| Р. КАЗАК (Рыгор КРУШЫНА) УСПАМIНЫ ПРА ВАЛЕРЫЯ МАРАКОВА
|
| 14-га сакавiка споўнiлася 55 год са дня нараджэньня беларускага паэта Валерыя Маракова. У бiяграфiчным даведнiку "Пiсьменьнiкi Савецкай Беларусi", выдадзеным у 1959-ым годзе, аб iм зьмешчана некалькi радкоў. У кнiзе гаворыцца, што Валеры Маракоў нарадзiўся 14-га сакавiка 1909-га году, у вёсцы Акадонiя, Менскай вобласьцi, у сям'i работнiка. Ён скончыў сямiгодку, працаваў мулярам, далей вучыўся ў Менскiм Пэдагагiчным Тэхнiкуме, пасьля ў Пэдагагiчным Iнстытуце iмя Горкага, i некалькi год быў настаўнiкам у Бабруйску. Пасьля такой куртатай бiяграфii iдзе пералiк выдадзеных зборнiкаў ягоных вершаў. I нарэшце -- сухая, кароткая iнфармацыя: "Памёр Маракоў 7-га мая 1940-га году". З такога даведнiка нельга пазнаць вобраз паэта, даведацца аб ягоным жыцьцi, творчасьцi i трагiчным лёсе. Былыя сябры i знаёмыя паэта могуць расказаць пра Маракова больш адкрыта. Прыгадваю першае знаёмства з паэтам. Спаткалiся мы ў Менскiм Пэдагагiчным Тэхнiкуме iмя Iгнатоўскага. У гэтым тэхнiкуме часта наладжвалiся лiтаратурныя вечары "маладнякоўцаў". Выступалi паэты-студэнты. Можна сказаць -- блiскучая гвардыя: Трус, Глебка, Дарожны, Лужанiн, Казлоўскi, Бандарына, Якiмовiч. Прыходзiлi i госьцi: Пушча, Дудар, Тумiловiч, Звонак, Бобрык. Яны таксама чыталi вершы. Аднойчы выступiў i Валеры Маракоў. На сцэну падняўся 16-цi гадовы юнак. Ён правёў далоняй па цёмна-русых пераблытаных пасмах валасоў. На вуснах -- лёгкая ўсьмешка. Шэра-блакiтныя вочы задуменна ўстромiлiся кудысьцi ў далячынь. -- Дык вось ён якi, гэты Валеры Маракоў, -- падумаў я. -- Хлапчанё, а як хораша пiша. I я зь цiкавасьцяй пiльна глядзеў на паэта. Ён чытаў верш. Быццам iрвучы з сэрца кожнае слова, дэклямаваў горача, з асаблiвым захапленьнем. Словы былi цёплыя, прачулыя, душапраймальныя. Яны выклiкалi гучны выбух воплескаў у аўдыторыi. Усхваляваны Маракоў зьлёгку пакланiўся i падаўся да выйсьця. Ля дзьвярэй незнаёмая студэнтка сказала "Дзякуй" i сунула яму ў рукi вяргiню. Невядома, цi спадзяваўся ён на такi посьпех. Ён быў вельмi ўзрушаны, камечыў падараваную кветку, i тут-жа схамянуўшыся, пяшчотна гладзiў ейныя пялёсткi. Можа ў гэтую радасную хвiлiну i запала ў яго iскра паэтычнага натхненьня да лiрычнага твору "Мая паэма"? Можа нявыпадкова i першы зборнiк вершаў, якi ён неўзабаве выдаў, меў назоў "Пялёсткi"? Можа ён шмат перадумаў i перажыў у той час. Маракова апанаваў натоўп. Яго вiталi... Вiншавалi i сябры, i я, i студэнты. Запрашалi заходзiць часьцей. У наступным 1926-м годзе Валеры Маракоў стаўся студэнтам Пэдтэхнiкуму. Жыў ён ня ў Менску, а за горадам, на станцыi Козырава. I штодня ў тэхнiкум хадзiў пехатой. Але маладому -- няўзнакi. Я i сам зь iм у гутарцы не заўважаў даўгой дарогi. Гасьцяваў часта ў яго. Мне падабаўся маляўнiчы прыгарад. -- Найлепшыя ўмовы для паэзii, -- думаў я. -- Прасторна i вольна, як на хутары. Вакол зелянiна, кветкi. Сьвежае паветра i палявая цiшыня. Памятаю, мы сядзелi ля вакна. Валеры чытаў мне свае новыя вершы. Чытаў з памяцi. Ён любiў слова. Здавалася, гарэў, жыў iм, i як паветрам дыхаў паэзiяй. Голас быў шчыры i лагодна-iнтымны. Валеры верыў у сiлу свайго лiрычнага голасу. Аднойчы ў тэхнiкуме на выбарчым сходзе Маракоў з гонарам сказаў: "Вы кажаце, я ня маю права галасаваць. Непаўналетнi. Што-ж! Я маю лепшы голас -- голас у друку. Гэта былi ня пустыя словы. Малады паэт рос. 1926-ы год -- "Пялёсткi". У 1927-ым годзе выйшаў другi зборнiк "На залатым пакосе". А далей... Далей -- пачатак трагiчнага лёсу. Зьмянiлiся абставiны. На паэтаў-лiрыкаў глядзелi зь недаверам, варожа. Тагачасныя крытыкi бачылi ў iхнай творчасьцi буржуазную iдэялёгiю. Пачаўся наступ i на Маракова. Ён мусiў, як у той час казалi, "перабудавацца", перайсьцi "на сацыялiстычныя рэйкi". Цяжка было паэту Маракову ламаць сваю сыстэму вобразаў, iдэяў, думак. Ён бачыў i горка вычуваў, што яго прымушаюць вырачыся лiрыкi. У 1930-м годзе выйшаў з друку ягоны зборнiк вершаў "Вяршынi жаданьняў". Гэта ўжо, фактычна, была ягоная лебядзiная песьня. Пазьней, праз тры гады, зьявiлася ў сьвет кнiга "Права на зброю". У ёй паэт загаварыў чужым, прыдушаным голасам. Хвальшывы, ваяўнiчы дух забiў спакутванага паэта-лiрыка. Зацкаваны партыйнымi крытыкамi, Валеры Маракоў змоўк. А яшчэ калiсьцi ён пiсаў: "Хай не адчыняць мне ў прыгожым доме дзьверы. ДАРМО! I ў полi можна начаваць!" Не давялося яму начаваць у полi i на залатым пакосе сьпяваць песьнi. Маракову адчынiлi дзьверы. Але ня ў прыгожым доме! Бязьвiннага паэта арыштавалi i кiнулi ў сутарэннi ГПУ. I ён загiнуў. |
| Гэты тэкст даслаў мне сын паэта, Iгар Рыгоравiч КАЗАК, за што яму вялiкi дзякуй. |
| Назад на старонку Кума Творы Рыгора Крушыны |
