Раней сюды іншы раз забягалі хлапчукі для таго, каб пабегаць і палазіць паміж пахілымі і паўразбуранымі хлявамі. Тут было добра.
Калісьці немцы, захапіўшы Ўкраіну, звозілі сюды сена і салому. Але немцаў прагналі чырвоныя, пасля чырвоных прыйшлі гайдамакі, гайдамакаў прагналі пятлюраўцы, пятлюраўцаў - яшчэ хтосьці. І засталося ляжаць сена пачарнелымі, сапрэлымі грудамі.
А з таго часу, як атаман Крывалоб, той самы, у якога жоўта-блакітная стужка перасякала папаху, расстраляў тут чатырох маскалёў і аднаго ўкраінца, прапала ў хлапчукоў усялякая ахвота лазіць і хавацца па прывабных лабірынтах. І засталіся стаяць чорныя хлявы, маўклівыя, закінутыя.
Толькі Дзімка забягаў сюды часта, бо тут неяк асабліва цёпла грэла сонца, прыемна пахнуў горка-салодкі палын і спакойна гудзелі чмялі над шырока раскінутымі лапухамі.
А забітыя?.. Дык жа іх даўно ўжо няма! Іх паскідалі ў адну яму і засыпалі зямлёй. А стары жабрак Аўдзей, той, якога баіцца Топ і іншыя маленькія дзеці, змайстраваў з дзвюх палак моцны крыж і цішком паставіў яго над магілай. Ніхто не бачыў, а Дзімка бачыў. Бачыў, але не сказаў нікому.
У зацішным кутку Дзімка спыніўся і ўважліва агледзеўся навокал. Не заўважыўшы нічога падазронага, ён пакапаўся ў саломе і дастаў адтуль дзве абоймы патронаў, шомпал ад вінтоўкі і заржавелы аўстрыйскі штык без ножнаў.
Спачатку Дзімка гуляў у разведчыка, гэта значыць поўзаў на каленях, а ў крытычныя хвіліны, калі меў падставу меркаваць, што вораг блізка, клаўся на зямлю і, паўзучы далей з найвялікшай асцярожнасцю, высочваў падрабязна яго размяшчэнне. Па шчаслівай выпадковасці ці яшчэ чамусьці, толькі сёння яму шанцавала. Ён ухітраўся беспакарана падпаўзаць зусім блізка да ўяўляемых варожых пастоў, пасля чаго пад градам стрэлаў з вінтовак, з кулямётаў, а іншы раз нават з батарэй, вяртаўся без ніводнай раны на сваю пазіцыю.
Потым, карыстаючыся вынікамі разведкі, пасылаў на ворага конніцу і з віскам уразаўся ў самую гушчу лапухоў і чартапалохаў, якія па-геройску паміралі, не жадаючы, нават пад такім страшэнным націскам, уцякаць з поля бою. Дзімка паважае мужнасць і таму забірае рэшткі войска ў палон. Затым, скамандаваўшы «стройся» і «смірна», ён звяртаецца з гнеўнай прамовай:
- Супроць каго ідзяце? Супроць свайго брата рабочага і селяніна? Генералы вам трэба ды адміралы...
Або:
- Камунію захацелі? Волі захацелі? Супроць законнай улады...
Гэта ў залежнасці ад таго, камандзірам якой арміі быў ён, бо камандаваў то адной, то другой па чарзе.
Ён так загуляўся сёння, што апамятаўся толькі тады, калі задзілінкалі званочкі статка, які ішоў з поля.
«Ёлкі-палкі, - падумаў ён. - Вось цяпер маці ўсыпле, а то і вячэры, бадай, не пакіне». І, схаваўшы сваю зброю, ён кулём кінуўся дадому, прыдумваючы на бягу, што б схлусіць такое ямчэй.
Але, на вялікае здзіўленне, наганяй ён не атрымаў, і хлусіць яму не давялося.
Маці амаль не звярнула на яго ўвагі, нягледзячы на тое, што Дзімка ледзь не сутыкнуўся з ёю каля ганка. Бабка звінела ключамі, вымаючы для нечага стары пінжак і штаны з каморы.
Топ старанна капаў трэскай ямку ў кучы гліны.
Нехта ціхенька тузануў ззаду Дзімку за калашыну. Адвярнуўся - і ўбачыў калматага Шмяля, які сумна паглядаў на яго.
- Ты што, дурань? - ласкава спытаўся ён і раптам заўважыў, што ў сабачкі рассечана нечым губа.
- Мама! Хто гэта? - гнеўна спытаў Дзімка.
- Ах, адчапіся! - з прыкрасцю адказала тая, адвярнуўшыся. - Што я, прыглядалася, ці што?
Але Дзімка адчуў, што яна гаворыць няпраўду.
- Гэта дзядзька ботам стукнуў, - растлумачыў Топ.
- Які яшчэ дзядзька?
- Дзядзька... шэры... ён у нас у хаце сядзіць.
Вылаяўшы «шэрага дзядзьку», Дзімка адчыніў дзверы. На ложку ён убачыў здаравеннага дзецюка ў салдацкай гімнасцёрцы. Побач на лаўцы ляжаў казённы шэры шынель.
- Галавень? - здзівіўся Дзімка. - Ты адкуль?
- Адтуль, - быў кароткі адказ.
- Ты нашто Шмяля выцяў?
- Якога яшчэ Шмяля?
- Сабаку майго...
- Няхай не гаўкае. А то я яму і зусім галаву скручу.
- Каб табе самому хто-небудзь скруціў! - са злосцю адказаў Дзімка і шмыгнуў за печ, таму што рука Галаўня пацягнулася да цяжкога бота, які валяўся каля ложка.
Дзімка ніяк не мог зразумець, адкуль узяўся Галавень. Зусім яшчэ нядаўна забралі яго чырвоныя ў салдаты, а цяпер ён ужо зноў дома. Не можа быць, каб служба ў іх была такая кароткая.
За вячэрай ён не выцерпеў і спытаў:
- Ты ў водпуск прыехаў?
- У водпуск.
- Вось што! Надоўга?
- Надоўга.
- Ты лжэш, Галавень! - упэўнена сказаў Дзімка. - Ні ў чырвоных, ні ў белых, ні ў зялёных надоўга зараз не адпускаюць, бо зараз вайна. Ты дэзерцір, напэўна.
У наступную ж хвіліну Дзімка атрымаў моцнага грымака ў шыю.
- Навошта дзіця б'еш? - заступілася Дзімкава маці. - Знайшоў з кім звязвацца.
Галавень пачырванеў яшчэ больш, узмахнуў сваёю круглаю галавою з адтапыранымі вушамі (за яе вось ён і атрымаў мянушку) і адказаў груба:
- Маўчалі б лепш... Піцерскія пралетарыі... Дачакаецеся, што я вас з хаты праганю.
Пасля гэтага маці неяк сагнулася, асела і вылаяла заплаканага Дзімку:
- А ты не лезь, ідал, куды не трэба, а то яшчэ і не так пападзе.
Пасля вячэры Дзімка пайшоў у сенцы, лёг на кучу саломы за скрынкамі, накрыўся матчынай ватоўкай і доўга ляжаў не засынаючы. Потым да яго ціхенька прабраўся Шмель і паклаў галаву на плячо.
- Паедзем, мама, у Піцер, да бацькі.
- Эх, Дзімка! Ды я хоць зараз бы... Ды хіба праедзеш цяпер? Пропускі розныя патрэбны, а потым і так - вакол вунь што робіцца.
- У Піцеры, мама, якія?
- Хто іх ведае! Кажуць, што чырвоныя. А можа, хлусяць. Хіба цяпер разбярэшся?
Дзімка згадзіўся, што разабрацца цяжка. Ужо нашто блізка валасное сяло, а і то невядома, чыё яно. Казалі, што заняў яго днямі Казалуп... А што за Казалуп, якой ён партыі?
І ён спытаў у маткі, якая аб нечым задумалася:
- Мама, а Казалуп зялёны?
- А няхай яны прападуць усе разам узятыя! - са злосцю адказала тая. - Усе былі людзі як людзі, а цяпер вунь што...
У сенцах цёмна. Праз адчыненыя дзверы відаць густа ўсыпанае зоркамі неба і сярпок светлага месяца. Дзімка зашываецца глыбей у салому, рыхтуючыся дасніць працяг цікавага, але не дагледжанага ўчора сну. Засынаючы, ён адчувае, як прыемна грэе шыю, прытуліўшыся да яго, верны Шмель...
У сінім небе ўскрайкі воблакаў серабрацца ад сонца. Жоўтая збажына калышацца ад ветру, і, здаецца, дрэмле ціхі летні дзень. Неспакойныя толькі людзі. Недзе за цёмным лесам пратрашчалі працяжна кулямёты. Недзе за краем пераклікнуліся глуха гарматы. І некуды прамчаўся кавалерыйскі атрад.
- Мама, з кім гэта?
- Адчапіся!
Дзімка больш не пытаўся, пабег да плота, узлез на яго і доўга глядзеў услед коннікам.
Між тым Галавень хадзіў злосны. Кожны раз, калі праз вёску праходзіў чырвоны атрад, ён хаваўся недзе. І Дзімка зразумеў, што Галавень дэзерцір.
Неяк бабка паслала Дзімку занесці Галаўню ў пуню кавалак сала і акраец хлеба. Падыходзячы да зацішнага логава, ён заўважыў, што Галавень, седзячы да яго спіной, нешта майструе.
Галавень акуратна працёр затвор, заткнуў ствол анучкай і схаваў вінтоўку ў сена.
Увесь вечар і некалькі наступных дзён Дзімку, не пакідала цікаўнасць паглядзець, што за вінтоўка: «Расейская ці нямецкая? А можа, там і наган ёсць?»
Якраз у гэты час заціхла ўсё навокал. Прагналі чырвоныя Казалупа і пайшлі далей на нейкі фронт. Ціха і бязлюдна стала ў маленькай вёсцы, і Галавень пачаў пакідаць пуню і знікаць недзе на доўгі час. І вось неяк адвячоркам, калі жабінымі песнямі зазвінела пачырванелая сажалка, калі вёрткія ластаўкі замітусіліся ў паветры і бязладна зазвінела машкара, вырашыў Дзімка прабрацца ў пуню.
Дзверы былі зачынены, але ў Дзімкі быў свой ход - праз куратнік. Заскрыпела адсунутая дошка, моцна заквахталі патрывожаныя куры. Напалохаўшыся зробленага шуму, Дзімка хуценька шмыгнуў на сена. Там было душна і ціха. Прабраўся ў куток, дзе валялася чырвоная падушка ў пер'ях, пачаў шнарыць пад страхою і натрапіў на нешта цвёрдае. «Прыклад!» Прыслухаўся: на двары - нікога. Пацягнуў і выцягнуў усю вінтоўку. Нагана не было. Вінтоўка была расейская. Дзімка доўга круціў яе, асцярожна абмацваючы і аглядаючы. «А што, калі адкрыць затвор?»
Сам ён ніколі не адкрываў, але часта бачыў, як гэта робяць салдаты. Пацягнуў ціхенька - рукаятка ўверх падаецца. Адцягнуў на сябе да канца. «Умею!» - з гонарам падумаў ён, але тут жа ўбачыў пад затворам жаўтаваты патрон, які выскачыў аднекуль. Гэта яго крыху збянтэжыла, і ён вырашыў закрыць зноў. Цяпер пайшло тужэй, і Дзімка ўбачыў, што жоўты патрон ідзе проста ў ствол. Ён спыніўся ў нерашучасці, адсунуў ад сябе вінтоўку.
«І куды лезе, чорт!»
Аднак трэба было спяшацца. Ён закрыў затвор і пачаў паціхеньку пасоўваць вінтоўку на месца. Схаваў амаль усю, як раптам адчыніліся дзверы і проста перад Дзімкам апьшуўся здзіўлены і раззлаваны твар Галаўня.
- Ты што, сабака, тут робіш?
- Нічога! - спалохана адказаў Дзімка. - Я спаў... - І непрыкметна штурхнуў нагой у сена прыклад вінтоўкі. У той жа момант грымнуў глухі, але моцны стрэл. Дзімка ледзь не збіў Галаўня з драбін, зваліўся зверху проста на зямлю і кінуўся праз агароды. Пераскочыўшы цераз плот каля дарогі, ён упаў у канаву і, калі ўсхапіўся, адчуў, як раз'юшаны Галавень учапіўся ў яго кашулю.
«Заб'е! - падумаў Дзімка. - Ні мамкі, нікога - канец цяпер». І, атрымаўшы моцны штуршок у спіну, ад якога чорная паласа папаўзла па вачах, ён упаў на зямлю і падрыхтаваўся атрымаць яшчэ і яшчэ.
Але... нешта застукала па дарозе. Чамусьці аслабла рука Галаўня. І нехта крыкнуў гнеўна і загадна:
Нехта дужымі рукамі падняў яго за плечы і паставіў на зямлю. Толькі цяпер разгледзеў ён вакол сябе кавалерыстаў і конніка ў чорным касцюме, з чырвонай зоркай на грудзях, перад якім разгублена стаяў Галавень.
- Не руш! - паўтарыў незнаёмы і, глянуўшы на заплаканы твар Дзімкі, дадаў: - Не плач, хлопчык, і не бойся. Больш ён не кране цябе ні зараз, ні пасля. - Кіўнуў аднаму галавой і з атрадам памчаўся наперад.
Адстаў адзін і спытаўся строга:
- Ты хто такі?
- Тутэйшы, - хмура адказаў Галавень.
- Чаму не ў арміі?
- Год не выйшаў.
- Прозвішча?.. Будзем назад ехаць - праверым. - Даў шпоры кавалерыст, і скокнуў конь з месца галопам.
І застаўся на дарозе збіты з панталыку гэтым здарэннем Дзімка. Паглядзеў назад - няма нікога. Агледзеўся па баках - няма Галаўня. Паглядзеў наперад і ўбачыў, як чарнеецца кропкамі і імчыцца, зніка'ючы за небасхілам, чырвоны атрад.
2
Высахлі на вачах слёзы. Сціх патроху боль. Але ісці дадому Дзімка баяўся і вырашыў пачакаць да ночы, калі палягуць усе спаць. Падаўся да рэчкі. Каля берагоў пад кустамі вада была цёмная і спакойная, пасярэдзіне адсвечвала ружаватым бляскам і ціхенька звінела, пераліваючыся па мелкім камяністым дне.
На тым беразе, каля краю мікольскага лесу, заблішчаў цьмяны агеньчык. Чамусьці ён здаўся Дзімку вельмі далёкім і прывабна загадкавым. «Хто б гэта? - падумаў ён. - Пастухі хіба?.. А можа, і бандыты! Вячэру вараць - бульбу з салам ці яшчэ што-небудзь такое...» Яму вельмі хацелася есці.
У прыцемку агеньчык разгараўся ўсё ярчэй і ярчэй, ветліва міргаючы здалёк хлапчуку. Але яшчэ глыбей хмурыўся, цямнеў у прыцемку неспакойны мікольскі лес.
Ідучы па сцежцы, Дзімка раптам спыніўся: ён пачуў штосьці цікавае. За паваротам, каля берага, нехта спяваў высокім пералівістым альтам, неяк дзіўна, хоць і прыгожа разбіваючы словы:
Та-ваа-рышы, та-ва-рышы, -
Сказаў ён ім на гэта, -
Ня-хай жыве Ра-сея!
Ня-хай жывуць Саветы!
«А, каб табе! Вось распеўся!» - з захапленнем падумаў Дзімка і бягом кінуўся ўніз.
На беразе ён убачыў невялікага худзенькага хлапчука, які ляжаў каля зашмальцаванай торбачкі. Пачуўшы крокі, той раптам перастаў спяваць і з асцярогай паглядзеў на Дзімку:
- Ты чаго?
- Нічога... Так!
- А-а! - прагаварыў той, відасць, задаволены адказам. - Біцца, значыць, не будзеш?
- Чаго-о?
- Біцца, кажу... А то глядзі! Я дарма што маленькі, а так адшыю...
Дзімка нават і не збіраўся біцца і спытаў у сваю чаргу:
- Гэта ты спяваў?
- Я.
- А ты хто?
- Я Жыган, - ганарліва адказаў той. - Жыган з горада... Мянушка ў мяне такая.
З размаху кінуўшыся на зямлю, Дзімка заўважыў, як хлапчук спалохана адсунуўся.
- Барахло ты, а не жыган... Хіба такія жыганы бываюць?.. А вось песні спяваеш здорава.
- Я, брат, усякія ведаю. На станцыях па эшалонах заўсёды спяваў. Усё роўна, хоць чырвоным, хоць пятлюраўцам, хоць каму... Калі таварышам, скажам, тады «Алёша» або пра буржуяў. Белым - дык тут трэба іншае: «Раней былі грошыкі, былі і паперкі», «Загінула Расея», ну а потым «Яблычка», - яго, канечне, на абодва бакі спяваць можна, словы толькі перастаўляць трэба.
Памаўчалі.
- А ты чаго сюды прыйшоў?
- Хросная ў мяне тут, бабка Ануфрыха. Я думаў хоць з месяц ад'есціся. Дзе там! Каб, кажа, цябе праз тыдзень, праз два тут не было!
- А потым куды?
- Куды-небудзь. Дзе лепш.
- А дзе?
- Дзе? Каб ведаць, тады што! Знайсці трэба.
- Прыходзь раніцай на рэчку, Жыган. Ракаў лавіць будзем!
- Не зманіш? Абавязкова прыйду! - вельмі здаволены, адказаў той.
Пераскочыўшы плот, Дзімка прабраўся на цёмны двор і ўбачыў матку, якая сядзела на ганку. Ен падышоў да яе і, пацягнуўшы за хустку, сказаў сур'ёзна:
- Ты, мама, не лайся... Я знарок доўга не ішоў, таму што Галавень мяне здорава набіў.
- Мала табе! - адказала яна, адвярнуўшыся. - Не гэтак трэба было б...
Ды Дзімка чуў у яе словах і крыўду, і горыч, і жаль, але толькі не гнеў.
Прыйшоў аднойчы на рэчку сумны-сумны Дзімка.
- Уцячом, Жыган! - прапанаваў ён. - Забяромся куды-небудзь далей адсюль, сапраўды!
- А цябе маці пусціць?
- Ты дурань, Жыган! Калі ўцякаюць, дык ні ў кога не пытаюцца. Галавень злосны, б'ецца. Праз мяне мамку і Топа выганяе.
- Якога Топа?
- Браціка маленькага. Топае ён дзіўна, калі ходзіць, ну вось і празвалі. Ды і так надакучыла ўсё. Ну, што дома?
- Уцячом! - ахвотна згадзіўся Жыган. - Мне дык што? Я хоць зараз. Па эшалонах збіраць будзем.
- Як збіраць?
- А так: праспяваю я што-небудзь, а потым скажу: «Усім таварышам шчырае шанаванне, каб быў вам не фронт, а адно гулянне. Атрымліваць хлеба па два фунты, тытуню па асьмушцы, не пападацца на дарозе ні кулямёту, ні пушцы». Тут, як пачнуць смяяцца, зняць шапку і адразу ж сказаць: «Грамадзяне! Будзьце ласкавы, узнагародзьце дзіцячую працу».
Дзімка падзівіўся лёгкасці і ўпэўненасці, з якой Жыган выкідваў гэтыя сказы, але такі спосаб існавання яму не асабліва падабаўся, і ён сказаў, што куды лепш было б пайсці добраахвотнікамі ў які-небудзь атрад, арганізаваць уласны або падацца ў партызаны. Жыган не пярэчыў і нават наадварот, калі Дзімка прыхільна загаварыў пра чырвоных, «таму што яны за рэвалюцыю», сказаў, што ён ужо служыў у чырвоных.
Дзімка паглядзеў на яго са здзіўленнем і дадаў, што нішто сабе і ў зялёных, «таму што гусей яны ядуць шмат». У дадатак тут жа выявілася, што Жыган бываў таксама ў зялёных і акуратна атрымліваў сваю порцыю, па паўгуся на дзень.
Доўга і старанна абдумвалі, калі і як уцякаць. Прапанова Жыгана ўцякаць зараз жа, не заходзячы нават дадому, была рашуча адхілена.
- Перш-наперш хлеба трэба хоць для пачатку захапіць, - сказаў Дзімка, - а то як з дому, дык і па суседзях. А потым запалак...
- Кацялок нядрэнна было б мець. Бульбы ў полі накапаў - вось табе і абед!
Дзімка ўспомніў, што Галавень прынёс з сабою добры медны кацялок. Бабка нашаравала яго попелам і, калі ён заблішчаў, як святочны самавар, схавала ў камору.
- Замкнута толькі, а ключ з сабою носіць.
- Нічога! - сказаў Жыган. - З-пад усякага замка пры выпадку ўзяць можна, спрыт толькі патрэбен.
Парашылі цяпер жа пачаць запасіць правізію. Хаваць Дзімка прапанаваў у саломе каля хлявоў.
- Чаму каля хлявоў? - запярэчыў Жыган. - Можна яшчэ куды-небудзь... А то побач з мерцвякамі!
- А табе што мерцвякі? - пасмяяўся з яго Дзімка.
У гэты ж дзень Дзімка прыцягнуў невялікі кавалак сала, а Жыган - старанна загорнутыя ў паперку тры запалкі.
- Нельга адразу шмат, - растлумачыў ён. - У Ануфрыхі ўсяго два карабкі, дык трэба, каб не кідалася ў вочы.
І з гэтай хвіліны хлопцы канчаткова вырашылі ўцякаць.
А ўсюды неспакойна бурліла жыццё. Недзе недалёка праходзіў вялікі фронт. Яшчэ бліжэй - некалькі другарадных, крыху меншых. А навокал чырвонаармейцы ганяліся за бандамі, або банды за чырвонаармейцамі, або атаманы біліся паміж сабою. Моцны - быў атаман Казалуп. У яго маршчына ўпоперак упартага лба выгнулася, а вочы з-пад пасівелых брывей цяжка пазіралі. Пануры атаман! Хітры, як чорт, атаман Леўка. У яго і конь смяецца, выскаляючы белыя зубы, гэтак жа, як і ён сам. Але з таго часу, як адбіўся ён з падначалення Казалупа, спачатку глухая, а потым і адкрытая варожасць пайшла паміж імі.
Напісаў Казалуп загад сялянам: «Не даваць Леўку ні сала для людзей, ні сена для коней, ні хат для начлегу».
Засмяяўся Леўка, напісаў другі.
Прачыталі чырвоныя абодва загады. Напісалі трэці: «Абвясціць Леўку і Казалупа па-за законам» - і ўсё. А шмат ім распісваць не было калі, таму што вельмі ж гнуўся ў іх галоўны фронт.
І пайшло тут нешта такое, чаго і не разбярэш. Ужо на што дзед Захар! На трох войнах быў. А і то, калі садзіўся на прызбе каля рыжага сабачкі, якому п'яны пятлюравец шабляй вуха адсек, казаў:
- Ну і час настаў!
Прыехалі сёння зялёныя, чалавек дваццаць. Заходзілі двое да Галаўня. Рагаталі і пілі кубкамі мутную моцную самагонку.
Дзімка глядзеў на іх з цікаўнасцю.
Калі Галавень пайшоў, Дзімка, які даўно хацеў паспытаць, што за смак у самагонцы, зліў рэшткі з кубкаў у адзін.
- Дзі-мка, мне! - плаксіва захныкаў Топ.
- Пакіну, пакіну!
Але толькі ён перакуліў кубак у рот, як, страшна плюючыся, выскачыў на двор.
Каля хлявоў ён застаў Жыгана.
- А я, брат, штуку ведаю.
- Якую?
- У нас за хатай зялёныя яму цераз дарогу капаюць, а чорт яе ведае - навошта. Напэўна, каб ніхто не ездзіў.
- Як гэта можна не ездзіць? - не згадзіўся Дзімка. - Тут нешта не так. Не інакш як што-небудзь задумваюць.
Пайшлі аглядаць свае запасы. Іх было яшчэ малавата: два кавалкі сала, кавалак варанага мяса і дзесятак запалак.
У той вечар сонца велізарным чырванаватым колам павісла над небасхілам каля надзеждзінскіх палёў і заходзіла павольна, не спяшаючыся, нібы цешачыся шырокім спакоем зямлі.
Далёка, у Альхоўцы, якая прыткнулася да краю мікольскага лесу, ударыў некалькі разоў звон. Але не трывожным набатам, а так проста, мякка-мякка. І калі густыя дрыжачыя гукі міма саламяных стрэх дайшлі да вушэй старога дзеда Захара, здзівіўся ён крыху даўно не чутаму спакойнаму звону і, перахрысціўшыся павольна, моцна сеў на сваё месца, каля пакрыўленага ганка. А калі сеў, тады падумаў: «Якое ж гэта свята заўтра будзе?» І так прыкідваў і гэтак - нічога не выходзіць. Таму што фэст у Альхоўцы ўжо быў, а спасу яшчэ рана. І запытаў Захар, пастукаўшы палкай у акенца, у бабы, якая выглянула адтуль:
- Гарпіна, а Гарпіна, хіба ў нас заўтра нядзеля будзе?
- Што ты, стары! - незадаволена адказала перапэцканая ў муцэ Гарпіна. - Хіба ж пасля серады нядзеля бывае?
- Вось жа і я так думаю...
І ўзяло дзеда Захара сумненне, ці недарэмна ён перахрысціўся і ці нядобры які гэты звон.
Наляцеў ветрык, ледзь калыхнуў сівую бараду. І ўбачыў дзед Захар, як высунуліся цікаўныя бабы з акенцаў, выкацілася дзятва з-за варот, а з поля даляцеў нейкі працяглы дзіўны гук, нібы зароў бугай або карова ў статку, толькі яшчэ выразней і даўжэй: Уо-уу-ууу...
А потым раптам як грукнула ў паветры, як забухкалі амаль каля выгану стрэлы... Зачыніліся разам акенцы, знікла з вуліцы дзятва. І не мог толькі ўстаць і скрануцца з месца напалоханы стары, пакуль не закрычала на яго Гарпіна:
- Ты цюпайся швыдчэ, стары дурань! Хіба ты не бачыш, што такое пачынаецца?
А ў гэты час у Дзімкі калацілася сэрца такімі ж няроўнымі, як стрэлы, ударамі, і хацелася яму выбегчы на вуліцу, даведацца, што там такое... Было яму страшна, таму што збялела маці і сказала не сваім, ціхім голасам:
- Ляж... ляж на падлогу, Дзімачка. Божухна, хаця б з гармат не пачалі!
У Топа вочы зрабіліся вялікія-вялікія, і ён нібы прыліп да падлогі, прыткнуўшы галаву да ножкі стала. Але ляжаць яму было нязручна, і ён сказаў з плачам:
- Мама, я не хачу на падлозе, я на печ лецш палезу...
- Ляжы, ляжы! Вось прыйдзе гайдамак... ён табе!
У гэтую хвіліну штосьці асабліва моцна грымнула, так што зазвінела шкло ў акенцах, і здалося Дзімку, што скаланулася зямля. «Бомбы кідаюць!» - падумаў ён і пачуў, як міма пацямнелых акон з тупатам і крыкамі прамчалася некалькі чалавек.
Усё сціхла. Мінула яшчэ з паўгадзіны. Нехта застукаў у сенцах, вылаяўся, наткнуўшыся на пустое вядро. Адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшоў узброены Галавень.
Ён быў нечым вельмі раззлаваны, бо, выпіўшы залпам конаўку вады, адкінуў сярдзіта вінтоўку ў кут і сказаў з незахаванай прыкрасцю:
- Ах, каб яму!..
...Назаўтра сустрэліся хлопцы рана.
- Жыган, - спытаў Дзімка, - ты не ведаеш, чаго гэта так учора... З кім гэта?
У Жыгана шустрыя вочы бліснулі самазадаволена. Ён адказаў важна:
- О, брат! Была ў нас учора справа...
- Ты не хлусі толькі! Я ж бачыў, як ты адразу таксама за агароды кінуўся.
- А адкуль ты ведаеш? Можа, я кругаля аббягаў! - пакрыўдзіўся Жыган.
Дзімка не зусім паверыў гэтаму, але не перапыняў.
- Машына ўчора прыязджала, а ёй у Альхоўцы рамонт быў. Яна толькі адтуль, а Гаўрыла-дзяк у звон: бум!.. - сігнал, значыць.
- Ну?
- Ну, вось і ну... Пад'ехала да вёскі, а па ёй з вінтовак. Яна паспрабавала назад, а тут - агароджа ўжо зачынена.
- І злавілі каго?
- Не... Адтуль, з машыны, такую страляніну ўзнялі, што і не падступіцца. А потым бачаць - справы няважныя, і ўрассыпную... Тут іх і пастралялі. А адзін уцёк. Бомбу кінуў побач, у Ануфрыхінай хаце ўсе шыбы патрэскаліся. Па ім з вінтовак смаляць, яго ловяць, а ён цераз плот, цераз агароды і ўцёк.
- А машына?
- Машына і зараз тут... толькі сапсаваная, бо перад тым, як уцякаць, адзін гранатай запусціў. Уся пагнутая... Я ўжо бегаў... Федзька Мар'ін раней за мяне яшчэ паспеў. Гудок сцягнуў. Націснеш гуму, а ён як завые!
Цэлы дзень толькі і гаворкі было пра ўчарашняе здарэнне. Зялёныя з'ехалі яшчэ ўночы. І засталася зноў без улады маленькая вёсачка.
Між тым падрыхтоўка да ўцёкаў падыходзіла к канцу.
Заставалася цяпер украсці кацялок, што і вырашылі зрабіць заўтра ўвечары пры дапамозе доўгай палкі з убітым цвіком праз маленькае акенца, якое выходзіла ў агарод.
Жыган пайшоў абедаць.
Дзімку не сядзелася, і ён вырашыў чакаць яго каля хлявоў.
Залез быў адразу на салому і пачаў забаўляцца, баронячыся ад Шмяля, які раз'юшана атакаваў яго, але неўзабаве прыўзняўся, крыху ўстрывожаны. Яму здалося, што снапы параскіданы неяк не так, не па-звычайнаму. «Няўжо з хлопцаў хто-небудзь лазіў? Вось чэрці!» І ён падышоў, каб праверыць, ці не выкрыў хто месца, дзе схавана правізія. Памацаў рукой - не, тут! Выцягнуў сала, запалкі, хлеб. Палез па мяса - няма!
- Ах, чэрці! - вылаяўся ён. - Гэта не інакш як Жыган з'еў. Калі б хто з хлопцаў, дык той ужо ўсё адразу б забраў.
Неўзабаве з'явіўся і Жыган. Ён толькі што паабедаў, а таму быў у самым добрым настроі і падыходзіў, спакойна пасвістваючы.
- Ты мяса еў? - спытаў Дзімка, пазіраючы на яго сярдзіта.
- Еў! - адказаў той. - Сма-ачна...
- Смачна! - накінуўся на яго раззлаваны Дзімка. - А хто табе дазволіў? А хіба такі ўгавор быў? А на дарогу што?.. Вось я табе трэсну па мазгаўні, тады будзе смачна!..
Жыган разгубіўся.
- Дык гэта ж я дома ў абед. Ануфрыха раздобрылася, кавалак з капусты выняла, вялі-ізны!
- А адгэтуль хто ўзяў?
- І не ведаю зусім.
- Пабажыся.
- Далібог! Каб мне праваліцца ў гэтую ж хвіліну, калі браў.
Але ці таму, што Жыган не праваліўся «ў гэтую ж хвіліну», ці таму, што адмаўляў абвінавачванне з незвычайнай заўзятасцю, толькі Дзімка вырашыў, што, мабыць, як выключэнне, на гэты раз Жыган не хлусіць. І павёўшы вачыма па саломе, Дзімка паклікаў Шмяля, працягваючы руку да дубца:
- Шмель, а ну хадзі сюды!
Але Шмель не любіў, калі з ім так размаўлялі. Ён перастаў забаўляцца з вяроўкай, апусціў хвост і адразу ж падаўся ўбок.
- Ён з'еў! - з абурэннем пацвердзіў Жыган. - І кавалак жа які тлу-усты!
Перахавалі ўсё вышэй, заклалі дошкаю і прыціснулі цаглінай.
Потым ляжалі доўга і марылі пра будучае прывабнае жыццё.
- У лесе начаваць каля агню... добра!
- Цёмна ўночы толькі, - з жалем заўважыў Жыган.
- А што цёмна? У нас стрэльбы будуць, мы і самі...
- Вось калі пазабіваюць... - пачаў зноў Жыган і дадаў сур'ёзна: - Я, брат, не люблю, каб мяне забівалі.
- Я таксама, - прызнаўся Дзімка. - А то дрэнна ў яме... вунь як гэтыя. - І ён кіўнуў галавою туды, дзе пакрыўлены крыж ледзь-ледзь відаць быў з густых прыцемкаў.
Пры гэтым напамінку Жыган скурчыўся і адчуў, што ў вячэрнім паветры зрабілася нібы халадней. Але, жадаючы паказаць сябе малайцом, ён адказаў абыякава:
- Але, брат... А ў нас была адзін раз штука...
І асекся, таму што Шмель, які ўлёгся пад бокам Дзімкі, узняў галаву, натапырыў вушы і завурчаў перасцерагальна і сярдзіта.
- Ты што? Што ты, Шмелік? - з трывогай спытаў у яго Дзімка і пагладзіў па галаве.
Шмель змоўк і зноў паклаў галаву паміж лап.
- Пацука чуе, - шэптам прагаварыў Жыган і, нехаця пазяхнуўшы, дадаў: - Дадому трэба ісці, Дзімка.
- Зараз. А якая ў вас была штука?
Але Жыгану стала ўжо не да штукі, і, апрача ўсяго, тое, што ён збіраўся схлусіць, выскачыла ў яго з галавы.
- Пойдзем, - згадзіўся Дзімка, узрадаваны, што Жыган не ўздумаў расказваць пра сваю «штуку».
Усталі. Шмель падняўся таксама, але не пайшоў адразу, а спыніўся каля саломы і зноў завурчаў трывожна, нібы дражніў яго нехта з цемені.
- Пацукоў чуе! - паўтарыў цяпер Дзімка.
- Пацукоў? - заняпалым голасам адказаў Жыган. - А толькі чаму ж гэта ён раней іх не чуў?
І дадаў ціха:
- Холадна нешта. Давай пабяжым, Дзімка... А бальшавік той, што ўцёк, дзе-небудзь каля вёскі недалёка.
- Адкуль ты ведаеш?
- Так, думаю! Пасылала мяне зараз Ануфрыха да Гарпіны пазычыць паўкубка солі. А ў яе ў той дзень кашуля з плота прапала. Я прыйшоў, чую з сенцаў, лаецца нехта: «...і кінуў, - кажа, - хтосьці кашулю пад жэрдкі. Мы ж з Ягорыхай глядзім: яна падраная, і каб хаця крыху, а то ўся як ёсць». А дзед Захар слухаў-слухаў ды і кажа: «О, Гарпіна...»
Тут Жыган шматзначна спыніўся, паглядаючы на Дзімку, і толькі, калі той нецярпліва занукаў, пачаў зноў:
- А дзед Захар і кажа: «О, Гарпіна, ты схавай лепш язык далей». Тут я ўвайшоў у хату. Гляджу, а на лаве кашуля ляжыць, падраная і ўся ў крыві. І як убачыла мяне, села на яе Гарпіна ў тую ж хвіліну і загадвае: «Падай яму, стары, з паўкубка», а сама не ўстае. А мне што, я і так бачыў. Дык вось, думаю, гэта бальшавіка куляй падбіла.
Памаўчалі, абдумваючы неспадзявана падслуханую навіну. У аднаго вочы прыжмурыліся, утаропіўшыся нерухома і сур'ёзна. У другога забегалі і заблішчалі.
І сказаў Дзімка:
- Вось што, Жыган, маўчы лепш і ты. Шмат і так пазабівалі чырвоных у нас каля вёскі, і ўсё па адным.
Дагаварыліся ўцякаць заўтра раніцай. Увесь дзень Дзімка быў сам не свой. Разбіў незнарок кубак, наступіў на хвост Шмялю і ледзь не выбіў збанок кіслага малака з рук бабкі, якая несла яго ў хату, за што і атрымаў моцную аплявуху ад Галаўня.
А час ішоў. Гадзіна за гадзінай мінуў поўдзень, абед, настаў вечар.
Схаваліся ў агародзе, за бузіною, каля плота, і пачалі чакаць.
Заселі яны ранавата, і доўга яшчэ цераз двор праходзілі людзі. Нарэшце прыйшоў Галавень, паклікала маці Топа. І пракрычала з ганка:
- Дзімка! Дзіма-ачка! Дзе ты падзеўся?
«Вячэраць!» - вырашыў ён, але адгукнуцца, вядома, і не думаў. Маці пастаяла-пастаяла і пайшла.
Пачакалі. Крадком выйшлі. Каля сценкі каморы спыніліся. Акенца было высока. Дзімка сагнуўся, упёршыся рукамі ў калені. Жыган узлез яму на спіну і асцярожна прасунуўся ў акенца.
- Хутчэй ты! У мяне спіна не каменная.
- Цёмна вельмі, - шэптам адказаў Жыган. Сяк-так падчапіўшы кацялок, ён пацягнуў яго да сябе і саскочыў. - Ёсць!
- Жыган, - спытаў Дзімка, - а каўбасу ты дзе ўзяў?
- Там вісела по-обач. Бяжым хутчэй!
Шустра шмыгнулі ўбок, але за плотам успомнілі, што забыліся палку з крукам каля сценкі. Дзімка - назад. Схапіў і раптам убачыў, што ў дзірку плота прасунуў галаву і з цікаўнасцю глядзіць на яго Топ.