Лiтаратура беларускага замежжа

Мiхась СКОБЛА

   НА АКРОПАЛI КАЗАЧНЫХ СНОЎ

Нататкi пра Рыгора Крушыну
       
   Слова, як вядома, было на самым пачатку. Усе ахвярныя песняспевы да неба, да сонца, да Бога вынесла з зямное цямрэчы менавіта Слова. Так, нават для Таго, Хто ёсць усюды, Які ўсё бачыць і ўсё чуе -- нават для Яго прамоўленае людское слова ёсць неабходнасць. Чалавек прамаўляе ў Сусвет з высачэзнага мінарэта, з напаўразбуранай манастырскай галубніцы, з падземнай пячоры, адрынуты грамадствам і забыты бліжэйшымі вучнямі.
   Слова -- як вогнішча, з дапамогай якога язычніцкія жрацы-святары ў старадаўнія часы ўздавалі хвалу багам. Якія дровы пакладзеш у агонь, гэткае і мецьмеш полымя. Не парушыш святое правіла і з асвечанай дубровы прынясеш чыстае дрэва -- і ўскінецца да неба ачышчальнае полыска і доўга не гаснуцьме ўночы. Здзейсніш блюзнерства, абразіш агонь сырым кустоўем, непатрэбным бадыллём, што апынулася пад рукой,-- і задушлівым дымам ахінецца наваколле...
   Даглядаць агонь, карміць яго з далані -- найпачэсны быў абавязак, найвялiкшая адказнасць. Служыць слову -- не менш клопатны занятак. Праз неасцярожнасць, неахайнасць ці паспешлівасць можна і галавою налажыць. Колькі іх, прыслужнікаў слова, жрацоў-самаахвярнікаў паплацілася жыццём за з'імправізаваны танец вакол кананічнага жэглішча. Колькі іх выгнанцамі разбрылося па свеце! Без права вяртання на родную Зямлю, без права пачуць гімны жыццю ў роднай мове, без права на старасцi гадоў укленчыць каля агню памяці, спрадвечнага зніча, адагрэцца і супакоіцца. А што можа быць страшней за адлучэнне ад Радзiмы?
   Анафема! І ў далёкiм ад роднага котлішча Давыд-Гарадку на Палессі памірае Авiдый.
   Анафема! I на маскоўскіх пляцах палыхаюць вогнішчы са Скарынавых кніг, а сам першадрукар (ён быў яшчэ і паэтам!), пабадзяўшыся па еўрапейскіх сталіцах, вымушаны дажываць свой век садоўнікам пры чужым (хай сабе і каралеўскім) двары.
   Анафема! I на кракаўскіх могілках губляецца магіла адлучанага ад Беларусі Алеся Гаруна.
   Анафема! I мусіць прайсці шляхамі лагернай «гэгэнны» Ларыса Геніюш...
   Парушыў заведзены кімсьці на гэтай зямлі парадак, асудзіў злачынства ці здзек з чалавека, любіш Радзіму больш, чым трэба,-- пракляцце табе і дзецям тваім, і слова тваё за сямю замкамі.
   I траплялi за няблiзкi свет паэты.
   Наталля Арсеннева, неўтаймоўная язычніца ў апяванні прыроды, пяснярка восені,-- як жа яна пасмела ў акупацыйным 1942 г. напісаць крамольныя радкі:

   Радасць жаўранкам звонiць над хмарамі,
   Хай не згледжу яе, не збяру...
   Дні насталі важкія, змагарныя,
   Зноў
           спрабуе расці
                                    Беларусь.

   Якая радасць? Куды тая Беларусь расла? Ішла ж вайна народная...
   Алесь Салавей, якога жыццё зрабіла фаталістам і які, не хаваючыся, дражніўся са смерцю, прадчуваючы сваю загібель на чужыне. Як жа ён пасмеў друкаваць сваю выдатную паэму «На хуткіх крылах вольнага Пегаса» ў фундаваным немцамі часопісе? Гэта ж людзі вершы чыталі заміж таго, каб ісці ў партызаны...
   Масей Сяднёў -- гэты ўвогуле самахоць вызваліўся з разбамбаванай немцамі савецкай вязніцы. Хто дазволіў? Хай бы сядзеў да 1945 г., бальшавікі, вярнуўшыся, мо і выпусцілі б. А калі б яшчэ дзесятак-другі одаў пра «бацьку народаў» склаў -- глядзіш, і на ўласным «шаўрале», як Колас з Купалам, ездзіў бы. А ён, упарты, ці бачыце -- вершы і паэмы, пекныя ды разважлівыя, як біблейскія прыпавесці, стварае...
   Паэт Рыгор Крушына ў шэрагу названых творцаў выглядаў бы досыць непрыкметна. Тоўстых часопісаў на Захадзе ён не выдаваў, ды і яго творы пазбіраць па шматлікіх замежных выданнях Беларускі Інстытут навукі і мастацтва ў Новым Ёрку пакуль што не парупіўся. На Радзіме перавыдаваць Крушыну таксама ніхто не спяшаецца -- на сваіх паперы не хапае. А гэта ж быў выбітны беларускі паэт, лірык са свежым, па-майстэрску пастаўленым голасам, аўтар сямі арыгінальных паэтычных зборнікаў.
   У жыццяпісе Рыгора Крушыны зеўрыць не адная прарэха, звестак пра яго захавалася небагата, будучым даследчыкам працы хопіць.
   А нарадзіўся Рыгор Крушына (сапраўднае прозвішча Казак) 3 снежня 1907 г. у сям'і паштовага ўрадоўца ў вёсцы Бязверхавічы на Случчыне. (Хто і калі падлічыць, колькі талентаў узгадаваў край гераічных слуцкіх паўстанцаў! Пагартайце любую анталогію, паэты цераз аднаго -- слуцакі!) У дзяцінстве будучага паэта затуляла перад трывожным перадваенным небам спічастымі старадаўнімі вежамі залатая Вільня. Яна залятала ў яго прасветленыя сны беларускімі мроямі-прыгадкамі, вярэдзіла цікаўнае хлапчукоўскае вока вежай Гедыміна. Сям'і Казакоў падчас першай Сусветнай вайны прыйшлося бежанцамі шукаць прытулку ў Разані. Чужым хлебам сыты не будзеш і, як толькі надарылася магчымасць, Казакі падаліся на родную Случчыну, дзе і прайшло юнацтва Рыгора. У 1924 г. будучы паэт робіцца слухачом Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў. Выкладаць беларускую мову ў Слуцак з няблізкае сталіцы наязджаў Якуб Колас. На курсах Рыгор Казак удзельнічаў у бяскрыўдным беларусазнаўчым гуртку, які на самой справе з'яўляўся падпольнай філіяй антысавецкай арганізацыі, што пасля раскрыцця ГПУ стане вядомай пад назвай «Лістападаўская справа» (паводле прозвішча кіраўніка, слуцкага настаўніка Юрыя Лістапада). Канчатковую мэту гурткоўцы ставілі перад сабой надзвычай сціплую -- стварэнне Незалежнай Вольнай Беларусі. Улёткі, якія распаўсюджвалі па слуцкіх ваколіцах адчайныя паўстанцы, нагадвалі палымяныя лісткі «Мужыцкай праўды»: «Таварышы, раней нас душыў пан, а цяпер душыць бальшавік. Сяляне, годзі вам спаць! Прачнецеся!.. Савецкая ўлада натравіла суседа на суседа, брата на брата, каб вы не верылі адзін другому і не згаварыліся проці ўлады. Сяляне! Кіньце сварыцца! Арганізуйцеся ў Хаўрусы сялян! Ваш вораг ня сусед, а - бальшавік! Зноў турмы запоўнены сялянамі за падатак і інша падобнае! Зноў селянін павінен здымаць шапку прад савецкім панам і нясьці яму хабар! Далоў новых паноў-камуністых! Ня верце брахні камуністых! Яны вас ашукалі і далей будуць ашукваць!.. Нас сілком падзялілі. Адну частку Беларусі душаць польскія паны, а другую - маскоўскія бальшавікі! Нашаю пакутнаю працаю кормяцца ўсе! Далоў ашуканцаў! ...Далоў усіх нашых дармаедаў! ...Няхай жыве Вольная злучная Беларусь! Арганізуйцеся!» [1]
   За гэткую спрэс крамольную агітацыю Лістападу, як кіраўніку арганізацыі, пашчасціла атрымаць ажно пяць гадоў турэмнага зняволення... У менскай кватэры Якуба Коласа быў праведзены вобшук, а сам гаспадар быў выкліканы ў ГПУ і дапытаны таварышам Апанскім. Сярод іншых арыштавалі і Рыгора Казака (на той час ужо навучэнца Менскага педагагічнага тэхнікума), а таксама яго роднага брата Міколу Казака. У апошняга пры вобшуку пільнымі чэкістамі быў выяўлены часопіс «Наша слова» -- восемдзесят восем старонак непрыхаванай антысаветчыны. Было ўстаноўлена, што пад някідкім псеўданімам «Апавядальнік Алесь» у часопісе змясціў свае творы Рыгор Казак. Семнаццацігадовы Мікола Казак, не маючы аніякага ўяўлення пра канспірацыю ды іншыя змоўніцкія хітрасці, не схаваў ад «всевидящего глаза» і сшытак з вершамі брата «Юнацкія справы...».
   Пашанцавала дзецюкам -- ішоў 1925 г., і рэпрэсіўная машына толькi краналася з месца. Братоў неўзабаве выпусцілі, праўда, Міколу Казака паўторна арыштавалі ў 37-м, і далейшы лёс яго невядомы.
   Рыгор пасля заканчэння Белпедтэхнікума (а там выкладалі гэткія слынныя айчынныя навукоўцы, як браты Антон і Язэп Лёсікі, Якуб Колас, Міхайла Грамыка, матэматык Круталевіч, кампазітар Тэраўскі) быў пакліканы на вайсковую службу ў недалёкі Гомель. Малады кавалерыст Казак, як на поўным сур'ёзе сцвярджае былы аднапалчанін Рыгора пiсьменнік Раман Сабаленка ў сваіх фельетоністых успамінах, вельмі няўмела аб'язджаў гарачых чырвонаармейскiх коней, часта гупаўся вобзем, словам, «заўсёды быў пад канём» [2] і не меў аніякага права насіць гэткае зухаватае прозвішча. Магчыма, і сам Казак разумеў гэтую прыкрую неадпаведнасць і вырашыў падшукаць сабе падхадзяшчы псеўданім.
   Тут ён, на думку дасведчанага тлумача беларускіх прозвішчаў і актыўнага выкрывальніка «бебурнацаў» Сабаленкі, не памыліўся, бо не ракіта, не ясень, не васілёк, не крапіва і нават не шыпшына (крый Бог, гэта ж сымболь!), а менавіта «хісткая, ломкая, крохкая «Крушына» адпавядала яго сапраўднай сутнасці» [3]. Пісьменнік Раман Сабаленка ў выкрывальніцкім запале дэманструе зайздроснае веданне беларускай мовы, калі, згледзеўшы на старонках мюнхенскай газеты «Бацькаўшчына» вершы ды партрэт свайго старога знаёмца, імпэтна выгукае: «Жывы, аказваецца, курылка» [4]. I няўцям Раману-раманісту, што на той мове, якой ён прывык паслугоўвацца за пісьмовым сталом, вышэйзгаданая расейская ідыёма гучацьме трохі інакш, прыкладам: «Жыве наш тата і без свята».
   У 1930 г. у «кавалерыстаў-маладнякоўцаў» Крушыны, Ракіты і Палескага пры газеце «Гомельская праўда» выходзіць у свет зборнік вершаў «Разгон» -- адзін на трох.
   Неўзабаве «Маладняк» і сапраўды разагналі, і Рыгор Крушына апынуўся ў адзіным і маналітным Саюзе беларускіх пісьменнікаў, па падказцы і з дапамогай якога ў 1935 г. нібыта закончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі [5]. Слаўны савецкі кінематограф сама ўбіраўся ў сілу, як грымнула вайна...
   У час нямецкай акупацыі Рыгор Крушына зрэдку друкаваўся ў «Беларускай газэце», «Раніцы», «Беларускім работніку». Ведама, Сталінскую прэмiю па літаратуры па прыйсці бальшавiкоў Крушыну атрымаць за «супрацоўніцтва з фашыстамі» шанцаў не было аніякіх... Таму паэту нічога не заставалася, як задаволіцца лёсам выгнанца -- у 1944 г. падацца на эміграцыю.
   У Нямеччыне, у Беларускім Выдавецтве «Пагоня», у 1947 г. выходзяць у свет маленькай кнігібкай вершы Рыгора Крушыны пад сімвалічным назовам «Лебедзь чорная». У няпоўных сорак гадоў паэт са скрухаю прамаўляе:

   -- Друг Мой!
   -- Лебедзь чорная --
   Гэта ж нашае жыцьцё.
   Ў ноч бяззорную
   Мы -- апаўшае лісьцё
[6].

   «Лебедзь чорная» -- ці не самая настальгічная кніга паэта. Амаль у кожным вершы -- няўгойны боль за пакінутую і панявечаную вайною Бацькаўшчыну, безнадзейная туга па ёй і параскіданых па свеце суайчынніках:

   Мае выгнаныя браты
   Аж за хрыбтамі Гімалаю!
   Я вам пішу свае лісты
   Бяз маркі -- марай дасылаю
[7].

   У вершы «Крушына», які, дарэчы, потым неаднойчы перадрукоўваўся ў зборніках, паэт пры дапамозе празрыстай алегорыі паказвае, чым пагражае чалавеку адарванасць ад роднае зямлі. Дзікая крушына, перасаджаная з лясное глушэчы ў дэкаратыўны прыхатні садок, не прыжываецца на чужой зямлі. I ніякі садоўнік не здолее зрабіць адмысловы прышчэп, каб прымусіць яе гадаваць вартыя чалавечага ўжывання салодкія плады. 3 раслінай робіцца нешта адваротнае:

   Крушыне лес далёкі сьніцца,
   Нядоляй нудзіцца сваёй.
   I сьпеюць воўчыя чарніцы
   Яшчэ гарчэйшыя на ёй
[8].

   Дзіўна, як гэта «даследчаныя» савецкія крытыкі эміграцыйнай паэзіі абмінулі тыя «воўчыя чарніцы» ў сваіх крыклівых пісаннях. А момант быў зручны -- маўляў, з ваўкамі жыць -- па-воўчы выць...
   Рыгор Крушына ўжо і першай кнігай засведчыў надзвычайны лірызм свайго таленту, у яго няма гучных грамадзянскіх одаў, не злоўжывае ён ні публіцыстыкай, ні дэкларатыўнымі лозунгамі. На асноведзі беларускіх вершаў «Лебедзі чорнай» выдае на экзатычную пярліну паэма «Пэрсыдзкая легенда» (1946). Гэта гімн усемагутнай сіле чалавечага кахання, але адначасова і папярэджанне: творца, не паддавайся намовам уладных людзей. Паэма створаная паводле матываў старажытнаўсходніх паданняў, многія паэты пісалі на матыў выкарыстанага і Крушынам сюжэта (як прыклад, можна прыгадаць нядаўна выдадзены па-беларуску ўрывак з паэмы знакамітага Алішэра Наваі «Фархад і Шырын»).
   3 Нямеччыны Рыгор Крушына выэміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі, але неўзабаве вярнуўся і ў 50-60-я гг. часова пражываў у Нямеччыне, працуючы на радыёстанцыі «Свабода». Выступаў пад псеўданімам Кастусь Рамановіч. У мюнхенскім выдавецтве «Бацькаўшчына» ў 1957 г. выходзіць з друку ладны том Крушынавай паэзіі «Выбраныя творы», куды ўвайшло ўсё лепшае з напісанага за трыццаць гадоў творчае працы. Голас Крушыны набывае ўпэўненасці, паэт шчодра выкарыстоўвае сярод іншых паэтычных акрасаў моўныя сугуччы -- гэтак званы гукапіс -- для большай выразнасці: «І хустка расхутана, і кажушок, I сьмехам угрэтыя грудзі гарэзныя...» [9]. Крушына не цураецца дактылічнае рыфмы, якая ў сучасных беларускіх паэтаў не вельмі каб частая госця:

   Сабе дарогу песьняй сьцелячы,
   Шукаю родныя мэлёдыі.
   Уражаньне зь нью-ёрскай велічы
   Расьце, а лірай не валодае.
   Не, не натхніць мяне шум вуліцы,
   Сабвэю бразганьне зялезнае!
   Мур-камяніца ў неба сунецца,
   Як тая вежа велічэзная
[10].

   I нават ужыўшы зусім ужо рэдкую гіпердактылічную рыфму, Крушына без відочнай цяжкасці здольны датрымаць высокі ўзровень да канца:

   Прабягае дзе-нідзе
   Злосны вецер за аселіцаю.
   I зімы апошні дзень
   Апяваецца мяцеліцаю.
   I сівы мароз мастак
   Парасклаў на шыбе папараці.
   Кветкі сьнежныя, аднак,
   Заўтра кроплямі закапаеце...
[11]

   Кожны паэт стварае хваласпевы каханню, піша сваю запаветную песню, часам светлую і ўзвышаную, часам трагічную, але толькі адзінкі спрабуюць спаборнічаць з найвялікшай Кнігай -- Бібліяй, ствараючы свае Песні Песняў (крый Божа, не палічыце гэта блюзнерствам!). Ёсць свая «Песьня Песьняў Салямона» (1947) і ў Рыгора Крушыны. Цытаваць яе ў часопісе небяспечна -- можна захапіцца, у выніку чаго №8 «Роднага слова» атрымаўся б ці не задужа эратычным і яго можна было б прадаваць у падземных пераходах. Але я ўсё ж рызыкну і запрашу да супольнага чытання шаноўных настаўніцаў і настаўнікаў беларускай мовы, а насамперш чалавекаў, якіх мудрая маці-прырода надзяліла зайздроснай здольнасцю своеасаблівага бачання і ўспрымання Прыгажосці:

   О ты, любая красуня,
   ты прыгожая, бы мроя!
   I з-пад кудраў твае вочы
   галубовыя сьмяюцца;
   валасы твае, як быццам
   стада дзікіх коз зыходзіць
   з гор, зь вяршыні Галяадзкай;
   твае зубы, як атара
   гладка стрыжаных авечак,
   што выходзяць із купальні,
   дзе па два ягняці ў кожнай,
   і няма між іх бясплоднай...
   Ты, сястра, мая княгіня,
   сад зачынены, замкнёны,
   загароджаная студня,
   мураваная крыніца;
   гадунцы твае сягоньня --
   сад гранатаў, сьпелых яблык...
[12]

   Перапынім цытаванне, але не будзем унікаць блаславеннага настрою цара «Салямона», што раптове з'явіўся ў гэтых сціплых нататках -- перагорнем старонкі і зачытаемся выдатнай паэмай «Эротава іскрыпка» (1948). Увогуле, Рыгор Крушына -- адзін з вельмі нямногіх беларускіх паэтаў, хто не заплюшчваў сарамліва вочы перад эратычнай тэмай, а плённа і натхнёна распрацоўваў яе. (3 папярэднікаў можна прыгадаць хіба толькі Максіма Багдановіча з незакончанай нізкай вершаў «Эрас».) У не зусім зладжаным аркестры тагачаснай беларускай паэзіі, дзе пераважалi фанфарныя маршы з барабанным боем, дасканалая «Эротава іскрыпка» магла б весці выратавальнае эстэтычнае сола:

   Мой матылёчак залацісты,
   Краса рамонкавых лугоў!
   Табе нясу я слоў маністы,
   Даўгую занізь жамчугоў.
   I пад Эротаву іскрыпку
   Імправізую песьнятвор.
   Вулькан свой жар хаваў углыбку,
   А потым зрынуў на прастор.
   Я твой Вэзуві, ты -- Пампэя,
   Імпэтнай лявай абыйму,
   У позных прыцемках сагрэю
   I на вяршыню узьніму
[13].

   Са змешчаных у «Выбраных творах» шасці паэмаў (акрамя успомненых «Пэрсыдзкае легенды», «Песьні Песьняў Салямона» ды «Эротавай іскрыпкі» прыгадаем яшчэ «Кантату самотных», «Паэму пра вусны», «На руiнах пачуцьця») надзвычай удалым, завершаным творам бачыцца «Кантата самотных» (1951). Пісаная бездакорнай рансаравай страфой (Крушына ўвогуле выявіў сябе як адмысловы майстар формы, пра гэта скажацца пазней), яна вяртае чытачоў у той непамыслотны час, «Калі сялiбы-хутары Ўздымалі з дымам дагары» [14], «Калі чужынцы бралі хлеб, Паролi скрозь, шукалі дзе-б Знайсьці хоць зерне і забраць...» [15]. А на Радзiме «Чужыя людзі ловяць песьню, Каб у астрог яе загнаць» [16], і паэт вымушана «замыкаўся ў кляштар мой Таемна зь лірыкай нямой» [17]. Думаецца, «Кантата самотных» вартая не толькі паэтычнае анталогіі, але i школьнага падручніка. Дарэчы, у анталогіі «Бацькаўшчыны» «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955) ёй месца-такі знайшлося, а вось у айчынную «Тугу па Радзіме» (Мінск, 1992) укладальнік Б. Сачанка ўключыць гэты цікавы твор не палічыў патрэбным. Рыгору Крушыну ў «тужлівай» анталогіі адведзена ўсяго пятнаццаць старонак, хоць Крушына, як мяркуюць у Вашынгтоне, «быў адным з вядучых паэтаў на эміграцыі, выдаў 7 зборнікаў твораў і напісаў дзесяткі вершаў, якія яшчэ не ахоплены зборнікамі» [18].
   Жывучы ў Нямеччыне, а потым у ЗША (штат Вірджынія), Крушына шмат працуе, выдае адну за другой кнігі «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). У прадмове да кнігі «Сны і мары» паэт піша: «Паэзія -- спрадвеку прыхільніца прыгожага слова, прыбiраецца ў пышныя строі: мэтафары, алітэрацыі, багатыя рыфмы, арыгiнальны рытм. Паэзія мае і клясiчныя формы -- санэты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны. У беларускай лiтаратуры пачынальнікам гэтага жанру быў Максім Багдановіч. Пазьней беларускiя паэты (Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча і інш.) скарысталі часткова з гэтых формаў. Але шмат якiя формы паэзіі аж да гэтага часу засталiся някранутымі. Я пастараўся ў кнiзе «Сны і мары», паводле сваіх магчымасьцяў, даць прыклады ня толькі вышэйзгаданых, а і розных іншых формаў» [19].
   Чытаючы гэтую кнігу, не перастаеш здзіўляцца майстэрству, вынаходніцтву аўтара. Крушына ўводзіць у беларускую паэзію віды верша, якія, напрыклад, зусім не згадваюцца ў грунтоўным «Паэтычным слоўніку» В. Рагойшы (паліндром, туюг, канцона). У тым жа слоўніку (2 выд., 1987) сцвярджаецца, што сэкстына лірычная ў беларускай паэзіі адсутнічае [20]. У беларускай савецкай паэзіі адсутнічае, а ў Рыгора Крушыны ёсць! А вось узор нечуванага для беларускага прыгожага пісьменства твора -- паліндрома -- верша, які чытаецца аднолькава злева направа і справа налева:

   Я -- сіла. Маліся!
   Міла палім
   Тонкі кнот...
   Толам умалот.
   Я -- сіла. Маліся!
   На гару -- гураган.
   Ура! Зару --
   На барабан
[21].

   Нiхто з беларускіх паэтаў, акрамя Крушыны, не здолеў зарыфмаваць у адным чатырохрадкоўі ажно тры амонімы, стварыўшы гэтак званы туюг:

   Мне не з гарматы ўпустую паліць,
   А сэрцы людзкія словам паліць.
   Я адчуваю жыцьцё, разумею:
   Каб кветкі ня ссохлі - трэба паліць
[22].

   Стала займаючыся пісьменніцкай працай, Рыгор Крушына не цураўся і грамадскіх справаў. Так, калі ў 1951 г. у Новым Ёрку ствараўся Беларускі Інстытут навукі і мастацтва, паэт быў у ліку ста заснавальнікаў -- навукоўцаў, літаратараў, мастакоў. I нават рэдагаваў першы нумар Інстытуцкага часопіса «Конадні». Крушына быў адзіным ад Беларусі прадстаўніком у міжнародным пісьменніцкім ПЭН-Клубе.
   Ад невылечнай хваробы настальгіі Рыгор Крушына ратаваўся ў казачным шматколерным свеце сваёй паэзіі. У вершы «Сны i мары», што даў назву цэлай кнізе, паэт прызнаваўся: «Я жыў на акропалі казачных сноў, I мары мае над захмар'ем луналi» [23].
   Памёр Рыгор Крушына ў 1979 г., пахаваны на чужыне. I па сённяшні дзень застаецца ненадрукаванай апошняя кніга паэта «Рэквіем».
   
   1 Скаруліс С. Лістападаўская справа і Якуб Колас // Полымя. 1992. №11. -- С. 217.
   2 На задворках. Артыкулы, фельетоны, памфлеты. -- Мн., 1970. -- С. 167.
   3 Тамсама.
   4 Тамсама.
   5 Крыніца. 1992. №5-6. -- С. 56.
   6 Крушына Р. Лебедзь чорная. -- Беларускае Выдавецтва «Пагоня». 1947. -- С. 3.
   7 Тамсама. -- С. 5.
   8 Тамсама. -- С. 10.
   9 Крушына Р. Выбраныя творы. -- Мюнхен, 1957. -- С. 82.
   10 Тамсама. -- С. 39.
   11 Тамсама. -- С. 75.
   12 Тамсама. -- С. 123.
   13 Тамсама. -- С. 138.
   14 Тамсама. -- С. 155.
   15 Тамсама.
   16 Тамсама. -- С. 153.
   17 Тамсама. -- С. 154.
   18 Казак I. Пара ўсё ж перабудоўвацца... // Літаратура і мастацтва. 12-18 чэрвеня 1993 г.
   19 Крушына Р. Сны і мары. -- Ныо-Ёрк - Мюнхен, 1975. -- С. 5.
   20 Рагойша В. Паэтычны слоўнік. -- М., 1987. -- С. 371.
   21 Крушына Р. Сны i мары. -- С. 44.
   22 Тамсама. -- С. 84.
   23 Тамсама. -- С. 7.
   
   Аўтар дзякуе Э. Акуліну і М. Казлоўскаму за падказаныя звесткі з біяграфіі Р. Крушыны, выкарыстаныя ў нататках.

   
Часапiс "Роднае слова" / "Беларуская мова i лiтаратура ў школе", №8 (1993?)

                                                     Аўтарская арфаграфiя захаваная. -- Кум


  Назад на старонку Кума       Творы Рыгора Крушыны