ІГАР БАБКОЎ

 

ПАРТЫЗАНЫ І МЭНЭДЖЭРЫ

 

Прастора беларускага мастацтва згарнулася. Усе ранейшыя апазыцыі, якія дазвалялі ёй існаваць, структуравалі яе, стваралі паверхню і глыбіню, разьмяшчалі знакі ў іхных кантэкстах... гэтых апазыцыяў больш няма. Зьніклі авангардысты і клясыкі, пэйзажысты і марыністы, стваральнікі вясковых эпапэяў і ўрбаністычных драмаў ... Засталіся партызаны і мэнэджэры.

Першым абрынулася колішняе супрацьстаяньне афіцыёзнага й андэграўнднага тыпаў прасторы. Афіцыёз альбо мастацтва паверхні, зь яго дазволеным каталёгам вобразаў і стыляў патрабаваў андэграўнда як уяўнай альбо рэальнай глыбіні, як свайго Іншага. Андэграўнд перастаў структураваць прастору мастацтва ў выніку ягонага выхаду на паверхню і інкарпарацыю ў спажывецка-інфармацыйную прастору. Этыка андэграўнда, — магутнае антыкаляніяльнае памкненьне супрацьпаставіць якой-колечы норме індывідуальны міт творцы сутыкнулася з сытуацыяй, калі міт творцы стаўся гэтка й жа самай “прадукаванай” і “сымуляванай” рэальнасьцю, як і ўсё астатняе.

Апазыцыі клясычнага й авангарднага часу больш няма. Немагчымасьць авангарду ня толькі ў тым, як гэта лічыў Баўман, што ідэя авангарду вычарпала сябе з прыходам постмадэрнасьці, -- а яшчэ і ў тым, што нашая будучыня (авангард) кантралюецца сёньня зусім не мастацтвам.

Больш за тое: у будучыню мастацтва больш не пускаюць.

Колішняе супрацьстаяньне ўнівэрсальнай мовы мастацтва і “лякальнага” зьместу анічога ня значыць у эпоху постунівэрсальнай беззьмястоўнасьці.

Мова нас падманвае.

Прастора напоўніцу запоўненая рэчамі спажываньня.

Час нам застаўся толькі “мінулы”.

Нашая сучаснасьць — чужое мінулае. Нашая будучыня — чужая сучаснасьць.

Імкненьне дагнаць свой час стварыла гэнэрацыю “мэнэджэраў”. Жаданьне застацца ў сваёй прасторы стварыла тып “партызана”.

Мэнэджэр улучаецца ў самыя разнастайныя сыстэмы спажываньня. Ён стварае на сябе попыт. Ён прадае ўсё: уласную біяграфію, якую распрацоўвае гэтак жа прафэсыйна, як Хэд энд Шолдэрс формулы сваіх шампуняў, рэалізаваныя й нерэалізаваныя творы, аўтарскія задумы й канцэпцыі, стыль жыцьця.

Мэнэджэр бачны і відавочны. Як сансара.

Партызан вонкава нябачны. Пра яго ніхто ніколі анічога дакладна ня ведае. Ён дасканала карыстаецца мімікрыяй, (посткаляніяльнай стратэгіяй аўтарства Гомі Бгабгы), — што дазваляе яму адаптавацца ня толькі да традыцыйнага вясковага ляндшафту, існаваць у густых бэтонных пушчах беларускай мадэрнасьці, але й выжываць у прасторы сучаснай спажывецкай постмадэрнасьці.

Ягоная стратэгічная задача: непакой, несупадзеньне з наяўнасьцю.

........

Ня кожнае грамадзтва можа сабе дазволіць мець прастору мастацтва. Бо, як мы памятаем, мастацтва нам патрэбнае, каб не памерці ад праўды. Сёньня тое грамадзтва, якое не шукае, не стварае, не вытворвае й не прадае праўду, -- не рызыкуе ад яе памерці. Бо яно ўжо мёртвае, у мінулым часе. Яго няма.

“Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далікатнай адсутнасьцю” (Адам Клакоцкі).

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil