ГАЛІНКА І ВЕРАБЕЙ
- Галінка-вярбінка, -
Прасіў верабей, -
Мо пакалыхала б
Маіх ты дзяцей?
Галінка не хоча
Дзяцей калыхаць.
- Ідзіце, казулі,
Галінку ламаць!
Казулі не хочуць.
- Ідзіце, ваўкі,
Лавіці, караці
Казуляў такіх,
Якія не хочуць
Галінку ламаць,
Якая не хоча
Дзяцей калыхаць.
Ваўкі не схацелі.
- Прыходзьце, стральцы,
Каб непаслухмяных
Ваўкоў правучыць,
Якія не хочуць
Казуляў караць,
Якія ляняцца
Галінку ламаць,
Якая не хоча
Дзяцей калыхаць...
Пайшлі паляўнічыя
Ў лес на ваўкоў:
Спалохана зверы
Пабеглі з дуброў,
Пабеглі казуляў
Лавіць і караць;
Казулі пабеглі
Галінку ламаць;
Галінка ж вярбінка
Са страху хутчэй
Давай калыхаць
Вераб'іных дзяцей.
З тых дзён без спачынку,
Каб кожны быў рад,
Калыша галінка
Усіх птушанят.
ДЗЕД І ШЧУПАК
Было неба то сіняе, то ружовае,
А пад ім малая хатка рыбака.
І было, як неба, возера шырокае,
Шумела там заўсёды асака.
А ў глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны
З вострымі зубамі, хітры, як купец.
Паляваў не раз за ім стары дзед з сеткамі,
Толькі дарма муцячы возерную медзь.
Часам ён засядзе за ракітай з вечара
І накрыша зораў - залатых зярнят.
Думае і цешыцца: на прыманку выплывеш,
Зораў не паласаваць не уцерпіш, брат!
Ды памалу дрэмле дзед стары над возерам.
А ў глыбокай тоні слухае шчупак,
Як над сонным берагам, ноччу заварожаны,
Ціха барадаты захрапіць рыбак.
Выплыве тады ён, серабрыста кружачы,
Ціха так, каб хвалі соннай не збудзіць,
І з-пад сетак сініх вуснамі сцюдзёнымі
Пачынае зоры дзедавы лавіць.
Перш ён зловіць Сітца, а пазней Мядзведзіцу,
Вып'е сцежку зорную вясняных сноў,
Выцягне з-пад сетак абаранку месяца
І зноў, ціха кружачы, ападзе на дно.
І як толькі сонца ў барадзе сівеючай
Азалоціць першы серабрысты снег,
І як толькі вецер раніцой за пазухай
Шчакатаць мяккімі пальцамі пачне, -
Дзед прачнецца спуджаны, паглядзіць на возера -
Усе зоры выпіў, вылавіў шчупак...
З гора замахае доўгімі рукамі,
Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак.
Ды пачне гразіць ён, ў сеткі ўблытаўшыся,
Ідучы дарогаю праз сенажаць.
А кругом гамоняць кнігаўкі і чэпікі,
Рассыпае вецер жвірам песню жаб.
І здаецца дзеду, што смяецца возера,
Ў сонцы расцвітаючы, як чырвоны мак, -
Хіліцца, хахоча асака зялёная,
Што яго, старога, ашукаў шчупак.
ЖУК І СЛІМАК
Пагожым летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся жук аднойчы
З рагатым слімаком.
- Здарова! - жук вітае. -
Куды, браток, ідзеш
І з ракавіны хатку
Куды з сабой нясеш? -
Абцёр слімак пот з твару,
Гаворыць так жуку:
- Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.
То сцюжа, то марозы,
То навальніца, дождж,
То, часам, у дарозе
Захопіць змрок і ноч, -
Шукай тады начлегу
Пад нейкім пад кустом... -
Гутораць яны гэтак
І раптам чуюць гром.
Ударыў дождж краплісты.
І жук пабег шукаць
Дзе ў засені цяністай
Шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе,
І мокры, ледзь жывы ён
Да слімака ідзе.
- Пусці, браток, пагрэцца,
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
Іх нават дождж краплісты
Не зможа ў ёй дастаць.
Але мінулі хмары,
І сонца ўстала зноў,
Жук хату слімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды
І не на ўме жуку,
Што абяцаў паднесці
Ён хату слімаку.
ІВАН-ДЫ-МАР'Я
Даўно калісьці, вясновым ранкам,
З далінаў Нёмна
Крыжацкі комтур да прускіх замкаў
Гнаў шмат палонных.
Былі між імі хлапец з дзяўчынай -
(Іх скутых гналі),
Іван ды Мар'я ў сваёй краіне
Іх людзі звалі.
Калі пад вечар абоз праходзіў
Мяжу-граніцу,
Калі знікалі ўдалі, на ўсходзе,
Бары, крыніцы, -
«Далей не ў сілах ісці, каханы, -
Сказала Мар'я, -
Ісці ад родных дубоў, палянаў,
Ад зор і хмар'я».
Іван сказаў ёй: «Даўно пара нам
Спытаці шчасця,
Чым жыць і гінуць век у кайданах,
Лепш вольным пасці...»
Начной парою, глухой гадзінай
Юнак адважны,
Здабыўшы зброю, з сваёй дзяўчынай
Уцёк з-пад стражы.
Калі ж дазнаўся аб гэтым вораг, -
Хутчэй шляхамі
Услед пагнаўся праз нівы, горы
За бегляцамі.
Тры дні няспынна пагонь ляцела,
І каля Нёмна
Хлапца з дзяўчынай дагналі стрэлы
У полі роўным.
Дагналі стрэлы, ды не дагнала
Іх смерць-няволя, -
Дзе кроў іх пала, закрасавала
Там кветка ў полі.
І сёння ўсюды, каля стажар'яў,
Па белым свеце
Легенду-кветку - Іван-ды-Мар'я
Калыша вецер.
СЯРОД ЛЯСОЎ НАДНЁМАНСКІХ
Сярод лясоў наднёманскіх,
Густога сасняка
Жыла малая Верачка -
Дачушка лесніка.
Яна дружыла з дрэвамі,
З птушынаю сям'ёй,
Звярынай усялякаю
І з ягадай лясной.
Ды вось аднойчы восенню
Лес, чуе, не пяе.
І стала ёй нявесела,
Сум агарнуў яе.
Шкада ёй ападаючых
Лістоў і матылькоў,
Шкада ёй адлятаючых
У вырай журавоў.
І вось пацешыць Верачку
Жучкі прыбеглі спрытныя,
Камарыкі гуллівыя,
Мурашкі працавітыя.
Гудуць, звіняць і раяцца
З світання да начы,
Не знаюць, як гаротніцы
Ў бядзе дапамагчы.
Прыбеглі зайцы шэрыя,
Вавёрачкі гуллівыя,
Бабры, лісіцы, вожыкі,
Казулі палахлівыя.
Паселі кругам, раяцца
З світання да начы,
Не ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Усёй сям'ёй з'явіліся
Цецерукі стракатыя,
Глушцы, вароны з совамі
Ды з дзятламі насатымі.
Сядзяць на дрэвах, раяцца
З світання да начы,
Не ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Пачуў пра гэта павучок.
Пытае: - Што за гул?
Мо я, сябры-таварышы,
Як-небудзь памагу? -
- Ну, дзе табе! Маўчаў бы лепш
Ты ў засені лістка, -
Гавораць і смяюцца ўсе
З малога павучка.
І ён па павуціначцы
Пакрыўджаны палез
Дамоў, пад ліст арэхавы,
У хмызнякі, у лес.
А як настала ночанька,
Серп месяца заззяў,
Ён павуціну тонкую
Хутчэй снаваць пачаў.
Ад кусціка да кусціка,
Між лапак і галін,
Ад елкі да сасоначкі,
Ад неба да зямлі.
А потым зоры ясныя
З краплістаю расой
Павесіў ён званочкамі
На павуцінцы той.
Калі ж прачнулася зара
І ветрык прыляцеў,
Лес залатымі струнамі,
Ажыўшы, зазвінеў.
На звон устала Верачка.
Сцяжынаю лясной
Ідзе яна і дзівіцца,
Што лес спявае з ёй.
Кране рукой рабіны куст -
Звон чуецца рабінавы,
Кране яна каліны куст -
Звон чуецца калінавы.
А сонца струны павучка
Кране празрыстым променем,
Заслухаешся, як гудуць
Лясы-бары над Нёманам.
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |