ТАЦЯНА СЬЛІНКА

 

у цемры

адсутнасьць

"цягнік адыходзіць апоўначы"

"я прачынаюся пад музыку цягнікоў"

адказ

восень

сьнег

 

"УСЕ ХМАРЫ СПЫНЯЮЦЦА ТУТ"

 

У ЦЕМРЫ

 

1.

адзiнота

старыя муры

сутарэньнi

прыступкi

парослыя мохам

 

магчымасьць

заўсёды

упасьцi

разьбiцца

памерцi

незаўважна

для сябе

i для iншых

 

твой голас

(адзiны!)

як спадзеў

прамаўленьня

ў адказ

больш нiчога

 

халодныя зоркi

чакаюць

толькi словаў

няiстотны

iх сэнс

i гучаньне

i мова

пытаньнi

ня маюць адказу

 

прыступкi

слабое апiрышча

для маiх думак

 

спадзеў

быць пачутай

цi больш

зразуметай

у гэтых скляпеньнях

ёсьць пустым

скалананьнем паветра

 

цёмна

пуста

i цiха

 

баюся

дзьвярэй тут няма

не было

i ня будзе

 

прыступкi

i зоркi

i я

 

падаецца

прачнулася тут

i пакутлiва мушу

блукаць

сярод ценяў

 

зусiм непамысна

што рэхам ёсьць голас

якi падаецца

 

тваiм

 

2.

шлях ёсьць стралою

i цэляй працятаю

гэтай стралою

 

я абмiнаю

халодныя сьцены

старыя муры

 

мае думкi

зьлятаюць да сонца

вiдочнасьцi

да немагчымага

 

словы

трымаюць у пастцы

якая завецца жыцьцём

i сыстэмай

i ладам

вартуюць

як сьцены

 

прымроiць

палёт у бясконцасьць

i вочы насупраць

магчыма

 

нiшто

падаецца утульным

 

няважкiя крокi

ў замкнёным пакоi

самоты i цемры

ня будуць пачуты

нiкiм

 

а пытаньне

наступнага кроку

ёсьць вечным

i марным

дзе дзьверы i вокны

адно сымуляцыя

выйсьця

 

прымроiць

твой голас

i вочы насупраць

магчыма

 

i гэта адзiнае

што застаецца:

 

вiдочнасьць

 

 

АДСУТНАСЬЦЬ

 

казаць у маўкліню

усё што заўгодна

ніхто не пачуе

ты будзеш далёка

 

далоні і вусны

і дотык як пастка

імгла туманы

невядомасьць

самота

 

адчайна адчайна

пранізьлівы вецер

 

а ты не заўважыш

 

сьвятло -- гэта штучнасьць

утульнасьць -- таксама

паднесьці запалку

папера і попел

так лёгка

зьлятаю у вырай

бясконца

 

блуканьні бяз мэты

блуканьні бяз шляху

 

(зрываецца голас)

 

упасьці разьбіцца

асфальт як наступнасьць

адбіткі у лужынах --

ціхі працяг

у нячуйнай прасторы

 

ты будзеш далёка

 

і восень і сьцюжа

зусім безразважна

глядзець у люстэрка

і ведаць: ніколі

 

падобныя сьцежкі

сугучныя думкі

і дым цыгарэтаў

 

зусім безнадзейна:

 

шукацьму прыступку

якое ня будзе

 

вазьмі мае крылы

я стануся ценем

самотнаю зьнічкай

 

(навокал — пустэльня)

 

няважкімі крокамі

хісткаю кладкай

стамлёнай паперай

маўкліваю птушкай

 

ты будзеш далёка

 

я буду няіснай

 

я буду як вецьце

якое ня чуе

як падае лісьце

і золак кранае

і шкло

і халодныя

ціхія душы

 

разьбітыя мроі

чырвоная фарба

 

а сьвет патанае ў нішто

 

(у шматкроп'і

губляюцца словы

і я.

 

 

***

цягнiк адыходзiць апоўначы

дзесяць хвiлiнаў, яшчэ ня позна

вярнуцца дадому да звыклых шпалераў

да дэкарацыяў/штучнае ўтульнасьцi

 

дождж у адкрытую фортку

 

неабходныя рэчы некалькi думак

зь якiх пачынаўся твой гэст безразважнасьцi

у пляцаку, больш нiчога

гэта будзе апоўначы

яшчэ ня позна:

на пляцы гараць лiхтары

яны штучныя так але сьветла

ня згубiсься ў лябiрынце (душы)

 

дождж расчыняе нiшто

 

поруч з табою сядзяць папяровыя людзi

яны едуць да мора да сонца

ты едзеш у ноч

у бясконцасьць

маўклiвай прасторы

звыкайся:

 

дождж на празрыстае шкло

 

 

***

я прачынаюся пад музыку цягнiкоў

у гэтым пакоi спынены час

зьнiкомыя мроi

не агучаныя (табой)

абвiсаюць смугою

на гольлi каштана

за маiм вакном

тэрмометар

заўсёды паказвае "нуль"

 

я жыву на вяршынi

 

руiны старога млына ля ракi

адно толькi сьцены

выцьвiлы колер

праёмы вакон ужо ня спыняюць

вецер

рака паволі плыве далей

да шматпавярховых будынкаў

гэты халодны прытулак

завецца Радзiмай

 

усе хмары спыняюцца тут

 

гарбата пахне лавандай

гаркавы прысмак

штодзённы шпацыр па алеях

старога парку

 

мэлёдыя крокаў

твой позiрк далёкi як неба

заўсёды са мною

(як i немагчымасьць пяшчоты

агучанай словам i гэстам)

мэлёдыя шляху

 

я жыву на вяршынi

усе хмары спыняюцца тут

 

 

АДКАЗ

 

пустэча сплывае

у кубак з-пад кавы

пусты

 

на пэроне самотна, мой дружа

 

у пакоі

зь зялёнай фіранкай

гадзіньнік

выстуквае рытм

словаў

голас

ўзьнікае раптоўна

быццам рэха твайго

 

у кішэні квіток як надзея

 

пастка сталася мною

прамовіць маўчаньне --

файны спосаб

ня выйсьці ніколі

зь лябірынту

 

ў чаканьні (нічога) стаю на пэроне

 

белы сьнег

будзе падаць

і ў вокнах агні

безнадзейна

згасаюць

 

о мой дружа, цягнік не прыйшоў

і ня прыйдзе ніколі

 

ў гэтым сьвеце

халодна

й даўно

анічога няма

апрача

сумных дрэваў

пад небам начным

 

у кішэні фальшвы квіток

у няіснае заўтра

 

ды адбіткаў

у лужынах

там

у маленькім двары

ля жаданых дзьвярэй

за якімі -- пустэча

і грукат чужых цягнікоў

 

о мой дружа!

 

 

ВОСЕНЬ

 

птушкі

зьбіраюцца ў чароды

усе дзьверы адчыненыя

сьцюжы і ветру

абгостраная чуйнасьць

адкрытасьць болю

 

у цемру захінуты сусьвет

 

балянсаваньне

на нябачнай мяжы

няўхільнае восені

ціхая вусьціш

дождж і няўтульнасьць

(што амаль адно)

мае спадарожнікі

 

стамлёныя вочы чакаюць сонца

 

твае словы пахнуць

немагчымасьцю цеплыні

толькі кубак гарбаты

хавае яе аскепкі

так самотна: птушкі

зьбіраюцца у чароды

усе дзьверы адчыненыя

гэта -- восень

 

у цемру захінуты сусьвет

стамлёныя вочы чакаюць сонца

 

але дзе тая раніца?

 

 

СЬНЕГ

 

Teraz trzeba w snieg uwierzyc

Boleslaw Lesmian

 

падысьці

і пакласьці далоні

на скроні

парушыўшы межы

 

змружыць вочы

і слухаць

як падае сьнег

там за шклом

маіх сноў

у пустэчы

 

безразважна

закрэсьліўшы словы

разнасьцежыўшы вокны

запальнічкай

падпальваць паперу —

 

вецер попел

птушак чорныя крылы

кранаюць паветра

 

буду трызьніць табой

 

неспатольная

прага пяшчоты:

ўтрапёна

ісьці на сьвятло

і ля самых дзьвярэй

абрываецца сон

зараз трэба

паверыць у сьнег

 

падысьці

і пакласьці далоні

на скроні

 

безразважна

 

парушыўшы межы

 

(публікуецца паводле: "Паміж", №1-2001)

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil