| |
"НА РУІНАХ ПАЧУЦЬЦЯЎ" --
гэта назва паэмы майго Бацькі, якую я прысвячаю з нагодай 25-га Сакавіка.
Паэма застанецца актуальнаю да таго недалёкага Дня, калі Беларусь стане
зноў незалежнай дзяржавай. Гэтую паэму я, як сын нашага беларускага
паэта Рыгора Крушыны, зьберагаю ўжо 30 гадоў, як скарб і спадчыну для
беларускага народу.
Любоў, адданнасьць і павага былі заўсёды галоўнымі прынцыпамі стаўленьня
майго Бацькі да свае Бацькаўшчыны, да свае Беларусі. Як бы радасна ён
чуўся пасьля 1991 году, калі была адноўлена незалежнасьць Беларусі і
як бы аплаквала ягоная сэрца тое, што сталася 8-га сьнежня 1999 году,
калі ня стала беларускай незалежнасьці і сувэрнітэту!
Мой Бацька ня быў ані русафобам, ані русафілам, ён ня быў ані шавіністам,
ані ультрапатрыётам. У сваім сэрцы і думках ён жыў сваёй Беларусяй.
У адрозьненьне ад іншых паэтаў, ён пазьбягаў гучнасьці і крыку. Ён заўсёды
заставаўся нібы збоку ўсіх тых, хто паказваў сваю "сілу" ў друку і ў
эфіры. Ён ціха пісаў свае лірычныя вершы з сумам свае набалеўшае душы.
У дадатак да каханьня свае Бацькаўшчыны, ён шанаваў і цікавіўся разнастайнасьцю
чужых краінаў і культураў. У тыя часы Беларусь была ў камуністычным
ярме, якое выклікала пачуцьцё асабістае журбы. Гэтае пачуцьцё было штуршком
да напісаньня паэмы "На руінах пачуцьцяў". Сёньня можна сьмела сказаць,
што пачуцьцё журбы ахапляе таксама і ўсіх нас.
Шаноўныя чытачы і слухачы інтэрнэту! Гэта паэма -- мой маленькі падарунак
Вам, дарагія Беларусы. Дык пабудуем на нашых руінах пачуцьцьяў новы
палац-гмах, які і будзе незалежнай, сувэрэннай Беларусяй!
Жыве Беларусь!
Ігар Казак, Санкт Пітэрсбург,
Флярыда, ЗША. 25 сакавiка 2000 г.
|