СЭМЮЭЛ БЭКЕТ

 

"зь ёй спакваля"

"зьніадкуль у скляпеньні сонца зь нябёс"

"між сцэнаю і мной"

"па-за сабой паасобку"

"што рабіць мне бязь сьвету аблічча пытаньняў было б"

***

што рабіць мне бязь сьвету аблічча пытаньняў было б

там дзе быць ані ймгненьне ня доўжыцца й кожнае зь іх

павяртае ў нікуды ў нябыт неадбытага

і бяз хвалі ў каторай канец канцоў

целы й цені гуртом захлынуцца

што рабіць мне было б бязь цішы бездані ўздыхаў бяз дыху

апантаных уратаваньнем ці там каханьнем

бязь неба што паўстае

расьцярушыўшы ўнізе ўласны цяжар

 

што рабіць мне было б штось было б як учора альбо

нават сёньня з каюты сваёй выглядаць адзіноты

так далёкі жыцьцю муляцца й памыляцца

на пляцы паяцаў

безгалосы ў безьлічгалосьсі

зачыненых разам са мной

 

***

зьніадкуль у скляпеньні сонца зь нябёс

і раз-пораз старыя чуваць галасы

тагасьвеччыны

й пакрыёма ў знаёмае сьветліні

якая заліла была паплавы ля Энны крывёй

расьлінаў што плоцяй няўрымснай квітнелі

ізноў залатыя часы

як раней

і розгалас згас пакрысе

Атропас і Празэрпіна

чароўны сумнеў пустаты

ірта невыразны абрыс

 

***

зь ёй спакваля

неспадзеву нідзе, так ва ўсіх добрых дзетак

незацяжкі цяг, незацяглы цяжар, забыцьцё

сьпіну гне за быцьцё

дзьве тры блакітныя хусткі ў сэрцы ўрэшце адмерлыя куткі

спакуса запозьняя напрыканцы

дажджу на сутоньні

ў жніўні

 

у ёй нішто

й ніхто не

стогне

 

***

па-за сабой паасобку

ў нейкім месцы нейкага дня

нібы некаторая рэч

 

чэрап апошні ратунак

ад таго cпанадворку

маўляў бочка з ільдом на дне

 

пагляд на любую пагрозу

пазіраючы пазяхае

нічога такога больш

 

гэтак нейкага дня

нібы некаторая рэч

жыцьця не сама па сабе

 

***

між сцэнаю і мной

на шкле

пустым адно яна

 

прытулілася

суплёт цягліцаў чорных

мацае ашалелая крылцы склеіла

перабітыя ногі рот смокча звычка

расшывае блакіт удрузг аб нябачнае

вагаюцца ў яе ўваччу з маім вялікім пальцам разам

мора й спакойнае неба

 

пераклаў з ангельскай Максім Шчур

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil