| |
Вяртаем Бацькаўшчыне сыноў
Хачу
на Случчыне крушынаю прачнуцца
Далёка не ўсе
аматары беларускай паэзіі ведаюць, што Рыгор Казак i Рыгор Крушына --
адна і тая ж асоба. Вельмі ж непадобныя яны між сабой як мастакі слова.
Казак (дарэчы, гэта сапраўднае прозвішча) -- засілле класавых матываў,
рытарычнасць, лозунгавасць, а Крушына (псеўданім Р. Казака) -- высокае
паэтычнае майстэрства, вытанчанасць радка, тонкі лірызм... Як жа так
сталася, што ў літаратуры ёсць як бы два творцы ў адной асобе? Ды аб
усім па парадку...
Жыхары вёсак Селішча, Еўлічы, Дарасіно
і іншых, што тады ўваходзілі ў склад Слуцкай акругі, у канцы жніўня
1925 года былі здзіўлены, калі на тэлеграфных слупах заўважылі лістоўкі,
напісаныя па-беларуску друкаванымі літарамі. Сяляне, папраўдзе кажучы,
па-рознаму паставіліся да з'яўлення гэтых агітак. Некаторыя не хавалі
ў сваёй душы радасці, бо не патухла яшчэ памяць аб Слуцкім узброеным
чыне, які быў жорстка падаўлены бальшавікамі. Аднак знайшліся і тыя,
хто зрываў гэтыя шматкі паперы, а асобныя з іх былі з вучнёўскага сшытка.
Сёй-той спяшаўся паведаміць і ў адпаведныя органы. А там ужо і самі
ўсё ведалі. I не толькі ў Слуцку, а і ў Мінску, у самім ДПУ Беларусі.
Занепакоіцца было чаму. Лістоўкі
заклікалі да змагання з бальшавізмам, да паўстання ў імя вольнай і незалежнай
Беларусі. У прыватнасці, у адной з іх гаварылася:
"Таварышы, раней нас душыў пан, а цяпер душыць бальшавік.
Сяляне, годзе вам спаць! Прачніцеся!.. Савецкая ўлада натравіла суседа
на суседа, брата на брата, каб вы не верылі адзін аднаму і не згаварыліся
проці ўлады. Сяляне! Кіньце сварыцца! Арганізуйцеся ў хаўрусы сялян!
Ваш вораг ня сусед, а бальшавік! Зноў турмы запоўнены сялянамі за падатак
і іншае падобнае! Зноў селянін павінен здымаць шапку прад савецкім панам
і нясьцi яму хабар! Далоў новых паноў-камуністых! Ня верце брахні камуністых!
Яны вас ашукалі і далей будуць ашукваць!.. Нас сілком падзялілі, Адну
частку Беларусі душаць польскія паны, а другую -- маскоўскія бальшавікі!
Нашаю пакутнаю працаю кормяцца ўсе! Далоў акупантаў!"
Заканчваўся зварот словамі: "Няхай жыве Вольная злучная
Беларусь! Арганізуйцеся!"
Арышты не прымусілі чакаць. А за імі -- рэч зразумелая:
пачалося следства, вочныя стаўкі. Галоўнае абвінавачванне было скіравана
супраць слуцкага настаўніка Юрыя Лістапада як кіраўніка антысавецкай
арганізацыі. Узнікла так званая "лістападаўская справа". У поле зроку
следчых трапіў і тагачасны студэнт Беларускага педагагічнага тэхнікума
Рыгор Казак. Арыштавалі і яго малодшага брата Міколу. Як высветлілася,
юнакі, падчас вучобы на Слуцкіх агульнаадукацыйных курсах (на іх, як
вядома, беларускую мову выкладаў сам Якуб Колас), уваходзілі ў беларусазнаўчы
гурток. Прынамсі, гэты гурт так называўся афіцыйна, а на самой справе
з'яўляўся фiліяй арганізацыі Ю. Лістапада.
Чэкісты ўстанавілі, што юныя змагары выпускалі свой
рукапісны часопіс "Наша слова", актыўнымі аўтарамі якога былі "Малы
Язэп" і "Апавядальнік Алесь". "Малым Язэпам" з'яўляўся М.Казак, псеўданiмам
"Апавядальнік Алесь" падпісваў свае антысавецкія выказванні Рыгор. Акрамя
таго, у рукі ДПУ трапіў і сшытак яго вершаў "Юнацкія справы".
Кампрамату, як бачым, было больш чым дастаткова. Але,
на шчасце, да трыццатых гадоў яшчэ не дайшло, таму маладым "палітычным
злачынцам" было даравана (Ю. Лістапад атрымаў пяць гадоў). У ДПУ, відаць,
разлічвалі, што прыйдзе час, калі братамі можна будзе заняцца ўсур'ёз.
Дарэчы, пра М. Казака і на самой справе не забыліся, пра што пісаў ("Пара
ўсё ж перабудоўвацца...", "ЛіМ", N 24, 12-18 чэрвеня 1993 г.) сын Р.
Казака І. Казак. Рыгору ж дазволілі працягваць вучобу, тым больш што
да заканчэння педтэхнікума заставалася ўсяго некалькі месяцаў.
...Нарадзіўся Рыгор Казак 3 снежня 1907 года ў вёсцы
Бязверхавічы непадалёку ад Слуцка. Рана прызвычаіўся да чытання -- у
сям'і асаблівай любоўю карысталіся творы Я.Коласа, захапіўся паэзіяй.
Не развітваўся з ёй і ў тэхнікуме. А потым настаўнічаў, быў прызваны
ў Чырвоную Армію. Трапіў пад Гомель у кавалерыйскую часць.
Акурат на гэты час і прыпадае пачатак актыўнай творчай
дзейнасці Р. Казака. Праўда, тое, што з'яўлялася з-пад яго пяра, усё
ж ад паззіі далёка. У асноўным гэта вершы дэкларацыйныя, казённа-правільныя,
вытрыманыя, як кажуць, у духу свайго часу. А меркаваць падобным чынам
дае цыкл "Чырвоная конніца", апублікаваны ў калектыўным зборніку "Разгон"
(разам з Р. Казаком прадстаўлены паэт Сяргей Ракіта, які пазней стаў
ахвярай сталінізму, і Вячаслаў Палескі, у далейшым вядомы драматург).
Зборнік быў выпушчаны ў 1930 годзе ў Гомелі мясцовай філіяй Беларускай
Асацыяцыi пралетарскіх пісьменнікаў.
У вершы-звароце "Таварышам" аўтар так бачыў задачы
паэзіі, а значыць, і ўласныя памкненні:
Рассыплю словы шротам і шрапнелем,
Кладу я сэрца шчыра на касцёр.
Няхай агонь не гасне пад шынеляй --
Я увайшоў ў інакшае жыццё,
Жыццё, ў якім хвіліны, што вулканы,
І кожны крок - адзін жалезны рытм.
Адначасова Р. Казак са сваім лірычным героем гатовы
быў змываць "твань і горы сцень зямлі", канстатаваў, звяртаючыся да
таварышаў: "Патрэбна нам па ўсіх франтах змагацца і ў словы класці моц-піраксілін!"
Але, як высвятляецца, і для падобнага напісання Р. Казаку не хапала
часу. Нездарма ў канцы твора з'явілася прыпіска-ўдакладненне: "Таварышы,
пішу я на галопе. Мой верш не гукі арф, а шрот. Я, выбачайце, зараз
стаўлю кропку... Спяшаюся пайсці з нарадам на развод".
Не аддзяляў Р. Казак сябе ад
гэтага героя, прытрымліваўся, так сказаць, аўтабіяграфічных момантаў:
Рой успамінаў прыгожа квяціст:
Некалі -- вучань.
Учора -- настаўнiк.
Сёння -- узброены кавалерыст.
Амаль усе творы з гэтай падборкі трапілі і ва ўласна
аўтарскі зборнік Р. Казака "Паэзія чырвонаармейца", які пабачыў свет
у 1931 годзе ў Мінску. На гэты час, як відаць, Р. Казак прымкнуў да
творчай асацыяцыі новых аднадумцаў. Прынамсі, на вокладцы кніжкі ўслед
за прозвішчам аўтара ў дужках удакладняецца: "член БелЛАЧАФу". Інакш
кажучы, асацыяцыі, у якую ўваходзілі і творцы з арміі і флоту. А паколькі
яны і зброю ў руках трымалі, малады паэт не прамінуў заявіць:
"Гэтыя творы -- першы баявы патрон.
Стрэл вайсковай тэматыкі павінен быць і гучным і небескарысным.
Жыццё казармы, баявая падрыхтоўка, палітычная вучоба
ў шэрагах Чырвонай Арміі (так у зборніку. -- А. М.) павінна быць паказана
яскрава, поўна, сакавіта.
Зборнік "Паэзія чырвонаармейца" -- прадукцыя ў сваёй
большасці створаная ў казарме, у паходзе, на біваках".
I чым далей, тым больш наступальна:
"Бярэце баявыя абоймы мастацкіх слоў, укладвайце ў
патроннік літаратуры!
Няхай пачуюць ворагі ваш залп".
Наконт "залпу", дык ён на самой справе атрымаўся.
Такую безгустоўнасць, рытарычнасць не заўсёды сустрэнеш і ў іншых тагачасных
дэбютантаў, хоць і яны любілі "пашумець". А наконт самой "прадукцыі",
дык самакрытычна сказана. Пра гэта відаць і з верша "Мая лірыка":
Я знаю --
слова, што фугас --
Як прыйдзе час,
разбурыць дзверы
І дасць вялікі скарб
для мас.
Мой стрэл юнацтву адгукнецца.
Дарэчы, калі пагартаць падшыўкі беларускіх газет сярэдзіны-другой
паловы трыццатых гадоў, дык у іх прозвішча Р. Казака сустрэнеш даволi
часта. Найперш на старонках "Літаратуры і мастацтва". Выступаў ён не
толькі як паэт, але і як празаік, спрабаваў свае сілы ў крытыцы. Праўда,
значнага поспеху не дасягнуў ні ў адным з гэтых жанраў. Невядома, ці
далі што памкненні Р. Казаку ў галіне кінадраматургіі, а ён жа ў 1935
годзе закончыў Маскоўскі iнстытут кінематаграфістаў.
Прасцей, безумоўна, растлумачыць усё складаным шляхам
выяўлення таленту. Аднак дазволю паразважаць у іншым кірунку. Ужо напачатку
ўласнай мастакоўскай біяграфii Р. Казак мог пісаць зусім не тое, што
прапаноўваў у друк. Ён валодаў талентам, прычым немалым. Аб гэтым сведчыць
пераклад асобных вершаў С. Міхалкова, Ул. Маякоўскага, Л. Украінкі,
А.Міцкевіча, іншых паэтаў. Але перамагаў літаратурны... "піраксілін".
Асабістае мінулае, "нацыяналістычная дзейнасць" пастаянна нагадвалі
аб сабе. А тут частыя арышты сяброў па пяру. Бачыў Р. Казак на свае
вочы, што могуць чалавека ні за што пасадзіць, выслаць, расстраляць.
Таму, каб не даць хоць маленькіх падстаў для падазрэнняў, і вымушаны
быў пісаць тое, да чаго душа не ляжала. А барабанны пошчак пры гэтым
здаваўся выратавальнай саломкай...
Адным словам, Р. Казак, аднойчы апёкшыся, палітыкі
асцерагаўся. Напісанне ж паэтычных дэкларацый дазваляў сабе як справу
жыццёва важную. Ды і знаходзіўся ён, не будзем забываць, не на ізаляваным
востраве.
Гэтай ізаляванасці, як ні стараўся, не давялося яму
дабіцца і ў гады вайны ў акупіраваным Мінску. На адкрытае супрацоўніцтва
з нямецкімі ўладамі не пайшоў, аднак друкаваўся ў беларускіх выданнях.
А тут пачалося вызваленне роднай зямлі. Заставацца на Беларусі Р.Казаку
ніяк не выпадала. Заставацца -- значыць, падпісаць
самому сябе смяротны прысуд. Адзінае выйсце -- падацца ў эміграцыю.
Трапіў у Германію. Акурат там, у эміграцыі, з пасрэднага вершатворцы
Р. Казака і вырас цудоўнейшы лірык Рыгор Крушына. Нарэшце выпала магчымасць
выказваць тое, што блізка сэрцу.
Аб тым, наколькі Р. Крушына валодае словам, як умее
перадаць танчэйшыя людскія перажыванні, як дакладна ўжываецца ў вобраз,
ідучы ад усяго зямнога, засведчыла яго першая кніга ў эміграцыі "Лебедзь
чорная", выпушчаная ў 1947 годзе беларускім выдавецтвам "Пагоня". Дамінанта
кнігі ў аднайменным вершы:
Рассцілалася
Прадвячорная імгла.
Паміж парасцяў
Лебедзь чорная плыла,
Лебедзь чорная
З перасечаным крылом...
Падчас напісання верша ішоў 1944 год. На чужыне былі
зроблены першыя крокі, а падэшвы ног яшчэ адчувалі цяпло роднай зямлі.
Здратаванай, спустошанай захопнікамі і разам з тым такой блізкай і дарагой.
У свядомасць увайшоў вобраз "лебедзі чорнай" як сімвал смутку, няпэўнасці.
Прыйшоў як узгадак аб словах, прамоўленых блізкай дзяўчынай: "Лебедзь
чорная -- гэта ж нашае жыццё. У ноч бяззорную мы -- апаўшае лісцё. Адарваныя
ад Палесся мы зусім, наш каханы край песцім песнямі і снім".
Гэты пакутлівы роздум нарадзіў і верш "Крушына", а
тым самым падказаў і псеўданім. Вырвалі крушыну "з лясной глушы", прынеслі
ў сад, а ёй "лес далёкі сніцца, нядоляй нудзіцца сваёй".
У год выхаду "Лебедзі чорнай" паэту споўнілася сорак.
Час падрахункавання, а ён вымушаны быў па сутнасці пачынаць з нуля.
Ніводнага са сваіх ранейшых вершаў у зборнік не ўключыў. Ды і зрабіць
гэтага не мог. Р. Казака пры ўсім жаданні да Р. Крушыны "не прывяжаш".
Зусім розныя яны.
Пагодзімся: выпадак унікальны. Перад Р.Крушынам ляжаў
на дзіва белы аркуш паперы. Спяшайся, "засявай" яго. I ён спяшаўся.
Таму наступная кніга, што выйшла ў выдавецтве "Бацькаўшчына" ў 1957
годзе, змагла ўвабраць далёка не ўсё з напісанага ў эміграцыі, хоць
том і атрымаўся ладным. На вокладцы з'явілася выратавальнае -- "Выбраныя
творы". А яны -- тая паэзія, што кранае і сваёй пяшчотай, і сваім роздумам,
і суровасцю жыццёвых рэалій.
Рыгор Крушына не хаваў настальгiчных матываў, што
відаць і з назвы яго трэцяй кнігі -- "Вячорная лірыка" (1963). Гэта
стан душы. Далейшае развіццё атрымлівае і вобраз крушыны: "Хачу я на
Случчыне прачнуцца крушынаю, каб ягады горкія даспелі да соладзі, каб
высыпаў зоркі я ў дасветчанне моладзі".
Тут жа i праграмнае:
Агні... Вячорныя агні
Гавораць ясным зіхаценнем,
Што адыходзяць нашы дні
Апошнім болем і цярпеннем.
На гэты час прыпадае паглыбленне майстэрства паэта.
Наступны зборнік "Хвіліна роздуму" (1968) парадаваў рэдкім жанрам: у
Р. Крушыны з'явіўся палідром, калі сказы аднолькава чытаюцца злева направа
і справа налева.
Потым былі кнігі "Вясна ўвосень" (1972), "Дарогі"
(1974). I, нарэшце, -- "Сны і мары" (1975). Наколькі яны арыгінальная,
бачна з аўтарскай прадмовы: "Паэзія мае і класічныя формы -- санеты,
трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны... Я пастараўся ў кнізе "Сны i мары",
паводле сваіх магчымасцяў, даць прыклады не толькі вышэйзгаданых, а
i розных формаў".
Атрымалася, яшчэ як атрымалася. Возьмем, для прыкладу,
таўтаграму (усе словы пачынаюцца з адной літары):
Смутак спякотны,
Слухаю спевы сняжынак.
Стогне сухотны
Сіплы суглінак.
Сівер спакоем
Сцішаны, сушыць смужынкі.
Срэбным сувоем
Сцеле сняжынкі.
Спевы сняжынак.
Сонца сівое сумуе.
Сёння спачынак,
Сад салютуе.
Сэрца спавіта
Спрутам сакрэтных спружынак:
Сны сэленіта,
Спевы сняжынак.
Упершыню ў беларускай паэзii Р. Крушына звярнуўся
да туюга (зарыфмаваны тры амонімы). Дарэчы, у яго ёсць і двайны туюг,
калі двойчы зарыфмаваны па тры амонімы. Ёсць і рандо, секцына, віланэла,
газель, тэрціна. А ўсё дзеля таго, каб пераканаць:
Паэзія -- дзіўная музыка слоў,
На ліры ігранне пачуццяў.
Не толькі паэзіяй жыў Р. Крушына. Ён працаваў на радыёстанцыі
"Свабода", з'яўляўся адным з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі
і мастацтваў ЗША, рэдактарам першага нумара часопіса "Конадні", уваходзіў
у славуты ПЭН-клуб.
З пяром не развітваўся да апошнiх дзён (памёр у 1979
годзе і пахаваны ў Іст-Брансвіку непадалёку ад Вашынгтона). Незадоўга
да смерці сабраў новыя творы, аб'яднаў іх у зборнік "Рэквіем", але,
на жаль, ён і па сённяшні дзень застаўся ў рукапісе. Ды і творчасць
Р. Крушыны толькі набліжаецца да беларускага чытача.
Алесь МАРЦIНОВIЧ
Газэта "Народная воля", кастрычнiк 1996 г.
Аўтарская арфаграфiя захаваная. -- Кум
|