Лекцыя 39.
А. 1. Голасна прачытай пададзеныя словы i заўваж, на якiя выразныя часткi яны дзеляцца, калi мы iх выгаварываем:
хата, вада, доля, мора, сякера, ранiца, крынiца;
байбак, прайшоў, сойка, войстра, майстар;
верна, добра, збожжа, зерня, умалотна, марозна.
|
§ 41. Склад. Слова дзелiцца на склады: ва-да, ха-та, до-ля, ся-ке-ра, бай-бак, вер-на, ма-роз-на. Слова можа быць аднаскладовым, калi ў iм адзiн склад (дом, стол, конь), двухскладовым (ва-да, бай-бак) i шматскладовым (пе-ра-ро-бiц-ца). Калi на пiсьме слова не зьмяшчаецца ў адным радку, то яго можна перанесьцi на другi радок, але толькi так, каб не парваць складоў (вы-це-ра-бiць). На канцы радка трэба паставiць знак пераносу ( - ). |
2. Цi ўсе склады ў слове выгаварваюцца роўна, цi адзiн галасьней за другiя? Напрыклад: па-жар, сьця-на, ту-ман, а-гонь, за-гон, ка-ле-ка, Ма-ры-ля, ба-ра-вiк, па-ву-чок, ме-сяц, жу-ра-вель, пе-ра-нос, пе-ра-вяр-нуць, пе-ра-бiць?
|
§ 42. Нацiск. У кожным слове адзiн склад выгаварваецца галасьней за другiя, з нацiскам: хá-та, ка-рá, кá-ра. Нацiск, калi трэба, азначаецца знакам (´) над лiтарай. |
Б. Сьпiсваючы, разьбiць словы на склады маленькiмi рыскамi i паставiць нацiск (вось так: ва-дá, да-рó-га).
Прыдзi пад вечар ты на поле i палюбуйся iм, саколе! Ў якiя роўныя шнурочкi цяпер пакладзены снапочкi! I як прыгожа-слаўна бабкi, якiя слаўныя iх шапкi! I хоць яны ўсе адзiнакi, але i выраз i адзнакi у кожнай бабкi асабiсты, а наагул усе фарсiсты. Зiрнеш — дальбог-жа, возьме ўцеха, i ня стрымаешся ад сьмеху: яны так мiлы, так прыветны, так самавiты, так фацэтны i пазiраюць так прыхiльна, прыгледзься толькi да iх пiльна! I многа-ж iх: ня зьмерыш крокам i не акiнеш нават вокам; стаяць радамi, зухаваты, як на ўрачыстасьцi салдаты.