МАРЫЯ БАРАДЗІНА

 

"ня плач, тут складзены ўсе сьпiсы"

"парцалянавы жах калыхае"

"пахавальнаю маскаю шчэрыцца поўня"

"праз рызьзё i праз пацеркi ў змрок"

"чарнаскурае боства з аленевым ўзьмётам"

 


***
Парцалянавы жах калыхае
далягляд у рудым рабацiньнi
нiбы ў пене разьлiтага моцнага элю
белыя косы

Бледнай панi арабскiя рысы
мрояцца ў снах мармуровых
у трохкутнiку крылаў, куды забрыла
безнадзейная лотаць

О, Божа

Рамантычнасьць далёкага гневу
на таго, хто нiколi ня прыдзе
на таго, хто ў слове, мацнейшым за сьмерць,
не адмовiць


***
Праз рызьзё i праз пацеркi ў змрок
як чужая далонь на няголеным твары агiдны...
Як ацерцi з раптоўнай крывi
О Ахайя, калi твае стрэлы
пралятаюць праз скронь,
ладзяць вогненных гнёздаў утульнасьць у скiвiцах?
Я чакаю цябе.
Я ня помню, але я чакаю.
Роўны гэст бесьсмяротных
ня спраўдзiў лiсьлiвы ўздых
адарваныя крылы
ня ўзьнялi парушаных храмаў
i каго абуджаеш ты енкам ключа - невядома.


***
Пахавальнаю маскаю шчэрыцца поўня,
сiнiм шклом заплываюць правалы вачнiц
як ня споўнiць табе каралеўскую волю -
мне ня споўнiць твае саламяныя сны

ноч выцягвае жылы з халоднага цела
а пад скураю сьвецяцца ноткi крывi
засьпявай мне, шаленец, пра скутае мора,
лiхаманкавы, гостры пагляд; караблi -

каравэлы з парубленым зьзяньнем у нетрах
i пра вецер, што сьвiст свой схаваў ў рукавы
пра дрыжаньне аголеных гор, што ў салодкiм
поўным шэпту чаканьнi пяшчоты вады...



***
Ня плач, тут складзены ўсе сьпiсы
сьвятых пакутнiкаў, прайграны шэлег
апошнi, поясам iмглiстым
нянавiсьцi зацягнуты малiтвы

прыступкамi на дол сыходзяць людзi -
паход крыжовы супраць моора
паход крыжоаы ўкрыжаваных -
зьлiваюцца ў камяк у горле

няма каму ахоўваць фарпосты
далёкiм рэхам у клятчастай цемры
даносiць лаянку i рогат, ды ўсё тоне -
ўсё тоне ў мышыным тупаценьнi

Плач! Плач над заварожанай краiнай
над сном - аж да канца сусьвету
над хараством сваiм, якое пояць
жамчужныя пялёсткi гарызонта...



***
Чарнаскурае боства з аленевым ўзьмётам
зграбных ног, дзе пазвоньвае кожная жылка
з кавалькадай задымленых твараў пiрацкiх
побач - зь вернай iмгненнаю зграяй

ў неспакойных, задугшлiвых колеры рому
мокрым срэбрам залiтых вачах сарацынскiх
у аблозе скрыгочуць зубамi чужыя
сьнежнатварым паўднёвыя духi

I толькi гэтыя дарогi
табе пакажуць шлях ў нiкуды -
дарогi, сiнiя вярблюды

Спавiваюць гарачыя ценi пустыню
сьвiснуў сонечны дыск, i крыштальны
келiх захаду, пурпуровай
фарбай поўны, разьбiў на кавалкi.

I далоньню, пазбаўленай лiнiй,
цемра сьвет лiтасьцiва накрыла
хто ўпалюе цябе, высакародны?
Нi адзiн з палахлiвай крывёю.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil