***

 

архэ — гэта першапачатак

вярніце мне частку мяне

 

 

"АРХЭ" — ГЭТА ПЕРШАПАЧАТАК

 

Неаспрэчна тое, што зьяўленьне ўвосені мінулага года часопіса “Arche” сталася сапраўднай падзеяй для аматараў прыгожага пісьменства. На вялікі жаль, выходзіць ён пакуль нерэгулярна, і таму другога нумара чытачам давялося чакаць вельмі доўга — некалькі месяцаў. Але цяпер беларускамоўная аўдыторыя зноўку можа пацешыцца праз гартаньне старонак улюбёнага часопіса.

Другі нумар “Архэ” цалкам прысьвечаны такой актуальнай для нашага грамадзтва тэме, як кулінарыя. І нельга не адзначыць таго, што аўтарам часопіса ўдалося раскрыць гэтую тэму надзіва ўдала і поўна.

Адной з сваіх мэтаў культурніцкі фонд “Архэ” лічыць “усямернае насычэньне беларускага рынку сусьветнымі каштоўнасьцямі”. Таму і нядзіўна, што значная частка матэрыялаў нумару перакладныя і друкуюцца на Беларусі ўпершыню. Напрыклад, рэцэпты саляты з кальмараў і кукурузы пад назвай “Умбэка” ці птушынага пірага “Канец гісторыі”. Гэтыя стравы сёньня карыстаюцца попытам ва ўсіх краінах Сярэдняй Эўропы.

Але рэдакцыя “Архэ” не зацыкліваецца на прапагандзе заморскіх смакоцьцяў і не забываецца на нашую беларускую кухню. Вядомы гомельскі кулінар Андрэй Мельнікаў дзеліцца сваімі сакрэтамі вэнджаньня мяса, а дырэктар часопіса Андрэй Дынько ў сваім пяцідзесяцістаронкавым матэрыяле падрабязна разглядае ўсе спосабы гатаваньня яечні з шкваркамі. Але гэта яшчэ ня ўсё. На старонках 2-га нумара “Архэ” апублікаваныя матэрыялы сэмінара на тэму “Смажаньне бульбы: алей альбо сала?”, які прайшоў у сьнежні мінулага года ў рамках праграмы “Беларускі шлях” цэнтра культурніцкіх ініцыятыў “Эўрофорум”. Свае думкі на гэтую надзвычай актуальную для будаўніцтва нашага грамадзтва тэму выказваюць такія вядомыя дзячы беларускай культуры, як Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец, Лявон Баршчэўскі, Ігар Бабкоў, Алесь Аркуш і інш.

Пэўная ўвага нададзеная і аматарам нетрадыцыйнай кухні. У адмысловай рубрыцы “Беларускі авангард” “Архэ” друкуе рацэпты кактэйлю “Адраджэньне” (гарэлка+мужчынскае семя+воцат), торта “Беларускі партызан”, у якім замест крэма ўжыты напальм, біфштэксу “Пагоня”, зробленага з каніны, прыпраўленай сталёвым парашком.

Мяркуючы па ўсім, гэты нумар “Архэ” стане сапраўднай падзеяй для ўсіх беларускіх гурманаў. Часопіс выдаецца ў жывой беларускай мове, і таму інфармацыя, зьмешчаная ў ім, будзе цікавая ня толькі прафэсійным кухарам, але і простым хатнім гаспадыням.

Набыць гэты нумар “Архэ” можна празь сетку грамадзкага харчаваньня “Наша ніва”, а таксама ў найбуйнейшых гастраномах беларускай сталіцы.

 

 

ВЯРНІЦЕ МНЕ ЧАСТКУ МЯНЕ

 

Ліст пад такім загалоўкам атрымала рэдакцыя аднаго папулярнага ў пэўных колах літаратурнага штомесячніка. Думаецца, пасьля яго прачытаньня станецца зразумелым, чаму ён ня быў апублікаваны.

Я думаю, час называць маё сапраўднае прозьвішча пакуль яшчэ не прыйшоў. Скажу толькі, што мяне завуць Людміла Віктараўна, я працую ў аддзеле адукацыі аднога з раённых цэнтраў на Міншчыне. Яшчэ напрыканцы 70-ых гадоў у вольны ад працы час я пацехі дзеля папісвала розныя апавяданні і вершыкі на такі гарадзкі манэр. Атрымалася нішто сабе, хаця надта сур`ёзна я да гэтай сваёй “творчасці” ніколі не ставілася.

Пачынаючы з 1982 года я друкавала гэтыя свае літаратурныя спробы ў розных беларускіх газетах і часопісах. Натхніўшыся Жорж Санд, я абрала сабе мужчынскі псеўданім “Адам Глобус”. У мяне ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла дзве кніжкі — “Адзінота на стадыёне” і “Парк”.

Гэта вельмі мяне здзівіла, што абедзве яны былі прыхільна ўспрынятыя крытыкамі і чытачамі. У той час калі сур`ёзныя мае вершы, якія я падпісвала сваім сапраўдным імём, ніякага водгуку не атрымалі. Толькі адзін з іх, “Як пайшла дзяўчыначка па чабор”, быў надрукаваны ў рэспубліканскім выданні, усе астатнія былі змешчаныя на старонках нашай раёнкі.

Усе мае літаратурныя вопыты не былі рэгулярнымі — надта шмат часу адымалі паездкі па раёне і рэвізіі школ. Так было да таго, як у 1991 годзе мяне вызвалілі ад займаемай пасады, бо абвінавацілі ў “антыбеларускасьці” (Усё з-за маёй чэснасці — дзёрнула ж аднойчы на планёрцы сказаць, што Якуб Лёсік — калабарант і фашыст). Вярнулася я ў гарвыканкам толькі пасля таго, як нацыяналісты атрымалі рашучы адпор на рэферэндуме 1995 года, дзе народ падтрымаў курс нашага Прэзідэнта на інтэграцыю з Расіяй. А да гэтага амаль чатыры гады папрацавала настаўніцай працы ў адным нашым ПТВ. І вось тут у мяне было так шмат вольнага часу, што я не ведала куды яго падзець. І мая літаратурная ітворчасць расцвіла поўным ходам.

Літаральна за тыдзень я напісала кніжку, сюжэт якой падказаў мне мой зяць. Яна чамусьці выйшла пад назвай “Койданаўцы” (мая назва была “Дзяржынск Мінскай вобласці і яго жыхары”). Потым, калі адна мая лепшая вучаніца Любачка Харошык, будучая снопавязальшчыца, часта прыходзіла да мяне папіць чаю, разам з ёй мы вельмі хутка стварылі кнігу на спрадвечную тургенеўскую тэму бацькоў і дзяцей. Мы назвалі яе “Толькі не гавары маёй маме...”. Я была вельмі здзіўленая, калі даведалася, што ўся гэтая мая пісаніна выйшла ў Мінску, хай сабе і з незразумелымі для мяне мяккімі знакамі. Ганарар за “Маму” пакуль застаецца на сумленні таго, хто гэтыя кніжкі надрукаваў — Лявона Дубаўца, але таго, што я атрымала за “Дзяржынск” хапіла каб купіць хай і патрыманы, але ў добрым стане мотаблок і запасціся фуражом на цэлы год. А на тое, што засталося, мы з мужам з`ездзілі ў Мінск на юбілейны канцэрт Аляксандра Саладухі.

Такая ўдача настолькі ўсхвалявала майго мужа, сельскага ветэрынара, што ён стаў прымушаць мяне нешта пісаць яшчэ, а калі ў мяне не было жадання, дык пісаў сам. На ганарары, якія я атрымлівала ў газеце “Наша ніва” мы купілі другую карову і наноў пакрылі нашу хату шыферам.

Але тут здарылася нешта для мяне незразумелае. Хаця мы па-ранейшаму дасылалі розныя рэчы ў рэдакцыю, ганарараў мы больш ужо не атрымлівалі. Я ўжо амаль падрыхтавала да друку новую кніжку “Краявіды беларускіх вёсак”, калі зразумела, у якую гісторыю ўляпалася. Чуткі пра тое, што ў Мінску ходзіць нейкі таўставаты мужчына, які прадстаўляецца ўсім як Адам Глёбус (менавіта так, праз “ё”) ужо даўно даходзілі да мяне, але тады я не надавала ім аніякай увагі — ці мала якіх “со странностями”? Але калі гэты “Глёбус” стаў даваць інтэрв`ю, у якіх ён казаў усялякае глупства пра маіх любімых пісьменнікаў І. Шамякіна, П. Панчанку і Г.Мілера... Тут ужо змаўчаць я не магла.

Калі я прыйшла ў рэдакцыю “Нашай нівы” і запатрабавала ў Лявона тлумачэння, гэты “інцялегент” нават размаўляць са мной, з жанчынай сталага веку, не захацеў. І я зразумела, што ўсё гэта прыдумаў не хто небудзь, а менавіта ён. А той, самазванец, так, дробная сошка. Знайшоў гэты Дубавец сабе чалавека, які быў падобны да таго, чыё фота змешчана ў маіх кнігах, дый зарабляе сабе ачкі на чужым таланце.

Дарэчы, пра фота. Справа ў тым, што у самым пачатку сваёй, так бы мовіць, “пісьменніцкай кар`еры” я прасіла разносіць мае творы па рэдакцыям свайго пляменніка Валодзю, які на той час вучыўся ў Тэатральна-Мастацкім Інстытуце. Іменна яго фота надрукавана ў маіх кнігах — нельга ж так, каб пад мужынскім іменем была выяўленая жанчына. Але потым Вова выляцеў з інстытуту, паехаў на вёску, уладкаваўся там кінамеханікам у адзін сельскі клуб і добра ўжо паспеў спіцца. У юнацтве ён сапраўды быў трохі падобны да гэтага самазванца (хаця трэба сказаць, што мой Вова быў куды як прыгажэй). Але цяпер ён увесь зарос шчацінай, а пасярод твару ў яго вялікі шнар ад зернекасілкі. Можна ж урэшце рэшт і ўстанавіць, чыё фота надрукавана ў кнігах Адама Глобуса.

А пасля яшчэ гэты парнаграфічны “Дамавікамерон”... Няўжо вы думаеце, што я, работніца адукацыі, якая не адну падзяку мае за доўгія гады сваёй працы, і да таго яшчэ маці дваіх дзяцей, магла такое напісаць! Калі пра гэты твор дачуліся ў раёне, мяне ледзве не пазбавілі прэзідэнтскай надбаўкі.

І цяпер я проста не ведаю, што мне рабіць. Тыя саслужыўцы, якім я раней яшчэ прагаварылася, што Адама Глобус — гэта я, пастаянна папракаюць мяне пасля чарговай выхадкі гэтага самазванца. І нікому ж не дакажаш, што сапраўдны Адам Глобус шануе савецкую беларускую літаратуру і ўстоі нашага грамадства, паважае законнаабраныя ўлады і не мае адносінаў ні да аднаго з другіх глупстваў свайго ілжывага двайніка.

Наўрад ці тое, што я вам напішу гэтае пісьмо, што-небудзь зменіць. Але, думаю, час расставіць свае кропкі над “і”.

  

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil