АЛЕГ ЖЛУТКА

 

змова

клятая філязофія

падазронасьць

"часам мне страшна хацелася павесіцца"

 

ПАДАЗРОНАСЬЦЬ

Седзячы на занятку, я пачаў падазраваць, што я — гэта насамрэч Мар'я Іванаўна (63 гады, руская) якая жыве ў суседнім доме і зараз гатуе амлет для свайго 23-гадовага сына, засранца й вялікага абалдуя, які дасюль яшчэ соладка сьпіць. Я паглядзеў на гадзіньнік, якога чамусьці не было на руцэ. Газіньнік паказваў 10:25. У 10:30 я падумаў, што я, хутчэй за ўсё, і ёсьць гэты сын-балбес, якому мая маці гатуе ежу.

Яшчэ празь дзьве хвіліны бесьперапыннага пазіраньня на суседні дом я стаў падазраваць, што я — гэта сон, які бачыць гэты 23-гадовы вырадак, пакуль я стырчу як пень на пары. І вось яму сьніцца, што ён — гэта я: ён сядзіць на пары і думае, што ён — гэта ягоны сон. Пасля гэтага я падумаў, што сам гэты абібок і ягоны сон — гэта адно тое самае — і ў выніку зусім ашызеў ад нуднага сядзеньня на пары і разважаньняў пра розную лухту.

 

***

Часам мне страшна хацелася павесіцца. Я бачыў перад сабой намыленую, зьвітую ў сьпіраль вяроўку, уставаў на зэдлік, адчуваў, як яна дакранаецца да шыі, размазваючы па ёй глеўкае і халоднае мыла і выклікаючы дрыжыкі. Апошні раз думаў: а можа ня трэба? Адчуваў, як зэдлік высьлізгвае з-пад ног, здушана крычаў: "Мама!", абсіраўся ў парткі, выдзяляў мачу — і апынаўся ў нейкім дзіўным месцы.

У маіх вачах усё было перакулена дагары нагамі. У белым тумане рухаліся яшчэ бялейшыя постаці. Нешта сьціскала мяне з бакоў, было душна, хацелася крычаць і плакаць. Адна з істотаў падыходзіла бліжэй і казала: "Поздоровля? мо, у вас хлопч? ня!"

1999 – 2000

 

ЗМОВА

Што я больш за ўсё люблю ў жыцьці, дык гэта паваляць дурня. Я займаюся гэтым усё жыцьцё і на дадзены момант дасягнуў у гэтым пэўных ступеняў майстэрства. Вядома ж, ёсьць і большыя за мяне майстры ў гэтай пахвальнай і патрэбнай справе. Але ўся рэч у тым, што тут галоўнае — удзел. Аматары паваляць дурня паміж сабой не супернічаюць, яны ўтвараюць адзіны арганізм, які з кожнай хвілінай ахоплівае ўсё большую прастору, паступова паглынаючы ўвесь сьвет.

22 лютага 2000

 

КЛЯТАЯ ФІЛЯЗОФІЯ

Усьведамленьне таго, што гул — гэта гул, пазбаўляе нас адчуваньня гулу. Усведамленне таго, што шафа — гэта шафа, падзяляе мяне і шафу, яно стаіць паміж мной і шафай і аддзяляе мяне ад яе. У такіх умовах суіснаваньне з шафай стаецца невыносным. Вось так клятая філязофія псуе мне жыцьцё.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil