Асаблівасьці беларускага літаратурнага вымаўленьня
Асаблівасьці беларускага літаратурнага вымаўленьня

Беларуская граматыка Браніслава Тарашкевіча

1) Вымаўленьне галосных.
Усе галосныя гукі вымаўляюцца выразна і дакладна.

2) Поўнагалосьсе.
Мілагучнасьць беларускае мовы ёсьць у гармоніі паміж галоснымі й зычнымі гукамі. Беларуская мова пазьбягае спалучэньняў аднолькавых зычных гукаў і зычных, якія знаходзяцца побач: часта за зычным ідзе галосны, а за галосным ідзе зычны. Параўнайце беларускія й расейскія словы: нагарода — награда, полымя — пламя, вораг — враг, віхор — вихрь, літар литр, бабёр бобр.

3) Націск.
Націск значна ўплывае на зьмену гукаў. Ненаціскныя гукі вымаўляюцца выразна, гэта абумоўлівае нясьпешны, напеўны тэмп гутаркі. Націск у беларускай мове сілавы (альбо дынамічны), бо пры вымаўленьні націскных складоў моўныя ворганы знаходзяцца ў больш напружаным стане, чым пры вымаўленьні ненаціскных складоў. Таксама ў беларускім слове можна пачуць і колькасны (альбо квантытатыўны) націск. Прыкладам: ты чуў? = [тычу:ў]. Тутака гук [у] цягнецца, нібы пяецца, і з гэтае прычыны ў слове чуў чутна яшчэ адна галосная у, на якую націск плаўна пераходзіць. Паколькі ў беларускім слове націскны склад ня толькі больш гучны, але й больш працяглы (у параўнаньні зь ненаціскным складам), то націск у беларускай мове яшчэ называюць колькасна-сілавым.

Націск у слове рознамейсцавы й рухомы. Пад націскам можа быць любы склад: добры (на пачатку слова), высокi (у сярэдзіне слова), малады (у канцы слова).

Складаныя словы могуць мець два націскі асноўны і дадатковы: шаснаццацігадовы, шырокаэкранны, магнітаэлектрычны, дванаццаціперсны, а ў некаторых выпадках нават тры націскі: ультракароткахвалёвы.

З прычыны рухомасьці, націск можа быць адзіным сродкам вызначэньня сэнсу словаў, якія складаюцца з аднолькавых гукаў. Параўнайце:

кавалі — кавалі
кара — кара
пара — пара
сьвяты — сьвяты
туга — туга

Зьвярніце, калі ласка, увагу на тое, што ў блізкіх па гучаньні беларускіх і расейскіх словах націск можа мець розныя мейсцы:

адзінаццаць
весьці
хораша
вусы
чатырнаццаць
прыяцель
малы
у ваду
дай руку
зьвіхнуў нагу
одиннадцать
вести
хорошо
усы
четырнадцать
приятель
малый
в воду
дай руку
подвернул ногу

У вадрозьненьні ад расейскай, у беларускай мове прыназоўнік ніколі не бывае пад націскам. Параўнайце: за горад — за город, на гару на гору, на нагу на ногу, за рукі — за руки, за поўнач — за полночь.

4) Словы не і без.
Словы не і без ня маюць свайго націску, яны як бы зьнітаваныя з тым словам, перад якім знаходзяцца. Менавіта таму ў некаторых разох трэба пісаць ня, бяз, а ў іншых — не, без у залежнасьці ад таго, у якім складзе перад націскам яны знаходзяцца. Ня буду, бяз хлеба (калі першы склад пад націскам), але не хачу, без вады (калі першы склад ненаціскны) — гэтая зьява завецца яканьнем.

5) Аканьне і яканьне.
Галосныя о, э могуць знаходзіцца толькі пад націскам. Калі пры зьмене слова націск перасоўваецца на іншы склад, то галосныя о, э пераходзяць у а — гэта завецца аканьнем. Прыкладам: малако — малочны, мароз — маразы, морква — маркоўны, ногi — нага. Адпаведна, калі ненаціскныя галосныя е, ё пераходзяць у я — гэта завецца яканьнем. Прыкладам: везьцi — вязу, несьцi — нясу, лес — лясы, сёлы — сяло. Але гэтая асаблівасьць не распаўсюджваецца на некаторыя запазычаныя словы: тэлевізар = [тэл’эв’ізар], эканомiка = [эканом’іка], сэзон = [сэзон], АЛЕ! каляндар = [кал’андар].

! Запомніце. У беларускай мове ў першым складзе перад націскам заўсёды пішыцца і вымаўляецца я.

Аканьне (яканьне) перадаецца на пісьме і не залежыць ад паходжаньня словаў, належнасьці іх да агульных назваў альбо да ўласных імёнаў: Аляксей, Сяргей, Яўген, сяржант, Гамэр, відэа, стэрэа. Выключэньнем ёсьць некаторыя запазычаныя словы: Мэдэо, Сяо, мэтро, сэзон, сэмэстар. Запомніце вымаўленьне й правапіс словаў радыё = [радыjо], аўдыё = [аўдыjо], трыё = [трыjо].

У словах з націскнымі складамі -ро-, -ло-, -рэ- замест аканьня захоўваецца гістарычнае чаргаваньне літараў о, э зь літарай ы: бровы — брыво, гром — грымець, хрост — хрысьціць, кроў — крывавы.

Зазначце, калі ў слове сустрэлася літара о, то яна заўсёды будзе пад націскам. Калі ў слове сустрэліся літары э, е альбо ё, то яны, за некаторымі выключэньнямі, таксама знаходзяцца пад націскам.

6) Зацьвярдзелыя гукі.
Заўсёды цьвёрда вымаўляюцца гукі [ж], [дж], [ш], [р], [ч]: жывот = [жывот], хаджу = [хаджу], шчотка = [шчотка], рабіна = [раб’іна], чысты = [чысты]. Беларуса пазнаеце па вымаўленьні гукаў [р], [ч] (толькі цьвёрдыя!): парадак = [парадак], марак = [марак], не куру = [н’экуру], не хачу = [н’эхачу], чытаю = [чытаjу].

7) Дзеканьне і цеканьне.
Літары д і т, калі знаходзяцца перад я, е, ё, ю, i, ь ці перад мяккай літарай в, пераходзяць адпаведна ў дз і ц: дзень, дзядзька, дзьвесьце, дзьверы, цяплiня, цьвёрды. Гэта завецца дзеканьнем і цеканьнем.

У словах замежнага паходжаньня замест мяккіх дз і ц ужываюцца цьвёрдыя д і т: дынастыя = [дынастыjа], тэма = [тэма], тэлеграма = [тэл’эgрама]. Але перад некаторымі суфіксамі могуць захоўвацца мяккія дз і ц: лідзіраваць = [л’ідз’іравац’], цір = [ц’ір], камандзіроўка = [камандз’іроўка].

8) Спалучэньні дж і дз.
Спалучэньні літараў дж і дз вымаўляюцца разам і перадаюць адзін гук: нараджэньне = [нараджэн’:э], дзецi = [дз’эц’і], дзяўчына = [дз’аўчына], дзень = [дз’эн’], адзін = [адз’ін], гадзіна = [гадз’іна]. Таму на пісьме, пры пераносе, гэтыя літары нельга разьдзяляць: дрож-джы, ха-дзіць.

Асобна спалучэньні літараў дж і дз вымаўляюцца толькі на стыку прыстаўкі й кораня: адзнака = [ад/знака], надзвычайны = [над/звычаjны], аджыць = [ад/жыц’]. У гэтых выпадках спалучэньні дж і дз адпаведна абазначаюць два розныя гукі: [д][ж] і [д][з].

9) Ужываньне ў — у нескладовага.
Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — зьелi ўвесь; улез у сад — увайшлi ў хату. Літара ў можа знаходзіцца на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, iшоў, быў, на ўлоньні.

Гук [ў] вымаўляецца таксама замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках у гук [ў] пераходзіць гук [л]: казала — казаў.

Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму й завецца — у нескладовае.
Ужываньне літары ў ёсьць адною з асноўных адметнасьцяў беларускае мовы, якою нельга грэбаваць.

10) Прыстаўныя галосныя а, і.
Прыстаўныя галосныя а, і вымаўляюцца й пішуцца на пачатку словаў перад зычнымі р, л, м, ў: Амсьціслаў, аўторак, аржаны, амшэлы, ільготы, імгла, іржавець.

Перад пачатковым i амаль заўсёды пры вымаўленьні паўстае прыстаўны гук [j]: іскры = [jiскры], iржа = [jiржа].

Прыстаўныя галосныя зьнікаюць, калі канчаткам папярэдняга слова зьяўляецца галосны гук: новыя льготы. Няма прыстаўных гукаў і ў словах, што захоўваюць каранёвы галосны: лоб — на лобе, мох — на мосе, лёд — на лёдзе.

11) Прыстаўныя зычныя в, г.
Прыстаўны зычны в вымаўляецца й пішацца перад націскнымі о, у на пачатку слова: вочы, восень, вожык, вушы, вусны, вузкі, Ворша.

Прыстаўны в зьяўляецца таксама ў сярэдзіне слова пасьля прыставак: завушніцы, завулак, навука, ніводзін, увосень.

! Прыстаўнога в не бывае:
1) У словах, дзе о не пад націскам пераходзіць у а: возера — азёры. Выключэньне складаюць словы і ўтвораныя ад іх: вока — вачэй, востры — вастрыць, вакол — ваколіца, вожык — важаняты, вуж — вужака.
2) У спрадвечна беларускіх словах, у якіх у разьвілося з в: унук, учора, улада, успамін ды некаторых інш.
3) У словах замежнага паходжаньня, небеларускіх имёнах ды прозьвішчах, небеларускіх геаграфічных назвах: унівэрсытэт, Гербэрт Уэлс, Джордж Оруэл, Уфа, Осла.

Прыстаўны зычны г перад галоснымі зьяўляецца ў спрадвечна беларускіх словах: гэты, гэй, га? го! гэтулькі, дагэтуль.

Прыстаўны зычны г таксама сустракаецца на пачатку словаў замежнага паходжаньня: гісторыя, Ганна, гармата, Геранім.

12) Вымаўленьне літары і на пачатку словаў.
Правілы для злучніка і.

  • Пасьля словаў з канчаткам на галосны, вымаўляецца як [j]: дачка i сын = [дачкаjсын].
  • Пасьля словаў з канчаткам на зычны, вымаўляецца як [ы]: сват і швагер = [сватышваg’эр].
  • У астатніх выпадках і пасьля словаў на г, к, х вымаўляецца як [і]: луг і поле = [лух’іпол’э].
! Зьвярніце, калі ласка ўвагу, што гэтыя правілы тычацца сытуацыі зьлітнага вымаўленьня, калі паміж словамі амаль ня чутна паўзы. Калі паўза вялікая, то і вымаўляецца нязьменна: дачка i сын = [дачка//і//сын].

Правілы для іншых словаў, што пачынаюцца на і.
У беларускай мове шмат словаў, у якiх першая латара і перадае два гукi [jі]. Сюды адносяцца ўсе словы з прыстаўной лiтарай і: iмжыць = [jімжыц’], iржа = [jіржа], iльготы = [jіл’готы], iржавець = [jіржав’эц’], а таксама словы, дзе першая літара і знаходзіцца пад націскам: іней = [jін’эj], Індыя = [jіндыjа], іншы = [jіншы], іхнi = [jіхн’i], iм = [jім], ікс = [jікс] ды iншыя. Тутака дадатковы гук [j] не дазваляе карыстацца вышэйпазначаным правiлам для злучнiка і. Таму гэткiя словы вымаўляюцца нязьменна, i на пачатку заўсёды будзе чутна [jі] незалежна ад таго, стаіць наперадзе цьвёрды зычны цi не. Прыкладам: мой брат iм казаў = [моj брат jім казаў], я пайшоў зь iм у горад = [jа пайшоў з’jім у горат].
Выключэньнем ёсьць слова ішоў. Калi наперадзе стаiць кароткае слова, якое пры вымаўленьні зьліваецца зь iм, то тут прытрымліваемся наступных правілаў:

  • Калi кароткае слова заканчваецца на зычны — вымаўляем [ы]: каб iшоў = [кабышоў], ён iшоў = [jонышоў].
  • Калi кароткае слова заканчваецца на галосны — вымаўляем [j]: яна iшла = [jанаjшла].

Калi перад словам ішоў стаiць доўгае самастойнае слова — вымаўляем [jі]: Сёньня Паўлюк самастойна ішоў у школу = [с’он’:а паўл’ук самастоjна jішоў у школу].

13) Асыміляцыя.

  • Па глухасьці: сад = [сат], казка = [каска], кладка = [клатка], грэбці = [грэпц’і] (звонкія зычныя ў канцы і ў сярэдзіне слова перад глухімі вымаўляюцца глуха).
  • Па звонкасьці: просьба = [проз’ба], пяцьдзясят = [п’адз’:ас’ат], малацьба = [маладз’ба], лічба = [л’іджба] (глухія зычныя перад звонкімі вымаўляюцца звонка).
  • Па мяккасьці: сьвята = [с’в’ата], радасьць = [радас’ц’], песьня = [п’эс’н’а], езьдзiць = [jэз’дз’iц’].

Перад мяккімі зычнымі цалкам зьмякчаюцца дз, ц, з, с. Адступленьне ад гэтага правіла недапушчальна, паколькі вядзе да страты адной з асноўных адметнасьцяў беларускае мовы. У клясычным правапісе беларускае мовы асыміляцыйная мяккасьць пазначаецца й на пісьме: дзьверы, разводзьдзе, цьвік, цьвіценьне, зьберагчы, зьвесткі, сьцяна, зьверху, сьвякроў.
Асымілятыўнае зьмякчэньне адбываецца як у межах слова, так і ў прыназоўніках: зь вядром = [з’в’адром], зь пяску = [з’п’аску], празь лес = [праз’л’эс].

! Зьвярніце, калі ласка, ўвагу, што дз, ц, з, с зьмякчаюцца перад усімі мяккімі зычнымі, акрамя г, к, х. Прыкладам: скінуў, скіраваць, схільнасьць, схема.

Зубныя зычныя з, с, д, т перад шыпячымі [ж], [ш], [дж], [ч] прыпадабняюцца да іх і вымаўляюцца як адзін працяглы шыпячы гук (асыміляцыя сьвісьцячага да шыпячага). Прыклады:

  • Спалучэньні зш, сш вымаўляюцца як [ш:]: сшытак = [ш:ытак], бясшкодны = [бяш:кодны], расшпіліць = [раш:п’іл’іц’].
  • Спалучэньне зж вымаўляецца як [ж:]: зжаць = [ж:аць], зжаўцець = [ж:аўц’эц’], разжаліць = [раж:ал’іц’].
  • Спалучэньні зч, сч вымаўляюцца як [шч]: паказчык = [пакашчык], расчараваць = [рашчаравац’], з чым = [шчым], расчуліць = [рашчул’іц’].
  • Спалучэньні дч, тч вымаўляюцца як [ч:]: над чым = [нач:ым], лётчык = [л’оч:ык], найхутчэйшы = [наjхуч:эjшы].

Шыпячыя ж, ш, дж, ч перад сьвісьцячымі [з], [с], [дз], [ц] вымаўляюцца як сьвісьцячыя (асыміляцыя шыпячага да сьвісьцячага). Прыклады:

  • Спалучэньне чц вымаўляецца як [ц:], калі літара ц абазначае цьвёрды гук: на кветачцы = [накв’этац:ы], дачцэ = [дац:э], на стужачцы = [настужац:ы], і як [ц’:], калі літара ц абазначае мяккі гук: зазначце = [зазнац’:ц’э], прабачце = [прабац’:ц’э].
  • Спалучэньне шс вымаўляецца як [с’:]: злуешся = [злуjэс’:а], сьмяешся = [с’м’аjэс’:а].

Зычныя д, т перад сьвісьцячымі вымаўляюцца як сьвісьцячыя:

  • Спалучэньні дц, тц вымаўляюцца як [ц:], [ц’:]: у хатцы = [ухац:ы], адценьне = [ац’:эн’:э], дарадца = [дарац:а].

Фрыкатыўны г перад глухімі [п], [х], [т], [ц], [с], [ш], [ч], [к], [ф] і перад паўзай аглушаецца: парог = [парох], тварог = [тварох], луг = [лух], лёгка = [л’охка], магчы = [махчы].

! У вадрозьненьні ад расейскай мовы, спалучэньне літараў чн вымаўляецца нязьменна: сталічны = [стал’ічны], яечны = [jаjэчны].

14) Падваеньне зычных.
У беларускай мове, у адрозьненьне ад расейскай, падваеньне зычных паўстае ў канцы слова ў становішчы паміж галоснымі. Калі літары з, с, н, м, дз, ц, ж, ш, ч знаходзяцца паміж галоснымі, то вымаўляюцца працягла: жыцьцё, пытаньне, вясельле.

Падваеньне л, н, с, ц, з, дз вымаўляецца мякка: вясельле = [в’ас’эл’:э], здарэньне = [здарэн’:э], Палесьсе = [пал’эс’:э], мазьзю = [маз’:у], медзьдзю = [м’эдз’:у], памяцьцю = [пам’ац’:у].

Падваеньне ж, ш, ч заўсёды вымаўляецца цьвёрда: аблічча = [абл’іч:а], замужжа = [замуж:а], узвышша = [узвыш:а].

Ніколі не падвойваюцца губныя б, п, м і літара р. Яны захоўваюць цьвёрдасьць. У гэтых выпадках на пісьме ставіцца апостраф: бязрыб’е = [б’азрыбjэ], куп’ё = [купjо], сям’я = [с’амjа], надвор’е = [надворjэ].

Няма падваеньня й у словах замежнага паходжаньня, імёнах людзей: тона, касір, Ала, Іна. Аднак выключэньнем ёсьць некаторыя даўно засвоеныя словы: асанна, манна, панна, мадонна, Ганна.

Для арыентыроўкі вы можаце карыстацца наступным простым правілам: там, дзе ў расейскіх словах у канцы сустракаюцца -нье (-ние), -лье (-лие), па-беларуску будзе падваеньне. Прыкладам: варенье — варэньне, терпение — цярпеньне, зелье — зельле, приволье — прывольле.


Абазначэньні ў беларускай транскрыпцыі.
Падчас вывучэньня ладу мовы і пры фанэтычным аналізе выкарыстоўваецца адпаведны від запісу — транскрыпцыя, якая дазвалае вызначыць адпаведнасьць паміж гукамі й літарамі. Ніжэй пададзеныя правілы для запісу транскрыпцыі.

  1. Квадратныя дужкі паказваюць пачатак і канец транскрыпцыі: клён = [кл’он].
  2. Для запісу транскрыпцыі выкарыстоўваюцца літары беларускага альфабэту, іхнае вымаўленьне ў транскрыпцыі такое ж, як і ў звычайным слове.
  3. Мяккі знак не выкарыстоўваецца. Мяккасьць зычнага пазначаецца апострафам [’]: лік = [л’ік].
  4. Гук, які перадае літара й, пазначаецца як [j]: яна iшла = [jанаjшла].
  5. Літары е, ё, я, ю ў стане, калі яны перадаюць два гукі, пазначаюцца адпаведна як [jэ], [jо], [jу], [jа]: ёю = [jоjу], яблыня = [jаблын’а], Юля = [jул’а].
  6. У астатніх выпадках літары е, ё, я, ю пазначаюцца як [э], [о], [у], [а] з знакам апострафу [’] наперадзе, які паказвае на мяккасьць папярэдняга зычнага гуку: лён = [л’он], мяч = [м’ач].
  7. Выбухны гук [ґ] пазначаецца як [g]: гузік = [gузік].
  8. Дзеля таго, каб пазначыць суцэльнае вымаўленьне націскных словаў разам зь ненаціскнымі выкарыстоўваецца знак []: меў бы = [м’эўбы], на ўзмор’і = [наўзморjі].
  9. Падоўжаны гук пазначаецца гарызантальнай рыскай над літарай. Аднак, гэты знак можна лёгка пераблытаць з падкрэсьліваньнем у папярэднім радку, таму для пазначэньня падоўжаных гукаў мы скарысталі знак [:] з ангельскай транскрыпцыі, які ставіцца пасьля гуку, што павінны падаўжацца: Палесьсе = [пал’эс’:э].
  10. Для пазначэньня працяглай паўзы выкарыстоўваецца знак [//], а для непрацяглай — [/].

Заўвага.
Апроч пералічаных вышэй, у беларускай транскрыпцыі выкарыстоўваюцца й іншыя графемы. Прыкладам:
— гук, што перадае дыграф дз, пазначаецца як [z]: дзік = [z’ік],
— гук, што перадае дыграф дж, пазначаецца як [ž]: дождж = [дожž].
Мы наўмысна адступілі ад гэтых правілаў, каб не абцяжарваць успрыманьне матэрыялу.




[Ласкавае запрашэньне ў мову] [Сьцягнуць файлі падручніка] [Беларускі альфабэт] [Вымаўленьне]
[Тыповыя памылкі] [Лад мовы] [Вітаньні й зычэньні] [Чытаем па-беларуску] [Сугучныя словы]
[Спасылкi] [Кантакт]

Copyright © 2000-2004 С.Аляксандраў, Г.Мыцык
Copyright © 2000-2004 Ю.Гладкевіч (малюнкі)