Дома хлопчык ужо вярнуўся са школы і цяпер чытаў часопісы з малюнкамі. Фернанда запыталася, як усё прайшло. Але Івар не адказаў і пайшоў мыцца ў пральню. Потым вярнуўся, выйшаў на тэрасу і сеў на лаву, абапершыся спінаю аб сцяну. Над галавой у яго сушыліся гірлянды цыраванай і пазалапленай бялізны. Неба пачынала яснець, а мора цяпер, увечары, рабілася мяккім і ціхім. Фернанда прынесла ганушоўку, дзве шклянкі, глячок з халоднай вадой. Потым села побач з мужам, і ён, трымаючы яе за руку, як было некалі, першы час пасля вяселля, расказаў ёй усё. Ён скончыў і гэтак жа нерухома глядзеў на мора, з-за якога хутка набягаў змрок, з краю ў край захінаючы далягляд. Івар уздыхнуў: «Ён сам вінаваты». Як бы ён хацеў зноў стаць маладым, і каб Фернанда таксама была маладая, і яны паплылі б туды, далёка, за мора — да іншых берагоў.
Пераклад: Зміцер Колас
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com