ВАЛЬЖЫНА МОРТ

апошняя яблыня

больніца

вогнішча з вачэй конскіх

вялікімі глыткамі

гульня

жнівень

крыўда

марш

"мая чарга мне"

пагоня

сон

фірн

цішыня.я.я.я.я.я

"я"

  

КРЫЎДА

 

Мара — ня быць

абароненым ад сьмерці.

ціха вуснамі вусны згрэбсьці.

Сьпі, дзіцятка, сьпі

Мовіць словы,

на якія можна адказаць

толькі маўчаньнем,

і кідаць іх

па начах мне.

Сьпі, дзіцятка, сьпі

Мы надта маладыя,

каб жыць,

і старыя, каб

ісці на вайну.

Наш занятак —

хутчэй астыць

Наша справа —

пайсці на дно

Нашая ганьба—

нашая слава

нашая страва —

нашая мара —

ня быць абароненым

ад сьмерці

ціха вуснамі вусны

згрэбсьці

Ну, і добра

Ну, і ладна

Сьпі, дзіцятка, сьпі...

 

МАРШ

лес

лёс

лось

зьнёс

не

злавіць

і

ня трэба

ўсё роўна

мой

лёс

лёд

мёд

падобны да мокрага пяску

я б магла намаляваць

насліненым пальцам

на тысячах вокан

усе твае

твары

мары

мары

меры

чалавецтва

ціха

ціха

дрэвы, хворыя на СНІД

людзі, хворыя на дрэвы

птушкі будуюць гнёзды на месяцы

выклікаю

чакайце...

Гадзіннік на сцяне задыхнуўся

Усё, што аддавала —

атрымала

мала

мала

мела

я

мар

 

БОЛЬНІЦА

Калі доўга грукаць галавою аб бэтонную сьцяну

бэтон зробіцца цёплым

і да яго можна будзе

прытуліць сваю шчаку падобную

да марской чырвонай мэдузы адчуць

як зазямляецца

празь цела памяць

і дачакацца імгненьня,

калі твае вочы

ператворацца ў ніваляшкі

а стракаты сусьвет

падасца глыбокай дзіркаю

ў мыйніцы

 

ГУЛЬНЯ

Глыбокія ямінкі ў тваіх

вачах

шэпчуць: "Ты, Ты, Ты..."

і хаваюць мяне

сваімі рукамі,

сілкуюцца маімі босымі

вуснамі,

апранаюцца ў нас

безназоўныя ногі.

Новыя гукі зьяўляюцца

ў роце, поўным каханьня:

"НЯ ТЫ, НЯ ТЫ, НЯ ТЫ"

"НЯ Я, НЯ Я, НЯ Я" —

паўтараю паслухмяна.

"Я, Я, Я" —

падхоплівае рэха.

Гэта не гульня

Гэта першы дзень стварэньня

Так і нязьдзейсненага

сусьвету

 

ВЯЛІКІМІ ГЛЫТКАМІ

Наша размова бясконцая, таму што

яна ўжо ніколі ня вернецца

і калі на захадзе расплятуцца

жоўтыя, сонечныя валасы,

што дагэтуль былі сабраныя ў промні-косы,

Я

вялікімі глыткамі зьнікну ў гэтай новай стыхіі,

каб таксама ніколі не вярнуцца. Што мы маем

на ўчорашні дзень?

Што мы маем

на ўчорашні дзень?

Што мы маем

на ўчорашні дзень?

прын — цып

цып — прын

црын — пып

Язык скача праз струмень гукаў, нібы

Праз скакалку

Кожны мае магчымасьць стацца бясконцым, але

ня кожны выкарыстоўвае

яе з уласнае волі.

Так навошта плакаць,

мой маленькі сябра, калі гэта толькі

прын — цып

(і так далей)

 

СОН

І людзі ператвараліся ў камяні

Ён чытаў тыя камяні як кнігі

Я аднойчы ў час гэткай адлігі

Забяру назад усе свае словы

 

 

* * *

Мая чарга мне

станавіцца мной

Бялёсы горад

тоіць водар бэзу,

аблашчвае этэр сустрэчаў.

Расчыненыя вокны просяць

удзячнасьці,

як птушаняты корму.

Няўрымсьлівасьць

Руінамі пачуцьцяў

даходзяць хвалі

ў пунцовы захад сонца

краіны

дзе жывуць па лёсу рухаў,

няведаючы слова "жыць"

напамяць

 

АПОШНЯЯ ЯБЛЫНЯ

На целе старой яблыні

Раны ад маіх вуснаў.

Белай крывёй па яе плячах

цячэ неба

Яно надта балючае, але трэба

Ад болю крычаць, а не баязьліва

хавацца.

Яблыня рвецца з маіх абдымкаў.

Яна ня чуе мае словы спакою.

То надта гучна сьмяецца вецер

У гэтым лябараторным пакоі.

І яна жудасна стогне ў адчаі,

І ламае ў сумёціцы мае рукі,

І рукі зьлятаюць у крывавыя лужыны,

І рукі скляшчаюцца з гукамі.

Я не ўхваляю нахабны вецер,

Але яблыня лічыць, што я павінна

У горкім небе і вострых вуснах

І ў багнах жывога дусту таксама.

Валасы мае прыляпіліся да зьмяклай

лістоты.

Не! Я не павінна! Гэта ўсё вецер.

Але мае ногі топчуць карэньне,

Карэньне апошняй яблыні ў сьвеце.

 

ПАГОНЯ

Прыгубі, прыгубі ліхтарную ноч.

Пад воцатным слупом у сьвіное шчэці

Ты будзеш сам-насам з сваім пупом,

Прысыпаным сольлю ад блыхастай воўны.

Цябе ніхто не пазнае.

Ніхто не жадае глядзець

На твае маслазаправачныя далоні.

Вазьмі, вазьмі кулямёт!

Сьвіслач — гэта крывя Пагоні.

Яна прыме твой пот і тромбы зьлізаўшы,

Закурыць грыбныя кіпці з табою.

І ніхто з уваскрэслых не зразумее —

Ты ідзеш па вадзе ці над вадою.

 

ФІРН

Шостую фазу ліфта чакалі ўсе

ад чатырохтысячагадовага гораду

да канчаткаў вялікіх пальцаў нагі

празь якія ўваходзіць Брахман.

І толькі твае загарэлыя вочы,

якія плавалі ў паўвадкім тлене

апранутай на мяне маліцы,

бесьперапынна ванітавала

на першабытныя пярсьцёнкі,

якія між тым зьяўляліся

адзіным амулёвым пацьверджаньнем

майго з-падземнага паходжаньня

і наяўнасьці нонсэнсу ў маіх паласатых

шкарпэтках,

якія я паразьвесіла на сваіх адукаваных

валасах,

Раптам — штуршок. Ліфт урэзаўся

ў пухнатае Сьветавое Яйка.

І я разам зь яйкавым эўкаліптам

зьлятаю долу на пральны фірн.

Фірн нашага каханьня.

 

ЦІШЫНЯ.Я.Я.Я

Нехта стаіць побач,

абліты ліхтарамі.

Адкуль ты? — пытаю, —

Хто імя тваё носіць?

Белы захад,

што не памятае аб сваім

існаваньні зносіць

старыя вяршыні дрэў

за сабою.

Рукі аблапілі лоб

у скразной карусэлі

прывідных гукаў у адказ.

Людзі ў белых халатах,

што зьявіліся ніадкуль,

мітусяцца навокал.

Хто ты? — пытаю, —

Як імя тваё гучыць сёньня?

Маўчу, а ня чуюць.

Час.

Азіраюся — ўсё стаіць.

Клімакс набліжэньня.

 

ЖНІВЕНЬ

Белыя коні закапаны ў

павуцінавым тумане.

Іх горлавы кашаль ванітуе

смаркатымі птушкамі.

У маіх руках дагарае скрыжаваньне.

Такое ж павуцінавае.

Крохкасьць белых конскіх капытоў

смокчацца зь месяцам заўдавелым.

Смокчацца да млявасьці

з-пад цьвіка перанапружанага.

І здаецца мне, што

калі б на Зямлі не было дзьвярэй,

я б прыдумала дзьверы,

і яны б сваёй запрэласьцю

спалілі б коней белых.

Прымаю на сябе ганьбу Паднябёсную!

 

ВОГНІШЧА З ВАЧЭЙ КОНСКІХ

Конскія вочы ляжалі на скрыжаваньні.

Конскія вочы ляжалі на скрыжаваньні

поту са сьнегам.

Мне ня вусьцішна,

мне проста сьпякотна

да вачэй ісьці па сьнезе бяз скуры.

Мне балюча і зусім не турботна

разводзіць вогнішча з вачэй конскіх.

Колер гэтага вогнішча —

белы,

Як і ўсёй крыві на скрыжаваньні.

Водар гэтага вогнішча —

перасьпелы,

Перасьпелы марамі дзіцячымі.

І калі ты ўвойдзеш у гэтае

вогнішча,

то спачатку

будзеш глынаць яго сьліну чырвоную,

калі ж азірнесься ўгару,

то заўважыш,

што ад цябе засталіся толькі

Вочы конскія

 

* * *

Я

тоненькая

як

твае

вейкі

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil