Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, -
І над табой, і нада мной...
Драты дрыжалі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сніў,
І рысы даўняга сабора
Так чотка млелі ў вышыні.
Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць...
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць...
Жыццё далей нас весці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І мужнай сталасці жаданні
На нас пячатку пакладуць.
А ўжо не вернецца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі -
І над табой, і нада мной.
Ліпень, 1929
Мсціслаўль
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |