Лекцыя 31.
А. 1. Цi назавём сказам паасобныя словы: сонца, месяц, гразь, сьветлы, сьвяцiць? А цi будзе сказам: сонца грэе, месяц сьвецiць, сьвяцi!
2. Што такое сказ?
|
§ 33. Сказ. Думка, выказаная словамi, называецца сказам, напрыклад: Пастух трубiць. Зоркi зiгацяць на небе. Сказам можа быць нават адно слова, калi яно выказвае закончаную думку, напрыклад: Уважайце! Сядзiце! Сьвiтае. Загрымела. |
3. Якая розьнiца памiж такiмi сказамi: Ты чытаеш. Цi ты чытаеш? Чытай! Ты пiлнуеш. Цi ты пiлнуеш? Пiлнуй.
|
§ 34. Сказы абвяшчальныя, пытальныя i клiчныя. Сказы, у якiх нешта азнаймляецца, абвяшчаецца, называюць абвяшчальнымi. Напрыклад: Моцна сьпiць шырокая рака. Але гэта толькi здаецца: пад ковамi лёду iдзе работа, кiпiць жыццё. Сказы, у якiх выказваецца загад або нейкае пачуццё - радасьць, зьдзiў-леньне, захопленьне, - называюцца ўсклiчнымi. Напрыклад: Ты прыдзi, вясна жаданая, прыдзi! Эх, жар дакучае! Цяжка, жнейка, работа твая! Тыя сказы, у якiх выражаецца пытаньне, называюцца пытальнымi. Напрыклад: Што за песьнi сьпяваеш ты, вецер? Аб чым-жа ты плачаш? Цi мала прастору тваiм шырокiм крыльлям? |
Б. Перапішы і знайдзі сказы абвяшчальныя, усклічныя і пытальныя:
Глянь, зiрнi наўкола: бачыш гэтыя сялiбы, хаткi нашых сёлаў, гэта поле — шнур ля шнура, ўзгоркi i лагчынкi, на узьмежжу грушу-дзiчку, крыж каля пуцiнкi?
Бачыш логi, сенажацi, а на iх — крынiцы? Далей — бор зялёны, гонкi, што у высь глядзiцца?А там далей, дзе ўжо вока дасягнуць ня можа, тое самае пабачыш.
А ўсё так прыгожа!
Сотнi вёсак i мястэчак, гарадоў нямала, рэк бурлiвых, пушч гамонкiх з неапетай славай.
Там плывуць Дняпро i Сожа ды Дзьвiна i Нёман, Белавежы, Налiбокаў там чувацi гоман.