Лекцыя 1.

А.  1.Нашто нам служаць зрок, слух, смак, вошчуп?

2.Якiмi часьцямi цела мы бачым, чуем, нюхаем, смакуем, ашчупваем?

3.Што мы распазнаём зрокам, слухам, нюхам, смакам, вошчупам?


§ 1. Знадворныя пачуцьцi, прадмет. Зрок, слух, нюх, смак i вошчуп даюць распазнаць, што нас акружае з надворнага сьвету.

Зрок, слух, нюх, смак, вошчуп называюцца знадворнымi пачуцьцямi.

Усё, што падпадае пад зрок, слух, нюх, смак i вошчуп, называем прадметамi. Напрыклад: чалавек, конь, дуб, выстрал, за-пах, салодкасьць, цяжар.


УВАГА*. Прадметам лiчым ня толькi тое, што беспасрэдна падпадае пад знадворнае пачуцьцё, але i ўсё тое, што можа быць прадметам увагi нашага розуму, калi аб гэтым гаворым, як аб прадмеце, напр.: асаблiвасьць, думка, дабрата i пад. Прадметы знадворных пачуцьцёў называюцца прадметамi пачуцьцёвымi. Прадметы нашай думкi, розуму называем прадметамi разумовымi.


Б.  1. Сколькi маеш знадворных пачуцьцёў i якiя?

2. Назавi па аднаму прадмету на кожнае пачуцьцё.

3. Сьпiсаўшы, падчыркнi словы, што азначаюць прадметы.


КАБЗАР.

Ой вецер шумiць, ой вецер гудзе, а цераз поле чалавек iдзе! Ой полем iдзе i штось ён нясе, i хлопец яго за руку вядзе. Ой праз поле хлопец старца за руку вядзе! Якi гэта старац з хлопцам iдзе? То кабзар iдзе i кобзу нясе, а хлопец за руку к вёсцы вядзе. У вёску прыйшоў, на прызбу сеў i цiха людзём сьпяванку запеў. Укруг людзi стаяць, на старца глядзяць, бо да душы бедным людзям запеў. Галавою добрым людзём кiўне, грудку старую шырока надзьме, у струны утне, слова дабярэ i песьню старую сьвету пяе.

(К. Каганец)