пасланьне да беларускага пошт-мадэрніста
Не правакуйце мяне.
Быць вар’ятам складана
Пасьля ўсяго: асабліва пасьля Адама
Міцкевіча й Эвы Браўн.
Я люблю нецікавыя кніжкі
Калі яны вельмі танныя,
Я люблю Настасію Кінскі
Й станцыі арбітальныя,
Мэтро напханыя кішкі,
Пысы мянтоў брутальныя.
Я люблю вас, убоствы,
Таму што вас мноствы,
Я люблю вас, удобствы,
Бо ваш сэнс вельмі просты,
Я люблю цябе, матчына мова,
Як Казанова,
Нанова й нанова,
Бо ўсё ў табе для мяне нова
І ў табе рыфмуецца кожнае слова
Зь якім небудзь іншым словам,
Адрозным часам ці склонам
З клонам,
Клоўнам, які завецца Гамонім,
З каторым мы часта гамонім
Па-сяброўску. Адным словам,
Хутка гамон ім,
Гэтым словам!
Давайце ня будзем, як сонца!
Сонца—гэта забойца!
Пачвары! Закрыйце зяпы!
Гучыць музыка Фрэнка Заппы!
Мне да сракі твой розум
Казала маці
Нарэшце я зь ёю згодны
Цалкам
Мне мой розум—да сракі
Маці маніць ня будзе.
Нобелеўская прэмія,
На ...й ты мне патрэбная?
Замест перапісу, насельніцтва
Лепей перастраляць.
Пазьбягайце ўсялякае прыгажосьці
Яна дзейнічае на нэрвы
З часам
Пазьбягайце дакладнай рыфмы
Гэтаксама як недакладнай
Альбо нават яшчэ больш пільна
Памятайце: лепш самому падцерціся рукапісам,
Чым чакаць, што гэта за вас зробяць іншыя!
Паэзію нельга ўспрымаць сур’ёзна
Гэта ж ня сэкс
Паэзію трэба выдаваць
Вялікім накладам і фарматам
З малюнкамі
Буйнымі літарамі
Каб нават сьляпыя бачылі
А глухія—чулі
Рэвалюцыя—гэта сумна.
Дзеці, давайце пагуляем у гульню:
Хто знойдзе рыфму да слова “конь”.
Хто сказаў “скон”?
Петрык?
Петрык, ты—ёлупень.
Хто сказаў “балкон”?
Такога слова няма.
Хто сказаў “гандон”?
Я табе дам гандон!
Рыфма да слова “конь”
Толькі адна: Панямонь.
Зразумела?
Ёсьць яшчэ слова “скронь”,
Але гэта для ідыётаў,
Такіх як вы, дзеці.
Ня хочаш пісаць —
Не пішы
Ніхто цябе не прымушае
Гэта ж ня есьці
Москва—как много в этом звуке...
Маскоўскі канцэптуалізм—плён жыда-масонскай змовы.
От ужо мне гэтыя сіёнскія мудрацы!
А што рабіць беднаму гэбраю ў Вялікай Расеі?
Маскоўскі канцэптуалізм—гэта кшталт сэксуальнага вычварэньня.
Навучыцеся спачатку пісаць па-руску!
Пушкіна забілі жыды—гэта ўжо даказана.
Безумоўна, Хадановіч —
Гэта вам не Багдановіч.
Літаратуразнаўства —
гэта вар’яцтва.
Мову трэба забараніць
Наогул!
Не давайце словам сябе падмануць.
Усе паэты—засранцы.
Люблю, сябры, Рыгора Барадуліна—
Ён плённы, як анальная адтуліна.
Адкрыю вам адну таямніцу,
Паколькі мы ўсе тут свае:
Можаце на мяне забыцца.
Мяне—не існуе.
Біблію пісалі прыдуркі.
Гэта ясна зь першага погляду
Нават на вокладку,
Ня тое што пад.
Пры камунізме
Горш ня будзе.