Асаблівасьці беларускага літаратурнага вымаўленьня
Особенности беларуского литературного произношения
 

Беларуская граматыка Бранiслава Тарашкевiча

1) Вымаўленьне галосных.
Усе галосныя гукі вымаўляюцца выразна і дакладна.

2) Поўнагалосьсе.
Мілагучнасьць беларускае мовы ёсьць у гармоніі паміж галоснымі й зычнымі гукамі: як правіла, за зычным ідзе галосны, а за галосным ідзе зычны. Беларуская мова часта пазьбягае спалучэньняў аднолькавых зычных гукаў і зычных, якія знаходзяцца побач. Параўнайце беларускія й рускія словы: нагарода — награда, полымя — пламя, вораг — враг, віхор — вихрь.

3) Націск.
Націск значна ўплывае на зьмену гукаў. Ненаціскныя гукі вымаўляюцца выразна, гэта абумоўлівае нясьпешны, напеўны тэмп гутаркі. У некаторых выпадках у беларускім слове чуваць не сілавы, а мэлёдычны націск. Гэта вельмі лёгка заўважыць у кароткіх пытаньнях. Прыкладам: [ты чу-у-ў?] Тут гук [у] цягнецца, нібы пяецца, і з гэтае прычыны ў слове чуў чутны яшчэ адзін галосны [у], на які націск плаўна пераходзіць.

Націск у слове рознамейсцавы й рухомы. Пад націскам можа быць любы склад: добры (на пачатку), высокi (у сярэдзіне), малады (у канцы).

З рухомасьці, націск можа быць адзіным сродкам вызначэньня сэнсу словаў, якія складаюцца з аднолькавых гукаў. Параўнайце:

кавалі — кавалі
кара — кара
пара — пара
сьвяты — сьвяты
туга — туга

Зьвярніце, калі ласка, увагу на тое, што ў блізкіх па гучаньні беларускіх і рускіх словах націск можа мець розныя мейсцы:

адзінаццаць
весьці
хораша
вусы
чатырнаццаць
прыяцель
малы
у ваду
дай руку
зьвіхнуў нагу
одиннадцать
вести
хорошо
усы
четырнадцать
приятель
малый
в воду
дай руку
подвернул ногу

У адрозьненьні ад рускай, у беларускай мове прыназоўнік ніколі не бывае пад націскам. Параўнайце: за горад — за город, на гару на гору, на нагу на ногу, за рукі — за руки, за поўнач — за полночь.

Словы не і без ня маюць свайго націску, яны як бы зьнітаваныя з тым словам, перад якім знаходзяцца. Менавіта таму ў некаторых разох трэба пісаць ня, бяз, а ў іншых — не, без у залежнасьці ад таго, у якім складзе перад націскам яны знаходзяцца. Ня буду, бяз хлеба (калі першы склад пад націскам), але не хачу, без вады (калі першы склад ненаціскны). Зазначце, што ў беларускай мове ў першым складзе перад націскам заўсёды пішацца і вымаўляецца я (яканьне).

4) Аканьне і яканьне.
Галосныя о, э могуць знаходзіцца толькі пад націскам. Калі пры зьмене слова націск перасоўваецца на іншы склад, то галосныя о, э пераходзяць у а — гэта завецца аканьнем. Прыкладам: малако — малочны, мароз — маразы, морква — маркоўны, ногi — нага. Адпаведна, калі ненаціскныя галосныя е, ё пераходзяць у я — гэта завецца яканьнем. Прыкладам: везьцi — вязу, несьцi — нясу, лес — лясы, сёлы — сяло. Але гэтая асаблівасьць не распаўсюджваецца на некаторыя запазычаныя словы: тэлевізар, эканомiка, сэзон, але каляндар.

Аканьне (яканьне) перадаецца на пісьме і не залежыць ад паходжаньня словаў, належнасьці іх да агульных назваў альбо да ўласных імёнаў: Аляксей, Сяргей, Яўген, сяржант, Гамэр, відэа, стэрэа. Выключэньнем ёсьць некаторыя запазычаныя словы: Мэдэо, Сяо, мэтро, сэзон, сэмэстар. Запомніце вымаўленьне й правапіс словаў радыё, аўдыё, трыё.

У словах з націскнымі складамі -ро-, -ло-, -рэ- замест аканьня захоўваецца гістарычнае чаргаваньне літараў о, э зь літарай ы: бровы — брыво, гром — грымець, хрост — хрысьціць, кроў — крывавы.

Зазначце, калі ў слове сустрэлася літара о, то яна заўсёды будзе пад націскам. Калі ў слове сустрэліся літары э, е альбо ё, то яны, за некаторымі выключэньнямі, таксама знаходзяцца пад націскам.

5) Зацьвярдзелыя гукі.
Заўсёды цьвёрда вымаўляюцца гукі [ж], [дж], [ш], [р], [ч]: жывот, хаджу, шчотка, рабіна, чысты. Беларуса пазнаеце па вымаўленьні гукаў [р], [ч] (толькі цьвёрдыя!): парадак, марак, не куру, не хачу, чытаю.

6) Дзеканьне і цеканьне.
Літары д і т, калі знаходзяцца перад я, е, ё, ю, i, ь ці перад мяккай літарай в, пераходзяць адпаведна ў дз і ц: дзень, дзядзька, дзьвесьце, дзьверы, цяплiня, цьвёрды. Гэта завецца дзеканьнем і цеканьнем.

Спалучэньні літар д+ж і д+з вымаўляюцца разам і перадаюць адзін гук: нараджэньне, дзецi, дзяўчына, дзень, адзін, гадзіна. Таму на пісьме, пры пераносе, гэтыя літары нельга разьдзяляць: дрож-джы, ха-дзіць. Асобна спалучэньні літараў дж і дз вымаўляюцца толькі на стыку прыстаўкі й кораня: ад-знака, над-звычайны, ад-жыць (у гэтых выпадках спалучэньні дж і дз адпаведна абазначаюць два розныя гукі: [д][ж] і [д][з]).

У словах замежнага паходжаньня замест мяккіх дз і ц ужываюцца цьвёрдыя д і т: дынастыя, тэма, тэлеграма. Але перад некаторымі суфіксамі могуць захоўвацца мяккія дз і ц: лідзіраваць, цір, камандзіроўка.

7) Ужываньне ў — у нескладовага.
Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — з’елi ўвесь; улез у сад — увайшлi ў хату. Літара ў можа знаходзіцца на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, iшоў, быў, на ўлоньні.

Гук [ў] вымаўляецца таксама замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках у гук [ў] пераходзіць гук [л]: казала — казаў.

Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму й завецца — у нескладовае.
Ужываньне літары ў ёсьць адною з асноўных адметнасьцяў беларускае мовы, якою нельга грэбаваць.

8) Прыстаўныя галосныя.
Прыстаўныя галосныя а, і вымаўляюцца й пішуцца на пачатку словаў перад зычнымі р, л, м, ў: Амсьціслаў, аўторак, аржаны, амшэлы, ільготы, імгла, іржавець.

Перад пачатковым i амаль заўсёды пры вымаўленьні паўстае прыстаўны гук [й]: іскры — [йiскры], iржа — [йiржа].

Прыстаўныя галосныя зьнікаюць, калі канчаткам папярэдняга слова зьяўляецца галосны гук: новыя льготы. Няма прыстаўных гукаў і ў словах, што захоўваюць каранёвы галосны: лоб — на лобе, мох — на мосе, лёд — на лёдзе.

9) Прыстаўныя зычныя.
Прыстаўны зычны в вымаўляецца й пішацца перад націскнымі о, у на пачатку слова: вочы, восень, вожык, вушы, вусны, вузкі, Ворша.

У незалежнасьці ад націску прыстаўны в зьяўляецца ў сярэдзіне слова: завушніцы, завулак, навука, ніводзін, увосень.

! Прыстаўнога в не бывае:
1) У словах, дзе о не пад націскам пераходзіць у а: возера — азёры. Выключэньне складаюць словы і ўтвораныя ад іх: вока — вачэй, востры — вастрыць, вакол — ваколіца, вожык — важаняты, вуж — вужака.
2) У словах: унук, учора, улада.
3) У словах замежнага паходжаньня: унівэрсытэт.

Прыстаўны зычны г перад галоснымі ўжываецца ў спрадвечна беларускіх словах: гэты, гэй, га?, го!, гэтулькі, дагэтуль.

Прыстаўны зычны г таксама сустракаецца на пачатку словаў замежнага паходжаньня: гісторыя, Ганна, гармата, Геранім.

10) Вымаўленьне літары і на пачатку словаў.
Правілы для злучніка і.

  • Пасьля словаў з канчаткам на галосны, вымаўляецца як [й]: дачка i сын — [дачка й сын].
  • Пасьля словаў з канчаткам на зычны, вымаўляецца як [ы]: сват і швагер — [сват ы швагер].
  • У астатніх выпадках і пасьля словаў на г, к, х вымаўляецца як [і]: луг і поле — [лухь і поле].

Правілы для іншых словаў, што пачынаюцца на і.
У беларускай мове шмат словаў, у якiх першая латара і перадае два гукi [йі]: іншы [йіншы], іхнi [йіхнi], iм [йім] i iншыя, а таксама ўсе словы з прыстаўной лiтараю і: iмжыць [йімжыць], iржа [йіржа], iльготы [йільготы], iржавець [йіржавець]... У гэткiх словах дадатковы гук [й] не дазваляе карыстацца вышэйпазначаным правiлам для злучнiка і. Таму гэткiя словы вымаўляюцца нязьменна, i на пачатку заўсёды будзе чутна [йі] незалежна ад таго, цьвёрды зычны цi не. Прыкладам: мой брат iм казаў [мой брат йім казаў]; я пайшоў зь iм у горад [я пайшоў зь йім у горад].
Выключэньнем ёсьць слова ішоў. Калi наперадзе стаiць кароткае слова, якое пры вымаўленьні зьліваецца зь iм, то тут прытрымліваемся наступных правілаў:

  • Калi кароткае слова заканчваецца на зычны — вымаўляем [ы]: каб iшоў [каб ышоў], ён iшоў [ён ышоў].
  • Калi кароткае слова заканчваецца на галосны — вымаўляем [й]: яна iшла [яна йшла].

Калi перад словам ішоў стаiць доўгае самастойнае слова — вымаўляем [йі].

11) Асыміляцыя.

  • Па глухасьці: сад — [сат], казка — [каска] (звонкія зычныя ў канцы і ў сярэдзіне слова перад глухімі вымаўляюцца глуха).
  • Па звонкасьці: просьба — [прозьба], пяцьдзясят — [пядзьдзясят] (глухія зычныя перад звонкімі вымаўляюцца звонка).
  • Па мяккасьці: сьвята — [сьвята], радасьць — [радасьць], песьня — [песьня], езьдзiць — [езьдзiць].

Перад мяккімі зычнымі цалкам зьмякчаюцца дз, ц, з, с. Адступленьне ад гэтага правіла недапушчальна, паколькі вядзе да страты адной з асноўных адметнасьцяў беларускае мовы: дзьверы, разводзьдзе, цьвік, цьвіценьне, зьберагчы, зьвесткі, сьцяна, зьверху, сьвякроў.

Зьвярніце, калі ласка, ўвагу, што з і с зьмякчаюцца перад усімі мяккімі зычнымі, акрамя г, к, х.
Асымілятыўнае зьмякчэньне адбываецца як у межах слова, так і ў прыназоўніках: зь вядром, зь пяску, празь лес.

Зубныя зычныя д, т, з, с перад шыпячымі прыпадабняюцца да іх, вымаўляюцца як адзін працяглы шыпячы гук: сшытак — [шшытак], лётчык — [лёччык].

Спалучэньні літараў сш, сшч, зч вымаўляюцца як гук [шч]: расказчык[раскашчык] (асыміляцыя па глухасьці — сьвісьцячы да шыпячага).

Перад глухімі зычнымі й перад паўзай фрыкатыўны г вымаўляецца глуха: парог — [парох], тварог — [тварох], луг — [лух], лёгка — [лёхка], магчы — [махчы].

Спалучэньні літараў дц, шч, цч, чц, чк вымаўляюцца як доўгі цьвёрды гук [ц]: на кветачцы[на кветаццы], дачцэ — [даццэ], на стужачцы — [на стужаццы].

Нязьменна вымаўляецца спалучэньне літараў чн: сталічны, яечны.

12) Падваеньне зычных.
У беларускай мове, у адрозьненьне ад рускай, падваеньне зычных паўстае ў канцы слова ў становішчы паміж галоснымі. Калі літары з, с, н, м, дз, ц, ж, ш, ч знаходзяцца паміж галоснымі, то вымаўляюцца працягла: жыцьцё, пытаньне, вясельле.

Падваеньне літараў л, н, с, ц, з, дз вымаўляецца мякка: вясельле, здарэньне, Палесьсе, мазьзю, медзьдзю, памяцьцю.

Падваеньне літараў ж, ш, ч заўсёды вымаўляецца цьвёрда: аблічча, замужжа, узвышша.

Ніколі не падвойваюцца літары б, п, м і літара р. Яны захоўваюць цьвёрдасьць. У гэтых выпадках на пісьме ставіцца апостраф: бязрыб’е, куп’ё, сям’я, надвор’е.

Няма падваеньня й у словах замежнага паходжаньня, імёнах людзей: тона, касір, Ала, Іна. Аднак выключэньнем ёсьць некаторыя даўно засвоеныя словы: асанна, манна, панна, мадонна, Ганна.

Для арыентыроўкі вы можаце карыстацца наступным простым правілам: там, дзе ў рускіх словах у канцы сустракаюцца -нье (-ние), -лье (-лие), па-беларуску будзе падваеньне. Прыкладам: варенье — варэньне, терпение — цярпеньне, зелье — зельле, приволье — прывольле.



[Ласкавае запрашэньне ў мову] [Сьцягнуць файлі падручніка] [Беларускі альфабэт] [Вымаўленьне]
[Тыповыя памылкі] [Лад мовы] [Вітаньні й зычэньні] [Чытаем па-беларуску] [Сугучныя словы]
[Спасылкi] [Кантакт]

Copyright © 2000-2003 С.Аляксандраў, Г.Мыцык
Copyright © 2000-2003 Ю.Гладкевіч (малюнкі)