Людміла Лявонава

Акадэмія тэатральнага мастацтва


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы нездарма часта называюць акадэміяй тэатральнага мастацтва. Старэйшы высокапрафесійны калектыў з яркай нацыянальнай адметнасцю заўсёды быў гонарам беларусаў. Тэатр мае свае сталыя традыцыі, і ва ўсе часы яго сцэну ўпрыгожвалі самыя лепшыя нацыянальныя акцёры.
Беларускі дзяржаўны тэатр (тэатр імя Я.Купалы) адкрыўся 14 верасня 1920 г. Але само памяшканне было пабудавана значна раней і на момант адкрыцця ўжо мела сваю цікавую гісторыю.
У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя тагачасны губернатар Менска князь М.М.Трубяцкі выступіў ініцыятарам узвядзення тэатральнага будынка. Думаецца, што гэты высокаадукаваны вяльможа добра разумеў вялікае пазітыўнае значэнне тэатра як маральна-выхаваўчага інстытута грамадства.
18 жніўня 1887 г. адбылося пасяджэнне Гарадской думы, усе члены якой аднагалосна падтрымалі прапанову губернатара. Была створана спецыяльная камісія, якая пачала сваю дзейнасць са збору сродкаў на будаўніцтва тэатра. Яе хадайніцтва аб урадавай субсідыі, на жаль, не дало ніякіх вынікаў.
Але з гарадскога бюджэту камісія ўсё ж атрымала 5 тысяч рублёў. Безумоўна, гэтага было недастаткова, таму камісія была вымушана звярнуцца да насельніцтва з просьбай аб ахвяраванні сродкаў на будаўніцтва тэатра. І менчукі ахвотна адгукнуліся на гэтую высакародную прапанову.
Месца для будаўніцтва было выбрана ў цэнтры Менска, у Аляксандраўскім скверы. Урачыстая закладка адбылася 26 чэрвеня 1888 г. У спецыяльна ўзведзеным адкрытым павільёне прайшоў малебен, пасля якога вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч і вялікая княгіня Марыя Паўлаўна, якія ў гэты час знаходзіліся ў Менску, кінулі на месца закладкі па некалькі залатых манет і паклалі на іх па цагліне. Архітэктарамі будынка былі прызначаны К.Увядзенскі і К.Казлоўскі.
На той час у фонд будаўніцтва тэатра паступіла 25 тысяч рублёў. Гэтай сумы было недастаткова, таму менская ўправа ў 1890 г. прадала ў гарадскім урочышчы Міхалянка купцу Рагавому добры лес на вываз за 45 658 рублёў.
Усе гэтыя грошы пайшлі на будаўніцтва тэатра. Разам з усімі дадатковымі зборамі і ахвяраваннямі новы тэатр абышоўся Менску ў 102 тысячы рублёў.
Імкнучыся як мага хутчэй вярнуць панесеныя выдаткі, тэатральная камісія яшчэ да завяршэння будаўніцтва ўстанавіла даволі высокі кошт білетаў. У ложах і першых радах партэра - да 3 рублёў 20 капеек, а самыя танныя (стаячыя на галёрцы) абыходзіліся гледачу па 50 капеек на оперны спектакль і па 40 капеек на драматычны (столькі на той час атрымліваў чорнарабочы за дзень). Агульны збор пры такім раскладзе быў 548 рублёў 95 капеек.
Праўда, у тэатры яшчэ наладжваліся агульнадаступныя і ранішнія спектаклі і кошт білетаў на іх быў значна таннейшы.
Тэатр урачыста адчыніўся 5 чэрвеня 1890 г. аматарскім спектаклем «Сфінкс» О. Фелье. Зала была багата аздоблена ляпнінай і роспісамі. На сценах віселі партрэты А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Глінкі і А.Астроўскага. Партэр змяшчаў 246 крэслаў, галёрка - 170, амфітэатр - 12. Існавала таксама 10 ложаў першага яруса, 20 - другога і 4 - трэцяга. Бакавыя месцы былі разлічаны на 48 чалавек. Усяго налічвалася 550 месцаў. Пазней іх колькасць павялічылася да 700. Гледачоў асабліва ўражвала сцэна. Заслону для яе выканалі маладыя майстры-дэкаратары Ю.Райнберг і Г.Веніг. Па баках стаялі калоны з амурамі. За імі віселі габелены. Ляпной работы арка над сцэнай завяршалася гербам Менскай губерні. Падлога ў зале магла ўздымацца да ўзроўню сцэны і такім чынам ператварацца ў вялікую пляцоўку для танцаў.
На першыя два гады тэатр здалі вядомаму антрэпрэнёру А.Картававу, які адначасова кіраваў і тэатрам у Вільні. Для абодвух тэатраў ён набраў драматычную і оперную трупы даволі моцнага складу. Першы сезон у новым тэатры пачаўся 9 верасня 1890 г. спектаклем «Злоба дня» А.Пацехіна. У сезоне 1890-91 г. выступілі артысты: С.Строева-Сакольская, А.Смірноў, М.Сабліна-Дольская, М.Зверава, К.Гарын, Е.Шчарбакова, А.Агароў і інш. Гэта былі на той час вядомыя імёны. За плячамі акцёраў - багаты жыццёвы і творчы вопыт, апрабаваны рэпертуар. Былі ў складзе трупы і артысты, якія амаль упершыню выступалі на сцэне. Напрыклад, крытыка адразу вызначыла маладога Паўла Арленева. Хоць ён выконваў не першыя ролі, яму прадказвалі вялікую артыстычную будучыню. Перад менскім гледачом П.Арленеў упершыню з'явіўся 10 верасня 1890 г. у вадэвілі М.Карнеева «Адклікнулася сэрцайка». Пастаўлены «пад раз'езд» вадэвіль «прайшоў вельмі жыва, публіка пасля слёз пад уражаннем ад драмы ажывілася, вельмі многа смяялася і апладзіравала», - адзначаў «Минский листок» 11 верасня 1890 г. 5 кастрычніка ў тэатры ішоў спектакль «Урыэль Акоста» К.Гуцкава. У заключэнне іграўся вадэвіль Д.Мансфельда «З месца ў кар'ер», у якім (як паведамляў «Минский листок» ад 9 кастрычніка 1890 г.) «вызначыўся сваёй цудоўнай ігрой юны артыст нашай драматычнай трупы П.Арленеў, вельмі добра паказаўшы хлопчыка - шавецкага чалядніка, істоту забітую, загнаную, адным словам - тып тых няшчасных дзяцей, якіх аддаюць у майстэрні «на вывучку», пра якіх так многа пішацца ў апошні час». Пра выкананне Арленевым гэтай «амаль бясслоўнай» ролі праз тры гады з вялікай пахвалой адазваўся аўтар апавядання «Ванька Жукаў» А.Чэхаў. Пазней, калі акцёр ужо стаў знакамітым, менчукі часта бачылі яго на сцэне свайго тэатра ў складзе пецярбургскіх гастралёраў.
За два гады трупа А.Картавава на сцэне менскага тэатра паказала гледачам шэраг сур'ёзных і ўдалых спектакляў. Сярод іх - «Гамлет» і «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Лес» і «Навальніца» А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля. Наконт апошняга «Минский листок» у 1890 г., у прыватнасці, пісаў: «Бессмяротная камедыя Гогаля «Рэвізор» сабрала ў нядзелю 23 верасня столькі публікі, колькі не мелася тут нават на першых спектаклях на адкрыцці сезона, шмат каму не хапіла білетаў, калі б тэатр аказаўся ў паўтары разы большым, то ў той вечар быў бы перапоўнены».
Пасля Картавава ў розныя гады менскі тэатр арандавалі В.Волгін, А.Чарапанаў, М.Строеў, Л.Карамзін, П.Струйскі, Я.Бяляеў, Н.Васільева, Л.Фёдараў і інш. Гэта былі розныя па ўзроўню майстэрства трупы. Напрыклад, у сезоне 1899 - 1900 г. гледачы маглі пазнаёміцца з высокапрафесійнай рэжысурай Н.Васільевай - у мінулым знакамітай актрысай славутага пецярбургскага Александрынскага тэатра. Пад яе кіраўніцтвам былі пастаўлены спектаклі «Улада цемры» Л.Талстога і «Чайка» А.Чэхава, абодва яны высока ацэнены менскімі тэатраламі.
Тагачасная менская сцэна прымала лепшыя пецярбургскія і маскоўскія трупы, цэлае сузор'е вядомых артыстаў. Тройчы - у 1891, 1898 і 1908 гадах - у горад прыязджала славутая расейская актрыса М.Савіна. А ў 1895 г. у Менску выступала вучаніца М.Шчэпкіна, любёнка публікі Г.Фядотава. У розныя гады на гастролях у беларускай сталіцы былі знакамітыя В.Далматаў, В.Камісаржэўская, К.Варламаў, У.Давыдаў, А.Южын, М.Петыпа і многія іншыя выдатныя акцёры. Менчукі таксама сталі сведкамі творчых пошукаў рэжысёра-наватара Ус.Меерхольда, які ў 1908 г. паставіў на сцэне гарадскога тэатра п'есу А.Блока «Балаганчык».
Шмат разоў гасцявалі ў Менску ўкраінскія артысты, у прыватнасці, трупы М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, П.Саксаганскага і іншых. У горадзе неаднойчы гастралявалі таксама жыдоўскія і польскія перасоўныя трупы.
А 1 траўня 1917 г. артысты Першага беларускага таварыства драмы і камедыі на чале з мастацкім кіраўніком Ф.Ждановічам паказалі на сцэне Менскага гарадскога тэатра два спектаклі - «Паўлінку» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі. Я.Дыла, які бачыў гэтыя пастаноўкі, успамінаў: «Тэатр быў поўны. Прыйшлі пераважны тыя, хто хацеў наогул паглядзець, што ж гэта за беларусы з'явіліся і які такі іхні тэатр... Аднак публіка прымала спектакль вельмі добра, можна сказаць, нават цёпла»[1].
Беларуская трупа карысталася вялікай папулярнасцю. У яе рэпертуары былі таксама «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка шчасця» К.Буйло, п'есы А.Чэхава, У.Караленкі, І.Катлярэўскага і інш. Значную частку рэпертуару складалі п'есы У.Галубка. Сярод іх - «Ганка», «Суд», «Апошняе спатканне», «Бязродны». Пасля на базе трупы Ф.Ждановіча быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны тэатр, ядро якога склалі былыя артысты Першага беларускага таварыства драмы і камедыі.
Як ўжо адзначалася, БДТ расчыніўся 14 верасня 1920 г. у памяшканні Менскага гарадскога тэатра. У калектыве на той час існавалі тры трупы, таму ў першы вечар былі паказаны тры спектаклі. Беларуская трупа прадставіла «Рысь» паводле Э.Ажэшкі; расейская - «Вяселле» А.Чэхава; жыдоўская - «Людзі» Шолам-Алейхема. Рэжысёр Фларыян Ждановіч ўзначаліў мастацкае кіраўніцтва калектыву. Сярод першых назваў на афішы тэатра былі п'есы беларускіх драматургаў - Я.Купалы, М.Чарота, У.Галубка, Я.Міровіча, В.Дуніна-Марцінкевіча і іншых, якія звярталіся пераважна да нацыянальнай гісторыі і фальклору. З 1921 па 1931 гады калектывам кіраваў таленавіты рэжысёр Еўсцігней Міровіч, дзейнасць якога была вельмі плённай для тэатра. Творчыя прынцыпы, закладзеныя ў калектыве ў першае дзесяцігоддзе яго дзейнасці, сталі вызначальнымі і на наступныя гады. У тэатры заўсёды працавала шмат таленавітых артыстаў. Лепшыя рысы, якія вызначылі аснову нацыянальнай акцёрскай школы, найбольш поўна выявіліся ў творчасці У.Крыловіча, Г.Глебава, І.Ждановіч, У.Дзядзюшкі, У.Уладамірскага, Л.Ржэцкай, Б.Платонава, С.Бірылы, В.Полы, С.Станюты і многіх іншых выдатных майстроў беларускай сцэны. У 1940 г. пасля паездкі ў Маскву на Дэкаду беларускага мастацтва, тэатр быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У час Вялікай Айчыннай вайны калектыў знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску. Там, у Сібіры, у 1944 г. быў пастаўлены адзін з лепшых нацыянальных спектакляў - знакамітая купалаўская «Паўлінка» (рэжысёр - Л.Літвінаў). Гэты ўдалы спектакль ужо 54 гады захоўваецца ў рэпертуары тэатра, з'яўляецца школай майстэрства для некалькіх пакаленняў акцёраў-купалаўцаў. У 1955 г. тэатру было прысвоена высокае званне «Акадэмічны», а ў 1993 г. - «Нацыянальны». З 1973 г. да гэтае пары мастацкае кіраўніцтва калектывам ажыццяўляе Валеры Раеўскі. Сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы - высокапрафесійны, творчы калектыў з багатым духоўным патэнцыялам, сапраўдная акадэмія тэатральнага мастацтва. Тэатр імкнецца актыўна садзейнічаць далейшаму плённаму развіццю беларускай мовы і нацыянальнай культуры, абуджэнню гістарычнай памяці народа.


1. Дыла Я. Творы. - Мн., 1981. - С. 316.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.