, форму альбома.
Стратыграфічныя даследаванні паказваюць наяўнасць аўтэнтычных роспісаў амаль што ва ўсіх памяшканнях, якія знаходзяцца пад напластаваннем 9-12 алейных замалёвак. Праведзеныя навукова-рэстаўрацыйныя і абмерна-графічныя даследаванні паказалі, што стан захаванасці роспісаў не дазваляе зрабіць экспазіцыйную прэзентацыю аўтэнтычных інтэр'ераў без істотных рэканструкцый ляпнога і жывапіcнага дэкору сценапісу. Некаторыя пакоі, у тым ліку і камінная зала, цалкам страцілі сваё першапачатковае аздабленне, таму рэканструкцыя страчаных фрагментаў з'яўляецца праблематычнай. Бо на сённяшні дзень мы не маем якіх-небудзь фота- ці графічных дакументаў, якія б давалі падставы для гістарычна дакладнай рэканструкцыі.
Лошыцкі камін захаваўся ў добрым стане, а роспіс сценаў каміннай залы страчаны цалкам. І таму, ведаючы пра існаванне ідэнтычнага каміна, мы спадзяваліся ўбачыць аўтэнтычны сценапіс Самарскага інтэр'ера, дзе ён знаходзіцца, і выкарыстаць зводы тых роспісаў як рошчыну для рэканструкцыі каміннай залы ў Лошыцы. Да таго ж трэба было выканаць абмеры герба самарскага каміна, які не захавалася ў нас.
Ад Самары застаецца пачуццё дробнасці. Не толькі домік Клодта, з яго маленькімі пакойчыкамі, балкончыкамі, балюстрадкамі і вежкамі, але і сам горад, нібыта выпілаваны лобзікам, пацвярджае здагадку аб сваёй дробнамаштабнай нямецкай зробленасці, і штучнасці. Дарэчы, домік Клодта празваны «теремком», і памяншальная граматычная форма найлепшым чынам фіксуе дробную штучнасць архітэктуры гэтага часу.
І калі падсумоўваць наш самарскі здабытак, дык не нашыя абмеры і фотаздымкі з'яўляюцца найбольш каштоўнымі знаходкамі, а менавіта гэтае граматычнае назіранне, бо якраз яно вывярае нашае лошыцкае правіла і пацвярджае здагадку аб «штукатулачнасці» не толькі Лошыцы, але і ўсяго ХIX стагоддзя.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.