Грэм ГрынХто прайграе, бярэ ўсё
Шаноўны браце!
Паколькі мы былі аб'яднаныя з табою чвэрць стагоддзя агульнымі справамі і сяброўствам, я прысвячаю табе гэтую фрывольнасць без твайго дазволу. У адрозненне ад маіх крытыкаў-католікаў ты, я ўпэўнены, калі будзеш чытаць гэтую невялікую гісторыю, не зблытаеш мяне з яе героем, гэтаксама мне не трэба тлумачыць табе тое, што гэтая аповесць была напісана не з мэтаю патураць пралюбадзейству, нашэнню толькі верхняй часткі піжамы ці рэгістрацыі шлюбаў у мэрыі. Аповесць таксама не мела мэтаю адбіць ахвоту гуляць на грошы.
З любоўю і ўдзячнасцю
Грэм Грын
Частка першая
1
Па-мойму, гэтая невялікая зеленаватая статуя чалавека ў парыку, вярхом на кані - адна з найвялікшых славутасцей ва ўсім свеце.
Я сказаў Кэры:
- Бачыш, як блішчыць у каня правае калена? Да яго, відаць, надта часта дакраналіся, як да ступака Святога Пятра ў Рыме. Кажуць, гэта прыносіць удачу.
Яна далікатна і пяшчотна пацерла гэтае калена, нібыта паліруючы яго.
- Хіба ты верыш у забабоны? - спытаў я.
- Веру.
- А я не.
- Я веру ва ўсе прымхі. Я заўсёды пазбягаю праходзіць пад драбінамі. Я кідаю соль праз правае плячо. Я стараюся не наступаць на шчыліны паміж плітамі тратуара. Любы, ты ажаніўся з самай прымхлівай жанчынаю ў свеце. Многія людзі пазбаўлены ў жыцці шчасця. А мы - шчаслівыя. І я не збіраюся рызыкаваць ні калівам нашага шчасця.
- Ты так рупліва пацерла гэтае калена, што нас абавязкова чакае вялікая ўдача за зялёнымі сталамі.
- Я не дамагаюся такой удачы, - сказала яна.
2
У той вечар я прыгадаў, што наша шчасце пачалося два тыдні таму ў Лондане. Мы павінны былі павянчацца ў царкве Святога Лукі на Мэйда-Хіл, а потым правесці мядовы месяц у Борнмуце. Не, на першы погляд, мы не планавалі ніякіх асаблівых асалод, дый мне, сказаць па шчырасці, было ўсё адно куды ехаць, абы Кэры была побач. Нашы сродкі дазвалялі паехаць у Ле Тукэ, але, на наш погляд, лепей было б спыніцца на Борнмуце, дзе мы былі б зусім адны, бо нашы знаёмыя Рэмеджы і Труфіты збіраліся адпачываць разам з намі ў Ле Тукэ.
- Апроч таго, ты пакінуў бы там усе грошы ў казіно, - сказала Кэры, - і мы змушаны былі б вярнуцца дамоў.
- Лічбы - мая стыхія. Я цэлымі днямі сярод іх.
- Табе не будзе сумна ў Борнмуце, праўда?
- Не. Вядома, не.
- Шкада, што гэта ў цябе ўжо другі мядовы месяц. А ці весела правёў ты свой першы ў Парыжы?
- Мы правялі там толькі ўікэнд, - абачліва сказаў я.
- Ты яе вельмі кахаў?
- Паслухай, - сказаў я. - З тых часоў мінула ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Тады ты яшчэ нават не хадзіла ў школу. Я ж не мог увесь гэты час чакаць спаткання з табой.
- Але ты ж яе кахаў?
- У той вечар, калі яна мяне кінула, я запрасіў на абед Рэмеджа і пачаставаў яго самым лепшым шампанскім, якое я толькі мог знайсці. Потым я вярнуўся дамоў і праспаў дзесяць гадзін запар. Па начах яна мела звычку брыкацца, і, шчыра сказаўшы, мне проста не хапала месца ў адным ложку з ёю, каб як след выспацца.
- Адкуль ты ведаеш, можа, я таксама брыкаюся па начах?
- Ты - зусім іншая рэч. Мне нават хочацца, каб ты брыкалася, бо тады буду заўсёды ўпэўнены, што ты побач. Уяві сабе, якую плойму часу мы марнуем на сон. Чвэрць нашага жыцця!
Мае словы прымусілі яе надоўга задумацца. У адрозненне ад мяне лічбы ніколі не былі яе стыхіяй.
- Болей, - нарэшце азвалася яна, - шмат болей. Я люблю паспаць гадзін дзесяць.
- Гэта яшчэ горш, - сказаў я. - Дадай да гэтага яшчэ восем гадзін на працы без цябе. А ежа? Гэтая прыкрая справа - патрэба есці...
- Добра, я паспрабую брыкацца, - паабяцала яна.
Гэтая размова адбылася акурат у той дзень, калі пачалося наша так званае шчасце, пад час ленчу. Мы звычайна сустракаліся непадалёк ад маёй канторы, у бары «Валанцёр». Кэры любіла піць сідр і з зайздросным апетытам ела халодныя сасіскі. На маіх вачах яна за раз з'ядала ажно пяць сасісак, а зверху яшчэ і яйка ўсмятку.
- Калі б мы былі заможныя, - сказаў я, - ты не марнавала б часу на кухню.
- Ты толькі падумай, мы яшчэ болей трацілі б часу на ежу. Гэтыя сасіскі... Глядзі, раз - і іх ужо няма. За такі час мы б нават не паспелі ўправіцца з ікрой.
- А яшчэ sоlе mеunіеrе*, - сказаў я.
* Галавень, запечаны ў цесце (фр.).
- Маленькае засмажанае вясновае кураня з зялёным гарошкам.
- А sоuffle Rоthschild*.
* Суфле Ротшыльд (фр.).
- Ох, калі ласка, не трэба быць багатымі, - сказала яна. - Мы разлюбілі б адно аднаго, калі б займелі грошы. Я зрабілася б такая таўшчэзная, і валасы ў мяне павылазілі б...
- Гэта не мела б аніякага значэння.
- Не кажы, - сказала яна. - Сам ведаеш - мела б.
Размова сама па сабе неяк знянацку закончылася. Кэры была не такая ўжо маладая, каб не назапасіць пэўнага жыццёвага вопыту, і яе ўзрост дазваляў ёй добра разумець, што такая мудрасць не павінна выказвацца ўголас, калі людзі шчаслівыя.
Я вярнуўся ў велічны гмах сваёй канторы, дзе паўсюль ззяла шкло, шкло і шкло, з бліскучай мармуровай падлогай і сучаснымі скульптурамі ў альковах і нішах, падобнымі на статуі святых у каталіцкіх саборах. Я працаваў памочнікам бухгалтара (пераспелым памочнікам бухгалтара), і сама веліч гэтага будынка рабіла мой далейшы рух па службовай лесвіцы амаль неверагодным. Каб падняцца вышэй першага паверха, мне трэба было б зрабіцца самому якой-небудзь вытанчанай скульптурай.
У маленькіх і не дужа камфартабельных канторах у Сіці адны клеркі паміраюць, іншыя займаюць іх месцы на службовай лесвіцы: спрактыкаваныя джэнтльмены цікуюць з-за сталёвых боксаў на малодшых калег і клапоцяцца пра іх, як у раманах Дзікенса. Аднак тут, у велізарным вытворчым памяшканні з бязгучным ціканнем камп'ютэраў, з лясканнем тэлетайпаў, з ціхім стракатаннем машынак, кожны адчувае, што няма ніякіх шанцаў чалавеку, які не скончыў спецыяльнага каледжа для прывілеяваных асоб.
Не паспеў я заняць сваё месца, як па селектары разнеслася:
- Містэра Бертрама запрашаюць у дзесяты пакой.
Гэта значыць мяне.
- Хто там сядзіць у дзесятым пакоі? - спытаў я.
Ніхто не ведаў. Хтосьці сказаў:
- Гэта, пэўна, на восьмым паверсе.
У голасе адчувалася глыбокая пашана, нібыта гаворка вялася пра вяршыню Эверэст - восьмы паверх узнёсся ў неба настолькі высока, наколькі дазвалялі тагачасныя прадпісанні муніцыпальнага савета Лондана.
- Хто там сядзіць у дзесятым пакоі? - запытаўся я ў ліфцёра.
- Хіба вы не ведаеце? - пахмурна пацікавіўся ён. - Вы тут даўно працуеце?
- Пяць гадоў.
Мы пачалі падымацца ўгору. Ён сказаў:
- Вы павінны ведаць, хто сядзіць у дзесятым пакоі.
- Але мне гэта невядома.
- Працаваць пяць гадоў і не ведаць такога.
- Напрамілы бог, скажыце.
- Прыехалі. Восьмы паверх, налева.
Калі я выходзіў з ліфта, ён змрочна кінуў наўздагон:
- Гэта ж трэба, не ведае гаспадара дзесятага пакоя.
Ён крыху памякчэў, калі прыкрываў дзверцы ліфта:
- Хто ж яшчэ там можа быць? Вядома, Гом.
Гэта прымусіла мяне запаволіць крок.
У мяне няма ніякай веры ў шчасце. Я зусім не прымхлівы чалавек. Але проста непазбежна, калі табе сорак гадоў і ты не дасягнуў ніякіх поспехаў па службе, ты пачынаеш пакрысе верыць, што народжаны пад нешчасліваю зоркай. Я не быў асабіста знаёмы з Гомам, я толькі здаля бачыў яго двойчы. І не было ніякіх падстаў - наколькі мне вядома, - каб мы з ім калі пазнаёміліся. Ён быў старэйшы за мяне і, відаць, памрэ першы. Без асаблівай ахвоты я мушу буду ўнесці грошы на яго помнік. Аднак тое, што мяне раптам выклікалі з першага паверха на восьмы, узрушыла мяне. Цікава, якую жахлівую памылку я зрабіў, каб атрымаць вымову ў дзесятым пакоі? Акурат тады ў мяне з'явілася сур'ёзнае прадчуванне, што мы з Кэры ніколі не павянчаемся ў царкве Святога Лукі, гэтаксама як не паедзем на два тыдні ў Борнмут. Прынамсі, я меў рацыю.
3
Гома называлі Гомам тыя, хто яго не любіў, і ўсе астатнія, хто ставіўся да яго абыякава. Яго ўчынкі, як надвор'е, прадказаць было немагчыма. Калі ў канторы ставілі новыя тэлетайпы ці замянялі старыя, але яшчэ надзейныя і звыклыя камп'ютэры на новыя, усе ўздыхалі: «Зноў гэты Гом, відаць», - перш як распачаць вывучэнне тых найноўшых цацак. На Каляды раздаваліся надрукаваныя паперкі, адрасаваныя асабіста кожнаму работніку фірмы (пэўна, усё машынапіснае бюро шчыравала цэлы дзень, але заўсёды пад гэтымі прывітаннямі з нагоды свята ставілася факсіміле «Герберт Друтэр»). І мяне заўсёды крыху здзіўляла тое, што паштоўкі не былі падпісаныя яго мянушкай - Гом. У гэты знамянальны час, калі ўсім супрацоўнікам фірмы шчодра раздаваліся грашовыя прэміі і цыгары, колькасць якіх немагчыма было прадбачыць, можна было пачуць, як яго завуць поўным імем - Вялікі Стары*.
* Гом - па-ангельску Gоm - абрэвіятура ад Grеаt Оld Маn - Вялікі Стары.
І сапраўды было штосьці велічнае ў яго грыве валасоў, якімі ён нагадваў славутага музыканта. Калі іншыя збіралі карціны, каб унікнуць падаткаў на спадчыну, ён іх калекцыяніраваў дзеля асалоды. Ён меў звычку раптоўна знікаць на месяц на сваёй яхце ў кампаніі пісьменнікаў і актрыс і іншых дзівакоў накшталт гіпнатызёра або чалавека, што вырасціў новую асаблівую ружу ці вынайшаў нешта новае ў галіне эндакрыналогіі. Мы, на першым паверсе, вядома, ніколі асабліва не сумавалі па ім: мы проста нічога пра гэта не ведалі б, калі б не падрабязныя справаздачы ў газетах - танныя нядзельныя штотыднёвікі сачылі за шляхам Гомавай яхты ад порта да порта. Газетчыкі, як звычайна, вышуквалі на борце яхты Друтэра нейкія скандальныя сенсацыі, але там ніколі не адбывалася ніякіх скандальных здарэнняў: ён пазбягаў усякіх непрыемнасцей у свой вольны ад працы час. Ён любіў цішыню і спакой.
Мая пасада дазваляла мне ведаць крыху болей за іншых сваіх калег: аплата дызельнага паліва і віна ішла пад агульным артыкулам на прадстаўнічыя выдаткі. Неяк гэта выклікала абурэнне сэра Ўолта Бліксана. Мой шэф - галоўны бухгалтар - расказаў мне пра гэта. Бліксан быў другой па значнасці асобай у нашай фірме: яго кабінет быў у 45-м пакоі. Ён валодаў такою самаю колькасцю акцый, як і Друтэр, але з ім не параіліся наконт выдаткаў на дызельнае паліва. Ён быў невялікага росту, прышчаваты і несамавіты, да таго ж яго заўсёды грызла зайздрасць. Ён мог бы дазволіць сабе набыць яхту, але ж хто пажадаў бы падарожнічаць разам з ім. Калі ён выказаўся супраць дызельнага паліва, Друтэр велікадушна саступіў яму, аднак прапанаваў выкінуць з рахунку фірмы выдаткі на прыватны бензін. Сам ён карыстаўся аўтамабілем фірмы, бо жыў у Лондане, а Бліксанаў дом быў у Хэмшыры. Тое, што Друтэр абачліва называў кампрамісам, было дасягнута, але ўсё засталося па-ранейшаму, як і было. Калі Бліксан ухітрыўся здабыць сабе рыцарскае званне, на некаторы час перавага была за ім, пакуль не пайшлі пагалоскі, што Друтэр адмовіўся быць побач з ім у тым самым узнагародным спісе. Адно толькі было праўда - неяк на званым прыёме, на які былі запрошаны Бліксан і мой шэф, Друтэр уголас ганіў рыцарскі тытул, які збіраліся прысвоіць нейкаму мастаку: «Гэтага быць не можа. Ён не прыме яго. Ён адмовіцца. Ордэн «За заслугі» ці яшчэ хіба што С.Н.* - адзіныя ўзнагароды, сапраўды вартыя пашаны». Крыўда ўзмацнялася яшчэ і таму, што Бліксан ніколі нават і не чуў пра такую ўзнагароду, як С.Н.
* Соmраnіоn of Ноnоur - Кавалер ордэна Пашаны (англ.).
Аднак Бліксан чакаў свайго часу. Яшчэ адзін пакет акцый забяспечыў бы яму кантроль над усёй фірмаю, і мы былі ўпэўненыя, што кожны вечар ён маліў бога (ён быў царкоўны стараста ў Хэмшыры), каб гэтыя акцыі былі выкінуты на біржу, пакуль Друтэр падарожнічае ў адкрытым моры на сваёй яхце.
4
З роспаччу на сэрцы я пастукаў у дзверы дзесятага пакоя і ўвайшоў, але нават роспач не перашкодзіла мне запомніць дэталі, даведацца пра якія будзе надта цікава на першым паверсе. Пакой зусім не быў падобны на афіцыйны кабінет - там стаяла кніжная шафа, запоўненая зборамі твораў ангельскіх класікаў, і вытанчаны густ Друтэра выяўляўся ў тым, што на паліцах былі, скажам, Тролап і Стывенсан, а не Дзікенс ці Скот, - гэтым самым падкрэсліваліся яго асабістыя прыхільнасці. На дальняй сцяне вісела малавядомая карціна Рэнуара і невялікі цудоўны пейзаж Будэна. Адразу кідалася ў вочы, што ў гэтым кабінеце не было пісьмовага стала. Затое была канапа. Невялікі стосік дзелавых папер ляжаў на століку ў стылі эпохі Рэгенцтва, а Бліксан і мой шэф з нейкім незнаёмым няёмка прымасціліся на краі лёгкіх крэслаў. Самога Друтэра амаль што не было відно - ён разваліўся ў самым глыбокім і вялікім крэсле, трымаючы над галавой нейкія паперы, і злосна глядзеў на іх скрозь таўшчэзныя акуляры - такіх тоўстых акуляраў я раней ніколі не бачыў на чалавечым твары.
- Гэта фантастычна, і такога проста не можа быць, - гаварыў ён глыбокім гартанным голасам.
- Я не разумею, навошта надаваць такую важнасць... - сказаў Бліксан.
Друтэр зняў акуляры і пільна глянуў цераз пакой на мяне.
- Хто вы? - спытаў ён.
- Гэта містэр Бертрам, мой памочнік, - паведаміў яму галоўны бухгалтар.
- Што яму тут трэба?
- Вы прасілі мяне паслаць па яго.
- Памятаю, - сказаў Друтэр. - Але гэта было паўгадзіны таму.
- Я адлучаўся на ленч, сэр.
- Ленч? - перапытаў Друтэр, быццам бы гэтае слова было яму зусім новае і незнаёмае.
- Гэта было пад час ленчу, містэр Друтэр, - сказаў галоўны бухгалтар.
- І яны ходзяць на ленч?
- Так, містэр Друтэр.
- Усе?
- Па-мойму, большасць з іх.
- Вельмі цікава. А я нават і не ведаў. Вы ходзіце на ленч, сэр Уолтэр?
- Вядома, хаджу, Друтэр. Ну, нарэшце, напрамілы бог, ці не зможам мы пакінуць гэтую справу ў руках містэра Арнольда і містара Бертрама? Усё разыходжанне складае сем фунтаў, пятнаццаць шылінгаў і чатыры пенсы. Я галодны, Друтар.
- Галоўнае не ў суме, сэр Уолтэр. Мы з вамі нясём адказнасць за вялікі бізнес. Мы не маем права перакладаць сваю адказнасць на плечы іншых. Акцыянеры...
- Вы верзяце зараз несусветную лухту, Друтэр. Акцыянеры - гэта толькі я і вы...
- І яшчэ адзін, сэр Уолтэр. Вы не павінны ніколі забываць пра яго. Містэр Бертранд, калі ласка, сядайце і прагледзьце гэты рахунак. Ён часам не праходзіў праз вашы рукі?
З палёгкай я ўбачыў, што гэты рахунак належыць невядомай кампаніі, з якой у мяне нічога не было.
- Я ніколі не меў справы з кампаніяй «Джэнерал Энтэрпрайзіз», сэр.
- Нічога. Затое вы добра разбіраецеся ў лічбах - кажуць, ніхто тут, лепей за вас, іх не ведае. Калі ласка, прагледзьце рахунак. Можа, вы заўважыце ў ім якую-небудзь памылку.
Самае горшае, пэўна, мінула. Друтэр сам ужо знайшоў памылку і, на самой справе, не быў асабліва заклапочаны яе выпраўленнем.
- Частуйцеся цыгараю, сэр Уолтэр. Бачыце, без мяне вы пакуль што абысціся не можаце.
Ён запаліў цыгару.
- Вы знайшлі памылку, містэр Бертранд?
- Так, знайшоў. У разліку агульных выдаткаў.
- Трапілі ў самую кропку. Затрымайцеся, містэр Бертранд.
- Калі вы нічога не маеце супраць, Друтэр. У мяне заказаны столік у «Берклі»...
- Вядома, сэр Уолтэр, калі вы такі галодны... Я павінен закончыць гэтую справу.
- Пойдзем, Найзміт?
Незнаёмы падняўся, зрабіў непрыкметны паклон у бок Друтэра і бачком выслізнуў услед за Бліксанам.
- А вы, Арнольд, вы яшчэ не хадзілі на ленч?
- Гэта не мае ніякага значэння, містэр Друтэр.
- Вы павінны дараваць мне. Гэта ніколі не прыходзіла мне ў голаў... гэты... як яго?.. час на ленч - здаецца, вы так яго называеце?
- Сапраўды, гэта не мае...
- Містэр Бертранд ужо хадзіў на ленч. Мы з ім вырашым гэтую праблему. Калі ласка, скажыце міс Булэн, што я не адмоўлюся ад шклянкі малака. А як вы, містэр Бертранд, наконт шклянкі малака?
- Не. Дзякуй, сэр.
Я апынуўся сам-насам з Гомам. Я адчуваў сябе безабаронным, калі ён назіраў, як я перабіраю ў руках паперы - на восьмым паверсе, на горнай вяршыні - падобны на тых біблейскіх прарокаў, якім правадыр загадвае: «Прадказвайце! Прарочце! Растлумачце свяшчэннае пісанне!»
- Дзе вы снедаеце, містэр Бертранд?
- У «Валанцёры».
- Гэта добры рэстаран?
- Гэта бар.
- У іх добрая ежа?
- Толькі лёгкія закускі.
- Вельмі цікава.
Ён змоўк, і я нанава пачаў усё складваць, пераносіць, вылічаць. Некаторы час я быў у цяжкім становішчы. Чалавечыя істоты могуць зрабіць найпрасцейшую памылку, скажам, забыць перанесці нейкую лічбу, але ўсе гэтыя найноўшыя машыны, хіба яны не здатныя...
- Я адчуваю сябе нібыта ў адкрытым моры, містэр Бертранд, - сказаў Друтэр.
- Мушу прызнацца, сэр, і я трохі збянтэжаны.
- О, я не меў на ўвазе тое, што вы думаеце. Зусім не тое. Не трэба спяшацца. Вы справіцеся з усім гэтым. Час ёсць. Я меў на ўвазе тое, што, калі сэр Уолтэр выйшаў з майго пакоя, я адразу адчуў нейкую палёгку і супакаенне. Я пачынаю думаць пра сваю яхту.
Дым цыгары павіс паміж намі.
- «Luхе, саlmе еt vоluрte»*, - сказаў ён.
* «Хараство, спакой і асалода» (фр.).
- Я не магу знайсці ніякага оrdrе* ці bеаute** у гэтах лічбах, сэр.
* Парадку (фр.).
** Прыгажосці (фр.).
- Вы чыталі Бадлера, містэр Бертранд?
- Чытаў.
- Ён мой любімы паэт.
- А мне болей падабаецца Расін, сэр. Пэўна, таму, што я па спецыяльнасці матэматык.
- Не надавайце надта вялікага значэння яго класіцызму. У творах Расіна сустракаюцца мясціны, містэр Бертранд, дзе... расхінаецца прорва.
У мяне было адчуванне, што ён мяне вывучае, пакуль я пераправяраў усё зноў і зноў. Нарэшце ён вынес вердыкт:
- Надзвычай цікава...
Аднак цяпер ужо я сапраўды поўнасцю пагрузіўся ў справу. Я ніколі не мог зразумець абыякавасці да лічбаў у недасведчаных. Самы апошні дурань цьмяна разумее паэзію сонечнай сістэмы - «гэтай арміі нязменнага закону», - і ўсё адно ён не здольны ўбачыць чароўнасць у дзяржаўным кроку лічбавых калон: лічбы рухаюцца ўгору, перакрыжоўваюцца, нейкая лічба выступае на чале калоны, - і ўсё гэта разам выглядае нібыта дбайна падрыхтаванае, мудрагелістае практыкаванне ў вайсковых калонах на маршы. Цяпер я сачыў за адной маленькай лічбаю, што ўпарта ўхілялася ад мяне.
- Якія камп'ютэры выкарыстоўваюць на «Джэнерал Энтэрпрайзіз», сэр?
- Гэта дакладна ведае міс Булэн.
- Я перакананы, што ўся справа ў камп'ютэрах маркі «Рэволг». Мы ўжо не карыстаемся імі гадоў пяць. Калі яны ў нас былі, у іх назіралася тэндэнцыя рабіць нязначныя памылкі, і толькі ў камбінацыях лічбаў 2 і 7, і тое не заўсёды, а толькі пры адыманні і складанні. А зараз, зірніце, сэр, гэтае спалучэнне сустракаецца тут чатыры разы, але толькі ў адным месцы зроблена памылка...
- Калі ласка, не трэба мне гэтага тлумачыць, містэр Бертранд. Я ўсё адно нічога ў гэтым не разумею.
- Ніхто не зрабіў ніякай памылкі, вінаватая толькі машына. Прапусціце гэтыя лічбы праз адну з вашых новых машын і выкіньце на сметнік усе машыны маркі «Рэволг», бо яны ўжо даўно адпрацавалі свой тэрмін.
Я адкінуўся на канапе, задыхаючыся ад пачуцця трыумфу. Зараз я адчуваў сябе роўняй з любым чалавекам. Сапраўды, гэта было адмыслова праведзенае расследаванне. Даволі простае для людзей дасведчаных: да мяне ўсе слепа верылі ў дасканаласць машыны, але няма машын дасканалых ва ўсіх адносінах - у кожным злучэнні, заклёпцы, шрубцы ляжыць першародны грэх. Я імкнуўся растлумачыць усё гэта Друтэру, але не змог.
- Дужа цікава, містэр Бертранд. Мне прыемна, што мы вырашылі гэтую праблему, пакуль сэр Уолтэр задавальняў свае плоцевыя жаданні. Вы сапраўды не хочаце выпіць шклянку малака?
- Не, дзякуй, сэр. Мне трэба вяртацца на першы паверх.
- Не спяшайцеся. Вы выглядаеце стомленым, містэр Бертранд. Калі вы апошні час былі ў адпачынку?
- Мой сёлетні адпачынак якраз вось-вось пачнецца, сэр. Сказаць па праўдзе, я збіраюся выкарыстаць яго для жаніцьбы.
- Сапраўды? Вельмі цікава. Вы атрымалі свой гадзіннік?
- Гадзіннік?
- Наколькі мне вядома, у нашай фірме заўсёды дораць гадзіннік з такой нагоды. Вы ўпершыню жэніцеся, містэр Бертранд?
- Не... другі раз.
- Ага, добра. Другі раз дае значна болей шанцаў.
Гом, безумоўна, прывабліваў да сябе людзей. Ён прымушаў вас размаўляць з ім шчыра і рабіў выгляд, што сапраўды зацікаўлены ў вашых справах - і, я думаю, ён і быў такі некалькі хвілін. Ён быў вязень у сваім пакоі, і нязначныя факты вонкавага свету даходзілі да яго свядомасці і ўражвалі сваёй навізной, ён радаваўся ім, як вязень радуецца мышы ці даражыць кожным лістком, што выпадкова трапляе ў камеру праз краты. Я сказаў:
- Мы збіраемся правесці мядовы месяц у Борнмуце.
- Ах, на мой погляд, гэта не дужа ўдалая думка. Надта ўжо ў класічным стылі. Вам трэба павезці маладую жонку на поўдзень... скажам, заліў Рыо-дэ-Жанейра...
- Баюся, што я не магу дазволіць сабе гэтага, сэр.
- Сонца пайшло б вам на карысць, містэр Бертранд. Вы выглядаеце бледным. Можна было б паехаць у Паўднёвую Афрыку, але гэта будзе не лепей, чым Борнмут.
- Баюся, што ў любым выпадку...
- Выдаткі я вазьму на сябе, містэр Бертранд. Вы з вашай прыгожай маладой жонкай паедзеце на маёй яхце. Усе мае госці высаджваюцца ў Ніцы і Монтэ-Карла. Я забяру вас адтуль трыццатага. Мы паплывём уздоўж узбярэжжа Італіі, у Неапалітанскі заліў, на востраў Капры...
- Баюся, сэр, гэта ажыццявіць будзе цяжкавата. Я вам вельмі ўдзячны, але, зразумейце, мы вянчаемся акурат трыццатага.
- Дзе?
- У царкве Святога Лукі, Майда-Хіл.
- Святога Лукі! Вы зноў надта класічны, мой друг. Вам нельга паводзіць сябе так класічна з прыгожай маладой жонкаю. Я думаю, што яна маладая, містэр Бертранд?
- Так.
- І прыгожая?
- Па-мойму, так, сэр.
- У такім разе вы проста абавязаны зарэгістраваць свой шлюб у Монтэ-Карла. У мэрыі. А я буду за сведку. Трыццатага. Вечарам мы адплывём у Партавіна. Гэта будзе куды лепей, чым царква Святога Лукі ці Борнмут.
- Але, сэр, пэўна, узнікнуць некаторыя цяжкасці з афармленнем адпаведных папер...
Але ён ужо званіў міс Булэн. Думаю, што з яго выйшаў бы неблагі акцёр: ён ужо ўяўляў сябе ў ролі Гаруна-аль-Рашыда, які можа ўзняць чалавека з невядомасці і прызначыць яго валадаром правінцый. У мяне таксама з'явілася думка, што ён меў яшчэ на мэце абудзіць зайздрасць у Бліксана. Гэта было працягам таго, як ён паставіўся да рыцарскай годнасці свайго партнёра. Бліксан, пэўна, задумаў запрасіць на абед прэм'ер-міністра. А Гом імкнуўся давесці, што ён ні ў што не ставіць званне рыцара. Гэта абясцэніла б любы поспех у вялікім свеце, якога толькі мог дамагчыся Бліксан.
Міс Булэн з'явілася з другой шклянкай малака.
- Міс Булэн, калі ласка, узгадніце з нашым аддзяленнем у Ніцы ўсё, што трэба, каб містэр Бертранд змог зарэгістраваць свой шлюб у Монтэ-Карла трыццатага а чацвёртай гадзіне папоўдні.
- Трыццатага, сэр?
- Могуць узнікнуць пэўныя цяжкасці з афармленнем яго пражывання ў Монтэ-Карла - яны павінны ўладзіць гэтае пытанне. Хай залічаць яго ў свой штат, нібыта ён працаваў у іх апошнія пяць месяцаў. Пра гэта яны павінны паведаміць Брытанскаму консульству. Вам лепей абгаварыць усё па тэлефоне з містэрам Цісо, але я не павінен болей напамінаць вам пра гэта. І яшчэ вось што, перадайце сэру Ўолтэру Бліксану, што мы знайшлі істотны дэфект у машынах маркі «Рыволг». Усе гэтыя машыны павінны быць заменены неадкладна. Хай ён пракансультуецца наконт гэтага з містэрам Бертрандам, які параіць, як усё лепей зрабіць. І пра гэта я не павінен вам болей напамінаць. З-за блытаніны ў нас сёння была надта ўтомная раніца. Ну, містэр Бертранд, развітваюся з вамі да трыццатага. Не забудзьце захапіць з сабою збор твораў Расіна. Пакіньце ўсе паперы міс Булэн.
Усё як мае быць уладкавана. Так, прынамсі, лічыў ён. Але апошняе слова было за Кэры.
5
Назаўтра была субота. Я сустрэўся з Кэры ў «Валанцёры» і праводзіў яе да самага дома. Быў адзін з тых вясновых дзён, калі вясковыя пахі можна адчуць нават на лонданскіх вуліцах - свежы водар дрэў і кветак пранікаў на Оксфард-стрыт з Гайд-парка, сабора Сент-Джэмса і Кенсінгтан-Гардэна.
- Ах, - сказала яна. - Як бы мне хацелася быць зараз дзе-небудзь далёка-далёка, там, дзе вельмі весела, і вельмі цёпла, і вельмі...
Я мусіў быў прытрымаць яе, бо яна магла трапіць пад аўтобус. Я заўсёды ратаваў яе ад аўтобусаў і таксі - часам здзіўляўся, як яна наогул застаецца жывая, калі мяне няма побач.
- Што ж, - сказаў я, - мы можам гэта здзейсніць.
І пакуль мы чакалі змены агнёў святлафора, я сказаў ёй усё.
Не ведаю, чаму я чакаў, што яна рашуча паўстане супраць прапановы Гома: пэўна, таму, што ёй надта ўжо падабалася царкоўнае вяселле з хорам і пірагом і ўсёй той лухтою.
- Як будзе цудоўна, - сказаў я, - уяві толькі сабе, пажаніцца ў Монтэ-Карла, а не на Майда-Хіл. А потым нас чакае падарожжа на яхце...
Я ніколі не быў там, таму падрабязнасці былі даволі няпэўныя. Яна сказала:
- І каля Борнмута ёсць мора. Прынамсі, мне так казалі.
- Італьянскае ўзбярэжжа...
- У кампаніі з тваім містэрам Друтэрам.
- Мы будзем жыць з ім у розных каютах, - сказаў я. - І да таго ж, мне здаецца, гатэлі ў Борнмуце будуць перапоўненыя.
- Любы, мне вельмі хочацца абвянчацца ў царкве Святога Лукі.
- Уяві сабе гарадскую залу ў Монтэ-Карла, мэра, апранутага ў святочнае адзенне...
- Хіба гэта ўсё мае значэнне?
- А хіба не?
- Вядома, гэта было б даволі смешна, калі б гэта ўсё не мела ніякага значэння, але ж мы маглі б павянчацца ў царкве Святога Лукі пасля вяртання дадому.
- А да вянчання мы жылі б у граху.
- Я хацела б жыць у граху.
- Калі табе так карціць, - сказаў я, - я гатовы на гэта заўсёды. Хоць сёння апоўдні.
- Ах, толькі не ў Лондане, - сказала яна. - Гэта б азначала проста займацца каханнем. Жыць у граху... - гэта квяцісты парасонік ад сонца і 80 градусаў у цяні і вінаград... і жахліва смелы купальнік. Дарэчы, у мяне няма такога купальніка.
Я палічыў, што ўсё ўладкавалася, але раптам яе позірк затрымаўся на адным з тых завостраных шпіляў, што вытыркаліся з-за платанаў на пляцы наперадзе...
- Мы ўжо паслалі ўсім запрашэнні. Што скажа цётка Марыён? (Яна жыла з цёткай Марыён з таго самага часу, як яе бацькі загінулі ў вайну.)
- Проста скажы ёй праўду. Ёй болей спадабалася б атрымліваць паштоўкі з Італіі, чым з Борнмута.
- Гэта зняважыць пачуцці вікарыя.
- Думаю, што ён ад гэтага не памрэ.
- Дый ніхто і не паверыць, што мы з табой сапраўды ажаніліся, - дадала яна пасля кароткага роздуму (у дабрачыннасці ёй не адмовіш!) - Гэта будзе смешна.
Потым яе настрой ізноў змяніўся, і яна задуменна сказала:
- Ты возмеш сабе гарнітур напракат. А я ўжо справіла сабе вясельны ўбор.
- Ёсць яшчэ час перашыць яго ў вячэрняе плацце. Зрэшты, у любым выпадку ты яго пераробіш у вячэрняе плацце.
Невыразныя абрысы нейкай царквы паўсталі перад нашымі вачамі: гэта быў нязграбны будынак, але не больш пачварны, чым царква Святога Лукі. Ён быў шэры і суровы і ўвесь абляпаны сажаю, чырванаватыя прыступкі колеру гліны выходзілі на вуліцу, а на фасадзе перад уваходам шыльда абвяшчала: «Прыходзь да мяне кожны, хто ў турботах». Гэта ўсё адно што сказаць: «Пакінь надзею...» Толькі што скончылася цырымонія вянчання, і каля ўвахода сабралася цьмяная чарга дрэнна апранутых дзяўчат з дзіцячымі каляскамі - і дзеці і сабакі пранізліва вішчалі і скавыталі, і тут жа былі пажылыя матроны, якія мелі выгляд, нібыта яны сабраліся тут, каб праклясці маладых. Я сказаў:
- Давай паназіраем. Такое можа здарыцца і з намі.
Мноства дзяўчат у доўгіх ружавата-ліловых сукенках і карункавых галандскіх каптурыках выйшлі з царквы і выстраіліся абапал прыступак: яны са страхам паглядалі на маладых нянек з дзецьмі і на матрон, а адна ці дзве не вытрывалі і нервова захіхікалі - цяжка было б папракаць іх за гэта. Два фатографы ўстанавілі камеры, каб зняць цырымонію выхаду маладых на фоне аркі, аздобленай каменнымі лісцікамі канюшыны. І вось нарэшце паявіліся ахвяры, а следам за імі і натоўп сваякоў.
- Гэта жахліва, - сказала Кэры, - проста жахліва. Падумаць толькі, на іх месцы маглі б быць ты і я.
- Ну, ты яшчэ без валляка, ды і я, чорт падзяры, не такі ўжо бездапаможны, каб дапусціць такое.
Нявесціны дружкі выцягнулі пакецікі з папяровымі пялёсткамі руж і пачалі кідаць іх на маладых, якія ішлі да аўтамабіля, упрыгожанага белымі стужкамі.
- Ім пашэнціла, - сказаў я. - З рысам зараз цяжка, але, пэўна, цётка Мэрыён зможа дамовіцца з бакалейшчыкам.
- Не думаю, каб яна зрабіла гэта.
- Нікому нельга давяраць на вяселлі. Яно выклікае ў людзях незразумелую атавістычную жорсткасць. Бачыш, вось зараз яны не даюць нявесце сесці ў машыну, стараюцца абразіць жаніха. Глядзі, - сказаў я, хапаючы Кэры за руку.
Маленькі хлопчык з маўклівай згоды адной пахмурнай матроны падкраўся незаўважаны да дзверцаў аўтамабіля і, як толькі жаніх нахіліўся, каб улезці ў машыну, хлопчык кароткім узмахам шпурнуў поўную жменю рысу ў твар маладому.
- Калі ў цябе толькі шклянка рысу, - сказаў я, - трэба пачакаць, пакуль не ўбачыш вачэй свайго ворага.
- Але ж гэта проста жах, - сказала Кэры.
- Гэта і ёсць, дарагое дзіцятка, тое, што завецца царкоўным шлюбам.
- Але ж наша вяселле будзе зусім не такое. Яно будзе вельмі ціхае - толькі блізкія сваякі.
- Ты забылася на дарогі і агароджы. Гэта хрысціянская традыцыя. Гэты хлопчык ніякі не сваяк. Павер мне. Я ведаю. Я ўжо сам аднойчы вянчаўся ў царкве.
- Ты вянчаўся ў царкве? Ніколі ты не казаў пра гэта, - сказала яна. - У такім разе мне болей даспадобы аформіць наш шлюб у мэрыі.
- Не, у маім жыцці такое здарыцца раз і назаўсёды.
- О божухна, - сказала Кэры, - дакраніся хутчэй да чаго-небудзь драўлянага.
Так яно і здарылася, што два тыдні пасля Кэры гладзіла калена ў каня тут, у Монтэ-Карла, молячы пра шчасце, і мы сядзелі сам-насам у агромістай гасцёўні гатэля. І я гаварыў Кэры:
- Усё будзе добра. Не хвалюйся. Мы зараз адны з табою.
Гэта было сапраўды так, калі не прымаць у разлік рэгістратара, і адміністратара, і кансьержа, і двух мужчын з нашым багажом, і пажылой пары на канапе, бо містэр Друтэр, як мне сказалі, яшчэ не прыехаў, а наперадзе нас чакала цудоўная ноч, якую мы правядзём з Кэры ўдваіх у адным нумары гатэля.
6
Мы абедалі на тэрасе гатэля і назіралі, як людзі ўваходзілі ў казіно. Кэры сказала:
- Можа, зойдзем туды, проста так, пацікавіцца. Зрэшты, мы з табой не належым да заўзятых гульцоў.
- Куды ўжо нам, - сказаў я, - з нашымі пяццюдзесяццю фунтамі.
Мы вырашылі не траціць яе грошы, каб мець магчымасць паехаць у Ле Туке на тыдзень узімку.
- Ты ж бухгалтар, - сказала Кэры. - Ты павінен ведаць дасканала ўсе сістэмы гульні на рулетцы.
- Усе гэтыя сістэмы патрабуюць шмат грошай, - сказаў я.
І раптам я падумаў пра наш нумар, які міс Булэн ужо забраніравала для нас, а я нават не ведаю, колькі ж ён будзе нам каштаваць. Нашы пашпарты былі яшчэ на розныя прозвішчы, таму, па-мойму, было б разумна мець два асобныя нумары, але гасцёўня - гэта было ўжо занадта. Магчыма, яна спатрэбіцца нам пасля вяселля. Я сказаў:
- Каб іграць па сістэме, трэба мець у кішэні мільён франкаў. Да таго ж стаўкі маюць пэўныя межы. Дый банкір ніколі не прайграе.
- Па-мойму, нехта ўжо сарваў банк аднойчы.
- Толькі ў камічных куплетах, - сказаў я.
- Было б вельмі жахліва, калі б мы сапраўды былі заўзятыя гульцы, - сказала яна. - І табе ўвесь час давялося б думаць толькі пра грошы. Ты гэтага рабіць не будзеш, праўда?
- Не, - сказаў я. І гэта была праўда. Тым вечарам мяне хвалявала адзінае пытанне: ці пераспім мы гэтую ноч разам. Дагэтуль мы яшчэ ніколі не спалі з ёй разам. Такія ўжо адносіны склаліся ў нас. Хоць у мяне быў ужо вопыт іншых дашлюбных адносін. Я згодзен быў чакаць яшчэ доўгія месяцы, каб нарэшце правесці разам з ёю рэшту майго жыцця. Але сёння ўвечары мне цяжка ўжо было трываць далей. Я быў узрушаны, як юнак - раптам я адчуў, што мне зусім невядома, што ў Кэры на ўме. Яна была на дваццаць гадоў маладзейшая за мяне і ніколі яшчэ не была замужам - усё было ў яе руках. Я нават не ведаў, як разумець тое, што яна казала. Напрыклад, калі мы прыйшлі ў казіно, яна сказала: «Мы прабудзем тут толькі дваццаць хвілін, не болей. Я вельмі стамілася». Ці гэта быў намёк у маю карысць, ці супраць мяне? Ці, можа, гэта была звычайная канстатацыя факту? Ці хвалявала яе тое самае пытанне, што і мяне? А можа, яна ўсё ўжо вырашыла загадзя і ў яе гэтага пытання ўжо не існавала? Ці, можа, яна лічыць, што я сам павінен узяць ініцыятыву ў свае рукі?
Я падумаў, калі нас праводзілі ў нумар, што там усё само сабой вырашыцца, але ўсё, што яна сказала з вясёлай усмешкай, было:
- Любы, якое марнатраўства!
Міс Булэн мяне запэўніла: «Гэта толькі на адну ноч. Потым вы будзеце на борце яхты».
Нумар складаўся з вялікага пакоя з двума ложкамі, маленькага пакойчыка з адным ложкам і сярэдняга памеру гасцінай паміж імі: усе тры пакоі мелі агульны балкон. Мне здавалася, нібыта мы занялі цэлы фасад гатэля. Спярша яна мяне засмуціла, сказаўшы:
- Нам трэба было ўзяць два адзіночныя нумары.
А потым яна зазначыла, супярэчачы самой сабе:
- Але каб ложкі былі двуспальныя.
А потым я зноў упаў духам, калі яна сказала, пазіраючы на кушэтку ў гасцёўні:
- Я нічога не маю супраць, каб паспаць тут.
Нічога лепшага не прыходзіла мне ў галаву, і таму мы абмяркоўвалі далей розныя сістэмы гульні. Хоць мне было зусім не да гэтых праклятых сістэм.
У казіно мы паказалі свае пашпарты, атрымалі білеты і ўвайшлі ў пакой, які тут называецца сuіsіnе*, дзе робяцца невялікія стаўкі.