АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

 

РАМОНТ ГАДЗІНЬНІКАЎ

Рамонт Гадзіньнікаў ужо пасьпеў ператварыць свой талён у сьціжму мокрага драўнянага пылу, калі аўтобус “Цэнтар-Затрамвайшчына” ўрэшце падпоўз да канцавога прыпынку. Спатыкнуўшыся аб выцягнутую ўпоперак пераходу нагу кіроўцы, Рамонт невядома чаму ўдаў на твары вінаватасьць і лёгка саскочыў на родную зямлю. Пачуцьці перапаўнялі яго; гэстамі ён растлумачыў прадаўцу бліжэйшай крамы, што хоча набыць цукерак, расплаціўся й пашыбаваў да шэрых із жоўтымі плямамі будынкаў, што ўзвышаліся за аўтастаянкай.

Гаварыць ён быў няздольны, гэткая тоўстая Радасьць сьціснула яму горла. Вочы прагна паглыналі навакольле. Тут, па гэтай вуліцы, яго імчала калісьці з раддому таксі, і увесь сьвет быў для Рамонта толькі бацькавым чырвоным шалікам, тут ён некалі ўпаў, забіты каменьчыкам, калі гуляў у вайну зь Пятровым і Вераб’ём. Тут. Толькі пасьля таго, як Рамонт зьехаў з Затрамвайшчыны, да яго дайшло, што дзевяціпавярховыя будынкі, у якіх яны жылі, ні што іншае, як пастамэнты велізарных помнікаў. Помнікі зьнесьлі, у пастамэнтах прарубілі норы, правялі газ, вадаправод, электрычнасьць ды аддалі пад жытло затрамвайшчынскім рабочым, якія й сталі першымі жыхарамі мікрараёну.

Рамонт павярнуў направа і пайшоў уздоўж дому № 11, апошні пад’езд якога губляўся за даляглядам. Асфальт быў засыпаны таполевым пухам і бітым шклом, шкелцы раз-пораз успыхвалі на сонцы.

Ужо па тым, як Рамонт перастаўляў ногі і па тым, як вісела ў яго на плячы валіза, кожны здагадваўся: гэты чалавек у нечым вінаваты, не ў драбязе якой, а ў забойстве ці ў нечым яшчэ горшым. Сустрэчныя са спачуваньнем глядзелі яму ўсьлед, і нехта нават бачыў цень ад сякеры ката на Рамонтавай патыліцы. Рамонт заўважыў, што ўсе азіраюцца на яго, і раптам ягоная радасьць ад вяртаньня дамоў, ад чуласьці землякоў, ад стракатаньня конікаў у траве пад ліхтарамі, ад яснага адчуваньня сваёй віны ўскіпела і Рамонт заплакаў. Затым ён ўявіў сабе нагрэты сонцам хатні лінолеум, і ягоныя сьлёзы, якія ўжо пачалі сьціхаць, паліліся із новай сілай, надаючы жуйцы ў роце агурковы смак.

Усё яшчэ плачучы, Рамонт увайшоў у пад’езд і націснуў кнопку ліфта ілбом — узгадаў школьную звычку. Жалезная таблічка абвяшчала: “Шануўце ліфт!” Напэўна, трэба было “беражыце”, а не “шануйце”, але такое пачцівае стаўленьне да ліфта спадабалася Рамонту. Апынуўшыся ў ліфце, Рамонт адчуў сябе нібы ў жываце нейкага добрага бога, і Рамонта зноў захлынуў прыпадак Радасьці. Ня вытрымаўшы, ён недзе каля сёмага паверху спыніў ліфт і доўга цалаваў кнопку зь лічбай шэсьць. Ён усё яшчэ плакаў, браў кнопку то цалкам у рот, то лёганька пакусваў яе, то пакрываў дробнымі пацалункамі яе куточкі.

Урэшце ён выскачыў зь ліфта і кінуўся да дзьвярэй сваёй кватэры. Булькатаньне званку... Яно заўсёды прыносіла Рамонту супакаеньне, быццам ён псаваў паветра сярод сямейнае вячэры. Званок быў дамавіком — флегматычным, самавітым і вечным. Аднаго разу, калі Рамонт быў яшчэ маленькім, званок прагучаў хрыпла й фальшыва, але прыйшоў з працы бацька й хутка вылечыў дамавіка. Булькатаньне званку... З расчараваньнем Рамонт зразумеў, што бацькі, мусіць, паехалі ў вёску, яны зазвычай рабілі гэта двойчы на месяц. Трэба запытацца ў суседкі Вадзімаўны, ці няма ў яе ключоў.

Рамонцік!!! — вось за гэта Рамонт і не любіў Вадзімаўну, за гэты лямант, які доўга яшчэ гучаў на ніжніх пляцоўках, за гэтую звычку засоўваць ягоную галаву між сваіх неабсяжных грудзей, за тую пасьпешлівую клапатлівасьць, зь якой яна засоўвала ў рот карамелькі, паіла гарбатай і дапытвалася, кім ён стане пасьля школы.

І вось ён ужо сядзеў на кухні ў Вадзімаўны, піў зялёную гарбату й глядзеў на затрамвайшчынскія прасторы. Голуб сеў на падваконьне, рэзка паматляў галавой, правёў кіпцем па блясе, узмахнуў крылом і нечакана сарваўся зь мейсца, зьнік у сваіх стратасфэрах. Рамонт пасьпеў заўважыць, што да лапкі голуба была прымацаваная паперка. Паштовы голуб. Вінаваты Рамонт Гадзіньнікаў. Зялёная гарбата. Рыпеньне галубінага кіпця па блясе. Родная Затрамвайшчына засталася гэткай жа, якой ён пакінуў яе васемсот? дзевятсот? недзе, у нейкай патаемнай кнізе было запісана, колькі год таму. У цягучым бялку паветра плыве жаўток аўтобуса. Краявід назірае за Рамонтам, нахіляецца, калі нахіляецца за печывам Рамонт, і хутка скручваецца ў маток скотчу на крэсьле, калі Рамонт адварочваецца ад вакна.

Прыйшоў муж Вадзімаўны, дзядзя Бора. Ён стрымана паціснуў Рамонту руку, запаліў цыгарэту і, страсаючы попел у хвортку, пачаў вымаць з пакету кілбасу, масла, кефір, кансэрвы, яйкі й дзьве пляшкі гарэлкі. Рамонт глядзеў на ўсё гэта, і, калі высьветлілася, што дзядзя Бора забыў набыць хлеб, чамусьці сказаў: “Давайце я зьбегаю”, хаця нікуды бегчы яму не хацелася, а хацелася легчы на мокрую анучу ля дзьвярэй сваёй кватэры й чакаць бацькоў.

Вадзімаўна й дзядзя Бора пераглянуліся. Прапанова Рамонта падалася ім падазронай. Так яны доўга стаялі, моўчкі й нерухома. Рамонтава Радасьць высахла. Ён раптам адчуў, як запаволіўся час, здавалася, мінула некалькі гадоў, пакуль Вадзімаўна ў захапленьні выдыхала: “Зьбегай, Рамонцік, зьбегай”.

Зусім ужо млявы Рамонт пайшоў у краму, набыў хлеб; знаёмая прадавачка не пазнала яго. Вяртаўся назад ён як пашкоджаны робат і паводле ім самім выведзеных законаў сустрэў чалавека: якога не хацеў бачыць ні пры якіх умовах — свайго былога школьнага настаўніка.

Рамонт убачыў настаўніка толькі тады, калі той ужо набліжаўся, распасьціраючы рукі й нешта галосячы. Крыўдна было, што Рамонт не памятаў ні імя, ні мянушкі настаўніка, ні прадмету, які ён вёў. Настаўнік абсыпаў яго сваімі “вазмужаламі”, “малайчынамі”, “нежэнілсямі”. Рамонт хацеў нешта пракукаваць у адказ, але замест гэтага рот яго раскрыўся і ён сказаў, гучна й выразна вымаўляючы ўсе гукі: “А вы як, Генадзь Генадзьевіч? Як здароў’е–работа–настрой?” Ды толькі лішняе гэта было — Рамонт з галавай быў засыпаны вазмужаламі. Разгрэбшы іх, ён убачыў, што настаўніка ужо няма.

Бацькоў таксама яшчэ не было. Рамонт адчыніў дзьверы ў кватэру Вадзімаўны (яна замыкала іх толькі на ноч) і адразу наступіў на нечую пантофлю. Уся вітальня была заваленая абуткам, з кухні даносіўся голас Вадзімаўны. Рамонт, як у смузе, прайшоў туды. Стол, за якім ён піў гарбату, быў выстаўлены цяпер на сярэдзіну пакоя. За ім сядзелі дзядзя Бора, настаўнік Генадзьевіч, кіроўца аўтобуса, у якім Рамонт прыехаў раніцай сюды, і яшчэ чалавек шэсьць суседзяў, імёнаў якіх Рамонт ня ведаў, хаця й пражыў у адным пад’езьдзе зь імі сямнаццаць гадоў. Трохі воддаль ад стала, упёршыся сьпіной у сьцяну, на якой вісеў леташні каляндар, сядзеў Бязногі з суседняга дому. Вадзімаўна сядзела на чале стала, гучна распавядаючы пра нейкіх Дураў. Мужчыны маўчалі, засяроджана жуючы й гледячы кожны ў сваю талерку. Чвяканьне й ціхое пагрукваньне відэльцаў надзіва ладна траплялі ў такт аповеду Вадзімаўны. Усе мужчыны былі ў чорных фраках, на Вадзімаўне была доўгая сіняя сукенка. На Бязногім таксама быў фрак, “бабачка” й белая кужэльная кашуля — ён нагадваў верхнюю частку манекена, разрубленага напалову.

— Сядай, Рамонцік, сядай міленькі!!! — завішчэла Вадзімаўна. — Бацькі твае няскора прыедуць-та!!!

Рамонт сеў, парэзаў на лусты хлеб і стаў паўнапраўным чальцом гэтага аркестру.

Пілі часта, елі шмат. Рамонт доўга не п’янеў, і толькі калі запаліў цыгарэту, цяжкое затрамвайшчынскае неба звалілася яму на голаў, вочы праваліліся ўглыб вачніцаў, і цяпер ён бачыў кухню нібы жаўнер з акопу. За вакном зусім сьцямнела, стромні тытунёвага дыму ўздымаліся да столі й там ганяліся за зграямі камароў. Сьвятло лямпачкі раз-пораз падрыгвала; пад падлогай, на ніжнім паверсе, нехта пачаў сьвідраваць электрадрэляй сьцяну. Рамонт сядзеў, засунуўшы па локаць рукі ў свой зьмякчэлы лоб і зьвесіўшы галаву ў талерку. Ён адчуваў, як вібруе ягонае сэрца ад гуку дрэлі; ля вуха раптам зарохкала труба вадаправоду. На кухню нясьмела ўвайшлі дзеці: колькі іх Рамонт пачаў лічыць, але на трэцяй сотні зьбіўся й зразумеў што... Бязногі заліваў у сябе гарэлку мэтадычна й маўкліва, ён піў ужо адзін. Генадзь Генадзьевіч гуляў зь дзядзям Борам у карты. Прайграўшы, ён адчыняў сябе, вымаў з роўных палічак у сваіх вантробах жоўныя пігулькі, глытаў іх і хвіліну сядзеў, заплюшчыўшы вочы, а потым зноў пачынаў гуляць. Дзядзя Бора гучна лаяўся, вясёла пабліскваючы залатымі зубамі. Вадзімаўна дастала з шафы яшчэ гарэлкі, аддала дзецям Рамонтавы цукеркі, а потым, невядома чаму раззлаваўшыся, пачала біць іх па галовах і гнаць спаць. Дзеці заплакалі ціха й неяк фальшыва, аднаго зь іх укусілі за палец, раптам ажыўшы, дзьверы, ён упаў ніцма і, скуршыўшыся, заскавытаў пранізьліва, не перастаючы жаваць цукерку. Дрэль юрліва залівалася пад падлогай, лавіла першыя задаволінкі. Кіроўца пачаў з Вадзімаўнай спрэчку, Рамонт горача падтрымдіваў кіроўцу, цяжка варочаючы залепленым густой сьлінай языком. Вадзімаўна ніяк не хацела прызнаць сябе пераможанай, яна стаяла ля пліты як палонная прынцэсса і адказвала на напады: Рамонту ветліва й крыху раздражнёна, кіроўцу — нецэнзурна. Рамонт быў зусім размазаны па стале, ён крапаў уніз і расьцякаўся роўнымі лужынкамі сярод кілішкаў і талерак.

— А давай яе на пліце спалім, — прапанаваў Рамонт новаму сябру.

— Нашто? Давай яе лепей, — адказваў кіроўца й змaхнуў з калена кропельку Рамонта.

Затым яны доўга цалаваліся на лесьвічнай пляцоўцы. Новы сябра Рамонта, відаць, быў найпяшчотным у сьвеце — даўно Рамонт ужо не адчуваў такога ўзбуджэньня й такое даверлівасьці. Рамонт прыхінаўся да курткі кіроўцы й нібыта піў настой на скуры, малацэ й бэнзыне.

Потым была Эвушка-Дэвушка, якую кіроўца выцягнуў за валасы, заспаную, і пацягнуў за сабой, дазволіўшы апрануць толькі швэдар. Утрох яны рушылі да аўтобуснага парку. “Катацца будзем, Рамонтушка?” – спытаў кіроўца ў Рамонта, які прыціснуўся да слупа, адчуваючы першую палёгку ад прахалоднага бэтону. Пакуль пералазілі праз агароджу, Рамонт з кіроўцам працьверазелі: Эвушка ж наадварот, частуючыся прынесеным пітвом, разьвесялела, кідала на Рамонта пагардлівыя позіркі й называла кіроўцу “Валерка”. “Я цьцябе,” — паабяцаў кіроўца, заводзячы матор. У Рамонта забалела галава, забалела рэзка й страшна, нечая пралетарская рука раўнамерна, з паўзамі ў пяць сэкундаў, біла яго знутры па ўчыгунелым чэрапе; другая ж рука, ружовая й мяккая, калола пустым шпрыцом. Аўтобус імкліва прадраўся паўз затрамвайшчыну й хутка ўжо ехаў па шашы. Кожная выбоіна адгукалася ў Рамонтавым чэрапе дзікім болем. Усё ж яму пашчасьціла і ён здолеў заснуць на карычневым аўтобусным сядзеньні. Неба над Затрамвайшчынай паружавела. Рамонт павярнуўся на другі бок, намаляваўшы нагою на шкле брудную зеленаватую паласу. Шчака Рамонта была ўся ў восьпінках ад пупырчатай скуры сядзеньня.

“Задрамала абмакашка,” — прамармытала шчасьліва Эва, тупа гледзячы на асфальт, які бег наперадзе.

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil