— Паставіў я рашотку,
Кіту заткнуў я глотку.
Калі ў вокнах каюты
Зялёная цьма,
І пырскі ўзлятаюць
Да труб,
І ўстаюць пахвілінна
То нос, то карма,
А слуга, што падносіць вам
Суп,
Нечакана так валіцца
У куб, —
Калі хлопчык ад рання
Неадзеты сядзіць
І мяшком на падлозе
Яго нянька ляжыць,
Калі хвалі страшэнна
Равуць за кармой
І ніхто не смяецца,
Не п'е і не есць, —
Вось тады для нас ясна,
Што значаць сабой:
Сорак Норд,
Пяцьдзесят Вест!
Горб
Вярблюджы,
Непрыгожы дужа,
Бачыў я ў звярынцы не раз.
Ды горб,
Сама брыдкі,
Расце ўвачавідкі,
Расце ў мяне і ў вас.
Ва ўсіх,
Хто ў працы марудны,
Нямыты, нячэсаны, брудны, —
Узвысіцца
Горб,
Нябачны горб,
Страшэннаю чорнай грудай.
Мы спім да паўдня
І ў свята і ў будні,
Прачнёмся — і свет нам нямілы,
Мы мяўкаем, брэшам,
Ўставаць не жадаем,
Злуемся на губку і мыла.
Скажыце, куды
Уцячы ад бяды,
Дзе ўтоіце горб свой жахлівы,
Нябачаны
Горб,
Агіднейшы
Горб,
Калматае, чорнае дзіва!
Махніце рукой, Забудзьце спакой:
Узяцца вам час за работу,
Не кіснуць, не спаць,
А зямлю капаць,
Капаць да дзесятага поту.
І спёка, вятры,
І дождж праліўны,
І праца — вас зробяць шчаслівым,
Разгладзяць ваш горб,
Нябачаны горб,
Калматы, махнаты, жахлівы!
— Калі скура табе, Насарог, дарага,
Не бяры ты на рогі свае пірага.
Ёсць у мяне шасцёра слуг,
Рухавых, баявых,
І ўсё, што бачыў я наўкруг, —
Я ведаю ад іх.
Яны па знаку па майму
З'яўляюцца ў бядзе.
Слуг гэтых клічуць: Як, Чаму,
Хто, Што, Калі і Дзе.
Я слуг па морах, па лясах
Ганяю, крычучы.
Пасля заўжды працую сам,
А ім даю спачын.
Я раніцой, калі ўстаю,
Бяруся працаваць,
А ім свабоду я даю, —
Няхай крыху паспяць.
Але ў мяне ёсць мілы друг,
Асоба вось адна.
Ёй служаць сотні тысяч слуг —
Спакою ўсім няма.
Яна ганяе, як сабак,
Улетку і ўзіму
Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як
І сто тысяч Чаму!
— Хто згорнецца клубком,
Той завецца Вожыкам.
Хто ў вадзе паплыве,
Той Чарапахай завецца.
— Хто згорнецца клубком,
Чарапахай завецца.
Хто ў вадзе паплыве,
Той завецца Вожыкам.