Бэрнар КлавэльБацькава падарожжа
Прысвячаю Гансу Бальзэру, брату, які знайшоўся цудам,
на ўспамін аб Каркасоне 1942 і аб Ваймары 1965
СНЕЖАНЬСКІ РАНАК
1
Ужо больш як тыдзень зямля чакала снегу. Над ёю няспынна цягнуліся калматыя шэрыя хмары, якія нечакана з'яўляліся то з поўначы, то з захаду. Знізу ўсё гэта нагадвала плынь вялікай самотнай ракі, якая несла няведама куды свае неспакойныя віры. Відаць, сёлета ад зімы не было чаго чакаць, акрамя бесперастаннай жальбы ветру.
Аднак пад вечар 22 снежня, за нейкую гадзіну да змяркання, паўночны вецер прынёс першыя сняжынкі. Яны былі дробныя, кволыя і хутчэй нагадвалі веснавыя градзіны, якія добра выкачаліся ў брудзе, перш чым залегчы на дно разораў. Пад ноч сняжынкі павялічыліся ў памерах, і ўрэшце за шчыльным палатном завеі паступова знік суседскі вінаграднік, да бліжэйшых лозаў якога было крокаў сто. Даўжэзныя бледныя стужкі працягнуліся да самай зямлі і пазначылі абрысы будучых сувеяў.
А потым на белы сусвет апусцілася ноч, сярод якой ажно да раніцы чуліся завыванні і ўсхліпы ветру.
Гэтай ноччу Кантэн так і не змог заснуць. Стары ўздыхаў, варочаўся, прыслухоўваўся да гукаў на дварэ. Падняўся ён рана, на досвітку і адразу выйшаў з дому. Спачатку падмёў сцежкі, пасля выкінуў гной з канюшні.
Цяпер усё было пароблена. Жывёла дагледжаная, дровы нарыхтаваныя за плітой на ўвесь дзень. Раз ужо лёг снег, можна сядзець у цяпле і чакаць вясны.
Кантэн працёр далоняй запацелую шыбіну і пачаў глядзець на вуліцу. Кухня напоўнілася пахам зваранай бульбы, рознымі гукамі. Кантэн чуў, як за спіной завіхалася жонка, рыхтуючы корм свінням і трусам. Бразгалі чыгуны. Па своеасаблівым гуку стары пазнаў сама большы з іх. Ён трэснуў у час збору вінаграду, і Кантэн вымушаны быў абкруціць яго тоўстым дротам. Дэнізы не было чуваць, хоць стары ведаў, што яна тут.
Дачка сядзела за сталом. Яна нават не дакранулася да кубка з цёплым малаком, куды накрышыла пячэння. Дэніза засяроджана глядзела на прыпечак старой печы, у якой раней пяклі хлеб. Там стаялі калядныя яселькі*.
* Паводле біблейскага сюжэту, яслі, у якія быў пакладзены Ісус пасля свайго нараджэння.
Ад снегу, які ляжаў за акном, кухня з нізкаю столлю неяк пасвятлела, хоць дзень быў вельмі пахмурны. Кантэн ведаў, што так будзе да вечара. У такое надвор'е інакш не бывае. Яму добра былі знаёмыя гэтыя навіслыя над зямлёю нябёсы, якія заўсёды набліжалі лінію гарызонту да самага лесу Мулатаў. Тады ён, быццам прысыпаны попелам, быў ледзь бачны ўдалечыні.
Так было і сёння. Усё пачынала злівацца ў адно адразу ж за вялікай гурбай, якая перагарадзіла дарогу, што вяла да вёскі.
Ад нечаканасці Кантэн уздрыгнуў: з даху на снег зваліліся два вераб'і. Нейкі час яны сварыліся, потым большы знік за гумном, у якім хавалі кукурузу. Відаць, снег ішоў усю ноч, бо на перакладзінах ляжалі важкія белыя карункі. Вецер супакоіўся толькі на золку, а разам з ім перастаў падаць і снег. Цяпер усё было шызае, акрамя сцежак, якія адбіў Кантэн, ды кучы гною, над якой падымаўся слуп пары. Пара была добра відаць на фоне зацягнутага хмарамі неба.
Кантэн доўга і неадрыўна глядзеў на палоску лесу, пакуль яго ўвагу не прыцягнулі вераб'і, якія цяпер сварыліся з-за некалькіх зярнят, што высыпаліся на снег праз шчыліны ў гумне. Урэшце вераб'і паляцелі прэч, і калі Кантэн зноў перавёў позірк на лес, то ён заўважыў чорную кропку, якая, здавалася, не рухалася, а матлялася паміж небам і зямлёй. Кантэн падышоў бліжэй да акна і прыгледзеўся.
Пазнаць чалавека, які ішоў сюды, было цяжка, аднак стары адразу здагадаўся, што гэта настаўнік. Так, настаўнік, бо паштальёну было яшчэ занадта рана. Кантэн сачыў за ім некалькі хвілін. Вось ужо можна было пазнаць доўгую вузкаплечую постаць хлопца. І тут стары не вытрымаў, сам не ведаючы чаму, павольна павярнуўся і адступіў ад акна.
Дэніза нават не зварухнулася. Над яе кубкам яшчэ падымалася пара. Стары наблізіўся да яе і ціха сказаў:
— Паспяшайся, дачушка.
Яму здавалася, што Ізабэла не пачуе яго, але дзе там. Не спыняючы работы, тая забурчала:
— Няўжо ты не ведаеш, што з ёю гаварыць — толькі марна час траціць? Пустое гэта! Яе не проймеш. Ніколечкі! Яна і есці не спяшаецца. Лянота ў яе ў крыві, як хвароба. І ты добра ведаеш гэта. Не горш, чым я.
Сапраўды, Кантэн усё гэта добра ведаў, як ведаў і тое, што скажа яму жонка, калі ён паспрабуе абараніць малую. І ўсё ж такі ён павольна вымавіў:
— Не, гэта не лянота. Трэба дазволіць ёй...
Ізабэла не дала яму дагаварыць:
— Вядома, ты апраўдваеш яе! Ты так робіш заўсёды. І ты хочаш, каб я нешта значыла для яе! Ты думаеш, я не шкадую яе, не жадаю ёй дабра?! Але ж трэба ёй рухавейшай быць. Пэўна, у бацьку ўдалася. Ты і сам працуеш як мокрае гарыць... — Яна перастала на момант займацца работай, павярнулася тварам да мужа з дачкой. Правую руку Ізабэла трымала ў гаршку, а левай, запэцканай кормам, энергічна жэстыкулявала, пакідаючы ў паветры зігзагі пары. Аднак разупэўненая маўчаннем Кантэна, яна рэзка адвярнулася, паціснула плячыма і з яшчэ большым імпэтам узялася за работу. Яе хударлявая спіна быццам выконвала нейкі дзіўны няроўны танец. Галава з закручанымі ззаду валасамі, поўнымі сівізны, матлялася з боку ў бок, на тонкай шыі пад загарэлай скурай выступаў востры пазванок.
Дэніза піла доўгімі глыткамі, напалову хаваючы твар у белым з чырвонымі кветкамі кубку, які яна аберуч трымала перад сабой. Нарэшце яна паставіла кубак на стол, выцерла вусны ражком свайго фартушка і зірнула на бацьку. Кантэн усміхнуўся, і твар у дачкі пасвятлеў.
Кантэн думаў пра настаўніка. Ён уяўляў, як той крочыць, высока падымаючы свае тонкія ногі, нерашуча топчацца перад кожным сувеем, далёка абыходзіць адхоны. У нейкі момант стары хацеў павярнуцца да акна, але стрымаў сябе. Ён так і застаўся стаяць ля стала, адвярнуўшыся спіною да старой печы. Кінуўшы позірк на Дэнізу, ён заўважыў, што тая ўсё яшчэ глядзіць на яго з шырокаю ўсмешкай. Кантэн зрабіў ёй знак, каб паспяшалася. Дзяўчынка павольна паднялася з-за стала, аднесла ў ракавіну кубак і лыжку, прыбрала хлеб і вярнулася з рушніком. Кантэн сачыў за кожным яе рухам. Калі яна пачала выціраць цырату, гэтыя рухі былі раўнамерныя і хуткія, але паступова яны запаволіліся, бо Дэніза пачала разглядаць намаляваныя на цыраце букеты півоняў. Нарэшце яна сабрала крошкі хлеба ў невялікую кучку, ссыпала іх на далонь і аднесла ў чыгун, у якім маці канчала мяшаць скаціне.
— Ну, калі ты ўжо гатова, — прабурчала Ізабэла, — дык прынясі два кошыкі буракоў. Я прырыхтавала іх у склепе, глядзі пад паліцаю з садавіной... І накінь хустку! Не лета!
Дэніза подбегам кінулася на двор, але перад акном нечакана спынілася. Устаўшы на дыбачкі, паглядзела праз шыбіну, якую працёр бацька, і сказала:
— Сюды нехта ідзе.
Хвіліну памаўчала і дадала менш упэўненым голасам:
— Гэта не Марыя-Луіза, гэта настаўнік...
Пачуўся пранізлівы жончын смех, і Кантэн зразумеў, што яна распачне сварку.
— Вядома, — залямантавала яна, — гэта настаўнік! А ты хацела, каб хто гэта быў? Твая сястра не будзе ісці ў дзевяць гадзін раніцы. Ты добра ведаеш, што няма цягніка ў гэтую пару... Ну, хутчэй ідзі па кошыкі!
Дачка з неахвотаю адступіла ад акна і выйшла праз дзверы, якія вялі проста ў склеп. Спіной да Кантэна, жонка не сціхала:
— А гэты — нешта нейкае! Ён, можа, тады не пайшоў бы, калі б дарога была ўсланая метровым слоем гною! І то я не ўпэўнена...
Яна толькі што вымыла свае худыя, ружовыя ад гарачай мяшанкі рукі і цяпер выцірала іх аб рушнік, які вісеў побач з плітою. Паказваючы падбародкам на дзверы, яна працягвала:
— Цяпер вакацыі, дык ён цэлымі днямі будзе вісець над душой. Асабліва калі тут з'явіцца Марыя-Луіза. Я гэта прадбачу, але не жадаю гэтага.
Яна паглядзела на Кантэна.
— Ты чуеш ці не? Не жадаю! Як толькі яна прыедзе, я хачу, каб у доме былі адны свае. Выкручвайся як хочаш, але давядзі яму гэта. Чуеш? А калі не захочаш, дык я сама яму растлумачу! Я саромецца не буду!
Кантэн наблізіўся да акна. Настаўнік яшчэ не дайшоў да павароту. Ён размашыста крочыў па дарозе, а перад яго тварам плыло невялічкае воблачка пары, якое ўтваралася ад частага дыхання. За спіною Кантэна зноў чуліся жончыны кпіны:
— Ты можаш глядзець, колькі табе ўлезе, але я не пабаюся сказаць тое, што думаю, нават калі ён будзе тут!
Амаль з бояззю Кантэн вымавіў:
— Ты ж павінна зразумець...
Ужо каторы раз яна перапыніла яго:
— Зразумець? Гэта ён павінен быў ужо даўно зразумець, калі ў яго трохі варыць галава! І як такі абмежаваны хлопец змог вывучыцца на настаўніка?!
Яна схапіла вязаную кофту і пачала хутка надзяваць яе. Рухі Ізабэлы былі нервовыя, цела выгіналася, быццам наэлектрызаванае злосцю.
— Ва ўсякім разе, — дадала яна, — ніхто не скажа, што я прынаджваю яго.
— Ды ўжо ж, чаго не скажаш, таго не скажаш, — прамармытаў у адказ з горкай усмешкай Кантэн і паківаў галавою.
Ізабэла, якая ўжо накіроўвалася да дзвярэй, нечакана развярнулася. Гэтай простай фразы было дастаткова, каб яна скіравала ўсю сваю злосць на Кантэна. Яна сказала з прысвістам:
— Калі б ты з самага пачатку рабіў, як я, мы б ужо даўно пазбавіліся ад яго!
Настаўнік ужо заходзіў у двор, і Кантэн хуценька адказаў:
— Вельмі прашу, не крычы пры ім. Я сам скажу яму. Я абяцаю табе, толькі памаўчы.
Увайшла Дэніза, несучы два вялізныя кашы. Ад іх цяжару даволі развітыя грудзі дзяўчынкі ажно распіралі спераду блузку ў сінія і белыя клетачкі. Дэніза паставіла кошыкі на падлогу, ускінула на галаву вялікую суконную хустку і прыхапіла яе шпількай пад барадою. Цяпер яе твар зрабіўся круглейшым і паўнейшым. Пасвятлелі блакітныя вочы, якія неадрыўна сачылі за дзвярмі. Ізабэла збіралася адчыніць іх, як на ганку пачуліся крокі настаўніка. Хвіліна маўчання, потым пачуліся чатыры ўдары. Дэніза ажно падалася галавой і грудзьмі наперад, але так і засталася стаяць на месцы з разяўленым ротам. Ізабэла, сцяўшы ад злосці вусны, глядзела на мужа, які павагаўся некалькі хвілін, а пасля выгукнуў:
— Заходзьце!
Дзверы павольна расчыніліся, але не паспеў настаўнік і кроку ступіць, як Ізабэла прасакатала:
— А ці добра вы ногі выцерлі, га?
Паколькі хлопец вагаўся і нерашуча стаяў на парозе, яна раздражнёна прадоўжыла:
— Ды ўжо ж заходзьце, толькі хутчэй, а то ўсю кухню мне выстудзіце. Хоць мы і не плацім за дровы, але ж нарыхтоўваць іх нялёгка. Вам, пэўна, невядома, што гэта такое. Вас камуна забяспечвае палівам, дык вам няма чаго баяцца.
Настаўнік зайшоў і разгублена спыніўся ля самых дзвярэй. Кантэн пайшоў яму насустрач, каб падаць руку. Дэніза таксама падышла бліжэй. Настаўнік усміхнуўся ёй і спытаўся:
— Ну, як справы, малая?
Дзяўчынка моцна пачырванела, і ўвесь яе твар напружыўся ад намагання адолець хваляванне і знайсці адказ. Бацька ведаў, што яна вось-вось адкажа, але яе апярэдзіла маці.
— У Дэнізы ўсё добра, — адрэзала яна. — У нас тут ва ўсіх справы ідуць добра, нават у скаціны. Толькі скаціна есці хоча, і ў нас няма часу, каб тачыць лясы. Мы займаемся гаспадаркай, і ў нас не бывае вакацый. Мы толькі чулі пра іх. Пойдзем, Дэніза! Ды паварочвайся ты!
Не змаўкаючы, Ізабэла падхапіла свае гаршкі, з якіх усё падымалася пара, піхнула нагой дзверы і апынулася на двары. Дэніза панесла ўслед кошыкі. Кантэн моўчкі назіраў у акно, як яны ішлі да хлява.
2
Мужчыны доўга стаялі і глядзелі цяпер адзін аднаму ў вочы. Настаўнік, які быў значна вышэйшы за Кантэна, ажно нахіліўся ўперад, і яго постаць нагадвала пытальнік: галава павольна гойдалася на тонкай шыі, напаўсагнутыя калені ледзь трымалі цела. Белыя і занадта тонкія для мужчыны рукі рабілі нейкія няўпэўненыя рухі. Светлыя вочы настаўніка слязіліся, і ён, дастаўшы насоўку, нарэшце сказаў:
— Калі з холаду трапляю ў цяпло, заўсёды плачу.
— Я таксама, — падтрымаў яго Кантэн.
Ён назіраў, як настаўнік выціраў свае вострыя скулы і доўгі тонкі нос, які расчырванеўся ад марозу. Настаўнік нягучна высмаркаўся, выцер яшчэ раз твар і стаў глядзець на Кантэна. Рукі настаўніка то ўзнімаліся, то ападалі ўздоўж цела, быццам ён яшчэ працягваў хаду.
Цягнуліся хвіліны. Кантэн пачуў, як зачыніліся дзверы ў хляве. Усюды панавала цішыня: тут, паміж імі, звонку, вакол дома і, напэўна, на ўсёй раўніне, якой не было канца-краю. Сумнае святло ледзь прабівалася ў кухню праз запацелыя шыбы.
— Прысядзьце на хвілінку да агню, — сказаў нарэшце Кантэн.
Настаўнік кашлянуў, не ведаючы, што адказаць старому. Яго рукі ўзняліся на ўзровень грудзей, раскінуліся ў бакі і зноў апусціліся, быццам апалыя лісты.
— Я не хацеў бы замінаць вам, — сціпла прамовіў ён. — Можа, вам трэба нешта рабіць...
— У такую пару, ведаеце... — хацеў адказаць Кантэн, але настаўнік перапыніў яго:
— І сапраўды, для гэтай пары года...
Але тут Кантэн крыху ажывіўся і загаварыў сам:
— Бывае, што надвор'е не адпавядае пары года, але сёлета ўсё іначай. Халады насталі рана, а ў лістападзе нават снег выпаў. Але праляжаў толькі дзесяць дзён.
— Так-так, вы маеце рацыю, — падхапіў размову настаўнік. — Цяпер снег лёг надоўга, паверце мне. Бачыце, як неба зацягнула. Яшчэ наваліць снегу.
Яны селі насупраць паміж сталом і плітой. Нейкую хвіліну моўчкі глядзелі адзін на аднаго. У пліце нягучна гудзела полымя, зрэдку праз каласнік з сухім трэскам выляталі іскры. Кантэн адчуваў, што іх размова аб зіме распачнецца зноў і будзе працягвацца паўдня. Яму карцела пагутарыць яшчэ пра што-небудзь, але ён паважна зазначыў:
— Ведаеце, калі надвор'е адпавядае пары года, тады ўсё проста.
— Канечне, — згадзіўся настаўнік, — тут нічога не зробіш, каб і хацеў, бо гэта ж прырода.
Тут хлопец змоўк. Па нахіле яго галавы Кантэн здагадаўся, што ён разглядваў рудую падпаліну, якую некалі пакінуў на цыраце прас. Здавалася, у яго вачах Кантэн паспеў прачытаць амаль адчай. Настаўнік не змог бы растлумачыць, што прывяло яго сюды. Калі Кантэн не дапаможа яму, ён так і пойдзе, як прыйшоў. І зноў будзе бясконцым яго шлях па заваленай сумётамі дарозе. Кантэн звярнуў увагу на настаўнікавы ногі. Яны былі худыя, з вострымі каленямі. З шырокіх мокрых калашын падымалася пара. На сціснутых разам каленях не знаходзілі сабе спакою рукі. То адзін палец нервова падымаўся ўгору, то другі, то трэці... Часам падымалася ўся рука, потым зноў бязвольна ападала. Кантэн глыбока ўздыхнуў і спытаўся:
— Вы прыйшлі па кніжку?
Настаўнік страпянуўся:
— Гэта... Не зусім. Я прыйшоў папярэдзіць вас, што на гэтым тыдні бібліёбус не прыедзе.
— І не дзіва, з гэткімі дарогамі.
— Справа не толькі ў дарогах. Цяпер жа калядныя вакацыі. Я застаюся тут, а вось многія з мясцовых чытачоў паедуць.
Настаўнік памаўчаў хвіліну, потым зноў заварушыў рукамі і хуценька дадаў:
— Але калі вам няма чаго чытаць, я што-небудзь для вас знайду.
— Дзякуй. Я не прачытаў яшчэ той кніжкі, якую вы прынеслі мінулы раз... А потым, ведаеце, калі Марыя-Луіза будзе дома, у мяне тым больш не знойдзецца часу, каб дачытаць. Мы павінны будзем многа чаго сказаць адно аднаму.
Спачатку Кантэн гаварыў павольна, з цяжкасцю падбіраючы кожнае слова. Паступова хуткасць яго мовы паскорылася. У думках ён не пераставаў сачыць за Ізабэлай. Відаць, яна ўжо скончыла даваць свінням і перайшла да дачкі далей у хлеў, туды, дзе стаялі клеткі з трусамі. Напэўна, яна дагледзела тых, што ў верхнім радзе. Там сядзіць шэрая труска, якая вельмі позна прывяла малых... Зараз жанчыны вернуцца ў дом са сваімі пустымі кошыкамі і гаршкамі, таму Кантэн спяшаўся дагаварыць. Але тут настаўнік сумна і ціха сказаў:
— Урэшце, калі вам спатрэбіцца кніга, накажыце. Я нешта вам знайду і прынясу.
Кантэн ведаў, што ён павінен быў адказаць. Патрэбныя словы, незалежна ад яго волі, былі падрыхтаваныя ў яго свядомасці яшчэ тады, калі на фоне зацягнутага туманам лесу Мулатаў узнікла невялікая чорная кропка.
Яны сустрэліся позіркамі, і абодва амаль адначасова заўсміхаліся. Стары сказаў:
— Добра, няхай сабе будзе так. Падбярыце мне што-небудзь, што я не чытаў. Можаце прынесці паслязаўтра, у другой палове дня.
На настаўнікавым твары з'явілася яшчэ большая ўсмешка, але раптам ён нахмурыў лоб, зірнуў на дзверы, прыслухаўся і ціха вымавіў:
— Здаецца, мадам Кантэн не ў гуморы.
— Нічога не зробіш. Яе таксама трэба зразумець. Гэта яшчэ дробязі. На мяне яна не так бурчыць, усё жыццё бурчыць... Але я да ўсяго прывык. Гэта стала часцінай майго існавання — слухаць яе бурчанне.
Гаварыў гэта Кантэн жартаўлівым тонам, і настаўнік, які ўжо пачаў непакоіцца, заўсміхаўся зноў. Ён расслабіўся, абапёрся локцямі на стол і стаў глядзець на водбліскі агню ў замёрзлым акне.
Цішыня ўжо не здавалася такой шчыльнай, як некалькі хвілін назад. Побач з агнём не адчувалася, што на дварэ зіма. Кантэну прыемна было сядзець насупраць гэтага рослага і незвычайнага хлопца. Яны не першы раз бавілі гэтак час, моўчкі паглядаючы адзін на аднаго. Кожны думаў пра сваё. Час ад часу перакідваліся словам. Гэта слова магло азначаць назву кнігі, гістарычную альбо сучасную падзею... Пасля пачыналася размова. Кантэну падабаліся гэтыя размовы, як і доўгія маўчанні перад імі. Ён любіў іх неяк своеасабліва, як, скажам, адначасова любяць цень і сонца. Яму патрэбен быў гэты абмен думкамі, як патрэбная была і гэтая цішыня, сярод якой ён быў не адзін. Не ўсё ў ёй было зразумелае, але Кантэн адчуваў, што гэтая цішыня збліжае іх. Каб пераканацца, што гэта менавіта так, стары імкнуўся ўявіць на месцы настаўніка каго-небудзь іншага з мужчын, але гэта было не тое. Ён не стараўся адгадаць настаўнікавы думкі. Для яго гэта не мела ніякага сэнсу. Галоўнае, што настаўнік сядзеў тут, насупраць, што ён быў часцінай таго моманту жыцця, калі Кантэн адчуваў сябе шчаслівым, моманту, у якім кожны з іх займаў сваё месца.
Дзень заставаўся такім жа шэрым, хоць за акном крыху пацяплела.
Кантэн прыкмеціў, што цяпер настаўнік глядзіць на буфет, дзе стаіць фотакартка Марыі-Луізы. Напэўна, ён думае аб ёй і ўяўляе, што яна дома. Вось яна заходзіць. Усе радуюцца. Потым сям'я сядзе за стол і будзе сустракаць шчаслівыя і цёплыя Каляды. А настаўнік застанецца адзін у сваім пустым пакоі, які размешчаны над такімі ж пустымі класамі. Ён будзе далёка ад гэтага дома, з усіх бакоў атуленага зімой, у якім адчувалася сапраўдная цеплыня.
Кантэну карцела зноў распачаць размову і пагаварыць пра Марыю-Луізу. Яму толькі што здалося, што сёння ім больш няма чаго сказаць адзін аднаму. Стары падумаў, што раздзеленая на абодвух цішыня дасць ім больш, чым словы, аднак заўважыў сам сабе, што пра старэйшую дачку яны яшчэ не сказалі ні слова, нават імя яе не прамовілі. Хацелася пагутарыць пра яе, але Кантэн не ведаў, з чаго пачаць. Ён сустрэўся позіркам з настаўнікам, і ў яго зноў з'явілася ўпэўненасць, што яны знайшлі адзін аднаго. Абодва з цяжкасцю шукалі патрэбных слоў. І ўсё-такі першы быў настаўнік. Ён спытаўся:
— Ці пойдзеце вы сёння вечарам на вакзал сустракаць Марыю-Луізу?
Пачатак гэтай фразы ён вымавіў занадта гучна, таму ажно сумеўся, што так груба парушыў спакой, і знізіў у канцы голас амаль да шэпту.
Кантэн таксама адказаў ціха:
— Вядома, з такімі дарогамі яна не зможа дайсці адна. Я аднясу ёй боты, бо ў яе ж — гарадскі абутак.
— Калі можна, месьё Кантэн... Калі можна...
Ён змоўк, стары засмяяўся і скончыў за яго:
— Калі можна, я пайду з вамі.
Настаўнікаў твар, які ўжо набыў сваю звычайную бледнасць, зноў расчырванеўся, і ён прамармытаў:
— Урэшце, вам лепш пайсці аднаму.
Кантэн не звярнуў увагі на гэтыя словы і цвёрда сказаў:
— Дамовімся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.
Настаўнік захваляваўся яшчэ больш:
— Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмі ўдзячны...
Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулі дзверы, і Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сігналу, падняўся, каб узяць у рукі кнігу, якая ляжала на століку побач з печчу.
— Сядзіце, — сказаў ён настаўніку, які памкнуўся ўстаць з крэсла.
Стары сеў зноў, паклаў на калені кнігу і, паколькі жанчыны ўжо заходзілі ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:
— Я хацеў вярнуць яе вам у мінулы чацвер, як ездзіў на рынак, але не захапіў з сабою. Па дарозе ўспомніў, ды позна было вяртацца.
— Нічога страшнага, — ва ўнісон яму адказаў настаўнік.
— Аднак я прымусіў вас ісці сюды, — прадаўжаў Кантэн. — А гэтакім снегам дарога не вельмі прыемная.
Па позірку, які Ізабэла кінула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькі паціснула плячыма і пайшла да ракавіны. Настаўнік нічога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялікую асалоду ён атрымаў, ідучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Ізабэла кінула:
— Дзякуй богу, хоць здаволіўся хлопец!
Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралі з-за бразгання чыгуна, які яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усміхнуцца.
Дэніза спынілася за чатыры крокі ад мужчын і, схаваўшы за спіну рукі і апусціўшы галаву, глядзела з-пад ілба на настаўніка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён і раней заўважаў такі позірк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнікам. У яе заўсёды былі цяжкасці ў вучобе, у асноўным з-за сарамлівасці. Настаўнік здаваўся ёй нейкай незвычайнай істотай, асабліва тут, у іх доме. Цяпер твар у яго быў зусім не такі, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэніза глядзела на настаўніка, было для яго невытлумачальнай рэччу.
За спіной у Кантэна не сціхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летні дзень, калі над раўнінай недзе далёка збіраецца навальніца. Але яшчэ невядома, куды яе пагоніць вецер.
Раптам грукатанне спынілася. Ізабэла імкліва перасекла кухню, несучы ў руках конаўку з цёплай вадой і кашолку з-пад яек. Перад тым як выйсці за дзверы, яна крыкнула:
— Дэніза, чаго стаіш як слуп! Ідзі памый сподкі, а пасля накрышы яблыкаў на кампот.
Павярнуўшыся ўсім целам да гаспадыні, настаўнік прыўзняўся з крэсла і сказаў:
— Пара ўжо мне...
Але дзверы грукнулі якраз пасярэдзіне яго фразы. Настаўнік завагаўся. Яго рука ўзнялася ў напрамку Кантэна, пакалыхалася і апусцілася ўніз. Ён павярнуўся да печы і спытаўся ў Дэнізы:
— Гэта вы зрабілі такія яселькі?
— Ага, разам з мамай, пан настаўнік.
Твар у малой засвяціўся. Яна заўсміхалася і наблізілася да настаўніка. Той, сагнуўшыся ў дугу, доўга глядзеў на прыпечак, потым падняў яловую галінку і ўздыхнуў:
— Прыгожа... Сапраўды, вельмі прыгожа.
Дэніза маўчала, і бацька падышоў бліжэй, стаў тлумачыць:
— Яны хацелі зрабіць Марыі-Луізе сюрпрыз. Калі яна яшчэ жыла дома, для яе сама вялікай радасцю было рабіць яселькі. Яна пачынала гаварыць пра іх за два месяцы да Каляд. А я якраз нядаўна быў на лесанарыхтоўках у ваколіцах Рубо і ссек там гэтыя дзве лапкі.
Настаўнік выпрастаўся. Ён глядзеў шчаслівымі вачыма то на яселькі, то на Дэнізу. Потым кінуў позірк на партрэт Марыі-Луізы.
— Якая цудоўная думка, — сказаў ён нарэшце, — размясціць яселькі на прыпечку.
Тут і ў Дэнізы развязаўся язык. Яна з захапленнем прагаварыла:
— А яны яшчэ свецяцца ўсярэдзіне. Толькі трэба ўключыць.
Малая нахілілася, шчоўкнула выключальнікам. Загарэлася абгорнутая ружовай паперай лямпачка, якая асвятляла знутры яселькі, змайстраваныя з двух ясеневых паленаў. Настаўнік нахіліўся яшчэ раз і стаў разглядваць усё спачатку. Пры гэтым ён ахаў ад захаплення. Кантэн адышоўся, бо яму зрабілася прыкра ад таго, што настаўнік абыходзіўся з дачкой як з дзесяцігадовай дзяўчынкай. А ёй ужо споўнілася семнаццаць. Яна была настолькі сарамлівай, што губляла мову, але гэта не было падставай, каб лічыць яе прасцячкай. Кантэн хацеў сказаць гэта настаўніку, але стрымаўся. Па-першае, тут знаходзілася сама Дэніза, а па-другое, існуюць такія рэчы, пра якія гаварыць вельмі цяжка. Кантэн паглядзеў на вузкую сагнутую спіну хлопца і падумаў, што, нават калі б яны былі ў нязгодзе, нават калі б настаўнік раздражняў яго, ён і тады не змог бы пакрыўдзіць яго. Гэта была праўда. І стары не змог бы растлумачыць чаму. Можа, з-за Марыі-Луізы, а можа, з-за таго, што ён вельмі шкадаваў гэтага хлопца. Цяжка разабрацца. Хутчэй гэта было апошняе.
Настаўнік павольна разагнуўся. Яго рукі зноў свабодна матляліся ў шырокіх рукавах. Ён сказаў:
— Пані Марыя-Луіза вельмі чуллівая да гэтакіх рэчаў.
— Была, — не стрымаўся Кантэн, але тут жа замаўчаў.
Настаўнікаў твар спахмурнеў.
— Вы хочаце сказаць... — ледзь вымавіў ён.
Ён вагаўся, таму Кантэн не даў яму прадоўжыць і растлумачыў:
— Што я хачу сказаць... Урэшце, я спадзяюся, што яна такой і засталася. Проста мы так рэдка бачымся. Калі яна была малая, мы не рабілі яшчэ ясельцаў на прыпечку. Мы бралі кардонны карабок, абразалі яго нажніцамі, прымацоўвалі саламяную страху. Выходзіла дужа прыгожая маленькая хатка. Марыя-Луіза казала, што яна хацела б сядзець у такім дамку ля акенца і глядзець, як падае снег. І сапраўды, яна гэта любіла. Бывала, ідзе снег, а яна сядзіць і глядзіць праз акно, як ён падае. Цэлымі днямі сядзіць і маўчыць...
Кантэн скончыў гаварыць, і зноў настала цішыня. Але цяпер яна не была падобная на тую цішыню, якая звычайна ўсталёўвалася, калі абодва мужчыны маўчалі. Здавалася, што да яе далучылася нешта ад той, даўнейшай цішыні, калі тут яшчэ жыла Марыя-Луіза. Яна таксама была зімовай, з такім жа снегам і такім жа небам, але ў ёй было і яшчэ нешта.
Марудна цягнуліся хвіліны, на працягу якіх абодва мужчыны саромеліся ўзняць адзін на аднаго вочы. Настаўнік спытаў амаль шэптам:
— Вы сапраўды лічыце, што яна ўжо не такая?
Кантэн збянтэжыўся. Адкуль ён ведаў? Хіба можна было зразумець, што з ёй сталася, па звычайных лістах, якія Марыя-Луіза пісала дадому?
— Па яе лістах, — спрабаваў ён давесці настаўніку, — вельмі цяжка даведацца, што яна цяпер думае пра гэта. Яна часта піша нам пра сябе, піша, што, магчыма, пераедзе ў Парыж.
Стары гаварыў гэта павольна, рабіў паўзы, у час якіх настаўнік ківаў галавою, быццам згаджаючыся, і цвярдзіў адно:
— А як жа, а як жа...
І толькі калі Кантэн нарэшце замаўчаў, хлопец глыбока ўздыхнуў, быццам збіраўся сказаць нешта вельмі цяжкае. Але загаварыў ён голасам упэўненым, нават цвёрдым:
— Ведаеце, я некалькі разоў пасылаў ёй лісты пасля вакацый... Яна мне адказвала... Нядоўга, праўда, але адказвала...
Ён апусціў вочы і зноў уздыхнуў.
— І што, — спытаў Кантэн, — яна вам больш не піша?
— За апошнія два месяцы я нічога ад яе не атрымліваў, — панура адказаў настаўнік.
Дэніза слухала іх размову з вялікай увагай. Твар яе быў напружаны, вочы блішчалі, аднак гэты бляск патух адразу, калі на парозе з'явілася маці.
Кантэн моцна закашляўся, а настаўнік ступіў да дзвярэй і сказаў:
— Пайду... Не хачу вас больш турбаваць... Да пабачэння, пан Кантэн... Да пабачэння...
Ізабэла ўжо ўвайшла ў дом, але трымала дзверы прачыненымі. І як толькі настаўнік параўняўся з ёю, яна шырока расхінула дзверы перад яго носам. Настаўнік яшчэ раз няскладна павярнуўся і, звяртаючыся да ўсіх, сказаў:
— Да пабачэння... Зычу вам добрых Каляд!
3
— Добрых Каляд і добрай дарогі! Каб мароз вас памарозіў, каб ажно ў вас аблупіўся зад!
Ізабэла сказала гэта даволі гучна, гледзячы на дзверы, за якімі толькі што знік настаўнік.
Кантэну карцела сказаць ёй, што яна пераходзіць мяжу, але ён стрымаўся, бо ведаў: адно яго слова — і яна завядзецца яшчэ горш. Ён спадзяваўся, што жонка спынілася на гэтым, ён нават быў упэўнены, калі ўбачыў, што тая паклала ў ракавіну пусты збанок, а потым панесла ў склеп кошык з яйкамі. Але калі яна зноў вярнулася, яму не трэба было падымаць на яе вочы, бо яна магла прачытаць там усе яго думкі да адной. Кантэн пашкадаваў аб гэтым і адразу павярнуўся спіной да жонкі, хацеў падысці да акна. Але не паспеў ён зрабіць і двух крокаў, як пачулася бурчанне Ізабэлы. Перадражніваючы настаўніка, тая пачала гаварыць:
— Я вельмі люблю снег... Гэта так прыемна, калі ідзе снег... Я люблю хадзіць па ім... Ой, людцы, вы бачылі гэткага дурня?!. Можа, ён і па гаўне хадзіў бы з такою асалодаю?!. Калі б ён папрацаваў, як мы, дык не гаварыў бы такога глупства! Ён — лайдак, ды яшчэ пыльным мяшком прыбіты...
Кантэн сцяў зубы. Гэтак далёка яго жонка зайшла ўпершыню. Стары прадчуваў скандал яшчэ тады, калі настаўнік толькі заходзіў у дом. Сапраўды, хлопец меў добрае цярпенне, каб вытрымаць усё гэта. Не кожны дазволіць так з сабою абысціся. Ён жа не глухі. Усё чуў, гэта факт! Канечне, каб не Марыя-Луіза... З-за яе ён мог вытрымаць усё. Ён не быў баязліўцам. Гэта было відаць па яго пагляду. У настаўнікавых вачах свяціўся гонар, але там яшчэ было і нешта пакутніцкае, як у ахвяр на біблейскіх малюнках. Кантэн не стрымаўся на гэты раз. Ён рэзка павярнуўся да жонкі і крыкнуў ёй злосна:
— Сціхні! Ты ўжо занадта!..
Гэта прымусіла Ізабэлу замаўчаць на нейкую хвіліну, але не больш. Яе худы твар напружыўся, левае павека прыкрыла напалову карычневае вока, ад чаго жончын погляд зрабіўся яшчэ больш жорсткім. Неўзабаве на твары з'явілася фальшывая ўсмешка. Тонкія вусны выгнуліся і адкрылі чорную дзірку на месцы, дзе выпаў клык. Увесь выгляд Ізабэлы сведчыў пра тое, што яна асмялела.
— А як жа, — зашыпела яна, — ён жа настаўнік. На-стаў-нік! Гэтага дастаткова, каб ніхто не меў права зачапіць яго. Гэтага дастаткова таксама, каб лічыць яго разумным. — Яна павысіла голас. — Ды ўжо ж! Са мной гэты нумар не пройдзе! Досыць мне твайго глупства! Ты нікога лепшага не бачыш вакол сябе, бо сам некалі марыў стаць настаўнікам! Ты звар'яцеў пад старасць! Гэты чалавек адняў у цябе розум! Падумаеш, настаўнік! А калі б твая дачка выйшла замуж за сама дурнога з настаўнікаў, ты, мусіць, быў бы на сёмым небе ад шчасця?!
Кантэн ведаў, што яна можа гаварыць гэтак доўга. Ён не адзін раз выпрабаваў гэта на сабе. Словы сыпаліся і сыпаліся з яе без перапынку. Але яны яго не краналі, бо датычыліся толькі яго аднаго. Яны былі адны і тыя. Ён чуў іх, можа, сотню разоў, таму ўзяў за звычку не спрачацца. Але сёння жонка пачала ганьбіць настаўніка і здзекавацца з яго пачуццяў да Марыі-Луізы, і Кантэн не змог стрымацца:
— Можаш гаварыць што хочаш, але іх жаніцьба — найлепшы сродак вярнуць да нас дачку.
Гэтыя простыя словы Кантэна быццам сцебанулі Ізабэлу. Яна кінула сваю работу і з пагрозлівым выглядам пачала наступаць на мужа. Яе голас ажно трымцеў ад гневу:
— І як толькі табе не сорамна! Пахаваць нашу дзяўчынку ў гэтай яме Кантэнаў?! Жукамі-гнаевікамі жылі яны тут няведама колькі пакаленняў, а ты жадаеш такога лёсу сваёй роднай дачцэ?! Яна ж ледзь выдралася з гэтага бруду! А табе найвышэйшае шчасце — пасада настаўніка! Ды яшчэ тут!
Кантэн скарыстаў момант, пакуль жонка пераводзіла дыханне, і ўставіў слова:
— Так будзе лепш усім нам. А то можна падумаць, што наша дачка ў Амерыцы. Што гэта значыць: адзін тыдзень вакацый за два гады! Ці не занадта мала!
Здавалася, што Ізабэла крыху супакоілася. Больш цвёрдым голасам, які, аднак, не пераставаў дрыжаць, яна прамовіла:
— Ты ж добра памятаеш, што яна табе казала: яна ахвяруе некалькі гадоў, каб атрымаць становішча, якое і не снілася твайму балбесу, няхай ён нават стане інспектарам школ.
Яе голас задрыжаў яшчэ мацней, калі яна ўспомніла настаўніка. Кантэн адчуў, што жонка глядзіць на яго з нядобрай жаласцю. Відаць, яна лічыць яго за вялікага дурня, бо ён не разумее, у чым шчасце яго дачкі. Яна лічыць яго за сапраўднага эгаіста.
— Сама галоўнае, — прамовіў Кантэн, — што ад гэтага будзе карысць яе здароўю.
— Няўжо ж я сама не думаю пра гэта? Няўжо ж мне лёгка не бачыць па гэтулькі часу сваю дачку? Я нават не ведаю, хварэе яна ці не. Цябе паслухаць, дык я зусім яе не шкадую!
У апошніх жончыных словах Кантэну пачуліся гнеў і адчай. Вядома, яна таксама пакутавала без Марыі-Луізы, але гэтая яе звычка павышаць голас заўсёды адбівала ў Кантэна ахвоту суцяшаць яе.
Гэтая сварка была ўжо не першая, таму Кантэн стараўся маўчаць. Усё гэта не мела сэнсу, бо сама Марыя-Луіза вось-вось павінна была прыехаць. Аднак Ізабэла не сунімала крыку:
— І не ўздумай, калі яна прыедзе, дурыць ёй галаву з гэтай гісторыяй! Мне не патрэбны гэты дурнаваты ў нашым доме!
Яна ўсё не магла забыцца пра настаўніка. Ён выбіў яе з каляіны. Ізабэлу больш за ўсё злавала тое, што хлопец прыйшоў, нягледзячы ні на мароз, ні на дрэнную дарогу, з адной мэтай, каб даведацца, ці прыедзе Марыя-Луіза. А ў гэту выдумку з кнігай яна адразу не паверыла. І яна ўзялася зноў кпіць з Кантэна:
— Ты заўсёды маеш мяне за дурніцу. Асабліва калі прыходзіць гэты тып. Для вас я — неадукаваная мурза. Я ж не чытаю кніжак, як вы. Аднак што датычыцца будучага нашай дачкі, гэта мурза без адукацыі бачыць далей, чым ты.
Кантэн не адказваў. Ён думаў, якою сілаю волі павінен валодаць знешне кволы і сарамлівы настаўнік, каб чуць усё сказанае Ізабэлай і не раззлавацца. Хлопец гатоў быў усё вытрымаць дзеля Марыі-Луізы. Чым больш Кантэн разважаў, тым несправядлівейшай здавалася яму пагарда Марыі-Луізы да настаўніка. Яго не здзіўляла тое, што дачка не кахала гэтага хлопца, але ж навошта яна пасылала яму лісты? І чаму раптам яна перастала яму адказваць? Гэта не было ўласціва Марыі-Луізе, ва ўсякім разе, той Марыі-Луізе, якой яна была два гады назад. Гэтыя думкі не давалі старому спакою, а тут яшчэ жонка сыпала і сыпала свае папрокі. Яна папракала яго ў эгаізме, яна лічыла ненармальным тое, што бацька жадае, каб дзеці жылі побач з ім.
— Так было сто гадоў назад, — не супакойвалася Іэабэла. — Я табе ўжо колькі разоў казала, што табе трэба было нарадзіцца ў мінулым стагоддзі. А ты лічыш сябе разумнейшым за ўсіх.
Гэта быў яе галоўны папрок. І сапраўды, з дня ад'езду Марыі-Луізы яна цвярдзіла яму гэта мо сотню разоў. Але кожны раз, калі яна так гаварыла, Кантэн крыху адчуваў сябе пераможцам, паколькі жонка хоць і лічыла, што можа распазнаваць яго думкі, аднак яшчэ не здагадвалася, што Кантэн аб гэтым думае на самай справе. Кантэн чытаў газеты, слухаў радыё, раз у месяц наведваў базар, які праводзіўся ў Лон-лё-Сан'е. Ён ведаў, колькі людзей гіне штодзень на дарогах, у горадзе, і таму быў шчаслівы, што жыў на хутары. Як ім пашанцавала, думаў ён, што яны жывуць далёка ад дарогі і нават ад вёскі, што яны могуць жыць так, як жылі тут іх бацькі і дзяды. І Кантэну было б шчасцем адстаць на стагоддзе: сто гадоў назад Марыя-Луіза не паехала б ад іх у горад.
Не перастаючы папракаць мужа, Ізабэла высыпала на стол кошык гароху ў стручках і пачала яго лушчыць. Кантэн сеў насупраць і стаў дапамагаць ёй. Дэніза сядзела ў канцы стала і чысціла тоўстыя шэрыя ранеты. На некаторых яблыках засталіся яшчэ з саду засохлыя кавалачкі глебы. Калі Ізабэла змаўкала на хвіліну, каб перавесці дыханне, на кухні чуваць было толькі сухое шапаценне стручкоў ды звонкі грукат гарошын, якія падалі ў жалезную пасудзіну. Час ад часу шыпела сыраватае палена. Відаць, гэта было адно з тых, якія Кантэн браў з верху вярсты. Апошнія дажджы і снег крыху падмачылі іх. Слухаючы гэта шыпенне, Кантэн зноў успомніў, як Марыя-Луіза марыла ў дзяцінстве аб маленькім цёплым дамку, у якім яна сядзела б гадзінамі ля акна.
Ізабэла ўсё не магла забыцца пра настаўніка. Яна кпіла з яго слоў пра снег. Жанчына лічыла, што любіць снег або рабіць выгляд, што любіш яго, — адзнака вялікай дурноты.
— Дарэчы, — завяршыла яна, — трэба быць ёлупнем, каб уявіць сабе, што ў яго нешта выйдзе з Марыяй-Луізай.
Кантэн сціпла заўважыў:
— Ты гаворыш гэта, а сама нават не ведаеш, што між імі было. Яны перапісваліся...
Жонка не дала яму дагаварыць. Яна рэзка ўзмахнула худой рукой, у якой трымала высахлы стручок, і адрэзала:
— Нічога паміж імі не было! Нічога! Калі б нешта было, Марыя-Луіза сама сказала б мне пра гэта.
Хоць яна цяпер не крычала, Кантэн не пярэчыў ёй. Ён нават ледзь не засмяяўся, бо стручок у жончынай руцэ вельмі нагадваў яму маленькую шаблю. Кантэн апусціў галаву, а жонка замаўчала. Відаць, яна вырашыла, што пераконваць яго не мае сэнсу.
Такім чынам, на доўгі час усталявалася цішыня. На калені Кантэну скокнула котка. Стары слухаў яе мурлыканне і думаў пра Марыю-Луізу. Час ад часу, не перастаючы лушчыць гарох, ён пазіраў то на яселькі, то на вогнішча, то на запацелую шыбу, па якой паўзлі шэра-зялёныя ручайкі. Кантэн глядзеў і казаў сабе, што неўзабаве Марыя-Луіза ўбачыць усё гэта, і яны сапраўды адчуюць сябе шчаслівымі, калі яна ўвойдзе ў хату.
4
Яны яшчэ не скончылі лушчыць гарох, як за дзвярыма пачуліся крокі. Котка скокнула на дол і схавалася за Плітою сярод складзеных дроў. Усе трое пераглянуліся і замёрлі на месцы. Па выразе жончынага твару Кантэн зразумеў, што яна, як і ён сам, падумала пра паштальёна. Але калі прыйшоў паштальён, то гэта значыць...
Сапраўды, гэта быў паштальён. Кантэн пазнаў яго па тым, як ён стукаў у дзверы. Перад тым як адказаць, Кантэн яшчэ раз паглядзеў на Дэнізу. Яе напружаны твар з напаўадкрытым ротам быў павернуты да ўвахода.
Кантэн адгукнуўся, і на парозе з'явіўся мясцовы паштальён. Сёння пад блакітным кепі ў яго быў шарсцяны шлем. Паштальён, як заўсёды, гучна сказаў:
— Здаровы былі, Кантэны!
Ніхто яму не адказаў.
Ізабэла і Кантэн падняліся і стаялі ля сваіх крэслаў, пакуль паштальён не наблізіўся да стала з пісьмом і не сказаў:
— Прынёс навіны ад вашай большай.
Тады Кантэн падышоў да буфета, узяў літр вінаграднай гарэлкі і дзве шклянкі. Вярнуўся, наліў і спытаўся:
— Ну, як дарога, Фернан?
— Тут яшчэ нічога, — адказаў паштальён, — а вось у нізінах намяло. Цяжка будзе прабіцца снегаачышчальніку.
— Трэба час.
— Ведаю, але ты можаш не турбавацца. Гэтым займаецца Густаў Ламбэр. Ён не будзе губіць сваю жывёлу. Кожны раз, калі выпадае нагода асушыць бутэльку, ён дае трактарыстам дастаткова часу, каб яны аддыхаліся і ачысцілі дарогу да яго фермы. А твая побач.
Кантэн слухаў яго, а сам глядзеў на блакітны канверт, што ляжаў на рагу стала. Ізабэла таксама не брала яго ў рукі. Яна глядзела то на канверт, то на паштальёна, то на дзверы. Ніхто не дакранецца да гэтага пісьма, пакуль тут гэты чалавек.
Паштальён адпіў палову сваёй гарэлкі, цмокнуў языком і сказаў:
— Я бачыў сляды, як праходзіў каля пільні, і падумаў, што нехта прыходзіў раніцай. Няўжо, думаю, Кантэн выходзіў з дому? А потым прыгледзеўся: сляды чапляюцца адзін за другі, не, не яго.
— Праўда, не мае, — адказаў Кантэн, — гэта настаўнік заходзіў па кнігу.
Паштальён кіўнуў галавою ў знак згоды. Нейкі час ён глядзеў то на пісьмо, то на Кантэна, то на Ізабэлу, нарэшце спытаў:
— У яго была справа да вас?..
— Не, ён хацеў сваю кнігу, і ён забраў яе.
Ізабэла прамовіла гэта вельмі хутка, але суха. Крыху здзіўлены, паштальён асушыў сваю шклянку, правёў далоняй па вусах, пасля надзеў свае авечыя рукавіцы. Перад тым як выйсці з хаты, ён яшчэ раз кідае позірк на пісьмо і пытаецца:
— Марыя-Луіза ўсё яшчэ ў Ліёне? Яна задаволеная? Не сумуе па родных мясцінах?
Зноў жа яму хуценька і адрывіста адказвае Ізабэла:
— Але, яна задаволеная.
Пераступаючы цераз парог, паштальён зрабіў невыразны жэст бэжавай бяспалай рукою ў рукавіцы і сказаў:
— Я не раз паўтараў, што яна кемлівая дзяўчына. Яна знойдзе сваю дарогу ў жыцці. І зробіць гэта сама... Ну, бывайце! І добрых вам Каляд усім!
Кантэн пачакаў, пакуль паштальён адышоўся на некалькі крокаў, потым зачыніў дзверы. Добра павеяла холадам. Кантэн адчуў гэта праз вязаны світэр і ўздрыгнуў. Калі ён вярнуўся да стала, Ізабэла ўжо ўзяла ў рукі канверт і маленькі ножык з вострай дзюбкай, якім Дэніза крышыла яблыкі. Яна выцерла фартухом лязо і пачала лёгкімі і раўнамернымі рухамі асцярожна рэзаць паперу. У гулкай цішыні гэты ціхенькі шоргат быў падобны на грымоты. Кантэн і Дэніза сачылі за рухамі маці, і, як толькі тая выцягнула ліст з канверта, малая сказала:
— Канечне, гэта пісала Марыя-Луіза.
У яе голасе не адчувалася ні радасці, ні трывогі. Пісьмо было не доўгае. Дзесьці на палову старонкі. Кантэн хацеў стаць побач з жонкай, каб прачытаць таксама, аднак нешта яго стрымлівала, мабыць, гэты поўны спакой і нерухомасць кожнага.
Ізабэла чытала ліст, і яе твар камянеў усё больш і больш. Вусны паступова сціскаліся, пакуль не ўтварылі вузенькую рыску. Нарэшце рука яе адкінулася, вочы ўторкнуліся ў Кантэна, і яна выдыхнула:
— Так я і ведала... Я прадчувала... Гэтага трэба было чакаць...
Яе голас паступова мацнеў і пакутліва дрыжаў. Кантэн усё зразумеў. Зразумеў яшчэ тады, калі на ганку пачуліся крокі паштальёна. Пры першых словах жонкі ён падумаў, што яна будзе плакаць. Аднак яе голас хутка набіраў упэўненасць. Праз хвіліну яна ўжо крычала, крычала ўсё мацней і мацней, зрываючы злосць на Кантэне. Ён узяў ліст, працягнуты дрыготкай жончынай рукой, і адышоўся да акна.
— Канечне, — лямантавала яна, — гэта раскоша — убачыць дачку на Каляды! Гэта занадта вялікае жаданне для маці! Што яе гаспадары сабе думаюць? Якое яны маюць права? Нават дзеля яе будучага становішча, ці можна дазваляць такое? Ёсць жа нейкая мяжа! Няўжо ўсе служачыя карыстаюцца гэткай свабодай?!
Яна кляла на чым свет стаіць гаспадароў Марыі-Луізы, якіх зусім не ведала, але Кантэн ведаў, што рана ці позна яна вернецца да яго. Ён скончыў чытаць, але баяўся зварухнуцца. Нават не падымаў вачэй ад блакітнага лістка паперы, па якім роўненька беглі доўгія тонкія літары, напісаныя рукой яго дачкі. Почырк Марыі-Луізы быў не такі, як у яе апошніх вучнёўскіх сшытках. Яны ляжалі на гарышчы, і Кантэн гартаў іх кожны раз, калі туды лазіў. Цяпер гэта быў почырк жанчыны.
Кантэн глядзеў на ліст да таго часу, пакуль перад яго тварам не ўзнікла жонка. Спачатку яны моўчкі глядзелі адно на аднаго, потым Ізабэла спыталася:
— Табе, вядома, няма чаго сказаць?
Гэта мала нагадвала пытанне. Стары ўздыхнуў, пацепнуў плячыма і буркнуў толькі:
— А што ты хочаш, каб я табе сказаў?
— Цябе ніколі нічога не кранае, табе ўсё роўна, што будзе і як будзе! — гучна сказала Ізабэла.
Яна правяла шырака растапыранай далоняй па цыраце, пры гэтым моцна нахілілася і матлянула галавою знізу ўверх. Гэты рух гаварыў сам за сябе: у ім было нешта абразлівае для Кантэна.
— Канечне, — прадоўжыла, выпрастаўшыся, жонка, — Дзяўчына прыехала да іх адна, быццам сірата, без нікога, хто мог бы яе абараніць. Хто мог бы паказаць ім... А яны адразу ўсё зразумелі! І давай яе эксплуатаваць. А як жа, хто моцны, той і гаспадар! А табе, яе роднаму бацьку, ад гэтага ні горача ні холадна!
Яна змоўкла на хвіліну. Мабыць, чакала адказу, але Кантэн не адказаў. Тады яна загаварыла зноў, яшчэ больш зацята:
— Табе толькі адно ў галаве: каб яна дасталася гэтаму дурню-настаўніку, вярнулася і засталася тут назаўсёды. Каб яна ўбілася ў гэту кучу гною і век не вылазіла з яе! Ты гатовы загубіць тут яе жыццё, нават пальцам не хочаш паварушыць, каб дапамагчы ёй вырвацца дадому дні на чатыры! А яна яшчэ збіраецца ехаць у Парыж на няведама які час. І мы не пабачымся перад ад'ездам!
Кантэн стаяў перад жонкай, быццам нямы. Яна часта папракала яго за тое, што ён не мог выпрасіць Марыі-Луізе адпачынак, але так, як сёння, было ўпершыню. Раней жонка прасіла яго хоць напісаць гаспадарам ліст, ды Кантэн не зрабіў гэтага, паколькі Марыя-Луіза тлумачыла яму, што гаспадары могуць гэта не так, як трэба, зразумець. Яна казала, што галоўнае для яе — цярпенне і стараннасць. Яна павінна вытрымаць некалькі гадоў, каб урэшце мець забяспечанае жыццё. Кантэн заўсёды марыў, каб яна прыехала да іх, ён жадаў гэтага ад усяго сэрца, але добра ўсведамляў, што гэты прыезд прынясе шкоду дачцэ. І потым, ён ніколі не заводзіў аб гэтым гаворку, бо ўпотай ганарыўся тым, што яго дачка такая настойлівая ў дасягненні сваёй мэты. Ізабэла заўсёды была незадаволеная, калі Марыя-Луіза паведамляла, што не можа прыехаць дадому. Аднак яе ажно распірала ад гордасці, калі яна атрымлівала лісты, у якіх дачка распісвала ёй сваю будучыню. І яшчэ, мяркуючы па падарунках, якія Марыя-Луіза пасылала малодшай сястры ўжо год, яна пачала добра зарабляць.
Як толькі жонка замаўчала і ўтаропіла ў Кантэна вочы, ён вырашыў, што трэба нешта сказаць у адказ. Пасля невялічкай паўзы Кантэн паабяцаў жонцы, што напіша ліст гаспадарам дачкі, хоць ён добра ўсведамляў, што гэта прапанова толькі больш раззлуе Ізабэлу. І сапраўды, у адказ тая суха рассмяялася і завялася зноў:
— Вар'ят! Ён напіша! Цяпер самая пара! І што ты напішаш ім? Пра тое, што ты вычытаў у кніжках, якія табе дае другі разумнік? Ты раскажаш ім пра свае прынцыпы? Пра сваю філасофію? Пра людскую роўнасць? Ты напішаш ім, што ты — селянін. Чалавек, які нікога не абхітрыў і нічога ні ў кога не ўкраў. А яны атрымаюць твой ліст, калі дачка ўжо будзе ў Парыжы, і адкажуць табе, што яна застанецца там на некалькі месяцаў альбо гадоў...
Яе голас пачынаў дрыжаць. Ізабэлу душыў смех, які рабіўся ўсё больш металічным і напятым. Кантэну непрыемна было чуць яго. Ён і рад быў бы адказаць, але не знаходзіў слоў. Жонка на хвіліну замаўчала, мабыць, стамілася. Яе рукі дрыжалі, падбародак скрывіўся, падцягваючы ніжнюю губу. Яна цяпер не крычала, а гаварыла нейкім прыдушаным голасам:
— Мы не ўбачым яе больш... Яна не прыедзе... Няўжо ты не можаш зразумець, што гэта значыць, га? Няўжо ты не здагадваешся, што ўпершыню за доўгі час табе прыйдзецца нарэшце патурбавацца?
Не падумаўшы, Кантэн загаварыў пра работу, пра надвор'е... Але яму не трэба было рабіць гэтага, бо Ізабэла зноў, каторы раз, перамагаючы свой смутак, засыпала мужа папрокамі:
— Пра якую работу гаворыш ты? На вуліцы зіма! А майстраваць перагонны апарат ты ўжо скончыў.