Агата КрысціНябожчыкава люстраАповесць
1
Кватэра была сучасная. Мэбля ў пакоі таксама была сучасная. Вялікія квадратныя крэслы з вострымі кантамі. Сучасны пісьмовы стол, пастаўлены квадратам насупраць акна. А за сталом сядзеў маленькі пажылы чалавек. Яго галава была, па сутнасці, адзіная не квадратная рэч у пакоі. Формай яна нагадвала яйцо. Містэр Эркюль Пуаро чытаў ліст:
«Станцыя: Уімпалі
Тэлеграма: Гэмбара Св. Яна
Містэру Эркюлю Пуаро
Гэмбара Клоўз
Гэмбара Св. Марыі
Уэстшыр
Верасень, 24, 1936
Дарагі сэр,
Узнікла справа, якая патрабуе вялікай далікатнасці і такту. Я чуў добрыя водгукі пра вас і вырашыў даверыць гэтую справу вам. Я маю падставы лічыць, што з'яўляюся ахвярай падману, але па сямейных прычынах не хачу звяртацца ў паліцыю. Я сам раблю пэўныя захады, звязаныя з гэтай справай, але вы павінны быць гатовыя прыехаць сюды адразу ж, як атрымаеце тэлеграму. Буду вам удзячны, калі вы не адкажаце на гэты ліст. Шчыра ваш,
Гервазы Шэвені-Гарэ».
Бровы містэра Эркюля Пуаро павольна ўзнімаліся ўгору, пакуль амаль не зніклі ў валасах.
«І хто, уласна кажучы, - спытаўся ён у сябе, - гэты Гервазы Шэвені-Гарэ?»
Пуаро падышоў да кніжнай шафы і ўзяў вялікую тоўстую кнігу.
Ён знайшоў тое, што хацеў, даволі хутка.
Шэвені-Гарэ, Сэр Гервазы Фрэнсіс Ксаверы, 10-ы баранет, роду нададзен тытул у 1694; раней капітан 17-га ўланскага; нар. 18 траўня 1878; стар. сын сэра Гая Шэвені-Гарэ, 9-га баранета, памёр у 1911, і лэдзі Клаўдзіі Брэзэтан, 2-й дачкі 8-га графа Волінфорда. Ажаніўся ў 1912, Ванда Элізабет, стар. дачка палкоўніка Фрэдэрыка Абасната, гл. спіс асоб, якія скончылі Ітан. Удзельнік сусветнай вайны 1914-18. Захапленні: падарожжы, паляванне на буйную дзічыну. Адрас: Гэмбара Св. Марыі, Уэстшыр і плошча Лаўндыс, 218, Паўночны Захад I. Клубы: кавалерыйскі, падарожнікаў.
Пуаро не дужа задаволена паківаў галавой. Хвіліну ці дзве ён быў паглыблены ў свае думкі, потым падышоў да стала, выцягнуў шуфляду і дастаў стосік візітных картак.
Яго твар пасвятлеў.
- А lа bоnnе hеurе!* Якраз тое, што мне трэба! Ён абавязкова будзе там!
* Ну, з богам! (фр.). (Тут і далей заўвагі перакладчыка.)
* * *
Герцагіня сустрэла яго з празмерным захапленнем.
- Дык вы ўсё-такі змаглі прыйсці да нас, містэр Пуаро! О, як цудоўна!
- Мне гэта прыемна, мадам, - прамармытаў Пуаро, кланяючыся. Ён спрытна абмінуў некалькі важных і бліскучых асоб - вядомага дыпламата, такую ж вядомую актрысу і надзвычай вядомага лорда - аматара вясёлага жыцця - і знайшоў нарэшце персону, якую ён і прыйшоў шукаць: містэра Сэтазвэйта, аднаго з тых гасцей, пра каго, пералічваючы прысутных, нязменна пішуць: «і іншыя». Містэр Сэтазвэйт прыязна гаманіў:
- Дарагая герцагіня... Я заўсёды захапляюся яе гасціннасцю... Такая асоба, калі вы разумееце, што я маю на ўвазе. Я часта бачыў яе на Корсіцы некалькі гадоў назад...
У размове містэр Сэтазвэйт надзвычай часта ўпамінаў сваіх тытулаваных знаёмых. Мажліва, што ён мог часам знаходзіць прыемнасць і ў кампаніі з містэрам Джоўнсам, Браўнам ці Робінсанам, але калі і так, то ён не згадваў пра гэта. І ўсё ж апісаць містэра Сэтазвэйта як пустога сноба, і толькі, было б несправядліва. Ён быў праніклівы назіральнік чалавечай натуры, і калі праўда, што глядач ведае пра гульню найбольш, дык містэр Сэтазвэйт ведаў нямала.
- Ах, дарагі сябар, я вас не бачыў цэлую вечнасць. Я заўсёды адчуваю сябе шчаслівым, што мне пашанцавала быць побач з вамі, калі вы займаліся справай Варонінага Гнязда. Пасля таго мне здаецца, што я ў курсе, як кажуць. Дарэчы, я бачыў лэдзі Мэры толькі на тым тыдні. Чароўнае стварэнне - папуры і лаванда!
Паслухаўшы трохі пра свежыя скандалы - нясціплыя прыгоды дачкі графа і абуральныя паводзіны віконта, Пуаро здолеў уставіць у гаворку імя Гервазы Шэвені-Гарэ.
Містэр Сэтазвэйт адгукнуўся адразу ж.
- А, гэта характар, нічога не скажаш! Апошні баранет - такая ў яго мянушка.
- Пардон, я не зусім разумею.
Містэр Сэтазвэйт памяркоўна растлумачыў чужому чалавеку:
- Гэта жарт, разумееце - жарт. На самай справе ён не апошні баранет у Ангельшчыне, але ён такі і ўвасабляе канец эры. Адважны Неразважны Баранет, звар'яцелы баранет сарві-галава, вельмі папулярны ў раманах мінулага стагоддзя, чалавек, які ідзе ў самы неверагодны заклад і выйграе яго.
Сэтазвэйт пачаў больш падрабязна тлумачыць, што ён мае на ўвазе. У маладыя гады Гервазы Шэвені-Гарэ плаваў вакол свету на парусніку. Удзельнічаў у экспедыцыі на полюс. Выклікаў рызыканта-пэра на дуэль. Пабіўшыся аб заклад, ён заехаў на сваёй любімай кабыле па лесвіцы ў дом герцага. Аднойчы выскачыў з ложы на сцэну і вынес з тэатра славутую актрысу на сярэдзіне яе ролі. Анекдотаў пра яго было не злічыць.
- Гэта старадаўняя сям'я, - гаварыў далей містэр Сэтазвэйт. - Сэр Гай дэ Шэвені ўдзельнічаў у першым крыжацкім паходзе. Цяпер, на жаль, род, здаецца, згасае. Стары Гервазы - апошні Шэвені-Гарэ.
- Ён збяднеў?
- Ніколькі. Гервазы казачна багаты. Валодае каштоўнай нерухомай маёмасцю - радовішчамі вугалю, і ў дадатак ён, калі быў яшчэ малады, заснаваў шахту ў Перу ці недзе ў іншым месцы ў Паўднёвай Амерыцы, і яна прынесла яму багацце. Незвычайны чалавек. За што ні возьмецца, заўсёды ўдачліва.
- Зараз ён пажылы чалавек, вядома?
- Так, бедны, стары Гервазы. - Містэр Сэтазвэйт уздыхнуў, паківаў галавой. - Большасць людзей сказала б, што ён вар'ят. Гэта праўда, але часткова. Ён вар'ят не ў тым сэнсе, што ў яго няма памяці або што ў яго галюцынацыі, а ў тым сэнсе, што ён анармальны. Ён заўсёды быў чалавекам вялікай арыгінальнасці.
- І з гадамі арыгінальнасць становіцца эксцэнтрычнасцю? - зрабіў здагадку Пуаро.
- Менавіта. Гэта якраз тое, што здарылася з бедным старым Гервазы.
- У яго, мажліва, раздутае ўяўленне пра сваю асобу?
- Абсалютна. Я думаю, у галаве Гервазы свет заўсёды быў падзелены на дзве часткі: на адной яны, Шэвені-Гарэ, на другой - усе астатнія людзі.
- Гіпербалізаванае пачуццё сваёй радавітасці!
- Але. Усе Шэвені-Гарэ фанабэрыстыя, як д'яблы, - законы дыктуюць яны! У Гервазы, апошняга з іх, гэтага аж занадта. Сапраўды, калі яго слухаеш, можна падумаць, што ён, э-э, усявышні!
Пуаро павольна і задуменна паківаў галавою.
- Так, я падумаў пра гэта. Я атрымаў, разумееце, ад яго ліст. Гэта незвычайны ліст, які не просіць, а кліча!
- Каралеўскі загад, - сказаў містэр Сэтазвэйт, злёгку хіхікнуўшы.
- Менавіта. Гэтаму сэру Гервазы не прыйшло ў галаву, што я, Эркюль Пуаро, салідны чалавек, у якога так многа спраў! Што надзвычай малаверагодна, каб я адкінуў усё ўбок і прыбег, як паслухмяны сабака, як нікчэмны паслугач, які рады атрымаць хоць якое даручэнне!
Містэр Сэтазвэйт прыкусіў губу, каб схаваць усмешку. Ён мог падумаць, што калі гаварыць пра эгаізм, дык тут не было вялікай розніцы паміж Эркюлем Пуаро і Гервазы Шэвені-Гарэ.
Ён прамармытаў:
- Вядома; а калі справа, якой датычылася гэтая позва, была пільная?..
- Не была! - Рукі Пуаро ўзняліся ў паветра, зрабіўшы выразны жэст. - Я павінен быў быць у яго пад рукою, вось і ўсё, на выпадак, калі яму спатрэбіцца выклікаць мяне! Еnfin, jе vous dеmеndе!*
* Нарэшце, прашу вас! (фр.).
Рукі зноў красамоўна ўзняліся ўгору, лепш за словы перадаючы гнеў містэра Эркюля Пуаро.
- Я зразумеў так, - сказаў містэр Сэтазвэйт, - што вы адмовіліся?
- Я яшчэ не меў магчымасці, - павольна сказаў Пуаро.
- Але вы адмовіцеся?
Новы выраз мільгануў на твары маленькага чалавека. Яго брыво разгублена тарганулася. Ён адказаў:
- Як бы гэта сказаць? Адмовіцца - так, гэта была мая першая рэакцыя. Але я не ведаю... Часам ёсць нейкае прадчуванне. Ці не пахне тут рыбай...
Містэр Сэтазвэйт успрыняў гэтыя апошнія словы сур'ёзна.
- Вось як? - сказаў ён. - Цікава...
- Мне здаецца, - гаварыў далей Эркюль Пуаро, - што чалавек, якога вы намалявалі, можа быць вельмі крыўдлівы...
- Крыўдлівы? - здзівіўся містэр Сэтазвэйт. Гэтае слова было не з тых, якія ў яго звычайна асацыіравалісяі з Гервазы Шэвені-Гарэ. Але ён быў праніклівы і кемлівы чалавек. Ён разважліва сказаў:
- Здаецца, я разумею, што вы маеце на ўвазе.
- Гэта чалавек у латах, так, у латах - у сапраўдных латах! Латы крыжакоў - нішто ў параўнанні з імі, з латамі фанабэрыі, гонару, страшэннай самаўпэўненасці. Гэтыя латы ў пэўным сэнсе абарона: стрэлы, штодзённыя стрэлы жыцця, адлятаюць ад іх. Але тут ёсць і небяспека: чалавек у латах часам можа нават і не ведаць, што яго атакуюць. Ён бачыць запаволена, запаволена чуе, яшчэ павольней адчувае.
Пуаро памаўчаў, потым спытаўся ўжо іначай:
- Якая сям'я гэтага сэра Гервазы?
- Ванда - яго жонка. Яна з Абаснатаў, была вельмі прыгожая дзяўчына. Яна і цяпер прыгожая жанчына. Страшэнна незразумелая, аднак. Адданая Гервазы. У яе, я ведаю, прыхільнасць да акультных навук. Носіць амулеты і скарабеяў і заяўляе, што яна - пераўвасабленне егіпецкай царыцы... Далей, Рут - прыёмная дачка. У іх няма сваіх дзяцей. Вельмі прывабная дзяўчына ў сучасным стылі. Вось і ўся сям'я. Апрача, вядома, Х'юга Трэнта. Гэта пляменнік Гервазы. Памела Шэвені-Гарэ выйшла замуж за Рэгі Трэнта, і Х'юга быў іх адзінае дзіця. Ён сірата. Х'юга не можа атрымаць у спадчыну тытул, вядома, але я думаю, што яму пяройдзе ўрэшце большасць грошай Гервазы. Прыгожы хлопец; служыць у коннай гвардыі.
Пуаро задумліва паківаў галавой. Потым спытаўся:
- Сэра Гервазы засмучае, напэўна, што ў яго няма сына, каб той прыняў яго імя?
- Думаю, вельмі моцна засмучае.
- Імя роду - ён апантаны гэтым?
- Але.
Містэр Сэтазвэйт хвіліну-дзве маўчаў, дужа заінтрыгаваны. Нарэшце ён адважыўся:
- Вы бачыце важную прычыну, каб паехаць у Гэмбара Клоўз?
Пуаро адмоўна паволі паківаў галавой.
- Не, - сказаў ён. - З таго, што мне вядома, не вынікае ніякай прычыны наогул. Але, тым не менш, я мяркую, што паеду.
2
Эркюль Пуаро сядзеў у куце вагона першага класа. Цягнік хутка ішоў па ангельскай сельскай мясцовасці.
Задумліва дастаў ён з кішэні акуратна складзеную тэлеграму, разгарнуў яе і прачытаў зноў: «Выязджайце ў чатыры трыццаць з Пэнкраса загадайце кандуктару спыніць экспрэс у Ўмпэлі. Шэвені-Гарэ».
Ён згарнуў тэлеграму і паклаў яе назад у кішэню. Кандуктар быў надзвычай паслужлівы. Джэнтльмен едзе ў Гэмбара Клоўз? О, так, для гасцей сэра Гервазы Шэвені-Гарэ цягнік заўсёды спыняецца каля Ўімпэлі. «Асаблівая прывілея, сэр, я думаю».
Пасля гэтага кандуктар двойчы заходзіў у вагон, першы раз - запэўніць падарожніка, што ўсё будзе зроблена, каб спыніць для яго цягнік, другі - каб аб'явіць, што цягнік позніцца на дзесяць хвілін.
Цягнік павінен быў прыбыць у 7.50, але было дакладна дзве хвіліны дзевятай, калі Эркюль Пуаро сышоў на платформу маленькай станцыі і ўсунуў у руку клапатліваму кандуктару чаканыя паўкроны.
Свіснуў паравоз, і паўночны экспрэс рушыў далей.
Да Пуаро падышоў высокі шафёр у цёмна-зялёнай уніформе.
- Містэр Пуаро? У Гэмбара Клоўз?
Ён падняў акуратненькі сакваяж дэтэктыва і павёў Пуаро са станцыі да вялікага ролс-ройса. Шафёр патрымаў дзверцы, пакуль Пуаро залез у машыну, потым накрыў яму калені шыкоўным пледам з футра, і яны паехалі.
Праехаўшы хвілін дзесяць па прасёлках, па палявых дарожках, аўтамабіль павярнуў да шырокай брамы з двума вялізнымі каменнымі грыфонамі па баках.
Праз парк яны праехалі да дома. Дзверы дома былі адчыненыя, імпазантных прапорцый дварэцкі паказаўся на лесвіцы параднага ўвахода.
- Містэр Пуаро? Сюды, сэр.
Дварэцкі павёў яго па зале і, прайшоўшы да сярэдзіны, адчыніў насцеж дзверы справа.
- Містэр Эркюль Пуаро, - абвясціў ён.
У пакоі было некалькі чалавек у вячэрніх касцюмах, і Пуаро сваім пільным зрокам адразу ўбачыў, што яго не чакалі. Вочы ўсіх сутных застылі з непадробным здзіўленнем.
Потым высокая сіваватая жанчына няўпэўнена падышла да яго.
Пуаро схіліўся над яе рукой.
- Прашу прабачэння, мадам, - сказаў ён. - Баюся, што цягнік спазніўся.
- Нічога, нічога, - разгублена сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. Яе вочы ўсё яшчэ пазіралі на яго няўцямна. - Нічога, нічога, містэр... э-э... я трохі недачула...
- Эркюль Пуаро.
Ён вымавіў сваё імя гучна і выразна.
Недзе за сабой Пуаро пачуў раптоўны рэзкі ўздых.
І тут жа ён усвядоміў, што, бясспрэчна, гаспадара ў гэтым пакоі няма. Ён ветліва сказаў:
- Вы ведалі, што я прыязджаю, мадам?
- О, ведала... - Словы яе прагучалі непераканаўча. - Я думаю... Я маю на ўвазе... Я мяркую... Але я гэткая непрактычная, містэр Пуаро. Я ўсё забываю... - У яе голасе чулася меланхалічная задаволенасць гэтым фактам. - Мне шмат пра што гавораць. Мне здаецца, я запамінаю ўсё, але яно толькі праходзіць праз мой розум і знікае! Як быццам ніколі і не было!
І з прывычным выразам, які гаварыў, што яна нібыта даўно спазнілася выканаць пэўны абавязак, гаспадыня паглядзела вакол і ціха сказала:
- Я думаю, вы ведаеце кожнага.
Але гэта было зусім не так, і фраза была звычайнай банальнай формулай, якою лэдзі Шэвені-Гарэ пазбывалася клопатаў знаёміць гасцей і напружання, з якім ёй даводзілася б прыгадваць іх імёны.
З вялікім намаганнем яна авалодала сабой у гэтай цяжкаі сітуацыі і дадала:
- Мая дачка - Рут.
Дзяўчына, якая етаяла перад ім, была таксама высокая і цёмная, але зусім іншага тыпу. Замест дробных, невыразных рысаў лэдзі Шэвені-Гарэ ў яе быў вытачаны, трохі арліны нос і выразная, вострая лінія падбародка. Чорныя валасы спадалі назад і ўтваралі хвалю маленькіх тугіх кудзеркаў. Яе чысцюткі твар ажно ззяў, трохі за кошт касметыкі. Яна была, так падумаў Эркюль Пуаро, адна з найпрыгажэйшых дзяўчат, якіх ён бачыў.
Ён зразумеў і тое, што яна не толькі прыгожая, але і разумная і што ёй не бракуе таксама характару і гонару. Словы яна вымаўляла трохі расцягнута, і яму здалося гэта наўмысным.
- Як прыемна, - сказала яна, - мець госцем містэра Эркюля Пуаро! Дзядуля зрабіў нам невялікі сюрпрыз, я мяркую.
- Дык вы не ведалі, што я маюся прыехаць? - хутка спытаўся ён.
- Я нічога не ведала пра гэта. І змагу ўзяць свой альбом для аўтографаў толькі пасля абеду.
З залы пачуліся гукі гонга, дварэцкі адчыніў дзверы і абвясціў:
- Абед пададзены.
І амаль перад тым, як было вымаўлена слова «пададзены», здарылася нешта вельмі дзіўнае. Архірэйская фігура слугі стала, на адзін толькі момант, надзвычай здзіўленай чалавечай істотай...
Метамарфоза была такая імгненная, і маска добра натрэніраванага слугі зноў з'явілася на твары так хутка, што чалавек, які не ўмее назіраць, не заўважыў бы ніякай змены. Але Пуаро якраз назіраў. Ён здзівіўся.
Дварэцкі ў дзвярах вагаўся. Хоць на твары яго не было ніякага выразу, у постаці адчувалася напружанне.
Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала няўпэўнена:
- О, божа, гэта проста незвычайна. Сапраўды, я... Проста не ведаеш, што рабіць.
Рут звярнулася да Пуаро:
- Гэтае дзіўнае замяшанне, містэр Пуаро, выклікана тым, што мой бацька ўпершыню, прынамсі, за апошнія дваццаць гадоў, позніцца на абед.
- Гэта вельмі нязвычна!.. - усклікнула лэдзі Шэвені-Гарэ. - Гервазы ніколі...
Да яе падышоў пажылы стройны чалавек з вайсковай выпраўкай. Ён шчыра засмяяўся.
- Добры стары Гервазы! Нарэшце спазніўся! Даю слова, мы яму папомнім гэта. Відаць, яму не даваўся ў рукі гузік, калі ён прышпільваў каўнер да кашулі, як вы думаеце? Альбо, можа, у Гервазы імунітэт супраць нашых маленькіх слабасцей?
Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала ціхім азадачаным голасам:
- Але Гервазы ніколі не спазняецца.
Яно амаль было камічнае, замяшанне, выкліканае гэтай простай соntrеtеnрs*. І, аднак, Эркюлю Пуаро не было смешна... За гэтым замяшаннем ён адчуў напружанасць - магчыма, нават страх. І яшчэ - здалося дзіўным, што Гервазы Шэвені-Гарэ не з'явіўся сустрэць госця, якога выклікаў з такой таямнічасцю.
* Тут: затрымка (фр.).
Тым часам было відавочна: узнікла беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ніхто не ведае, што рабіць.
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўрэшце ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, калі гэта магло называцца ініцыятывай, бо вельмі ж няўпэўнена яна сказала:
- Снэл, ці твой гаспадар?..
Яна не скончыла фразу, толькі з чаканнем паглядзела на дварэцкага.
Снэл прывык да метадаў здабывання інфармацыі, якімі карысталася яго пані, бо хутка адказаў на своеасаблівае пытанне:
- Сэр Гервазы сышоў уніз у пяць хвілін восьмай, мілэдзі, і адразу пайшоў у свой кабінет.
- Вось як... - Яна на нейкі час так і застыла з разяўленым ротам, вочы, здавалася, глядзелі некуды далёка. - Ці не думаеш ты, што ён не чуў гонг?
- Я думаю, ён абавязкова чуў, мая лэдзі, гонг жа якраз за дзвярыма кабінета. Я, безумоўна, не ведаў, што сэр Гервазы ўсё яшчэ ў кабінеце, інакш я далажыў бы яму, што абед гатовы. Можа, цяпер зрабіць гэта, мілэдзі?
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўхапілася за гэтую прапанову з відавочнай палёгкай.
- О, дзякую, Снэл. Але, зрабі гэта, калі ласка. Абавязкова.
Калі дварэцкі пакінуў пакой, яна сказала:
- Снэл - проста скарб. Я цалкам давяраюся яму. Сама не ведаю, што б я рабіла без Снэла.
Нехта штосьці спагадна прамармытаў, згаджаючыся з ёю, але ніхто нічога не сказаў. Эркюлю Пуаро, а ён назіраў за людзьмі ў пакоі, раптам вельмі выразна падумалася, што яны, усе да аднаго, у напружанні. Яго вочы хутка бегалі па іх, «класіфіцыруючы» ўсіх у агульных рысах. Два пажылыя мужчыны, адзін вайсковага выгляду, той, які толькі што гаварыў, і хударлявы, тонкі, сівы мужчына са шчыльна сціснутымі вуснамі. Двое, далей, маладжавыя мужчыны, вельмі розныя па тыпу. Адзін, з вусамі і выразам стрыманай ганарыстасці, напэўна, пляменнік сэра Гервазы, коннагвардзеец. Другога, з прылізанымі, зачасанымі назад валасамі і даволі банальнай прыгажосцю, ён залічыў да бясспрэчна ніжэйшага сацыяльнага класа. Была тут і маленькая жанчына сярэдніх гадоў з пенснэ і з разумнымі вачыма, і яшчэ была дзяўчына з агніста-рыжымі валасамі.
У дзвярах з'явіўся Снэл. Яго манеры былі дасканалыя, але праз абалонку безаблічнага дварэцкага праступалі знакі чалавечай устурбаванасці.
- Даруйце, мілэдзі, дзверы ў кабінет замкнутыя.
- Замкнутыя?
Гэта быў мужчынскі голас - малады, імклівы, з ноткамі ўзбуджанасці, голас прыгожага маладога чалавека з прылізанымі валасамі. Ён спытаўся, ірвучыся наперад:
- Можна, я пайду і пагляджу?..
Але Эркюль Пуаро дужа спакойна ўзяў камандаванне на сябе. Ён зрабіў гэта так натуральна, што ніхто не палічыў дзіўным, што гэты чужы чалавек, які вось толькі прыехаў, бярэ справу ў свае рукі.
- Хадземце, - сказаў ён, - у кабінет.
І далей, ужо Снэлу:
- Вядзі нас, калі ласка.
Снэл паслухаўся. Пуаро, як цень, ішоў за ім, і, як статак авечак, ішлі следам і ўсе астатнія.
Снэл вёў іх праз вялікую залу, паўз вялізны выгін лесвіцы, паўз велізарны высокі стаячы гадзіннік і паўз нішу, у якой стаяў гонг, па вузкім калідоры, у канцы якога былі дзверы.
Тут Пуаро апярэдзіў Снэла і асцярожна крануў ручку. Яна павярнулася, але дзверы не адчыніліся. Пуаро лёгенька пастукаў костачкамі пальцаў па філёнзе дзвярэй. Ён стукаў мацней і мацней. Потым раптам стаў на калені і прынік вокам да замочнай шчыліны.
Неўзабаве павольна ўстаў і паглядзеў на ўсіх вакол сябе. Яго твар быў суровы.
- Джэнтльмены! - сказаў ён. - Гэтыя дзверы трэба зараз жа выламаць!
Па яго загаду двое маладых людзей, абодва высокія і дужыя, налеглі на дзверы. Гэта была нялёгкая справа. Дзверы ў Гэмбара Клоўз рабілі дыхтоўныя.
Нарэшце, аднак, замок паддаўся, і дзверы з шумам хістануліся ўнутр пакоя. Дрэва раскалолася і затрашчала.
Нейкі момант усе стаялі ціха, стоўпіўшыся на парозе. Усё святло ў пакоі было ўключана. Уздоўж сцяны злева стаяў вялікі пісьмовы стол, салідны выраб з каштоўнага дрэва. У крэсле, не за сталом, а збоку, сутуліўся вялікі чалавек, яго спіна была якраз насупраць іх. Галава і верх цела навіслі над правым білам крэсла, а правая рука бязвольна звісала. Тут жа ўнізе на дыване пабліскваў маленькі пісталет...
Не было ніякай патрэбы рабіць здагадкі. Усё было зразумела. Сэр Гервазы Шэвені-Гарэ застрэліўся.
3
Хвіліну-дзве натоўп у дзвярах стаяў нерухома, у здранцвенні, пазіраючы на жудасную сцэну. Потым Пуаро ступіў наперад. У гэты ж момант Х'юга Трэнт гучна сказаў:
- Божа мой, стары застрэліўся!
І тут жа за гэтымі словамі пачуўся працяглы страшны стогн лэдзі Шэвені-Гарэ.
- О, Гервазы... Гервазы!
Цераз плячо Пуаро рэзка сказаў:
- Выведзіце адсюль лэдзі Шэвені-Гарэ! Яна тут нічым не дапаможа.
Пажылы мужчына з вайсковай выпраўкай выканаў загад. Ён сказаў:
- Хадзем, Ванда. Хадзем, мая дарагая. Ты не можаш зрабіць нічога. Гэта ўжо адбылося. Хадзем і ты, Рут, глядзі сваю маці.
Але Рут Шэвені-Гарэ праціснулася ў пакой і стала каля Пуаро, калі той схіліўся над жахліва абмяклым целам у крэсле - целам чалавека, магутнага, як Геракл, з барадой вікінга.
Яна спыталася нізкім напружаным голасам, але надзвычай стрымана і прыглушана:
- Вы цвёрда ўпэўнены, што ён - мёртвы?
Пуаро ўзняў вочы.
На твары дзяўчыны быў адбітак нейкіх эмоцый - сурова-стрыманых, затоеных, якія ён не зусім разумеў. Гэта было не гора - гэта было больш падобна на ўзбуджанасць і страх.
Маленькая жанчына ў пенснэ мармытала:
- Твая маці, мая мілая... Ці не думаеш ты?..
Моцным істэрычным голасам дзяўчына з рыжымі валасамі крыкнула:
- Дык гэта быў не аўтамабіль і не корак ад шампанскага! Мы чулі стрэл...
Пуаро павярнуўся і паглядзеў на ўсіх. Ён сказаў:
- Нехта павінен звязацца з паліцыяй...
Рут Шэвені-Гарэ шалёна крыкнула:
- Не!
Пажылы мужчына з тварам юрыста сказаў:
- Баюся, гэта непазбежна. Ты паклапоцішся пра гэта, Бароўз? Х'юга...
- Вы містэр Х'юга Трэнт? - звярнуўся Пуаро да высокага маладога чалавека з вусамі. - Было б добра, я думаю, калі б усе, апрача вас і мяне, пакінулі гэты пакой.
Зноў яго паўнамоцтвы не былі пастаўлены пад сумненне. Юрыст пагнаў «статак» з пакоя. Пуаро і Х'юга Трэнт засталіся адны.
Х'юга сказаў, утаропіўшыся ў Пуаро:
- Паслухайце, хто вы? Я хачу сказаць, я не маю нават уяўлення... Што вы тут робіце?
Пуаро дастаў з кішэні футарал для візітных картак і выбраў сваю картку.
Х'юга Трэнт сказаў, узіраючыся ў яе:
- Прыватны дэтэктыў, га? Вядома, я чуў пра вас... Але я па-ранейшаму не разумею, што вы робіце тут?
- Вы не ведалі, што ваш дзядзька... Ён быў вам дзядзька, праўда?
Х'юга зіркнуў на мёртвага:
- Стары? Але, ён быў мой дзядзька.
- Вы не ведалі, што ён пасылаў па мяне?
Х'юга адмоўна паківаў галавой і павольна сказаў:
- Я нічога не ведаў пра гэта.
У яго голасе чулася пачуццё, якое даволі цяжка паддавалася класіфікацыі. Твар быў драўляны і тупы - выраз, падумаў Пуаро, які служыць добрай маскай на стрэс.
Пуаро спакойна сказаў:
- Мы знаходзімся ў Вэстшыры, праўда? Я вельмі добра ведаю вашага галоўнага канстэбля, маёра Рыдла.
Х'юга сказаў:
- Рыдл жыве прыкладна за мілю адгэтуль. Ён, відаць, сам заедзе сюды.
- Гэта будзе вельмі дарэчы, - сказаў Пуаро.
Ён пачаў уважліва, не спяшаючыся, знаёміцца з пакоем. Адсунуў убок штору і агледзеў французскія вокны*, злёгку тузануўшы іх. Яны былі зачыненыя.
* Французскае акно - на дзве палавінкі, да падлогі, яно служыць і як дзверы ў сад або на балкон.
На сцяне за сталом вісела круглае люстра. Люстра было раструшшчана. Пуаро нагнуўся і падняў нейкі маленькі прадмет.
- Што гэта? - спытаўся Х'юга Трэнт.
- Куля.
- Яна прайшла якраз праз яго галаву і разбіла люстра?
- Здаецца, што так.
Пуаро асцярожна паклаў кулю там, дзе знайшоў яе, падышоў да стала. Нейкія паперы былі ўпарадкаваны, акуратна складзены ў стосы. На блоку прамакальнай паперы ляжаў вырваны аднекуль ліст, упоперак якога вялікімі друкаванымі літарамі няроўным почыркам было напісана слова «даруйце».
Х'юга сказаў:
- Напісаў, мабыць, у апошнія хвілі перад тым, як... зрабіў гэта.
Дэтэктыў задумліва кіўнуў.
Ён паглядзеў на раструшчанае люстра, потым на мёртвага.
Бровы Пуаро трохі нахмурыліся, як быццам ад здзіўлення. Ён падышоў да дзвярэй, якія крыва віселі з разбітым замком. У дзвярах, як ён ведаў, не было ключа, - інакш нельга было б глянуць праз замочную шчыліну. Не было ключа і на падлозе. Пуаро нахіліўся над мёртвым і абшукаў яго.
- Так, - сказаў ён. - Ключ у кішэні.
Х'юга выняў партсігар і запаліў цыгарэту. Ён гаварыў хрыплавата.
- Здаецца, зразумела, - сказаў ён. - Мой дзядзька ўсё пазачыняў і зачыніўся сам, накрэмзаў гэтае пасланне на кавалачку паперы і потым застрэліўся.
Пуаро задумліва кіўнуў. Х'юга казаў далей:
- Але да мяне не даходзіць, навошта ён пасылаў па вас. Якая ў яго магла быць справа?
- Гэта трохі цяжэй растлумачыць. Пакуль мы чакаем, містэр Трэнт, уладаў, якія возьмуць клопат на сябе, магчыма, вы паінфармуеце мяне, хто такія ўсе гэтыя людзі, якіх я ўбачыў сёння вечарам, калі прыехаў?
- Хто яны? - Х'юга адказваў амаль няўцямна. - О, так, вядома. Прабачце. Можа, мы сядзем? - Ён паказаў на канапку ў самым далёкім ад цела нябожчыка куце пакоя. І гаварыў далей адрывіста: - Так, Ванда - мая цётка, вы ведаеце. І Рут, мая кузіна. Але вы знаёмы з а'бедзвюма. Другая дзяўчына завецца Сьюзен Кардвэл. Яна проста гасцюе тут. І яшчэ палкоўнік Бэры. Ён стары сябар сям'і. І містэр Фобз. Ён таксама стары сябар, апрача таго, ён сямейны юрыст і ўсё такое. Абодва старыя былі закаханыя ў Ванду, калі яна была маладая, і па-ранейшаму круцяцца каля яе, верныя і адданыя. Смешна, але даволі кранальна. Яшчэ тут ёсць Годфры Бараўз, старога - я маю на ўвазе майго дзядзьку - сакратар, і міс Лінгард, якая дапамагае яму пісаць гісторыю Шэвені-Гарэ. Яна рыхтуе гістарычны матэрыял тым, хто піша. Вось, здаецца, і ўся кампанія.
Пуаро кіўнуў. Потым сказаў:
- Як я зразумеў, вы сапраўды чулі стрэл, якім быў забіты ваш дзядзька?
- Так, мы чулі. Думалі, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсі, я так падумаў. Сьюзен і міс Лінгард лічылі, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля - дарога зусім блізка, ведаеце.
- Калі гэта было?
- Ну, прыблізна ў дзесяць хвілін дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.
- І дзе вы былі, калі пачулі яго?
- У зале. Мы - мы смяяліся наконт гэтага, спрачаліся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцінай, а міс Лінгард - што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў - гэта з дарогі, з вуліцы, і даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: «Больш ніякіх тэорый?» А я засмяяўся і сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды!» Даволі дурны жарт, як падумаеш.
Яго твар нервова перасмыкнуўся.
- Нікому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэліўся сэр Гервазы?
- Не, вядома, не.
- Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэліцца?
Х'юга павольна сказаў:
- О, ну... Я не сказаў бы, што...
- У вас ёсць здагадка?
- Але... ёсць... Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзіўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, містэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.
- Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?
- Угу, людзі страляюцца, калі яны трохі звіхнутыя.
- Надзіва простае тлумачэнне.
Х'юга ўтаропіўся ў яго.
Пуаро зноў устаў і пачаў бязмэтна блукаць па пакоі. Пакой быў утульна мэбліраваны, пераважаў цяжкаваты віктарыянскі стыль. Масіўныя кніжныя шафы, вялізныя крэслы з поручнямі і некалькі меншых - сапраўдны чыпендэйл*. Тут не было лішняй аздобы, але невялікія вырабы з бронзы на каміне прыцягнулі ўвагу Пуаро і відавочна выклікалі ў яго захапленне. Ён падымаў іх адзін за адным, старанна аглядаў кожны і асцярожна ставіў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.
* Стыль ангельскай мэблі XVIII ст.
- Што гэта? - спытаўся Х'юга без вялікай цікавасці.
- Нічога асаблівага. Маленечкі асколак люстра.
Х'юга сказаў:
- Сапраўды неяк дзіўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбітае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы... Я думаю, яму шанцавала залішне доўга.
- Ваш дзядзька быў шчаслівы чалавек?
Х'юга хіхікнуў.
- Дзіва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён ні дакранаўся, ператваралася ў золата! Калі ён ставіў на аўтсайдэра*, той раз-два і ў дамках! Калі ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становішча. Ён ратаваўся нейкім цудам, нават не раз. Ведаеце, ён быў па-свойму неблагі стары. «Шмат дзе пабыў, шмат чаго пабачыў», - болей, чым хто з яго пакалення.