Ежы АнджаеўскіЦемра зямлю ахінае
«Сонца запала», — крычаць астраномы ў неба,
А навошта запала, ніхто не адкажа, маўчанне;
Цемра зямлю ахінае, і людзі паснулі нема,
А навошта спяць людзі, ніхто з іх не вывучае.
Прачнуцца без адчування, як без чування спалі...
А.Міцкевіч. «Дзяды», ч.III.
Раздзел першы
Адна старая гішпанская кроніка натуе, што ў сярэдзіне верасня тысяча чатырыста восемдзесят пятага года, позна паполудні, у гарадок Віла-Рэал прыехаў вялебны айцец Вялікі інквізітар у атачэнні больш як дзвюх сотняў конных і пешых фамільянтаў, ці, кажучы інакш, дамоўнікаў, служак Святой інквізіцыі, якіх таксама яшчэ называлі Хрыстовай міліцыяй. Вуліцы Віла-Рэал, — дадае скрупулёзны летапісец, — апусцелі, зніклі з іх будкі жыдоўскіх гандляроў, ціха было і ў заезным доме, і ў шынку, а вокны большасці жылых дамоў былі пазачыняныя жалюзі. Гарачыня, дзённы сквар трохі ўжо апаў, але з Сіера Марэны ўсё яшчэ цягнула сухім і асмужлівым ветрам.
Толькі почат, вялікая кавалькада коннікаў з атрадам лучнікаў наперадзе, мінуў Пуэрта дэ Таледа і ўехаў за гарадскія муры — як у цішыні, што запанавала ў горадзе, цяжка загрукаў звон калегіяты Сан-Пэдра, а пасля азваліся званы кляштара Сан-Дамінга, касцёлаў Санта Круз, Санта Марыя ля Бланка і Сан-Томас. Праз хвіліну ў Віла-Рэал ужо грымелі званы ўсіх сабораў, кляштараў і бажніц.
Двое святых братоў, якія ішлі ўнутранай анфіладай кляштара дамініканцаў, спыніліся. Адзін быў ужо ў гадах, каржакаваты, па-мужыцку шырокі ў плячах; другі — зусім яшчэ малады, нізкі і дробны, з цёмным хлапечым тварам.
— Прыехаў, — сказаў брат Матэа.
— Матэа, Матэа! — азваўся брат Дыега. — Калі б я мог маліцца за гэтага чалавека, я прасіў бы ў Бога, каб ён забраў яго ад жывых.
Брат Матэа, схіліўшы галаву, перабіраў ружанец. З далечыні, не заглушаны блізкімі званамі, чуўся высокі і чысты розгук звона загараднай пустэльні сёстраў кармелітак.
— Дыега, — ціха сказаў Матэа, — ты нічога не казаў, а я нічога не чуў.
— Баішся? Ты? А ты думаеш не тое самае?
— Не заўсёды можна гаварыць, што думаеш.
— Ведаю.
— Ты малады і няўрымслівы.
— А ты б мо хацеў, каб я быў як камень?
— Не. Але нават каменне цяпер мае вушы і язык. Не забывайся. Калі ўжо айцец Тарквемада пакінуў каралеўскі двор, каб наведацца ў Віла-Рэал, жудасць будзе...
— О, Матэа, страшнейшага за тое, што я пабачыў, бадай, ужо і няма.
— Не трэба ілюзій, — сказаў брат Матэа, — жудасць не адмета падзей і здарэнняў, а толькі іх вынік.
Дыега гнаў свае думкі.
— Божа вялікі і міласэрны! Вера мая нязменная, непарушная, а сэрца, Матэа, сэрца маё параненае і сумленне скаламучанае. Аднойчы ў Севіллі на квамадэра я бачыў, як гарэлі на вогнішчах адразу сто чалавек. Разам з братамі я спяваў гімн: «Exurge Domine et iudica causam Tuam» і нават праз гэты велізарны хор не мог не чуць енкаў і ляманту тых, што паміралі. А другі раз...
— Маўчы, Дыега. Раны сэрца можна загаіць толькі ў цішыні.
— Няма мне цішыні! Ты сказаў, што не заўсёды можна гаварыць, што думаеш. Што гэта азначае? Не давяраеш мне? Баішся мяне? Ты, мой сябар, мой настаўнік.
Брат Матэа падняў галаву. Дыега стаяў за крок ад яго, збялелы. Ён дрыжаў, вочы ўспыхнулі цёмным бляскам.
— Брат Дыега, калі сумленне працівіцца прызнанай няпраўдзе, тады чалавек павінен баяцца не людзей, а больш за ўсё самога сябе.
— Сябе?
— А ты ведаеш, куды можа завесці супярэчлівасць сумлення? Ці не жахае цябе твой бунт?
— Не! Я не хачу ні жаху, ні спалоху, анічога, што называецца страхам. Я хачу нешта зрабіць.
— Маліся, — сказаў брат Матэа.
Тым часам атрад Хрыстовай міліцыі вузкімі і ўсюды аднолькава апусцелымі вулкамі набліжаўся да калегіяты. Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагона, падрэ Томас Тарквемада, у чорнай царкоўнай сутане, ехаў на белым кардобскім кані, акружаны служкамі, прамы, хоць і быў у гадах. Вочы прыплюшчыў.
Адзін рыцар з почату Інквізітара, маладзенькі русявы дон Ларэнца дэ Мантэса, схіліўся з каня да таварыша.
— Пацукі пазашываліся ў норы.
Дон Радрыга дэ Кастра засмяяўся.
— Пацукам тое не паможа.
— Ты думаеш?
— Рукі Святога трыбунала даўжэйшыя за сама глыбокую пацучыную нару. Апроч таго, пацукі баяцца, і страх выдае іх.
— Ці той, хто баіцца, абавязкова і вінаваты?
— Не ведаю, што мне да гэтага. Знаю толькі, што заўсёды трэба быць супраць тых, хто баіцца.
— Кажуць, кароль Фердынанд патрабуе вельмі многа грошай.
— Вайна заўсёды каштуе дорага.
— Ты думаеш, што ўсе мараны — ератыкі?
— Не ведаю. Мусіць, усе. Але гэта ні мне, ні табе абыходзіць не павінна, Ларэнца. Нам — выконваць загады і не баяцца.
— І ты ніколі не баішся?
— Ці не на тое мы, каб баяліся нас?
— Вялебны ойча, — напаўголаса сказаў капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара дон Карлас дэ Сігура, — прыехалі.
Падрэ Тарквемада падняў вочы. Сярод дамоў, якія шчыльна абступалі Плацэ дэ Сан Пэдра, у неба ўзносіўся такі вялізны мур, што здавалася, нібы не людскія рукі ўзвялі яго, а нейкі гвалтоўны і раптам застылы ў паветры выбух камення і разьбы ўвечніў яго спічастыя формы. Людзі, якія тоўпіліся перад саборам, у цені яго здаваліся ніклымі і прыгнечанымі. Абапал сходаў стаялі з запаленымі свечкамі браты дамініканцы. Іх цёмныя сутаны трапяталі ад ветру. Агеньчыкі свечак таксама калыхаліся. Затое пасярэдзіне сходаў, у атачэнні службоўцаў Святога афіцыума і свецкага духаўніцтва, чакалі гожага госця абодва інквізітары таледскага арцыбіскупства, канонік калегіяты доктар Альфонса дэ Торэз і дамініканец брат Гаспар Мантыха. Тут жа, побач, заклаўшы далоні ў рукавы манаскай хабіты, стаяў прыёр кляштара Сан-Дамінга — падрэ Бласка дэ ла Куэста.
Якраз змоўк звон калегіяты, следам пачалі аціхаць і ўсе астатнія званы ў горадзе — і на плошчы раптам запанавала цішыня. Двое лучнікаў падбеглі да вялебнага айца, але Тарквемада спыніў іх кароткім рухам далоні і злез з каня сам.
Натоўп схіліў галовы.
— Вітанне табе, вялебны ойча і найгоднейшы пане, — сказаў канонік дэ Торэз.
Усе чакалі, што Вялікі інквізітар дабрасловіць тых, хто яго сустракаў, але Тарквемада не зрабіў гэтага.
— Мір з вамі, шаноўныя браты, — сказаў праз хвіліну глухім голасам, трохі ўжо старэча-падхрыплым. — Няхай усе ласкі і шчадроты госпада нашага Ісуса Хрыста сыдуць на ўсіх, хто гэтага варты.
— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.
Тарквемада абвёў вачыма прысутных.
— Не бачу сярод вас, шаноўныя браты, прадстаўнікоў ад свецкіх уладаў. Хіба яны нічога не ведалі пра наш прыезд?
Малады рыцар у лёгкім міланскім панцыры, што адсвечваў блакітнаватым бляскам, высунуўся з грамады духаўніцтва.
— Вітаю, найгоднейшы ойча, — сказаў трохі загучна. — Мой камандзір, капітан каралеўскага палка, дон Хуан дэ Сантангель, даручыў мне выказаць вам належную чту і адначасова прасіць прабачэння за тое, што стан здароўя не дазваляе ўчыніць гэтага асабіста.
— Ён хворы? — спытаўся падрэ Тарквемада.
— Так, ойча.
— Целам ці душою?
Малады рыцар не разгубіўся.
— Не разумею цябе, ойча.
— Чаго не разумееш? Ці ж ты не хрысціянін і не ведаеш, што ў чалавеку цела, а што душа і што называем хваробаю цела, а што хваробаю душы?
Той горда выпрастаўся.
— Ведаю, найгоднейшы пане. Я Мануэль дэ Ахэда, дваранін і хрысціянін. Калі я сказаў, што шляхетны дон Хуан хворы, я не мог мець на ўвазе яго душу, бо яна, належачы вернаму слузе караля і царквы, не паддаецца ніякім, як я пэўны, хваробам.
— Ці так мала, мой сыне, давяраеш сваёй упэўненасці, што мусіш павышаць голас? — ціха спытаўся Тарквемада.
Дон Мануэль нецярпліва:
— Ойча вялебны, калі б пан дэ Сантангель не быў хворы...
— ...ён у гэты час сваёй прысутнасцю склаў бы сведчанне шанобы і любові, якія песціць у сабе да веры і Святое інквізіцыі. Веру ў гэта. Маю таксама надзею, што хвароба ў шляхетнага капітана не такая цяжкая, каб заўтра магла перашкодзіць яму наведаць нас у сядзібе Святога афіцыума.
Чырвань заліла смуглы твар дон Мануэля.
— Ці маеш яшчэ што сказаць, мой сыне? — спытаўся Тарквемада.
Кроў усё гусцей залівала твар і лоб, нават шыю дон Мануэля. На скронях набрынялі жылы.
Нейкі момант здавалася, што малады рыцар не авалодае гневам і выбухне.
— Прадстаўнік карэгідора прагне, вялебны ойча, скласці табе словы прывітання, — ціха сказаў брат Мантыха.
— Ці шляхетны карэгідор таксама хворы? — спытаўся Тарквемада.
У судовага пісара Франсіска Доза, шчуплага, згорбленага чалавека з тонкай, як у птушкі, шыяй перад вялебным айцом адняло мову. Ён стаяў збялелы, вусны ў яго дрыжалі, а ў лупатых бясколерных вачах застыў страх.
— Слухаю цябе, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада.
Пісар разявіў рот, нібы хацеў глынуць паветра.
— Пан Бласка дэ Сілас не мог прыйсці, найгоднейшы ойча, — прамармытаў, — у сама астатнюю хвіліну цяжка занядужаў.
І змоўк пад пранізлівым позіркам Тарквемады. Той павярнуўся да айцоў інквізітараў.
— Што ж, вялебныя браты, пара нам увайсці ў сабор. Падзякуемце Богу за шчасліва завершанае падарожжа і памолімся таксама за душы ератыкоў і грэшнікаў, каб усявышні ў сваёй невычэрпнай даброці дапамог ім у шчырым прызнанні і адрачэнні ад памылак.
— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.
— У Віла-Рэал, вялебны ойча, асабліва многа душ, як мне здаецца, заражаных цяжкімі хваробамі, — азваўся падрэ дэ ла Куэста.
— Гойце іх! — сказаў Тарквемада, узыходзячы на сходы калегіяты. — Чаго ж вы чакаеце? Ці ж вы не лекары душ?
Ён быў ужо каля партала, а браты дамініканцы, завёўшы тонкімі галасамі Маgnіfісаl, пачалі заходзіць у калегіяту, калі на плошчы ўтварылася затлока. Падрэ Тарквемада спыніўся, спевы аціхлі.
Унізе голасна крычаў і размахваў рукамі рыцар на запененым кані, пракладаючы сабе дарогу праз натоўп. Акружаны служкамі Святога трыбунала, ён сказаў ім нешта, пасля чаго адзін рыцар у панцыры саскочыў з каня і, бразгаючы зброяй, узбег на сходы.
— Ойча вялебны, прыбыў наш ганец з Сарагосы з важным паведамленнем.
Падрэ Тарквемада махнуў рукой. Падняў руку і рыцар. На гэты знак служкі, лучнікі і рыцары пачалі расступацца, даючы ганцу дарогу. А той — рослы і дужы мужчына — саскочыў з каня, хістануўся, але адразу выпрастаўся, скінуў з плячэй дарожны плашч, глыбока ўздыхнуў, павольным рухам далоні ацёр спацелы лоб і цяжка, як смяротна стомлены чалавек, пачаў падымацца па сходах.
Апынуўшыся перад Вялікім інквізітарам, ён укленчыў і схіліў чорны ад пылу твар.
— З Сарагосы? — спытаўся Тарквемада.
— Так, вялебны ойча. Тры дні і тры ночы ў дарозе.
— Хто цябе паслаў?
— Святы трыбунал.
— Кажы.
— Ойча вялебны, здарылася страшнае, яно благае ў неба помсты! — На момант замоўк, каб сабрацца з духам. — Вялебны айцец Пэдра Арбуэз забіты.
Трывожны шэпт папоўз сярод прысутных. Усе ведалі, што кафедральны канонік доктар Пэдра Арбуэз д'Эпіла ўсяго толькі год таму назад пры ўстанаўленні ў каралеўстве Арагон Святой інквізіцыі быў абвешчаны адным з двух інквізітараў Сарагосы.
— Божа, злітуйся з нас, — сказаў падрэ дэ ла Куэста.
— Дзе ўчынена злачынства? — спытаўся Тарквемада.
— У саборы, ойча вялебны, пад час вячэрняга набажэнства.
— Забойцы?
— Схапілі абодвух.
— Іх імёны?
— Фідэль д'Уранса і Хуан д'Эсперайндэа.
Тарквемада нахмурыў бровы.
— Не ведаю такіх.
— Гэта нізкія людзі, вялебны ойча. Абодва, аднак, са службы вяльможнага пана дон Хуана дэ ла Абадыя.
— Аж так высока сягае злачынства?
— Ойча вялебны, найгоднейшы інквізітар, айцец Гаспар Хуглар загадаў паведаміць табе, што гэта ганебнае забойства, відаць, вынік вялікай і шырокай змовы і да падазроных належаць асобы, якія ў каралеўстве Арагон лічацца людзьмі вельмі высокай годнасці.
— Божа мой! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі сапраўды ўсё так, як ты кажаш, то мне цяжка паверыць, каб гэтыя асобы былі са старых хрысціянскіх родаў. Ці не належаць яны да сем'яў жыдоўскага паходжання?
Ганец з павагай схіліў галаву.
— Народ Сарагосы маўляе тваімі вуснамі, найпачцівейшы ойча. Калі па горадзе разышлася вестка, што вялебны Пэдра забіты, народ высыпаў на вуліцы, каб пакараць маранаў, праклятых аблуднікаў, якія прынялі нашу веру, але і духам, і звычаямі засталіся верныя юдэйству. Яго эміненцыя арцыбіскуп дон Альфонса, спрабуючы прадухіліць інцыдэнты, асабіста выйшаў на вуліцу, каб сказаць народу, што ўсе вінаватыя адбудуць заслужаную кару.
Падрэ Тарквемада паглядзеў на прысутных.
— Чуеце, шаноўныя браты? Чуеце голас хрысціянскага народа? Гэта вам навука! Адзеньце тысячу скрушных грэшнікаў у санбеніта і прыганіце іх босых сюды, да калегіяты, на пакутнае аўтадафэ, аддайце свецкаму суду сто, дзвесце, трыста, калі зойдзе патрэба, зацятых і закаранелых ератыкоў, каб знішчыць іх у полымі, як нішчыцца шкоднае пустазелле або ссохлая вінаградная лаза, а люд, які сёння ў гэтым горадзе замкнуўся ў сваіх дамах, убачце на вуліцах. Больш таго: кіньце яго да ног сваіх.
Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:
— Мір з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную і радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона Пэдра няма больш сярод нас, добра ведаючы, што жыцьме ён праз усе часы неўміручасцю поўнай хвалы; радуймася, што яго пакутная смерць умацуе нас і з'яднае ў змаганні з ератыкамі, у абароне нашай веры.
Змяркалася. На плошчы запалілі паходні. Голас Тарквемады гучаў у цішыні ўсё больш грозна.
— Няма на свеце такой сілы, ані такога зла і падступнасці, якія маглі б супрацьпаставіцца нашай справе. Будземце ж, браты, чуйныя і не спема ў час, калі не спіць вораг сярод нас.
— Vіvа еl nоmbrе dе Jesus! — моцным голасам сказаў падрэ дэ ла Куэста. — Vіvа lа Virgen Santissima!
Ганец з Сарагосы падхапіўся з каленяў і, павярнуўшыся тварам да плошчы, крыкнуў хрыпла з усёй сілы ў змрок, запоўнены ўзброенымі людзьмі і бляскам дымных паходняў.
— Vіvа lа Santissima!
— Vіvа lа Santissima!
— адказаў адным магутным голасам натоўп.
У гэты час Тарквемада падняў сухую старэчую далоню і з-пад партала калегіяты, высокі і ўзнесены сярод мігатлівых агеньчыкаў свечак, пачаў крэсліць у паветры знак крыжа.
Быў позні начны час. Нешпар дамініканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з інквізітарамі і дарадцамі падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да келлі, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Віла-Рэал. Змрок нізкіх кляштарных калідораў рассейвалі паходні ў руках двух рыцараў з Хрыстовай міліцыі.
У канцы доўгага калідора падрэ дэ ла Куэста спыніўся і адчыніў дзверы ў келлю.
— Належыць табе, вялебны ойча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось келлі, як сведчаць старыя запісы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вінсэнт Фэр'ер.
Падрэ Тарквемада, схіліўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзіну. Келля была цесная і голая. У адным куце гарэў каганец. Ніжэй было месца для кленчання. У другім куце — вузкая пасцель. Над ёю — разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад ішоў ад каменнай падлогі і муроў. За акном распасціралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамі.
Вялебны айцец падышоў да акна.
— Наш брат Вінсэнта несумненна быў святы. Ці не думаеш, вялебны ойча, што пры ўсіх сваіх хрысціянскіх цнотах ён быў чалавек, які вельмі лічыўся з важнасцю слоў.
Падрэ дэ ла Куэста ціха прычыніў дзверы.
— Святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік нашага закону.
Тарквемада, заклаўшы далоні ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.
— Словы! Што ж словы, мой ойча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якія ў свой час уніклі пагромаў. І што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваіх сыноў і ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавідзяць Святую інквізіцыю, змяніўшы толькі формы, не мяняючы ні на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам ігольным, а брамай, шырока адчыненай усім. І праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой ойча, бяда тым, хто змагаецца, калі занадта спадзяецца на ачышчальную сілу слова!
— Думаеш, слова не мае ніякай дзейснай сілы? — пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.
— Чаму ж, мае, але толькі тады, калі яно — дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэнні царквы, і яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але ці ж не на тым грунтуюцца нашы заклікі, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькі тады нешта азначаюць, калі не далей чым за крок ад іх стаіць меч дзеяння.
— Калі я правільна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнанні асоб перад Святым трыбуналам, якія сведчаць за тое, што шмат хто са свецкіх паноў і ўпраўцаў горада Віла-Рэал пагарджае асновамі рэлігіі і не баіцца ўзносіцца з пыхаю там, дзе павінна быць толькі паслушэнства і пакора, — то гэта ці не словы, за якімі стаіць меч дзеяння?
Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позірку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.
— Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваімі вуснамі. Здаецца мне, ты зразумеў асабліва важны прынцып.
— Ці маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, які сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна ні была, схаваныя пахібнасці веры?
Тарквемада прыплюшчыў вочы і нічога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзіраўся ў яго з напружанай увагай.
— Калі б мы хацелі і маглі глыбей і праніклівей глядзець на людскія памылкі, — азваўся праз хвіліну, — тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.
Тарквемада ўзвёў павекі.
— Ойча Бласка, — сказаў задумліва, — я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, які шчыра любіць...
— Слухаю цябе, ойча.
— Сапраўдны хрысціянін не можа мець ніякіх асабістых мэт, якія б пярэчылі мэтам царквы.
— Так, ойча, гэта праўда.
— Усе нашы дзеянні, думкі і жаданні належаць царкве. Лічу таксама, што менавіта таму хрысціянін не толькі можа, але і павінен песціць у сабе жаданні, хай вельмі асабістыя, але каб яны адпавядалі мэтам царквы. Скажы яшчэ, ці маеш асабістае пажаданне, асабліва табе дарагое, адно замілаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваіх зямных імкненняў?
Падрэ дэ ла Куэста хвіліну маўчаў.
— Калі быць шчырым, ойча, як на споведзі...
— Будзь!
— Прызнаюся, ужо колькі гадоў горача і нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, і хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калі-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасці кардынала дэ Мендоза, сесці на трон арцыбіскупаў Таледа.
У цэлі стала ціха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схіленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялікі інквізітар маўчаў.
Якраз выходзіў месяц, і бляск яго прабіваўся ў келлю імглістай яснотаю.
— Ойча вялебны, — ціха азваўся прыёр, — магчыма, маё прызнанне ўразіла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваімі марамі. Аднак мне хацелася б...
— Ідзі спаць, ойча, — суха сказаў Тарквемада. — Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.
Падрэ дэ ла Куэста збялеў.
— Божа літасцівы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калі лічыш, што я не годны такога вялікага гонару...
— Маўчы! Няўжо ты сапраўды такі сляпы і глухі, калі не разумееш, што адкідаеш, выбіраючы славу і бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбіскупскую інфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамініканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабіў з сабою, у якія сеткі ўблытаўся? Хвіліну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлівасці, што залічу цябе да найвышэйшай годнасці змагара царквы, назначыўшы адным з інквізітараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбіскупам Таледа!
— Ойча!
— Ці не разумееш, што годнасць інквізітара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкі, азначае стакроць больш, чым усе біскупскія троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Ідзі спаць, бедны ойча, памыліўся я ў табе.
Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на калені.
— Ойча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланіла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў імя памяці нашага вялікага патрона, святога Дамініка, заклінаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвіліну слабасці і зацьмення.
— Не! — піскліва крыкнуў Тарквемада. — Не дарую. Ты не дзіця, якое толькі ўчора ўступіла ў веру. Ты прыёр, кіраўнік некалькіх сотняў душ. Настаўнік маладых. Валасы сівеюць. Колькі ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?
— Мінула трыццаць.
— Трыццаць гадоў! І ты толькі па звычаі і ўбранні застаешся дамініканцам.
— Не, ойча!
Падрэ Тарквемада грэбліва паглядзеў на ўкленчанага.
— Устань! Не, не спадзявайся на дараванне. Ты здрадзіў свайму прызванню, здрадзіў духу нашага яднання.
— Ойча, аддамся ўсякай пакуце, вызначы хоць сама цяжкую.
— Пакуту? На пакуту трэба мець права. Ты растаптаў гэта права. Аднак для заспакаення тваіх прагненняў магу табе паабяцаць, што пры сама першай нагодзе рэкамендую тваю асобу Іх Каралеўскім Мосцям, каб яны даверылі табе біскупства Авіла. Думаю, з часам не міне цябе і Таледа.
Падрэ дэ ла Куэста падняў галаву. Твар у яго быў пашарэлы, вочы глыбока запалі.
— Не рабі таго, ойча, благаю цябе.
— Чаму? Спраўдзяцца твае мары.
— Калі бачу, што трачу...
— Трэба было раней бачыць, меў досыць часу.
— Ойча, цяпер усё разумею. Разумею, як ты павінен пагарджаць мною і як я заслужыў гэтую пагарду. Прабач мне, аднак, не адрынь.
Тарквемада з хвіліну маўчаў, пасля адвярнуўся.
— Ідзі, — сказаў сухім, скрыпучым голасам, — я хачу пабыць адзін.
Ён ведаў, што, нягледзячы на стомленасць, не засне. У апошнія гады адвык ад сну, які, калі ён глыбокі і спакойны, дае чалавеку заслужаны адпачынак. Ён засынаў звычайна вельмі позна, часам толькі пад ранак, а часта і цэлыя ночы, бясконца доўгія, праводзіў у самотным чуванні, роздуме і ў модлах. Сёння не меў у сабе нават настрою на малітву.
Каганец дагараў, кволы пламеньчык мігаў на апошнім дыханні.
Затое месяц падняўся ўжо даволі высока, і яго святло халодным бляскам шклілася ў акне.
Тарквемаду ахапілі дрыжыкі. Ён шчыльней ухутаўся ў сутану, укленчыў і, схіліўшыся тварам у азяблыя далоні, пачаў шаптаць пацеры. Але хутка заўважыў, што моліцца толькі вуснамі. Не знаходзіў у сабе таго полымя, якое заўсёды жыло ў ім і грэла яго, — а ў хвіліны экстазу і сабранасці асвятляла з сярэдзіны, успалымняла і парывала яго натхнёным агнём. Цяпер ён адчуваў сябе пустым і халодным, без думак і пачуццяў.
Далёка ў глыбіні начы зазваніла сігнатурка сёстраў кармелітак, якая асабліва чыста і ясна гучала ў цішыні. «Божа мой», — сказаў амаль уголас Тарквемада. Яшчэ хвіліну кленчыў, пасля раптоўным рухам, нібы скінуўшы з плячэй цяжар стомленасці, падняўся і пайшоў да дзвярэй.
Адзін служка, што вартаваў каля келлі, убачыўшы вялебнага айца Вялікага інквізітара, падхапіўся з каменнага ўслона, другі спаў, звесіўшы галаву на грудзі і ўпёршыся плячыма ў мур.
— Ты дон Радрыга дэ Кастра? — спытаўся падрэ Тарквемада.
— Так, ойча.
— Ці ведаеш, як прайсці ў царкву?
— Ведаю, ойча.
— Пакажы мне дарогу. Пачакай! Разбудзі спярша свайго таварыша.
Дон Радрыга нагнуўся і штурхнуў яго ў плячо.
— Ларэнца!
Той сонным і яшчэ дзіцячым рухам адгарнуў з ілба светлыя валасы, а калі расплюшчыў вочы, — адразу апрытомнеў і ўскочыў на ногі.
— Чаму спаў? — напаўголаса спытаўся падрэ Тарквемада.
— Прабач, вялебны ойча, стома змарыла мяне.
— Стома? Стому трэба адольваць, а не паддавацца ёй.
— Я ведаю, ойча.
— Ведаеш?
— Мяне гэтаму вучылі, змалку.
— Я яшчэ не знаю цябе, мой сыне. Відаць, толькі з нядаўніх пор ты сярод маіх дамоўнікаў.
— Так, ойча, гэта мая першая служба.
— Імя?
— Ларэнца дэ Мантэса.
— Губернатар Мурсіі дон Фернанда ці не твой сваяк?
— Бацька. Мой старэйшы брат служыць каралю, бацька хацеў, каб я служыў Святой інквізіцыі.
— Было гэта жаданне толькі твайго бацькі?
— Маё таксама.
— І ты лічыш, дон Ларэнца, што добра пачынаеш службу?
— Мяне вучылі, што служыць трэба з усёй сілы.
— Праўдзе служаць не сілком, а звыш сілы.
— О так, ойча!
— Далажы, мой сыне, заўтра з раніцы свайму камандзіру, што ты заснуў на службе.
— Так, ойча, я далажу.
— Папрасі пана дэ Сігуру, каб ён вызначыў табе адпаведную кару.
— Так, ойча.
— Ты вельмі малады, вучыся адольваць слабасць.
Дон Ларэнца стаяў у струнку з паднятай галавой, у вачах у яго свяцілася палкая адданасць.
— Так, вялебны ойча, буду рабіць гэта.
— Хадзем! — звярнуўся Тарквемада да дона Радрыга.
Унутраны праход да царквы вёў праз кляштарны дзядзінец. На дварэ было пагодна, холадна, але без ветру, і цішыня заснулага горада разлягалася наўкола. Бляск поўні асвятляў толькі частку дзядзінца, а ў глыбіні ўклалася ноч, і там, у цемры, яшчэ цямнейшай за самую цемру, узносіў цяжкую каменную сцяну суровы масіў бакавога нефа Сан-Дамінга.
Дон Радрыга мінуў дзядзінец і, сышоўшы ў канцы яго па некалькіх сходках, падняў паходню, каб асвятліць нізкія, глыбока схаваныя ў царкоўным муры дзверы.
— Вяртайся, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада. — Назад я пацэлю сам.
— Ойча мой! — сказаў дон Радрыга.
Тарквемада спыніўся.
— Прабач, вялебны ойча, час не зусім падыходзіць, але я павінен сказаць, што мяне вельмі гняце адна думка. Ойча, пан Мануэль дэ Ахеда мой даўні сябар, яшчэ з дзяцінства. Сёння я прабыў з ім вечар.
— Адзін?
— Было яшчэ некалькі яго сяброў. Мануэль выпіў лішняе і, прабач, ойча, казаў словы, якія абражалі Святую інквізіцыю і цябе, ойча, асабіста.
Падрэ Тарквемада маўчаў. Дон Радрыга стаяў бледны з высока ўзнятай паходняй.
— Ён казаў яшчэ, што пан дэ Сантангель, ад імя якога ён вітаў цябе, у сама лепшым здароўі. Апроч таго, абодва яны, належачы да старых гішпанскіх родаў, падтрымліваюць прыязныя адносіны з людзьмі жыдоўскага паходжання...
— Гэта ўсё?
— Так, ойча.
— Ці і астатнія гаварылі тонам, абразлівым для веры?
— Мануэль гаварыў найбольш.
— А ты?
Дон Радрыга апусціў галаву.
— Гаварыў?
— Не, я маўчаў.
— Не хапіла табе адвагі, каб абараніць веру ад блюзнера, ці мо хацеў даведацца, як далёка гэтае блюзнерства сягае?
— Не ведаю, я маўчаў. Што мне цяпер рабіць, ойча?
— Як даўно ты служыш у мяне?
— У кастрычніку споўніцца год, ойча.
— Ці ведаеш парадкі Святой інквізіцыі?
— Так, ойча.
— Значыцца...
Дон Радрыга маўчаў.
— Так, ойча, — сказаў нарэшце хрыплым голасам, — зраблю.
Падрэ Тарквемада паклаў далонь на яго плячо.
— Ведаю, што цябе турбуе, мой сыне. Ты думаеш, што здраджваеш сябру.
— Ойча, мой ойча!
— Наадварот, ты садзейнічаеш выратаванню яго заблуднай душы. Ці ж бо не ўчыніў бы ты здрады, калі б хацеў утаіць праўду і пакінуць грэшніка сам-насам з яго грахамі? Ці не на тое і мы, каб дапамагаць тым, хто заблудзіўся? Дапаможамце ж пану дэ Ахеду і пану дэ Сантангелю! Дапаможам, дзякуючы табе.
Бляск удзячнасці асвятліў стурбаваны твар дона Радрыга.
— Ойча, цяжкі камень зняў ты мне з сэрца. Ці павінен я данесці ўсё, што ведаю, Святому трыбуналу з подпісам?
Падрэ Тарквемада мацней абапёрся на яго плячо.
— Дон Радрыга, падумай, ці падпісаўся б ты пад словамі: дыхаю, хаджу, ем, сплю?
— Але ж гэта праўда.
— А твае сведчанні чым жа будуць, калі не праўдай?
— О так, мой ойча! — усклікнуў дон Радрыга. — Праўда павінна перамагчы.