Айзэк АзімаўВыродлівы хлапчук
Як заўсёды, перш чым адчыніць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзіт Фэлоўз паправіла свой рабочы халат і толькі пасля таго пераступіла тую нябачную лінію, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былі нататнік і асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сістэматычных запісаў, робячы іх толькі пры пільнай патрэбе.
На гэты раз яна несла з сабою і чамадан. «Гэта гульні хлопчыкам», — усміхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўніку, які даўным-даўно ўжо не задаваў ёй ніякіх пытанняў і толькі махнуў рукою, прапускаючы яе.
Як звычайна, выродлівы хлапчук адразу пачуў яе прыход і, плачучы, кінуўся ёй насустрач.
— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, — мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусім выразна, ва ўласцівай аднаму яму манеры.
— Што здарылася, Цімі? — спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымі рудымі кудламі.
— Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмі сорамна за тое, што адбылося.
— Не думай больш пра гэта, Цімі. З-за гэтага ты і плачаш?
Ён адвярнуўся.
— Не зусім, міс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.
— Зноў той самы сон? — Міс Фэлоўз сцяла зубы.
Вядома ж, гісторыя гэтая з Джэры павінна была выклікаць у Цімі стары сон.
Ён кіўнуў, спрабуючы ўсміхнуцца, і яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалілі занадта вялікія зубы.
— Калі ж я, нарэшце, вырасту настолькі, каб выйсці адсюль, міс Фэлоўз?
— Хутка, — пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сціскаецца яе сэрца, — хутка.
Міс Фэлоўз дазволіла Цімі ўзяць яе за руку і з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далоні. Ён павёў яе праз пакоі, з якіх складалася Першая Секцыя Стасіса, пакоі, несумненна, даволі камфартабельныя, але якія тым не менш былі для сямігадовага (а ці сямігадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.
Ён падвёў яе да акна, якое выходзіла на зарослую нізкім хмызняком лясістую мясцовасць, схаваную цяпер начной імглою. Не відаць было адсюль і прымацаваных да агароджы аб'яў, якія забаранялі кожнаму, хто б той ні быў, набліжацца сюды без спецыяльнага дазволу.
Прыціснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:
— Я змагу туды выйсці, міс Фэлоўз?
— Ты ўбачыш мясціны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, — журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольніка.
На яго нізкі скасабочаны лоб пучкамі звісалі зблытаныя пасмы валасоў. На патыліцы быў вялікі выступ, галава дзіцяці здавалася празмерна цяжкай, хілячыся наперад, яна прымушала яго горбіцца. Ужо пачалі разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугі. Яго масіўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокі прыплюснуты нос, а падбародка не было і ў зародзе — толькі сківічная костка, апушчаная ўніз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногі і няўклюдны.
Гэта быў неверагодна выродлівы хлопчык, і Эдзіт Фэлоўз яго вельмі любіла.
Вусны яе задрыжалі — яна магла дазволіць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзіцяці.
Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзіць гэтаму. На ўсё. Яна адчыніла чамадан і пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку...
* * *
Эдзіт Фэлоўз упершыню пераступіла парог акцыянернай кампаніі «Стасіс Інкарпарэйтэд» крыху больш трох гадоў таму назад. Тады ў яе не было ніякусенькага ўяўлення пра тое, што хавалася за гэтаю назваю. Зрэшты, гэтага ў той час не ведаў ніхто, за выключэннем тых, хто там працаваў. І сапраўды, ашаламляльнае паведамленне ўзрушыла свет толькі на другі дзень пасля яе прыходу. А незадоўга да гэтага яны далі ўсяго толькі лаканічную аб'яву, у якой запрашалі на работу жанчыну, што валодае ведамі ў галіне фізіялогіі, вопытам у медыцынскай хіміі і якая любіць дзяцей. Эдзіт Фэлоўз працавала медсястрой у радзільным аддзяленні і таму прыйшла да вываду, што яна адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.
Джэральд Хоскінс, доктар фізічных навук, пра што сведчыла замацаваная на яго пісьмовым стале пласцінка з адпаведным запісам, пацёр шчаку вялікім пальцам і пачаў уважліва яе разглядаць.
Інстынктыўна сцяўшыся, міс Фэлоўз адчула, што ў яе пачынае торгацца твар.
Сам жа ён зусім не прыгажун, з крыўдаю падумала яна, лысее, паўнее, ды і вусны ў яго нейкія панурыя, замкнутыя... Але паколькі сума, прапанаваная за работу, аказалася намнога вышэйшая за тую, на якую яна разлічвала, міс Фэлоўз вырашыла не спяшацца з вывадамі...
— Значыць, вы сапраўды любіце дзяцей? — спытаўся Хоскінс.
— Інакш я не стала б прытварацца.
— А можа быць, вы любіце толькі харошанькіх дзяцей? Гэтакіх прывабных херувімчыкаў з малюсенькімі носікамі?
— Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, доктар Хоскінс, — адказала міс Фэлоўз, — і здараецца, што менавіта непрыгожыя дзеці больш за іншых маюць патрэбу ў падтрымцы.
— Дапусцім, што мы возьмем вас...
— Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?
На яго шырокім твары мільганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае імгненне дзіўную прывабнасць.
— Я хутка прымаю рашэнні, — сказаў ён. — Пакуль што я нічога не прапаноўваю вам, і можа стацца, што адпушчу вас ні з чым. А самі вы гатовы прыняць маю прапанову?
Сціснуўшы рукамі сумачку, міс Фэлоўз з усёй хуткасцю, на якую яна была здольная, стала падлічваць моўчкі тыя выгоды, якія абяцала ёй новая работа, але, падпарадкоўваючыся раптоўнаму імпульсу, адкінула раптам усе разлікі.
— Так.
— Цудоўна. Сёння вечарам мы збіраемся пусціць Стасіс у ход, і я думаю, што вам неабходна прысутнічаць пры гэтым, каб адразу ж прыступіць да сваіх абавязкаў. Гэта адбудзецца ў восем гадзін вечара, і я спадзяюся, што ўбачу вас тут у сем трыццаць.
— Але, што...
— Добра, добра. Пакуль усё...
Па сігналу ўвайшла сакратарка і, усміхаючыся, правяла яе з кабінета.
Выйшаўшы, міс Фэлоўз нейкі час моўчкі глядзела на зачыненыя дзверы, за якімі застаўся містэр Хоскінс. Што такое Стасіс? Якія адносіны да дзяцей мае гэты вялізны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымі значкамі на адзенні, доўгія калідоры і тая характэрная атмасфера менавіта тэхнічнага прадпрыемства, якую ні з чым нельга зблытаць?
Яна пыталася ў сябе, ці варта вяртацца сюды вечарам, ці не лепш не прыходзіць зусім і тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлівую паблажлівасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькі з незадаволенай цікаўнасці. Яна павінна высветліць, пры чым жа тут усё-такі дзеці.
Калі роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбілася нічога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так і жанчыны, здавалася, вельмі добра ведалі не толькі тое, хто яна, але і характар яе будучай работы. Яе адразу правялі ў будынак.
Яна ўбачыла доктара Хоскінса, але той, мелькам зірнуўшы на яе і невыразна назваўшы яе імя, нават не запрасіў яе сесці. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла і села.
Яны былі на балконе, з якога адкрываўся від на вялізную шахту, запоўненую нейкімі прыборамі, падобнымі на штосьці сярэдняе паміж пультам кіравання касмічнага карабля і кантрольнай панеллю электроннай лічыльнай машыны.
У другой частцы шахты ўзвышаліся перагародкі, якія служылі сценамі для кватэры без столі. Гэта быў як бы гіганцкі лялечны домік, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далоні з таго месца, дзе сядзела міс Фэлоўз.
Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную пліту і халадзільную ўстаноўку, а ў другім — абсталяванне ваннай. А прадмет, які ёй удалося разгледзець у трэцім пакоі, мог быць толькі часткаю ложка, маленькага ложка...
Хоскінс размаўляў з нейкім мужчынам. Хоскінс іх не пазнаёміў, і міс Фэлоўз нічога не заставалася, як спадцішка назіраць за ім. Гэта быў худы мужчына сярэдніх гадоў, даволі прыемнай знешнасці, у яго былі маленькія вусікі і жывыя вочы, якія, здавалася, усё бачаць.
— Я зусім не збіраюся, доктар Хоскінс, рабіць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якія даступны дастаткова інтэлігентнаму неспецыялісту. Але, нават улічваючы межы маёй кампетэнцыі, я хачу заўважыць, што адзін бок праблемы мне менш зразумелы, чым другі. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсці вельмі далёка, дапусцім, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывістыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялікай затраты энергіі. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блізкага аб'екта. Вось гэта і ёсць загадка для мяне.
— Калі вы дазволіце мне скарыстаць аналогію, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такім святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.
Імя незнаёмага, якое прамільгнула ў размове, міжволі зрабіла на міс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, відаць, быў сам Кандзід Дэвенэй, які пісаў для тэлевізійных навін нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзід Дэвенэй, асабістай прысутнасцю якога былі адзначаны ўсе сама буйныя падзеі ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавіта яго яна бачыла на экране, калі аб'явілі пра пасадку касмічнага карабля на Марс. А калі гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькі тое, што доктар Хоскінс збіраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмі важнае.
— Калі вы лічыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам і не выкарыстаць аналогію? — спытаўся Дэвенэй.
— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнігу з шрыфтам звычайнага кегля, калі кніга гэтая ад вас на адлегласці ў шэсць футаў, але гэта адразу робіцца мажлівым, як толькі адлегласць паміж вашымі вачыма і кнігаю скароціцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнічае правіла — чым бліжэй, тым лепш. Але калі вы наблізіце кнігу настолькі, што паміж ёю і вашымі вачыма застанецца ўсяго адзін толькі дзюйм, вы зноў страціце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павінна быць зразумела, што існуе такая перашкода, як вельмі вялікая блізкасць.
— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.
— А вось вам другі прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукі складае прыкладна трыццаць дзюймаў, і вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукі напалову меншая, і калі кіравацца сама простай логікай, то выходзіць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабіць вы гэтага не можаце. І зноў перашкаджае тая ж занадта вялікая блізкасць.
— Вы дазволіце скарыстаць гэтыя аналогіі ў маім паведамленні? — спытаў Дэвенэй.
— Калі ласка. Я буду толькі рады, я ж даволі доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напісаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткі. Нарэшце-такі прыйшоў час, калі мы можам дазволіць усяму свету зазірнуць цераз наша плячо. І свет сёе-тое ўбачыць.
Міс Фэлоўз злавіла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем і ўпэўненасцю. У ім адчувалася вялізная сіла.
— Якая мяжа вашых мажлівасцей? — спытаўся Дэвенэй.
— Сорак тысяч гадоў.
У міс Фэлоўз заняло дыханне.
— Гадоў?!
Здавалася, само паветра застыла ў напружанні. Людзі каля пультаў кіравання амаль не рухаліся. Хтосьці аднастайна кідаў у мікрафон кароткія фразы, сэнсу якіх міс Фэлоўз не магла ўлавіць.
Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважліва ўзіраўся ў тое, што адбывалася ўнізе.
— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскінс? — спытаўся ён.
— Што вы сказалі? Не, мы нічога не ўбачым, пакуль усё не здзейсніцца. Мы выяўляем прадмет толькі ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкі з той розніцай, што замест электрамагнітных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з іх адбіваецца ад якіх-небудзь аб'ектаў, і наша задача заключаецца ў даследаванні характару гэтых адбіткаў.
— Мусіць, гэта даволі цяжкая задача.
На твары ў Хоскінса прамілынула яго звычайная ўсмешка.
— Перад вамі вынік пяцідзесяці гадоў настойлівых пошукаў. Асабіста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмі нялёгкае.
Чалавек каля мікрафона падняў руку.
— Ужо некалькі тыдняў мы фіксуем адзін пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлічыўшы свае перамяшчэнні ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ і яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павінна спрацаваць бездакорна.
Але лоб у містэра Хоскінса блішчаў ад поту. Міс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакінула сваё крэсла і таксама стаіць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.
— Зараз, — спакойна вымавіў чалавек каля мікрафона.
Наступіла цішыня, якая цягнулася роўна столькі, колькі патрабуецца часу на адзін уздых, і з лялечнага доміка пачуўся прарэзлівы лямант насмерць перапужанага дзіцяці.
— Жах! Невыказны жах!..
Міс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзіця.
А Хоскінс, стукнуўшы кулаком па парэнчах, голасам, які зусім змяніўся і дрыжаў ад трыумфу, прамовіў:
— Атрымалася.
Міс Фэлоўз, якую цвёрдаю рукою штурхнуў у спіну, нават не загаварыўшы з ёю, Хоскінс, спусцілася па кароткай вінтавой лесвіцы ў шахту.
Тыя, хто да гэтага моманту быў каля прыбораў, сабраліся цяпер тут. Яны палілі і, усміхаючыся, назіралі за тройцай, што паявілася ў галоўным памяшканні. Ад доміка чулася слабае гудзенне.
— Уваходжанне ў Стасіс не ўяўляе ніякай небяспекі, — звярнуўся Хоскінс да Дэвенэя. — Я сам рабіў гэта многа разоў. На нейкае імгненне ў вас з'явіцца дзіўнае адчуванне, якое абсалютна не ўплывае на арганізм.
Нібы хочучы прадэманстраваць слушнасць сваіх слоў, ён увайшоў у адчыненыя дзверы. Напружана ўсміхаючыся і чамусьці зрабіўшы глыбокі ўдых, за ім услед рушыў Дэвенэй.
— Хадземце ж сюды, міс Фэлоўз! — нецярпліва выгукнуў Хоскінс і павабіў яе пальцам.
Міс Фэлоўз кіўнула і нязграбна пераступіла парог. Усё яе цела скаланулі дрыжыкі, але, як толькі яна апынулася ў доме, адчуванне гэтае знікла. У доме пахла свежым дрэвам і вільготнаю глебай.
Цяпер тут было ціха, ва ўсякім выпадку, не чуваць было голасу дзіцяці, але затое аднекуль чуўся шоргат ног і шолах, нібы хтосьці мацаў дрэва. Потым пачуўся стогн.
— Дзе ж ён? — з адчаем усклікнула міс Фэлоўз. Няўжо гэтым дурням не рупіць, што там адбываецца?
Хлопчык быў у спальні, ці, дакладней, у пакоі, дзе стаяў ложак.
Ён быў зусім голы, і яго запэцканыя граззю грудзі хадзілі хадуном. Ахапак змяшанай з граззю шорсткай травы рассыпаўся па падлозе каля яго босых рудых ног. Ад гэтае травы ішоў пах зямлі, змешаны з нейкім смуродам.
Хоскінс убачыў відавочны жах у яе вачах і злосна сказаў:
— Не было ніякай мажлівасці, міс Фэлоўз, выцягнуць хлопчыка чыстым з такой глыбіні стагоддзяў. Мы вымушаны былі захапіць дзеля яго бяспекі сёе-тое з таго, што было каля яго. Можа, вы палічылі б за лепшае, каб ён з'явіўся сюды без нагі альбо часткі чэрапа?
— Прашу вас, не трэба! — усклікнула міс Фэлоўз у знямозе. — Чаму мы бяздзейнічаем? Беднае дзіця спужалася. І яно бруднае!
І сапраўды. На хлопчыкавым целе засох бруд і нейкі тлушч, а ўсё сцягно перасякала чырвоная драпіна.
Калі Хоскінс наблізіўся да хлопчыка, якому на выгляд было не больш чым тры гады, той нізка нагнуўся і хуценька адскочыў назад. Яго верхняя вусна адтапырылася, і з яго вырваўся нейкі дзіўны гук — нешта сярэдняе паміж бурчаннем і кашачым шыпеннем.
Хоскінс імклівым рухам схапіў за руку дзіця, якое адчайна крычала і выкручвалася, і адарваў яго ад падлогі.
— Трымайце яго так, — сказала міс Фэлоўз. — Перш за ўсё яму неабходна цёплая ванна. Яго трэба як след адмыць. У вас ёсць тут усё неабходнае? Калі ёсць, то папрасіце прынесці рэчы сюды і хоць бы напачатку дапамажыце мне з ім справіцца. Апрача таго, дзеля ўсяго святога, дайце загад, каб прыбралі ўвесь гэты бруд і смецце.
Цяпер прыйшла яе пара аддаваць загады, і адчувала яна сябе ў новай ролі цудоўна. А паколькі разгубленая назіральніца саступіла месца вопытнай медыцынскай сястры, яна зірнула на дзіця ўжо другімі вачыма, з пункту гледжання прафесіянала, і на нейкі міг замерла ад збянтэжанасці. Бруд, яго лямант, яго цела, якое выкручвалася ў марнай барацьбе, — усё гэта кудысьці адступіла. Яна разгледзела само дзіця.
Гэта быў сама выродлівы хлапчук з усіх, якіх ёй даводзілася калі-небудзь бачыць. Ён увесь быў неверагодна пачварны — ад страхалюднай галавы да выгнутых колам ног.
З дапамогаю трох мужчын ёй удалося выкупаць хлопчыка.
Астатнія ў гэты час спрабавалі прыбраць памяшканне. Яна працавала моўчкі, з пачуццём знявагі, раздражнёная крыкамі і супраціўленнем.
Доктар Хоскінс намякаў ёй, што дзіця будзе непрыгожае, але хто ж мог падумаць, што яно акажацца такое пачварнае. І ні мыла, ні вада не маглі да канца перабіць агідны пах, што ішоў ад яго і толькі паступова пачаў крыху слабець.
Ёй раптам невыносна захацелася шпурнуць намыленага хлопчыка Хоскінсу на рукі і пайсці, але яе ўтрымлівала прафесійная гордасць. У рэшце рэшт яна ж сама згадзілася на гэтую работу... Апрача таго, яна ўявіла, якімі вачыма гляне на яе доктар Хоскінс, уявіла яго халодны позірк, у якім яна прачытае непазбежнае пытанне: «Значыць, вы ўсё-такі любіце толькі прыгожых дзяцей, міс Фэлоўз?»
Доктар Хоскінс стаяў крыху воддаль і з халоднай усмешкаю назіраў за ёй. Калі яна сустрэлася з ім позіркам, ёй здалося, што пачуццё абражанай годнасці, якое гарэла ў яе душы, яго проста забаўляе.
Яна тут жа вырашыла, што крыху пачакае з адыходам. Цяпер гэта толькі зняважыла б яе.
Калі скура ў дзіцяці набыла нарэшце ніштаватае ружовае адценне і запахла духмяным мылам, яна, нягледзячы на ўсе перажыванні, адчула сябе лепш. Крычаць хлопчык ужо не мог, ён толькі стомлена скуголіў, а яго перапуджаны, насцярожаны позірк перабягаў з аднаго твару на другі, не выпускаючы з-пад увагі нікога ў пакоі. Тое, што ён быў цяпер чысты, толькі падкрэслівала худзізну яго голага цела, якое пасля ванны дрыжэла ад холадў.
— Дайце ж, нарэшце, начную сарочку дзіцяці! — рэзка сказала міс Фэлоўз.
У той жа міг аднекуль з'явілася начная сарочка. Здавалася, што ўсё было падрыхтавана загадзя, аднак ніхто не сыходзіў з месца да яе загаду, нібы знарок пакідаючы за ёй права распараджацца і тым самым выпрабоўваць яе.
— Я падтрымаю яго, міс, — падышоўшы да яе, сказаў Дэвенэй. — Адна вы не справіцеся.
— Дзякую вам.
Пакуль ім удалося надзець на дзіця сарочку, яны вытрымалі сапраўдную бітву, а калі хлопчык паспрабаваў садраць яе, міс Фэлоўз моцна стукнула яго па руцэ.
Дзіця пачырванела, але не заплакала. Яно ўтаропілася на яе, мацаючы няўклюднымі пальцамі фланель сарочкі, нібы даследавала гэты невядомы яму прадмет.
«А цяпер што?» — з адчаем падумала міс Фэлоўз.
Усе яны, нават выродлівы хлопчык, замерлі, як бы чакаючы, што яна будзе рабіць далей.
— Вы паклапаціліся пра ежу, пра малако? — рашуча спыталася міс Фэлоўз.
Яны прадугледзелі і гэта. У пакой укацілі спецыяльны перасоўны агрэгат, які складаўся з халадзільнага аддзялення, у якім стаялі тры кварты малака, і награвальнага прыстасавання; у ім мелася таксама вялікая колькасць стымулюючых сродкаў: вітамінізаваныя кроплі, медна-кобальтава-жалезісты сіроп і шмат іншых прэпаратаў, разгледзець якія яна не паспела. Апрача таго, там быў набор дзіцячага харчу пастаяннай цеплыні.
Напачатак яна ўзяла адно толькі малако. Электронная ўстаноўка за нейкія дзесяць секунд сагрэла яго да неабходнай тэмпературы і аўтаматычна выключылася. Яна наліла крыху малака ў сподачак, не сумняваючыся ў тым, што ўзровень дзіцяці вельмі нізкі і яно не ўмее карыстацца кубкам.
Міс Фэлоўз кіўнула хлопчыку і сказала:
— Пі, ну пі. — Яна жэстам паказала яму, як паднесці сподачак да рота. Вочы дзіцяці сачылі за яе рухамі, але яно не зварухнулася.
Раптам яна наважылася. Схапіўшы хлопчыка за руку вышэй локця, яна апусціла сваю свабодную руку ў малако і правяла ёю хлопчыку па вуснах — кроплі малака пацяклі па яго шчоках і падбародку.
Ён адчайна залямантаваў, але раптам змоўк і пачаў аблізваць свае вільготныя вусны. Міс Фэлоўз адступіла назад.
Хлопчык наблізіўся да сподачка, нахіліўся да яго і, хутка азірнуўшыся па баках, нібы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака і пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават і не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырываліся нейкія няпэўныя гукі.
Міс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуцці, якія адбіліся, відаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зірнуўшы на яе, сказаў:
— Доктар Хоскінс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?
— У курсе чаго? — пацікавілася міс Фэлоўз.
Дэвенэй завагаўся, але Хоскінс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбіні душы яго забаўляла, сказаў:
— Ну што ж, можаце ёй сказаць.
— Вы, відаць, нават не здагадваецеся, — звярнуўся Дэвенэй да міс Фэлоўз, — што выпадкова менавіта вы — першая ў гісторыі цывілізаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзіця-неандэртальца.
Стрымліваючы гнеў, міс Фэлоўз павярнулася да Хоскінса.
— Вы маглі мяне папярэдзіць загадзя, доктар?
— А навошта? Якая вам розніца?
— Гаворка ж ішла пра дзіця?
— А хіба гэта не дзіця? У вас калі-небудзь былі шчанюк ці кацяня, міс Фэлоўз? Хіба ў іх больш чалавечага? А калі б гэта было дзіцянё шымпанзэ, вы адчулі б агіду да яго? Вы медыцынская сястра, міс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалі тры гады ў радзільным аддзяленні. Вы калі-небудзь адмаўляліся даглядаць дзіця-вырадка?
— Вы ўсё-такі маглі б сказаць мне гэта раней, — ужо менш рашуча сказала яна.
— Каб вы своечасова маглі адмовіцца ад гэтай работы? Ці не выходзіць, што вы хочаце зрабіць гэта цяпер?
Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за імі назіраў Дэвенэй, а маленькі неандэрталец, выпіўшы малако і вылізаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымі вачыма, у якіх была нейкая просьба.
Хлопчык жэстам паказаў на малако, і раптам пакой напоўнілі бесперапынныя адны і тыя ж адрывістыя гартанныя гукі ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.
— А ён жа гаворыць! — здзіўленна ўсклікнула міс Фэлоўз.
— Вядома, — сказаў Хоскінс. — Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным відам, а хутчэй разнавіднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусім магчыма, што ён просіць яшчэ малака.
Міс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькі, але Хоскінс схапіў яе за руку.
— А цяпер, міс Фэлоўз, перш чым вы зробіце яшчэ хоць адзін крок, вы павінны сказаць, застаяцеся вы ці не.
Міс Фэлоўз са злосцю вызваліла руку.
— А калі я пайду, вы што, не будзеце тады карміць яго? Я пабуду з ім... пэўны час.
Яна наліла дзіцяці малака.
— Мы маем намер пакінуць вас тут з хлопчыкам, міс Фэлоўз, — сказаў Хоскінс. — Гэта адзіны ўваход у Першую Секцыю Стасіса. Дзверы абавязкова замыкаюцца і ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёміліся з сістэмай замка, які будзе, вядома, адпаведна настроены на адбіткі вашых пальцаў, як ён настроены на адбіткі маіх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позірк туды, дзе павінна была быць столь у гэтым лялечным доміку) ахоўваецца таксама, і мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калі тут здарыцца нешта незвычайнае.
— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзіцца пад наглядам? — абурана ўсклікнула міс Фэлоўз, раптам успомніўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.
— Ды не, — сур'ёзна запэўніў яе Хоскінс, — мы гарантуем, што ніводзін старонні назіральнік не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сімвалаў перадаюцца вылічальнай машыне, і толькі яна будзе мець з імі кантакт. Вам давядзецца правесці з ім гэтую ноч, міс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькі вольных гадзін днём і нават мажлівасць самой зрабіць іх расклад паводле вашых асабістых патрэб.
Міс Фэлоўз здзіўлена абвяла позіркам лялечны домік.
— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскінс? Хіба хлопчык небяспечны?
— Ведаеце, міс Фэлоўз, справа ўся тут у энергіі. Ён ніколі не павінен пакідаць гэтага памяшкання. Ніколі. Ні на секунду. Ні з якой нагоды, нават калі ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, міс Фэлоўз. Вы зразумелі мяне?
Міс Фэлоўз горда ўскінула галаву.
— Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскінс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у імя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.
— Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасігналізаваць, калі вам што-небудзь спатрэбіцца. І мужчыны пакінулі Стасіс.
* * *
Азірнуўшыся, міс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позірку. Яна паспрабавала жэстамі паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калі яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.
Яго перапуджаныя вочы ні на секунду не пераставалі сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што інстынктыўна спрабуе супакоіць яго, паволі набліжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полі зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца ніякая небяспека.
І ёй удалося пагладзіць яго па галаве.
— Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбіральняй, — сказала яна. — Як ты лічыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?
Гаварыла яна вельмі мякка і асцярожна, вельмі добра ўсведамляючы, што ён не зразумее ніводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоіць яго.
Хлопчык зноў зацмокаў языком.
— Можна ўзяць цябе за руку? — спыталася яна.
Яна працягнула яму абедзве рукі і замерла ў чаканні. Рука дзіцяці паволі пасунулася насустрач яе руцэ.
— Правільна, — крыкнула яна.
Калі рука хлопчыка была ўжо за нейкі дзюйм ад яе рук, смеласць пакінула яго, і ён адхапіў сваю руку назад.
— Ну што ж, — спакойна сказала міс Фэлоўз, — пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? — яна паляпала рукою па ложку.
Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзіцяці. Ёй не ўдалося прывучыць яго ні да прыбіральні, ні да ложка. Калі хлопчыку відавочна захацелася спаць, ён апусціўся на голую падлогу і хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зірнуць на яго, і з цемры на яе ўтаропіліся два агністыя вокі, і яна пачула знаёмае прыцмокванне.
— Ну, добра, — сказала яна, — калі ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.
Яна прыкрыла дзверы спальні і падалася ў сама вялікі з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якім па яе просьбе нацягнулі часовы тэнт.
«Калі гэтыя дурні хочуць, каб я тут і начавала, — падумала яна, — яны павінны павесіць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмістую і абсталяваць асобны туалет».
* * *
Яна ніяк не магла заснуць, міжволі напружвала слых, каб толькі не прапусціць ніводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзіця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкія сцены былі, безумоўна, вельмі высокія, але раптам хлопчык лазіць, як малпа. Зрэшты, Хоскінс запэўніў яе, што за ўсім тым, што адбываецца ўнізе, назіраюць спецыяльныя прыборы.
Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калі хлопчык усё-такі небяспечны? Небяспечны ў сама літаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскінс не стаіў бы гэтага ад яе, не пакінуў бы яе тут адну, калі б...
Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькі трох-чатырохгадовае дзіця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногці. А што, як ён, калі яна засне, надумаецца напасці на яе, пусціць у ход зубы і пазногці...
У яе перацяло дыханне. Як дзіўна... Яна пакутліва напружыла слых, і на гэты раз ёй удалося пачуць нейкі гук. Хлопчык плакаў.
Не крычаў ад страху ці злосці, не выў і не скавытаў, а менавіта ціха плакаў, як прыбітае горам, вельмі няшчаснае адзінокае дзіця.
«Нябога», — падумала міс Фэлоўз, і ўпершыню пасля сустрэчы з ім сэрца яе працяў востры жаль.
Гэта ж дзіця, дык якое ж, па сутнасці, значэнне мае форма яго галавы. І гэта не проста дзіця, а дзіця, якое асірацела як ніводнае дзіця за ўсю гісторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькі памерлі яго бацькі, але незваротна знікла ўсё, што некалі было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзінаю ва ўсім свеце істотаю такога роду. Апошняю і адзінаю.
Яна адчула, як яе ўсё больш напаўняе глыбокая спагада і сорам за сваю бессардэчнасць. Старанна паправіўшы начную сарочку так, каб яна па мажлівасці лепш прыкрыла ёй ногі (ловячы адначасна сябе на зусім недарэчнай думцы пра тое, што заўтра ж трэба прынесці сюды халат), яна ўстала з пасцелі і пайшла ў суседні пакой.
— Хлопчык мой, хлопчык! — шэптам паклікала яна.
Яна была ўжо наважылася сунуць руку пад ложак, але, сцяміўшы, што ён можа ўкусіць яе, вырашыла гэтага не рабіць. Яна запаліла начнік і адсунула ложак.
Няшчаснае дзіця, прытуліўшы калені да падбародка, скруцілася камячком у кутку, гледзячы на яе заплаканымі, поўнымі страху вачыма.
У змроку яго знешнасць здалася ёй менш агіднай.
— Ах ты, бядак, бядак, — сказала яна, асцярожна гладзячы яго па галаве, адчуваючы, як імгненна напружылася, а потым паступова расслабілася яго цела. — Бедны хлапчук. Можна мне пабыць з табою?
Яна села побач з ім на падлогу і пачала паволі і рытмічна гладзіць яго валасы, шчаку, руку, ціха спяваючы пяшчотную песеньку.
Пачуўшы яе спеў, дзіця падняло галаву, спрабуючы разгледзець пры слабым святле начніка яе вусны, як бы зацікавіўшыся гэтым зусім новым для яго гукам.
Скарыстаўшы гэта, яна падцягнула яго бліжэй, і пяшчотным, але рашучым рухам ёй удалося паступова наблізіць яго галаву да свайго пляча. Яна прасунула руку пад яго ногі і не спяшаючыся, плаўна падняла яго сабе на калені. Зноў і зноў паўтараючы ўсё той жа адзін нескладаны куплет і не выпускаючы дзіця з рук, яна паволі гайдалася ўзад і ўперад, люляючы яго. Яна паступова супакоілася, і неўзабаве па яго роўным дыханні яна зразумела, што дзіця заснула.
Вельмі асцярожна, стараючыся не нарабіць шуму, яна падсунула на месца ложак і палажыла на яго дзіця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такім мірным, такім дзіцячым, што і сапраўды яго пачварнасць неяк менш кідалася ў вочы.
Ужо ідучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: «А што, калі ён раптам прачнецца?» — і пайшла назад.
Пераадолеўшы ўнутранае супраціўленне і авалодаўшы сваімі супярэчлівымі пачуццямі, яна ўздыхнула і паволі апусцілася на ложак побач з дзіцем.
Ложак ёй быў надта малы, і ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на ім. Апрача таго, яна не магла пазбавіцца ад пачуцця няёмкасці, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзіцяці нясмела каўзанулася ў яе далонь, і праз нейкі час ёй усё-такі ўдалося задрамаць.
* * *
Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка і з цяжкасцю стрымала крык жаху, які ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымі вачымі ёй проста ў вочы, і ёй спатрэбілася даволі шмат часу, каб успомніць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволі, не адводзячы ад яго позірку, яна спусціла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.
Кінуўшы імклівы спалоханы позірк угору, яна напружыла мускулы на апошні рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.
Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваімі падобнымі на цурбалкі пальцамі і штосьці сказаў.
Гэты дотык прымусіў яе адхіснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агідны.
Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокі рот, рухам рукі спрабаваў паказаць, быццам штосьці выліваецца ў яго з рота.
Міс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, і раптам усхвалявана ўсклікнула:
— Ты хочаш, каб я спявала?
Хлопчык маўкліва працягваў глядзець на яе вусны.
Крыху фальшывячы ад натугі, міс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдадні ноччу, і маленькая пачвара ўсміхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палічыць за смех.
Міс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правільна кажуць, што музыка ўціхамірвае сэрца дзікуна. Яна можа дапамагчы...
— Пачакай крыху, — сказала яна, — дай мне прывесці сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвіліны. А потым я згатую снеданне.
Ні на секунду не забываючыся, што столі тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелі, уважліва сачыў за ёй, калі яна трапляла яму на вочы. І кожны раз яна ўсміхалася і махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, і гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.
— Ты хочаш малочнай аўсянкі? — спыталася яна, скончыўшы свае справы.
Згатаваць кашу было справаю некалькіх секунд, і калі ежа была на стале, яна паклікала яго рукой.
Невядома, ці ён зразумеў значэнне яе жэста, ці яго завабіў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелі.
Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхіснуўся. («Нічога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу», — падумала яна.) Аднак яна ўсё-такі дамаглася таго, што ён рукамі паднёс міску да рота. Ён паслухаўся, але рабіў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохі і з'еў.
Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, і хлапчук, заўважыўшы, што пасудзіна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку і, прыціснуўшы яго пальцы да шклянкі, прымусіла яго падняць шклянку да рота.
Зноў усё было абліта і запэцкана, але, як і першы раз, малако ўсё-такі трапіла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла і не да такога.
На яе здзіўленне, асвоіць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмі яе задаволіла. На гэты раз ён даволі хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавіла сябе на тым, што гладзіць яго па галаве і прымаўляе:
— Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!
І дзіця ўсміхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. «Калі ўсміхаецца, ён, сапраўды, зусім ніштаваты», — падумала яна.
У той жа дзень папрыязджалі прадстаўнікі прэсы. Пакуль яны прыладжвалі сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукі, і ён моцна прытуліўся да яе. Сумятня напужала яго, і ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвілін, пакуль ёй дазволілі вынесці дзіця ў суседні пакой.
Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, і першы раз за васемнаццаць гадзін выйшла з доміка, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы.
— Я думаю, што на сёння вам хопіць. Цяпер мне богведама колькі спатрэбіцца часу, каб яго супакоіць. Ідзіце.
— Добра, добра, — сказаў джэнтльмен з «Таймс-Геральд». — А гэта сапраўды неандэрталец ці тут якое-небудзь жульніцтва?
— Запэўніваю вас, што гэта не містыфікацыя, — пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскінса. — Дзіця — сапраўды Homo neanderthalis.
— Гэта хлопчык ці дзяўчынка?
— Гэта хлопчык-малпа, — умяшаўся джэнтльмен з «Ньюс». — Нам паказваюць не што іншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзіць, сястра?
— Ён паводзіць сябе гэтаксама, як і любы іншы маленькі хлопчык, — адрэзала міс Фэлоўз. Злосць прымусіла яе стаць на абарону дзіцяці. — І зусім ён не хлопчык-малпа. Яго завуць... Цімаці, Цімі, і ён абсалютна нармальны ў сваіх дзеяннях.
Імя Цімаці было выбрана ёю зусім выпадкова — яно проста першае прыйшло ёй у галаву...
— Цімі — хлопчык-малпа, — рэкнуў джэнтльмен з «Ньюс», і менавіта з гэтай мянушкай дзіця стала потым вядомае ўсяму свету.
— Скажыце, док, што вы думаеце рабіць з гэтаю малпаю? — спытаўся ў Хоскінса джэнтльмен з «Глоба».
Хоскінс паціснуў плячыма.
— Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлівасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лічу, што ён зацікавіць антраполагаў і фізіёлагаў. Перад намі ж істота, якая па сваім развіцці стаіць паміж жывёлаю і чалавекам. Нам даецца мажлівасць даведацца пра многае і ў нас саміх і ў нашых продках.
— Як доўга намераны вы трымаць яго тут?
— Колькі нам спатрэбіцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкі перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбіцца шмат часу.
— Вы не маглі б вывесці яго з дому? Тады б нам удалося паставіць тэлевізійную апаратуру і зляпаць сапраўднае відовішча.
— Вельмі шкадую, але дзіця не можа пакінуць межаў Стасіса.
— А што такое Стасіс?
— Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. — Хоскінс дазволіў сабе ўсміхнуцца. — А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якім уяўляем яго сабе мы, у Стасісе не існуе. Гэтыя пакоі нібы накрытыя нябачнай абалонкай і не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавіта дзякуючы гэтаму і ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзіця з плыні часу.
— Пачакайце, — перабіў джэнтльмен з «Ньюс», якога відочна не задаволіла тлумачэнне Хоскінса, — што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзіць і выходзіць з памяшкання.
— Гэта можа зрабіць кожны з вас, — паблажліва адказаў Хоскінс. — Вы будзеце рухацца паралельна часавым сілавым лініям, і гэта не выкліча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергіі. Дзіця ж дастаўлена сюды з далёкага мінулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сілавых ліній, і яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясціць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбіцца выдаткаваць усю энергію, якую назапасіла наша акцыянерная кампанія, а таксама, мажліва, і ўсе запасы энергіі горада Вашынгтона. Мы павінны былі захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, і нам давядзецца паступова, па крупінках выдаляць яго адсюль.
Пакуль Хоскінс даваў тлумачэнні, карэспандэнты штосьці дзелавіта страчылі ў сваіх блакнотах. З усяго сказанага яны нічагусенькі не зразумелі і былі перакананыя, што тое ж самае будзе і з іх чытачамі: аднак усё гучала вельмі навукова, а менавіта гэта і было патрэбна.
— Вы зможаце сёння вечарам даць інтэрв'ю? — спытаўся прадстаўнік «Таймс-Геральд». — Яно будзе перадавацца па ўсіх каналах.
— Думаю, што змагу, — хутка адказаў Хоскінс, і карэспандэнты пайшлі.
Міс Фэлоўз моўчкі глядзела ім услед. Усё, што было сказана пра Стасіс і пра часавыя сілавыя лініі, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоіла цвёрда: Цімі (яна злавіла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цімі) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасіса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскінса. Відаць, і сапраўды немажліва было выпускаць яго адсюль. Ніколі.
Беднае дзіця. Беднае дзіця.
Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, і яна паспяшалася назад, каб супакоіць яго.
* * *
Міс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскінса. Хоць ягонае інтэрв'ю перадавалася не толькі ў сама аддаленых куточках Зямлі, а нават на станцыі на Месяцы, яно не пранікла ў маленькую кватэрку, дзе жылі цяпер яна і выродлівы хлапчук.
На раніцу Хоскінс спусціўся да іх, ззяючы ад трыумфу.
— Інтэрв'ю прайшло ўдала? — спыталася міс Фэлоўз.
— Выключна ўдала. А як маецца... Цімі?
Пачуўшы, што ён назваў хлопчыка па імю, міс Фэлоўз была прыемна здзіўлена.
— Усё ў парадку. Ідзі сюды, Цімі, гэта добры чалавек, ён цябе не пакрыўдзіць.
Але Цімі не захацеў выйсці з другога пакоя, і з-за дзвярэй быў відаць толькі касмыль яго злямцаваных валасоў ды час ад часу нясмела паказвалася адно бліскучае вока.
— Хлопчык надзіва хутка прывыкае да новых абставін, што ні кажы, ён даволі кемлівы.
— Вас гэта здзіўляе?
— Так. Баюся, што і я спачатку палічыла яго за дзіця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.
— Кім бы ён там ні быў, а пакуль што ён вельмі шмат зрабіў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасіс Інкарпарэйтэд». Мы цяпер на кані, так, мы на кані.
Відаць, яму не цярпелася падзяліцца з кім-небудзь сваім трыумфам, хай сабе нават з ёй, з міс Фэлоўз.
— Як жа вам удалося гэта зрабіць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскінсу магчымасць выказацца.
Засунуўшы рукі ў кішэні, Хоскінс працягваў:
— Дзесяць гадоў мы працавалі, маючы вельмі абмежаваныя сродкі, дабываючы дзе толькі можна літаральна кожны пенс. Мы былі проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставіць на карту. Запэўніваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклікаць з глыбінь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усіх грошай, якія ўдалося назбіраць, дзе пазычаючы, а дзе і крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлі сродкі, асігнаваныя на іншыя мэты. Іх мы скарысталі без дазволу. Калі б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.
— Таму ў доміку няма столі? — перапыніла яго міс Фэлоўз.
— Што вы сказалі?
— Вам не хапіла грошай на столь?