Станiслаў Лем
 
Станiслаў Лем
Адвярнуўшыся ад будучынi
 
 
Iнтэрвiю для часапiсу "Focus"
(No. 25/1999, 21 чэрвеня)
 

Зусiм скептычна ставiцца Станiслаў Лем, польскi футуроляг i фантаст, да тэхнiчнага прагрэсу нашых часоў...
Focus:
Пане Лем, чатыры дзесяцiгодзьдзi таму Вы прадказалi вынаходзтвы, якiя сёньня сталiся яваю i натуральным чынам вызначаюць профiль нашага часу: iнтэрнэт, вiртуальную рэальнасьць i бiятэхналёгiю. Цi праўда, што Вы толькi нядаўна падключылiся да Iнтэрнэту?
Лем:
Я доўга гэтаму працiвiўся... Па дурноце сваёй я апублiкаваў свой электронны адрас, i цяпер увесь час атрымлiваю лiсты. Аўтар аднаго зь iх просiць прыслаць два мае каляровыя партрэты -- адзiн з аўтографам для ягонае ўласнае калекцыi, а другi дзеля абмену на партрэт лепшага пiсьменьнiка... Я спарадзiў сабе кошык на паперы, да якога iдуць усе такiя просьбы, бо я ж не кiназорка!
Focus:
Але ж Iнтэрнэт, як здавалася б, павiнен прыносiць Вам задавальненьне, бо Вы ў нейкiм сэнсе зьяўляецеся яго вынаходцам!
Лем:
Так, у 1954 годзе я напiсаў, што адбудзецца, калi зьвязаць памiж сабою два кампутары.
Focus:
I Вы задаволеныя сваёю iдэяй?
Лем:
У сусьветнай iнфармацыйнай плынi 99 адсоткаў зьяўляецца звычайным сьмецьцем... I гэта тыповая канстэляцыя чалавечага мысьленьня.
Focus:
А цi ёсьць iншыя вынаходнiцтвы, народжаныя Вашай фантазiяй, якiя сёньня ажыцьцявiлiся?
Лем:
Так, вiртуальная рэальнасьць, або кiбэрпрастора. 36 год таму я назваў яе фантаматыкай.
Focus: Што значыць "iнфармацыя"?
Лем: Да мiнулага тыдня я ведаў, што такое iнфармацыя: гэта канфiгурацыя элемэнтаў. Але потым прачытаў, што нават да "Вялiкае эксплёзii" i пачатку расшырэньня касьмiчнае прасторы iнфармацыя павiнна была iснаваць у чыстым выглядзе... Не магу сказаць, праўда гэта цi не.
Focus: Цi чакае нас татальная iнфармацыйная эра?
Лем:

Гэта, у першую чаргу, проста модная тэма.

Focus: Велiзарная колькасьць разнастайнае iнфармацыi, якая нам усё больш даступная, да таго ж амаль iмгненна...
Лем: Гэта шкодна, калi мы на працягу некалькiх сэкунд даведваемся, што адбываецца зараз на Тайванi, у Кiтаi цi яшчэ Бог ведае дзе. Мне здаецца, што ваганьнi курсаў i непакой на бiржах часткова тлумачацца залiшне хуткiм рухам iнфармацыi.
Focus: Цi не паўстае з разьвiцьцём глябальнае iнфармацыйнае сеткi "Вялiкi брат" Оруэла? Зараз ужо магчыма здабыць асабiстую iнфармацыю з самага маленькага файла на нечыiм пэрсанальным кампутары...
Лем: Гэта злачынства.
Focus: Але гэта мажлiва. Хакеры ўжо не толькi атрымоўвалi грошы з чужых контаў, але i загадвалi амэрыканскiм вайсковым караблям зьмяняць курс.
Лем: Што немагчыма сёньня, заўтра робiцца крыху больш мажлiвым...
Focus: Што Вы яшчэ прадбачылi, як спэцыялiст па прароцтвах?
Лем: Я прадказаў бiятэхналёгiю. Прычым я ведаў, што людзi будуць рабiць генiяльныя адкрыцьцi i вынаходзтвы, але ў той жа час i выкарыстоўваць iх дзеля благiх мэтаў. Кнiгу пра будучыню я закончыў словамi: "Наша этнiчная мова прыгодная толькi да таго, каб распрацоўваць фiлязофскiя сiстэмы. Але генэтычная мова храмасомаў ужо парадзiла самiх фiлёзафаў. Вось што трэба было скрасьцi ў прыроды. Ключом тут зьяўляецца слова генэтычнага коду. Мы клянуем авечак, цялят, хутка будзем i людзей -- гэта трэба перацярпець. Таму што тэхнiчны прагрэс ёсьць незалежная пераменная цывiлiзацыi. Тэмп яго паскараецца, цяжка сказаць, чаму."
Focus: А хiба Вы не прадбачылi гэтага паскарэньня?
Лем: Не. Таму што раней я быў бадай што песымiстам. Усё зьмяняецца з такiм iмпэтам, якога нiхто не жадае. Але ўсе працуюць над тым, каб зьмены адбывалiся яшчэ хутчэй.
Focus: Якiя былi Вашы канчатковыя высновы?
Лем: Чалавечая iстота збудаваная даволi добра, але функцыянаваць можа ня вельмi доўга -- толькi 70-80 год. Але гэта ўсё ж лепш, чым аўтамабiль. Машыну, якой дванаццаць, чатырнаццаць гадоў, пара ўжо здаваць на злом. Таму ў мяне зьявiлiся iдэi, якiя сёньня ў бiятэхналёгii ўжо лiчацца нечым вiдавочным.
Focus: У канцы шляху знаходзiцца неўмiручасьць?
Лем: Божа баранi. Неўмiручасьць -- ня што iншае, як прадаўжэньне старасьцi. Мне 78 год, гэта вельмi сумна. Мы збудаваныя так, што ня можам вечна заставацца ва ўзросьце памiж 30 i 40 гадамi. Тэарэтычна ўжо можна было б зрабiць тое-сёе... скажам, дадатковае сэрца, з дапамогаю генэтыкi. Калi маеш дзьве ныркi, можна ўявiць сабе i два сэрцы.
Focus: А як абстаяць справы з штучным мозгам?
Лем: Гэта ўсё лухта! Наш мозг важыць у сярэднiм добрых паўтара кiляграмы. I нягледзячы на гэта, бальшыня людзкасьцi духоўна недаразьвiтая. Трэба было б зрабiць яшчэ вельмi i вельмi шмат, каб вытрываць побач з чалавекам. Гэта прыкладна так, як калi б Вы былi вымушаныя ўсё сваё жыцьцё iснаваць сярод трох-чатырохгадовых дзяцей. Цi ж гэта не кашмар? Ад iхнай балбатнi можна звар'яцець. Сьвет можа iснаваць бяз анiякага натуральнага цi штучнага розуму.
Focus: Што стрымлiвае сёньня фантаста Лема ад заваёвы далёкiх сусьветаў?
Лем: А навошта? На Венеры пануюць варункi намнога больш непрыемныя, чым у глыбiнi Зямлi. Дажджы з сернае кiслаты, 90 атмасфэраў цiску. Марс -- гэта пустка. Магчыма, i нядрэнна для палiтыкаў у якасьцi новага ГУЛАГа... У Сонечнай сiстэме няма нiчога. А дзе яшчэ -- дык гэта тысячагодзьдзi i тысячагодзьдзi. Хто павiнны ляцець туды, зь якою мэтай?
Добра вядома, што калi ёсьць дзе-небудзь штосьцi iдыятычнае, дык заўсёды знойдуцца добраахвотнiкi, якiя захочуць адразу ж гэта ажыцьцявiць.
Focus: Вы маеце на ўвазе "Star Trek", "Касьмiчны карабель Энтэрпрайз" i "Вояджэр"?
Лем: Гэтыя фiльмы перапоўненыя такою лухтой, што ў чалавека аж дух займае. Каб зрабiць гэткую выснову, не патрэбна быць фiзыкам. Сусьвет настолькi вялiкi, што кожная бязглузьдзiца знаходзiць у iм нейкае мейсца.
Focus: Як Вы ацэньваеце плянуемую адмову нямецкага ўраду ад ядзернай энэргii?
Лем: I чым жа гэты ўрад заткне энэргетычную дзiрку, што непазьбежна паўстане, калi будуць спыненыя 19 ядзерных электрастанцыяў? Гэта няпростая справа. Тое, што прапануюць канцлер Шродэр i мiнiстр Трыцiн, быццам разьлiчана на маленькiх дзяцей. Сонечная энэргiя, ветраныя колы, прыродны газ i вадзяная пара. Дык вадзяную пару спачатку трэба вытварыць. Мiж iншым, з таго ж газу. А прыродны газ, калi згарае, ператвараецца ў вуглякiслы, што, у сваю чаргу, шкодна для навакольнага асяроддзя... Пры пераходзе на газ узьнiкае небясьпека палiтычнага цiску з боку тых, хто гэты газ прадае.
Гэта чыста палiтычнае рашэньне, а нiякае не эканамiчнае. Яно нагадвае мне тыя часы, калi нямецкiя прафэсары сядзелi заднiцамi на асфальце, каб заблякаваць амэрыканскiя апорныя пункты.
Focus: I якi Ваш далейшы прагноз?
Лем: Праграма чырвона-зялёнага ўраду лопне, як мыльная бурбалка. Не адразу -- ня сёньня i не праз тыдзень, але ж у час iхнага цяперашняга праўленьня.
Focus: Што яшчэ Вы прадкажаце пра палiтыку?
Лем: Мне здаецца, ў палiтыцы настала нейкае ўсеагульнае звар'яценьне. Дзяржаўных дзеячоў калiбру Адэнаўэра цi дэ Голя проста больш няма. Ёсьць толькi клоўны размаiтых фарматаў. Клоўны, якiя ўмеюць доўга i добра гаварыць, i такiя, якiя ня ўмеюць. Вазьмiце Ельцына. Цi ў яго проста ня ўсе дома, цi залiшне крывi ў мозгу, цi залiшне алкаголю ў целе.
Focus: Але ж Вы i зласьлiвец... Iншая тэма: Вы б хацелi, каб зьявiлася нейкая новая зброя?
Лем: Было б варта пажадаць стварыць што-небудзь такое, што змагло б абясшкодзiць запасы плутонiю ў былым Савецкiм Саюзе, якое-небудзь выпраменьваньне.
Focus: I гэта не фантастыка?
Лем: Каля Кольскага паўвострава, на Крайняй Поўначы, ляжыць на дне шмат велiзарных, вырабленых з тытану падводных лодак, якiя пакрысе iржавеюць. Усе яны маюць ядзерную зброю. У параўнаньнi з гэтым нямецкiя транспарты ядзернае зброi -- ня больш чым запалкi.
Focus: Чаго Вы баiцёся?
Лем: Я ўжо занадта стары, каб баяцца. Калi б я быў гадоў на 30 маладзейшы, я шукаў бы сабе мейсца для эмiграцыi. Але ж больш няма такiх мясьцiнаў, дзе можна адчуваць сябе ў поўнi спакою. Людзi, як мiкробы на паверхнi яблыка. А ад прыродных катастрофаў можна, у найлепшым выпадку, толькi застрахавацца.
Focus: Чаго Вы яшчэ чакаеце ад жыцьця?
Лем: У мяне ёсьць усё, што мне патрэбна.
Focus: Чым Вы зараз займаецеся?
Лем: Акупунктураю тых паветраных балёнаў, якiя павiнны знаходзiцца ў некалькiх кроках ад штучнага розуму.
Focus: Гэта тое, што Вы калiсьцi апiсалi як "гадоўлю iнфармацыi"?
Лем: Ад гэтае магчымасьцi мы яшчэ далёка, далей нават, чым я гэта ўяўляў сабе 50 год таму. Я таксама не веру, што мы пачуем што-небудзь аб гэтым у наступныя 100 год -- ну можа толькi са старонак навуковае фантастыкi.
Focus: Якое Вы ня пiшаце ўжо на працягу дзесяцiгодзьдзя.
Лем: Няма "каралеўскага шляху" да гэтага iнфармацыйнага патоку. Я не хачу сказаць, што гадоўля iнфармацыi немагчымая. Але ажыцьцявiць яе будзе значна цяжэй, чым мне здавалася многа гадоў таму. Акрамя таго, перада мною ўсё часьцей паўстае пытаньне: навошта нам патрэбная гэтая гадоўля iнфармацыi, дзе мы зможам яе клянаваць. Тут iснуюць, вядома, перашкоды этнiчна-маральнага паходжаньня, рэлiгiйнае натуры дый iншыя. I гэта толькi пазатэхнiчныя перашкоды.
Калi больш за дзьвесьце год таму ў неба ўзьнялiся паветраныя балёны братоў Мангальф'е, таксама яшчэ нiхто нiчога ня ведаў пра рэактыўных гiгантаў, што сёньня на вялiкай вышынi лётаюць над Атлантыкай.
Focus: Як на самой справе складваюцца Вашыя адносiны з будучыняй?
Лем: Я ведаю даволi дакладна, што тут, у Цэнтральнай Эўропе, значыцца, недзе ў Польшчы цi Нямеччыне, усяго праз тры з паловаю мiльёны гадоў будзе знаходзiцца Паўночны полюс. Зусiм дакладна я ведаю, што ўжо праз 4,5 мiльярда гадоў наша Сонца пагасьне i ператворыцца ў "чырвонага гiганта". Усе акiяны выпаруюць, i прыйдзе канец сьвету.
Чым далей мы зазiраем, тым больш дакладныя можна рабiць прадказаньнi.
Focus: Але што ж будзе заўтра?
Лем: Ня ведаю. Так ужо створаны гэты сьвет, i стварыў яго не я. 

  Размаўляў Райнэр ШМIЦ
Пераклад зь нямецкае Кума.

46 кнiг Лема выйшлi на 32 мовах агульным накладам 27 мiльёнаў асобнiкаў

 

  Назад на старонку Кума...