Стэфан ГаймАгасфэр(Вечны Жыд)Раман
РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
У якім паведамляецца, як Бог на радасьць анёлам стварыў чалавека, і пра разнамыснасьць двух рэвалюцыянэраў у прынцыповым пытаньні
Мы падаем.
Праз бясконцасьць верхняга неба, вогненнага, са сьвятла, з такога самага сьвятла, зь якога было саткана наша адзеньне, слава якога ўзятая намі, і я бачу Люцыпара ва ўсёй галізьне і абрыдлівасьці ягонай, і мне робіцца вусьцішна.
Ты каешся? кажа ён.
Не, няма ўва мне каяты.
Бо мы ж былі першыя роджаныя, створаныя ў першы дзень, разам з усімі анёламі й арханёламі, хэрувімамі й сэрафімамі, сонмамі й войскамі духаў, створаныя з агню й подыху Бясконцага, паводле нічыйго вобразу й падабенства, створаныя да таго, як зямля была аддзелена ад нябеснай цьвердзі й воды ад водаў, яшчэ да таго, як сталіся цемра й сьвятло, ноч і дзень, вятры й буры, мы, неспакой, вечнае кружляньне па-над сфэрамі, вечнае зьмяненьне, вечна-творчае.
Які твор! кажа ён. Чалавек!
І пры гэтым пачало рабіцца так жахліва велічна, як калі б сьвет рыхтаваўся спарадзіць новы сьвет. Голас у прасторы, Ягоны голас, у дзень шосты, каля другое гадзіны: Дай нам зрабіць чалавека паводле нашага вобразу, паводле нашага падабенства. Нам!.. Але быў толькі Ён, было толькі Яго Самога рашэньне, мы ня мелі ў ім сваёй долі. А на анёлаў нагарнуўся вялікі страх, найшло трымценьне, і яны сказалі: Сёньня нам явіцца цуд, вобраз Бога, нашага Творцы, бо паводле Свайго вобразу й падабенства стварае Ён чалавека.
І я бачу, як Люцыпар, павярнуўшыся ў падзеньні да мяне, зьедліва крывіць рот.
З праху! кажа ён.
Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама.
І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго!
І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
О, гэта бясконцае падзеньне бяз часу, бязь межаў, праз вечна роўнае, бліскучае сьвятло. Дзе верх, дзе ніз, дзе нябесная цьвердзь з зоркамі, хмарамі, салодкасьцю месяца, дзе глыбіні царства Люцыпара, дзе зямля, каб нагу на Яе прыткнуць, дзе распасьцёртая правіца Богава?
Любата было падзівіцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было яно - з пылу.
Прыгожы ён, чалавек Адам, нават я быў ўзрушаны прыгажосьцю, угледзеўшы яго, бо ж я бачыў карціну яго аблічча, як яно ўспыхнула ў цудоўным сьвятле, пасьля сьвятло ягоных вачэй, падобнае на сьвятло сонца, і зьзяньне ягонага цела, як зьзяньне крышталю. І ён пацягнуўся і ўстаў пасярэдзіне зямлі, на гары Галгофе, там ён апрануўся ва ўбраньне царства, і там на галаву яму была ўскладзена карона цудоўнай велічы, цар, сьвятар і прарок, і там даў яму Бог уладу над усімі намі. Але Люцыпар, начальнік ніжняга парадку, валадар над глыбінямі, сказаў нам: Не шануйце яго й не хвалеце яго нароўні з анёламі! Яму сьлед ганараваць нас, нас, якія з агню й духу; а ня мы каб ганаравалі пыл, створаны з грудачкі пылу. Тут узвысіўся голас Бога й сказаў мне, кажучы: А ты, Агасфэр, што азначае тое самае, што й любасны, ці ж ты ня хочаш пакланіцца Адаму, якога Я стварыў паводле Майго вобразу й падабенства?
І я зірнуў на Люцыпара, які стаяў перад Госпадам, выпрастаны й вялізарны й цёмны, як гара, і падняў кулак, што аж працяў цьвердзь нябесную, і я адказаў Богу: Чаго Ты так насядаеш на мяне, Госпадзе? Я ня буду ні ганараваць ні шанаваць таго, хто маладзейшы за мяне й малейшы. Перш чым ён быў створаны, створаны быў я, ён ня рухае сьвет, а я рухаю яго, і наперад і назад, ён з пылу, а я - дух. А Люцыпар сказаў: Ня гневайся на нас, о Госпадзе, бо ж мы былі Тваім царствам, і ўтворам Тваім, чые планы бяскрайнія, і Тваёй гармоніяй, у якой суладзіліся ўсе гукі. А гэты, нягледзячы на яго гладкі твар і далікатныя рысы й чэлесы, гэты - усё адно што паразіт, і будзе ён пладзіцца й множыцца, як вош, і ператворыць Тваю зямлю ў балота, ён пралье кроў брата свайго, ён будзе зьліваць сваё семя ў подлых жывёл, у асьліц, у коз, у авечак, ён начворыць больш грахоў, чым я мог бы прыдумаць, і станецца пасьмешышчам і ганьбаю Твайго вобразу, о Госпадзе, і Твайго падабенства. Калі Ты настойваеш на Тваёй волі, Божа, каб мы ганаравалі Адама й кленчылі перад ім, тады хай пастаўлю я трон свой над нябеснымі зоркамі й буду сам падабенствам Навышняга. І як што ўсё гэта чулі астатнія анёлы, якія былі падначаленыя Люцыпару, дык адмовіліся і яны ганараваць Адама.
І з таго часу мы падаем, Люцыпар і я і астатнія, з шостага дня зь недзе-каля трэцяй гадзіны, бо Бог у гневе Сваім адвёў ад нас правіцу Сваю, у якой мы былі сабраныя, а Адаму даў узьляцець у рай на вогненнай калясьніцы, а лісьлівыя анёлы паперад ім сьпявалі хвалу, сэрафімы сьвяцілі яго, хэрувімы дабраслаўлялі яго.
І ўжо-такі неўзабаве пашкадуе, кажа Люцыпар, як што не бяз марнасьці адпрэчвае нас, не бяз шкоды сабе. Яму патрэбнае наша НЕ, як сьвятлу цемра. Але я буду гібець у глыбінях, у прасторах гэенны, і ўсё будзе павалютку й спакваля зьбірацца да мяне, бо адно цягне за сабою другое, а што прыйшло з праху, прахам жа й абернецца й не забавіцца доўга. І пры гэтых словах ён распасьцірае рукі і ў лёце ахінае мяне амаль пяшчотліва. Ах, кажу я, але ж спадзяваньне было такое вялікае, і мне шкада намогаў і клопату. Сьвет такі прыгожы! Чалавек такі прыгожы! Каб жа ж ты ня меў большага клопату! ЁН адкідае цябе, а ты яшчэ й енчыш па Ім, Яго працы шкадуючы.
Усё паддаецца пераменам, кажу я.
Але гэта так стамляе, кажа ён.
І з гэтым мы рассталіся, і ён паляцеў сваёй дарогаю, а я, Агасфэр, што азначае амаль як і любасны, сваёю.
РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ
У якім юны Айцэн у «Лебедзях» у Лейпцыгу сяго-таго даведваецца пра бег часу й знаходзіць сабе спадарожніка, які дастаецца яму на ўсё жыцьцё
Мусіць, ёсьць нешта звышнатуральнае ў сустрэчы двух чалавек, калі адзін загадзя ведае, што гэта дзеля жыцьця альбо, прынамсі, дзеля значнай часткі яго, а другі адчувае, што прыйшоў нехта, хто спатрэбіцца яму.
Пры гэтым ніхто ня можа сказаць з поўным правам, што юны гер Паўлюс фон Айцэн, які якраз у дарозе да Вітэнбэрга й спыніўся ў Лейпцыгу ў «Лебедзях», такі тонка адчувальны альбо ўвогуле двухаблічны. Хутчэй надварот. Хоць у яго яшчэ на шчоках пушок, але ва ўсім ім ёсьць нешта закарэлае, так, быццам ён ніколі ня мроіў вясёленькімі штучкамі, якімі замаладзь звычайна набітая галава ў нашага брата. Пры тым гэта ня мусова толькі высокалётныя думкі альбо прыгожыя фантазіі, якія абрываюцца з уваходам у гасьцёўню незнаёмага, а цьвярозыя развагі й разьлікі наконт колькі ж бо тое перападзе яму са спадчыны цётачкі з Аўгсбурга, якой ён па даручэньні свайго гамбургскага бацькі, купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць, якраз рабіў візытацыю.
Незнаёмы разгледзеўся ў душным памяшканьні, у якім над галавой вечна стаіць дух поту й часныку, а гамана гасьцей утварае роўны густы шум, падобны да шуму вады, калі яна падае згары з высокага скальля, толькі вуху менш прыемны. Вось ён накульгам падыходзіць да маладога гера фон Айцэна й кажа:
- Пахвалёны вам божа, геру студыёзус, ці добра вам маецца, - падсоўвае зэдлік і садзіцца поплеч.
Памянёны фон Айцэн, хоць, праўда, недаверліва й тут жа скасіўшы вокам на мяшэчак, які ён насіў на нацельным паяску, адразу кеміць, што нялёгка яму адкараскацца ад гэтага падсуседа, пасоўваецца крышачку ўбок і кажа, як што той назваў яго «студыёзусам»:
- Альбо ж я вас ведаю?
- Такі ўжо ў мяне твар, - кажа той, - аж людзі думаюць, кожан зь іх ужо недзе бачыў мяне, такі, ведаеце, сусьветнастандартны твар, з носам і ротам, поўным зубоў, ня зусім, праўда, добрых, з вачыма й вушамі, з усім што належыцца, і з чорнай бародкаю. - І, гаворачы, надзімае ноздры, крывіць губы, паказваючы зубы, два-тры з каторых пачарнелыя, і зіркае вачмі, і паскубвае спачатку за вуха, пасьля бародку, і пасьміхаецца, але неяк бяз радасьці, нейкай яму проста ўласьцівай усьмешкай.
Юны Айцэн сочыць за жвавай гульнёй на твары суседа, але бачыць і неяк дзіўна скасабочаную сьпіну й дэфармаваную нагу й думае: не, я ўсё-такі ня ведаю яго, бо дзе ж такога забудзеш, такі западае ў памяць; аднак застаецца нейкая і рэшта з таго, што ў Франкфурце называюць дэжавю (deja vu), і ён дзіўна занепакойваецца, асабліва калі незнаёмы кажа:
- Бачу, вы кіруеце ў Вітэнбэрг, гэта якраз пасуе мне, бо як рыхтык і я ж туды.
- Адкуль вы ведаеце? - пытаецца Айцэн. - Такіх, як вы, шмат праз Лейпцыг, і спыняюцца ў «Лебедзях», пасьля расьцякаюцца хто куды.
- На гэта ў мяне свая рахуба, - кажа чалавек. - Людзі часта дзіву даюцца з таго, што я ведаю, але, паверце, усё цячэ натуральным цёкам, вопыт, разумееце, юны мой пане, вопыт! - І зноў сьмяецца сваім ладам.
- У мяне ліст да магістра Мэланхтона, - кажа Айцэн, быццам яго моцна турбуе адкрыцца субяседніку, - ад маёй цётачкі ў Аўгсбургу, там якраз год таму пабываў магістр Мэланхтон і гасьціўся ў яе, паласаваўся, упароўшы шэсьць пераменаў, хоць, як кажа мая цётачка, ён худзюшчы, бы кнот, і бог яго ведае, куды ўлезьлі тыя шэсьць пераменаў, ня лічачы пірага зь яблыкамі на закуску.
- Ну але акурат бо, духоўныя асобы, - кажа той, - яны ўжо ўмеюць натаптацца, наш гер доктар Марцінус Лютэр асабліва, але па ім відаць адразу, заўсёды чырвоны ў твары, што наядаецца да ўпаду, аж проста страх божы як наядаецца.
Юны Айцэн, заскочаны, крывіць рот.
Незнаёмы паблажліва паляпвае яго па плячы.
- Гэта разьлічана не асабіста на вас. Я ведаю, вы тасама абралі сабе духоўную кар'еру, але ж вы чалавек меры, сканаеце сваім часам, у сталым веку, і мілым анёлам лёгенька будзе, калі яны патарабаняць вас на неба.
- Ня люблю думаць пра сьмерць, - кажа юны Айцэн, - а ўжо пра сваю, дык божа барані.
- Як, нават пра вечную шчаснасьць? - Сусед зноў сьмяецца. - Якая павінна быць мэтай і прагай кожнага хрысьціяніна й у якой ён лунае ў вечным бляску, у непамыслотных вышынях, яшчэ вышэй, вышэй, вышэй над нябёсамі?
Трохразовае «вышэй», сказнае незнаёмым, скаланае юнага Айцэна. Ён спрабуе сваім розумам дацяць такія вышыні й такі вялікі бляск, але ў яго абмежаваных мазгах розуму яўна не стае; калі юны Паўлюс фон Айцэн наогул спрабуе ўявіць сабе вечнае жыцьцё, тады лакальнасьць яго хутчэй падобная на бацькаву гасподу, толькі большую, раскашнейшую і больш пышную, а ў даражэнькага бога хітры позірк і сьвецкія манеры купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць.
Нарэшце гучыць даўно чаканы званок да агульнай вячэры. Слуга, чорная маршчыністая патыліца, расхрыстаная на сівых грудзях нямытая кашуля, спрабуе ссунуць сталы, за якімі, відаць, неўзабаве будзе вячэра; скрынкі й валізкі падарожнікаў сьпіхаюцца ўбок, клункі, калі іх гаспадары не падхопліваюць адразу, шпурляюцца на падлогу да сьцяны, падымаецца пыл, а з каміна попел, людзі кашляюць і чыхаюць.
Юны гер фон Айцэн, з новым сябрам, які прыладзіўся да яго, рушае да сярэдняга верхняга стала; там пазьней панастаўляюць місак, гэта ён ведае, і яму як сыну з заможнага дома якраз і лічыць заняць месца менавіта там. Ніхто й не пярэчыць, меней за ўсё новы сябар, кульгавы й зь невялікай гарбацінай. З другога боку ад Айцэна сядае нехта адзін бяз правай рукі; Айцэнава вока адразу фіксуе куксу: чырвоная, гузаватая скура нацягненая на косьці; як толькі чалавек можа ўпраўляцца зь ежай гэтай штуковінай пад носам, але вось ужо госьці за сталом, цесна ўкліненыя, ніводнага вольнага месца. І новы сябар пазірае на яго, пакепліва выскаляецца й шэпча яму:
- Шмат было тады тых, што паднялі руку на начальствы; ім хацелася ўгору; хлопцу яшчэ моцна пашыхавала, што яго ўкарацілі на руку, а не на галаву.
Юны Айцэн, якому спачатку прыйшліся ня дужа па нутры такія шырокія веды незнаёмага, цяпер раптам набраўся сьмеласьці; але яшчэ толькі дзіву даецца, колькі ж таму можа быць гадоў, бо час, калі падымаліся супроць начальстваў і за што ўціналі руку альбо галаву, складаў добры чалавечы век і ўжо даўно прамінуў; але па новым сябры ня скажаш, колькі ж яму, бо з выгляду ўдаваў на дваццаць пяць альбо на сорак пяць. Вось ён дастае з кішэні ножык, далікатнай работы рэч, тронка з ружовых каралаў з выявай голай жанчыны en miniature, вытачанай у самых дробных дэталях; юны Айцэн аж чырванее; так, заклаўшы рукі за галаву й падняўшы адно калена, перад ім ляжала прастытутка, ушыхаваўшы яму ўдалую спробу пасьля трох-чатырох марных; але гэтая на тронцы нажа куды прыгажэйшая, і такую каштоўнасьць той носіць проста ў кішэні й пры гэтым з выгляду ня скажаш, каб меў лішак грошай.
Тым часам слуга накрыў сталы абрусамі з грубага палатна, даўно ня мытымі, і ўжо прапануе меню сама мала мінулага тыдня: некалькі лыжак парашковага супу, некалькі валаконцаў мяса й нейкае іншае едзіва, скялемзанае з рыбы; людзі нацягваюць на калені краі абруса, каторае нават падтыкае за пояс: лепш ужо абрус той згаўняць, чым штаны. Юны Айцэн разглядвае драўляную місу, якую паставілі перад ім, драўляную лыжку, цынкавы пакарабачаны кубак і азіраецца вакол сябе, ці не акажа ў сабе хто французкай хваробы альбо гішпанскай каросты; з пашчаў сьмярдзіць, бадай, ва ўсіх аднолькава, і ўсе пачэсваюцца пад пахамі, грабаюць калені, чухаюць чарапы, можа, нават больш з нудоты, бо з варывам задоўжылася, зь віном таксама; чуваць, як на кухні гаспадар перабрэхваецца з бабамі, і гэта вам называецца, казалі, «Лебедзі», адзін з найлепшых гатэляў, і ўсе застаюцца радыя. У паветры ад стала да стала пачынаюць пырхаць сальнасьці, пра гера сьвятара й ягоную кухарку, як тое ў іх там бывае. Гэта зноў злуе младога Айцэна, бо ён успрымае сваю веру сур'ёзна й ведае, што з часу, калі гер доктар Марцінус Лютэр вывесіў у Вітэнбэргу свае тэзісы, усе сьвятары вельмі ахвоча шлюбаваліся са сваімі кухаркамі.
А пакуль там тое, прынесьлі вялікую круглую місу варыва, нават з ашмоткамі мяса й тлушчам. Пасьля ладнай штурханіны на разборы той місы, куксаты пры гэтым разьвівае дужа вялікі спрыт, чуваць толькі плямканьне й сёрбаньне й ціхія сьмешкі Айцэнавага гарбатага суседа, які кажа яму:
- Бачыце, юны мой пане, у людзей яно не намнога лепей, чым у быдла, і вось часам пытаешся ў самога сябе, а што ж бо такое меў сабе Гасподзь Бог на ўме, ствараючы, з дазволу кажучы, вось такое брыдоцьце й маючы яго за шэдэўр паводле вобразу свайго.
А куксаты, плямкаючы, акідаецца:
- Злы твой бог і несправядлівы, калі карае ўбогіх, а магутных адорвае, так што каторае нават падумаць можа, быццам над гэтым пахібным богам павінен быць яшчэ адзін, вышэйшы, зусім далёкі, які добрым часам прынясе сьвятло ўсім нам.
Жоўць расплываецца ў юнага Айцэна; ён ускоквае, тузаючы з сабою свой канец абруса, аж закалыхаліся недаедзеныя міскі, і крычыць:
- О вы, агуднікі бога й яго справядлівасьці, а ня хочаце ж вы бачыць, што зноў наведзены парадак як на небе так і на зямлі!
І як што ўсе тут разам прыціхлі, чакаючы новых догматаў, у галаве ў юнага Айцэна раптам разьзеўрылася пустата, і ён ня ведае, што сказаць далей і каўтае сьліну, а ўжо там-тут сюд -туд, а пасьля і з усіх бакоў выбухае рогат і бушуе, пакуль не ўваходзіць гаспадар зь мясам і ўсе не хапаюцца за свае міскі, каб уварваць сваё, юны гер фон Айцэн - першы сярод першых. Пад мяса ўсе п'юць кіслае віно з даліны ракі Заале, гарачацца й весяляцца з выпіўкі й жратвы, і Айцэн дзівуецца са свайго гарбатага суседа справа, зь якой грацыяй той есьць, упраўляючыся трыма пальцамі, як ахайна пакрышыў свой хлеб, як пакроіў прыгожым ножыкам мяса, набіраецца духу й пытаецца ў яго:
- Калі вы так моцна абазнаныя, што да мяне, і што я студыёзус, і што выпраўляюся ў Вітэнбэрг, хто ж такі вы, і што прывяло вас сюды, у горад Лейпцыг?
- Той? - кажа чалавек з куксай. - Яго я ведаю, ён усюды й нідзе, і вычварае штукі з картамі, што чыстае вам дзіва, і каторае з вас нават падумае, што ён умее загаворваць казіныя бэбахі, каб яны ператвараліся ў залатыя, але калі каторае паспрабуе расплаціцца такім золатам, яно тут жа, у руцэ, зноў гаўнякамі абернецца.
Той другі сьмяецца бязрадасным сьмехам і будзе казаць:
- Гэта, мабыць, залішне з тым тваім золатам і бэбахамі, але што да картаў, дык раскіну вам так, аж што будучыню ўбачыце, і ўсё ў натуры й без падвоху, туз падспод, сямёрка да тройкі, усё па сістэме, каб вы ведалі; а цяпер я ў разьезьдзе па справах гешэфту, шукаю аднаго жыда, яго тут бачылі, хацелася б перакінуцца слоўцам-другім.
- Жыда, во, - кажа юны Айцэн, убачыўшы ў гэтым тэму, на якую ён мог бы вой як разагнацца, бо цётачка з Аўгсбурга напхала яму галаву расказамі пра вя-лікае панства Фугкраў, якія колісь гандлявалі грашыма й фінансавалі ўсё князёўства краю, нават самога кайзера, а цяпер тут жыды, адны жыды, толькі ўжо даражэй абыходзяцца й ня любяць задавацца сваімі багацьцямі.
- Ах, божа, - кажа той другі, - гэта вы пра народ, зь якога паходзіць наш Гасподзь Ісус.
- Які яго цьвікамі да крыжа! - трыўмфуе Айцэн, ён ведае гэтыя дыскурсы, ягоны бацька ў Гамбургу ўжо няраз дыспутаваў з жыдамі, у якіх пазычаў грошы пад высокі чынш. - а й якім жа такім слоўцам вы хацелі б зь ім перакінуцца, вашым жыдам?
- Я хацеў бы даведацца ў яго, ці ёсьць ён той, хто ён ёсьць, - кажа яго сусед.
Гэта да глыбіні душы кранае юнага Айцэна, які ведае сваю Біблію і яшчэ ведае, што наш Гасподзь Ісус, будучы спытаны пра тое самае, адказаў, я ёсьць, хто я ёсьць. Але ён рагоча на цэлае горла, каб пазбыцца пачуцьця, што закралася ў яго, і кажа:
- І яго вы, мусіць, абмухлярыце, вы ўсе так зрабілі б, каб маглі.
Але той другі, здаецца, ужо змогся ад духоўнай спрэчкі. А як што якраз увайшоў слуга й памеціў кружочкамі й крыжыкамі на грыфельнай табліцы, колькі кім зьедзена й выпіта, а пасьля згроб абрус разам зь міскамі й лыжкамі, усё да апошняга кубка, і вынес, ён вымае зь кішэні калоду картаў, ну, такіх, якія цяпер чысьценька друкуюцца й называюцца чортавым малітоўнікам, кладзе зь яе дзесяць картаў перад сабою на голы стол і запрашае Айцэна, каб ён зь іх выбраў сабе адну, запомніў яе, і як толькі гэта добранька зробіць, ён яму яе адкрые. Айцэн разглядвае карты, якія, адкрытыя, дзіўным чынам спакушаюць яго, і ён думае сабе, што ўсё гэта чыстая лухта й блізір; але ўсё-такі выбірае адну, чырвовага туза, на памяць пра дзеву Барбару Штэдэр, там дома, у Гамбургу, якая потайкам добра-такі прыпяклася яму, і кажа незнаёмаму, што вось ужо гатовы, адгадвай. А той ужо зьбірае ўсе дзесяць адкрытых картаў, кладзе да астатніх, закрытых, і спрытнымі рукамі тасуе калоду так хутка, што гасьцям у пакоі, якія з кубкамі й чаркамі ў руках падышлі бліжэй і, поўныя цікаўнасьці, абступілі яго й Айцэна й таго куксатага, аж у вачах застракацела. А тады шырокім жэстам раскідае калоду перад Айцэнам, сарочкамі дагары, і кажа:
- Сачыце ўважліва, геру студыёзус, выбіраеце тры разы, - цяпер цягніце!
Айцэн слухаецца.
- Гэтая пакуль што не, - кажа незнаёмы. - Адкладвай убок.
Айцэн цягне другі раз.
- І гэтая пакуль што не, - кажа той. - Вы ж ня хочаце расчараваць мяне, мой юны пане!
Айцэну пад каўняром запякло. Калі ўсё гэта толькі блізір, думае ён зноў, але тут жа пераскоквае на іншае - дзеве Штэдэр якраз, пэўна, вельмі залежыць, каб з трэцяга разу ён вышмаргнуў правільна, рука дрыжыць, ён чуе на сабе пачашчанае дыханьне тых, што абступілі яго, і наўгад, усьляпую цягне.
- Самусенькі акурат! - кажа незнаёмы. - Чырвовы туз. Рацыя, геру студыёзус?
Юны Айцэн стаіць, разьзявіўшы рот, і ня ведае, з чаго большаму дзіву давацца: з гарбатага, які, цяпер гэта ўжо пэўна, агнездаваўся ў ягоным жыцьці, альбо ж зь сябе самога, што так цэлка патрапіў з выбарам. Усе астатнія моўчкі застылі, і толькі той, куксаты, раптам бярэцца рагатаць, як усё роўна ненармальны які, і крычыць:
- Ах, братачка Лёйхтэнтрагер, якія дзвосы вы нам тут выстаўляеце: з апошняга дурня робіце празарліўца й прарока!
І з гэтых слоў Айцэн нарэшце даведваецца імя незнаёмага, і яму, абазнанаму ў латыні пасьля чатырох гадоў лацінскай школы ў родным горадзе, адразу прыходзіць у галаву пракляты Люцыпар, але, дзякаваць богу, мы яшчэ ў Германіі, дзе «лёйхте» ёсьць лёйхтэ, гэта значыць «сьветач, зьніч», а «трагер» ёсьць трагер - «носьбіт» і нішто іншае, і той хто носіць гэты сьветач ёсьць «начны вартаўнік» - Лёйхтэнтрагер.
Цяпер ужо і ўсім закарцела параіцца з картамі, але Лёйхтэнтрагер тлумачыць, што, каб усё ішло сваім добрым ладам, патрэбна пэўная сымпатыя, якое ў яго да іх нямашака; але ён-такі гатовы за пяць грошаў з носа вычытаць кожнаму з картаў ягоную будучыню, чаго якраз-такі ўсім і закарцела - даведацца, як ідуць іх гешэфты, якія палюбоўнасьці кожан зь іх мецьме, каму наставіць рогі яго законная супасьцельніца, хто памрэ ад меча, хто скончыць свой век на шыбеніцы, а хто сканае дома ў ложку, аж Лёйхтэнтрагер за кароткі час зарабіў сваімі прадказаньнямі куды больш грошай, чым нехта там другі за шэсьць дзён найруплівейшай ручной маталыжнасьці. Толькі юны Айцэн не рашаецца з ходу ўпусьціць пяць грошаў, не, не таму, што ня мае, а таму што найглыбчэй верыць, што лёс людзкі ў руцэ божай, а не ў калодзе размалёваных зашмуляных картаў, і потым, думае ён, і без таго аднаго пэрсанальнага цуду на вечар годзе.
Тым часам галава яго ад віна й цяпла віруецца ўсё больш і больш, і ён ужо ня ведае, адкуль ён узяўся ў вялікім ложку ў пакоі на верхнім паверсе «Лебедзяў», ведае толькі, што ў цемры прыходзіць да памяці й што ляжыць у кашулі, курце й штанах, а шкарпэткі й чаравікі прапалі гэтаксама як і мяшэчак, які ён насіў на нацельным паяску: яго апаілі й абакралі, і добра, што ён адразу не паверыў незнаёмаму, які так назольна ашываўся каля яго, гэтаму, як яго? - Лёйхтэнтрагеру, і таму другому біндзюку з куксай, - хто ўжо раз вызьвяраўся на начальствы, той ніколі не патрапляе ў закон. Вось ужо ён мерыцца ўскочыць, нарабіць гвалту - абакралі! забілі! дзяржы яго! - калі раптам ў месячным сьвятле з акна бачыць, што той куксаты мірна ляжыць каля яго, чуе яго сапеньне, а на сваёй заголенай лытцы адчувае кумпячыстую нагу Лёйхтэнтрагера, які, зрэшты, ня сьпіць і тапырыцца ў цемру, быццам нешта выслухоўваючы, і як што ён заўважае раптоўнае хваляваньне свайго суложніка, кажа яму:
- Я прыбраў ваш капшук, геру студыёзус, і каб ніхто ня сьцібрыў, падсунуў вам пад галаву.
Юны Айцэн намацвае свой мяшэчак, ага, правільна - тоўсты й круглы, такі, якім яго й справіла яму цётка ў Аўгсбургу ў дарогу дахаты, бо чалавек ён ашчадлівы, траціцца толькі на самае-самае збытнае, так ужо ён выхаваны сваім купецкім бацькам, які ўвесь час настаўляў яго: адно да аднаго, сынку, прыкладаецца сума. Супакоіўшыся, ён ужо зьбіраецца зноў апусьціць галаву на юрзачок з манаткамі, калі раптам чуе тое, да чаго, мусіць, прыслухоўваўся ягоны сусед і тайны дабрадзей: крокі. Крокі за драўлянай сьцяной, якая аддзяляе гэты пакой ад іншых; там нехта пахаджае туды-сюды, туды-сюды, бесьперастанку, бяз супыну, і як жа бо даўно?
Юнаму Айцэну робіцца несамавіта, ён бліжэй падсоўваецца да суседа, які, як ён цяпер сабе зазначае, валасаты па ўсім целе й нават на горбіку, і кажа яму нашаптам, сам ня ведаючы, чаму кажа:
- Як той Вечны Жыд, што мусіць цэлы час вандраваць.
- Як вы на яго выйшлі? - таропка шэпча той яму ў адказ. - На Вечнага Жыда?
- Гэта толькі так сказалася, - кажа Айцэн. - Так называюць чалавека, якому не сядзіцца на месцы. - І зноў чуе крокі, ня можа іх адцурацца й штурхае Лёйхтэнтрагера ў рэбры: - А што, калі мы нацягнем штаны й сходзім туды, можа, у хлопца яшчэ ёсьць віно й ён будзе рады за кампанію?..
Другі ціха засьмяяўся.
- Я ўжо быў. Прачыніў дзьверы й заглянуў, але там нікога, толькі ўсякі хлам, некалькі скрынак, развалены стол і крэслы, ну, ўсё такое, што бывае ў запусьцеласьці.
Айцэн маўчыць. Яму страшна, але ён не падае выгляду, ні сабе, ні тым болей Лёйхтэнтрагеру. Пасьля пытаецца:
- А крокі?
- Можа, нам проста мроіцца, - кажа другі й пазяхае.
Айцэну падаецца праблематычным, каб двум адразу мроілася тое самае, і ён трасе галавою.
- Вы ўсё яшчэ чуеце? - кажа Лёйхтэнтрагер.
Айцэн ківае.
- Вы ўпэўненыя, пане студыёзус? Бо я больш ня чую.
Айцэн доўга ўслухоўваецца ў ноч. То чуе нейкае глухое рэха, то ня чуе нічога. Ён мог бы пайсьці й сам паглядзець, як рабіў гэта той, але лепей мо такі застацца пад коўдрай, а заўтра таксама дзень будзе, і якое тут мае значэньне, што ён чуе нечыесь крокі ў сьне; Бог - ён вечны й Божы Сын таксама, але каб нейкі там жыд?..
І вось ужо ў пакоі ўсе сьпяць, з усіх бакоў чуецца сапеньне й пастогваньне й паперды, а неўзабаве ружавее й неба за вакном, але юны Айцэн ня бачыць гэтага, бо задрамаў і ён, гэтым разам бязь ніякіх відзежаў.
Калі пасьля прачынаецца, пакой ужо пусты, на ложках у поўным беспарадку сеньнікі. У галаве - як рой дзікіх пчол гудзе. Ах божа, божухны, думае ён і палохаецца, і тут жа правярае, ці на месцы мяшэчак: файненькая пацеха была б, каб хто здэматэрыялізаваў яго з-пад галавы, яму прыгадаліся спрытныя пальцы новага сябра. Але мяшэчак на сваім месцы, а побач цыдулка, на якой вугельчыкам напісана: «Чакаю Вас унізе, геру студыёзус. Камарад Л.»
Ну, вось ужо й камарадам зрабіўся, думае Айцэн, уступаючы ў калашыны; ён зашпіляецца, шнуруе чаравікі; што ён мог знайсьці ўва мне, можа, гэта праз цётчыну спадчыну, пра якую я, асёл, расказаў яму, а ён сьпекулюе з далёкім прыцэлам. Пасьля прыступкі ўніз і на двор, дзе ён аблягчаецца, палошча каля калодзежа рот і высморкваецца, і пасьля адразу ў гасьцёўню. Там таксама пуста, толькі слуга слупам стаіць, лена й абыякава, а каля вакна на ўслончыку сядзіць камарад, жуе кавалак хлеба, чэрпае супчык і кажа:
- Падсаджвайцеся, геру студыёзус, і пасьнедайце са мною, коней я ўжо дагледзеў, вашага і свайго.
Юнаму Айцэну робіцца не па сабе, быццам ён знайшоў скарб, чалавека, які пра ўсё паклапоціцца, да таго ж па добрай волі, ён толькі апасаецца: настане дзень, калі можа быць прад'яўлены рахунак; гэта ўводзіць яго ў разьвярэд. Абодва жуюць, Айцэн, праўда, чакаючы, што той нешта скажа пра начныя крокі ў пакоі, у якім нікога ня было, альбо, што сталася з куксатым і куды ён падзеўся, бо, як здавалася, яны былі паміж сабою знаёмыя, а чалавек жа ня так хутка перасядае з аднаго сябра на другога; але той зноў ані слова пра здарэньне, прыяцель больш захапляецца канём, на якім Айцэн прыехаў з Аўгсбурга ў Лейпцыг, вузкім крупам і магутным складам цела, аж маладому чалавеку закрадаецца падазрэньне, ці не паклаў хлопец вока на яго каня, і рашае нарэшце ня спускаць зь яго вачэй. Але пасьля, заплаціўшы гаспадару «Лебедзяў» і пайшоўшы ў стайню, ён бачыць, што тагоны конь куды спраўнейшы за ягонага, ня конь, а чысты сатана, ноздры так і храпаюць, вочы гараць, на месцы не стаіць, так і танцуе, так і выгельцвае, і прыяцель, мабыць, павагаецца, перш чым сесьці на яго, нябось пабаіцца, каб ня скінуў; але той, нягледзячы на сваё калецтва, лёгкім скокам узьлятае ў сядло й сядзіць як сапраўдны верхавец; пасьля высмальвае праз браму на вуліцу й за паварот, аж іскры з-пад капытоў, людзі шарахаюцца наўроссып, і юны Айцэн, хоч-няхоч, пасьпявай за ім; і толькі калі ўжо ад'ехаліся на біты гасьцінец, на Вітэнбэрг, пакінуўшы за сабою расплывістыя абрысы Лейпцыга, ён наганяе камарада, які цяпер лёгенька патрухвае наперад.
- Вам, пэўна, рупіць даведацца, хто я такі буду насамрэч, - кажа й выскаляецца, не сьмеючыся напраўду. - Далібог, геру студыёзус, вам спакою ня будзе, пакуль не даведаецеся; учарашняга вечара вы гаварылі пра парадак, парадак на небе як і на зямлі, свой парадак пануе і ў вашых мазгах, на ўсё там свая шуфлядка, свой фах, але вы ў паняверцы - куды сунуць мяне.
Айцэн зноў уражаны, як дакладна той патрапляе арыентавацца ў ягоных думках, ды ня хоча прызнавацца й кажа, паляпваючы па ўзмыленай шыі каня, што на ўсё, бач, свой час, свая пара й калі Лёйхтэнтрагер ня хоча, хай спакойна пакіне сваю гісторыю пры сабе, бо й праўда ж, колькі той карысьці з слоў, калі ўсё адно кожны разумее іх пасвойму.
Рыхтык бо яно так і ёсьць, адказвае той, малады гер тут якраз пацэліў у самы акурат, і наогул нікому з нас ня дадзена ніякім лотам вымерыць чалавека ў ягоных глыбінях, таямніца застаецца заўсёды, бо мы ж ня ёсьць нешта сукупнасашчэпленае.
Юны Айцэн збоку пазірае на камарада - звычайны, будны твар з бародкай і чорнымі, падвостранымі ўгору брывамі й горбікам за левым плечуком, і на нейкае імгненьне яму падаецца, нібыта вакол яго моцнай постаці ўзьнікае яшчэ адна, сумесь туману й ценю, і як што тут набягае воблачка на наша мілае сонейка, яму робіцца крыху вусьцішна, і ён дае каню шпораў.
Не таму, каб хацеў перагнаць; ад лёткага каня камарада Лёйхтэнтрагера ўсё адно не адарвацца, гэта ён ведае, і таму кажа:
- Гоох! - і счакаўшы, пакуль той, выгодна патрухваючы, зноў акажацца побач, пытаецца ў яго, што ён такога меў на ўвазе, кажучы «не ёсьць нешта сукупнасашчэпленае»?
- Іх па два ў кожным з нас, - тлумачыць камарад.
Юны Айцэн хутка пераконваецца: плеціва, якое абвалакала таго, зьнікла, засталося, мабыць, толькі затлуменьне мазгоў, як і тыя начныя крокі. І кажа, што ў ягоных помыслах усё складваецца натуральна, як паводле боскага вучэньня:
- Але ж ну так, я і мая несьмяротная душа.
- Так, - кажа той і сьмяецца, і цяпер ужо ягоны сьмех чыстае пакепства, - можна разглядаць і гэтак.
На што ў Айцэна ўзьнікае страшэннае падазрэньне, куды горшае за ўсе папярэднія, якія ён меў што да незнаёмага, і, як бы цікуючы, ён пытаецца:
- А вы часам ці не каторы з тых анабаптыстаў і пярэхрыстаў, якія ганаравалі ў Мюнстэры д'ябла і ўсялякія страхоцьці сеялі? Як там у вас з хрышчэньнем?
- Як што ўжо вы аж такі цікаўны будзеце, геру студыёзус, - кажа камарад, - дык я мяркую, дзетак спакойна можна хрысьціць, пакуль яны не падрасьлі; хай гэта й не карысна, але некалькі кропель вады ў кожным разе не зашкодзяць, дый закон будзе вытрыманы найлепшым чынам, і палютэранску добра, і пакаталіцку нязгорш.
Айцэн акцэптуе гэта, хоць яно яму ўсё-такі не да смаку, каб у ім сядзеў яшчэ нехта другі ды вычвараў усялякія штукі, якія могуць зьвесьці яго з тропу на розныя ўзбочыны разам зь яго неўміручай душою.
Лёйхтэнтрагер пераводзіць каня на роўны крок.
- Я, - кажа ён, - сын акуліста Балтазара Лёйхтэнтрагера з Кіцынгена і ягонай сужэнкі Ганны-Марыі, якая хадзіла тоўстая мною на дзевятым месяцы, калі па выраку нашага добрага пана, маркграфа Казіміра, майму бацьку як і шасьцідзесяці гараджанам і сялянам з навакольных вёсак выкалалі вочы.
- Мабыць-такі ваш гер бацька трымаўся благое кампаніі, - паддобрываецца юны Айцэн.
- Якое там благое, ён быў сярод іх найгоршы, - кажа той. - Як паназьбіралася людзей аж чорна, ды многія ўжо ў латах, зь дзідамі і як не пабягуць да Кіцынгенскай ратушы - на ўпакорваньне, мяцеж ім, бачыш, усім толькі ўпоперак, тады ўстае мой бацька, і рэзка так кажа, так, каб народу дагаджала, каб мёдам па губах; гэтак ловяць мышэй; але скора пакоцяццы галовы.
- Час быў благі, - мудра заўважае Айцэн. - Слава богу, ён ужо мінуўся, дзякуючы пісаньням гера доктара Марцінуса Лютэра і борздым захадам начальстваў. - І сам у сябе моўчкі пытаецца, колькі ж бо бацькавага мяцежніцкага духу магло перайсьці ў Лёйхтэнтрагера-малодшага, які цяпер едзе побач.
Але той ціхамірна пакусвае лісьцінку, сарваную з дрэва. Пасьля выплёўвае й расказвае сваю гісторыю далей.
- Гэтак сама ж і матчын бацька быў асьлеплены па загадзе маркграфа, - кажа, - з той прычыны, што ён выкарыстаў чэрап сьвятой Хадэлогі, заснавальніцы нашага жаночага кляштара ў Кіцынгене, дастаўшы яго з магілы, для гульні ў кеглі, а як што бацька мой праз дзень пасьля выколваньня вачэй гаротна сканаў ад ранаў, мая маці са мною ў жываце пабегла прэч, і сталася так, што я, як маленькі Ісусік, нарадзіўся ў дарозе, у стайні, але не атулены ласкай цялятак і асьлянятак і не адораны трыма каралямі; больш за тое, маці мая была ў тым хляве адна, і я выпаў зь яе і таму з моманту нараджэньня быў ушкоджаны, зь якой гэтай самай прычыны я й кульгаю на адну нагу, а адно плячко ў мяне вышэй за другое, а й невялікі гарбок выперся.
- Дык вам і з бацькавага й з матчынага боку ліхая долечка прыпала, - ня стрымліваецца юны Айцэн, а сам сабе думае, - няшмат людзкага можа выйсьці з гэтага хлопца пры такой долі, а ўголас кажа:
- Але ж, як там яно было ў вас далей?
Той, як бы ўспалошваецца зь нейкіх сваіх успамінаў, і ягоны ўздрыг перадаецца каню, ён пускаецца ў галоп, і юнаму Айцэну прыходзіцца доўга ўлягаць сьледам, пакуль ён нарэшце не дастаецца да працягу гісторыі, да таго яе месца якраз, калі гаротніца маці, нядужая і зьнясіленая, прыносіць дзіця ў Саксонію, у горад Вітэнбэрг, там яна ў бозе спачыла, а доктар Антон Фрыз і яго добрая жонка Эльзбэта прымаюць малое, якое, усімі кінутае й забытае, яшчэ ня ўмела гаварыць, а толькі лепятала й на цэлае горла крычала, у свой сірацінец.
- За што ім ад шчыраты сэрца дзякую, - дадае Лёйхтэнтрагер, - хоць за ўсё жыцьцё я ім так і не зрабіў нічога людзкага; я ня быў ім дзіця радасьці, я быў сам сабе наўме, хаваў у сабе ўсё, што думаў, і дзе іншыя казалі, што, во! так яно ёсьць і так яно было спрадвеку, і гэта добра, там я пытаўся, а чаму? і гэтым самым бянтэжыў усіх і за тое шмат калі даставаў па храпах.
- Але ж бывае й так, - гарачыцца юны Айцэн, - калі добры хрысьціянін не павінен пытацца, чаму.
- Калі б чалавек ня пытаўся, чаму, - кажа прыяцель, - мы і сёньня сядзелі б у раі. Калі б ня собіла Еве дапытацца, чаму ёй забаронена пакаштаваць яблык.
- Найперш, - адказвае Айцэн, - яна была дурная баба, а там - гэта ж зьмей нашаптаў ёй. Аслані нас божа ад такіх зьмеяў.
- А я вось разумею таго зьмея, - кажа той. - Зьмей-такі бачыў, што бог спадобіў чалавека дзьвюма рукамі для працы й галавою для мысьленьня, а навошта яму ўсё гэта прычындальле ў раі? Урэшце, яно было б у яго адвінчана, як усё, што ня мае ўжытку й скарыстаньня, і што ж бы тады, геру студыёзус, сталася з тым божым падабенствам?
Юны Айцэн ня ўпэўнены, пакепвае зь яго прыяцель, а ці не, і ён рашае вярнуцца назад на цьвёрды грунт і таму паўтарае тое, чым настаўляў яго ў дарогу пастар Эпінус у Гамбургу: што менавіта ж бо толькі вера шчасьціць чалавека, а ня веда. На што, каб ужо зноў ня ўблытвацца ў дыспут, у якім і па вушах дастаць можна, запрашае таго распавядацца далей.
І той расказвае, як усё было пры сьмерці яго прыёмнага бацькі, доктара Фрыза, як ён паклікаў яго да сябе й сказаў:
- Сыне мой, а я заўсёды меў цябе за сына, хоць у дом мой ты трапіў гаротнейшы за знайдыша, згаладалы, зьдзічэлы як кара божая, і мая шчасная жонка й я кармілі цябе з волі Хрыста, сыне мой, з гэтым я перадаю табе як спадчынную долю тваёй кроўнай маці й твайго законнага бацькі тое, што твая маці насіла пры сабе, калі была знойдзена мёртвая, гэта не якая там каштоўнасьць, больш дзеля сантыменту - item, хустачка, вылінялая, зь дзьвюма цёмнымі плямамі крыві, я сам дасьледаваў іх прыроду, і гэта адбітак крывавых вачніц твайго бацькі; item, cрэбраная манэта, з выявай галавы рымскага кесара на ёй; і нарэшце, кавалак пэргаманту з габрэйскімі пісьмёнамі і з паметай на ім рукою твайго бацькі пра тое, што манэта, як і пэргамант атрыманы ад аднаго старога жыда, які быў разам зь ім перадмяцежнымі днямі. Пасьля чаго прыёмны бацька даверліва перадаў яму ўсё гэта й неўзабаве пасьля спачыў у міры; а ён, Лёйхтэнтрагер, «начны вартаўнік», паклаў усе гэтыя тры рэчы ў скураную торбачку й носіць яе з таго часу заўсёды пры сабе, як свайго роду талісман-кудмень.
І калі Айцэн чуе пра жыда, які быў пры бацьку прыяцеля, яму адразу згадваюцца Вечны Жыд і начныя крокі ў суседнім пустым пакоі, а таксама словы таго другога, калі ён сказаў, што шукае нейкага жыда й таму прыйшоў у Лейпцыг, і хоць яму крышачку несамавіта на душы, а ўсё ж пад'юджвае цікаўнасьць, і ён кажа, што носіць на грудзях асьвечаны крыжык, які яму дала яго дарагая мама й які ён паказаў бы Лёйхтэнтрагеру, калі гэты наўзаем пакажа яму свой амулет.
Той падае яму з каня і ляпае юнага Айцэна па плячы, аж гэты ўздрыгвае, і кажа яму, што, калі яму хопіць сілы глядзець на д'ябальскую рэч, дык будзь ласка. І як што якраз насьпела даць коням выпасу, яны спыняюцца, пускаюць коні на мураўку, а самі садзяцца на два пянькі, прыяцель лезе запазуху па сваю торбачку й паказвае Айцэну спачатку манэту, добра захаваную, можна разгледзець кожную лаўровую лісьцінку на галаве ў кесара, а пасьля хустачку зь дзьвюма рудымі плямамі й нарэшце абрывак пэргаманту.
Юнаму Айцэну можна й прачытаць, што напісаў прыяцелеў Кіцынгенскі бацька на палях, але габрэйскія пісьмёны яму што абракадабра, ён толькі хоча ведаць, што яны азначаюць: чароўны заклён, ці праклён, а ці хто яго ведае што там яшчэ?
О, ён ведае некалькі габрэйскіх слоў, кажа Лёйхтэнтрагер і дадае на карысьць і ласку юнага Айцэна:
- Гэта ні чароўны заклён, ні праклён, гэта Сьвятое Пісаньне, словы прарока Эзэкіеля, а гучаць яны так: «Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечкі, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім» (Эз. 34:10).
Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, які цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, і ён пытаецца ў самога сябе, кім маглі б быць тыя пастыры, якія рабуюць у сваіх жа статках, і каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, і пастыры сёньняшняга дня людзі прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкі гаспадарам дакладным лікам, і ён успамінае пра свой крыжык, які хацеў паказаць.
Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нічога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня і ўзмахвае ў сядло. І згары кажа юнаму Айцэну, які пасьпяшае да яго:
- Можаце пажыць у мяне ў Вітэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. - Прышчоўквае языком і мчыцца далей.
А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца і ўсё сваім часам; толькі-толькі быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае ліст ад цёткі, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асабліва калі ён упішацца яму ў вучні; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялікага настаўніка й прыяцеля Лютэра пэўна ж аціраецца шмат усіх усякіх, сярод іх ёсьць і куды разумнейшыя, хай, можа, і не такія старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. І ўсё ж, думае ён, усё ж...
Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьці, ня трэба нават лезьці і ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, які вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба.
РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЙЦІ
У якім рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калі яно ў жывой плоці перад вачыма
Геру
праф. д-ру Doctor honoris causa Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлін
German Democratik Republic
19 снежня 1979
Высокашаноўны гер калега!
Я атрымаў Вашу шматдастойную кніжку «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» і прачытаў яе з вялікай цікавасцю. У многіх аспектах, асабліва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якім на працягу доўгага часу служылі гэтыя міфы і часткова служаць яшчэ і сёння, я цалкам з Вамі згодзен. Нам, навукоўцам, вельмі залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такія найноўшыя міфы, пашыраецца, выступаючы пад імем навукі, і мы павінны, наколькі можам, дзейнічаць у духу асветы.
Але дазвольце мне зрабіць і некалькі заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далі назву «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда». Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяціў Агасферу - ён носіць і іншыя імёны - некалькі даследаванняў, папярэднія вынікі якіх я выклаў у прыкладзеным да пісьма перадруку з часопіса «Hebrew Historical Studies»; зроблены, бадай што, толькі крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маім студэнтам, таксама знаходзіцца ў дадатку.
Вы пішаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: «Для светапогляду, які не прызнае ніякіх недаказаных і недаказальных рэчаў і якія паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне існавання звышнатуральных істотаў (бог, сын божы, святыя і іншыя духі, гэтаксама як анёлы і чэрці) a priori немагчымае». Гэтым самым Вы катэгарызуеце і Агасфера як немагчымасць.
Каб не ставіць пад пытанне Ваш светапогляд, які Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялізму - ён несумненна мае свой мэрытум, - я хацеў бы, каб не дэталізаваць Вашыя далейшыя памылкі, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць ані недаказальны, ані недаказаны. Ён існуе шматразова, трохмерна, як Вы і я, з сэрцам, лёгкімі, печанню і ўсёй трыбуховасцю, і адзінае ў ім, што можна было б акрэсліць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасці: ён проста не памірае. Ёсць гэта перавага ці не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён і сам, здаецца, па гэтым пытанні выказваўся мала альбо, можа, і зусім не выказаваўся, прынамсі, асабіста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.
Як вынікае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна існуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзіва ў святле і перад фактам мнагастайнасці ўражанняў, якія на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглі б зафіксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзіву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця - вы не маглі былі не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Ісусам Назарыцянінам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошніх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмі рады прадставіць іх у Ваша распараджэнне, як толькі яны будуць падрыхтаваныя да публікацыі.
Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымі маімі радкамі, якія Вы пры магчымым новым выданні Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кніжкі, маглі б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагі
Ваш адданы
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem, Israel
12 студзеня 1980
Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!
Ваша пісьмо разам з дадаткамі, дастаўленае ўчора ў мой інстытут, вельмі ўзрадавала мяне, і яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспубліцы, набывае вядомасць далёка за яе межамі і робіць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калі чалавек Вашага рангу і вядомасці актыўна цікавіцца вынікамі нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакіравана і ўсеахопна і яшчэ паслядоўней змагацца супроць усіх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых ілжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнім, калі нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькі праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыі, а пробным каменем ўсякай навукі, як вядома, з'яўляецца практыка.
Я не толькі сам прачытаў Ваш даклад «Агасфер, выдумка і праўда», апублікаваны ў Hebrew Historical Studies, але і выклаў яго сутнасць маім вядучым супрацоўнікам. Таму тое, што я хачу тут напісаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, які выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымі даследчыцкімі распрацоўкамі на ніве навуковага атэізму.
Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабістае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлігійнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як і Ваша ранейшая сустрэча з ім у варшаўскім гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у ліку нямногіх ацалелых здолелі ўцячы праз падземныя галаваломныя лабірынты каналаў. Але, праўда, варта паставіць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамі сведчанняў з ранейшых перыядаў гісторыі пра сустрэчы і розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такія сведчанні, асабліва калі яны афіцыйна не пацверджаны дадатковымі сведчаннямі, наўрад ці могуць разглядацца як навукова вартасныя, і яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш міфалагічны характар. Хоць вы і акрэсліваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як «майго сябра», тым не меней мы хацелі б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якіх Вы прыйшлі ў Вашых даследаваннях.
Праз адсутнасць міждзяржаўных зносінаў дзяржава Ізраіль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублікі; інакш кваліфікаваныя супрацоўнікі Інстытута навуковага атэізму альбо нават сам я асабіста маглі б навочна пераканацца ў прыблізным узросце гера Агасфера. Пры існуючых абставінах актуалізуецца пытанне, ці не маглі б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскім абследаваннем на дагоду ўсім, хто займаецца феноменам.
У сувязі з гэтым прэс-рэферэнт нашага Інстытута, калега д-р Вільгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлівасці да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога ізраільскі ні ў якім разе не можа быць выключаны, ці не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б існаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? І ўсё ж, як нам вядома, нідзе не зарэгістравана ніякага паведамлення пра гера Агасфера, нідзе і ніколі, здаецца, не публікавалася ніводнай фатаграфіі гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, і несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калі б Вы змаглі пазычыць нам яго для выкарыстання.
Я хацеў бы яшчэ раз канстатаваць, што мае супрацоўнікі і я шчыра вітаем любыя дыскусійныя выказванні па гэтым і іншых пытаннях і заўсёды гатовыя да таго, каб нас пераканалі ў іншай думцы. Але ў пытанні, якое мы цяпер абмяркоўваем, патрэбны больш пэўныя доказы існавання Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда, чым тыя, якія Вы нам прывялі.
З найлепшымі пажаданнямі прагрэсу ў Вашай працы,
з глыбокай павагай
(праф. д-р. Dr. h. c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР
РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЁРТЫ
У якім доктар Лютэр выкладае сваё меркаваньне пра жыдоў, а юны Айцэн якраз і сустракае аднаго такога, які робіцца яму прыкрым назолам
А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вітэнбэргу й спасьцігае ў магістра Піліпа Мэланхтона й іншых вучоных гераў дактароў унівэрсытэта божую навуку й гісторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнім паверсе, і пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькі, толькі інакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, які часам увечары за чаркай агністага віна гаворыць такія рэчы, якія дзіўна яго пераймаюць і якіх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, ніколі і ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносіць яму сьняданак, мые кашулі й апратвае пасьцель, калі занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразітаў, але не ад сваіх думак, якія ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй і грудзей і сьцёгнаў, ну, і вакол, што ў Маргрыт крыху ніжэй і ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзіць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца відок на дом настаўніка Мэланхтона, насупроць і крыху наўскасяк, і спрабуе ўспомніць выслоўі пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўі роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамін пра Барбару журботна цьміцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; і замест яе сваім унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот і грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт.
Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупіла яго пастаяльцу.
- Паўль, - кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кінуліся ў абдымкі й заключылі братэрскі хаўрус і з таго часу называлі адзін аднаго хрысьціянскімі імёнамі, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; - Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер, - я лёгка патраплю табе ўсё зладзіць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькі слова, і яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў.
Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа:
- Ай, ды што ты наўме носіш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу... я ёй прысягаў на вернасьць.
- Вернасьць - гэта ў цябе ад галавы, - кажа сябар, - а тое, што надзіць у Маргрыт, яно зусім ад іншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забаліць... Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магістр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, ці ня зробім мы яму ласкі й прыемнасьці, склаўшы яму кампанію за вячэрай, якую ён мерыцца зладзіць доктару Марцінусу й ягонай мілай жонцы Катарыне й некаторым іншым гасьцям, усе людзі знакамітыя і вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку піва з уласных запасаў.
- Што, я? - кажа юны Айцэн і ўвесь праменіцца ад шчасьця за гонар, які яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.
- Так, ты, - кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае і Лютэра й Мэланхтона, абодвух іх, адзін аднаму ім сказаць ужо няма чаго, але калі яны выбіраюцца на публіку, якая разьзяўляе рот на кожную іхнюю мудрасьць, тады ўжо іх прарывае, і яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, і, такім чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.
Да вялікай гадзіны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шліцам каптан з чорным шаўковым падбоем і нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блішчалі; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калі гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваіх гамбургскіх і як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калі раптам сам Лютэр дабраславіць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафіі, а пазьней, можа, і да супэрінтэндэнтуры. А Маргрыт толькі сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвіцы, і пытаецца, ужо ці не на запіткі да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькі да нявесты нябеснай.
Пасьля яны зьбіраюцца за вялікім сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й іншыя госьці, каторыя і з жонкамі, у каго яны былі ў наяўнасьці. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнія промні дня ў круглых шыбінах вокан; ужо гараць сьвечкі й кідаюць мігатлівае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушыліся здані; але гэта толькі ад скразьняку з кухні, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзіне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Ісус за апошняю паскай, сядзіць доктар Марцінус, узваліўшы на кулакі магутную галаву, і скоса пазірае на застольле; толькі калі ягонае вока, здаровае, якім ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, які ўсьмешліва сядзіць за ніжнім краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомніць, што ніяк яму не даецца.
Але калі ўносяць рыбу, вывараную і пад смакавітай поліўкай, ён адкідае нядобрыя думкі, захмараны лоб яго разьвідняецца, і ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць і яе цудоўнасьць, кажучы:
- Скіньце толькі вокам, як прыгожа ікрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калі самчык б'е хвастом і сее малокі ў ваду, іх прымае паненка. Скіньце толькі вокам на птушак, як далікатна прыгожа праходзіць у іх такі ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкі ў гнязьдзечка, садзіцца на іх, і вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткі; зірніце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!
- І усё гэта на карысьць і выгоду людцам, - дадае наш магістр Мэланхтон, - як напісана, чалавек павінен валадарыць над рыбамі марскімі, над птушкамі нябеснымі, над зьвярамі польнымі й над ўсім, што па зямлі поўзае.
- І над самім сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - І павінны чалавекі адзін аднаму выпякаць вочы, і ўцінаць рукі, і сячы, і калоць, і расьцягваць, і ламаць хрыбты, і калесаваць, і ўсякага роду гвалты чыніць. Аман.
Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцінус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, і думае сабе: адно, калі такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампаніі, і зусім іншае, калі перад вучонымі мужамі, і ён ціха кажа Лёйхтэнтрагеру:
- Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнікаў Марцінуса Лютэра й Піліпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзін крок наблізімся да царства божага.
Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваіх лёгкіх, нават з хрыбетнікам, дый пытаецца:
- Хто вы будзеце, малады чалавек?
І пакуль фраў Катарына налівае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялізны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павінна й сюды сягаць піўное права й справядлівасьць, юны Айцэн паведамляе, заікаючыся ад шчасьця, хто ён такі будзе, адкуль сам будзе, і якія ў яго планы й замахі, а доктар Лютэр схіляецца да Мэланхтона й кажа таму:
- Зьмецьце яго сабе, магістр Піліп, гэты пойдзе сваёй дарогай і далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але і яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.
Хто іншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такіх слоў доктара Лютэра; ды не такі Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, і на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, і ён чуе пакеплівы сьмех сябра й як той кажа:
- Ці ж ня выступілі вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самі, ці дасягнулі вы гэтага? Альбо ж ці ня сталася так, што вы спалохаліся й адступіліся і замірыліся з магутамі сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлі ў сьвет, і што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусім ня думае?
Тут падымаецца доктар Марцінус Лютэр і стаіць ва ўсёй сваёй густацялеснасьці, і ўсе за сталом як бы крыху ўціскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, які добра засвоіў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоіцца за свой посьпех, які ён з такім дбаньнем здабыў. І ён зьбіраецца з духам і кажа свайму настаўніку Мэланхтону, ці праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагі ў чалавека; адно без аднаго - суцэльнае кульганьне.
Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыі, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькі апошняй кропачкі над і, і ён дадае, што калі начальствы пабожныя, менавіта такія, якія караюць і не даюць ходу эпікурэйскім казаням, балвахвалству, ілжывым прысягам, д'ябальскім хаўрусам і вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзеці царквы.
Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафіксавана на Лёйхтэнтрагеры, які з усьмешкай пацягвае фраў-Катарыніна піва, і кажа яму:
- Хто б вы такі ні былі, вы шчыкнулі мяне за сэрца. Бо калі б я, пачынаючы пісаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзі божае слова й супрацівяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й ніколі не асьмеліўся б нападаць на папу і ўсе ягоныя парадкі. Я думаў, людзі грашылі толькі праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць і не забаранялі сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпілі, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.
Пасьля чаго зноў садзіцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнія цяпер ужо як сьлед замоўклі, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так і не зразумелі й дае працяг:
- Рэдка калі робяцца добрыя справы з мудрасьці й асьцярожлівасьці, хутчэй са сьляпой адвагі й збочваньня з дарогі. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, і хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.
Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.
- І хаосу таму краю ня відаць, - кажа ён, нібы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылі, непадалёк ад Вітэнбэрга.
Юны Айцэн прыгадвае начныя крокі ў пустым пакоі ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, але гэта было даўно, і доктар Марцінус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбіваецца незадаволенасьць: чаму ён нічога ня ведае пра такія рэчы, чаму спатрэбілася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносіць яму навіну, і наколькі яна верагодная?
Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму і які ён зь сябе? І Мэланхтон кажа:
- Жыдоў усюды пропадзь, і ўсе яны падобныя адзін на аднаго, як яйка на яйка, калі б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылі б.
Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:
- У яго да ступака быў прыбіты цьвікамі крыж, пяць цьвікоў на кожнай назе.
Гэта ўжо пераконвае Піліпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхілку да літары й параграфа, у яго чульлівае сэрца, і ён уяўляе сабе, як яно павінна быць, калі нехта зь цьвікамі ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, і апрача таго ён ведае, што прыйдуць благія часы, калі той Жыд акажацца.
- Калі б хто мог пагаманіць зь ім, - кажа ён разважліва павольна, - і апытаць яго: а ці быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Ісуса Хрыста вялі на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.
- Так, - кажа доктар Марцінус, - а ці мог бы? І якія?
- Прынамсі, - адказвае магістр Піліп, - прынамсі, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзінашчасьцедайную веру.
Тут і азарае юнага Айцэна, што чалавек, які бачыў нашага Госпада Ісуса з крыжам на плячах, павінен ведаць і пра яго сьвятасьць. З тым большым подзівам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцінуса.
- Так, - кажа той другі раз, - дык парайце нашаму мілажальнаму геру курфюрсту, хай дазволіць схапіць жыда, калі толькі той дасца, але схапіць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнікне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькі смурод, бо ён такі самы, як яны, а яны такія, як ён, хацелася б думаць, - усе яны вечныя і ім зводу няма.
Ён азіраеца вакол сябе, ці зразумеў хто-небудзь, пра якія цяжкаважкія рэчы тут завялося. Кухарка стаіць у дзьвярах са смажанінай, але не адважваецца ўносіць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.
- Дый хваробу іх навернеш, - кажа ён, - бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьці іх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як іх выгналі, расьсеялі й дашчэнту зьвялі, а самая сардэчная іх надзея і прага - што яны калі-небудзь змогуць абыходзіцца з намі, хрысьціянамі, як у часы Эстэры ў Персіі з паганамі. І сёньня мы яшчэ ня ведаем, які чорт занёс іх у нашу краіну, зь Ерусаліма іх мы сюды не звалакалі.
Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткі, якія паскудзтвы чыняць жыды ў краіне, як яны ўсіх абіраюць, багатых і бедных, не даючы ім за гэта нічога.
- Навярнуць! - усклікае наш добры доктар Марцінус, - навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпаліць усе іхнія сынагогі й хэдэры, адабраць у іх усе іхнія торы-шморы й малітоўнікі, а талмудыстам і іхнім рабінам збараніць вучыць, а па-другое, даць усім маладым дужым жыдам у рукі цэп, сякеру й рыдлёўку і хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калі ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь іх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылі на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як і той Агасфэр.
Юнаму Айцэну закруцілася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялікага Лэтэра пра хрысьціянскі дух, запавяданы ў Пісаньні: «Любеце ворагаў вашых і дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых». І паколькі ня так Гасподзь Ісус, як наш гер доктар Марцінус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзіцца з правільнасьцю таго, што добры доктар толькі што вяшчаў, і як што кухарка нарэшце ўносіць смажаніну й ставіць місу на стол і ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. І ў самога доктара Марцінуса нябось ужо сьлінкі набеглі і ў іх патанулі ўсе яго гарачыя словы, і ён цягнецца да місы, выбірае сабе самы сакавіты кавалак з усіх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далікатны ножык у Лёйхтэнтрагера, які той якраз бярэ ў руку, і просіць паказаць яму зблізку, каб лепей разгледзець, і пакуль фраў Катарына сарамліва адводзіць вочы, ён разглядвае яго й знаходзіць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькі, мабыць, чортавага аўтарства, бо такі ж яно так і бывае, што ні ў мастака, ні ў жарнасека, ні ў каго іншага з падабнага роду людзей ніколі не даведаешся, хто водзіць яго рукою, анёл ці, можа, сатана.
Тут бярэ слова гер Лукаш Кранах, якому раней у Вітэнбэргу належала аптэка й які цяпер таксама сядзіць сярод гасьцей, дый кажа, што сапраўдны майстар не даецца, каб ягонай рукою вадзілі, ні анёлы, ні чэрці, ён сам у сабе творца, якім і стварыў яго з усім майстэрствам Гасподзь Бог, як, зрэшты, і кожную зьвярынку, кожную былінку й кветачку, і што ён мог бы з гэтым ножыкам у руцэ намаляваць вобраз нашага доктара Марцінуса, яго вабіць разнамаснасьць чырвонай фарбы ў формах фігуры, прычым усё гэта з каралаў, і выраз у вачах добрага доктара, крытычны й адначасова прыемны. А калі б мы ўзбагаціліся яшчэ й на прыгожую выяву доктара Марцінуса, не казаў бы доктар Марцінус, што яму больш гадзіцца дазволіць намаляваць сябе з малітоўнікам у руцэ, чым з голай бабай, хай нават такой маленькай.
Гер Лукаш Кранах верыць, што Лютэр думае, быццам ён задужа перабраў сваімі гадамі, каб уздатніцца на такое, і таму ён, гер Лукаш, дазваляе сабе запярэчыць: менавіта ж бо ўзрост умее цаніць сапраўдную прыгажосьць; ці ж бо сам ён у сваіх гадах не намаляваў голую Еву, зыскаўшы за гэта шмат пахвалаў.
Але доктар Марцінус азіраецца, і вока яго затрымліваецца на юным Айцэне, яго тоўстае брыво падымаецца, ён працягвае ножык яму й пытаецца:
- Ну, а вы што на тое скажаце, малады чалавек?
Рука Айцэна, які цяпер трымае нож, пацее, у ягонай галаве мітусяцца ўсялякія думкі што да той колішняй шлюхі й сёньняшняй Маргрыт, пакуль ён нарэшце ня кажа:
- Усе мы разам грэшнікі, а пажада - гэта прыроджанае нашае зло, якое запазычвае нас вечнай сьмерці: але паколькі мы змагаемся супроць яго, дык гэта ўжо свайго роду цнота, але толькі божая мілата можа ўратаваць нас і апраўдаць.
Тут у Лютэра адвісае сківіца, і ён вымушаны зрабіць доўгі глыток піва перш чым сказаць:
- Мне здаецца, што вы ў поўнай меры дужа разважлівы, Айцэн, быццам Гасподзь Бог зьмясьціў у ваш юны чэрап мазгі старога чалавека.
Айцэн ня ведае, як яму прыняць гэтыя словы - як пахвалу ці як, і азіраецца на Лёйхтэнтрагера; але той толькі выскаляецца. Такім вось выдаўся Айцэну вечар, і нават калі пад разумныя гаворкі спажываўся дэсэрт, а піва фраў Катарыны моцна разьвесяліла яго, ня марная прахлая радасьць; толькі калі ўжо даходзіць да разьвітаньня й Лютэр зычліва паляпвае яго па плячы, ён з палёгкай уздыхае; гер студыёзус можа, кажа доктар Марцінус, зьвяртацца й да яго за парадай, калі выдасца патрэба, на што магістр Мэланхтон скроіў даволі кіслую міну. І пакуль яны йдуць наўскос цераз вуліцу, Айцэн локцем штурхае Лейхтэнтрагера пад бок:
- Вось так мой сьвяты заступнік анёл павярнуў усё да лепшага, - кажа ён, - а ты, браце Ганс, здаецца мне, дзеля добрай мэты крыху закансьпіраваўся зь ім.
Але гэта яшчэ не канец, бо калі яны адчыняюць брамку і ўступаюць у дом, яны чуюць галасы; адзін - голас Маргрыт, другога Айцэн не пазнае, мужчынскі голас, пасьля Маргрыт сьмяецца, як сьмяюцца жанчыны, калі ім засьвярбіць пад спадніцай. У юнага Айцэна, надзьмутага й важнага ад посьпеху, валасы ўстаюць дыбарам, і ён сьпяшаецца ў пакой за Лёйхтэнтрагерам, які, здаецца, ведае, хто той позьні госьць.
А там ужо яму адкрываецца карціна, якая будзе перасьледаваць яго да сівых валос: на ўслоне сядзіць малады жыд, вальготна раскінуўшы ногі, наскі ботаў у брудзе, адзін паказвае на ўсход, другі на захад, а ў яго на ўлоньні ў самай найпяшчотнейшай пазіцыі ўмасьцілася Маргрыт, а той малады жыд вымацвае й выгладжвае ёй цыцкі, ужо давай і да таго інтэрасу брацца. І не перастае, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што ён зь дзеўкай ужо ў пакоі не сам-насам, а кажа:
- Мір з табою, Лёйхтэнтрагер, а як там у вас пасоўваецца з вашай працай, ці ўсё яшчэ валодаеце вы кесаравай манэтай і пэргамантам зь пісьмёнамі?
Айцэн адразу ўспамінае пра манэту й шматок з выцьвілымі габрэйскімі словамі, і ён немаведама чаму, бо той, хто гэтыя абедзьве рэчы перадаў асьлепленаму й пасьля памерламу бацьку свайго гаспадара, акулісту з Кіцынгена, быў чалавек дапатопнага веку; а цяпер гэты жыд тут, усё яшчэ абхапіўшы рукою Маргрыт, у самым росквіце гадоў, каб яму чорт яе перасаліў.
Лёйхтэнтрагер пагладжвае бародку й кажа, вядома ж, усё ў найлепшым парадку, можаш сабе выюрвацца далей; пасьля ён накульгам ідзе да сьцяны, націскае на нейкае патайнае месца, і вось Айцэн са зьдзіўленьнем бачыць, як добры кавалак той сьцяны расхінаецца й адкрывае вачам цэлую паліцу з пузатымі з крывавым перабліскам пляшкамі. Мабыць, віно, бо Маргрыт выслабаняецца з абдымкаў свайго жыдка й выстаўляе шклянкі, з высокім майстэрствам выштукаваныя золатам. Лёйхтэнтрагер і жыд абодва сядаюць за стол, а юны Айцэн ня ведае, ці вымкнуцца яму вонкі, як пабітаму сабаку, ці заставацца; ніхто не адзываецца да яго. Але потым цікаўнасьць бярэ верх над боязьзю, і ён падсаджваецца, хоць яго й абражае, як Маргрыт вывінчваецца каля таго жыдка й прагна наровіць падласьціцца, быццам той у сваім зашмальцаваным лапсярдаку быў грэцкі бог Аданіс.
Жыд, мармычучы па-габрэйску, дабраслаўляе віно, налітае Лёйхтэнтрагерам, і адпівае глыток. П'е й Маргрыт, сьпешлівымі глыткамі, чырвоная кропля зьбягае па падбародку й па белай шыі; юнаму Айцэну вусьцішна робіцца, яму здаецца, быццам ён заглядвае ў будучыню. Яму наогул усё тут такое чужое й непрыемнае. Пакой ужо больш не пакой, і час больш ня час, і Маргрыт стаіць і падражнівае, як Ева на карціне майстра Кранаха й з такім самым разумным позіркам. Жыд і Лёйхтэнтрагер гутараць пра нейкага шаўца з горада Ерушалайма, які прагнаў рэбэ Ёшуа ад сваіх дзьвярэй, за што яго гэты й пракляў.
- Быў ілжэмэсія, - кажа жыд.
- Хто гэта ведае? - кажа Лёйхтэнтрагер. - Нельга вылічыць старога. Калі ўжо ён стварыў аж такі сьвет з такімі людзьмі, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух відах ці нават у трох?
Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялікую містэрыю, і яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцівай багавейнасьці, і ўсё ж ён падазрае, што яны маглі б пра тое ведаць больш, чым ён і яго настаўнік Мэланхтон, больш нават за вялікага доктара Марцінуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку.
Цяжкае віно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгі й адначасова робіць яго празарліўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: ніхто так, як ён, не ўспасобіў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзі, ніхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, і дарма дабро супрацівіцца гэтаму працэсу.
Лёйхтэнтрагер падымае свой гарбок угору. І не таму, што ён асабіста чуў з жывых Лютэравых вуснаў, як прасякае таго страх, калі ён бачыць, што адно вырастае з другога, крывавы мяцеж з дабрапамыснай рэформы, і паўсюль - суцэльны разгардзяш; у адказ на што ён сьпешна адштурхоўвае ад сябе тых, што падтрымлівалі яго й хацелі таго самага, што й ён, і не баіцца зрабіць наступны крок і ў імя Бога аднаўляе старыя дамбы й дае шанцы былым гаспадарам.
Жыд трасе галавой. Што было, тое было, кажа ён, і ніхто, нават сам Лютэр, ня можа зрабіць таго, што было раней. І з кожнага абвалу й перавароту вырастае новае, лепшае, пакуль нарэшце вялікая думка ня робіцца рэальнасьцю і ня зробіць ягоную, жыдаву, працу, і ён зможа знайсьці спакой, спакой, спакой.
Віно. Галава ў юнага Айцэна ападае на складзеныя рукі.
- Заснуў, - кажа жыд.
- Ён нічога не разумее, - кажа Лёйхтэнтрагер. - Яму што.
Маргрыт сьцягвае жыду боты, цалуе скалечаныя пыткай ногі.
- Як вы цяпер завяцеся? - хоча ведаць Лёйхтэнтрагер.
- Ахаў, - кажа жыд.
Маргрыт зьнізу глядзіць на жыда.
- Калі вы Ахаў, хачу быць вашай Езавэляй.