ТАЦЯНА СЬЛІНКА

 

БЕЛЫ ПАКОЙ

Так страшна. Я сплю й не магу прачнуцца. Павекі цяжкія — я ледзьве прыўзьнімаю іх і бачу белыя сьцены, цалкам белы пакой. І цябе. У белай вопратцы. З вачыма, поўнымі сьвятла. Ты нешта кажаш. Мне не стае моцы, каб услухацца ў словы. Увесь пакой запаўняе нейкая мэлёдыя. Ты нешта кажаш. Я ня чую. Вочы самі заплюшчваюцца. Апошняе, што я бачу, — твой сьветлы позірк, скіраваны кудысьці ТУДЫ. Я патанаю ўва сьне...

Я адна. Я іду па гарадзкіх вуліцах. Цёмна.Паўз мяне праязджаюць пустыя тралейбусы. Ужо занадта позна. Яны не спыняюцца. Горад сьпіць. Мне холадна. Вельмі моцны вецер. Я зьбіраю ўсе свае сілы і ўздымаюся ў паветра. Я лячу над начным горадам. Насамрэч я нешта шукаю. Нейкі дом. На вакне мусіць гарэць сьвечка. Але горад захінуты ў ноч. Пагаслыя ліхтары. Пустыя вуліцы. Адзінокі тралейбус узьбіраецца на мост. У вокнах няма сьвятла. Я забываюся на холад. Я раблю намаганьне й лячу ўсё хутчэй. Шалёны вецер у твар. Суцэльная цемра. Раптам я бачу вагеньчык удалечыні, я імкнуся туды, але сілы пакідаюць мяне, я падаю на асфальт, зь цяжкасьцю падымаюся, бягу па пустых вуліцах, пераадольваючы стому. Нарэшце, гэты дом. Я іду па прыступках, у пад'езьдзе цёмна. Я чую нейкую песьню, яна ўвесь час паўтараецца. Бясконцыя прыступкі ўгору цемра шэры калідор праз пабітае шкло маленькага вакна ўрываецца вецер халодна. Вось і дзьверы нарэшце я націскаю кнопку званка цішыня ён не працуе я грукаю ў дзьверы цішыня я крычу грукаю ў дзьверы крычу. Я прачынаюся ў белым пакоі, там больш нікога няма. Няўжо ты сышоў і пакінуў мяне тут адну, і я так і не пачула, што ты казаў, няўжо ты болей ня вернесься? Чырвоныя плямы крыві праступаюць на белай сьцяне. Я ізноў крычу. Прачынаюся. Гэта таксама сон толькі сон зараз усё пройдзе паглядзець у вакно ўсё будзе добра гэта быў сон сон сон. Я гляджу праз пабітае шкло. Бясконцыя прыступкі калодзеж пад'езду. Я стаю на лесьвічнай пляцоўцы, прытуліўшыся сьпіною да нейкіх дзьвярэй. Я гляджу ў вакно, там двор і цёмныя дрэвы. Я палю. Я ня ведаю, навошта я тут. Я нічога не чакаю. Нейкая дзіўная пустэча ахінае мяне я нічога не адчуваю. Я хачу запаліць цыгарэту й не магу ўзьняць руку такая дзіўная зданцьвеласьць сон сон я прыўзьнімаю павекі. Ты сядзіш насупраць белай сьцяны і нешта натхнёна кажаш. Табе цяжка падбіраць словы, але вочы зьзяюць сьвятлом. Я ня чую тваіх словаў. Увесь пакой ахутаны смугой. Нейкая марудная мэлёдыя круціца ў галаве. Так страшна. Ты нешта мне кажаш, а я ня чую. Твой прасьветлены позірк скіраваны кудысьці туды. Так страшна. Я не магу прачнуцца. Быццам ліловая хмара павісла перад вачыма. Я змружваю павекі і зноў правальваюся ў сон.

Я маленькая дзяўчынка з дзьвюма коскамі. Маці на працы. Бацька таксама. Мяне пакінулі адну ў пакоі. Я сяджу ля вакна. Мне вельмі халодна. За вакном зіма. Учора выпаў сьнег. Я парыкладаю далонькі да шкла, і яно падаецца мне цёплым. Мне вельмі халодна. Я хутаюся ў старую коўдру. Я сяджу ля батарэі, каб было цяплей і намагаюся не глядзець у пакой. Ён занадта пусты. Мне страшна. Я гляджу на падваконьне. Пасярэдзіне яго доўгі росьцін. Пасьля я гляджу ў неба. З шэрай хмары падае сьнег. Калі доўга ўглядацца ў неба, падаецца, што сьнег падае на твар. Мне халодна.

Я стаю на інтэрнацкай кухні. Суседка зьняла з пліты суп і забылася вылучыць газ. Я трымаю далоні над полымем. Мне цёпла. Празь нейкі час я прачынаюся ў лякарні. Ля мяне сядзіць маці і плача. Мае рукі ў бінтах. Стары доктар кажа, што я моцна абпаліла далоні і ледзьве не згарэла, бо калі суседка вярнулася на кухню, вопратка на мне ўжо дымілася. Потым ён доўга тлумачыць, што так рабіць нельга. Я яго ня слухаю. Бінты, мэбля і сьцены тут белыя, як сьнег. Я баюся, што зноў будзе халодна.

Мы штораніцы прачынаемся ад звону будзільніка, мыемся, сьнедаем, бяжым на працу, пасьля ў краму, потым дадому, вячэра, тэлевізар, раней легчы спаць, заўтра зноў прачынацца ад звона будзільніка... (і так да бясконцасьці — ці да сьмерці). Як добра наладжаныя мэханізмы, як тралейбус ад прыпынку да прыпынку, у выходныя рухі марудней, трэба эканоміць электраэнэргію. Выходя из дома не забудьте выключить электроприборы — ваша неосторожность может привести к пожару!

Звычайныя мэханізмы — тады што такое жыццё? Эмоцыі і жаданьні добра рэгулююць усе рухі. Я павінна есьці, спаць, хадзіць на працу, любіць бацькоў, вітацца пры сустрэчы, прачынацца на раніцу. Я не павінна выходзіць за межы агульнапрынятага шляху да сьмерці, абганяць тых, што йдуць наперадзе, спыняцца. Пожалуйста, отойдите от дверей вагонов, не задерживайте отправление поезда!

Я не хачу існаваць па схеме. Я не хачу ісьці па танэлі. Я хачу жыць!!! Што гэта значыць? Разьбіць дарагі сэрвіз, аднесьці новы тэлевізар на сьметнік, сядзець на асфальце, рабіць безразважныя бязмэтныя ўчынкі, не баяцца быць глупай, фарбаваць валасы ў зялёны колер, хадзіць басанож па вуліцы ўзімку, казаць праўду. Ты ведаеш гэты страшна файны момант, калі робіш адзін маленькі крок з добраўтаптанай сьцяжынкі, і прастора звыклага ламаецца ў тваіх руках, калі тваё жыццё, яго ўтульнасьць-зладжанасьць рассыпаецца як пабітае шкло зь ціхім звонам... і ты выкідаеш будзільнік у вакно, разьбіваеш люстэрка ўласнага "я", і раптам пачынаеш бачыць горад неба асфальт галодную котку сьметнік мёртвае птушаня усьмешку сонца боль.

Шматлікія шкельцы застаюцца ў тваім сэрцы кожны рух выклікае боль балюча бачыць дзіцячыя сьлёзы халодныя далоні кінутага сабаку старую жабрачку ў пераходзе балюча бачыць як ты зачыняеш дзьверы балюча балюча балюча...

Холад забівае радасьць, боль забівае холад, агонь спапяляе боль.

Давай распалім адно вялікае вогнішча з гэтага сьвету фальшывых словаў, унармаванай маны, бязьлітасных гэстаў, каменных прыступак, халодных гмахаў, халодных вачэй, халодных сэрцаў.

Мы штодня ператвараемся ў машыны, мы ня толькі не памятаем сябе, бо ўвесь час занятыя працай адпачынкам працай адпачынкам забыцьцём (да бясконцасьці). Больш за тое, павдле неабходнасьці гэтага нежывога сьвету мы штодня забіваем — чужыя надзеі, чужыя пачуцьці, свае жарсьці, спачуваньне, жаль, свой боль. Мы штодня забіваем агонь. Агонь — гэта крыніца сьвятла. Бог — гэта сьвятло. Мы штодня забіваем Бога. Гэта ўзаконенае забойства. Яно не караеца законам і не асуджаецца грамадзкасьцю. Гэта нармальна. Мы забіваем у сабе любоў так трэба але гэта сьмерць. Я хачу разьбіць гэтае люстра спаліць папяровыя дэкарацыі свайго "я". Каб жыць.

Можна паліць нежывое — сухім галінкам і сьпісанай паперы не балюча. Гэты сьвет як сьпісаны сшытак. Давай яго спалім! У мяне ёсьць запалкі. Я не баюся згарэць разам зь ім — мне будзе цёпла. Пасьля ня будзе нічога.

Сон сон сон я зноў патанаю ўва сьне вочы самi заплюшчваюцца сон намаганьне волi я працягваю да цябе далонi мае пальцы кранаюць сьвятло белы пакой зьзяе сьвятлом дзiўнае белае сьвятло смуга я падаю падаю i прачынаюся я сяджу на асфальце ля нейкага пустога дома мне халодна пальцы ледзянеюць халодна гэтым асфальтовым горадзе сэрца ператвараецца ў лёд крышыцца ў нечых далонях хутчэй сагрэцца памяць выцякае сьлязамi я зазiраю ў пустыя праёмы вакон я тут жыла зусiм маленькай? я зазiраю ў пустэчу й ня бачу нiчога. Гэта зноў сон сон скажы што гэта сон i я зараз прачнуся кiнуцца з галавою ў гэтую цемру й прачнуцца ад страху. Я расплюшчу вочы й пабачу цябе. У белай вопратцы. З вачыма, поўнымi сьвятла. Я адчайна змружваю павекi i працягваю рукi туды да сьвятла цеплынi працягваю азяблыя далонi... Рукi самi цягнуцца да запалак. У выратавальным гэсьце. Перамагчы гэтую здранцьвеласьць сьцюжу боль вось i ратунак. Вагонь асьцярожна кранае сьцены ваконныя рамы будынак ахоплiвае полымя. Я пераступаю праз парог мяжу больш ня будзе халодна.

Дом стаўся попелам, попел - пылам. Потым быў вецер. Вецер у пустэчы. Пустэча паўсюль. Пустэча паглынае агонь.Пустэча забiрае мой голас мае рухi мой позiрк пакiдаючы толькi страх пустэча пустэча я падаю ў пустэчы

 

...гучыць усё тая ж мэлёдыя. Я нешта кажу. Ты нічога не гаворыш, глядзіш на мяне і бязгучна плачаш. Твае вочы па-ранейшаму сьветлыя, але бязьмерна сумныя. Я ня чую, што я кажу. Нешта гаворыць празь мяне. Я не хачу анічога казаць. Я не хачу, каб ты плакаў. Я хачу падысьці і абняць цябе. Замест гэтага я бяру ў рукі пустую вазу, што стаіць ля ложку, і разьбіваю яе аб падлогу. Музыка зьнікае. Я чую звон пабітага шкла. Я чую свае апошнія словы. (...) Але я нічога такога не думала. Я спала. Я хацела пачуць твае словы. Прабач гэта была не я калі можаш прабач!

Ты больш нічога не кажаш. Ты больш не апранаесься ў белае. Штораніцы ты прыходзіш у чорным швэдэры й чорных джынсах. Прыходзўіш і моўчкі сядаеш насупраць мяне. Твае вочы сумныя. Часам ты плачаш. Бязгучна. На наступны дзень пасьля таго, як я разьбіла вазу, ты прынёс мне чырвоную ружу. Яна стаіць у новай вазе далёка ад мяне. Сёньня першыя пялёсткі зьляцелі на падлогу. Я ўвесь час гляджу на яе й на цябе ды маўчу. Я так шмат хачу табе сказаць! Але я баюся, што як толькі пачну мовіць, зноў здарыцца нешта непапраўнае, што зноў будзе пабітае шкло і боль у тваіх вачах. Я баюся сваіх словаў.

Я больш ня бачу сноў. Дакладней, штоночы мне сьніцца пустэча. Я прачынаюся ў жаху, што больш нічога няма апарача яе і што ты больш ня прыйдзеш. Але ты прыходзіш.

З ружы аблятаюць пялёсткі. Чырвоныя плямы на белым. Мне вельмі страшна. Мне балюча глядзець на твой твар. Я хачу падысьці да цябе і сказаць нешта добрае. Я хачу зноў пабачыць сьвятло ў тваіх вачах і нарэшце пачуць, што ты казаў, калі я спала. Я ведаю, што калі пачую тыя словы, то мне больш ня будзе сьніцца пустэча. Я ведаю, што тады змагу пакінуць гэты вусьцішны белы пакой.

Я ведаю, ты больш ніколі нічога не скажаш і па-ранейшаму будзеш прыносіць мне мёртвыя ружы ў гэты белы пакой без вокнаў.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil