Алесь УсеняАфсайдАповесць
Афсайд - становішча па-за гульнёй.
І вось мы едзем у Ізмаіл, на сельскі ўсесаюзны турнір!
Мы - гэта футбольная каманда «Колас» з невялічкага палескага гарадка, які знойдзеш далёка не на кожнай карце. Прынамсі, асабіста я да гэтай каманды ніякага дачынення не маю. Я - журналіст.
Калі ўжо сказаў пра сябе «а», дык мушу мовіць і «б». Завуць мяне Вячаслаў Платніцкі. Гэта калі афіцыйна. Але да афіцыйнасці я, шчыра кажучы, яшчэ не прывык. Скончыўшы журфак, я ўсяго два месяцы працую ў раённай газеце і адчуваю сябе ямчэй, калі чую студэнцкае - Славік.
Цяпер пра тое, як я трапіў у гэты шыкоўны «ЛАЗ». Што ні кажы, такое-сякое ўяўленне пра футбол усё ж маю. Колькі сябе памятаю, гойсаў з мячом па вясковым стадыёне, які падступаў да бацькавай хаты. Дагойсаўся да таго, што трапіў нават ва ўніверсітэцкую зборную і тараніў абарону сапернікаў з правага краю. Аднак бамбардзірам стаць не паспеў, бо сябры-студэнты прыахвоцілі да тытуню. З таго часу павесіў буцы на цвік і, зарабляючы ганарар, падпальваў цыгарэту ад цыгарэты.
Калі пасля сталіцы трапіў у райцэнтр і ўбачыў, як мясцовая каманда тужыцца закаціць мяч у вароты, зноў закарцела дастаць з чамадана буцы. Балазе бярог іх як рэліквію.
Неяк дамогся, каб выпусцілі на таварыскую гульню. Рабіў рыўкі, насіўся як шалёны, а мяч мне адпасавалі ўсяго двойчы. Урэшце сеў ля вуглавога сцяжка і быў упэўнены, што падняць мяне можна толькі дамкратам. Здох, як кажуць футбалісты. Праўда, перад гэтым паспеў сцебануць па мячы - ажно папярочка затрымцела. Тады і скмеціў, як трэнер Рачыцкі ўпершыню кінуў на мяне паважлівы позірк.
Але я ўжо цвёрда ведаў: больш на футбольнае поле - ні нагою. Адно цяпер яднала з футболам: пачаў пра яго пісаць. Сталі з'яўляцца ў газеце то пстрычка-заметка, а то і пуга-рэпартаж.
Тры дні назад на вуліцы мяне схапіў за руку Рачыцкі.
- Радуйся, Славік! Магу ўзяць цябе ў Ізмаіл.
Я ўжо ведаў, што футбалісты паедуць зусім не на экскурсію, і, памятаючы пра свае пракураныя лёгкія, толькі ўсміхнуўся:
- Хочаш яшчэ раз зірнуць на сцэну «паміраючы лебедзь»?
- Ды не хвалюйся. Не захочаш «паміраць» - будзеш плаваць, як лебедзь, на дунайскіх хвалях: у Малдавіі цяплынь да самай зімы. На першым часе пасядзіш у запасе.
Сказаў і па-змоўніцку падміргнуў:
- А дзевачкі там - будзь-будзь! Сонца, прырода, вінаграднае пітво...
Апошняе мяне не надта вабіла, але абнадзейвала слова «запас».
Адпачынак за свой кошт на два тыдні рэдактар даў надзіва лёгка. Мусіць, улічыў, што я не адгуляў свой законны месяц пасля студэнцтва.
Вось так я і апынуўся ў шыкоўным «ЛАЗе». Сяджу і пакуль што ніяк не ўцямлю, з чаго б гэта Рачыцкаму закарцела ўзяць такога экскурсанта. Хіба ж паверыш, што ў раёне не знайшлося лепшага футбаліста? Нейкі сабака тут усё ж закапаны... А ўрэшце... Якая мне розніца, што стукнула яму ў галаву? Галоўнае - я еду. У мяне прыўзняты настрой, бо наперадзе чакае сонца, блакітнае неба і такога ж колеру Дунай!
Але хопіць эмоцый. Самы час пазнаёміцца і з іншымі пасажырамі аўтобуса. Я акурат прымасціўся ззаду, і ўсе яны навідавоку.
Вунь там, каля ўвахода, сядзіць мужчына ў гадах з невялічкай, як сярпок месяца, залысінай і па-мулявінску багатымі вусамі, апушчанымі ўніз. Выгляд у яго самавіты (пры гальштуку!) і незалежны. Гэта старшыня раённага савета таварыства «Ураджай» Навум Капылоў. За дзве гадзіны, якія мы ў дарозе, ён, здаецца, не працадзіў праз сіта сваіх вусоў ніводнага слова. Пра нешта думае.
Побач з Капыловым той самы Сцяпан Рачыцкі, якому я абавязаны гэтай паездкай. Вось ён дык плешча языком, як мянташкай. То павернецца, то прыўзнімецца - рыжы чуб бліскавіцай зіхае перад яго мутнымі вачыма. Часам Рачыцкі падхопліваецца з месца, і тады можна палюбавацца ягонай чэшскай спартыўнай формай - зялёнай, з бурымі палоскамі па баках (ці не ўпершыню апрануў?). Раз-пораз вуркатанне матора перабівае рогат - Сцяпан «травіць» анекдоты.
Я пакуль што не ведаю, хто з іх, Капылоў ці Рачыцкі, узначальвае паездку. Калі меркаваць па пасадзе, дык падобна, што Капылоў. Але ў гэтым ёсць сумненні, бо вызначаў, каму ехаць, чамусьці Рачыцкі. Потым разбяромся.
Бліжэй да мяне, падаўшыся наперад і дробна, неяк па-шчанячы, хіхікаючы, глядзіць у рот Рачыцкаму Віцька Качанін. Ён і сам гратэскава дробны, сухі, як асінавая трэска. Яго кудлатая галоўка, нібы шэры абабак, імкнецца вынырнуць з-пад высокай спінкі крэсла, і Віцькава постаць зараз нагадвае літару «с», бо ён не сядзіць, а, прыўзняўшыся, выгінаецца дугой.
Як Качанін трапіў у гэты аўтобус - для мяне загадка. Ён ніколі не ўставаў з лаўкі запасных, і яшчэ немаведама, ці здолее трапіць па мячы. Ну, але ж едзе - і няхай. Не мая справа.
Крыху воддаль, каб лепей чуць, высунуўся на праход Сяргей Захаркевіч. Ягоныя шырокія плечы замінаюць мне назіраць за жвавымі рухамі Рачыцкага. З ім прырода зрабіла нечаканы выбрык, надзяліўшы пісклявым галаском, якога Сяргей надта саромеецца і стараецца выпускаць на волю толькі ў выключных выпадках. Вось і зараз у адказ на чарговы анекдот на ягоным па-дзявоцку прыгожым твары з'явілася асляпляльная ўсмешка з буйнымі, як боб, зубамі і глыбокімі ямачкамі на шчоках. За Захаркевічам у гарадку замацавалася слава вялікага маўчуна і сэрцаеда. Як футбаліст Сяргей нічым не адметны, але мае аўтарытэт, бо ягоны старэйшы брат, Артур, гуляе ў дублі сталічнай каманды.
Вышэй за іншыя вытыркаецца з-за крэслаў маленькая, нібы ў вужакі, так што і не зразумееш, дзе яна пераходзіць у шыю, галава Рамана Чарняўскага. Сам ён сядзіць роўненька, як напалову ўвагнаны ў калоду цвік, і, здаецца, за ўвесь час ні разу не варухнуўся. Чарняўскі працуе нейкай невялікай «шышкай» у райвыканкоме і, па ўсім бачна, у розных прэзідыумах сядзець налаўчыўся. Яму ўжо за трыццаць. Некалі, кажуць, гуляў у футбол няблага, але ў апошні час часцей даводзілася бачыць яго на трыбуне, а не на полі.
Наперадзе ў аўтобусе больш нікога няма. А блізу мяне нясмелай вераб'інай чародкай прыселі і круцяцца, як на іголках, высоўваючы галовы ў вокны, яшчэ пяцёра хлопцаў. Адразу скажу: іх я амаль не ведаю. Хіба што вунь тых двух, вельмі падобных адзін на аднаго, некалькі разоў бачыў у райцэнтры на спаборніцтвах. Гэта браты-блізняты Баравікі. Невысокія, каржакаватыя, яны і праўда падобныя на крамяныя баравічкі, якія прабіваюцца праз сетку-ігліцу сасонніку. Пятро працуе інструктарам фізкультуры, а Іван - механізатарам у калгасе «Зара».
Што тычыцца астатніх трох, дык магу прыгадаць толькі іх імёны, якія яны назвалі пры знаёмстве: Адам, Антон і Мікола. Даю гарантыю, што хлопцы таксама вясковыя і далей райцэнтра нідзе не былі: зыркаюць па баках квадратнымі вачыма.
Вось і ўсе пасажыры на такі дыхтоўны аўтобус. Чакайце, дык што ж атрымліваецца: са мной усяго адзінаццаць? Футбольная каманда ў абрэз? Ну Рачыцкі, ну нягоднік. Нават тады, калі на поле выйдуць і ён, і самавіты Капылоў, давядзецца апранаць трусы і мне. Так што бывайце, дунайскія хвалі... Ну ды не адчайвайся, Славік. На горшы канец - адсядзішся ў абароне.
Во, ледзь не забыў! У аўтобусе ж ёсць яшчэ адна жывая душа - вадзіцель. Яго дык, бадай, я ведаю найлепш: мы жывём у адным пад'ездзе. Адрузлы дзяцюк гадоў сарака з жыватом-мячыкам і кароценькімі, нібы ў парсюка, ножкамі. Мне не раз даводзілася бачыць, як ён прагульваўся каля дома, учэпіста трымаючы пад руку пекную маладзіцу. Я заўсёды дзівіўся, назіраючы за гэтай парай. Ён - плюгавы калабок, а яна - высокая, гонкая, з нейкім іскрыстым бляскам у вачах. Казалі, што ў майго суседа-вадзіцеля ўжо даўно павінны былі вырасці рогі, бо ён не вылазіў з далёкіх рэйсаў, а маладая жонка часу дарма не губляла... Чуў, што з-за гэтага між імі здараліся сваркі-лаянкі.
Люстэрка насупраць вадзіцеля начэплена неяк няўдала, таму твару свайго суседа-раганосца я не бачу. Мільгае толькі ягонае шырокае плячо: на вадзіцелю шэры зношаны пінжак з чырвоным значком на лацкане.
* * *
Выбраўшыся з раніцы, мы амаль паўдня ўжо знаходзімся ў дарозе. Аўтобус, як майскі жук, гудзе нудна і роўна, падмінаючы пад сябе шэрую палоску шашы. Неяк раптоўна і суладна матору зацерусіў дождж. Яшчэ колькі хвілін, і гэты гуд аздобіцца дружным храпам. Прынамсі, Віцька Качанін ужо «адарваўся ад калектыву»: схіліўся набок і выпісвае носам мелодыю.
Капылоў паслабіў гальштук і спрабуе адкінуць спінку крэсла, якая ўпарта не паддаецца. За ўвесь гэты час Навум так і не ўступаў у размовы, зацята думаючы пра нешта сваё. Толькі зрэдку, нават не паварочваючы галаву, кідаў два-тры словы Чарняўскаму, які настойліва спрабаваў выцягнуць Капылова на нейкую палеміку. Зараз, здаецца, Чарняўскі страціў на гэта надзею і па-ранейшаму сядзіць, як у прэзідыуме.
Захаркевіч перабраўся бліжэй да вясковых, хвілін пяць нешта горача ім даводзіў, затым махнуў рукой і адвярнуўся. Аднак на сваё былое месца не падаўся, прысунуўся да акна і, упёршыся лбом у шкло, нібы акамянеў. Мусіць, заснуў.
Вяскоўцы, нацешыўшыся краявідамі, доўгі час смачна пляскалі картамі па новенькім дыпламаце, які Мікола разлажыў на каленях, высунуўшы цыбатыя ногі на праход. За гэтым заняткам яны, мусіць, адчулі сябе ў роднай стыхіі і, захапіўшыся, забыліся пра сваю натуральную сціпласць. Голасна спрачаліся, а часам хто-небудзь ганарліва і пераможна выбухаў словам «туз». Пасля гэтага карта пляскалася яшчэ больш гучна, а яе ўладальнік паціраў далонямі так заўзята, што быў чуваць характэрны шоргат закарэлых мазалёў. Але зараз у вяскоўцаў ужо няма таго імпэту, і яны, быццам нехаця, адкідваюць ад сябе карты, пазяхаючы да трэску ў сківіцах.
Прыціх і Рачыцкі. Спачатку ён спрабаваў нешта напяваць сабе пад нос, аднак, відаць, рэпертуар у яго не надта багаты. І ўсё ж сядзець на месцы Рачыцкі доўга не можа. Вось ён мільгануў бурымі палоскамі сваёй чэшскай спартыўнай формы і нахіліўся над вухам вадзіцеля. Той ляніва кіўнуў.
Неўзабаве аўтобус спатыкнуўся, злосна гыркнуў у апошні раз і заглух.
- Дзевачкі налева, хлопчыкі направа, - весела крыкнуў Рачыцкі і знік за дзверцамі.
Санліва варухнуўся Качанін, Захаркевіч спалохана ўсхапіўся, зыркаючы па баках.
- А? Што? Прыехалі?
Ачомаўшыся, зноў абмяк. Скрыпуча пазяхнуў і напружана развёў рукі - нават лапаткі храбуснулі.
Ледзь перастаўляючы ногі, усе пасунуліся да выхаду. Трэба выбірацца і мне. Так захацелася зацягнуцца цыгарэтай - ажно пяткі засвярбелі. Яшчэ ў аўтобусе прыпаліў, глыбока ўдыхнуў казытлівы дым і залпам выпусціў яго ўжо на вуліцы.
А вуліца была вясковая. Доўгая, як пуга, і змрочная ад чорна-фіялетавых хмар, якія ледзь не чапляліся за дахі. Уцяміўшы, што тут не кінешся ні налева, ні направа, вяскоўцы паклыпалі да хацінкі з забітымі крыж-накрыж вокнамі. Палахліва круцячы галовамі, прытуліліся да сцяны.
Астатнія ланцужком пацягнуліся да адзінай цаглянай будыніны з аблезлай і ўвагнутай шыльдай «Прадукты». Мяне там нішто не вабіла (любімай «Арбітай» запасся загадзя), і я, прыпаліўшы другую цыгарэту запар, стаў блукаць па абочыне.
Праз колькі хвілін маю ўвагу прыцягнула прыглушаная гамонка за аўтобусам. Падаўся бліжэй.
- Ты мне зубы не загаворвай, - гэта голас Капылова. - Я дакладна ведаю, што ты хочаш прысвоіць чатырыста рублёў.
- Не плявузгай абы-што, - гэта Рачыцкі.
- Слухай, я ж не хлопчык. Не вешай на вушы лапшу. Мы з табой працуем не першы месяц, і бог яго ведае, колькі яшчэ давядзецца. Давай не псаваць адносін - раздзелім усё пароўну, і ніхто ведаць не будзе.
- Табе што - свае аддаць? Не ўзяў я ні капейкі.
- Ну, Сцяпан, глядзі...
Я зразумеў, што стаў сведкам нейкай таемнай размовы, і слухаць далей было няёмка. Таму паспяшаўся трапіць на вочы Рачыцкаму і Капылову. Было бачна, як яны сумеліся, заўважыўшы нечаканага і нежаданага старонняга. Лісліва-запытальна Навум ва ўпор глядзеў на мяне.
Але найбольш уразіў выгляд Сцяпана. Асабліва твар. Густая чырвань межавалася з сінімі плямамі пад вачыма і на шчоках - акурат як у каляровым тэлевізары з неадрэгуляваным адлюстраваннем. У абедзвюх руках ён трымаў за рыльцы аж па чатыры бутэлькі з наклейкамі «Руская», «Жыгулёўскае». Адна з іх, здавалася, вось-вось выслізне на мокры асфальт. На імгненне стала так ціха, што было чутно, як нясмелы ветрык шамаціць напалову адарванай наклейкай: яшчэ парыў - і сарве.
- Няйначай, абмяркоўваеце састаў на першую гульню, - бадзёра мовіў я, каб разрадзіць няёмкае становішча. - Дык ён жа ў нас, бадай, будзе пастаянным. Зараней забіваю месца на левым фланзе абароны.
Навум акрыяў першы. Здаецца, паверыў, што я нічога не пачуў, і з напускной весялосцю адказаў:
- Можаш стаць і ў вароты.
- Ну дык я... гэта... пабег... - Рачыцкі ніякавата паказаў вачыма на бутэлькі.
Яму і праўда трэба было спяшацца, бо тая, з адарванай наклейкай, вісела ўжо на пазногці. Мы з Капыловым падаліся следам. Нас ужо чакалі. Рачыцкі таропка бразгаў бутэлькамі, запіхваючы іх у пузаты рукзак.
Я плюхнуўся на сваё месца і заплюшчыў павекі з цвёрдым намерам адключыцца на хвілін дзвесце. Але спаць ужо не хацелася. Вярэдзіла душу падслуханая размова. Што гэта за грошы, якія Рачыцкі быццам бы хоча прысвоіць і якія Капылоў патрабуе раздзяліць на двух? У рэшце рэшт, не ўпалі ж яны з неба і не знайшоў жа Сцяпан скарб на футбольным полі. Навум дарэмна не скажа: ён хітры, пэўна ж, нешта пранюхаў. Не, мне пакуль што гэтага не зразумець. Але вось дзіўна: не пакідае прадчуванне, што хутка я пра ўсё буду ведаць. Штосьці наспявае.
Я зноў кінуў вокам уздоўж праходу. Вяскоўцы знайшлі сабе іншы занятак: разважлівы Антон дастаў загорнутыя ў газету таранкі, і на той жа дыпламат з трэскам ляціць лускавінне. Чарняўскі нарэшце-такі ўцягнуў у плечы сваю маленькую галоўку - уторкнуўся ў кнігу. Віцька Качанін засунуў за шчаку цукерку і, адкінуўшыся, адчувае сябе на сёмым небе.
Але зараз мяне найбольш цікавяць Рачыцкі і Капылоў. Чым займаюцца яны? Так і ёсць: Навум перасеў да Сцяпана і хоць ціха, але горача яго пераконвае. У чым - я ўжо ведаю. Рачыцкі бязгучна калоціць сябе ў грудзі кулакамі - аж узмакрэў. Не паддаецца. Навум у адчаі. На хвіліну задумаўся і зноў схапіў Рачыцкага за рукаў чэшскага касцюма. Чамусьці паказвае на мяне. Сцяпан па-ранейшаму адмоўна круціць галавой. Капылоў устае, перабіраецца на сваё месца. Ну, усё, больш я нічога цікавага не ўбачу. Можна і сапраўды паспаць.
Абудзіўся ад таго, што раптам прапаў гул матора. Гэтак звыкся з ім - цішыня ўжо здаецца ненатуральнай. Зірнуў у акно: стаім на ўскрайку нейкага горада, і, відаць, немалога. Хлопцы рухава шыбуюць да рабочай сталоўкі, заціснутай паміж дзвюма вышыннымі будынінамі. Яно праўда - самы час падсілкавацца.
У сталоўцы цёмна і сыра, як у склепе. Абедзенны вал, мусіць, даўно схлынуў, і нас тут ужо ніхто не чакаў. Маленькая і кругленькая прыбіральшчыца, прыхінуўшыся да вузенькага акенца, весела гамоніць з таўстагубай паварыхай. Убачыўшы тузін галодных дзецюкоў, прыбіральшчыца замітусілася на кароценькіх ножках, як качка, пачала перавальвацца між сталоў, зносіць брудны посуд. Гэтай работы ёй хопіць надоўга, і чакаць яе мы, вядома, не збіраемся.
Разлічыўшыся, я доўга стаю з падносам у руках, выбіраючы, дзе прызямліцца. Там, у куточку, стол, здаецца, выглядае даволі прыстойна.
Толькі паспеў сербануць лыжку капусты, як пачуў голас Капылова:
- Да цябе можна?
Ён стаяў крыху сагнуўшыся і трымаючы паднос на выцягнутых руках далей ад светла-сіняга пінжака, белай, як першы снег, сарочкі і моднага, у крапінку, гальштука.
- А чаму ж не, сядай.
Капылоў са скрыгатам пасунуў табурэтку з жалезнымі ножкамі і паставіў яе так, каб сядзець спінай да залы. Елі моўчкі. Я зрэдку кідаў позірк на Капылова і па тым, як нехаця ён варушыў сківіцамі, зразумеў: яму муліцца нешта сказаць. Я вырашыў Навуму дапамагчы.
- З чаго б гэта ў цябе паганы настрой?
- Ат, не кажы. Тут ёсць каму яго сапсаваць.
Я зрабіў вочы круглымі і прыдаў голасу паболей здзіўлення:
- Няўжо? А я думаў, сабраліся такія добрыя хлопцы. Рачыцкі вунь усю дарогу анекдотамі сыпле. Толькі і сцеражыся, каб пупок не развязаўся.
- Рачыцкі... Ты яго яшчэ добра не ведаеш. Гэта, брат, такі жук, што ого!
Капылоў падціснуў вусны.
- Так і быць... - Ён зрабіў выгляд, што вырашыў адкрыць мне сваю таямніцу ў апошняе імгненне. - Табе скажу. А чаго яго пакрываць, гэтага гада?
- Што? І так ты называеш свайго сябра? - Маё здзіўленне было ўжо натуральным.
- Тамбоўскі воўк яму сябар. - Капылоў нахіліўся над сталом і перайшоў на шэпт, хоць і да гэтага стараўся гаварыць напаўголаса. - Дык ведай: ён нас хоча абабраць.
- Як гэта?
- А так. Я цікавіўся, колькі грошай выдзелілі на паездку. Дзве тысячы.
- І што гэта значыць?
- Не перабівай, слухай далей. За аўтобус мы заплацілі тысячу. Шэсцьсот спатрэбіцца на гатэль і харчаванне - я падлічыў. Значыць, чатырыста застанецца Рачыцкаму.
- А чаму ты думаеш, што Сцяпан іх прысвоіць?
- Я не думаю, а ведаю дакладна. Ён жа для таго і ўзяў усяго адзінаццаць чалавек, каб уварваць грошы для сябе. Сістэма правераная і надзейная. Павер майму вопыту... Вернемся дадому - Рачыцкі ўсе патрэбныя паперы зробіць. Адчытаецца так, што ніводзін рэвізор не падкапаецца. Скажам, аформіць ведамасці не на адзінаццаць чалавек, а на васемнаццаць. Мы з табою і ведаць не будзем.
Толькі тут я заўважыў, што хлопцы ўжо ўстаюць з-за сталоў, а Рачыцкі прытуліўся да вушака і падазрона глядзіць у наш бок. Я штурхануў Навума ў руку.
- Дагаворым пасля. Давай закругляцца, нас чакаюць.
Та-ак, цікавую тэму для роздуму падкінуў мне Капылоў. Ужо не будзе ў дарозе сумна - гэта пэўна. Трэба абмазгаваць усё па парадку.
Ці можна верыць Навумавым словам? А ліха яго ведае. Пра Рачыцкага мне і сапраўды вядома толькі тое, што ён некалі працаваў на будоўлі і вось ужо год, як трэніруе раённую футбольную каманду. Энергічны, крыху нахабны, не без гумару. Але душа ягоная для мяне - цёмны лес.
Дапусцім, Сцяпан і сапраўды вырашыў зажучыць тыя чатырыста рублёў. Дапусцім. Тым болей што ён не супраць, як кажуць студэнты, «узяць на грудзі», астаграміцца. І лішняя капейчына яму не зашкодзіць. У такім разе можна зразумець і Капылова: злуецца на тое, што нічога не перапала. Яно ясна: спачатку Навум хацеў вырашыць пытанне мірна. Думаў, калі скажа Рачыцкаму, што ўсё ведае, ды яшчэ націсне, той расколецца і падзеліцца. Ажно не выйшла. Сцяпан упёрся, як малады бычок. Лічыць, што падкапацца пад яго не так проста, а аддаваць чорту лысаму дзвесце рублёў - цэлую зарплату - не надта хочацца. Капылоў, мусіць, не чакаў, што Рачыцкі адбрыкнецца, здорава на яго раззлаваўся і вырашыў адпомсціць. Маўляў, не аддаеш палову мне, дык і сам не адхопіш. Раскажу карэспандэнту, а гэты свайго не ўпусціць, пачне капаць, і тады ты выкладзеш гэтыя грошы як міленькі. Для ўсіх. Там, у Ізмаіле, лішнія яны не будуць...
Калі так, то чаму Капылоў не заявіў пра гэта ўсім? Чаму шапнуў толькі мне? Чакай, а што, калі ён яшчэ не страціў надзею пераламаць Рачыцкага і такім незвычайным чынам прапануе ўвайсці ў долю... мне. Я, скажам, пагавару са Сцяпанам, той спалохаецца і сам захоча замяць справу, выклаўшы грошы на сподачак. Праўда, дзяліць тады давядзецца на трох, Капылову перападзе менш, але ж гэта лепей, чым нічога. Толькі няўжо Навум думае, што я здольны пайсці на такое... на такую... нават слова не магу падабраць. А што! Магчыма, і думае, і спадзяецца. Пэўна, мерае ўсіх людзей па сабе. Ну і поскудзь, калі так.
Але чаго гэта я ўз'еўся на чалавека? Магчыма, я памыляюся. Можа, ён проста хоча, каб і Рачыцкі не ўварваў капейку. Капылоў жа не ведае, што я чуў абрывак размовы за аўтобусам, і, такім чынам, лічыць, што будзе выглядаць у маіх вачах ледзь не героем А як жа - выкрыў злодзея!
У любым выпадку нягоднікі абодва.
* * *
Аўтобус чамусьці спыніўся зноў. Праўда, ніхто ўжо не спяшаўся выбірацца на абочыну - у салоне стаяў дружны храп. І толькі вяскоўцы пра нешта гаманілі, разглядваючы фотаздымкі з голымі дзеўкамі. Гэтую «парнуху» я некалі бачыў у Рачыцкага - мусіць, ён і падсунуў вяскоўцам такую забаву. Дарэчы, сам Рачыцкі таксама не «адключаўся» - выскаляючы рэдкія зубы, паказваў пальцам на які-небудзь здымак і голасна рагатаў.
Я пачуў, як ляснулі вадзіцельскія дзверцы, і кінуў позірк за акенца. Ні наперадзе, ні збоку чамусьці не было відно шашы, наш аўтобус стаяў на абочыне гразкай прасёлачнай дарогі. Я здагадаўся, што мы кіраваліся ў аб'езд: недзе, пэўна, рамантавалася шаша.
А на дарозе між тым было досыць цікавае відовішча. Упрытык адзін да аднаго стаялі зморшчаны спераду «масквічок» і магутны «КрАЗ». Мусіць, «пацалаваліся» яны не надта моцна, бо абышлося, здаецца, без ахвяр. Вадзіцелі жвава размахвалі рукамі і, відаць, сакавіта лаяліся.
Я прыкінуў, што вінаваты быў хутчэй «масквічок»: «пацалунак» адбыўся на левым для яго баку дарогі. Відаць, занесла. Дый не дзіва, бо то была не дарога, а суцэльная калатуша коўзкай белай гліны.
Наш вадзіцель, пераскокваючы цераз лужыны, падышоў да месца здарэння. Перакінуўся з калегамі двума словамі, патупаў вакол «Масквіча» і подбежкам рушыў назад.
- Во ўрэзаліся! - з усмешкай падзяліўся ўражаннямі, высунуўшы галаву з-за белай перагародкі. - «Масквіч» - разява!
- Так яму і трэба, - абыякава кінуў Рачыцкі: для яго гэтае сутыкненне не ўяўляла цікавасці.
Разбудзіў мяне зычны голас вадзіцеля:
- Усё, прыехалі! Хто хоча - можа трохі прагуляцца. А я тым часам падрамантуюся - нешта з запальваннем, ліха на яго.
У салоне заварушыліся. Віцька Качанін высунуў ногі на праход і незадаволена прагундосіў:
- Эх, такі сон не дагледзеў! Кабеціна была - пальчыкі абліжаш!..
- Ну, ты, палавы гігант! - перабіў яго Рачыцкі. - Зберажы свой імпэт на малдаваначак. Лепей азірніся - якое царства прыроды!
Усе дружна скіравалі галовы за вокны. «Царства» сапраўды было дзіўнае: па абодва бакі дарогі раскінуўся велізарны сад. У яго, відаць, не было добрага гаспадара, бо шырокія прагалы між яблынямі зараслі кустамі шыпшынніку. Паблізу дарогі яблыні былі абтрэсены - мусіць, мы не першыя рабілі тут прыпынак, затое ў глыбіні саду на асобных дрэвах, нібы электралямпачкі, свяціліся ў лёгкім тумане антонаўкі.
- Хлопцы, за мною! - махнуў рукою Рачыцкі і першы саскочыў на зямлю.
За ім пасунуліся астатнія.
Мне не хацелася пакідаць цёплы аўтобус, цягацца па роснай траве. Вяскоўцы таксама засталіся на сваім месцы - для іх «царства прыроды» не было вялікім дзівам. Хлопцы зноў дасталі карты.
Я падышоў да іх: трэба было скарыстаць магчымасць, каб пазнаёміцца бліжэй - нам жа не адзін дзень давядзецца правесці разам.
- Вазьміце ў сваю кагорту...
- Давай прыладкоўвайся. - Мікола таропка згроб у адну калоду раскіданыя на дыпламаце карты. - Учатырох яно лацвей.
Часу прайшло нямала, пэўна, хвілін пятнаццаць, бо я паспеў ужо схапіць два «дурні», а Рачыцкі і астатнія ўсё яшчэ бадзяліся па садзе. Вадзіцель, відаць, па-ранейшаму калупаўся за перагародкай: у люстэрку бачылася ягонае плячо.
Раптам усіх нас прымусіў здрыгануцца кароткі прыглушаны крык:
- А-а!
Мы спалохана пераглянуліся. Вадзіцель высунуўся з-за перагародкі:
- Чулі?
- Ага, - кіўнуў галавою Адам. - Мабыць, нехта з нашых крычаў.
- А вунь хто, - Мікола паказаў пальцам за акенца.
З густога зарасніку шыпшынніку, што прыліпаў да ўскрайку саду, да аўтобуса бег Віцька Качанін. Ускочыўшы ў дзверцы, ён павіс на парэнчах.
- Гэта ты зараз крычаў? - запытаўся ў яго вадзіцель.
- Я, - зняможана выдыхнуў Віцька. - Там... Капылова... забілі...
- Што-о-о-о? - амаль адначасова вырвалася з грудзей вяскоўцаў.
- Жартуеш? - іранічна запытаўся я.
- Якія жарты... Ляжыць пластом... і крыві... многа... - Віцька ніяк не мог аддыхацца.
Па ягоным збялелым твары я зразумеў, што яму сапраўды не да смешачак.
- Паказвай - дзе?! - коратка загадаў я і сарваўся з крэсла.
Вяскоўцы ўсхапіліся за мною. Трушком мы падаліся ў шыпшыннік. Ззаду таропка перабіраў сваімі кароценькімі ножкамі вадзіцель, прыхапіўшы на ўсякі выпадак манціроўку.
Зараснік мы пераскочылі ў некалькі крокаў і адразу вынырнулі на шырокую прагаліну. Трава на ёй чамусьці была абкошана.
- Вунь за тымі кустамі, - Качанін на хаду махнуў рукою і пачаў адставаць: відаць, яму не хацелася яшчэ раз убачыць жахлівае відовішча.
Я ўжо бег першы. За кустамі, на якія паказваў Віцька, расла старая, з парэпанаю карою грушына. Пад ёю ляжаў на спіне Капылоў. Ногі былі сагнуты ў каленях і адкінуты крыху набок, пальцы левай рукі ўгрызліся ў зямлю: відаць, Капылоў памёр не адразу, колькі імгненняў корчыўся ад болю. У гэтым пераконваў і ягоны бледны твар - перакошаны і зморшчаны.
Светла-сіні пінжак Капылова быў расхрыстаны, а на белай як снег сарочцы пад грудзьмі барвавела пляма. Пасярэдзіне яе праглядвалася ледзь прыкметная палоска, з якой яшчэ сачылася кроў: удар, пэўна, быў нанесены некалькі хвілін таму.
Усё гэта імгненна зафатаграфавалася ў маіх вачах. Да Капылова было метры чатыры. Я раскінуў рукі па баках і штосілы крыкнуў:
- Усім стаяць! Ні кроку наперад! Мы затопчам сляды!
Нехта па інерцыі наляцеў на мяне ззаду, я ледзь устаяў на нагах. Зрэшты, і без майго загаду хлопцы застылі як укапаныя: перакошаны твар Капылова выклікаў жахлівае пачуццё. Здранцвелымі позіркамі мы ўставіліся на нерухомае цела.
- А раптам ён... жывы? - парушыў цішыню вадзіцель, які акрыяў першы. - Магчыма, яму патрэбна дапамога?
- Зараз праверу, - сказаў я. - Але вы не падыходзьце.
Асцярожна, на дыбачках, я прайшоўся так, каб стаць насупраць галавы - тут слядоў можа і не быць, - дакрануўся пальцамі да шыі Капылова: калі і ёсць пульс, дык у гэтым месцы намацаць яго найлягчэй. Пульсу не было. Я зазірнуў у паўрасплюшчаныя вочы: яны былі шкляныя і бяздумныя...
Тым жа шляхам і зноў жа на дыбачках я вярнуўся да хлопцаў.
- Усё. Яму ўжо нічым не дапаможаш. Мёртвы.
Твары хлопцаў пацямнелі. Усіх апанаваў непрыхаваны страх. Незнаёмыя мясціны... Закінуты сад... І гэтае жахлівае забойства нашага таварыша...
Вадзіцель, сціскаючы ў руках манціроўку, з надрывам крыкнуў:
- Забойца недзе тут, у хмызняку! Ён не паспеў далёка адысціся! Трэба прачасаць! Толькі не разбягайцеся далёка адзін ад аднаго!
Мы сарваліся з месца і, абдзіраючы рукі і твары, панесліся па калючым шыпшынніку...
Калі, знясіленыя, гуртам вярнуліся да грушыны, я цвёрда сказаў:
- Трэба ўсім сабрацца.
Качанін нібы чакаў гэтых слоў - віскліва загалёкаў:
- Гэ-э-эй! Сюды-ы-ы! Усе сюды-ы!
Водгулле неслася далёка, пачуць яго павінны былі ўсе.
Першы выбраўся з шыпшынніку Захаркевіч. У левай руцэ ён трымаў паўнюткую сетачку крамяных яблыкаў.
- Чаго ты верашчыш, як недарэзаны парсюк? - здалёк пакпіў ён з Качаніна. - Ці мо знайшоў скарб?
Віцька нічога не адказаў, позіркам паказаў у той бок, дзе ляжаў Капылоў.
Захаркевіч суцішыў хаду, прысвіснуў:
- Што з ім?
- Забіты, - змрочна сказаў Адам.
- Забіты? Як гэта?.. А хто?..
- Хто-хто, - раздражнёна перакрывіў яго Мікола. - Каб жа мы гэта ведалі.
Захаркевіч болей не распытваў і знерухомеў, «пераварваючы» ў галаве ўбачанае.
Праз колькі хвілін пачуліся галасы: з супрацьлеглага боку няспешна перавальваліся Рачыцкі, Чарняўскі і браты Баравікі. Ішлі разам, хрумсталі яблыкамі. Рачыцкі рагатаў.
Калі яны наблізіліся, я крыкнуў:
- Абыдзіце гэтую грушыну!
- А што, там міна? - выскаліўся Рачыцкі.
Але яго схапіў за рукаў Чарняўскі, які ўжо заўважыў пад грушынаю цела.
- Што здарылася? - трывожна запытаўся Чарняўскі, калі, адмахаўшы круг вакол дрэва, апынуўся побач са мною.
- А хіба ты не бачыш? - зыркнуў я спадылба. - Нехта забіў Капылова...
- Бачыць-то бачу... Але як, калі?
«Ці не за свой прэстыж хвалюешся? - зларадна падумаў я. - Бач, райвыканкомаўская шышка!..» Але тут жа зрабіў сабе папрок: «Хіба цяпер да прэстыжу? Чалавека ж забілі...»
- Мы ведаем тое ж, што і ты, - ціха сказаў я Чарняўскаму. - Сядзелі ў аўтобусе, прыбег Качанін, кажа, што там мёртвы Капылоў. Прынесліся вось... Дарэчы, ты да яго падыходзіў? - павярнуўся я да Качаніна.
- Не, што вы! Я яго як убачыў - во, акурат з гэтага месца, - дык ногі самлелі...
- А як ты сюды трапіў?
- Ішоў да аўтобуса. Хацеў скараціць шлях, вось і пасунуўся па шыпшынніку.
Колькі хвілін усе мы стаялі як ачмурэлыя.
- Трэба нешта рабіць, - нарэшце схамянуўся я. - Без міліцыі чапаць тут нічога не варта.
- Ага, трэба заявіць у міліцыю, - замітусіўся Качанін.
- Значыць, так, - працягваў я, не зважаючы на ягоны лепет. - Вадзіцель зараз сядзе за руль і паедзе ў бліжэйшую вёску. Трэба знайсці там участковага ці па тэлефоне звязацца з райаддзелам...
- Ехаць не выпадае, - перабіў мяне вадзіцель. - Я там усё разабраў, трэба яшчэ пакарпець. Дык тут і пехатой недалёка. Ву-унь за тым узлескам адразу і вёска. Я ж ехаў, помню. Калі нацянькі, будзе кіламетры два - не болей.
- Што ж, давядзецца пешшу. Нехта з нас павінен пайсці...
- Я магу, - падхапіўся Захаркевіч.
- Не, ты не пойдзеш, - асадзіў я.
- А чаго ты раскамандаваўся? - раптам ускіпеў Захаркевіч. - Хто ты такі, каб намі распараджацца? Малакасос!
- Хай сабе і малакасос, - непарушна сказаў я. - Але ты ўсё адно не пойдзеш. Вы што, не разумееце, што сярод нас хутчэй за ўсё знаходзіцца забойца?! Так-так, забойца! Бо не галінкай жа ад грушыны накалоўся Капылоў. Нехта пырнуў яго нажом - вунь, зірніце, пад самае сэрца! І па гэтай прычыне нельга пасылаць забойцу ў вёску: ён можа знішчыць доказы, у рэшце рэшт, збегчы...
- Ты што?.. Ты на каго?.. - захлынуўся фальцэтам Захаркевіч і схапіў мяне за грудзі. - Па-твойму, я - забойца? Ды я цябе ў парашок сатру, смаркач!..
Рэзкім рухам я абсек са сваіх грудзей ягоныя рукі і адступіў крок назад:
- Супакойся, ніхто цябе забойцам не называў. Слухай, што я скажу далей. Капылова мог забіць толькі той, хто выходзіў з аўтобуса. А гэта значыць, ты... ты... і ты...
Я пачаргова ткнуў пальцам на Чарняўскага, Рачыцкага, Захаркевіча, братоў Баравікоў і Качаніна. Віцька ўціснуў галаву ў плечы, нібы на яго быў накіраваны не мой палец, а ствол пісталета.
- Як бы вы ні хацелі, - працягваў я, - але з астатніх падазрэнне давядзецца зняць. Я, Мікола, Адам і Антон гулялі ў карты і з аўтобуса не вылазілі. Тое ж самае можна сказаць пра вадзіцеля: праз люстэрка мы бачылі, што ён увесь час знаходзіўся на месцы.
- Ага, праўда, - падхапіў Адам.
- Вы згодны? - звярнуўся я да тых, хто мог лічыцца патэнцыяльным забойцам.
- Згодны, - пасля кароткай замінкі працадзіў скрозь зубы Рачыцкі.
- У такім разе выбар невялікі. Хто з вас жадае паведаміць у міліцыю? - павярнуўся я да вяскоўцаў.
Хлопцы сумеліся.
- А мне можна? - падаў голас вадзіцель. - Я мігам...
- Можна, - пагадзіўся я. - Яно, бадай, будзе і найлепш. Ніхто так добра не ведае дарогу, як ты.
- Дык я пабег? - крутануўся вадзіцель. - Вось толькі заскочу ў аўтобус, захаплю ватоўку. Прабірае ўжо, ліха на яго...
І сапраўды, трохі пахаладала. Можа, таму, што бралася на вечар, хоць змрок яшчэ не насоўваўся.
* * *
Хвілін пяць мы стаялі каля трупа, і нас пачалі прабіраць дрыжыкі. Усе маўчалі. Мусіць, прыгнятала адчуванне, што сярод нас знаходзіцца забойца...
- Хопіць нам дубець-калаціцца, - падаў голас Захаркевіч. - Што мы тут выстаім? Ці не лепей чакаць у аўтобусе?
- Можна і ў аўтобусе, - згадзіўся я. - Але нам увесь час трэба трымацца разам. Не забывайце: забойца побач. І хто яго ведае, што ў ягонай галаве...
Павольна, цугам, амаль след у след мы пацягнуліся да аўтобуса. Расселіся. І ўсё гэта - у напружанай цішыні. Было чутно, як зрэдку шлёпаюцца аб зямлю пераспелыя яблыкі.
- Ды так жа можна звар'яцець! - выбухнуў нарэшце Захаркевіч. - Скажыце хто-небудзь хоць слова!
- І то праўда! - падтрымаў яго Пятро Баравік. - Чаго мы сядзім склаўшы рукі? Мы ж і самі можам вызначыць забойцу! Трэба, каб кожны расказаў, дзе быў і з кім хадзіў.
- Паслухайце, браточкі! - раптам абудзіўся Рачыцкі. - А чаго мы адзін на аднаго ўз'еліся? Я, напрыклад, хоць забі, не паверу, што хто-небудзь з вас падняў руку на Капылова. Навошта? За што? Ці ёсць такая вялікая прычына, каб забіць чалавека? Дый чаму мы лічым, што ў гэтым садзе на той час былі толькі мы? Бачылі абкошаную палянку? Нехта ж па ёй касою прайшоўся! А што, калі ўявіць такую сітуацыю: Капылоў стрэў гэтага касца, яны нешта не падзялілі. Незнаёмец і пырнуў Капылова - можа, тою ж касою. Пырнуў - і шукай ветру ў полі...
- На касца можаш не спіхваць, - уставіў слова Іван Баравік. - Палянка тая абкошана не пазней, чым раніцай. Я ж трактарыст - ведаю...
- Правільна заўважана, - я прыязна зірнуў на Івана. - Трава на палянцы звяленая, значыць, праляжала не адну гадзіну. А што да касца ці іншага незнаёмца, які мог пырнуць Капылова, дык лухта ўсё гэта. Ты, Сцяпан, сам толькі што сказаў: трэба вялікія прычыны, каб пайсці на забойства. Хай той незнаёмец, калі ён быў, і пасварыўся з Капыловым. Ну, даў бы ў морду. Але забіваць навошта? Вось ты... Ты забіў бы без дай прычыны незнаёмага чалавека? То-та ж! Выходзіць, Капылоў некаму вельмі насаліў, калі яму так жорстка адпомсцілі. А насаліць ён мог толькі камусьці з нас.
Рачыцкі ўскінуў галаву, перахапіў мой позірк. У ягоных вачах мільгануў глыбокі спалох: мае словы ён зразумеў як намёк на сябе, хоць я, прызнацца, не ўкладваў у іх ніякага пэўнага сэнсу. Сцяпан, вядома, здагадваўся, што Капылоў паспеў падзяліцца са мною меркаваннем пра ўтоеныя грошы...
- Я, напрыклад, забіць яго не мог, - упэўнена сказаў Пятро Баравік. - У мяне ёсць сведкі. Я з Іванам, а таксама Рома Чарняўскі як выйшлі з аўтобуса, дык увесь час трымаліся разам. Прайшліся ў другі канец саду, абкалацілі адну яблыньку... Так што алібі ў нас забяспечана.
Рачыцкі пакрыўджана сказаў:
- Пятрок, у цябе што - склероз? Я ж таксама з вамі быў...
- Быў, не схлушу. Але ты, Сцяпан, сустрэў нас незадоўга да таго, як Качанін пачаў усіх клікаць. А дзе ты бадзяўся дагэтуль, я не ведаю...
- Ну, во, я ўжо і забойца, - адчужана, з непрыхаванай крыўдай Сцяпан адкінуўся на спінку крэсла.
- І то праўда! - ускочыў Захаркевіч. - Я таксама хадзіў адзін. Дык што - мяне ўжо залічваць у забойцы?! Падумаеш - яны «трымаліся разам»?! А можа, вы разам яго і цюкнулі? Змовіліся і падкаравулілі...
- Ну, ты загнуў! - усміхнуўся Пятро. - Як цябе паслухаеш, дык і ўсіх, хто застаўся ў аўтобусе, можна западозрыць. А што: «змовіліся і падкаравулілі». Не, галубочак, такія справы талакой не робяцца...
Захаркевіч абыякава махнуў рукою:
- А-а, што з цябе возьмеш... Прыедзе міліцыя - разбярэцца!
- Ну, а дзе быў ты? - кіўнуў я ў бок Качаніна. - Пра ўсіх ужо высветлілі, адзін ты застаўся...
- Я? - Віцька затрымцеў. - Хлопцы, ды вы што? Гэта ж я вам пра ўсё паведаміў...
- Правільна, ты, - пагадзіўся я. - Але ж перш чым паведаміць, ты мог яго і забіць. Дык ёсць у цябе алібі ці не?
- Славік, скажы, што ты жартуеш! - узмаліўся Віцька. - У мяне на такое духу не хапіла б. Я ж крыві баюся, як чумы, - курыцу не зарэжу... А дзе я быў? У кустах прасядзеў! Панос мяне прабраў, разумееш - панос! Калі не верыш, магу паказаць...
- Ага, чакай! Так і кінуўся правяраць твае «клазеты»...
Прыхапіўшы куртку, я ўстаў з крэсла, прайшоў да выхаду і, перш чым саскочыць на зямлю, павярнуўся.
- Давайце не будзем грызціся, як сабакі, ды шукаць вінаватых. Не для нашага розуму гэтая задачка. Сяргей правільна сказаў: трэба дачакацца міліцыі. Дарэчы, хто з вас ведае: чаму мы ўвогуле апынуліся ў гэтым садзе? Ён жа, здаецца, ад шашы няблізка...
- Магу сказаць, - падняўся Рачыцкі. - Гэта мая ініцыятыва. Летась мы таксама сюды заварочвалі. - Сяргей, пацвердзі, ты ж тады быў. А што! Месца прыгожае, можна трохі прадыхацца. Шлях жа вунь які доўгі. Падышоў да вадзіцеля, сказаў, каб завярнуў. Ён пагадзіўся: заадно, кажа, трохі падрамантуюся. А пры чым тут, уласна, сад? - у голасе Рачыцкага гучала насцярога.
- А хто сказаў, што «прытым»? - спакойна мовіў я. - Звычайная цікавасць - не болей. Ну, ды хопіць пра гэта. Я пайду туды, да грушыны... Трэба ахоўваць труп. Ці мала хто можа сюды забрысці. Крый божа, затопча сляды.
Неяк само па сабе атрымалася, што хлопцы калі і не падпарадкоўваліся, дык прыслухоўваліся да маіх слоў. Можа, таму, што я паспеў ужо «ціскануць» у раённай газеце пару судовых нарысаў і меў такія-сякія кантакты з міліцыяй...
* * *
Блізка да грушыны я не падыходзіў. Зрэдку кідаючы позірк у той бок, шпацыраваў вакол дрэва - пад нагамі шаргацела сухая леташняя лістота. Шаргацела, як здавалася, неяк таямніча, злавесна...
Паблізу нікога не было, і я вырашыў больш уважліва, без мітусні агледзець труп. Прабраўся да яго па ўласных слядах, якія пакінуў, калі падыходзіў раней.
Кроў на грудзях Капылова ўжо запяклася, і барвовы камяк нагадваў сургучную пячатку. Зрэшты, сам труп мяне цікавіў мала. Я разглядваў сляды вакол яго.
А месца для слядоў было акурат здатнае. Трава пад грушынай расла купінамі-астраўкамі, якія выбіваліся са спляжанага, утрамбаванага чарназёму, злёгку прыцярушанага дробным веццем і лістотай.
На Капылове былі карычневыя югаслаўскія туфлі з невысокімі, амаль сплюшчанымі абцасамі. Сляды ад іх бачыліся невыразна. Затое другія проста лезлі ў вочы. І не было сумнення, што сляды гэтыя - ад красовак: на зямлі адбіліся характэрныя ўзоры.
Разглядваючы іх, я ўсім целам падаўся наперад і стаяў амаль на карачках. Раптам мяне нібы працяло электрычным токам. Я адчуў на сваёй спіне чыйсьці засяроджаны позірк - мусіць, ёсць усё ж у чалавека шостае пачуццё...
Сэрца затахкала - наплываў страх. Я ўціснуў галаву ў плечы. У тым, што за мною сочаць, я быў упэўнены. Але адкуль, з якой адлегласці? Можа, з-за шыпшынніку, а магчыма, забойца ўжо стаіць за маёй спінай: не паспееш развярнуцца, як усадзіць нож між лапатак.
А што сочыць менавіта той чалавек, які забіў Капылова, я не сумняваўся. Прыгадаўся хрэстаматыйны крымінальны пастулат: забойцу заўсёды цягне на месца злачынства...
Я баяўся паварушыцца. Здранцвелы, чакаў, што вось-вось абрушыцца ўдар. Мне нават здалося, што ззаду, за спінай, нехта сапе...
Нарэшце я трошкі акрыяў. Напружыў волю і пачаў асцярожна паварочваць галаву. Ззаду нікога не было. Але ў шыпшынніку нехта сядзеў - гэта бясспрэчна. Ён, відаць, здагадаўся, што я нешта западозрыў. Кусты заварушыліся, зашамацелі, я пачуў тупат і сухі трэск - незнаёмец уцякаў.
Мне ўжо нічога не пагражала, але страх чамусьці не праходзіў. Хто яго ведае, чаго ён хацеў: магчыма, я знаходзіўся на валаску ад смерці. А што будзе потым? Ён жа можа вярнуцца. І не ўгадаеш, як пырне пад бок...
Я павольна разагнуўся, не адводзячы вачэй ад шыпшынніку, падышоў да кустоў. Асцярожна рассунуў рукамі голле, хоць ведаў, што тут ужо нікога няма. На траве былі дзве прадаўгаватыя ўмяціны - незнаёмец сядзеў на каленях. А далей цягнулася палоска слядоў. Выразных, кантрастных - уцякач гупаў з усяе сілы. Я не здзівіўся, што сляды былі ад красовак...
Што рабіць далей? Вартаваць труп? Ратавацца самому? Пастаяўшы колькі хвілін у роздуме, я рашуча накіраваўся да аўтобуса.
Хлопцы па-ранейшаму зацята маўчалі. Я акінуў позіркам салон: усе былі ў зборы. Рачыцкі і Захаркевіч сядзелі побач, пра нешта шапталіся...
- Іван, - запытаўся я ў Баравіка, - хто-небудзь выходзіў з аўтобуса, пакуль мяне не было?
- Выходзілі, чаму ж не. Захаркевіч, здаецца, некуды цягаўся. А потым Рачыцкі. Ну, і Віцька бегаў «да ветру»...
- А што такое? - насцярожыўся Захаркевіч. - Ці для нас ужо гэты аўтобус павінен стаць турмой?
- Турмой не турмой, але я папрашу, каб да прыезду міліцыі ніхто адсюль не выходзіў. Паверце, так трэба. І ты, Віцька, калі можаш, перацярпі...
Пярэчанняў я не пачуў. Толькі Рачыцкі незадаволена чмыхнуў. Ён сядзеў на першым крэсле, і мой позірк міжволі слізгануў па ягоных нагах. На іх былі красоўкі.
* * *
Вярнуўшыся да грушыны, я зноў прабраўся да трупа і пачаў разглядваць сляды вакол яго. Адбіткі красовак сумнення не выклікалі. Але, магчыма, забойца быў не адзін. У такім разе павінны застацца і іншыя сляды...
Я доўга напружваў зрок, абмацваючы кожны сантыметр зямлі. Урэшце пераканаўся: тут наслядзілі толькі два чалавекі - забойца і ахвяра. Я ўжо хацеў адысціся, і раптам...
Спачатку я не паверыў сваім вачам. Працёр іх кулаком - магчыма, проста здалося: так доўга ўзіраўся, што памуцілася ў вачах. Не, памылкі не было...
Мяне зацікавіў усяго адзін след ад тых жа красовак. Ад астатніх ён адрозніваўся толькі тым, што адбіўся на зямлі не роўненька, а пад вуглом: забойца наступіў на купіну травы, ягоная нага саслізнула і падвярнулася...
Я яшчэ не паспеў як след усвядоміць усю важнасць свайго адкрыцця, як пачуў тарахценне матацыкла. Паспяшаўся на дарогу.
Да аўтобуса набліжаўся матацыкл з каляскай, у якой я пазнаў вадзіцеля. З галавой захутаўшыся ў ватоўку, ён прыкрываў рукою твар: відаць, прабіраў вецер. Калі матацыкл спыніўся, я разглядзеў і таго, што сядзеў за рулём. Маладзенькі міліцыянер з чорнымі вусікамі няспешна зняў шлем, пачапіў яго на руль. На пагонах міліцыянера іскрыліся дзве маленькія зорачкі.
- Участковы інспэктар Гуцулэнка, - адрапартаваўся ён. - Ну, паказвайтэ...
Я зразумеў, што вадзіцель паспеў расказаць яму ўсё падрабязна. Хлопцы выйшлі з аўтобуса, і мы ўсім кагалам рушылі да грушыны.
- Сляды не затапталі? - на хаду запытаўся ўчастковы.
- Не, - адказаў я. - Усё там відно як на далоні.
Мы стоўпіліся каля шыпшынніку, а лейтэнант падышоў бліжэй да трупа. Прысеў на кукішкі. Праз колькі хвілін напружанай цішыні ён суха прамовіў:
- Значыць, так. Нікому сюды не падыходзіць і нічога не чапаць. Вось-вось пад'едуць эксперты і следчы пракуратуры. Адсюль да райцэнтра кіламетраў дзесяць. Там ужо ведаюць...