ЯКАЎ ЯСЭПКІН

 

ПУРПУРА СЬМЕРЦІ

з кнігі гатычных вершаў "крыўскія лотасы"

 

антысоцыюм

"дзень складаўся са слоў"

канцэрт у запісу

касманаўт

касьмічная ружа

"на зямлі не магла ты любіць"

на тваёй арбіце

"нам нябожчыц хацелі варожна"

перад атамным сьнегам

пурпура сьмерці

"ты забыла аб вечнай вайне"

"ты ў люстрах ня тых адбівалася спрэс"

у цягніку

"ці вернемся ў Крым, да альтанак у цёмным агні"

цяпер

электрычны твар

эрыніі ў жнівеньскім садзе

"як на ростанях цёмных зьбялеем"

 

 

***
Ці вернемся ў Крым, да альтанак у цёмным агні,
Да сьцен херсанэскіх глытнуць залатога рэйнвэйну,
Каб смутак запіці маглі і ў пякельныя дні,
Альбо пакружыцца, бы чайкі над водамі Рэйну,

У порце спатолім сябе ад няісных пакут,
Ці трапім у Хайфу, а потым па блісках пантонных
Працьнем Адрыятыку - мы зразумеем, што тут
Палаюць нясьвету вагні ўсьцяж танэляў бэтонных.

І брукам крывавым зноў пройдзем ля вежаў Крамля,
Падземку згадаўшы ды нематны подых ампіру,
Павернем да Леты ў вянцах з хваявога гальля,
Сьвятыя свае перамогі прысьвеціма Піру.

Дазволяць архангелы, не супыняй пералёт,
А я варачуся ў цямноце міжрэчнай раўнінай -
Давыпаляць вусны няхай цалаваньні і рот
Зь любоўю заб`юць у Айчыне кар`ернаю глінай.

 

 

У ЦЯГНІКУ

То бачаць вочы Празэрпіны -
Чорнапрагонны інтэр`ер,
Унівэрсальныя карціны
Пад купаламі змрочных сфер.

Між незямнымі валунамі
Вагоны прыпыняюць бег.
Лятуць валькірыі над намі,
Азалачаюць зоры сьнег.

З гары, а потым зноў угору
Па белых вогнішчах зімы,
Ужо ў апошнюю прастору
Імчым празь цьму бязьмежжа мы.

  

 

ПЕРАД АТАМНЫМ СЬНЕГАМ
(з дэмасу)

Павольна плянэтарная прырода
Дранцьвее ад кабальнага ядра.
Дубы гняце блакітная свабода -
Так грымнула асеньняя пара.

Мы знойдзем замагільле па сьвячэньню
І да крыжа ўскладзем чужы вянок,
Ды чорнага разора залачэньню
Падставім нашай славы крываток.

Паўз тых чарнот палаючую трасу
Зальюць сьлязьмі, ігліцай прыбяруць,
У балаціне сонечную масу
Вядзьмаркі прыхаваюць і паснуць.

Уран, Нэптун, Плютон гараць ураньні,
Бліскочуць над лістоўем зыравым,
Вальпургіевых ночаў пахаваньні
Нагадваюць аб шабасах жывым.

Заходы над паверхняю зямною
Ў стугах і цьме, падсьнежнае ліцьцё
Сьцякае раззалочанай крывёю,
Калі блакіт праломвае быцьцё.

 

 

НА ТВАЁЙ АРБIЦЕ

                             Летыцыi

Воч ледзяных агнi злучылi
Мы ў цемрадзi начэй навек,
Ды зоры тлом нас пратачылi,
Згасiлi змрочны бляск павек.

Цяпер сьвячэньнем надплянэтным
Цябе залiла назаўжды.
Мы ў цiхiм золаце партрэтным
Пакiнем лёдныя сьляды.

Пачнуць яны зiхцець у клiне
Пагiблых мараў над табой.
Мо, на апошнiм успамiне
Лёд зорны стопiцца журбой.

 

 

ЭРЫНII Ў ЖНIВЕНЬСКIМ САДЗЕ

Зорны жнiвень пад вогненны дах
Зьнес апошнюю мрою,
I калчан, i пурпуравы гмах
Пацягнуў за сабою.

Працiнаючы нашы сады,
Цьмы павевы бруяцца.
Куст крануў: - Ты памрэш назаўжды?
- Нельга паратавацца.

 

 

КАНЦЭРТ У ЗАПІСУ
набліжэньне да люстра

Твае летуценьні супалі зь вясною, 
Вянцы філярмоніі чэзнуць у змане,
Жалобна за кожнай арганнай трубою
Марнуюцца сьвечкі, чый воск не растане.

Часы і прастора губляюць найменьні,
Жарсьлівай пурпурай ахутвае залу,
У фугі цяжкія замотвае сьненьні
Электраарган векавога напалу.

Пакоцяцца сьлёзы агністыя ў Лету
Й вякі прамінуцца - пабачым наяве,
Як сьвечкі адныя ў пластах чарнаквету
Цякуць крозь сукрыўе па немай выяве.

 

 

***
Ты ў люстрах ня тых адбівалася спрэс
Наўкола парадных парталаў.
Агмені вачэй сьвяты Божа і ўзьнес
Да браміны трызьненных заляў.

Даруй жа нябогаў у тлумнай гудзьбе
Хаця б за пакут непазьбежнасьць.
Пабачаць анёлы адныя ў табе
Вышыняў цнатлівую сьнежнасьць.

Павер, і такую цябе зьберагу,
Хай полыскі нікнуць над лядай
І мёртвая фарба гарыць у сьнягу
Вачніц тваіх чорнай панадай.

 

 

***
Нам нябожчыц хацелі варожна
Ўсім сасватаць з паганскіх часін.
Пахаваць іх у трунах няможна,
Самі ж мы не вясельных мясьцін.

Нас анёлы адны цалавалі,
Цалаваньне іх Бог перарве.
У садох зыравых забівалі,
Д`ябал тых да сябе прызаве.

Весяліся цяпер, не падмануць,
Не наклікаюць мёртвым бяды.
У нябёсах ужо не дастануць,
Кроў разьліўшы ў пустыя сады.

За нязваную сьмерць дзеткі нашы
Кубкі поўныя вып'юць нагбом,
Пырснуць сьлёзанькі ў чорныя чашы,
Запалаюць над кожным ілбом.

На яе прамянялі няволю,
Воч лазурак нічых не міне.
Памяне тую клятую долю
Нецалованы Божа ўва сьне.

 

 

***
Дзень складаўся са слоў,
Бы склады націскныя стаялі
Тэлеграфных слупоў
Крыжавіны ў этэрным паркалі.

Раніцой ліхтары
Праціналі скляпеньні санэтаў,
Змрок цягнуў на кастры
Сьветланосныя барвы партрэтаў.

І кусты, і сады,
І хвая чорнахвалістых елак
У пустыя склады
Заляталі, у іх панядзелак.

 

 

ЭЛЕКТРЫЧНЫ ТВАР
(рэстаўрацыя сьмерці)

Страсянуўся твой цень толькі раз,
Ды навек ім душа апяклася.
Электрычнасьць, нібыта алмаз,
Рэжа попел, да неба ўзьнялася.

Пахіснуўся падстольны штатыў
У зьнявечаным ценямі сьвеце,
І тады векавы аб`ектыў
Сьмерць прадставіў на фотакасэце.

Бледны воблік сягае ў прастор,
Разам з хронікай дня ажывае,
Калі заля сьвіціцца ад зор - 
Ён гарыць і людзей забівае.

 

 

***
Ты забыла аб вечнай вайне,
Аб агнях, не залітых сьлязамі,
Цень іх вуглем граніўся ў віне,
Віўся плятынай над абразамі.

Бог паказваў нам праведны шлях,
Мы дарогу абралі зямную.
Не задзьмуць і вятрам у палях
Вогнетока сьвячу ледзяную.

Цень яе толькі ў вечнасьці зьнік,
Прапаліўшы нябесныя лозы,
Празь вякі ў беласьнежны ляднік
Зацяклі твае цёмныя сьлёзы.

 

 

***
Як на ростанях цёмных зьбялеем,
Лбы пабляклыя схіліма ніц,
Асьвяціць шчэ двухперсьцем пасьпеем
Пакалечаных ды чужаніц.

Косы сьмерці глядзяць амбразурай
І няможна сыйсьці насамрэч,
Нашы словы цагельнай цэзурай
Пасадзілі з Івашкам у печ.

Жыта высыпем на аканіцу -
Белы сьвет не для ўсіх дармавы.
Прыкармілі з рукі цар-сініцу,
Ды ўзьляцелі ў блакіт журавы.

Мел гарыць пад чарнотай шаломаў,
Кроў па струнах адна працякла.
Слава культавых нашых псаломаў
Да харомін чужых дабрыла.

Убярэ азалотай скляпеньне,
І басы тыя выпякуць рот,
Сум праліўшы, нібы песнапеньне,
У бяскроўнасьць няпісаных нот.

 

 

***
На зямлі не магла ты любіць,
Цені кроўю зардзелых вяргіній
Пачалі твае вочы студзіць,
Рукі сьмерць расьпісала ад ліній.

Зноў гарыць на зыры вертаград,
У садовым лятаюць брутале
Немаўляткі ды эльфы, абрад
Век тварыцца ў пакінутай зале.

Нам у звычку жыцьцё памінаць,
Акунацца ў людзкое стагнаньне.
Нечысьць крывічаў стане шманаць
І маною вянчаць памінаньне.

Ці пазнаем сябе ў абразах,
Толькі погань і носяць матруны.
Тыя краскі ў няўтольных сьлязах
Кінуць нам - у адкрытыя труны.

 

 

ЦЯПЕР
сага абвальнага часу

У замагільлі знак нядолi
Я бачыў, горняе сьвятло
Сваiм агнём i апякло
Скляпеньнi ўсеагульнай волi.

Мой голас глухнуў, нават плач
Ня чуў Гасподзь, у час пякельны
Зьзяў ветах i мiраж пустэльны
Нагадваў ржэўнiку крумкач.

Праз прызбу крочыш - пападзеш
Туды, дзе прыцемкi панура
Сьвятла праточваюць бязьмеж,
Калосьсе апранае скура.

Зьлiвалiся ўсе фарбы ў кроў,
Чарнiлi бляклую карцiну,
Я помню рукi ганчароў
I палымнеючую глiну.

Яшчэ жывы агнiсты зьвер,
Адбiты мы ў вачох пачвары,
Ня зможаш iх - навек цяпер
Зальюць нас змрокам воч узвары.

 

 

КАСМАНАЎТ
прысьвячэньне Піру

У касьмічным тэатры палала,
На "Усходзе" заняўшы фатэль,
Маска сьмерці ў вагнях карнавала
Ды ў нябыт вёў Уліс карабель.

Зорны крэн прадказалі прыборы,
І адбіўся сьвяточны накат
У сьвячэньні калечных воч Коры,
Прапаліўшы дарогу назад.

На паветраным шары вярнуўся,
Каб забыцца ў пакуце зямной,
І за поўняй ужо страсянуўся
Гермашлем над цяжкою душой.

 

 

ПУРПУРА СЬМЕРЦІ

У цёмных точывах ікон
Абраз наш адаб`е,
Суцішных сэрцаў перазвон
Бразготны тлум залье.

Хто стому страціў назаўжды,
Ад пажыцяў зямных
Памкнецца ў райскія сады
Гудзьбою песьціць слых.

Разбурыцца імпэратыў,
У пурпуры гадоў
Мы зганім боскі той курсыў
Й лёд залатых ладоў.

Тады і ўбачыма замест
Патвораў галубіц,
Крозь сьмерць пачуем дабравест
З пакрушаных званіц.

 

 

АНТЫСОЦЫЮМ
шматколер кармы

Калі б я мог наводля стодаў змроку
Цябе, наўзор агнёў ператварыць,
Каб ты навек стамілася любіць,
Ды плынь быцьця да мёртвага вытоку
Імкнецца зноў, у голь, дзе нельга жыць.

Хоць мірыяды воч паб`е, бы ржа,
У небе, пад якім яны мігцелі
Шматколерам, у полысках дранцьвелі,
Я сам жыву і трызьню тут няўжа,
І ты жывеш, і нішчаць нас нядзелі…

 

 

КАСЬМІЧНАЯ РУЖА

Інцэст, кровазьмяшэньне тых аблокаў,
Якімі час нагадваў пра табу,
Сьнег чорнай слоты зьвергла да вытокаў
І кінула ў лістотную журбу.

Усё ж пакуль яшчэ гараць кусты
Агнём і цемры лёд ня надта дужы,
Няхай палае сьнежань прасьвяты,
Бы сьлёз вянец у сьне адцьвілай ружы.

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil