Эрл Стэнлі ГарднэрКлюч да загадкі раскіданых рубінаў
Дождж раз-пораз суцэльнай заслонай шугаў з начнога неба. Калі гэтая заслона знікала, у прагалах паміж хмарамі паказваліся мігатлівыя зоркі. Вулічныя ліхтары, святло ад якіх зіхатлівымі стужкамі адбівалася на мокрым бруку, нібы німбам ахінала пара.
Па мокрым бруку разляталіся пырскі з-пад ног Сідні Зума, які ішоў, не звяртаючы ўвагі на лужыны. Яго хударлявая фігура, ахінутая плашчом і прыкрытая зверху гумовым капелюшом, імкліва рухалася наперад скрозь дажджлівую ноч, побач нячутна бегла аўчарка.
Сідні Зум любіў ноч. Асабліва яму падабаліся дажджлівыя ночы. Паўночныя вуліцы вабілі яго прадчуваннем прыгод. Ён безупынна шнырыў па начах у пошуках дзіўных чалавечых учынкаў, якія маглі выклікаць яго цікавасць.
Аўчарка хрыпла загыркала.
Сідні Зум прыпыніўся і паглядзеў на свайго чатырохногага спадарожніка.
— Што ў цябе, Рып?
Жоўтыя вочы сабакі выглядалі нешта ў цемры. Вушы яго натапырыліся. Праз момант морда сабакі крутанулася, як бы нешта вышукваючы і прынюхваючыся. Потым ён зноў загыркаў, поўсць на спіне ўзнялася дыбам.
— Шукай, Рып.
Сабака нібы страла паімчаў у цемру, шлёпаючы лапамі па мокрым бруку. Ён бег шпарка і ўпэўнена, нізка прыгінаючыся долу. Заварочваючы за рог, ён нахіліўся яшчэ ніжэй — і ў гэты момант цемра праглынула яго.
Сідні Зум дайшоў да месца, дзе знік сабака, і спыніўся ў чаканні. Але тут пачуліся крокі, шамаценне гумовага плашча, і на яго пачала насоўвацца цёмная постаць.
Цемру прарэзала святло электрычнага ліхтарыка.
— Што вы тут робіце? — прабурчаў незнаёмы басам.
У ястрабіных вачах Сідні Зума ўзнікла пагроза.
— А хто вы? Ды патушыце свой чортаў ліхтарык!
Промні ліхтарыка прашылі зверху данізу цыбатую, але жылаватую постаць, і той самы голас зноў прагрымеў:
— Я — паліцэйскі, і гэта мой участак. Час не вельмі прыдатны, каб вось так стаяць на рагу вуліцы, мокнучы пад дажджом, утаропіўшыся ў цемру, у нешта ўслухоўваючыся. Так што далажыце, хто вы такі, калі не маеце ахвоты заначаваць у камеры.
Сідні Зум адвёў вочы ад сляпучага святла, выцягнуў з унутранай кішэні скураны партманет і паказаў паліцэйскаму нейкую картку.
На картцы быў подпіс начальніка паліцыі.
Паліцэйскі прысвіснуў.
— Сідні Зум? Вось як! — сказаў ён у здзіўленні. — Я наслухаўся пра вас і вашага сабаку. А дзе ён?
Сідні Зум слухаў, схіліўшы галаву крыху ўбок.
— Калі вы перастанеце гаварыць, мы яго пачуем.
Паліцэйскі заціх і прыслухаўся. З цемры даляцеў ледзь чутны сабачы брэх.
— Ён вунь за тым рагом, — сказаў Зум.
— Чаго ён разбрахаўся? — прабурчаў паліцэйскі.
Сідні Зум пайшоў далей, перастаўляючы доўгія ногі па мокрым бруку. Раптоўны дождж забарабаніў па пругкай паверхні іх плашчоў.
— Каб даведацца, — адказаў Сідні Зум, — лепш за ўсё — пайсці і паглядзець.
Паліцэйскаму было цяжка паспяваць за шырокімі крокамі Зума.
— Я чуў пра некаторыя вашыя вышукі, — сказаў ён.
Відаць, паліцэйскі хацеў завесці гаворку, але хада была настолькі шпаркая, што нават на яе ледзь хапала дыху.
Сідні Зум прамаўчаў.
— І пра вашага сабаку, — працягваў, засопшыся, паліцэйскі.
Сідні Зум прыпыніўся і паказаў знакам паліцэйскаму спыніцца, потым узняў галаву і свіснуў. Адразу ж у адказ пачуўся брэх.
Зум па гуку вызначыў кірунак, адкуль пачуўся брэх, і пакрочыў яшчэ шырэй. Паліцэйскі страціў надзею ісці нага ў нагу і, зусім засопшыся, быў вымушаны ў паўтара раза часцей перабіраць нагамі.
У святле вулічнага ліхтара штосьці скурчанае кідала на брук доўгі цень. Сабака зноў забрахаў, і Сідні Зум паказаў у яго бок.
— Штосьці ляжыць на тратуары, — сказаў ён.
Паліцэйскі загаварыў, але трэба адзначыць, што думаць у яго выходзіла лепш.
Шпаркая хада Зума перайшла амаль у бег. Яго хударлявая постаць, здавалася, дрыжала ад хвалявання.
— Нехта ляжыць, — сказаў ён.
Сабака яшчэ раз заліўся пранізлівым брэхам, як бы імкнучыся нешта паведаміць. І Сідні Зум пераклаў сэнс брэху.
— Мёртвы, — сказаў ён.
Паліцэйскі прамармытаў нешта, выказваючы, відаць, недавер.
Але Зум меў рацыю. Чалавек быў мёртвы. Ён ляжаў, распасцёршыся на бруку тварам уніз, раскінуўшы сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта пагражаючы некаму.
На патыліцы чалавека чарнела дзірка, з яе цурчаў чырвоны струмень, зліваючыся з вадой на бруку і пакідаючы на ім чырвоныя плямы.
На чалавеку былі паліто, нагавіцы, грубыя чаравікі. Але падніз была надзета яшчэ піжама. Яе канцы выглядалі з калашын нагавіц, а каўнер піжамнай сарочкі вылез з-пад закручанага штрыфля паліто. Паліцэйскі паспрабаваў намацаць пульс чалавека.
— Мёртвы, — сказаў ён.
— Вось гэта, — суха заўважыў Сідні Зум, — і паведаміў мне сабака. Ён прыбег бы назад і прыскорыў мяне, калі б чалавек быў жывы.
Вочы ў паліцэйскага загарэліся.
— Вы што, жартуеце? — спытаў ён.
Сідні Зум паціснуў плячыма. Па вопыце ён ведаў, што дарэмна даказваць дылетантам, што ў сабак высокаразвіты інтэлект.
Паліцэйскі хацеў перавярнуць труп дагары. Зум перахапіў яго руку.
— Пачакайце, — сказаў ён, — вы можаце знішчыць самы галоўны ключ да разгадкі матываў забойства.
Паліцэйскі здзіўлена глянуў на Зума.
— Я проста хачу перавярнуць яго.
Ён адмовіўся ад свайго намеру і пакінуў мерцвяка ляжаць на баку з адкінутай галавой у ненадзейнай раўнавазе, што ўтрымлівалася плячом і сцягном.
Зум кіўнуў галавой.
— Менавіта так, — сказаў ён. — Заўважце, паліто на плячах і зверху, бліжэй да шыі, добра намокла. Гэта сведчыць пра тое, што ён некаторы час быў пад дажджом. Але на спіне паліто амаль сухое. Гэта значыць, што ён ішоў тварам насустрач дажджу, а тут ляжыць на жываце не так даўно. Інакш спіна таксама б намокла. Але калі вы перавернеце яго на спіну да таго, як мы ўсё ўдакладнім, паліто са спіны дакранецца да мокрага бруку, і мы пазбавімся магчымасці вызначыць ступень намокласці розных частак адзення.
Паліцэйскі нешта прабурчаў у адказ.
— Вы маеце рацыю наконт плячэй, — сказаў ён, няўклюдна мацаючы іх рукой. — І спераду ён прамок да ніткі. Здаецца, ён такі сапраўды ішоў супраць ветру.
Зум абмацаў пальцамі вопратку на мерцвяку. У ягоных вачах бачылася ястрабіная засяроджанасць, якая сведчыла пра ўсё большую зацікаўленасць.
— А вось вецер, — заўважыў Зум, — дзьмуў у той самы бок, у які скіравана зараз яго галава. Гэта азначае, што яго перавярнулі пасля выстралу ці ён сам пайшоў назад. Заўважце, ён без шкарпэтак, шнуркі завязаны не да канца і іх канцы паспешліва закручаны вакол ног. Відаць, чалавек ужо лёг спаць, але нешта ўзняло яго з ложка, прымусіла паспешліва выбегчы на дождж, і ён паспеў накінуць на сябе толькі самае неабходнае. Куля трапіла ў патыліцу. Стрэл, відаць, супаў з ударам грому, бо, здаецца, ніхто яго не пачуў, а гэта — раён жылых дамоў. З моманту яго смерці не прайшло, здаецца, нават чвэрці гадзіны... Давайце пасвецім на твар.
Паліцэйскі паслухмяна перавёў святло ліхтарыка на скамянелы твар. Ён выявіў рысы чалавека, які выглядаў год на пяцьдзесят пяць. Твар парослы сівым шчаціннем, з рэдкімі валасамі на скронях, высокім ілбом з маршчынамі, якія бываюць у людзей са змрочным характарам. Сцяты рот з тонкімі, амаль нябачнымі вуснамі. Глыбокія маршчыны абапал сведчылі, што рот звычайна крывіўся ўніз.
— Чалавек, — зазначыў Сідні Зум, — які рэдка ўсміхаўся.
Паліцэйскі памацаў кішэню паліто забітага.
— У кішэні шмат нейкіх папер. Паведаміце ва ўправу аб здарэнні, а я папільную тут.
Позірк Зума скіраваўся на штосьці за метр ад трупа.
— Узніміце ліхтарык крыху вышэй — вось так! — звярнуўся Зум да паліцэйскага.
— Што гэта?
Промні святла адбіліся ад чагосьці блішчастага, агрэсіўна-чырвонага.
Зум падышоў бліжэй, нахіліўся і падняў гэта самае з долу.
— Чырвоная пацерка альбо сінтэтычны рубін, прасвідраваны для пацерак, — адзначыў ён, — і, думаю, крыху далей знойдзецца яшчэ адзін. Давайце паглядзім.
Паліцэйскі паслухмяна ўзняў вышэй ліхтарык. І зноў у цемры замігцеў агрэсіўна-чырвоны водбліск.
— Якраз з таго боку ён і ішоў, — заўважыў паліцэйскі.
Зум падабраў другую пацерку і вярнуўся да трупа.
— Паглядзіце, што ў яго ў руках, — прапанаваў ён.
Паліцэйскі разняў сціснуты левы кулак. У далоні нічога не было. Ён адагнуў пальцы на правай руцэ. У святле ліхтарыка замігцелі паўтузіна чырвоных пацерак, якія па колеры нагадвалі кроплі застылай крыві.
Сідні Зум задуменна глядзеў на іх з пахмурным выразам твару.
— Там часам не абрывак белай ніткі? — спытаў ён.
Паліцэйскі нахіліўся ніжэй.
— Ён самы. Навошта яна?
Зум задуменна, не міргаючы, глядзеў на купку чырвоных каменьчыкаў.
— Гэта могуць быць і натуральныя рубіны, але я сумняваюся. Яны больш падобныя на сінтэтычныя. Звярніце ўвагу на тое, што іх памеры паступова памяншаюцца. Відавочна, яны былі начэплены на нітку. Можна дапусціць як магчымасць, і толькі як магчымасць, што пацеркі былі на асобе, якая страляла, і што рука ахвяры, хапаючыся за забойцу, зашчаміла ў руцэ пацеркі і вырвала з іх пэўную частку. Потым, калі гэтая асоба кінулася наўцёкі, пасыпаліся і іншыя пацеркі... але я сумняваюся наконт гэтага.
Паліцэйскі выпрастаўся, адпусціў труп, і той глуха чмякнуўся на мокры брук.
— Для мяне ўсё гэта ўжо занадта, — сказаў ён. — Мне не хочацца пакідаць труп, нават калі сапраўды пагаджуся, што вы маеце рацыю. Схадзіце вунь у той жылы дом, знайдзіце тэлефон і патэлефануйце ў паліцэйскую ўправу.
Зум кіўнуў галавой у знак згоды.
— Будзь тут, Рып, — загадаў ён сабаку. — Я хутка вярнуся.
Сабака паволі завіляў хвастом, выказваючы такім чынам з пачуццём уласнай годнасці сваю маўклівую згоду. Зум перайшоў вуліцу, накіроўваючыся да шматкватэрнага дома.
Дзверы былі зачынены на замок, у вестыбюлі было цёмна. Зум націснуў кнопку пад указальнікам кватэры з надпісам: УПРАЎЛЯЮЧЫ і толькі пасля гэтага дачакаўся нейкай рэакцыі. Калі таўстуха з заспанымі вачыма, абураная тым, што яе разбудзілі, падышла да дзвярэй, Зум растлумачыў ёй усю сітуацыю. Яго правялі да тэлефона, ён патэлефанаваў ва ўправу і паведаміў пра знойдзены труп.
Потым ён вярнуўся да паліцэйскага. Сабака ляжаў, прыціснуўшыся да мокрага бруку, паклаўшы морду на лапы. Ён застаўся ляжаць нерухома і толькі паляпаў хвастом, вітаючы гаспадара. Паліцэйскі праглядаў паперы, знойдзеныя ў кішэні забітага.
— Падобна на тое, што яго звалі Гары Пэйн, — заўважыў ён. — Можна падумаць, што ўсе лісты, атрыманыя па пошце, ён насіў з сабой у кішэні. Ёсць тут і адрас. Уэст-Эдамс-стрыт, 58, 65. А вось некалькі юрыдычных дакументаў: здаецца, ён удзельнічаў у нейкім судовым працэсе... Паперы ён насіў з сабой ужо пэўны час. Адзнакі, зробленыя алоўкам, пасціраліся, дый папера зашмальцавалася.
Зум кіўнуў галавой. Ён вывучаў твар забітага.
— Няўжо вам не цікавыя гэтыя паперы? — спытаў паліцэйскі.
На твары Зума быў выраз летуценнай задумлівасці.
— Мяне больш цікавіць характар чалавека, — заўважыў ён. — Мне здаецца, што забіты быў наравісты стары чалавек, які ніколі не ўсміхаўся, якому невядома было пачуццё спагады ці зычлівасці. Зірніце на яго рукі! Бачыце, якія шышкаватыя, учэпістыя пальцы... Вы верыце ў хірамантыю?
Паліцэйскі ў адказ пагардліва буркнуў.
— Глупства, — адказаў ён.
Зум памаўчаў некалькі секунд.
— Дзіўна, — нарэшце заўважыў ён, — як характар адбіваецца на кожнай частцы цела чалавека. Рукі, ногі, вушы, форма носа, рот, выраз вачэй... усё фарміруецца тым нечым неадчувальным, што мы называем душа.
Паліцэйскі, які сядзеў на кукішках на мокрым бруку каля трупа, устаў.
— Вы гаворыце нешта такое, што не мае ніякага сэнсу, — буркнуў ён. — Справа ідзе пра забойства, і згодна з законам трэба злавіць злачынцу. Якое дачыненне да гэтага мае характар забітага?
Сідні Зум адказаў адным словам: «Непасрэднае».
Ён звярнуўся да папер у кішэні паліто забітага.
— Забойствы, — заўважыў паліцэйскі, — уяўляюць сабой штодзённую з'яву. Калі абыходзіцца з імі як са звычайнымі з'явамі, нешта ды і атрымаецца. Апазнаеш, вызначыш, хто хацеў прыбраць яго з дарогі, збярэш доказы, ну, можа, крыху папужаеш на допыце ва ўправе, і — калі ласка! — можна брацца за новую справу.
Сідні Зум нічога не адказаў. Аднекуль здалёк пачулася выццё сірэн.
— На патыліцы засталіся сляды, — сказаў Зум пасля таго, як сірэна завыла зноў. — Дазвольце мне ваш ліхтарык.
Паліцэйскі даў яму ліхтарык. Зум павадзіў яго кругамі над канавай, раптам спыніў руку і паказаў на нешта.
— Вось яна, тут.
— Што тут?
— Гільза. Бачыце, у канаве? Яго застрэлілі з аўтаматычнага пісталета. Выкідальнік выбіў гільзу на вуліцу, а дождж змыў яе ў канаву.
Паліцэйскі нахіліўся і падняў гільзу.
— Ваша праўда. Сорак пятага калібру.
Зноў завыла сірэна. На мокрай вуліцы засвяціліся фары, і першая паліцэйская машына, развярнуўшыся на перакрыжаванні і прашыпеўшы шынамі па вадзе, спынілася каля броўкі.
Адразу ж за ёй пад'ехала яшчэ адна машына. Потым пачуліся перарывістыя сігналы машыны «хуткай дапамогі». Пасля гэтага падзеі адбываліся вельмі хутка.
Следчы сяржант Громлі ўзначальваў нарад па расследаванні забойстваў, таму ён выслухаў даклад паліцэйскага, праверыў факты, што паведаміў Сідні Зум, і загадаў паліцэйскім збіраць адпаведную інфармацыю.
Тыя пайшлі следам за раскіданымі крывава-чырвонымі пацеркамі і прыйшлі да шматкватэрнага дома метраў за пяцьдзесят ад месца здарэння. Яны ляжалі на зямлі амаль на аднолькавай адлегласці адна ад адной, пераліваючыся агнём пад святлом ліхтарыкаў.
Раён быў у асноўным забудаваны жылымі дамамі, таму, пачуўшы выццё сірэн, да вокнаў папрыліпалі жыхары. Прагалы паміж хмарамі разышліся ў больш шырокія прасветы, адтуль на бетонны каньён вуліцы пасылалі сваё лагоднае святло зоркі.
Паліцэйскія пачалі дазнавацца, ці чуў хто-небудзь стрэл, ці заўважыў час, ці даносіўся тупат ног уцекачоў?
Сяржант Громлі інспектаваў шматкватэрны дом, да якога прывялі раскіданыя пацеркі, і пераможна ўсклікнуў, паказваючы на паштовыя скрынкі ў вестыбюлі з указальнікамі прозвішчаў жыхароў, выразанымі з іх візітных картак.
— Звярніце ўвагу на скрынку кватэры 342, — усклікнуў ён. — Кардонку з прозвішчамі адарвалі з паўгадзіны таму назад ці нешта каля гэтага. Бачыце, яшчэ свежая рыска на кардонцы, да якой быў прылеплены надпіс? Гэта кроў! Бачыце?
Ён павярнуўся тварам да вестыбюля, дзе стаяў чалавек у халаце, з цікавасцю пазіраючы на прышэльцаў.
— Дзе ўпраўляючы? — спытаў Громлі.
— Я — уладальнік дома. Упраўляемся разам з жонкай.
— Хто жыве ў кватэры 342?
Упраўляючы нахмурыў бровы і правёў рукой па ўзлахмачаных валасах.
— Дакладна не магу сказаць. Думаю, што жанчына. Пэйн, здаецца, прозвішча. Так, так — Пэйн. Ева Пэйн. А што, на паштовай скрынцы яе прозвішча няма?
— Ну, што ж, — звярнуўся Громлі да сваіх шыракаплечых памочнікаў, што тоўпіліся вакол яго. — Пайшлі.
Яны ўціснуліся ў ліфт. Сідні Зум пайшоў пешшу, побач з ім уверх па прыступках лесвіцы пабег Рып.
— Эй, вы, паслухайце, — забурчаў мужчына ў ванным халаце. — Сюды нельга з сабакам!
Але Сідні Зум не звярнуў увагі на гэтыя словы. Доўгія ногі, нібыта поршні рухавіка, дазвалялі яму праз дзве прыступкі ісці па лесвіцы.
Тым не менш, калі Зум дабраўся да патрэбнага калідора, паліцэйскія ўжо вылазілі з ліфта. Лесвіца выходзіла ў процілеглым ад ліфта канцы калідора, а патрэбная кватэра была побач з ліфтам.
Адзін з іх пагрукаў у дзверы.
Іх амаль адразу адчыніла дзяўчына ў кімано. Яна моўчкі ўтаропілася на паліцэйскіх шырока адкрытымі вачыма.
Сяржант, не цырымонячыся, адціснуў яе ўбок і зайшоў у кватэру.
— Мы хацелі б задаць вам некалькі пытанняў, — сказаў ён.
Астатнія таксама стоўпіліся ў адзіным пакоі, што днём быў гасцінай, а ноччу — спальняй. Ложак, што на дзень складаўся і мацаваўся да сцяны, цяпер стаяў прыгатаваны для сну, і, відаць, на ім ужо спалі, але рагі прасцін былі акуратна складзены. Дзяўчына, відаць, спала вельмі спакойна альбо нядоўга была ў ложку.
На ёй было кімано ярка-чырвонага колеру, што яшчэ больш падкрэслівала агонь вачэй, пунсовасць вуснаў, бляск чорных валасоў.
— Вы — Ева Пэйн? — спытаў сяржант Громлі.
— Я. Ну, вядома. А што?
— Вы ведаеце Гары Пэйна?
— Ну-у, зразумела, ведаю.
— Чаму вы сказалі «зразумела»?
— Гэта мой свёкар.
— Вы замужам за яго сынам?
— Так.
— Як завуць яго сына?
— Эдвард.
— Дзе ён?
— Ён памёр.
— Калі вы апошні раз бачылі Гары Пэйна?
Яна завагалася, выдаўшы няўлоўнымі рухамі нервовасць.
— А што? Цяжка сказаць... Думаю, што ўчора, у другой палове дня. Так, учора папалудні.
— Вы што, не вельмі ўпэўнены?
Яна апусціла вочы.
— Я крыху збянтэжана. Як растлумачыць тое, што вось вы ўсе, здаецца, дэтэктывы, прыйшлі і задаяце пытанні? Я нічога не зрабіла.
Сяржант Громлі патрос галавой з варожым і агрэсіўным выглядам.
— Ніхто вас не абвінавачвае — пакуль што.
— Што вам трэба?
— Інфармацыя.
— Аб чым?
— Аб тым, што магло быць матывам забойства Гары Пэйна.
Ад нечаканасці Ева Пэйн выцягнулася. Твар яе збялеў. Вочы адкрыліся настолькі шырока, што зрэнкі здаваліся кропкамі на суцэльным белым фоне. Лоб зморшчыўся ад жаху.
— Ён забіты? — спытала яна.
Слабы яе голас дрыжаў.
— Забіты! — рэзка адказаў сяржант Громлі.
— Я-я нічога пра гэта не ведаю.
— Паміж вамі былі варожыя адносіны?
Некаторы час яна вагалася, потым стала ў позу амаль што каралевы.
— Так, — адказала яна, — і я рада, што ён мёртвы — калі ён сапраўды мёртвы. Гэта быў не чалавек, а жывёла, прагная, вузкалобая, фанатычная, эгаістычная жывёла.
Сяржант Громлі безуважна кіўнуў галавой. Характар забітага не меў для яго ніякага значэння. Яму было ўсё роўна, наколькі гэты чалавек заслугоўваў смерці. Адзінае, што для яго мела нейкае значэнне, дык гэта тое, што закон патрабуе пакарання.
— Хто яго забіў?
— Я-я не ведаю.
— У вас ёсць рубінавыя пацеркі, штучныя рубіны альбо чырвоныя шкляныя пацеркі? Добра падумайце. Ваш адказ можа шмат што значыць для вас — і не спрабуйце хлусіць.
— А якое дачыненне да гэтага маюць чырвоныя пацеркі?
— Можа, ніякае, а можа — і прамое. У вас ёсць такія пацеркі?
Ева моцна сцяла вусны.
— Не!
— Вы ведаеце, у каго ёсць такія пацеркі?
— Не!
Такі адказ не вывеў сяржанта Громлі з раўнавагі. У яго было назапашана яшчэ шмат пытанняў, і ветэрана следчай справы нельга было збянтэжыць хлуснёй. Адзінае, што выклікала ў яго жах, дык гэта нежаданне паддопытнага гаварыць. Калі ж адказваў на пытанні, Громлі заўсёды быў упэўнены ў канчатковай перамозе.
— Дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін?
— У ложку.
Сяржант Громлі ўзняў бровы.
— У ложку?
— Так.
— З дзевяці гадзін?
— Так.
На гэты раз адказ быў рэзкі, задзірысты, быццам яна аказалася прыпёртай да сцяны нечаканым пытаннем і зараз збіралася ўпарта абараняцца.
— Калі вы леглі спачываць?
— Тады, калі я вам сказала — у дзевяць гадзін.
Сяржант з'едліва ўсміхнуўся. Ён абвёў позіркам зграбную постаць, зірнуў у надзіва прыгожы твар.
— Даволі ранавата для маладой і прывабнай удавы класціся спаць у суботні вечар, ці не так?
Твар Евы загарэўся чырванню.
— Гэта не ваша справа. Вы задалі пытанне — і я вам на яго адказала!
Усмешка сяржанта Громлі раздражняла. Сваімі манерамі ён нагадваў ката, які надзейна трымаў у кіпцюрах мыш, жадаючы яшчэ некаторы час памучыць беднае стварэнне.
— Тут хутчэй нейкае супадзенне: я выбраў для адліку дзевяць гадзін, і вы адразу ж далі адказ. Мне проста цікава, міс Пэйн, ці не надумалі вы расказаць сваю казку, каб мець алібі. Калі я спытаў, дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін — а не, скажам, апошнюю гадзіну, вы сказалі «ў ложку», таму што вы чакалі, што пытанне будзе іншае. Сказаўшы гэта раз, вы вырашылі працягваць сваю казку.
Міс Пэйн захоўвала спакойны, нават задзірысты выгляд, але плечы зарухаліся ад частага дыхання.
— Вашы разважанні занадта складаныя для майго інфантыльнага розуму. Прашу вас абмежавацца, калі ласка, неабходнымі пытаннямі.
Громлі па-ранейшаму гнуў сваю лінію.
— Так дзіўна супала, што я прадказаў дакладны час, калі вы паклаліся спаць.
Міс Пэйн паціснула плячыма.
— Гэта таксама тое, на што я не магу даць адказ.
Яна на момант перавяла позірк з сяржанта на твары навокал, што з цікавасцю сачылі за яе паводзінамі. І калі вочы Сідні Зума сустрэліся з позіркам яе ззяючых ад хвалявання вачэй, ён, як бы выпадкова, паднёс свой доўгі палец да рота і моцна прыціснуў яго да вуснаў.
Яна слізганула вачыма па яго твары, не паспеўшы ўцяміць значэння адрасаванага ёй руху. Потым яна зноў стральнула вачыма ў яго бок, і ў таропкім позірку было пытанне. Але Зум, больш не рызыкуючы быць заўважаным кім-небудзь з паліцэйскіх, які б адпаведна зразумеў яго дзеянні, паволі вадзіў рукой па шчацэ.
Міс Пэйн зноў перавяла вочы на сяржанта, але цяпер у іх была збянтэжаная няўпэўненасць.
— Вы ведаеце, якое цяпер надвор'е?
— Ідзе дождж.
— Сапраўды, міс Пэйн, проста выдатна. У дзевяць гадзін была даволі ясная пагода. Дождж пачаўся прыкладна ў дзевяць гадзін сорак пяць хвілін і ішоў не перастаючы амаль да поўначы.
Яна закусіла губу.
— І вы спалі? — працягваў сяржант.
У яе вачах заззяў пераможны агонь, калі яна кінулася ў прасвет, які ён пакінуў для яе, з запалам аматара, што кідаецца ў пастку, прыгатаваную вопытным прафесіяналам.
— Я не гаварыла, што спала.
— Ага, тады, значыць, вы не спалі?
— Так, я не спала ўвесь гэты час.
— І такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж.
— Так. Дождж застукаў у акно. Я пачула шум, устала і глянула ў акно.
— І толькі такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж?
— Так.
— І вы не выходзілі з пакоя пасля дзевяці гадзін?
— А што, падобна на тое, што я магла выйсці вось так апранутая?
— Адказвайце на пытанне. Вы выходзілі з гэтага пакоя пасля дзевяці гадзін?
Інстынктыўна яе вочы пачалі шукаць Сідні Зума.
На гэты раз ужо нельга было памыліцца ў тым, што азначае зроблены ім рух — моцна прыціснуты да вуснаў указальны палец.
— Адказвайце на пытанне, — раўнуў сяржант Громлі.
— Не, — адказала міс Пэйн. — Я не выходзіла з пакоя.
Але яе вочы, у якіх было ваганне і бездапаможнасць, умольна глядзелі на Сідні Зума.
Сяржант раптам нібыта каршун кінуўся да ложка, адкінуў канец празрыстага шаўковага пакрывала, залез пад ложак сваёй другой рукой і дастаў адтуль пару чаравікаў.
— Гэта вашы чаравікі?
Менавіта тады яна зразумела, што трапіла ў пастку, бо чаравікі былі мокрыя ад дажджу. Аб гэтым сведчылі і раптоўная паніка ў вачах, і збялелыя вусны.
Яна глянула на Сідні Зума і раптам набыла непрыступны выгляд.
— Я адказала на дастатковую колькасць вашых пытанняў, сэр. Я больш не зраблю ніякіх заяў, пакуль не змагу атрымаць парады адваката.
Громлі зымітаваў здзіўленне.
— Чаму... чаму, міс Пэйн, вам спатрэбілася сустракацца з адвакатам. Вас што, абвінавацілі ў чым-небудзь?
— Н-не...
— Тады навошта вам патрэбны адвакат? Вы чакаеце абвінавачванні супраць сябе?
Міс Пэйн удыхнула поўныя грудзі паветра, рыхтуючыся нешта сказаць, потым глянула зноў у твар Зума.
— У мяне няма чаго вам больш сказаць, — адказала яна.
Сяржант раптам перайшоў у атаку.
— У вас што, такая звычка пудрыць шчокі, маляваць вусны і рабіць прычоску ўночы? Ці вы чакалі візіту паліцыі і проста хацелі як мага лепш выглядаць?
Адразу было відаць, якой палёгкай для яе было тое, што ёй не трэба было адказваць на пытанне. Яна проста адмоўна паківала галавой, але панічны жах яшчэ больш выразна бачыўся ў яе вачах.
Сяржант Громлі звярнуўся да паліцэйскіх:
— Абшукайце пакой, хлопцы.
Сказаў ён гэта спакойна, але рэакцыя на загад была імгненная. Паліцэйскія наляцелі як вараннё. Выцягваліся шуфляды, вопытныя пальцы перабіралі там рэчы. Не застаўся без увагі і ложак — абмацалі матрац, патаўклі падушку.
Сяржант Громлі не адводзіў позірку ад поўных панічнага жаху вачэй маладой жанчыны.
— Было б лепш для будучага, каб вы расказалі ўсю праўду цяпер, — ласкава сказаў ён, спадзеючыся, што выказаная вось так, па-бацькоўску, парада растопіць лёд насцярожанасці, што скаваў яе вусны.
Гэта яму амаль удалося. Ад спачувальнага тону ўгавораў вочы Евы памакрэлі. Яна ўжо нават шавяльнула вуснамі, але потым зноў моцна сцяла іх. Вейкамі змахнула слёзы.
— У мяне няма нічога больш вам сказаць.
Адзін паліцэйскі, што корпаўся ў камодзе, звянуўся да сяржанта.
— Паглядзіце, што я знайшоў, — сказаў ён.
Ён паказаў Громлі рэшткі пацерак — дробныя чырвоныя рубіны на абрыўку ніткі.
— Дзе гэта было?
— Прыхованае. Прылепленае жвачкай за люстэркам. Вось тут, бачыце, нітка парвалася, потым абарваныя канцы завязалі і ўсё гэта прыляпілі з таго боку люстэрка.
— Паглядзім на жвачку, — буркнуў сяржант Громлі.
Паліцэйскі даў яму ў рукі камяк жвачкі. Ён ледзь падсох зверху і яшчэ нават не пачаў цвярдзець.