Трысціне Дуб сказаў: «Як бачу я,
Дык сапраўды цябе пакрыўдзіла прырода:
Ты не ўтрымаеш нават вераб'я.
Павее ветрык хоць і ў ціхую пагоду,
Ты захістаешся, пачнеш слабець
І так нагнешся сіратліва,
Што нават жаласна глядзець.
Між тым, як нараўне з Каўказам, ганарліва
- Узняўшы галаву сваю,
Я мала што прабіцца сонцу не даю,
А перад бурамі з усмешкаю стаю,
Нібы абкружаны навокала спакоем.
Што бурай для цябе, дык мне зефірам тое.
Хоць бы ты блізка ля мяне расла,
Прыкрытая маёй густою кронай,
Я быў бы для цябе надзейнай абаронай;
- Але ж табе прырода адвяла,
Нягледзячы на стан твой кволы,
- Ўладанні бурныя Эола».
Трысціна тут яму: «Не плач па мне дарма:
Каб шкадаваць мяне, прычын зусім няма,
Не за сябе віхураў я баюся:
- Хоць гнуся я, ды не ламлюся,
Дык буры мала шкодзяць мне,
Бадай табе страшней яны ўдвайне.
Хоць праўда, што сярдзітыя навалы
- Цябе дагэтуль не зламалі,
І ад удараў іх не страціў ты вянца,
- Ды пачакаем да канца!»
Трысціна гэта ледзь сказала,
Як раптам з поўначы сярдзітай напралом
І з градам, і з дажджом прымчаўся аквілон.
Стаіць наш Дуб, Трысціна да зямлі прыпала.
Вятрыска злы - падвоіў сілы ён,
- Завыў і вырваў з каранём
Таго, хто галавой да хмараў дакранаўся
- І аб зямлю пятою апіраўся.