АЛЕГ ЖЛУТКА

 

машына

запіскі маладога ідыёта

diary excerpt

  

МАШЫНА

Сінявокі шатэн атлетычнага целаскладу Валодзя Петракоў вучыўся на трэцім курсе Менскага Палітэху. Добра вучыўся. Любімым заняткам Валодзі было крэсьліць чарцяжы. Гэта ён рабіў зраніцы, днём, увечары і нават па начах. Прычым крэсьліў ён больш не свае, а чужыя, за што часьцяком атрымліваў ганарары ў памеры паўлітэркі з закускаю.

У прынцыпе тое, што здарылася з Валодзем у траўні 199... году, магло здарыцца зь любым іншым чалавекам, або і зусім ня здарыцца...

Аднойчы пасьля “падпрацоўкі” Валодзя выйшаў на прыпынак трамвая. У вушах шумела. Стаяла невыносна сьпякотнае надвор’е, якое нагнятала атмасфэру і распальвала ў галаве фантастычныя думкі і праекты, тыпу: “Вось добра было б, калі б увесь сьвет складаўся з дэталяў: захацеў — сонца адкруціў, зьняў, каб не перашкаджала, захацеў — тэмпературу адрэгуляваў... Ёсьць жаданьне, можна сабраць дрэва ці куст... А пастарэеш — замяніў пару дэталек — і зноў як новенькі!”

Увайшоўшы ў трамвай, ён пачаў павольна прабірацца ў сярэдзіну. Было цяжка дыхаць, целы навакольных пасажыраў рэзка абмяжоўвалі любы рух. Праз два прыпынкі нехта пачаў моцна штурхаць Валодзю ў бок лакцём. “От погань, — подумкі вылаяўся той. — Пастаяць спакойна не дадуць”. Крыху пацярпеўшы, ён вырашыў крыху падацца назад, каб пазбавіцца ад штурханоў у жывот. Неяк няспрытна разьвярнуўшыся, незнарок заехаў бабульцы, якая гэтак даймала яго лакцямі, прама ў доўгі мясісты нос. Тая спачатку ўхапілася за нос, нема зараўла, а потым накінулася на Валодзю, які спрабаваў быў прабачыцца:

— Выбачце, я незнарок гэта...

— Я т-табе пакажу, паскуда, як людзям насы ламаць, — сіпела тая. — Ах ты чорт лысы. Каб жа ты спрах, каб жа ў цябе ў вачах падваілася, што б ты трамваем стаў.

Потым бабулька неяк загадкава зірнула на Валодзю і, крыва ўсьміхнуўшыся напасьледак, адвярнулася. Крыху пабушавалі пасажыры і таксама сьціхлі. Праз хвіліну ніякай бабулькі ў трамваі не было. Вядома, яна магла выйсьці. І тут Валодзя заўважыў, што людзі пачынаюць неяк дзіўна, з падозрай, касіцца. А на вуснах бегае тая самая крывая бабчына ўсьмешачка. “Ат, чорт знае што, сп’яну і не такое падасца” –Валодзя прыгадаў, як тры месяцы таму ледзь ня выскачыў у вакно на інтэрнацкім веніку ў прыпадку белай гарачкі.

Выйшаў з трамваю, нясьпешна паплёўся дадому. Зайшоў і адразу, не распранаючыся, лёг ў ложак...

Прачнуўшыся, Петракоў падышоў да вакна. Як заўжды, нясьцерпна паліла сонца. Паглядзеўшы навокал, ён спачатку не заўважыў нічога падазронага, вось толькі... на небе красаваўся роўны шэраг блакітных заклёпак. Пасярэдзіне сонца можна было ўбачыць вялікую гайку. Валодзя працёр вочы. Намагаючыся не глядзець у вакно, пабег пад халодны душ. Вярнуўшыся, зноў з нейкай боязьзю паглядзеў у вакно. Гайка і заклёпкі былі на тым самым месцы. Валодзя ўшчыкнуў сябе за руку. Скура на руцэ рэзка шчоўкнула. “Што за...” — падумаў Валодзя і зноў ушчыкнуў сябе за руку. Раздаўся гэткі ж непрыемны гук. Валодзя паднёс далонь да вачэй: пазногці былі прыкручаныя да пальцаў маленькімі віньцікамі. Усярэдзіне Валодзі нешта цікала і бурчэла. “Збылося”, — радасна загарланіў ён і выбег зь інтэрната. Аднак паволі радаснае ўзбуджэньне зьмянялася разгубленасьцю. Праблем было як мінімум тры:

  1. у яго не было ніякага чарцяжа ці схемы самога сябе;
  1. ён ня ведаў, чым цяпер харчавацца і ці мажлівы ўвогуле гэты працэс;
  2. ён мог зламацца або проста спыніцца...

 

Непаслухмяныя ватныя ногі самохадзь несьлі Валодзю да гадзіньнікавага майстра Баўтовіча. Прайшоўшы праз двор, засаджаны чэзлымі бярозкамі і на кожным метры засраны сабакамі, Петракоў зайшоў у пад’езд. Націснуў кнопку ліфта. Расчыніліся дзверы, і на яго прыветна глянуў стары знаёмы надпіс “Fuck You”. Даехаў да пятага паверху. Выйшаў, націснуў званок. Адзін раз, другі, трэці. Баўтовіча відавочна не было дома. Тым часам па лесьвіцы з хуткасьцю рэактыўнага самалёта пранеслася бабулька, як дзьве кроплі вады падобная на ўчарашнюю, з трамвая... Прайшло 15 хвілін.

 

Баўтовіч выйшаў з ліфта з вялікай торбай прадуктаў.

— Здароў, дзядзька, — прывітаўся Петракоў.

— Здароў. Што, зламалася нешта? — адгукнуўся той, адчыняючы дзверы.

 

І тут Валодзя заўважыў, што з валасоў Баўтовіча на патыліцы стырчыць вінт з акуратна накручанай на яго шасціконцай гайкай.

— Ды не, ня зусім. Рэч у тым, што... ў мяне няма ўласнай схемы, а таму я не магу ні есьці, ні мяняць дэталі...

— Не праблема, — весела пасьміхнуўся Баўтовіч. — Зараз, знойдзем тваю схему. Праходзь.

Спачатку Баўтовіч агледзеў Валодзю. “Так, ёсць у мяне такая, здаецца. Зараз пайду пашукаю...

Валодзя пачуў ціхае праварочваньне тэлефоннага дыска. Баўтовіч некуды тэлефанаваў. Толькі вось куды? І навошта?.. “Хутчэй прыязджайце, тут у мяне старая мадэль, самі ведаеце...” Не даслухаўшы, Валодзя куляй вылецеў з кватэры...

Назаўтра зраніцы каля інтэрната прыпаркавалася белая машына. Адтуль выскачылі два чалавекі ў белых халатах. У руках у аднаго быў чамадан, у якім нешта час ад часу пазьвяквала. Другі ж нёс з сабою скрыню...

Праз хвілін дваццаць абодва выйшлі з інтэрната са скрыняй у руках. У скрыні таксама нешта пагруквала. Валодзю Петракова больш ніхто ніколі ня бачыў.

Вясна – 28 ліпеня 2001

 

 

DIARY EXCERPT

22.VI.01, нядзеля, ~ 4.00

Прысьнілася:

Усё адбываецца ў цемры. Толькі ў вакно крыху трапляе адлюстраванае сьвятло ад ліхтара, што стаіць пад маім бальконам... Спачатку я ляжу ў ложку. Здаецца, ня сплю. Раптам бачная мне цьмяная карціна майго пакоя ў некаторых месцах пачынае курчыцца, выпіраць і завіхрацца, ціснучы на мяне, нібы нехта падпаліў з тыльнага боку фотакартку трохі вышэй цэнтру. Ціск хутчэй падобны да ціску магнітнага поля, чымся да фізычнага адчуваньня цяжару. Стае вельмі страшна, вусьцішна, займае подых. Я хачу паклікаць маці, якая сьпіць у суседнім пакоі, крычу і... прачынаюся. Ляжу ў ложку, хачу ўстаць, пайсьці да бацькоў і распавесьці ім пра ўбачаны жах, але не магу нават паварушыцца. Спрабую закрычаць, але ў мяне няма паветра. Я толькі бязгучна соўгаю губамі і языком. Спаўзаю з ложку, паўзу да дзьвярэй і... прачынаюся. Хачу ўстаць і... вымушаны зноў паўзьці. У пакоі знаходзіцца нейкая лялька ці дзіцё. Паўзучы, я закрануў шафу, і адтуль вываліліся піўныя кэны з манэтамі. Мэталёвыя кругляшы зь ціхім звонам рассыпаліся. Ля самых дзьвярэй ляжыць матчына ангельскае лато, якое таксама аднекуль вывалілася. Дапаўзаючы да дзьвярэй, я прачынаюся. Я зноў у ложку. Навокал усё нармальна, у пакоі поўны парадак, там няма нікога апрача мяне. “Падумай пра прыемнае”, — кажу сабе я. Думаю: “Давай, напрыклад, напішам ліст Зяме” (подумкі). У думках пачынаю ліст: “Хай, Зяма. У мяне ўсё добра. У цябе, відаць, таксама. Цяпер у цябе ёсць маленькі дзіцёнак...” Мне ўяўляецца сонечны летні пляж, ззаду якога растуць дрэвы і кусты яскрава-зялёнага колеру. Па пляжы поўзае дзіцёнак, які паволі стае вельмі падобным да лялькі са сну. Я прачынаюся. Крычу: “Мама!”. Дзьверы ў мой пакой адчыняюцца. Я бачу абрысы маці ў начной кашулі і... прачынаюся. Устаю з ложку і йду да дзьвярэй. На падлозе зноў валяюцца кэны, манэткі, лато. Маці, ці нейкая лялька ў начной кашулі, прыбітая ці забітая, сядзіць пасярод пакою, зьвесіўшы голаў і абапёршыся сьпінай аб ложак, з расстаўленымі нагамі. Устаючы з ложка, мне даводзіцца пераступіць празь яе левую нагу. Іду да дзьвярэй. Недзе бліжэй да карычневай шафы знаходзіцца (ляжыць або павольна поўзае тварам уніз, дакладна не разгледзіў, бо глядзеў на дзьверы, заўважыў толькі бакавым зрокам) ужо бачаная мною маленькая лялька. Я адчыняю дзьверы свайго пакою, закранаючы імі кэн з манэтамі. Раздаецца глухі звон. Адчыняю дзьверы ў пакой бацькоў, бачу абрысы ложкаў і целаў пад белымі коўдрамі і... прачынаюся. Ляжу ў ложку. Гляджу перад сабой у накірунку люстры. Прастора скручваецца і сьціскаецца. Я зноў прачынаюся. Устаю, зноў пераступаю праз нагу, іду да дзьвярэй і... зноўку прачынаюся. Так паўтараецца шмат разоў, спачатку ў вельмі хуткім тэмпе, на працягу прыкладна трох хвілін. Пасьля кожнага прачынаньня я ўстаю з ложку і йду да дзьвярэй. Нібы прымусовыя, прачынаньні кожны раз вяртаюць мяне ў ложак. Тэмп то робіцца хутчэйшым, то запавольваецца. Нібыта кадры відэаплёнкі прамотваюць уперад-назад, рэгулюючы пры гэтым хуткасць. Прычым адчуваньні ад уставаньня з ложку і вяртаньня назад цалкам рэальныя.

Нарэшце (як мне падаецца), я сапраўды прачынаюся. Ляжу ў ложку, усё ў парадку. Бачу свой пакой. Думаю ўстаць, але адчуваю санлівасць, няўклюдна паварочваюся і... с а п р а ў д ы прачынаюся. Прачнуўшыся, разумею, што пасьля апошняга ўяўнага прачынаньня патрапіў у памежны стан паміж сном і рэальнасьцю. Рэч у тым, што, “як падаецца” прачнуўшыся, я ўбачыў такую ж карціну пакоя, як і пасьля сапраўднага прачынання. Нават дробныя дэталі, ракурс, асьвятленьне былі тымі ж. Устаўшы з ложка, я запісаў убачанае. Скончыў пісаць у 4.24. Потым вылучыў сьвятло і зноў лёг ў ложак.

 

ЗАПІСКІ МАЛАДОГА ІДЫЁТА

Сусьвет.

Я прачынаюся. Устаю. Сусьвет іскрыцца і падміргвае мне, плавіцца і расьцякаецца ва ўсмешках брудных калюжын, што дрэмлюць у абдымках сьнегу. Ён трымціць і сьвеціцца.

Мой твар сьвеціцца. Мой твар расьцякаецца, цела плавіцца. Я – сьнег, я – дарога, я – акно, я – падлога, я – асфальт, я – неба, я – тое месца, дзе ўсё як трэба. Кайф. Шчасьце. Нічога мне больш не патрэбна. І тут настаюць

 

Коні.

 

Я чакаю тваіх коміксаў. Увесь макракосм мяне сьцяўся ў чаканьні. Унутры пульсуюць галяктыкі, лётаюць невядомыя сонечныя сыстэмы, жывуць чалавечкі. Лясы, балоты, туманы. А я чакаю коміксаў. Яны могуць адарвацца ад тваіх рук, будучы іх працягам, правандруюць сотню з гакам кілямэтраў і апынуцца перада мной.

Планеты выйдуць са сваіх арбіт, зьнікнуць тысячы і тысячы зорак, памруць мільёны сьмешных няшчасных чалавечкаў і зьвярушак і народзіцца столькі ж новых, клеткі пачнуць з маланкавай хуткасьцю дзяліцца, нараджаючы монстра...

А майму сапраўднаму я ўсё фіялетава, усё па барабану. І пакуль я нічога не магу зрабіць.

 

Крах.

Твар ператвараецца ў маску болю. Сківіцы разрываюцца, адпіхваючыся адна ад адной. Гэта нямы крык эгаізму. Вочы сталі ледзь заўважнымі шчылінамі. Калі б можна было паплакаць, зламаць нешта ці забіць сябе. Усё гэта мы ўжо спрабавалі. Застаўся толькі адзін нямы крык у прамежку паміж кайфам і абломам. Але ўсё гэта ўжо не глябальна.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil