Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Раман


Вівьен Кэндэйс ад шчырага сэрца

Усё ў прыродзе - лірычнае па ідэальнай задуме,
трагічнае па лёсе і камічнае ў рэальным увасабленні.
Джордж Сантаяна

Частка першая
ОСТЭНДЭ

1

Памочнік капітана трымаў у руцэ апошні пасадачны білет і назіраў, як пасажыры перасякалі змрочны, мокры прычал, пераходзячы цераз безліч чыгуначных пуцей і стрэлак, абгінаючы кінутыя багажныя цялежкі. Яны цягнуліся, наставіўшы каўняры паліто і ўнурыўшы галовы ў плечы. У доўгіх спальных вагонах на століках ужо запалілі лямпы, якія свяціліся праз дажджавую заслону чарадой блакітных пацерак. Страла гіганцкага пад'ёмнага крана скранулася з месца, паплыла і апусцілася, і жалезны скрыгат лябёдкі на нейкае імгненне заглушыў шум вады - вады, якая лілася з агорнутага хмарамі неба, вады, якая білася аб прычал і плёскалася ўздоўж бартоў парома. Была палова пятай папоўдні.
- Божухна, ну і вясенні дзянёк! - уголас вымавіў памочнік капітана, імкнучыся як найхутчэй пазбавіцца непрыемных уражанняў, назапашаных за апошнія некалькі гадзін марскога падарожжа цераз Ла-Манш, - прамоклай палубы, пахаў пары і нафты, затхлага смуроду нясвежага піва ў бары, шамацення чорнага шоўку сцюардэс, што сноўдалі туды-сюды з алавянымі падносамі. Ён зірнуў уверх на сталёвыя фермы пад'ёмнага крана, на платформу і на маленькую фігурку ў сінім камбінезоне, якая круціла рулявое кола, і адчуў нязвыклую зайздрасць: там, наверсе, кранаўшчык быў аддзелены трыццаццю футамі смугі і дажджу ад памочніка капітана, ад пасажыраў, ад доўгага, залітага святлом экспрэса. «Мне няма куды дзецца ад гэтых абрыдлых фізіяномій», - падумаў памочнік капітана, згадаўшы маладога жыда ў цяжкім футры, які ўвесь час скардзіўся, што яму дасталася каюта на дваіх - не мог ужо вытрываць якіх-небудзь там дзвюх гадзін!
- Вам не туды, міс, - папярэдзіў ён апошнюю пасажырку другога класа. - Зала мытні вунь там.
Настрой у яго крыху палепшыўся, калі ён убачыў ветлівы твар юнай незнаёмай - хоць яна ні на што не скардзілася.
- Вам трэба насільшчык, міс, паднесці ваш сакваяж.
- Не, нічога, - адказала яна. - Дый не разумею я іхняй мовы. А сакваяж у мяне зусім не цяжкі. - Вусны ў яе расквітнелі ўсмешкай над узнятым каўнерыкам таннага белага плашчыка. - Вось калі б вы дапамаглі мне... капітан.
Яе нахабства пазабавіла яго.
- Калі б я быў крыху маладзейшы, вядома, вам бы не спатрэбіўся зараз ніякі насільшчык. Не разумею, куды гэта толькі глядзяць сённяшнія маладыя людзі! - ён кіўнуў галавой на маладога жыда ў чорных замшавых чаравіках, які выходзіў з мытні, а за ім цягнуліся два нагружаныя багажом насільшчыкі.
- Вам далёка?
- Да самага канца, - адказала яна, кінуўшы журботны позірк на рэйкі, на кучу багажу, на асветленыя вокны вагона-рэстарана і цёмныя абрысы экспрэса.
- У вас спальнае месца?
- Не.
- Вам трэба было абавязкова ўзяць месца ў спальным вагоне, - сказаў ён, - калі вы едзеце да канца. Тры ночы ў дарозе. Гэта не жарты. А што вы збіраецеся рабіць у Канстанцінопалі, калі не сакрэт? Выйсці замуж?
- Калі б я ведала. - Яна крыва ўсміхнулася, агорнутая сумам ростані і страхам перад невядомасцю. - Хто ведае, што мяне там чакае.
- Працаваць?
- Танцаваць. У вар'етэ.
Яна развіталася з ім і пайшла далей. Плашч падкрэсліваў яе тонкую статную постаць. Дзяўчына трымалася прама, нават тады, калі, спатыкаючыся, ішла паміж рэйкамі ўздоўж спальных вагонаў. Агеньчык святлафора змяніўся з чырвонага на зялёны, і з выхлапной трубы цягніка вырваўся тонкі струмень адпрацаванай пары. Яе твар, такі звычайны, але пікантны, яе манеры, абуральныя і адначасова сціплыя і далікатныя, - затрымаліся на момант у яго свядомасці. «Помні пра мяне, - у думках звярнуўся ён да дзяўчыны. - Праз месяц-другі мы зноў з табой сустрэнемся». Аднак ён добра разумеў, што сам ён яе не ўтрымае ў памяці, бо надта многа твараў мільгае перад ім у акенцы яго канторы, звяртаючыся з просьбамі пакінуць асобную каюту, ці размяняць грошы, ці заказаць спальнае месца, каб ён мог запомніць кожную асобу - дый нічога прыкметнага ў ёй і не было.
Калі ён падняўся на борт, палубы ўжо былі вымытыя, і паром быў падрыхтаваны да рэйсу. Настрой у яго значна палепшыўся, бо на судне ўжо нікога чужога не было. Вось так бы і заўсёды: некалькі матросаў-іншаземцаў, што балбочуць між сабой на сваёй мове, знаёмая сцюардэса, з якой прыемна прапусціць шклянку-другую піва. Ён крыху пабурчаў на матросаў па-французску, а тыя лагодна ўсміхнуліся яму ў адказ, праспяваўшы непрыстойную песеньку пра ашуканага мужа і яго няверную жонку.
- Цяжкі выдаўся рэйс, - сказаў ён па-ангельску галоўнаму сцюарду. Некалі той працаваў афіцыянтам у Лондане і ведаў ангельскую мову, а без пільнай патрэбы памочнік капітана не гаварыў па-французску. - А той жыд, ці шмат ён даў табе зверху?
- Ніколі не здагадаецеся! Цэлых шэсць франкаў!
- Яго не загайдала?
- Не. Але той стары з вусамі - ён ванітаваў увесь час. Дарэчы, аддайце мае дзесяць франкаў. Я выйграў заклад. Ён - ангелец.
- Не можа быць. У яго такі выразны акцэнт.
- Мне ўдалося зазірнуць у яго пашпарт. Рычард Джон. Школьны настаўнік.
- Дзіўна, - сказаў памочнік капітана. «Сапраўды, дзіўна», - зноў падумаў ён, неахвотна адлічваючы сцюарду дзесяць франкаў, і прыгадаў, як той стомлены сівы чалавек у плашчы адышоў ад парэнчаў парахода, калі былі ўзняты сходкі і карабельныя сірэны выдыхнулі пару ў напрамку расколіны паміж хмарамі. Ён папрасіў газету, якую-небудзь вячэрнюю газету. «Вячэрнія газеты не выходзяць так рана ў Лондане», - адказаў яму памочнік капітана. Пачуўшы адказ, той пастаяў крыху ў задуменнасці, кранаючы пальцамі кончыкі доўгіх сівых вусаў. Наліваючы шклянку піва сцюардэсе, перад тым як прагледзець каштарыс, памочнік капітана зноў падумаў пра таго школьнага настаўніка, і ў галаве ў яго стрэльнула думка, што, відаць, сутыкнуўся з чалавекам, які зазнаў шмат пакут, знясіленым, заблытаным у цёмныя справы. Гэты чалавек таксама не выказваў ніякіх скаргаў, і таму яго можна было забыць лягчэй, чым, скажам, маладога жыда, ці чараду турыстаў агенцтва Кука, ці хворую жанчыну ў ружова-зялёным адзенні, якая згубіла колца, ці таго дзівака старога, які двойчы заплаціў за спальнае месца. Дзяўчыну ён забыў з паўгадзіны таму. Якраз гэтая акалічнасць і аб'яднала яе з Рычардам Джонам. Тупат ног, пах нафты, мігценне сігнальных агеньчыкаў, заклапочаныя твары пасажыраў, звон шклянак, шэраг лічбаў, - усё гэта прымусіла іх згінуць у цемры свядомасці памочніка капітана.

Вецер сціхнуў на некалькі хвілін, і дым, які хуткімі парывамі гойсаў па прычале, паміж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на імгненне супакоіўся. Нерухомыя вялізныя шматкі дыму здаваліся Майету шэрымі намётамі качэўнікаў, калі ён ішоў па слоце. Ён забыўся на тое, што яго замшавыя чаравікі зусім сапсаваліся, што нахабны афіцэр мытні прычапіўся да дзвюх яго шаўковых піжам. Ад нахабства гэтага афіцэра, ад яго пагарды, ад здзеклівых шэптаў: «Juif, juif»*, ён хаваўся ў засені тых вялізных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нібыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць ні пра сваё дарагое футра, ні пра модны гарнітур, пашыты на Сэвіл-роўд, ні пра свае грошы, ні пра высокае становішча ў фірме. Але калі ён наблізіўся да цягніка, вецер ізноў узняўся, намёты з дыму паразвейваліся, і ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.
* Жыд, жыд (фр.).
Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купіць. Праўда, за іх не заўсёды купіш ветлівасць і далікатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такі забяспечылі. Ён першы прайшоў агляд на мытні і да прыходу астатніх пасажыраў паспеў дамовіцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць і разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым іншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай і невялікімі чаявымі. Ён мінуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялікія лямпы пад ружавата-ліловымі абажурамі блішчалі на свежых абрусах, засланых для абеду. «Остэндэ-Кёльн-Вена-Белград-Стамбул». Ён прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на іх: маршрут быў яму добра вядомы - назвы праплылі на ўзроўні яго вачэй, нагадаўшы яму шпілі мінарэтаў, купалы цэркваў ці саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасці цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.
Кандуктар, як ён і меркаваў, быў няветлівы. «Цягнік перапоўнены», - пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон - у красавіку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, і на пароме ён заўважыў толькі некалькі пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калідор вагона праціснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзі трымалі ў руках шалі, пледы і прыгожа аформленыя даведнікі, стары святар скардзіўся, што некуды засунуў і не можа знайсці «Уайд Уорлд Мэгэзін»: «Калі падярожнічаю, я заўсёды чытаю «Уайд Уорлд Мэгэзін»; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы і звыклы з усялякімі перыпетыямі падарожжа гід са значком турысцкага агенцтва. «Volia»*, - сказаў кандуктар і жэстам паказаў, што ў цягніку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесці вакол пальца - ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанія турыстаў, мяркуючы па іх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, які накіроўваецца ў Афіны. Калі Майет павялічыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся і наляпіў на дзверы купэ паперку: «Месца занятае». Уздыхнуўшы з палёгкі, Майет нарэшце застаўся адзін.
* Вось бачыце (фр.).
Міма праплывалі твары, ад якіх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не бараніла яго ад холаду і сырасці, а калі ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманілася ад яго дыхання, і неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзіў па пероне за вагонным акном: сярдзіты позірк вока, ружавата-ліловая шаўковая сукенка, каўнер святара. Толькі аднойчы ў яго з'явілася жаданне развеяць сваю адзіноту - ён працёр шыбу далоняй і ўбачыў зграбную постаць дзяўчыны ў белым плашчы, якая прайшла па калідоры да вагона другога класа. Адзін раз дзверы адчыніліся, і ў купэ заглянуў пажылы мужчына. У яго былі сівыя вусы, акуляры і пацёрты мяккі капялюш. Майет сказаў яму па-французску, што купэ занятае.
- Адно месца, - сказаў мужчына.
- Відаць, вам трэба купэ другога класа? - спытаў Майет, але мужчына адмоўна пакруціў галавой і пайшоў далей.

Містэр Оўпі выгодна ўладкаваўся ў сваім кутку і пачаў з цікаўнасцю, хоць і з некаторым расчараваннем, разглядваць невялікага бледнага мужчыну, які сядзеў насупраць. Знешне сусед быў надзвычай непрыкметны, колер яго твару выдаваў нейкую хваробу. «Нервы», - падумаў містэр Оўпі, заўважыўшы, як пацепваюцца яго пальцы, аднак у іх не было ніякіх знешніх адзнак павышанай чуллівасці - яны былі кароткія, грубаватыя і тоўстыя.
- Я заўсёды лічу, - сказаў містэр Оўпі, спрабуючы пераканацца, што яму так не пашанцавала са спадарожнікам, - калі вам удалося дастаць месца ў спальным купэ, зусім няма ніякай патрэбы ехаць у першым класе. Вагоны другога класа даволі камфартабельныя.
- Так... вы маеце рацыю... так, - жыва адгукнуўся сусед. - Аднак адкуль вы даведаліся, што я ангелец?
- У мяне такі звычай, - адказаў містэр Оўпі з усмешкай, - заўсёды думаць пра людзей лепшае.
- Вядома, - сказаў бледны мужчына, - вы як святар...
Звонку пачуліся галасы хлапчукоў-газетчыкаў, і містэр Оўпі высунуўся з акна.
- «Lе Теmрs dе Lоndrеs». Qu'еst quе с'еst que (a? Rіеn du tout? «Lе Маtin» et un «Dаіlу Маіl». С'еst bоn. Меrсі*.
* Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй (фр.).
Яго французская мова здавалася іншым перапоўненай фразамі з школьных падручнікаў - вымаўляў ён іх з яўнай асалодай, аднак не зусім правільна.
- Соmbіеn est сеlа? Тrоіs frаnсе. Оh lа-lа*.
* Колькі каштуе? Тры франкі. Ну і ну! (фр.).
- Можа, вам патрэбна мая дапамога? - прапанаваў ён чалавеку з бледным тварам. - Якую газету вы хочаце? Пэўна, «Lа Vіе»*.
* «Жыццё» (фр.).
- Не, не трэба мне ніякай газеты, дзякуй. У мяне ёсць кніга.
Містэр Оўпі глянуў на гадзіннік.
- У нас засталося яшчэ тры хвіліны.

Некалькі хвілін дзяўчына баялася, што ён распачне гаворку ці, пэўна, гэтая высокая хударлявая жанчына, яго жонка. Крышку памаўчаць - вось чаго ёй зараз хацелася болей за ўсё на свеце. «Калі б я магла дазволіць сабе спальны вагон, - разважала яна, - цікава, ці была б я там у купэ адна?» У цёмным купэ запалілі лямпачкі, і мажны мужчына зазначыў:
- Ну, цяпер ужо хутка паедзем.
Паветра ў купэ было напоўнена пылам і вільгаццю. Мігаценне святла звонку нагадала ёй на імгненне штосьці знаёмае і звыклае: электрычныя агні рэкламы, што загараліся і змяняліся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мітусня натоўпу на пероне, беганіна хлапчукоў-газетчыкаў і і насільшчыкаў нагадалі ёй «гусіны кірмаш», і яна засяродзілася на ўспаміне пра рынак, намагаючыся ўзнавіць яго цагляныя будынкі, драўляныя лаўкі ў дэталях, каб ён стаў такім самым рэальным, як і сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань і зменлівыя агні святлафораў. З утульнага свету фантазіі ў рэчаіснасць яе вярнуў мужчына, які загаварыў з ёй, і дзяўчына мусіла надзець на сябе маску зычлівасці і весялосці.
- Ну, міс, у нас наперадзе доўгае падарожжа разам. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Пітэрс, а гэта мая жонка Эймі.
- Мяне завуць Корал Маскер.
- Купі мне сандвіч, - папрасіла хударлявая жанчына. - Я такая галодная, што чую, як мае кішкі граюць марш.
- Можа, вы гэта зробіце, міс? Я не ведаю французскай мовы.
«Чаму вы думаеце, што я яе ведаю? - яна амаль не крыкнула яму ў адказ. - Я ніколі не была за межамі Ангельшчыны». Але яна прызвычаілася заўсёды браць на сябе адказнасць, калі б і ў якой бы форме яна на яе ні звальвалася, таму яна не выказала ўголас ніякага пратэсту, адчыніла дзверы і пабегла б па слізкай цёмнай дарозе паміж рэйкамі, шукаючы таго, чаго ён хацеў, калі б не глянула на гадзіннік.
- Не паспею, - сказала яна. - Да адыходу цягніка засталася толькі адна хвіліна.
Вяртаючыся назад у купэ, яна азірнулася і ўбачыла ў канцы калідора твар і постаць чалавека, - у яе перахапіла дых ад страснага жадання кінуцца да яго: яна нагадала апошні мазок пудрай па носе, сказанае спехам «дабранач» швейцару - і хутчэй на двор, у зіхатлівую цемру, дзе яе чакаў малады жыд, каробка шакаладу, аўтамабіль за рагом вуліцы, хуткая язда і таемная небяспечная блізкасць цел. Аднак гэта быў не той, каго яна ведала, і ў думках яна зноў вярнулася да тых непажаданых, жахлівых прыгод у варожым свеце, дзе ніякая старанна ўзважаная ласка не зможа абараніць ад непазбежнай цемры нязведанага. Нацыянальнасць мужчыны, рэзкія характэрныя рысы яго твару і футра ўвялі яе ў зман.

«Адыход затрымліваецца», - падумаў Майет, выходзячы ў калідор. Ён намацаў у кішэні камізэлькі скрыначку разынак. Яна была падзелена на чатыры секцыі, і яго пальцы наўздагад выбралі адну разыначку. Паклаўшы ягаду ў рот, ён ацаніў яе на смак. Якасць яе была не лепшая. Гэта прадукцыя «Стэйн і компані». У іх ягады з цягам часу робяцца дробнымі і сухімі. У іх разынкі дробныя і сухія.
У канцы калідора нейкая дзяўчына ў белым плашчы павярнулася і ўважліва зірнула на яго. «Неблагая фігурка, - падумаў ён. - Недзе, здаецца, яе бачыў». Ён узяў яшчэ адну разынку і, не гледзячы, сунуў яе ў рот. На гэты раз трапіла ягада яго асабістай фірмы. «Майет, Майет і Пейдж». Трымаючы ягаду пад языком, ён на імгненне пачуваў сябе ўладаром свету, вяршыцелем лёсу. «Вось гэта - мая, і яна - выдатная», - зазначыў ён. Уздоўж калідора бразнулі дзверы купэ, прагучаў гудок паравоза.

Рычард Джон, насунуўшы плашч па самыя вушы, глянуў на перон з акна калідора і ўбачыў, як будынкі вакзала пачалі рухацца назад, у напрамку павольных хваляў мора. «Гэта - канец, - падумаў ён, - ці, хутчэй, пачатак». Твары людзей за акном вагона паплылі назад. Мужчына з кіркай на плячах узмахнуў чырвоным ліхтаром. Дым паравоза ахутаў яго і закрыў святло ліхтара. Тармазы заскрыгаталі, клубы дыму развеяліся, і сонца палыхнула па рэйках, па акне і па вачах. «Хоць бы мне хутчэй заснуць, - падумаў ён з вялікай тугой, - я б здолеў тады помніць лепей усё тое, пра што мне неабходна помніць».

Дзверцы паравознай топкі прыадчыніліся, і адтуль на імгненне шуганула полымя, дыхнула спякота. Машыніст даў поўную пару, і пляцоўка пад яго нагамі здрыганулася ад цяжару вагонаў. Неўзабаве рухавік паравоза пачаў працаваць плаўна і раўнамерна. Апошнія промні сонца заблішчалі, калі цягнік ішоў уздоўж марскога берага цераз Бругэ. Рэгулятар быў перакрыты, хапала маленькай пары. Сонечны захад асвятліў высокія крутыя ўцёсы, марскія залівы, вада якіх адлівала зменлівым святлом. Недзе там, непадалёк, нібыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад - на які шмат дзівіліся, пра які шмат гаварылі, у якім здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзе-нідзе аднастайнасць пейзажу парушалі непрыкметныя вёсачкі, хаты якіх выходзілі фасадамі на дарогу і былі аздоблены каляровай чарапіцай, аднак фарбы яе былі прыглушаны прыцемкамі. З паравоза выляталі іскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалі і тлелі ўскрай чыгункі, апускаліся на дрэвы, кусты, капуснікі на агародах і ператвараліся ў попел. Дзяўчына на кані праводзіла вачыма цягнік і ўсміхнулася, а на беразе ракі, побач з вудай, ляжалі ў абдымках мужчына і жанчына. Потым за вокнамі вагонаў зрабілася зусім цёмна, і пасажыры маглі бачыць у шыбах вокнаў толькі цьмянае адлюстраванне сваіх абліччаў.
- Рrеmіеr Sеrvісе, Рrеmіеt Sеrvісе*, - рэхам пракаціўся голас па калідоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне-рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столік і ўцягнуў яго ў ветлівую размову, якая, зусім магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прыніжэннем яго годнасці. Канстанцінопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, набліжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталі за вокнамі экспрэса. Калі падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца - Майета будзе чакаць аўтамабіль, потым - мільгаценне мінарэтаў, брудная лесвіца і, нарэшце, містэр Экман, які падымаецца з крэсла пісьмовага стала. Мудрагелістая казуістыка, лічбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калідоры, ён павінен абдумаць кожнае слова, прарэпеціраваць кожную інтанацыю. Лепей яму мець справы з ангельцамі ці туркамі, а містэр Экман і недзе там, за кулісамі, загадкавы Стэйн - яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседніка трымаюць цыгару.
* Першая змена, першая змена (фр.).
У праходзе паявіліся афіцыянты - яны разносілі суп. Майет ізноў сунуў руку ў кішэню і надкусіў разынку - на гэты раз Стэйна, дробненькую і сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая і непазбежная вайна паміж колькасцю і якасцю вялася ў яго свядомасці і не прыводзіла ні да якога пэўнага выніку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзіўся ў сваім лонданскім кабінеце, дзе сустракаўся толькі з прадстаўнікамі Стэйна і чуў голас Стэйна толькі па міжгароднім тэлефоне, хутчэй прывід яго голасу, з інтанацый якога ён не мог дакладна высветліць яго сапраўднае становішча, - Стэйн быў на вяршыні недасягальных скал. Але ж якіх скал? Усярэдзіне акіяна ці каля ўзбярэжжа? Ці пацярпеў ён поўны крах, ці проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калі б прадстаўніка фірмы «Майет, Майет і Пейдж» у Канстанцінопалі, бясцэннага містэра Экмана, не падазравалі ў тайных зносінах з Стэйнам - ён балансаваў на грані закона.
Майет апусціў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былі даспадобы стравы тлустыя, з рознымі спецыямі, вострыя і спажыўныя. За вокнамі ў цемрадзі нічога не было відаць, толькі зрэдку мільгалі агеньчыкі невялікіх станцый ці палыхаў рэзкім святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькі цьмянае адлюстраванне свайго твару і рук, якое, нібыта дзівосная рыба, плавала ў зіхатлівай і вадзе і багавінні. Яго крыху бянтэжылі гэтыя прывіды, і ён збіраўся ўжо апусціць фіранку, калі заўважыў за адбіткам свайго твару аблічча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, які нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру і трываласці тканіна, усё яшчэ захоўвала адбітак элегантнасці, уласцівай старамодным гарнітурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокі накрухмалены каўнер, зашпілены на ўсе гузікі пінжак. Мужчына цярпліва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволіў сабе трошкі адпачыць ад мудрагелістых хітрыкаў Стэйна і містэра Экмана, аднак перш чым афіцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На імгненне яго твар знік, калі агні станцыі ператварылі сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якія быў бачны натоўп правінцыялаў з дзецьмі, скрынкамі і скруткамі, якія чакалі прыходу мясцовага цягніка. З вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, які апусціўся ў сон, узнік ізноў.
Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае - «Шамбертэн 1923 года», каб запіць цяляціну, хоць і разумеў, што купляць добрае віно ў цягніку - марная трата грошай, бо ніякі букет не вытрымліваў бесперапыннай трасяніны. Па ўсім вагоне быў чуцен жаласлівы звон і бразганне шкла, калі экспрэс на поўнай хуткасці імчаў у Кёльн. Смакуючы першы келіх віна, Майет ізноў вярнуўся ў думках да Стэйна - поўны безнадзейнага адчаю ці мудрагелістых хітрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцінопалі. Ён зможа прадаць усе свае акцыі за неблагую цану - Майет у гэтым быў упэўнены, - аднак пайшлі чуткі, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзін пакупнік. Якраз тут і ўзнікла падазрэнне, што містэр Экман вядзе двайную гульню, імкнучыся ўзняць цану насуперак інтарэсам сваёй фірмы - за гэта, як меркавалі, Стайн абяцаў яму выплаціць пятнаццаць працэнтаў камісійных. Містэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыі і за перадачу правоў на фірму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам і пад час размовы, нібыта выпадкова, згадаў прозвішча Стэйна. Моўлт не жыд, у яго няма тонкасці, ён не знае навукі выкрутасаў і хітрыкаў: калі ён захоча зманіць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамі - яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калі ён меў справу з ангельцамі, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседніка цыгарай - калі чалавек гаварыў няпраўду, то, які б хуткі ні быў адказ, рука яго заўсёды на імгненне затрымаецца. Майет добра запомніў, што сказаў пра яго некалі Джэнтыль: «Мне не падабаецца гэты жыд. Ён ніколі не глядзіць табе ў вочы». «Вы, дурні, - радаваўся ён сам сабе, - у мяне на вас назапашаны яшчэ не такія трукі». Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн ці містэр Экман.
Ён наліў сабе яшчэ келіх віна. «Дзіўна, - падумаў ён, - што якраз я, падарожнічаючы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, адпачываю, а не містэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень - ён зараз зачыняе пісьмовы стол, бярэ з вешалкі брыль, спускаедца па лесвіцы, звыкла пакусваючы вострымі зубамі кончык тэлеграмы, атрыманай ад фірмы: «Містэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганізуйце сустрэчу Стэйнам». У цягніку, як бы хутка ён ні імчаў, пасажыры мусяць адпачываць, паміж шклянымі сценамі дарэмна марна траціць эмоцыі, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б'е зараз Экмана і Стэйна з усіх бакоў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзі перабіваюць плынь іх думак размовамі, жанчыны наладжваюць абеды і вечарынкі. Але ў імклівым экспрэсе, які грукоча і бразгае, шум такі роўны, упарадкаваны, што ён эквівалентны цішыні, рух такі працяглы і бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькі за вокнамі цягніка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнік забяспечвае яму спакойны роздум над планамі на гэтыя тры дні, а ў канцы гэтага тэрміну яму будзе зусім ясна, як павоцзіць сябе са Стэйнам і з містэрам Экманам.
Пакончыўшы з марожаным і дэсертам, аплаціўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запаліць цыгару, і апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён ізноў убачыў, як той засынае паміж першай і другой стравамі - паміж недаедзенай цяляцінай аu Таlleyrаnd* і пудзінгам з марожаным, які толькі што падалі яму на стол, - хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сілы.
* Па-талейранску (фр.).
Пад пільным позіркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
- Ну, што тут такое? - спытаў ён.
Майет мусіў быў папрасіць прабачэння:
- У мяне не было намеру вас будзіць.
Мужчына падазрона паглядзеў на яго, і штосьці ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасці, штосьці ў яго старанна прыбраным гарнітуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ён успомніў пра іх нядаўнюю сустрэчу:
- Спадзяюся, вы знайшлі сваё купэ?
- Знайшоў.
- Здаецца мне, вы абралі не лепшае месца на адпачынак, - вырвалася ў Майета. - У мяне ў сакваяжы ёсць аспірын. Магу даць вам некалькі таблетак.
Мужчына рэзка абарваў яго:
- У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
Па прывычцы Майет уважліва глянуў на яго рукі, тонкія, з выступаючымі костачкамі. Ён ізноў папрасіў прабачэння, з падкрэсленай прыніжанасцю схіліўшы перад ім галаву:
- Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабіць вам?
- Не. Нічога мне не трэба. Нічога.
Але калі Майет адышоў, мужчына азірнуўся і аклікнуў яго:
- Час. Каторая зараз гадзіна дакладна?
Майет адказаў:
- Восем сорак. Не, сорак дзве хвіліны.
І ён убачыў, як пальцы мужчыны дакладна да хвіліны паставілі стрэлкі гадзінніка.
Калі ён набліжаўся да свайго купэ, цягнік запаволіў рух. Вялізныя доменныя печы Льежа ўздымаліся ўздоўж чыгункі нібыта старажытныя замкі, агорнутыя полымем пад час варожага набегу. Цягнік гайдануўся, і стрэлкі чыгункі бразнулі. Абапал узняліся сталёвыя фермы моста, а далёка ўнізе па дыяганалі бегла некуды ў цемру пустая вуліца, над уваходам у кавярню зіхацела лямпачка, рэйкі разбегліся ў розныя бакі, і да экспрэса, вывяргаючы гудзенне і пару, наблізіліся манеўраныя паравозы. Святлафорныя агні загарэліся зялёным абапал экспрэса, і арка вакзальнага даху ўзнялася над вагонам Майета. Пачуліся выкрыкі хлапчукоў-газетчыкаў, а на платформе стаялі ў шарэнзе паважаныя, сталыя мужчыны ў чорных суконных паліто і жанчыны пад чорнымі вуалямі. Не выказваючы цікаўнасці, падобныя да натоўпу прыстойных незнаёмых на пахаванні, яны сачылі, як прамільгалі перад імі вагоны першага класа: «Остэндэ - Кёльн - Вена - Белград - Стамбул» - і прычапны вагон да Афінаў. Потым, з клумкамі, сумкамі і дзецьмі, яны ўскараскаліся ў апошнія вагоны, якія ішлі, відаць, да Папіньера ці Вервье - міль пятнаццаць далей па чыгунцы.
Майет пачуваў сябе стомленым. Напярэдадні яму давялося да гадзіны ночы абмяркоўваць з бацькам, Джэйкабам Майетам, справы Стэйна, і, калі ён убачыў, як трасецца ў бацькі сівая барада, ён зразумеў, як ніколі раней, што кіраўніцтва фірмай выпадае з аздобленых пярсцёнкамі старэчых пальцаў, якім цяжка было трымаць нават шклянку з цёплым малаком. «Пенку ніколі не здымуць», - паскардзіўся Джэйкаб Майет, дазваляючы сыну лыжкай зняць пенку з малака. Цяпер ён шмат чаго дазваляў рабіць сыну, не звяртаючы ніякай увагі на Пейджа - пасада дырэктара была проста ўзнагародай за яго дваццацігадовую службу старшым клеркам у фірме. «Майет, Майет і Пейдж» - гэта я», - думаў Майет, не адчуваючы ніякага хвалявання ад вялікай адказнасці, якая легла на яго плечы: ён быў старэйшы сын, і згодна закону прыроды бацька мусіў быў перадаць уладу яму.
Учора ўвечары паміж імі ўзніклі спрэчкі наконт Экмана. Джэйкаб Майет быў упэўнены, што Стэйн ашукаў Экмана, а яго сын лічыў, што іх агент быў у змове са Стэйнам. «Вы ўбачыце самі», - гаварыў ён, перакананы ў сваёй праніклівасці, але Джэйкаб Майет увесь час паўтараў: «Экман разумны. Нам трэба мець там разумнага чалавека».
Майет ведаў, што не варта ўладкоўвацца спаць да граніцы ў Герберштале. Ён дастаў разлікі, прапанаваныя Экманам як аснова перагавораў са Стэйнам: велічыня асноўнага капіталу аднаго ўладальніка, кошт перадачы права на фірму, сума, якую, паводле яго меркаванняў, прапанаваў Стэйну другі пакупнік. Праўда, Экман у сваім шматслоўным паведамленні не назваў прозвішча Моўлта, ён толькі намякнуў на яго, каб пакінуць сабе магчымасць потым адмовіцца ад гэтага. Моўлты да гэтага часу ніколі не цікавіліся разынкамі, толькі раз яны нядоўга пайгралі на рынку фінікаў. Майет думаў: «Я не магу даверыцца гэтым лічбам. Справа Стэйна нам вельмі каштоўная, нават калі б мы патапілі ў Басфоры ўсе яго акцыі: нам важна заваяваць манаполію, а іншым фірмам гэта было б набыццём стратнай справы, якая збанкрутавала ў канкурэнтнай барацьбе з намі».
Лічбы нібыта ў тумане паплылі ў яго перад вачыма, яго хіліла на сон. Адзінкі, сямёркі, дзесяткі ператварыліся ў дробныя вострыя зубы Экмана. Шасцёркі, пяцёркі, тройкі, нібыта ў фантастычным фільме, ператварыліся ў чорныя бліскучыя вочы Экмана. Камісійныя аддзякі ў выглядзе каляровых паветраных шарыкаў лёталі ўздоўж вагона, памеры іх усё павялічваліся, і Майет шукаў шпільку, каб пракалоць іх адзін за адным. Ён поўнасцю прачнуўся ад тупату ног - нехта хадзіў туды-сюды на калідоры. «Бедалага», - падумаў ён, убачыўшы, як карычневы плашч і сашчэпленыя за спіной рукі зніклі за акном.
Аднак у яго не было літасці да Экмана, у думках ён ішоў следам за ім з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зіхатлівы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залітую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкі, штонікі, каптурыкі і вяжа шкарпэткі англіканскай місіі: Экман - узорны хрысціянін.
Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалі цеплыню. Быў страшэнны холад, красавіцкая ноч нагадвала старамодную калядную віншавальную паштоўку, якая зіхаціць інеем. Майет зняў з кручка футру і выйшаў на калідор. Цягнік стаіць у Кёльне амаль сорак пяць хвілін - даволі часу, каб выпіць кубачак гарачай кавы ці келіх каньяку. А пакуль што ён можа, як і чалавек у плашчы, пагуляць па калідоры.
Пакуль знешні свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калідоры з ім будуць нябачныя прывіды Экмана і Стэйна. «У Экмана, - думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнік, - да ўнітаза ланцужком прыкавана Біблія». Так, прынамсі, яму казалі. «Вялікая, пашарпаная і па-сапраўднаму сямейная кніга сярод срэбных з пазалотай кранаў і затычак, і гэтая Біблія сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар - добры хрысціянін. Не трэба было рабіць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькі яго жонцы спытаць: «Можа, вы хочаце памыць рукі, дарагая?» - ці яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нічога не ведаў.

- Вельмі шкада, што вы не выходзіце ў Будзе, калі вы так цікавіцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзінаццаць ігракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, - гаварыў чалавек, ківаючы галавой і махаючы рукамі, з тварам бледным і невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялікага, падобнага на пацука мужчыны, які, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых інтанацый, бо гучаў на калідоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калі Майет праходзіў міма. Гэта быў той самы прывід голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, які гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы міль, пра той голас, які выказваў надзею, што калі-небудзь будзе мець гонар прымаць містэра Карлтана Майета ў Канстанцінопалі, пра той самы голас - прыемны, гасцінны і невыразны.
Ён ішоў міма купэ з сядзячымі месцамі ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камізэлькі, ляжалі на лавах, шчокі ў іх абраслі шчэццю. Жанчыны з лінялымі валасамі, пакрытымі вязанымі сеткамі, такімі самымі, як вязаныя з саломы карзіны на паліцах, раскінуліся ў нязграбных позах: поўныя грудзі і вузкія клубы, шырокія клубы і худыя грудзі - усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на імгненне і жаласна паскардзілася: «Піва, якім ты мяне пачаставаў, было проста жахлівае. Страўнік у мяне буркоча - ладу няма як». Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымі ў сне вачамі, кідаючы зрэдку позірк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з ім. Адной рукой ён паціраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволіў крок і запаліў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць і твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкія рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос і вушы надавалі ёй асаблівую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вітрыну вясковай крамы на Каляды, поўную бліскучай мішуры і немудрагелістых квяцістых сувеніраў. Майет успомніў, як яна ўважліва глядзела на яго з другога канца калідора, і яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позірку не было ніякай варожасці - яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купіць толькі ў самых дарагіх крамах.
Мужчына, які сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку і пачаў вельмі асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася і расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: «Надта холадна», - і зразумеў па яе знешне ветлівым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькі што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы і ўбачыла, што Майет назірае за ёй. Дзяўчына была тактоўная і цярплівая, але, на думку Майета, ёй не ставала хітрасці. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасці і параўноўвае яго са сваім спадарожнікам, як бы прыкідваючы, з кім бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, - гэта прачытаў у яе на твары. І яго прывялі ў захапленне яе смеласць, кемлівасць і рашучасць.
- Бадай што, пайду папалю цыгарэту, - сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.
- Запалку?
- Дзякуй.
І адышоўшы крыху далей, каб іх не было чутно з яе купэ, яны пачалі ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымі гукамі.
- Мне не падабаецца ваш сусед.
- Выбіраць не даводзілася. Не такі ўжо ён і благі. Яго завуць Пітэрс.
Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:
- А мяне - Майет.
- Смешнае прозвішча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.
- Танцуеце?
- Так. У вар'етэ.
- Амерыканка?
- Не. Чаму вы так падумалі?
- Па вашым вымаўленні. Адчуваецца амерыканскі акцэнт. Бывалі там калі-небудзь?
- Ці бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень і два ранішнікі. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Біч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калі не гаворыш па-амерыканску, няма ніякіх шанцаў удзельнічаць у ангельскай музычнай камедыі.
- Вы - разумная дзяўчына, - сказаў Майет сур'ёзна, кінуўшы думкі пра Экмана і Стэйна.
- Давайце паходзім, - прапанавала дзяўчына, - мне холадна.
- Вам не спіцца?
- Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнік увесь час лапае мае ногі.
- Чаму вы не дадзіце яму аплявуху?
- Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалі? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.
- Вы туды едзеце?
- Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.
- Я гэтаксама. Па справах.
- Ну, ніхто з нас не падарожнічае дзеля забавы, праўда? - сказала яна, крыху спахмурнеўшы. - Я звярнула на вас увагу, калі цягнік адыходзіў. Мне здалося, што я вас некалі ведала.
- Хіба мы з вамі сустракаліся? А як звалі вашага знаёмага?
- Адкуль я ведаю? Я не запамінаю прозвішчаў выпадковых знаёмых. На пошце іх ведаюць пад другім прозвішчам.
Майет адчуў спакойную ўпартасць і рашучасць у тым, як яна з маўклівай пакорлівасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыціснулася да акна тварам, злёгку пасінелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, які зайздросна разглядвае розныя цікавыя рэчы ў краме: сцізорыкі з мноствам лёзаў, цацкі з сакрэтамі, бомбы, якія ўзрываюцца смуродам, булачкі, якія пішчаць, - але перад яе вачыма была толькі цемра і адлюстраванне іх твараў.
- Як вы лічыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? - спытала яна, нібыта думала, што мы набліжаемся да краін з трапічным кліматам.
- Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь істотную розніцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцінопалі ў красавіку ішоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завіхрэнні вакол рагоў вуліц. А ўвесь гэты горад - адны вуглы.
- Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзіцца выходзіць амаль голай - спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпіць чаго-небудзь гарачага! - Яна крыху прысела і прыціснулася збялелым тварам да акна. - Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку «кава»?
Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона і зачыніў адзінае адчыненае акно ў калідоры.
- Што з вамі? Вам дрэнна?
Яна адказала павольна, вочы ў яе былі прыплюшчаныя:
- Зараз лепей. Вы зачынілі акно, і стала душна. Але зараз мне зусім добра. Дакраніцеся да мяне. - Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, і яго ўразіла, якая яна гарачая.
- Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду і прынясу вам каньяку. Вы захварэлі.
- Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер ізноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.
- Вазьміце маё футра, - неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волі прапанову словамі накшталт «часова» ці «пакуль не сагрэецеся», як яна асунулася на падлогу.
Ён узяў яе рукі і пачаў расціраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. І раптоўна адчуў пільную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, ці чакаць яе на ярка асветленай вуліцы каля тэатральнага пад'езда, - там яна была б яму толькі цацка ў любоўнай гульні, але тут, у калідоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай і хворай, пакутлівы жаль. Яна не скардзілася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае ліха. І раптоўна ён зразумеў, з якой безлічы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокі - ён і раней заўважыў, што незнаёмы хадзіў туды-сюды па калідоры міма свайго купэ, - і пайшоў яму насустрач.
- Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.
Незнаёмы спыніўся і спытаў абыякава:
- Дзе яна?
Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.
- Яна сапраўды вельмі хворая, - настойліва папярэдзіў ён.
- Добра, я зараз пагляджу яе.
Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калі ён схіліўся над дзяўчынай. Ён абыходзіўся з ёй мякка, асцярожна - гэта была безаблічная мяккасць, уласцівая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекі. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасці ўсё пераблыталася. Ёй здавалася, што гэта яна схілілася над незнаёмым з доўгімі, няроўна падстрыжанымі вусамі. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калі яна злавіла яго мяккі погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: «ён, відаць, хворы» - і на імгненне забылася на тое, як дзіўна падаюць цені, нібыта лямпачка знаходзіцца на падлозе.
- Хто вы? - спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомніць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. «Ніколі не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога», - падумала яна.
- Доктар.
Корал разгублена глянула на яго і тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калідоры, а незнаёмы схіліўся над ёю.
- Я самлела? Мне было так холадна.
Яна ясна адчула, як павольна і цяжка рухаецца цягнік. Праз вокны промні святла слізгалі па твары доктара і асвятлялі за ім маладога жыда. «Майет. Мяў». І задаволеная, раптам усміхнулася сабе. Здавалася, што на імгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнік здрыгануўся і спыніўся, і Майета адкінула ўбок, да сценкі. Доктар не рушыў з месца - яго толькі пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, і сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымліваючы свае пачуцці, але яна разумела, што яго пачуцці не датычацца яе, і ён да яе ставіцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымі словамі: «Калі б у мяне былі нават такія ножкі, як у Містангет, ён і на іх не звярнуў бы аніякай увагі».
- Што са мною? - спытала яна, але гучныя галасы, якія даносіліся з платформы, і тупат людзей у блакітнай форме не дазволілі ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошніх слоў: «...гэта быў проста мой чалавечы і ўрачэбны абавязак».
- Падрыхтуйце пашпарты і багаж, - загадаў голас з акцэнтам.
Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:
- Я дагледжу вашы рэчы.
Яна аддала сваю сумачку і з дапамогай доктара села на адкідное месца каля сценкі.
- Ваш пашпарт?
Доктар адказаў павольна, падбіраючы словы, і яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.
- Мой багаж у першым класе. Я не магу пакінуць гэту даму. Я доктар.
- У вас ангельскі пашпарт?
- Так.
- Добра.
Да іх падышоў яшчэ адзін мытнік:
- Багаж?
- Прад'яўляць мытні няма чаго.
Мытнік пайшоў далей. Корал Маскер усміхнулася:
- Гэта і ёсць граніца? Ну, у такім разе тут можна правезці кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусім не правяраюць.
- Усё, што хочаш, - сказаў доктар, - але толькі з ангельскім пашпартам.
Ён сачыў за мытнікам, пакуль той не знік, і не вымавіў болей ні слова, пакуль не вярнуўся Майет.
- Бадай што, зараз я магу пайсці ў сваё купэ, - сказала яна.
- Вы ў спальным вагоне?
- Не.
- Вам выходзіць у Кёльне?
- Я еду да канца.
Ён параіў ёй тое самае, што і памочнік капітана:
- Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.
Марнасць гэтай парады ўзлавала яе і прымусіла на хвілінку забыцца на павагу да яго ўзросту і на ўдзячнасць за тое, што ён зрабіў для яе.
- Хіба ж я магу дазволіць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.
Ён глянуў на яе вачыма, поўнымі маўклівага спачування.
- Вядома ж, такіх грошай у вас няма.
- Што мне рабіць? Я хворая?
- Хіба я магу даваць вам парады? Калі б у вас былі грошы, я мусіў бы сказаць вам: вазьміце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцілі прытомнасць, бо вельмі стаміліся і замерзлі. Вядома, я ўсё гэта магу вам параіць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае сэрца. Шмат гадоў вы яго перанапружвалі.
Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:
- Дык што ж мне рабіць?
Яму засталося толькі бездапаможна развесці рукамі:
- Нічога. Жывіце, як жылі. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.
Прагучаў свісток, і цягнік, уздрыгнуўшы, пачаў рухацца. Лямпы станцыі паплылі міма і зніклі ў цемры. Перад тым як пайсці, доктар звярнуўся да яе:
- Калі я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцім вагоне. Маё прозвішча Джон. Доктар Джон.
- А мяне завуць Корал Маскер, - з нясмелай ветласцю сказала яна.
Ён злёгку схіліў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, і пайшоў прэч. У яе ў памяці засталіся яго вочы, якія ўжо былі затуманеныя адчужанасцю, нібыта асеннім дажджом. Ніколі раней ёй не даводзілася сутыкацца з тым, што пра яе так хутка забываліся. «Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць», - праспявала яна ціхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.
Але не паспеў доктар адысці некалькі крокаў ад яе, як нехта яго спыніў. Гэта быў невысокі бледны чалавечак, які пракраўся ціха і асцярожна, трымаючыся за парэнчы калідора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:
- Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? - ён быў на цэлы фут ніжэйшы за доктара, і яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закінуўшы галаву, ён пільна ўглядаецца ў твар субяседніку. - Не думайце, што гэта простая цікаўнасць, - гаварыў ён, ухапіўшы доктара за рукаў. - Святар у маім купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсці і ўсё высветліць, - горача дадаў ён.
Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калідоры вагона, замест таго каб сядзець у кампаніі іншых пасажыраў у сваім купэ. Цяпер жа, насуперак яго волі, ён апынуўся ў цэнтры ўвагі: дакучлівыя пытанні і просьбы назалялі яму, як калючкі дзядоўніку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накінецца на гэтага назойлівага тыпа з пракляццямі і той, зганьбаваны, ні з чым вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветліва і далікатна, і гэта яе ўразіла.
- Вы сказалі - каталіцкі святар?
- Не, не, - пачаў апраўдвацца чалавечак. - Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такі здарылася? Нехта памірае?
Доктар Джон, відаць, зразумеў, што апошнія словы напалохалі Корал, і крыкнуў ёй з канца калідора, каб яна не звяртала на іх увагі, а потым вырваўся з рук незнаёмага, які затрымліваў яго. Маленькі чалавечак на нейкі момант заставаўся шчаслівым гаспадаром становішча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны і запытаўся ў яе:
- Што тут здарылася?
Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, які зычліва паставіўся да яе:
- Я ж не такая ўжо хворая, праўда?
- Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта яго акцэнт, - працягваў незнаёмы. - Адразу відаць, што ён чужынец, хоць і назваў сябе нейкім ангельскім прозвішчам. Бадай што, пайду і пагавару з ім.
Розум у яе зусім праясніўся з таго моманту, калі яна прыйшла да памяці: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахілілася над ім, і яму патрэбная была нібыта яе спагада і клопат, - крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.
- Не трэба яго турбаваць, - папрасіла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, і ён не пачуў яе просьбы.
- Як вы думаеце? - спытаў Майет. - Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямніца?
- У кожнага з нас ёсць свае асабістыя тайны.
- Магчыма, ён хаваецца ад паліцыі?
- Ён добры, - сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлівасці гэтага сцвярджэння.
Майет пагадзіўся з ёю - гэта дазволіла ім болей не думаць пра доктара.
- Вам трэба легчы, - сказаў ён, - і пастарацца заснуць.
Яна адказала няпэўна:
- Я не змагу заснуць, калі побач тая жанчына з яе страўнікам.
Ён адразу прыгадаў містэра Пітэрса, які сядзіць у сваім кутку і чакае, калі яна вернецца, каб узнавіць на дармаўшчыну бязвіннае задавольванне плоцкіх пажадаў, якое не выклікае ніякіх непрыемнасцей. І Майет прапанаваў:
- Вы павінны пайсці ў маё спальнае купэ.
- Як? У вагоне першага класа?
Тое, што яна не паверыла яму, хоць і вельмі хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабіць шырокі жэст у духу ўсходніх багацеяў - паднесці дарагі падарунак, не чакаючы і не патрабуючы нічога ўзамен. Скнарлівасць - традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасці, аднак ён пераканае адну з хрысціянак у тым, што гэта зусім не так. Сорак гадоў жыцця ў пустыні, далёка ад урадлівых земляў Егіпта, выпрацавалі ў яго продкаў суровую звычку - абыходзіцца некалькімі фінікамі і глытком вады. Дый і тысячагоддзі, праведзеныя ў пустэчы хрысціянскага свету, дзе даводзілася дзеля бяспекі хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасці. Аднак свет змяніўся, пустыня расквітнела, у розных месцах свету, асабліва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявіць іншыя якасці характару, раней уласцівыя толькі арабам, - якасці па-царску шчодрага гаспадара, які здатны абмыць ногі жабраку і накарміць яго са сваёй талеркі; часам ён можа з ворага багатых хрысціян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што імем госпада бога папросіць прытулку. Спакваля грукат цягніка аціхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калі ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасці паставіў у аазісе намёт і выкапаў у пустыні калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукі:
- Так, вам трэба адпачыць, і вы будзеце спаць у маім купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. І маё футра - вы павінны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.
- Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самі будзеце спаць.
- Знайду дзе-небудзь. У цягніку гэтым разам шмат свабодных месцаў.
Ізноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, - здавалася, што яе падхапіла цёплая хваля, і здарылася гэта непадалёк ад берага, і нават калі страх агорне яе, яна зможа стаць нагамі на пясчанае дно, - і гэтая хваля нясе яе, без ніякіх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, - да ложка, да падушкі, да свежых прасцін, дзе яна зможа залезці пад цёплую коўдру і заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнуліся міласэрнасць, літасць, дабрыня, і замест таго каб прасіць прабачэння і нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрыні і зычлівасці.
Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкідным сядзенні ў калідоры, склаў накрыж рукі і ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмі холадна. Хоць усе вокны на калідоры былі зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку паміж вагонамі. Дый грукатанне цягніка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаіцца: паміж Гербершталем і Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з іх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: імклівы напор выпушчанай пары і скразняк з дзвярэй, які халадзіў яму твар, ублытваліся ў яго трывожны сон. Калідор ператварыўся ў Спаніердз-роўд*, абапал якой цягнуліся зараснікі верасу. Ісаак павольна вёз яго ў сваім «бэнтлі»**, яны разглядвалі дзяўчат, якія шпацыравалі парамі ўздоўж асветленага ліхтарамі ўсходняга боку вуліцы, - гэта былі прадаўшчыцы, якія рызыкоўна прапаноўвалі сябе за келіх віна ў гатэлі, прагулку ў аўтамабілі і за магчымасць павясяліцца на дармаўшчыну; на другім баку вуліцы ў прыцемках сядзелі на лаўках прастытуткі, азызлыя, знябытыя і старыя; спіны ў іх былі павернуты да пясчаных адхонаў і кустоў верасу, яны чакалі якога-небудзь нямога ці сляпога мужчыну, зусім лядачага, які б прапанаваў ім дзесяць шылінгаў.
* Вуліца ў Лондане.
** Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».
Каля ліхтара Ісаак прытармазіў «бэнтлі», міма праплывалі незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Ісааку чамусьці хацелася пухленькую бландзінку, а Майету - стройную брунетку, аднак падчапіць якраз такіх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вуліцы цягнулася чарада машын іх супернікаў, а дзяўчаты палілі цыгарэты і пасміхаліся, прыхіліўшыся да адчыненых дзвярэй; на другім баку вуліцы цярпліва вяла назіранне толькі іх адзіная двухмесная машына. Майета пачалі ўжо злаваць бескампрамісныя дамаганні Ісаака, у «бэнтлі» было холадна, у твар дзьмуў скразняк, - і ўбачыўшы, што міма праходзіць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпіўку і, нарэшце, паездку ў машыне. «Такія дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, - думаў Майет, - яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, і, калі твой выгляд ім не даспадобы, яны проста гавораць, што іх чакаюць дома». Аднак Корал Маскер згадзілася пакатацца з ім у машыне, і яны разам хаваюцца ў цемрадзі аўтамабіля. Ліхтары, гатэлі, будынкі засталіся ззаду, абапал дарогі пацягнуліся дрэвы, у зялёным святле фар яны здаваліся нібыта сілуэты, выразаныя з паперы, потым узніклі кусты з водарам вільготнай лістоты, якая хавала ў сабе свежасць ранішняга дажджу, і нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Ісаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожніцай, хоць і цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялізным носам і вялікімі зубамі. Аднак калі гэтая дзяўчына садзіцца побач з Ісаакам на пярэднім сядзенні, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсміхаецца і кажа: «Я не захапіла з сабой візітнай карткі, але маё прозвішча - Стэйн». Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялізнай лесвіцы, учапіўшыся за срэбныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае яго наверсе, і на твары ў яе ён бачыць чамусьці вусікі; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швівам, і крычыць: «Пазнаёмцеся, гэта - містэр Экман!»
Корал Маскер у адчаі адкінула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала і танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлітасны рэжысёр усё біў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнілася на месяц і парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала і танцавала, не звяртаючы на яго ніякай увагі, а ён усё біў яе палкай па нагах.
Місіс Пітэрс павярнула галаву і сказала мужу:
- Гэтае піва. Мой страўнік ніяк не сціхае. Усё бурчыць і бурчыць. Не магу заснуць.
Містэру Оўпі прыснілася, што ён - апрануты ў стыхар, з крыкетнай бітай пад пахай і спартыўнай пальчаткай на запясці - узыходзіць па агромністай мармуровай лесвіцы да святога прастола ў божым храме.
Доктар Джон, які нарэшце заснуў з горкай пілюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, і скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамі загучала павольнае і распеўнае: «Кёльн, Кёльн, Кёльн».

Частка другая
КЁЛЬН

1

- Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, - сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло. - Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. - Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
- Мы жывём разам тры гады, - сказала міс Уорэн нізкім маркотным тонам, - і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
- Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, а табе - інтэрв'ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер - чырвоныя ад слёз.
- Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, - запярэчыла яна.
- Усё гэта глупства, любая, - сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. - Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
- Трымайся далей ад мужчын! - пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася за яе руку. - Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калі б толькі я магла паехаць з табой! - Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. - Ой, глянь толькі, што я нарабіла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнітур! - Вялікай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысціць спадніцу Джанет Пардаў.
- Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, - сказала Джанет.
Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.
- Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.
- Лепей пойдзем хутчэй.
- Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.
Джанет Пардаў саступіла:
- Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.
Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.
- Яшчэ адзін джын, - папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.
У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, - даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота - зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? - з маркотай, уласцівай п'яніцам, падумала яна. - Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, - а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: - Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні - ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна - мастак, і яе задача - крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы - яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.
- У каго ты будзеш браць інтэрв'ю? - спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу. - Табе трэба прычасацца.
Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.
- У Сейвары, - адказала міс Уорэн. - Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні*. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.
* Карэнны жыхар Лондана.
- А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?
- Едзе на Ўсход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв'ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.
Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.
- Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? - хрыпла спытала яна. Дзіўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калі яго вымавіла міс Уорэн сваім нізкім мужчынскім голасам.
- Што ты маеш на ўвазе?
- Піжаму, дарагая. Я хачу ўявіць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.
- Відаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павінны спяшацца. Ты не паспееш узяць інтэрв'ю.
Апошнія словы абразілі прафесійную годнасць міс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:
- Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытанні? - сказала яна. - Я толькі кіну на яго позірк і сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.
- Але ж мне трэба знайсці насільшчыка, каб аднесці мае чамаданы.
Наведнікі пачалі выходзіць з рэстарана. Дзверы адчыняліся і зачыняліся, і туды, дзе яны сядзелі, няясна даносіліся галасы насільшчыкаў і гудкі паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да міс Уорэн:
- Трэба ісці. Калі ты яшчэ хочаш джыну - можаш выпіць, але я пайду.
Аднак міс Уорэн нічога не адказала, міс Уорэн не звяртала на яе ўвагі. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналісцкай практыцы Мейбл Уорэн, - яна на вачах рабілася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках і павеках. Адначасова яна кінула позірк на тое, што адлюстроўвалася ў бліжэйшых кубках, падносе і шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне і яе адбітку - гэта было падобна да чытання алфавіту па табліцы ўрача-акуліста. У гэтым выпадку першая літара - вялізная чорная «А» - пажылы мужчына ў плашчы, які стаяў каля століка, страсаючы з сябе крошкі, ён збіраўся выходзіць, каб паспець да адыходу цягніка.
- Божухна мой, - сказала міс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. - Я зусім п'яная - нічога не бачу. Хто гэта там?
- Мужчына з вусікамі?
- Так. Ён самы.
- Ніколі раней яго не бачыла.
- Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?
Штосьці адцягнула яе думкі пра блізкую разлуку, яе нос узяў след, і, пакінуўшы недапітую шклянку джыну, яна шырокім крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана і хутка ішоў па зіхатлівым чорным вестыбюлі да лесвіцы, а міс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насільшчыкам і ўпала на калені, круцячы галавой, імкнучыся пазбавіцца ад дурыкаў, зычлівасці, маркоты, выкліканых ап'яненнем. Насільшчык спыніўся дапамагчы ёй. Учапіўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправілася з языком.
- Які цягнік ідзе з пятай платформы? - спытала яна.
- На Вену.
- І на Белград?
- І на Белград.
Зусім выпадкова вырвалася ў яе «Белград», а не «Канстанцінопаль», але гук яе асабістага голасу праясніў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:
- Займі два месцы. Я паеду з табой да Вены.
- А білет?
- У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. - Цяпер ужо яна зрабілася нецярплівая. - Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзіна дваццаць восем. Засталося пяць хвілін. - Учапіўшыся з усяе сілы за насільшчыка, яна не адпускала яго. - Слухайце. Я хачу, каб вы перадалі маё паведамленне. Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры.
- Я не магу пайсці з вакзала, - сказаў ён, імкнучыся адчапіцца ад яе рукі.
- Калі закончыцца ваша змена?
- У шэсць.
- Блага. Вы павінны непрыкметна знікнуць. Вы здолееце зрабіць гэта? Ніхто не заўважыць вашай адсутнасці.
- Мяне звольняць.
- Рызыкніце, - сказала міс Уорэн. - За дваццаць франкаў.
Насільшчык адмоўна пахітаў галавой.
- Брыгадзір заўважыць, што мяне няма на працы.
- Я накіну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзіру.
- Брыгадзір не пагодзіцца на гэта. Надта вялікая рызыка, дый да начальніка можа дайсці.
Міс Уорэн адкрыла сумачку і пачала пералічваць грошы. Над яе галавой гадзіннік прабіў палову другой. Да адыходу цягніка засталося дзве хвіліны, аднак яна ні на імгненне не выказала свайго адчаю - любое хваляванне спудзіць насільшчыка.
- Восемдзесят марак, а брыгадзіру дадзіце, колькі захочаце. Вас не будзе на працы толькі дзесяць хвілін.
- Надта рызыкоўная справа, - сказаў насільшчык, але ўсё-такі ўзяў грошы.
- Слухайце мяне ўважліва. Пойдзеце на Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты «Кларыён». Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што міс Уорэн паехала Ўсходнім экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе інтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапіла на след вельмі важнага матэрыялу для першай старонкі. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. - Пакуль ён, запінаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гадзіна трыццаць адна з паловай. - Добра. Ідзіце. Але калі вы не перададзіце паведамленне да дзвюх гадзін, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарніцтвам. - Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, і пабегла па лесвіцы.
Гадзіна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свісток паравоза, і адным махам пераскочыла праз тры прыступкі. Цягнік ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступіць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: «Пасведчанне!» Апошнія вагоны трэцяга класа праходзілі міма, набіраючы хуткасць. «Божухна, я кіну піць», - паклялася яна ў думках. Потым ухапілася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкі насільшчык з крыкамі паспрабаваў утрымаць яе. Доўгія дзесяць секунд, адольваючы пранізлівы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. «Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохі - і маё плячо не вытрымае. Лепей зваліцца на платформу і атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагі. Аднак жа які цудоўны матэрыял згіне», - з горыччу падумала яна і скочыла на прыступку. Яе калені дацягнуліся да прыступкі якраз у той момант, калі скончылася платформа. Знік апошні ліхтар станцыі, дзверы пад націскам яе цела адчыніліся, і яна дагары тварам упала на калідор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай і зласлівай усмешкаю: «Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявіла пасадку ў экспрэс!»

Ранішняе святло пранікла скрозь шчыліну паміж фіранкамі і закранула паліцу насупраць. Калі Корал Маскер прачнулася, першае, што кінулася ёй у вочы, была гэтая паліца і скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць і яшчэ трывогу, калі прыгадала цягнік, на які ёй трэба паспець на вакзал Вікторыя, засохлую яечню і чэрствыя лустачкі заўчарашняга хлеба, што чакалі яе на кухні. «Шкада, што я пагадзілася на гэтую працу!» - падумала яна. Цяпер, калі набліжаўся час ад'езду, яна палічыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвіцы на Шафтсберы-авеню і аддала б перавагу штучнай весялосці пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхінула фіранку, і на імгненне яе здзівіў тэлеграфны слуп, які хутка праляцеў міма, зялёная рачулка з аранжавымі блікамі ранішняга сонца і парослыя лесам пагоркі. І раптам яна ўспомніла ўсё.
Было яшчэ рана - сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамі. У вёсцы на другім беразе замігцелі агеньчыкі, некалькі дымкоў прамымі струменьчыкамі ўздымаліся ў бязветраным паветры над драўлянымі хаткамі: сяляне там распальвалі печы, гатавалі снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункі, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткі на блізкім беразе і прывязаныя там лодкі шпарка знікалі з віду. Яна адхіліла фіранку на шкляных дзвярах у калідор і ўбачыла Майета - ён спаў, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Інстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзіць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спіць, а самой зноў легчы на паліцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасці блізкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нібыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькі заўсёдная барацьба і ўсяго трэба дабівацца сваімі намаганнямі. Бадай што, свет быў не такі ўжо жорсткі. Яна нагадала, як цёпла паставіўся да яе памочнік капітана, як ён крыкнуў на развітанне: «Помні пра мяне!» Зусім магчыма, што памочнік капітана ўсё яшчэ помніць яе, - гэты ж малады чалавек, які спіць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькімі гадзінамі свайго жыцця дзеля зусім незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслівая думка: «Магчыма, я жыву ў памяці іншых людзей, не толькі тады, калі яны бачаць мяне ці гавораць са мной». Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскі ўжо не было відно, таксама як і тых цудоўных зялёных пагоркаў, якія яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькі раку. І Корал ізноў заснула.

Міс Уоран, хістаючыся, ішла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзіны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбітай, яе крыху нудзіла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкі блыталіся, аднак яна трымала нос па ветры і не губляла следу. За дзесяць гадоў журналісцкай кар'еры - дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыі пра жаночыя правы, згвалтаванні, забойствы - яна ніколі не была такая блізкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такі матэрыял, сам карэспандэнт газеты «Таймс» ахвяраваў бы год жыцця. «Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, - з гордасцю падумала яна, - ды яшчэ п'яная ўдрызг». Яна ішла, хістаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нібыта на ёй была набакір карона.
Удача не пакідала яе. З купэ выйшаў мужчына і накіраваўся ў туалет. Калі яна прыціснулася да сцяны, каб прапусціць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку і ў купэ болей няма нікога. Мужчына ўзняў вочы і ўбачыў у дзвярах міс Уоран, якая крыху хісталася туды-сюды.
- Можна да вас? - спытала яна. - Я села ў Кёльне і не магу знайсці месца. - Голас у яе быў нізкі, амаль мяккі, нібыта яна ўгаворвала любімага сабаку ўвайсці ў камеру, дзе яго збіраліся ўсыпіць.
- Месца занятае.
- Толькі на хвіліначку, - сказала міс Уорэн. - Хай адпачнуць крышачку ногі. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калі падарожнічаю ў цягніку, дзе няма нікога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбіцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. - Яна нацягнена ўсміхнулася. - Па-мойму, вы доктар?
- Быў некалі ім.
- І вы едзеце ў Белград?
Злёгку ўстрывожаны, ён кінуў хуткі позірк на яе, які яна не заўважыла. Ён пільна агледзеў яе прысадзістую, абцягнутую цвідам фігуру, крыху нахіленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплівасці твар.
- Не, - адказаў ён. - Значна бліжэй.
- А я еду толькі да Вены, - сказала міс Уорэн.
- А чаму вы вырашылі?.. - павольна пачаў ён, сумняваючыся, ці правільна ён робіць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухі, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.
Рызыкоўныя сітуацыі, у якія ён трапляў раней, навучылі яго ў такія моманты крыху пахітаць галавой, ці памахаць пальцам, ці проста сказаць няпраўду. Міс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, і яе няпэўнасць была падобная да іскры надзеі ў зняволенага ў турме.
- Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.
- Ніколі не даводзілася там бываць.
Яна вырашыла пайсці ў адкрытую, адкінуўшы ўсялякія хітрыкі.
- Мне давялося быць у Белградзе прадстаўніком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.
Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзіць сябе абачліва, і глянуў на яе, не выказваючы зусім ніякай цікаўнасці.
- Суд над Камнецам?
- Калі генерал Камнец быў абвінавачаны ў згвалтаванні. Цынер быў там галоўны сведка абвінавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалі. Прысяжныя былі падабраны з яго прыхільнікаў. Урад ніколі не дазволіў бы засудзіць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказанні супраць генерала Камнеца.
- Глупства?
Яго тон ветлівага субяседніка ўзлаваў яе.
- Вядома ж, вы чулі пра Цынера? Яго хацелі прыстрэліць за тыдзень да суду, калі ён сядзеў у кавярні. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказанні супраць Камнеца - ордэр на яго арышт за дачу непраўдзівых паказанняў быў выпісаны яшчэ за дванаццаць гадзін да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелі і чакалі апраўдальнага прыгавору Камнецу.
- Калі гэта было?
- Пяць гадоў таму.
Ён уважліва сачыў за ёй, прыкідваючы, які адказ найбольш раззлуе яе.
- Ну, гэта ўжо старая гісторыя. Цынера выпусцілі з турмы?
- Ён выслізнуў з іх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейсніць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знік. А ўсе думалі, што яго забілі.
- А яго на самой справе забілі?
- Не. Ён ад іх уцёк.
- Разумны чалавек.
- А вось у гэтым я зусім не ўпэўненая, - злосна запярэчыла яна. - Разумны чалавек ніколі не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца і да той дзяўчынкі? Ён быў дурань, строіў з сябе Дон-Кіхота.
З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, і доктара перасмыкнула.
- Ноч выдалася пакутлівая, - сказаў ён.
Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялікай, грубай рукі.
- Толькі ўявіце сабе, - сказала яна з захапленнем. - Пакуль прысяжныя засядалі, ён выйшаў з залы суда на вачах у паліцыі. Яны сядзелі і нічога не маглі зрабіць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, які тырчаў з кішэні ў Хартэпа. А Цынер знік, нібыта яго і не было зусім. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цікаўнасць.
- На самой справе? Нават у Камнеца?
Яна скарыстала спрыяльную сітуацыю і загаварыла сіплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазіі:
- Так, калі б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нічога не змянілася: гадзіннік можна было б перавесці назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарніцтвам, Камнец юрліва вышуквае маленькіх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярні, дзе даюць канцэрты ў шэсць і ў адзінаццаць гадзін. Карл звольніўся з «Масковы», вось і ўсе навіны, а на яго месцы працуе афіцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кінатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навіна: забудавалі сад з піўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнікаў.
Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход праціўніка. Значыцца, піўной Кругера больш няма, а з ёй зніклі і казачныя ліхтарыкі, і яркія парасоны, і цыганы, якія ціха ігралі ў прыцемку, пераходзячы ад століка да століка. І Карла няма. На імгненне ён здольны быў аддаць у рукі гэтай жанчыны сваю бяспеку і бяспеку сваіх сяброў у абмен на звесткі пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, і жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, і раскладае сурвэткі на сваім стале, выцягвае корак з бутэлькі, каб напоўніць свой келіх? Ён разумеў, што яму трэба перапыніць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзіць насупраць, але ён не быў здольны вымавіць ніводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навіны пра Белград, тыя навіны, пра якія яго сябры ніколі не пісалі яму ў сваіх штотыднёвых зашыфраваных лістах.
Было і яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такія самыя, як і былі раней, і ён нібыта адчуў пад нагамі крутыя прыступкі, якія вялі ў вузкія цясніны вулачак, упоперак якіх была развешана бялізна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабіць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса і чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, ці памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блізка, што яны маглі б палічыць такую дасведчанасць у іх жыцці небяспечнай, калі б поўнасцю не давяралі яму, калі б па паходжанні ён не належаў да іх. І таму яго там абкрадалі, давяралі яму свае тайны, гасцінна сустракалі, сварыліся з ім і любілі яго. Пяць гадоў - доўгі тэрмін. Яго маглі ўжо і забыць.
Тут міс Уорэн перавяла дух.
- Аднак бліжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас інтэрв'ю выключна для сваёй газеты. «Як я ўцёк?» Ці: «Чаму я вяртаюся на радзіму?»
- Інтэрв'ю?
Ён паўтараў яе словы, і гэта дзейнічала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавісць да мужчын, да ўсіх іх выкрутасаў і хітрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, - яны абуджалі ў ёй толькі агіду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамі, якія далі ім асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзіць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукі, якія зараз абхапілі калені, гладзілі, дамагаліся, атрымлівалі асалоду. А ў Вене яна страціць Джанет Пардаў, якая трапіць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй ліслівыя словы, дарыць квяцістыя танныя падарункі, нібыта яна нейкая дзікунка, якую можна спакусіць люстэркам і шклянымі пацеркамі з «Вулворта»*. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымліваць асалоду - да ўцех мужчын ёй не было ніякай справы. Не кахаючы яе зусім - не пакахаўшы яе нават на гадзіну, на дзень, на год, - мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкіх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мізэрнага лёсу гувернанткі, карміла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькі пацалункамі выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесці ёй поўную асалоду і сама не адчувае нічога, апроч незадаволеных жаданняў. І вось зараз, калі ў яе трашчыць ад болю галава, калі ад яе нясе п'яным смуродам, калі яна разумее, як агідна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавідзела гэтых «паганых» мужчын, іх настырнасць і штучную прывабнасць.
* Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.
- Вы доктар Цынер.
Ушчэнт раззлаваная міс Уорэн заўважыла, што ён нават і не імкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвішча, пад якім падарожнічае.
- Маё прозвішча - Джон.
- Доктар Цынер, - гыркнула яна, прыкусіўшы зубамі ніжнюю губу, каб не страціць самавалодання.
- Рычард Джон, настаўнік, еду адпачываць.
- У Белград?
- Не. - Ён хвілінку павагаўся. - У Вену.
Яна яму не паверыла, але з усяе сілы прымусіла сябе быць ветлівай.
- І я еду да Вены. Калі хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасці горада? - У дзвярах з'явіўся мужчына, і яна паднялася. - Выбачайце, калі ласка. Гэта ваша месца. - Яна ўсміхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калі цягнік прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкі, якая імгненна запоўніла ўсё купэ смуродам джыну і таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. - Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, - паабяцала яна і, зрабіўшы некалькі крокаў па калідоры, прыхілілася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агіда да самой сябе за тое, што яна напілася і выглядае неахайнай. «І ўсё-такі я яго дастану, - падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нібыта паненка на званым абедзе. - Чаго б мне гэта ні каштавала, чэрці б яго задралі!»

Ласкава-лагоднае святло заліло ўсё купэ. На хвілінку здалося, што сонца ўвасабляе штосьці, поўнае любові і спагады да людзей. Чалавечыя істоты плавалі нібыта рыбы ў залацістай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя і ясныя, яны нібыта луналі без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары і выродлівыя фігуры, можа, і не зрабіліся прыгожыя, але ператварыліся ў нейкія дзівосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставін. У гэтай залацістай плыні яны ўзляталі ўгору і падалі ўніз, перашэптваліся і аддаваліся марам. Яны не былі зняволеныя, бо ў гэты ранні час яны не адчувалі сябе ў палоне.
Корал Маскер ізноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася і падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчваліся ў такт цягніку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нібыта гэтае залацістае святло пранікала паўсюль, і ёй рабіліся зразумелыя звычайна схаваныя жаданні, памкненні і ўчынкі, на якія яна, як правіла, не зважала. Цяпер, калі яна назірала за ім і ён усвядоміў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамі зрабіць нейкі жэст, але спыніўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлівы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасці.
- Я свіння. Вы прабылі на калідоры цэлую ноч, - мякка сказала яна.
Ён вінавата паціснуў плячыма, нібы ліхвяр, які назначыў надта нізкую цану за дарагі гадзіннік ці багатую вазу.
- Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылі спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсці?
- Калі ласка. Гэта ж ваша купэ.
Ён усміхнуўся, не ўтрымаўся і шырока развёў рукі, схіліўшы перад ёю галаву ў лёгкім паклоне.
- Прашу прабачэння. Яно ваша. - Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамі: - Увага! Глядзіце! Білет першага класа.
Білет вылецеў з насоўкі і ўпаў на падлогу паміж імі.
- Ён - ваш.
- Не, ваш.
Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзіўлены твар.
- Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, відаць, ён каштуе дорага.
- Дзесяць фунтаў, - выхваляючыся, сказаў ён. - Дзесяць фунтаў. - Ён паправіў гальштук і нядбала кінуў: - Мне гэта дробязь.
Аднак яго самаўпэўненасць і самахвальства насцярожыла яе.
- Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? - спытала яна з непрыхаваным глыбокім падазрэннем. Білет ляжаў каля іх ног. Нішто не прымусіла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой - золата патухла і зрабілася жоўтай плямаю на шкле і падушках. - Я іду на сваё месца.
- Мне няма ніякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калі вам білет не патрэбны, можаце яго выкінуць, - з выклікам сказаў ён.
Корал бачыла, што ён назірае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзняліся, самаўпэўнена і нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракі і да моста, што праплывалі міма, да аголенай бярозкі, усыпанай раннімі пупышкамі, і ціха заплакала. «Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункі. - І яна з сорамам і смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якія прымалі падарункі ад прынцаў. - А я лаюся на яго, як стомленая афіцыянтка».
Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, і зразумела, што ён нахіліўся па білет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: «Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккіх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявіць, што ты багатая. Ніколі і ніхто не быў да мяне такі добры, як вы». Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нібыта класавы бар'ер паўсталі паміж імі.
- Дайце мне вашу сумачку, - сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку і пачула, як яго пальцы адчынілі замок. - Я кладу яго туды. Калі не хочаце скарыстацца ім, - не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калі захочаце. Ці паспіце тут, калі стоміцеся.
«Я ўвесь час стомленая, - думала яна. - Я магла б спаць тут гадзіны».
- Але ж ці змагу я? - сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы.
- За мяне не турбуйцеся, - сказаў ён. - Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калідоры толькі таму, што вельмі хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбілася б мая дапамога.
Яна зноў заплакала, прыхіліўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекі нібы фіранкамі адсланілі яе ад перасцярог абазнаных у жыцці сухецкіх бабуль: «Мужчыне трэба толькі адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын». Ёй заўсёды казалі: «Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад і паездка ў аўтамабілі пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы ці ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць». Ад дзяўчыны чакаюць платы - на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нічога не робіцца. Пісьменнікі наконт Рубі М. Эйрэс* могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубіны, аднак на самай справе цана нявіннасці - футра ці якаясь іншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны і не пераспаць з ім: не пераспіш - ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплаціў дзесяць фунтаў.
* Рубі М. Эйрэс (1883-1962) - папулярная ў 20-я гады ангельская пісьменніца, аўтар бульварных раманаў.
Ён узяў яе за локаць.
- Што з вамі? Вам блага?
Яна згадала руку, якая ўзбівала падушкі, шоргат яго крокаў, калі ён выходзіў з купэ. І паўтарыла:
- Але ж ці змагу я? - Аднак на гэты раз яна нібыта прымушала яго сказаць нешта і абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.
- Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, і я вам нешта пакажу, - сказаў ён. - Гэта Рэйн.
Ёй раптам зрабілася смешна.
- Я ўжо здагадалася.
- Вы заўважылі скалу, амаль на сярэдзіне ракі, - мы яе толькі праехалі? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.
- А што гэта - Гейнэ?
- Адзін жыд, - задаволена ўдакладніў ён.
Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусіла была прыняць, і з цікавасцю сачыла за ім, імкнучыся знайсці што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькія вочкі, вялікі нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такіх мужчын, то ў першых радах правінцыйнага тэатра - ён мог быць афіцыянтам у смокінгу, то за пісьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулісамі пад час рэпетыцыі, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккі і ліслівы, то ўладарны голас. Звычайна такія мужчыны былі жмінды і скнары, хоць часам і ў іх здараліся прыступы высакародства і шчодрасці, але давяраць ім нельга ніколі. Зычлівая ўхвала на рэпетыцыі нічога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваім кабінеце і пацягваючы віскі, такі чалавек мог сказаць: «Тое дзяўчо з першага рада нічога не вартае». Яго нельга было ўзлаваць, ён ніколі нікога не абразіць, ніколі не скажа слоўца больш зняважлівага, чым «дзяўчо», а паведамленне пра звальненне прыходзіла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкі, кінутай у тваю паштовую скрынку.
Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалі ёй ставіцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсіх абставінах захоўвалі дзіўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лічыла, што кожная дзяўчына павінна быць далікатная. Корал сказала ветліва:
- Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля «Ата Гёрл» быў з жыдоў.
- Так, - адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.
- А вы любіце музыку?
- Я іграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.
Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явілася нейкае не зусім зразумелае ажыўленне.
- Мне заўсёды хацелася заплакаць, калі спявалі «Сані Бой», - сказала яна. Яна ведала, што ніколі не можа знайсці патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, - яна не магла выказаць словамі, што адчувае, і таму часта гаворыць недарэчы. Вось і тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знікла з яго вачэй.
- Паглядзіце, ракі ўжо няма. Мы праехалі Рэйн, - нечакана сказаў ён. - Ужо час снедаць.
Ёй зрабілася крыху няёмка прызнацца, што яна не пойдзе з ім снедаць, але не стала тлумачыць, а сказала шчыра:
- Мне трэба схадзіць па сакваяж. У мяне там бутэрброды.
Ён пільна паглядзеў на яе:
- Няўжо вы назапасілі на тры дні?
- О не. Толькі на ўчарашнюю вячэру і сённяшняе снеданне. На гэтым я зэканоміла каля васьмі шылінгаў.
- Ну, вы проста скупая, як шатландцы. Паслухайце. Вы пойдзеце снедаць са мной.
- А што яшчэ, па-вашаму, я павінна рабіць з вамі?
Ён усміхнуўся.
- Зараз скажу: абедаць, піць гарбату і вячэраць. А заўтра...
Уздыхнуўшы, яна яго перабіла:
- Па-мойму, вы крыху з'ехалі з глузду. Дарэчы, вы ніадкуль не ўцяклі?
Твар у яго спахмурнеў, ціхім голасам ён спытаў:
- Вам непрыемна са мной? Вам са мной нудна?
- Не. Зусім не нудна. Але ж чаму вы гэта ўсё робіце для мяне? Я зусім не прыгажуня і, па-мойму, асаблівым розумам не вылучаюся.
Яна горача чакала, каб ён запярэчыў: «Не, вы цудоўная, прыгожая і разумная», - тых неверагодных слоў, якія б вызвалілі яе ад патрэбы плаціць яму ці адмовіцца ад яго падарункаў: прыгажосць і розум цэняцца вышэй, чым любы прапанаваны падарунак, а калі дзяўчыну кахаюць, дык нават шматвопытныя бабулі пагодзяцца, што яна мае права браць і нічога не даваць узамен. Але ён ёй не запярэчыў. Яго тлумачэнне было амаль зняважліва простае.
- Мне так лёгка гаварыць з вамі. У мяне такое адчуванне, нібыта я вас даўно ведаю.
- Так, мне здаецца, што і я вас даўно ведаю, - суха сказала яна, адчуўшы звыклую горыч расчаравання. Яна ўзгадала бясконцую лесвіцу, дзверы ў кантору агента і маладога зычлівага жыда, які цярпліва і ветліва тлумачыў, што ён не можа нічога прапанаваць ёй, абсалютна нічога.
«Пэўна ж, мы разумеем адно аднаго, - думала яна, - добра ўсведамляем гэта, таму і не знаходзім патрэбных слоў». Дрэвы і будынкі з'яўляліся і знікалі на фоне бледна-блакітнага, воблачнага неба, бук змяняўся елкай, елка - вязам, а вяз - каменем. Свет, нібыта расплаўлены на гарачай пліце, тапырыўся і прымаў розныя формы, то падобныя на язык полымя, то на лісток канюшыны. Іх думкі заставаліся тыя самыя, гаварыць не было пра што, бо яны ўсё ведалі адно аб адным.
- На самой справе, вам жа асабліва і не хочацца, каб я снедала з вамі, - сказала яна, імкнучыся захаваць разважлівасць і абачлівасць і неяк парушыць няёмкае маўчанне. Аднак ён не пагадзіўся з ёю.
- Не, я сапраўды хачу, - адказаў ён з некаторай няпэўнасцю, і яна зразумела, што ёй трэба быць цвёрдай: падняцца, пакінуць яго, вярнуцца ў свой вагон - ён лішне пярэчыць не будзе. Але ў сакваяжы ў яе былі толькі чэрствыя бутэрброды і крышку ўчарашняга малака ў бутэльцы з-пад віна, а з калідора пахла гарачай кавай і свежым белым хлебам.

Мэйбл Уорэн наліла сабе кавы, моцнай, без малака і цукру.
- Гэта найлепшы матэрыял, які я калі-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзіў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за ім з ордэрам на яго арышт у кішэні. Кэмбел з газеты «Ньюс» адразу ж кінуўся за ім, аднак на вуліцы згубіў яго. Дадому ён болей не прыходзіў, і з таго часу пра яго болей нічога не чулі. Усе лічылі, што яго забілі, аднак я ніколі не магла зразумець аднаго: калі яго хацелі забіць, дык навошта было выпісваць ордэр на арышт.
- Уяві сабе, - без усякай цікавасці сказала Джанет Пардаў, - што ён адмовіцца гаварыць з табой.
Міс Уорэн разламала булачку.
- У мяне яшчэ ніколі не было няўдач.
- Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?
- Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне інтэрв'ю, - сказала яна злосна. - Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзін. - І дадала ў роздуме: - Кажа, што ён школьны настаўнік. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзіць у Вене. Калі праўда, то я выйду разам з ім. Калі спатрэбіцца, паеду з ім у Канстанцінопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.
- У турму?
- На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любілі ў трушчобах. Але ён дурань, калі лічыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга ніхто не памятае.
- Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзіш.
Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзіла ў сябе і вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столік крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такіх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капыліла губкі, насуплівалася, спрачалася і злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, які сядзеў за столікам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай і прываблівай. «А што да жыда, дык адзіная яго добрая якасць - маладосць і грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет», - з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.
- Ты ж ведаеш, што гэта - праўда, - сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлівасць сваіх здагадак. - Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.
- Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсім абавязана.
Словы гэтыя не супакоілі Мейбл Уорэн. «Калі кахаеш па-сапраўднаму, - думала яна, - не думаеш, чым ты абавязана». Свет, як лічыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, і тых, хто жыве пачуццямі. Першыя бяруць у разлік купленыя ім сукенкі, аплачаныя рахункі, але сукенкі з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплівае рахункі са стала і зносіць іх прэч, і ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам ці іншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямі, помняць усё, яны не бяруць і не пазычаюць, яны плацяць нянавісцю ці любоўю. «Я адна з іх, - думала міс Уорэн, вочы яе напоўніліся слязьмі, а булачка засела ў горле. - Я адна з тых, хто кахае і помніць заўсёды, хто захоўвае вернасць мінуламу і носіць жалобныя гарнітуры і жалобныя павязкі на рукаве. Я нічога не забываю». Яе погляд слізгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, - так стомлены матацыкліст з неадольным жаданнем пазірае на просценькі гатэль з пунсовымі фіранкамі на вокнах і марыць пра таннае піва, а потым ізноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай і пальмамі. «Я загавару з ёю, яна зграбная, - падумала яна. - Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фігурай. Вернасць зусім не тое самае, што ўспаміны: можна забыць і заставацца верным, а можна памятаць і парушыць вернасць».
«Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў», - спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар іх сустрэчы ў кінатэатры на Кайзер-Вільгельм-штрасе, і ўсё-такі, усё-такі... Абедзве яны тады адчулі агіду да акцёра, які выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуцці ў напружанай цішыні цёмнай залы: «Мне агідныя такія распусныя мужчыны!» - і пачула словы згоды, вымаўленыя нізкім, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фільм да канца, да апошніх абдымкаў, да фінальнай завуаліяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсці і дзе-небудзь выпіць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кінахроніку, і яны абедзве засталіся. Здаецца, у самы першы вечар выявіўся характар Джанет - потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзілася пагаджацца з ёю ва ўсім. Так было да ўчарашняга вечара, калі яна вырашыла вызваліцца ад Мейбл Уорэн.
- Не выношу жыдоў, - злосна вымавіла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панізіць голас.
І Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялікімі прамяністымі вачыма, пагадзілася:
- Гэтаксама і я, дарагая.
З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:
- Джанет, калі мяне не будзе побач, ці будзеш ты памятаць, як мы кахалі адна адну? Ты ж не дазволіш ніводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?
Ёй было б прыемна пачуць пярэчанні, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзіць доказы, нейкім чынам накласці пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзінае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:
- Ну, вядома ж, дарагая. Хіба я магу?
Калі б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблічча, якое вярнула б ёй разважлівасць і цвярозы розум. «Ну, гэта не па мне, - разважала яна, - трэба знайсці задавальненне ў чым-небудзь прыгожым». Няма нічога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткія валасы, пра чырвоныя павекі, пра мужчынскі немілагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернікам. Калі яна знікне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе існаваць, хоць і будзе па інерцыі спаць, есці, выклікаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамі падсмажаны хлеб і казаць: «Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта». Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералілася цераз край і запэцкала ёй спадніцу, на якой ужо былі плямы ад тлушчу і піва. «Якая розніца, - цынічна падумала яна, - чым займаецца Джанет, калі я пра гэта не ведаю. Якая розніца, калі яна дазволіць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калі яна зноў вернецца да мяне». Але апошняя думка прымусіла яе скалануцца ад душэўнага болю. «Наўрад ці Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, - разважала яна. - Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя дні, калі мы былі шчаслівыя, пра тое, якія я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якія я ёй прысвячала. А ён будзе насміхацца, і яна будзе насміхацца, і, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна ніколі не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, ці сапраўды яна збіраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопіць ужо, свет на ёй клінам не сышоўся, - думала міс Уорэн, крышачы булачку і з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукі. - Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кінатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, - проста асалода гадзінамі сядзець і назіраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робіць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохі, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкі значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага».
- Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? - весела спытала Джанет.
Цягнік гайдануўся, і з грукатам уварваўся ў тунель, і вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапіўшы яго, як сярдзітая рука выхоплівае ліст паперы, раздзірае яго і выкідвае шматкі, і толькі на адным з іх можна прачытаць слова «Назаўсёды», - таму ніхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: ці прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, ці заявіла, што ніхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. І калі цягнік ізноў выйшаў на сонечнае святло, заблішчалі кафейнікі, забялелі настольнікі і сурвэткі, за вокнамі былі відаць палі, на якіх пасвіліся каровы, а потым густы ельнік, - міс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, які ўваходзіў у рэстаран. Яна пазнала ў ім суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна і яе спадарожнік гаварылі так рэдка, што міс Уорэн не магла зразумець, ці знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнік план, які дасць ёй не толькі загаварыць з дзяўчынаю, але і дапаможа ёй раз і назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты - атрымаецца выдатнае распяцце.
- Да пабачэння, - сказала дзяўчына.
Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назіральніцы, заўважыла, як яе спадарожнік уцягнуў галаву ў плечы, нібыта прысаромлены звычайны зладзюжка, які, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлівага прыгавору і робіць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлівасці. Неспрактыкаваны назіральнік мог бы па іх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбіралася ў гэтым лепей.
- Я ўбачу вас яшчэ? - спытаў жыд, і дзяўчына адказала:
- Калі захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсці.
- Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, - сказала Мейбл Уорэн, і яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хісткі пераход паміж вагонамі, які гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся і трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай бліскучай аперацыі, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калі яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не маніла, у яе ўжо выспела бліскучая ідэя, і яе галава зараз была падобная на залітую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба - гэта яна добра ўсведамляла, і адразу пачала прыкідваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна ніколі не друкавалася на першай паласе. У іх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраенні, арышт пэра за растрату і жаніцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Ніводзін з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправіцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва «Навіны». «Канферэнцыю па агульным раззбраенні і дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калі няма паведамлення пра вайну ці пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе», - думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая ішла наперадзе, яна ўявіла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокім каўнерам і вузкім туга завязаным гальштукам, - ён сядзіць у кутку свайго купэ, абхапіўшы рукамі калені, а яна меле лухту яму наконт Белграда. «Доктар Цынер жыве», - прыкідвала яна, прыдумваючы загалоўкі. - Не, гэта не падыдзе, ужо мінула пяць гадоў, і не ўсе памятаюць яго прозвішча. «Чалавек-загадка вяртаецца»... «Як доктар Цынер пазбег смерці»... «Толькі ў нашай газеце»...
- Мілая дзяўчына! - задыхаючыся, паклікала яна, ухапіўшыся за парэнчы, - было відаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу і скрыгат буфераў.
Голасу яе не было чуваць, таму яна мусіла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролі, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапіла дыханне. Дзяўчына азірнулася і падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным і засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуцці.
- Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлі?
Міс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другім канцы пакладзеных адзін на адзін сталёвых лістоў, яна напружана абдумвала, як паводзіць сябе з дзяўчынай.
- Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсці да вас. Ведаю, што я баязлівая старая дурніца, - ёй было агідна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, - калі б вы падалі мне руку дапамогі?
«На такую гульню мне не хапае доўгіх валасоў - выглядала б болей па-жаноцку, - думала яна, - шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам».
Дзяўчына зрабіла крок ёй насустрач.
- Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьміцеся за маю руку.
Міс Уорэн учапілася за руку дзяўчыны сваімі моцнымі пальцамі, нібыта сціскаючы шыю нейкага злога сабакі.
Калі яны дайшлі да наступнага калідора, яна зноў загаварыла. Шум цягніка крыху сцішыўся, і яна магла панізіць голас да хрыплага шэпту.
- Калі б у цягніку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
- Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, і ён дапамог мне.
- Я так баюся дактароў, дарагая, - сказала міс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмі пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. - Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоіцца. Як вас завуць, мілачка?
- Корал Маскер.
- Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменніца, вельмі падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?
- Я танцую. Еду ў Канстанцінопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскім шоў.
Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбіні сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявіць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовіцца ад надзеі захаваць пры сабе Джанет Пардаў і не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт і заняць месца Джанет у якасці платнай кампаньёнкі?
- Вы такая прыгожанькая, - уголас сказала яна.
- Прыгожанькая, - паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсміхнулася - нішто не магло пахіснуць яе недаверу. - Вы што, кпіце з мяне?
- Мая дарагая, вы такая добрая і мілая.
- Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, - загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, і гэта на імгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: - Хопіць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце ізноў, што я прыгожанькая.
Мейбл Уорэн пагадзілася з вялікай ахвотай:
- Мілачка мая, вы проста цудоўная. - Велізарнае здзіўленне, з якім дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова «цнота» мільганула ў разбэшчанай гарадскім жыццём свядомасці Мейбл Уорэн. - Вам ніхто ў жыцці не казаў гэтага? - нецярпліва і недаверліва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. - Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?
- Я знаёмая з ім вельмі мала.
- Думаю, вы дастаткова разважлівая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.
- Вы лічыце, што ён падумаў тое самае? - павольна сказала Корал Маскер. - Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?
- Яны ўжо прызвычаіліся да гэтага, дарагая.
- У такім разе я пайду і скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабаліся жыды.
Мейбл Уорэн злосна працадзіла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.
- Што вы сказалі?
- Вы ж не кінеце мяне ў такім стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягніка, я еду з пляменніцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.
Яна прасачыла, як Корал Маскер знікла, і праслізнула ў туалет. Паравоз раптоўна спыніўся, а потым даў задні ход. Глянуўшы ў акно, міс Уорэн пазнала шпілі Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад і ўперад паміж сігнальнымі будкамі і запаснымі пуцямі. Міс Уорэн пакінула дзверы прыадчыненымі, каб назіраць за калідорам. Калі з'явіліся Корал Маскер і доктар Цынер, яна зачыніла дзверы і пачакала, пакуль іх крокі не заціхлі. Ім было яшчэ доўга ісці па калідорах, і, калі яна паспяшаецца, часу ёй хопіць. І выслізнула з туалета. Перш чым яна паспела зачыніць дзверы, цягнік таргануўся і рушыў, і дзверы з бразгатам зачыніліся, але ні Корал Маскер, ні доктар Цынер не абярнуліся.
Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калідоры, імклівы ход цягніка кідаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку і калена. Пасажыры, якія вярталіся са снедання, прыціскаліся да вокнаў, каб прапусціць яе, некаторыя лаяліся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, і думалі, што яна іх не разумее. Яна злосна ўсміхалася ім услед, паказваючы вялізныя пярэднія зубы, і бегла далей. Патрэбнае купэ знайсці было лёгка - яна пазнала плашч, які вісеў у кутку, і мяккі паношаны брыль. На сядзенні ляжала ранішняя газета: доктар Цынер, пэўна, купіў яе некалькі хвілін таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткі час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, які ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другім канцы цягніка, і яго не будзе, прынамсі, некалькі хвілін.
За гэты час яна павінна шмат што разведаць, каб прымусіць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кішэнях нічога не было, акрамя пачка запалак і цыгарэт «Голд Флейк». Яна ўзяла брыль і прашчупала стужку і паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзілася часам знаходзіць вельмі патрэбную інфармацыю, схаваную ў брылі, але ў доктарскім нічога не аказалася. Зараз наступіў самы небяспечны момант вобыску - бо брыль і нават кішэні плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткі, узламаць замок сцізорыкам і падняць века - гэта ўжо надта падводзіла яе пад пагрозу быць абвінавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцізорыка зламалася, калі яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе міма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам ілбом яна ўсё болей шалела ад спешкі. «Калі мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газеціна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калі мяне выганяць, я страчу Джанет і шанцы займець Корал. А калі дасягну сваёй мэты, - думала яна, тузаючы, піхаючы, абдзіраючы пазногці, - мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такі матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсі, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калі Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кіне. За такія грошы я куплю сабе шчасце і спакой», - мільганула ў галаве, і замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, і яе пальцы дабраліся да тайнікоў доктара Цынера. І першым такім тайніком быў шарсцяны бандаж.
Яна асцярожна падняла яго і знайшла пашпарт. Ён быў на імя Рычарда Джона, прафесія - настаўнік, узрост - пяцьдзесят шэсць год. «Гэта яшчэ нічога не значыць, - думала яна. - Усе яны, падазроныя чужаземныя палітыкі, добра ведаюць, дзе купіць пашпарт». Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, і пачала мацаць рукамі адзенне, прабіраючыся да сярэдзіны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнікі, - яны заўсёды правяраюць багаж знізу і збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру ці пісьмо, але там аказаўся толькі стары «Бедэкер»* выдання 1914 года - «Канстанцінопаль, Малая Азія, Балканы, Архіпелаг, Кіпр», загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабіла ўсё старанна і дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвіліны ёй нічога не пагражае. Калі аглядаць ужо болей нічога не засталося, яна раскрыла «Ведэкер» - дзіўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац і з расчараваннем прачытала імя Рычарда Джона, напісанае дробным няроўным почыркам - кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвішчам быў напісаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сі - яго варта было запомніць. «Кларыён» можа паслаць туды супрацоўніка ўзяць інтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагі матэрыял.
* Папулярныя і шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў даведнікі па розных краінах Эўропы, якія выдаваліся серыямі ў Германіі; названыя па імені пачынальніка серыі.
Даведнік, відаць, быў куплены ў букініста, вокладка была вельмі пашарпаная, на форзацы наклейка з імем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнігу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але ніякіх паметак на ёй не было. Міс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербію, кожную пра дзяржавы, якія цяпер уваходзяць у склад Югаславіі, - нічога там не было асабліва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кінула б пошукі, калі б не знайшла кнігу ў такім месцы. Упарта, не давяраючы сваім вачам, яна ўпэўнівала сябе, што кніга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павінна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкі і прытрымліваючы іх вялікім пальцам - яны клаліся няроўна з-за мноства складзеных карт, - яна ўбачыла на адной старонцы нейкія лініі, кружочкі і трохкутнікі, накрэсленыя чарнілам паверх тэксту. Але ў тэксце ішла гаворка толькі пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азіі, лініі ж маглі быць накрэмзаны няўмелай рукой дзіцяці з дапамогай лінейкі і цыркуля. Вядома, калі гэтыя лініі - нейкі код, толькі эксперт змог бы іх расшыфраваць. «Ён мяне перамог, - з нянавісцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, - тут нічога няма». Але ёй не захацелася класці «Бедэкер» назад на месца. Калі ён яго схаваў, у гэтай кнізе нешта не так. Рызыка ўжо і так была даволі вялікая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачыніўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а «Бедэкер» засунула пад кофтачку і заціснула пад пахай - там можна было прытрымліваць яго збоку рукой.
Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна - яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куіна Сейвары, у якога збіралася ўзяць інтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфіях у «Татлеры», па карыкатурах у «Нью-Йоркеры», па накідах алоўкам у «Меркурыі». Блізарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калідора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куіна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер паліто, абхапіўшы рукою люльку, ён сачыў маленькімі бліскучымі вочкамі за тымі, хто праходзіў па калідоры. У кутку насупраць драмаў святар.
Міс Мейбл Уорэн адчыніла дзверы, увайшла ў купэ і села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, - папулярнасць, а сама не атрымлівае нічога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лісліва, завабліваць яго намёкамі, як яна старалася завабіць доктара Цынера, бо яна магла абразіць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кніг.
- Вы містэр Куін Сейвары? - спытала яна і краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай і цікаўнасцю. «Ну і ёлуп няшчасны, - падумала яна, - яго ўразіў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мільёны - у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера». - Я карэспандэнт газеты «Кларыён». Хачу ўзяць у вас інтэрв'ю.
- Мяне гэта неяк застала неспадзеўкі, - сказаў містэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера паліто.
- Не трэба хвалявацца, - звыкла вымавіла міс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкі блакнот і адкрыла яго. - Толькі некалькі слоў ангельскім чытачам. Падарожнічаеце інкогніта?
- О не, не, - запярэчыў містэр Сейвары. - Я не належу да каралеўскай сям'і.
Міс Уорэн пачала пісаць.
- Куды вы едзеце?
- Ну, перш-наперш, у Канстанцінопаль, - сказаў містэр Сейвары з прамяністай усмешкаю, усцешаны цікавасцю да яго асобы. Але яе цікаўнасць ізноў перакінулася на «Бедэкер», на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фігуры. - Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкі Ўсход, у Багдад, у Кітай.
- Пішаце кнігу падарожжаў?
- Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца «Паехалі за граніцу». Прыгода аднаго вясёлага кокні. Гэтыя краіны, іх цывілізацыі, - ён акрэсліў рукой кола ў паветры. - Германія, Турцыя, Аравія, яны будуць толькі фонам галоўнаму герою, уладальніку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
- Вядома, разумею, - адказала міс Уорэн, хутка запісваючы: «Доктар Рычард Цынер, адзін з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзіму, у Белград. Пяць гадоў усе лічылі яго забітым, аднак увесь гэты час ён жыў і працаваў настаўнікам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставін». - «А якіх?» - разважала міс Уорэн.
- Ваша думка пра сучасную літаратуру? - спытала яна. - Пра Джойса, Лоўрэнса і ўсіх іншых?
- Усё гэта мода, а яна, як вядома, мінае, - экспромтам адказаў містэр Сейвары, нібыта стварыў эпіграму.
- А як наконт Шэкспіра, Чосера, Чарльза Рыда* і іншых?
* Ангельскі пісьменнік (1814-1884), аўтар гістарычных раманаў.
- А вось яны будуць жыць, - урачыста вымавіў містэр Сейвары.
- А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фіцроя?* - «Быў выпісаны ордэр на яго арышт, - пісала яна, - але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калі суд закончыўся, доктар Цынер знік. Паліцыя арганізавала назіранне за ўсімі вакзаламі і спыняла кожны аўтамабіль. Нічога дзіўнага, што неўзабаве пайшлі чуткі, нібыта доктар Цынер быў забіты агентамі ўрада».
* Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пісьменнікаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
- Вы не прыхільнік эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамітнай курткі і г. д.?
- Думаю, што такія экстравагантнасці губяць пісьменнікаў, - сказаў містэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы і, працягваючы гаворку, крадком пазіраў на святара. - Я не паэт. Паэт - індывідуаліст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькі ад сябе самога. Празаік залежыць ад іншых людзей, ён звычайны чалавек, які здольны выказваць свае думкі. Ён - назіральнік, - працягваў містэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пісьменніка. - Ён павінен усё бачыць навокал, а сам мусіць заставацца непрыкметны. Калі ж людзі пачынаюць яго пазнаваць, то яны нізавошта не будуць з ім шчырыя, а пачнуць несці рознае глупства, расказваць байкі, і ніякай карысці з гэтага яму не будзе.
Аловак міс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калі яна выклікала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць - яго адказы на пытанні былі зусім ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзіў бессэнсоўныя закруткі, прыблізна падобныя да стэнаграфічнага запісу, - трэба было пераканаць містэра Сейвары, што яго выказванні запісваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў - рысак, кружкоў і квадрацікаў - міс Уорэн паглыбілася ў роздум. Яна разважала над усім, што тычылася «Бедэкера». Выданне 1914 года, выдатна захаванае, ім амаль што не карысталіся, калі не браць у разлік раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралі ў рукі, што яна адарвалася.
- Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? - з трывогай спытаў містэр Сейвары. - Яны маюць вялікае значэнне. Яны, на маю думку, - адзіныя крытэрыі сапраўднай літаратуры. Разумееце, можна прытрымлівацца гэтых поглядаў і адначасова пісаць кнігі, якія разыходзяцца тыражамі ў сотні тысяч.
Міс Уорэн, узлаваная, што перарвалі яе думкі, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: «Можа, вы лічыце, што і мы маглі б прадаваць два мільёны экземпляраў газеты, калі б пісалі толькі праўду?»
- Вельмі цікава, - сказала яна. - Публіцы гэта спадабаецца. А скажыце, калі ласка, на ваш погляд, які ваш асабісты ўклад у ангельскую літаратуру? - Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай і тыцнула ў яго алоўкам.
- Гэтае, бачыце, нехта іншы павінен вызначыць, але ж кожны спадзяецца... кожны імкнецца зрабіць што-небудзь, каб адрадзіць дух высакародства і цвярозага розуму ў сучаснай літаратуры. У ёй занадта многа самасузірання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет - прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзі. - Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. - Трэба адрадзіць дух Чосера. - Па калідоры прайшла нейкая жанчына, і на імгненне ўся ўвага містэра Сейвары перакінулася на яе, ён нібыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. - Чосер, - паўтарыў ён. - Чосер. - І раптам імпэт яго згас на вачах у міс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, і, нахіліўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклікнуў: - Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!
Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзіцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цікаўнасцю і пажадлівасцю, чалавек, блізкі да істэрыкі. Міс Уорэн злараднічала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавідзела асабіста яго, ёй быў ненавісны ўсякі надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнігі ці дасягненне хуткасці ў тры тысячы міль у гадзіну, - ва ўсіх такіх выпадках яна брала інтэрв'ю, а шчаслівец спагадліва даваў яго. Няўдачнік жа, даведзены да роспачы, - гэта зусім іншая справа, тут яна выступала ад імя абуранага грамадства, пранікала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкія кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны паміж пальмамі ў вазонах і піяніна, прыціснуты да вясельнай фатаграфіі і мармуровага гадзінніка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, інтымныя пытанні, амаль не чуючы адказаў. «Так, сапраўды, не надта вялікая адлегласць аддзяляе містэра Куіна Сейвары, аўтара «Развясёлага жыцця», ад такога няўдальца», - задаволена падумала яна.
- Дух цвярозага розуму - гэта ваша крэда? - ухапіўшыся за яго словы, спытала яна. - Вы прынцыпова супраць адзнак «Толькі для дарослых»? Вашымі кнігамі адорваюць выдатнікаў у школах.
Насмешка яе прагучала занадта яўна.
- Я ганаруся гэтым, - сказаў ён. - Маладое пакаленне павінна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кінуты ў калідор. «Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, - падумала яна, - публіцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Ім яшчэ болей спадабаецца, калі ён дакоціцца да вулічнага прамоўцы ў Гайд-Парку, - хутчэй за ўсё так яно і будзе праз некалькі гадоў. Я дажыву да гэтага часу і нагадаю ім свае словы». Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. «Паглядзіце на яго зараз: на яго маршчынкі - адзнакі слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты - усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкі і кружочкі ў «Бедэкеры», аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамі, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, і ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
- Божухна! - усклікнула міс Уорэн. - Нарэшце я ўсё зразумела!
Містэр Сейвары ўсхапіўся з месца:
- Што вы зразумелі? Наконт зубнога болю?
- Не, не, - сказала міс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнілася святлом, якое не пакінула ніводнага зацішнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. - Я маю на ўвазе ваша цудоўнае інтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напісаць.
- Я ўбачу карэктуру?
- Ах, мы ж не штотыднёвік. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго біфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта інтэрв'ю заўтра за ранішняй кавай.
І пераканаўшы яго, што інтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, міс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзіць гэтага стомленага чалавека, які ўжо ўхапіўся за думку пра новы паўмільённы тыраж яго новай кнігі, якая ў людзей кароткая памяць - сёння яны купляюць кнігу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапіла больш буйная гульня - яна лічыла, што ўжо разгадала тайну «Бедэкера». Штуршком былі яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў «Бедэкеры», як ёй запомнілася, была тонкая і дастаткова празрыстая, калі падкласці схему пад паметкі алоўкам на папярэдняй старонцы, лініі можна бачыць наскрозь.
«Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, - разважала яна. - За гэта трэба выпіць. Знайду я зараз парожняе купэ і паклічу афіцыянта». Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палічыла за лепшае пасядзець адной, з келіхам Курвуазье, там, дзе нічога не перашкодзіць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнічала абачліва: не выцягнула «Бедэкера» з-пад кофтачкі да таго часу, пакуль афіцыянт не прынёс каньяк. І нават тады зрабіла гэта не адразу. Яна паднесла келіх да ноздраў, дазваляючы віннай пары дайсці да таго месца, дзе мозг, відаць, злучаецца з носам. Алкаголь, які яна піла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вільготны дзень. «Галава круціцца, - падумала яна, - у мяне круціцца галава». Праз келіх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такі аднастайны і звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палі, дрэвы, маленькія фермы. Яе вочы, блізарукія і пачырванелыя ад аднаго толькі паху віна, не заўважалі, што адбыліся нейкія змены ў надвор'і. Яна паглядзела на неба, шэрае і бясхмарнае, і на цьмянае сонца. «Няма нічога дзіўнага, калі пойдзе снег», - падумала яна і праверыла, ці поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкі «Бедэкер». Цягнік ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, і ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
Яе здагадка была правільная, гэта, ва ўсякім разе, дакладна. Калі яна пачала разглядаць на святло схему і старонку з адзнакамі, рысачкі ляглі ўздоўж вуліц, кружочкі абвялі грамадскія будынкі: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лічыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за ілжэсведчанне. Аднак у такім разе схема не мела ніякага сэнсу. Яна зноў пачала пільна яе вывучаць. Вуліцы былі адзначаны невыпадкова, тут існавала нейкая пэўная сістэма: квадраты дакладна размяшчаліся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другім - з поштай, на трэцім - з судом. Усярэдзіне квадрацікі рабіліся ўсё меней і меней і, нарэшце, акружалі толькі турму.
З абодвух бакоў цягніка стромка ўзнімаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Іскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нібыта градзінкі, грукаталі па вокнах, цемра запоўніла вагоны, калі доўгі цягнік з грукатам уварваўся ў тунель. «Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя», - думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўні вачэй, каб не прапусціць моманту, калі зноў з'явіцца святло.
Грукат сціхнуў, раптам наўкол ізноў зрабілася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На ім ізноў быў плашч, і яна акінула пагардлівым поглядам яго акуляры, сівыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы і вузкі, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок і сказала з усмешкаю:
- Ну і як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ і зачыніў дзверы. Без усякай адзнакі варожасці ён сеў насупраць яе. «Ён разумее, што я паставіла яго ў безвыходнае становішча, і вырашыў паводзіць сябе разумна».
- Ваша газета ўхваліла б ваш учынак? - раптам спытаў ён.
- Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкінулі б на вуліцу. Але калі яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. - І дадала з добра разлічаным нахабствам: - Думаю, за такі матэрыял варта прыбавіць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без ніякага гневу:
- Я вам нічога не раскажу.
Яна пагардліва махнула на яго рукой.
- Вы мне шмат чаго ўжо расказалі. А яшчэ і гэта. - Яна пастукала па «Бедэкеры». - Вы былі настаўнікам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Мы атрымалі інфармацыю ад вашага дырэктара. - Ён нахіліў галаву. - А потым, - працягвала яна, - ёсць яшчэ гэтая схема. І гэтыя каракулі. Я іх ужо супаставіла і ўсё зразумела.
Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца ці выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзіны збянтэжылі яе, і на кароткае імгненне яна падумала: «Можа, з маіх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусім не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнільніц, бразгатлівых званкоў і паху хлапечай вопраткі?» Гэтыя сумненні крыху паменшылі яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збіралася, - сваім хрыплым голасам ёй цяжка было кіраваць.
- Мы прыйдзем да згоды, - лагодна рыкнула яна. - Я не збіраюся рабіць вам ніякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калі вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыі будзе яшчэ большая. Абяцаю нічога не друкаваць без вашай асабістай згоды. - Яна сумна дадала, нібыта была мастаком, якога вінавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымі фарбамі: - Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыі. Толькі ўявіце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
Старасць імкліва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоі, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкі ад турэмнай камеры, і вось ён сядзіць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулі мінулыя падзеі, усе разам наваліліся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, які, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабіўся такі ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.
- Ну, перш за ўсё, якія ў вас планы? - спытала міс Уорэн. - Мне здаецца, што вы ў многім залежыце ад трушчоб.
Ён пахітаў галавой:
- Я ні ад каго не залежу.
- Вы кіруеце ўсім?
- Я тут самы маленькі чалавек.
Міс Уорэн зласліва стукнула сябе па калене.
- Мне трэба дакладныя адказы. - І зноў пачула:
- Я вам нічога не скажу.
«Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, - падумала яна, - ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу». Яна была вельмі паблажлівая, яна была ўпэўненая, што перад ёй - не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачніку яна магла дараваць многае, з ім яна магла быць спагадлівай і лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывістымі словамі, падобнымі да ціхага ржання, як толькі няўдачнік пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам ішоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахілілася і паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькі была здатная.
- Тут мы з вамі заадно, доктар. Хіба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. «Грамадская думка» - вось як называюць яшчэ «Кларыён». Я ведаю, вы баіцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра і ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублікуем ніводнага слова, нават не заікнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькі тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: «Гісторыя доктара Цынера, расказаная ім самім. Выключна для «Кларыёна». Ну, хіба гэта не пераканаўча?
- Мне няма чаго сказаць.
Міс Уорэн зняла руку з калена. «Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць паміж мной і прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, паміж мной і Джанет Пардаў», - разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабіўся для яе ўвасабленнем усіх мужчын, якія квапяцца на яе шчасце: сваімі грашыма і дробязнымі падачкамі яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знішчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбіваў на друзачкі статуі, - гэта не было бяссэнсавым актам вандалізму. Нейкая сіла Багародзіцы перадавалася і яе статуі, а калі галава ў яе была адбітая, не ставала ўжо рукі і нагі, абламаныя былі сем мячоў, якія ўтыкаліся ў яе цела, то пачалі ставіць меней свечак і чытаць меней малітваў каля яе алтара. Калі хоць адзіны мужчына - доктар Цынер, напрыклад, - будзе дашчэнту знішчаны жанчынай, дык меней маладзенькіх дурніц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сілу і спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост і на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, які зыходзіць ад няўдачніка, яна дала яму яшчэ адзін шанец.
- Няма чаго?
- Няма чаго.
Міс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.
- Вы ўжо расказалі мне шмат чаго істотнага. - Гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання, і яна пачала тлумачыць яму павольна і падрабязна, нібыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: - Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяці гадзін я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяці. Матэрыял у першы лонданскі выпуск не паступае ў тыпаграфію да адзінаццаці. Нават калі паведамленне затрымаецца да трох гадзін раніцы, можна яшчэ перарабіць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяці раніцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславіі. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнік прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявіць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыяліст, які пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзіму. У панядзелак ён сеў на Ўсходні экспрэс у Остэндэ, цягнік прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лічаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялістамі, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе ніколі не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапіць вакзал, паштамт і турму. - Міс Уорэн зрабіла кароткую паўзу. - Вось такую гісторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калі вы дадзіце якія-небудзь дадатковыя звесткі, я папрашу іх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволіце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.
- Кажу вам, што я выходжу ў Вене.
- Я вам не веру.
Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскіх труб і вялізны чорны металічны цыліндр на фоне шэрага, з водбліскамі, неба. Купэ напоўнілася пахам газы. На невялікіх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялізныя качаны блішчалі ад інею.
- У мяне няма падстаў баяцца вас, - сказаў ён вельмі ціха, і ёй давялося нахіліцца наперад, каб разабраць яго словы.
Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, і яго спакой дзейнічаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана і злосна, нібыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных - чалавек, які толькі што плакаў уголас, схаваўшыся за