![]() Сьцяг Беларускае Народнае Рэспублiкi | Да ўгодкаў абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублiкi (25 сакавiка 1918 г.) Алесь ЗМАГАР 25 САКАВIК |
|
| Ідэя незалежнасьці Беларускага народу зарадзілася гэтак даўно, як даўно жыве Беларускі народ. Яшчэ ў глыбокія часы сівое мінуўшчыны, калі нашы продкі называліся крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі, вяцічамі, северанамі, дзераўлянамі -- вольны дух незалежнасьці высока лунаў над іхнымі аселішчамі. Толькі пасьмеў зьявіцца адкуль-небудзь вораг, як дружна хапаліся яны за зброю і адважна выходзілі насустрач. Але, калі варожыя сілы былі куды большыя і ў адчыненай бойцы перамагчы іх нашыя продкі не маглі, то яны зварочваліся за дапамогаю да сваіх верных хаўрусьнікаў -- лясных пушчаў. Спрытна хаваючыся ў непралазных нетрах, яны пільна сачылі за кожным крокам ворага і ў спрыяльны момант раптоўным ударам зьнішчалі варожыя сілы. I перадалі нашыя продкі сваім нашчадкам сьвяты запавет, запавет у крывавых бойках бараніць незалежнасьць свае дарагое Радзімы. I сьмела выходзілі ратныя людзі наперад. Не адну слаўную балонку ў гісторыю Беларусі ўнесьлі імёны Полацкіх князёў: Рагвалода, Рагнеды, Ізяслава, Брачыслава і асабліва спрытнага, разумнага і далёка за межы славутага князя Усяслава Вялікага, празванага ў народзе Чарадзеем. Колькі казак, колькі лягэнд склаў Беларускі народ, праслаўляючы свайго любімага князя. Зь імям Усяслава Чарадзея зьвязана выдатная эпоха гэроікі, славы й магутнасьці нашае Краіны. Не адну слаўную балонку ў гісторыю нашае Краіны ўпісаў і Наваградзкі князь Міндаўг, які ў 1236 г.разьбіў пад Шаўлямі мечаносцаў, а ў 1249 г. -- татарскага хана Койдана. Зброяй ратавалі сваю самастойнасьць нашыя продкі, не дапускалі ворага зьдзекавацца над роднай старонкай. I ня дзіва, што, нават, грозныя сваёй дзікасьцю татарскія орды, хутка паняволіўшы Масковію і Кіеўскую Русь, ня здолелі паняволіць нашае Бацькаўшчыны. Балонкі славы, гэроікі й магутнасьці ў гісторыю нашае Краіны ўпісалі й Віленскія князі: Гедымін, які злучыў ня толькі Беларускія землі, але заваяваў і частку Украінскіх ды, амаль, усе Літоўскія, Альгерд, які да Маскоўскіх сьценаў сваю дзіду прыстаўляў, вымушаючы маскалёў падпісаць выгадны мір для Вялікага Княства Літоўскага, як у той час называлася Беларусь, перасоўваючы граніцу па Мажайск і Каломну. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела, Слава далёка за мора ішла, Ворага кожны за плечы браў сьмела, Цемра чужынцаў ня страшна была... ("Над Нёмнам" -- Я.Купала). Балонкі славы ў гісторыю Беларусі ўпісалі Вітаўт і іншыя князі, у крывавых змаганьнях баронячы волю і незалежнасьць роднае Краіны. Славутая бойка нашага гэтмана Канстантына Астроскага з маскоўскiм войскам пад Воршаю і да апошняга часу апяваецца Беларускім народам. Сталі хлопцы-пяцігорцы Каля рэчкі на прыгорцы: Гучаць разам з самапалаў, Зь сяміпалых ад запалаў. Б'юць паўсоткаю з гарматаў. Масква стала наракаці, Места Воршу пакідаці... Буйныя перамогі гэтмана Астроскага, як над маскоўцамі, гэтак і над іхнымі хаўрусьнікамі татарамі, ўпісалі новыя балонкі гэроiкі ў гісторыю змаганьня за незалежнасьць нашага Краю. А змагацца было за што. Яшчэ з часоў Чарадзеевай унучкі Прадславы -- Афрасіні Полацкай, стараннай перапішчыцы кніг, з часоў высокага вучонага філёзафа Кліма Смаляціча, з часоў гэніяльнага пісьменьніка і надзвычайнага хараства красамоўцы, празванага Новым Залатавустам -- Кірылы Тураўскага, з часоў выдатнага культурнага дзеяча, пісьменьніка й маляра Аўрама Смаленскага ды іншых таленавітых людзей нашае Бацькаўшчыны засталася вялікай каштоўнасьці культурная спадчына. Асабліва значным дасягненьнем ў галіне разьвіцьця народнай культуры уважаецца друкаванае слова. I наш 1-шы беларускі друкар, вучоны доктар Францішак Скарына, у 1517 г. надрукаваў у Празе Чэскай першую ў беларускай мове друкаваную кніжку -- Псальтыр. Зрабіўшы даступным для простага люду друкаванае слова (псальтыр прызначаўся для навучаньня грамаце дзяцей), вучоны доктар Фр. Скарына ў працягу 1517-1519 гг. выдае 22 кніжкі Старога Запавету. Біблія Фр. Скарыны была першай друкаванай бібліяй на ўсходзе славянства. У гісторыі сусьветнай друкаванай кнігі гэта была трэйцяя кніга ў мове народу, для якога яна прызначалася. 1-й была надрукована нямецкая біблія (1445), 2-й чэская (1488), 3-й беларуская (1517-1519 гг.) Праславіўшы беларускую культуру на чужыне, вучоны Д-р Ф. Скарына варочаецца на Бацькаўшчыну і ў 1525 г. закладае ў Вільні беларускую друкарню. У хуткім часе адчыняюцца друкарскія філіі ў Полацку, Менску, Магілёве, Несьвіжы, Заслаўі, Слуцку, Любічах, Пінску, Заблудаве, Еўі, Горадні, Супрасьлі, Куцелянску, Буйніцку і іншых местах. Беларускія кнігі шырока разыходзяцца ня толькі на Беларусі, але і на Украіне, Масковіі, у паўдзённых славян і, нават, у заходня-эўрапейскіх дзяржавах. Беларуская мова пануе ня толькі на вёсках, але і ў сьвятынях, урадах, літаратуры, княжых замках. Беларуская мова становіцца дыпляматычнай на ўсём усходзе Эўропы. Панам быў дома і слаўным за домам Мой патаптаны сягоньня народ; Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход... У 1529 г. выдаецца ў беларускай мове "Літоўскі Статут", а ў 1588 г. "Літ. Ст." выдаецца друкам. У яго апошняй рэдакцыі выдатную ролю адыграў наш Вялікі Канцлер Леў Сапега. Дзякуючы яго хітрай дыпляматыі ў "Літоўскі Статут" ня было зьмешчана ані Акту Люблінскай вуніі, па якому Вялікае Літоўскае (Беларускае) Княства і Польшча ў 1569 г. злучаліся ў "непадзельнае цэлае", ані якой-небудзь іншай, нявыгаднай для Беларускага княства, умовы. Гэтым юрыдычна ўняважвалася сіла Акту Люблінскае вуніі. Адначасна "Літоўскі Статут" абавязваў ужываць беларускую мову ўва ўсіх земскіх урадах Вялікага Літоўскага Княства, як у той час называлася нашая бацькаўшчына Беларусь. Гэтым забясьпечваліся надалей правы беларускае мовы, што было вельмі важна ў культурным разьвіцьці беларускага народу. Друкарскую дзейнасьць Д-ра Ф. Скарыны працягваюць беларускія пісьменьнікі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і шэраг беларускіх магнатаў, як князі Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Валовічы і іншыя, якія ў сваіх дварох адчыняюць друкарні. Друкуюцца розныя школьныя падручнікі, граматыкі, лемантары, слоўнікі. Асаблівай увагі заслугоўвае граматыка Лаўрэна Зізанія (Вільня 1596 г.) i Малета Сматрыцкага (Iўе 1616), а таксама "Лексіс" Зізанія і "Слоўнік" Палевы Барынды (1627). Беларуская культура дасягае такой вышыні, што Маскоўскі цар Аляксей, каб павысіць асьвету ў сваёй дзяржаве, запрасіў беларускага вучонага Сымона Полацкага ў Маскву. У 1634 г. памёр наш Вялікі Канцлер Леў Сапега. Зь яго сьмерцьцю Вялікне Княства Літоўскае страціла аднаго з выдатных абаронцаў беларускае мовы, культуры і нацыянальнасьці. Большая частка беларускіх магнатаў і шляхты, паквапіўшыся на розныя асабістыя прывілеі, здрадзіла беларускаму народу і пачала палянізавацца. Беларускае палітычнае жыцьцё і культура заняпадае, бо ... час прамінуў і нядоля На народ, як-бы камень, звалілась, Беларуская слава і воля Адыйшла, адцьвіла, закацілась... (А.Гарун) Здрадзілі магнаты сваёй нацыянальнасьці, свайму народу. Але не загінуў беларускі народ. Нават, будучы пазбаўлены інтэлігэнцыі, ён рашуча выступае ў абарону свае веры, культуры, звычая, свае незалежнасьцi. Па ўсёй Краіне шырока разьліваюцца народныя паўстаньні. Адзьдзелы Нябабы, Няпаліча, Хвеські, Крывашапкі, Гаркуша й Міхненкі авалодваюць местамі й ваколіцамі Гомеля, Лоева, Брагіна, Мозыра, Турава, Чэрыкава, Магілёва й Бабруйска. Некалькі верных беларускаму народу магнатаў пробуюць выкарыстаць міжнародную абстаноўку і адрадзіць Вялікае Беларуска-Літоўскае Княства. У 1655 г. Польшча пачала вайну са Швэцыяй. Ян Радзівіл выступіў супроць Польшчы, але, нажаль, у часе змаганьня загінуў. Пасьля Яна Радзівіла спробу вызваліць з-пад Польшчы свой Край робіць беларускі магнат гэтман Павал Сапега. Ён мяркаваў выкарыстаць вайну Польшчы з Турцыяй, але, нажаль, і гэта спроба не ўдалася. Аднак, як народныя паўстаньні, гэтак і спробы князя Яна Радзівіла і гэтмана Паўла Сапегі вызваліць беларускі народ з-пад польскае апекі і стварыць вольную беларускую дзяржаву зьяўляюцца яркім довадам жывучасьці ідэі Незалежнасьці Беларускае Дзяржавы. Час мінае і ўсё больш і больш узмацняецца палянізацыя. Польскія соймы намагаюцца зьнішчыць беларускую мову, абрады, звычаі, культуру, зусім падняволіць Край, спалянізаваць народ. Забараняецца ужываць беларускую мову ўва ўрадах, судах і іншых установах. Неразумная палітыка польскага ўраду давяла да трох падзелаў Рэчы Паспалітай, вынікам чаго Беларусь апынулася пад ботам новага акупанта -- Расеі. Ужо пасьля 2-га падзелу (1793) Масква забараніла беларускія законадаўчыя ворганы, беларускае войска і беларускія грошы. Забараніла карыстацца Літоўскім Статутам, пазбавіла месты самаўрадаў, у беларускіх святынях забараніла чытаць казаньні ў роднай мове. Паншчына ўзмацняецца. Зачыняюцца Беларускія Навучальныя Установы, беларуская інтэлігэнцыя або высылаецца з роднага Краю, або пазбаўляецца працы. Беларускія школы ліквідуюцца, беларускія кнігі бязжаласна нішчацца. Цераз чужацкія школы, сьвятароў, прэсу ды іншыя сродкі Маскоўскі ўрад робіць намаганьні адарваць беларускіх дзетак ад роднага, бацькаўскага ды выхаваць на здраднікаў Радзімы. 3 горыччу піша аб гэтым наш пісьменьні Алесь Гарун: Сьветлы розум твой, брат, але дзетак Ад цябе, як і ўсё, адабралі I на бацькаўскі родны палетак Працаваць-памагаць ня пушчалі... (А.Гарун) Маскоўскі акупант пачынае спадзявацца, што беларускі народ хутка асымілюецца ў расейскі або польскі. Ды ня лёгка накінуць чужацкія ланцугі на душу беларускага народу. Народ жыве, а зь ім жыве і найкаштоўнейшы скарб яго: беларуская мова, звычаі, абрады, песьні, беларуская народная культура. Народ жыве. Паўстаюць новыя хвабрыкі дываноў, гобэлінаў і "Слуцкіх Паясоў". Каляровыя, шоўкавыя, ператканыя сярэбранымі і залатымі ніцямі, "Слуцкія Паясы" набылі сабе сусьветную славу. Нараджаецца новая інтэлігэнцыя. У беларускай літаратуры зьяўляюцца імёны Вінцуся Равенскага, Яна Баршчэўскага, Яна Чэчата, Францішка Савіча, Аляксандара Рыпінскага, Паўлюка Бахрыма, Вінцука Дунін-Марцынкевіча. На мейсца зьнішчаных беларускіх кніжак друкуюцца новыя. Беларусь нараджае новых сыноў, якім дарагая мінулая воля й слава Бацькаўшчыны, сыноў-змагароў за землю, за праўду, за незалежнасьць. Нараджаюцца Кастусь Каліноўскі і Фр. Багушэвіч. Апрануўшыся ў сялянскую сьвітку, Каліноўскі ідзе ў народ і заклікае сялянскі люд на змаганьне супроць расейскага царызму і польскіх паноў -- прыгнятальнікаў Беларускага народу. У 1862 г. у Беластоку К. Каліноўскі закладае нелегальную друкарню і пачынае выдаваць нелягальны беларускі час. "Мужыцкую Праўду". I паліліся гарачыя словы, глыбока западаючы ў сэрца мужыка-беларуса: "О, загрыміць нашая праўда і, як маланка, праляціць па сьвеце. Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а зьдзірства і глуму нашага хочуць"... (М.П. №1) "Станьма-ж дружна, разам за нашую вольнасьць!"... (М.П. №7) I народ паўстаў. Ды мацнейшыя былі сілы рэакцыі. Ранены ў час баёў Фр. Багушэвіч перахоўваецца ў сялян. Кастусь Каліноўскі схоплены і ўкінуты ў вязьніцу, дзе, чакаючы сьмяротнае кары, прасядзеў некалькі месяцаў. Але ніякія зьдзекі не змаглі зламаць яго цьвёрдай веры ў сьветлую будучыню Беларускага народу. Нават, перад сьмерцьцю ён не пакідае думаць аб вызвольным змаганьні і 2-ма лістамі, высланымі з вязьніцы, заклікае народ да далейшай барацьбы: "3-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду... Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе". 10 сакавіка 1864 г. Кастусь Каліноўскі быў пакараны расейскай тыраніяй на сьмерць. Пачалося жорсткае перасьледваньне ўдзельнікаў паўстаньня. Нацыянальны і сацыяльны гнёт узмацняецца. Урады, царкву, школы, і наагул, усе ўстановы расейскі ўрад абсаджвае сваімі людзьмі і пачынаецца сыстэматычная жудасная русыфікацыя нашае старонкі -- Беларусі. Некаторыя расейскія навукоўцы дайшлі да такое бязглузьдзіцы, што пачалі рабіць спробы доказаў, праўда, неабгрунтованыя, быццам Беларускай Дзяржавы ніколі не існавала, а беларуская мова, ад якой яны-ж самі навучаліся ў Сымона Полацкага, ёсьць мова мужыцкая, някультурная. Расейскія настаўнікі туманяць нашу моладзь, забіваюць голавы самадзяржаўнай маною, беспрасьветнаю заслонаю зацяняюць нашую слаўную мінуўшчыну. Робіцца ўсё, каб Беларускі народ не аджыў. Але ніякая сіла ня можа зьнішчыць ідэі Народнае Волі. 1 сакавіка 1881 г. Ігнат Грынявіцкі кідае бомбу ў расейскага цара Аляксандара ІІ. Гэта была помста расейскаму манарху за сьмерць Каліноўскага, за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за ўсе зьдзекі, што давялося цярпець беларускаму народу ад маскоўскага панаваньня. I хоць загінуў Каліноўскі, загінуў Грынявіцкі, ды ня спынілася вызвольнае змаганьне. Зычней і зычней гучаць галасы адраджэньня, заклікаючы любіць і шанаваць сваю мову, звычаі, культуру, пазнаць самаго сябе, свой народ. У сваіх надзвычайных прадмовах да зб. вершаў "Дудка Беларуская" і "Смык Беларускі" Фр. Багушэвіч зварочвае ўвагу на аграмаднае значэньне мовы ў жыцьці народу. Ён кажа, што нашая мова для нас ёсьць ня мужыцкая, а сьвятая, ад Бога даная. Трэба моцна трымацца свае мовы, бо мова гэта душа народу, і калі народ страціць сваю мову, дык гэты народ загіне. Адначасна з Багушэвічам на ніве Адраджэньня працавалі Ян Няслухоўскі, Адам Гурыновіч, Аляксандар Ельскі ды інш. Цяжка адбіваецца на разьвіцьці беларускае літаратуры забарона беларускага друку. Шмат каму даводзілася пісаць і распаўсюджваць свае творы ў рукапісах. Ды ня гледзячы на цяжкасьці, кожны стараўся ўкласьці сваю дзель у скарбніцу белару-скае літаратуры. I Ялеш Франціш Вуль, і Ю. Ляскоўскі, і Н. Караткевіч, і Ф. Танчэўскі з Віцебшчыны, і Альгерд Абуховіч із Случчыны, і Апанас Кісель з Магілёўшчыны, і Ян Шамет з Полаччыны. Шырокую дзейнасьць на ніве Адраджэньня разгарнуў Карусь Каганец -- паэта, пісьменьнік, маляр і нацыянальны дзеяч. Беларускім пытаньнем пачынаюць цікавіцца і навукоўцы. Зьяўляецца надта каштоўная навуковая праца праф. Карскага "Белрусы", працы знаных прафэсароў Доўнар-Запольскага, Эпімах-Шыпілы, Лібаўскага, Пічэты i iнш. У местах Варшаве, Пецярбурзе, Маскве, Кіяве, Харкаве, Адэсе і Кракаве беларуская моладзь арганізоўваецца ў гурткі. У 1902 г. у Менску паўстае Беларуская Рэвалюцыйная Грамада і шэраг іншых партыяў. Высоўваюцца новыя дзеячы: Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алёіза Пашкевічанка (Цётка). Выдаецца нелегальны час. "Свабода". I Беларусы зноў ажываюць. Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны, Раз хочуць сонца, славы, песьні; Заб'юць ім зычныя званы Прабудным звонам на прадвесьні. (Янка Купала). Незадаваленьне царскай палітыкай нарастае ўсё больш і больш, пачынаючы прымаць пагрозьлівыя хвормы. Наляканы расейскі цар мусіў ісьці на ўступкі і ў 1905 г.выдаць маніфэст наконт рэлігійнай вольнасьці і грамадзкіх свабод. Выкарыстоўваючы ўсялякія магчымасьці, беларусы пачынаюць выдаваць у Вільні газ. "Наша Доля". На 6-м № яна была забаронена, але на яе мейсца пачала выходзіць "Наша Ніва". Ня гледзячы на тое, што яна існавала толькі да 1915 г., яе роля ў адраджэньні Беларускага народу была надзвычайная. Яна парадзіла магутных волатаў беларускага пісьменства Янку Купалу і Якуба Коласа. Яна дала нам пісьменьнікаў-празаікаў Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Цішку Гартнага, Максіма Гарэцкага, Каруся Каганца, Алеізу Цётку. Яна дала драматургаў У. Галубка і Ф.Аляхновіча, гумарыстых Ядвігіна Ш. і Паўловіча. Яна выхавала вялікіх мастакоў слова Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулю, яна ўзгадавала нам пісьменьніцу каханьня -- Канстанцыю Буйла. Яна адыграла вялізарнае значэньне ў адраджэньні Беларускага народу, які пасьля векавога гнёту зноў пачаў разумець, што і ён ня горшы за іншыя народы, што і ён, як і другія народы, хоча "людзьмі звацца". Нараджаецца новы чалавек, барацьбіт за нацыянальнае Адраджэньне, які з гонарам сьпявае сваю вольную песьню: Напрасна сьвістамі нагаек Застрашыць хочуць тыраны Нагнаўшы соцень чорных шаек Закулі рукі ў кайданы. Душой я -- вольны чалавек I гэткім буду цэлы век... (Янка Купала) Пачынаецца І-я Сусьветная вайна. I Беларускі народ мусiць пакутаваць за чужыя інтарэсы. Беларусь рэжацца на акопы, насельніцтва выганяецца ў бежанцы, інтэлігэнцыя расьцярушваецца ў расейскім войску і праца выдавецтваў, і розных арганізацыяў спыняецца. Працуе толькі Беларускі Камітэт Пацярпеўшым ад Вайны ды некалькі паходных Бсжанскіх Камітэтаў. Аднак і ў гэтакіх немагчыма цяжкіх умовах беларускія студэнты ў Пецярбурзе пробуюць выдаваць новыя час. "Сьветач" і "Дзяньніцу". Ускладзены на народныя плечы цяжар вайны вызывае ўсё большае і большае народнае абурэньне: За што лілася кроў людзкая? За што гібеў і гінуў люд? Гібеў набытак ўсяго краю I пакаленьняў гінуў труд... (Якуб Колас) Надыходзіць 1917 г. Народны гнеў выліваецца ў рэвалюцыю.Зьлятае царскі трон і пачынае развальвацца штучна злепленая з прымусова падпарадкаваных краёў Расейская імпэрыя. Кожны народ, аслабаніўшыся ад маскоўскіх ланцугоў, пачынае жыць сваім новым жыцьцём. Ахопленыя сьвятой ідэяй адраджэньня мінулай волі й славы, пачынаюць жыць новым жыцьцём і Беларусы. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца беларускія газэты, арганізуюцца Камітэты, адбываюцца нарады, сходкі, зьезды, утвараецца беларуская армія. Паўстаюць Беларуская Цэнтральная Рада і Беларуская Вайсковая Рада, якія ў хуткім часе зьліваюцца ў агульны Ворган Беларускага Народнага Прадстаўніцтва -- ВЯЛІКУЮ БЕЛАРУСКУЮ РАДУ. Гістарычныя падзеі разьвіваюцца вельмі хутка і перад Вялікай Беларускай Радай выплываюць пытаньні вялічайшай важнасьці: "быць ці ня быць?", "жыць ці памерці?", якія можа вырашыць толькі сам народ. Надыходзіць пара, калі Час склікаці ўжо грамаду На вялікую нараду, На Вялікі Сход!... (Я.Купала) I Вялікая Беларуская Рада выдае адозву-заклік да Беларускага народу выслаць сваіх дэлегатаў на 1-шы УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС. Гучна разносіцца па ўсёй Краіне грозны заклік: На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход Ідзі аграблены, закованы народ! Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў, Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў... (Я.Купала) Заклік не застаўся бяз выніку. 3 усіх канцоў Беларусі: Меншчыны, Смаленшчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Магілёўшчыны і Віцебшчыны зьяжджаюцца ў Менск 1872 дэлегаты і 5 сьнежня (ст. стылю) 1917 году адчыняецца І-шы УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС. Кангрэс працаваў каля 2-х тыдняў.Была абрана Рада Зьезду і абгаворана шмат пытаньняў палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага зьместу. Але, як толькі стала відавочна, што Зьезд стаіць на груньце дзяржаўнасьці, маскоўскія бальшавікі ўначы з 17 на 18 сьнежня акружаюць будынак Зьезду панцырнікамі і кулямётамі, каб збройнай сілай брутальна перашкодзіць плённай працы І-га УСЕБЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ. Дэлегаты забарыкадаваліся і бараніліся, чым толькі маглі, пакуль і не ўхвалілі 1-шы параграф рэзалюцыі аб утварэньні БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ. Усіх параграфаў было 15, але іншых параграфаў ухваліць не змаглі. Чырвоныя янычары працавалі прыкладамі. Ад веку мы спалі i нас разбудзілі... -- гучна разрэзала паветра і падхопленае тысячаю галасоў, магутнай хваляю ірвалася із залі. Калі "Марсэльеза" заціхала, хтось голасна выгукнуў: Браты-Беларусы! Мы бачылі жандараў Мікалая II, але сягоньня мы ўбачылі жандараў у Свабоднай Рэвалюцыйнай Старане пад маскай бальшавіцкіх камісараў на ВОЛЬНЫМ ЗЬЕЗЬДЗЕ ВОЛЬНАГА НАРОДУ. А ў куце стары сівенькі дзед, які ўсё жыцьцё пражыў у цяжкай працы чужацкай няволі і нарэшце дачакаўся сьветлага дня, горка плакаў. На другі дзень дэлегаты, якія засталіся яшчэ не арыштаваныя, сабраліся ў Менскім чыгуначным ДЭПО і упаўнаважылі Раду Зьезду, як Вярхоўны Законадаўчы Ворган Беларусі, на правядзеньне далейшай працы й барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць. Рада Зьезду выбірае Выканаўчы Камітэт, які адразу прыступае да свае адказнай дзяржаўнай працы. 19 лютага 1918 г. чырвоныя, уцякаючы ад немцаў, пакінулі Менск, над якім зноў уздымаецца Бел-Чырвон-Белы сьцяг. 21 лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Кангрэсу стварае НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ, у складзе: 1. Язэп Варонка -- Старшыня, і Кіраўнік Замежных спраў. 2. І. Макрэяў -- Кіраўнік нутраных спраў. 3. Э. Бялевіч -- Кіраўнік юстыцыі. 4. І. Серада -- Кіраўнік народнае гаспадаркі. 5. Т. Грыб -- Кіраўнік земляробства. 6. Карач -- Кіраўнік пошты й тэтэлеграфу. 7. П. Крачэўскі -- дзяржаўны кантралёр. 8. К. Езавітаў -- Кіраўнік вайсковых спраў. 9. А. Смоліч -- Кіраўнік асьветы. 10. В. Рэдзька -- Кіраўнік шляхоў зносін. 11. Белкінд -- Кіраўнік фінансаў. 12. Бадунова -- Кіраўнік сацыяльнае апекі. 13. Л. Заяц -- Дзяржаўны Сакратар. 14. П. Злобін -- па справах расейскай нацыянальнай меньшасьці. Таго-ж дня Выканаўчы Камітэт Рады зварочваецца да насельніцтва Беларусі з сваёй І-й Устаўной Граматай: ДА НАРОДУ БЕЛАРУСІ "Родная Старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер ўлада, што была тут, невядома; мы стаімо перад тым, што наш Край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ува ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самазначэньне, а нацыянальныя меньшасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё здзяйсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меньшасьцяў, здзейсьніваючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня Краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму, на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю, вызнаньнем і полам. Часовую народную ўладу Краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сэкратарыят Беларусі, які з гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сэкратарыяту будзе апублікаваны пасьля. Дана у Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду". Але неўзабаве на Беларусь зьяўляецца новы акупант -- немцы. Да Беларускага Ураду яны аднесьліся варожа: Беларускую Дзяржаўную Касу сканфіскавалі, беларускія вайсковыя фармацыі разьвязалі, самога-ж Ураду хоць і не зачапілі, але афіцыяльна не прызналі. У цяжкім становішчы апынуўся Беларускі Урад. Ды ня спынілася арганізацыйная праца. Сьцісьлей навязваецца сувязь з правінцыяй, ствараецца нелегальнае беларускае войска і адначасна, з поваду перашкод, тварымых нямецкім войскам у адбудове Беларускай дзяржавы, пасылаецца ў Нямеччыну пратэст за пратэстам. 9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады выдае II-ю Устаўную Грамату: "У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа Беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор -- Усебеларускі Зьезд 5-17 сьнежня 1917 г., дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устрою Беларусi і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян i народаў: 1. Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКАЙ. 2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на пол, народнасьць і рэлігію. 3. Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў Беларусі. 4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сэкратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ. 5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, бязумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня. 6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію, абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі. 7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на землю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі. 8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі устанаўляецца найбольшы 8-мігадзінавы рабочы дзень. Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найблiжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі. Усіх верных сыноў беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы. Спаўняючы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Зьезду. Выдана ў Менску Беларускім 9 сакавіка 1918 року". Папоўніўшыся прадстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў, гарадзкіх і земскіх самаўрадаў і Беларускай Віленскай Рады, Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду на паседжаньні 19 сакавіка 1918 г.перайменоўваецца на Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Ідэя незалежнасьці Беларускай дзяржавы сярод сяброў Рады пашыраецца ўсё больш і больш. За фэдэрацыю з Расеяй выступаюць толькі прадстаўнікі расейскай і жыдоўскай меньшасьцяў. Аднак, пакуль народ ня стане вольным і ні ад кога не залежным, ніякай гутаркі ні аб фэдэрацыі, ні наагул аб якой-небудзь лучнасьці зь іншымі дзяржавамі ня можа быць. Бо, без незалежнасьці дзяржаў паасобных народаў нельга прыступаць да іх фэдэрацыі. Толькі той народ можа ўступаць у дагаворныя зносіны з суседзямi, каторы арганізаваўся у незалежную дзяржаву і мае ўладу, якая можа заявіць, чаго гэты народ хоча, і чаго ня хоча. Да фэдэрацыі праз незалежнасьць. Гэтыя -- залатыя словы Д-ра Цьвікевіча падхапілі радныя БНР. Тым часам, немцы і бальшавіцкая Расея па Брэст-Літоўскаму міру, ня пытаючыся згоды беларускага народу, дзеляць беларускія землі. Некалькі беларускіх паветаў аддаюць Украіне, Вільню і частку Віленскіх і Горадзеньскіх паветаў -- Літве, амаль трэйцяя частка Беларусі застаецца Нямеччыне і крыху ня дзьве трэйція -- бальшавіцкай Расеі. Каб выйсьці для абароны сваіх правоў на міжнародны форум Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на паседжаньні ў ночы з 24 на 25 сакавіка прагалошвае Беларускую Народную Рэспубліку Незалежнай і Сувэрэннай Дзяржавай. ІІІ-Я УСТАЎНАЯ ГРАМАТА "Год таму назад народы Беларусі, разам з народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй за ўсіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуу наш Край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага Краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якая была накінута расейскім царызмам на наш вольны i незалежны Край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі'. На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь Трактат у Берасьці, шго забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Урад Беларускай Народнай Рэспублiкі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім пераглядзець тую часгку Берасьцейскага Трактату, якая датычыць Беларусі i падпісаць мірную умову са ўсімі ваяваўшымі дзяржавамі. Б.Н.Р. павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу Беларускі народ, а ўласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеных беларусамi. БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г. Абвяшчаючы аб незалежнасьці БНР, яе Рада ўскладае свае надзеі на тое, што ўсе, любячыя волю народы, памогуць Беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы. 25 сакавіка 1918 г. Менск. Рада Б.Н.Р." Гэты вялікай важнасьці гістарычны Акт, за які шмат крыві праліваў Беларускі народ, адчыніў Ураду БНР шырокае поле дзейнасьці на міжнародным груньце. Першай прызнае незалежнасьць Беларусі Украіна і паміж БНР і УНР навязваюцца дыплёматычныя і эканамічныя зносіны. Затым -- Літва, Лацьвія, Эстонія, Фінляндыя і Грузія. Незалежнасьць Беларусі прызнаюць і Чэха-Славакія, Турэччына, Аўстрыя, а пасьля рэвалюцыі і Нямеччына. Беларускія дыплёматы едуць ва ўсе дзяржавы. Навязваюцца гандлёвыя зносіны з францускай фірмай Pichon et С. Неўзабаве, на маладую Рэспубліку, як цёмныя хмары, насунуліся бальшавіцкія орды. Урад БНР высылае надзвычайныя місіі на Ўкраіну, Польшчу, Літву, Лацьвію, Эстонію, Фінляныю, Нямеччыну, Швайцарыю, Данію, Францыю, Баўгарыю, Чэха-Славакію i інш. дзяржавы. Дэлегаты, маючы адпаведныя мэмарандумы і брашуры праф. Доўнар-Запольскага "Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі", надрукаваныя на беларускай, францускай, нямецкай, польскай і рускай мовах, выступаюць перад урадамі Эўрапэйскіх краін, дабіваючыся дапамогі ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі. А народ зноў хапаецца за зброю. Ды ня роўныя былі сілы. Перамаглі чырвоныя маскалі і зноў запрацавалі суды і турмы. Тысячы лепшых людзей -- краса і гонар Беларускага народу -- растрэляны, сотні тысяч высланы ў Сібір, Калыму, Салаўкі. Нішчацца лепшыя людзі, але жыве ідэя 25-га Сакавіка, яснаю зоркаю блішчыць-асьвячае Беларускаму народу шлях да лепшай долі, да вольнай, незалежнай свае дзяржавы -- Беларускай Народнай Рэспублікі. I надыйдзе час, калі Зацьвіце Яна, як сонца Посьле непагоды, Ў роўнай волі, ў роўным стане Між усіх народаў. (Я. Купала) Алесь ЗМАГАР Сакавiк 1946 Рыд -- Аўстрыя |
| Аўтарскi правапic i пунктуацыя захаваныя. Я выправiў толькi вiдавочныя друкарскiя памылкi. -- Кум. |
| Назад на старонку Кума... |
