Мой слуга, кухар і спадарожнік па паляванні - палясоўшчык Ярмола зайшоў у пакой, сагнуўшыся пад вязкай дроў, скінуў яе з грукатам на падлогу і пачаў хукаць на адубелыя пальцы.
- У, які вецер, паныч, на вуліцы, - сказаў ён, сядаючы на кукішкі перад грубкай. - Трэба добра грубку напаліць. Дазвольце запалачку, паныч.
- Значыць, заўтра на зайцоў не пойдзем, га? Як ты мяркуеш, Ярмола?
- Не... няможна... чуеце, якая завіруха? Заяц цяпер ляжыць і - ні гу-гу... Заўтра ніводнага следу не ўбачыце.
Лёс закінуў мяне на цэлых шэсць месяцаў у глухую вёсачку Валынскай губерні, на ўскраіну Палесся, і паляванне было адзіным маім заняткам і радасцю. Прызнаюся, у той час, калі мне прапанавалі ехаць на вёску, я зусім не думаў, што буду так страшэнна сумаваць. Я паехаў нават з радасцю. «Палессе... глухамань... улонне прыроды... простыя норавы... першабытныя натуры, - думаў я, седзячы ў вагоне, - зусім незнаёмы мне народ, з дзіўнымі звычаямі, своеасаблівай мовай... і ўжо, мусіць, якая безліч паэтычных легенд, паданняў і песень!» А я ў той час (расказваць, дык ужо ўсё расказваць) паспеў нават надрукаваць у адной маленькай газетцы апавяданне з двума забойствамі і адным самагубствам і ведаў тэарэтычна, што пісьменнікам карысна назіраць за жыццём.
Аднак... ці перабродскія сяляне вызначаліся нейкай асаблівай, упартай нетаварыскасцю, ці я не ўмеў як след узяцца за справу - узаемаадносіны мае з імі абмяжоўваліся толькі тым, што, убачыўшы мяне, яны яшчэ здалёку здымалі шапкі, а параўняўшыся са мной, панура вымаўлялі: «Гай буг», што павінна было азначаць: «Памагай бог». Калі ж я рабіў спробу з імі загаварыць, дык яны пазіралі на мяне са здзіўленнем, адмаўляліся разумець самыя простыя пытанні і ўсё стараліся цалаваць у мяне рукі - даўнейшы звычай, што астаўся ад польскага прыгону.
Кніжкі, якія ў мяне былі, я ўсе вельмі хутка перачытаў. Ад нудоты - хоць спачатку гэта здавалася мне непрыемным - я зрабіў спробу пазнаёміцца з мясцовай інтэлігенцыяй у асобе ксяндза, які жыў за пятнаццаць вёрст, тамашняга «пана арганіста», мясцовага ўрадніка і канторшчыка з суседняга маёнтка - адстаўнога унтэр-афіцэра, - але з гэтага нічога не выйшла.
Потым я спрабаваў узяцца за лячэнне перабродскіх жыхароў. У маім распараджэнні былі рыцына, карболаўка, борная кіслата, ёд. Але тут, апрача маіх небагатых ведаў, я натрапіў на поўную немагчымасць ставіць дыягназы, бо прыкметы хваробы ва ўсіх маіх пацыентаў былі заўсёды адны і тыя ж: «усярэдзіне баліць» і «ні есці, ні піць не можу».
Прыходзіць, напрыклад, да мяне старая баба. Са збянтэжаным выглядам шмаргануўшы пад носам указальным пальцам правай рукі, яна дастае з-за пазухі пару яек, пры гэтым на нейкі момант я бачу яе карычневую скуру, і кладзе іх на стол. Потым яна пачынае лавіць мае рукі, каб пацалаваць іх. Я хаваю рукі і пераконваю старую:
- Ды не трэба, бабка... пакінь... я не поп... мне гэтага не трэба... Што ў цябе баліць?
- Усярэдзіне ў мяне баліць, панычу, у самай што ні ёсць сярэдзіне, ажно ні піць, ні есці не можу...
- Даўно гэта ў цябе?
- А хіба я ведаю? - адказвае яна таксама запытаннем. - Так і пячэ, і пячэ. Ні піць, ні есці не можу.
І колькі я ні б'юся, больш пэўных прыкмет хваробы не знаходжу.
- Ды вы не хвалюйцеся, - параіў мне аднойчы канторшчык з унтэраў, - самі ачуняюць. Прысохне, як на сабаку. Я, прызнаюся вам, толькі адно лякарства ўжываю - нашатыр. Прыходзіць да мяне мужык. «Чаго табе?» - «Я, кажа, хворы...» Я адразу яму пад нос пляшачку з нашатырным спіртам. «Нюхай!» Нюхае... «Нюхай яшчэ... мацней!» Нюхае... «Што, палегчала?» - «Як быццам палегчала...» - «Ну, дык і ідзі з богам».
Апрача таго, мне непрыемна было гэтае цалаванне рук (а некаторыя дык проста кідаліся ў ногі і з усяе сілы стараліся пацалаваць мае боты). Тут выяўлялася не шчырасць удзячнага сэрца, а проста гідкая прывычка, якая ішла праз вякі рабства і гвалту. І я толькі здзіўляўся, назіраючы, як той самы канторшчык з унтэраў і ўраднік з выключным спакоем соваюць у губы мужыкоў свае вялізныя чырвоныя лапы...
У мяне аставалася толькі паляванне. Але ў канцы студзеня настала такое надвор'е, што і на паляванне хадзіць зрабілася немагчыма. Кожны дзень дзьмуў страшэнны вецер, а за ноч на снезе ўтвараўся цвёрды, ледзяністы слой шарпаку, па якім заяц прабягаў, не пакідаючы следу. Седзячы ў хаце і прыслухоўваючыся да завывання ветру, я сумаваў страшэнна. Зусім зразумела, што я ахвотна ўхапіўся за такую нявінную забаву, як навучанне грамаце палясоўшчыка Ярмолы.
Пачалося гэта, між іншым, досыць арыгінальна. Я аднойчы пісаў пісьмо і раптам адчуў, што нехта стаіць у мяне за спіной. Павярнуўшыся, я ўбачыў Ярмолу - ён, як і заўсёды, зусім ціха падышоў у сваіх мяккіх лапцях.
- Чаго табе, Ярмола? - спытаў я.
- Ды вось гляджу, як вы пішаце. Вось бы мне гэтак... Не, не... не гэтак, як вы, - збянтэжана залапатаў ён, калі ўбачыў, што я ўсміхаюся. - Мне б толькі маё прозвішча...
- Навошта гэта табе? - здзівіўся я... (Трэба сказаць, што Ярмола лічыцца за самага беднага і гультаяватага мужыка ва ўсім Перабродзе; жалаванне і свой сялянскі заробак ён прапівае; такіх знясіленых валоў, як у яго, няма нідзе ў наваколлі. На маю думку, ён ужо напэўна ніколі не павінен быў бы адчуваць патрэбы ў грамаце.) Я яшчэ раз запытаўся з сумненнем: - Навошта табе трэба ўмець пісаць прозвішча?
- Бачыце, якая справа, паныч, - адказаў Ярмола незвычайна мякка, - ніводнага пісьменнага няма ў нас у вёсцы. Калі паперу якую трэба падпісаць, або ў воласці справа, або што... ніхто не можа... Стараста пячатку толькі кладзе, а сам не ведае, што ў ёй надрукавана... То добра было б усім, каб хто ўмеў распісацца.
Гэтыя Ярмолавы клопаты - заўзятага браканьера, бестурботнага валацугі, з думкаю якога ніколі нават не лічыўся б селавы сход, - гэтыя клопаты яго аб грамадскіх інтарэсах роднага сяла чамусьці кранулі мяне. Я сам прапанаваў даваць яму ўрокі. І якая ж гэта была цяжкая праца - усе мае спробы навучыць яго свядомаму чытанню і пісьму! Ярмола, які дасканала ведаў кожную сцежку ў сваім лесе, ледзь не кожнае дрэва, які ўмеў арыентавацца ўдзень і ўночы ў якім хочаш месцы, які адрозніваў па слядах усіх навакольных ваўкоў, зайцоў і лісоў, - гэты самы Ярмола ніяк не мог уявіць сабе, чаму, напрыклад, літары «м» і «а» разам складаюць «ма». Звычайна над такой задачай ён пакутліва думаў хвілін з дзесяць, а то і болей, прычым яго смуглявы худы твар з запалымі чорнымі вачамі, увесь зарослы жорсткай чорнай барадой і вялікімі вусамі, выяўляў гранічную ступень разумовага напружання.
- Ну скажы, Ярмола, - «ма». Проста толькі скажы - «ма», - прыставаў я да яго. - Не глядзі на паперу, глядзі на мяне, вось так. Ну, гавары - «ма»...
Тады Ярмола глыбока ўздыхаў, клаў на стол указку і вымаўляў сумна і рашуча:
- Не... не магу...
- Як гэта не можаш? Гэта ж так лёгка. Скажы проста «ма», вось як я кажу.
- Не... не магу, паныч... забыў...
Усе метады, прыёмы і параўнанні разбіваліся аб гэтую страшэнную някемлівасць. Аднак імкненне Ярмолы да асветы зусім не слабла.
- Мне б толькі маё прозвішча! - сарамліва прасіў ён мяне. - Болей нічога не трэба. Толькі прозвішча: Ярмола Попружук - і болей нічога.
Канчаткова пакінуўшы думку навучыць яго разумнаму чытанню і пісьму, я пачаў вучыць яго падпісвацца механічна. На маё вялікае здзіўленне, гэты спосаб быў найбольш лёгкі для Ярмолы - пад канец другога месяца мы ўжо амаль адолелі прозвішча. Што ж да імя, дык яго, каб аблегчыць задачу, мы вырашылі зусім адкінуць.
Па вечарах, скончыўшы паліць у печы, Ярмола нецярпліва чакаў, калі я пазаву яго.
- Ну, Ярмола, давай вучыцца, - гаварыў я.
Ён бокам падыходзіў да стала, апіраўся на яго локцямі, прасоўваў паміж сваіх чорных, карузлых, нягнуткіх пальцаў пяро і пытаўся ў мяне, узняўшы бровы:
- Пісаць?
- Пішы.
Ярмола даволі ўпэўнена выводзіў першую літару - «П» (гэтая літара ў нас мела назву: «два стаякі і зверху перакладзіна»); потым ён глядзеў на мяне запытальна.
- Чаго ж ты не пішаш? Забыў?
- Забыў... - з прыкрасцю ківаў галавою Ярмола.
- Эх, які ты! Ну, стаў кола.
- А-а! Кола, кола!.. Ведаю... - усміхаўся Ярмола і старанна маляваў на паперы выцягнутую ўверх фігуру, вельмі падобную па сваіх абрысах да Каспійскага мора. Скончыўшы з гэтаю працаю, ён колькі хвілін моўчкі захапляўся ёю, схіляючы галаву то на левы, то на правы бок і жмурачы вочы.
- Чаго ж ты спыніўся? Пішы далей.
- Пачакайце крышачку, панычу... зараз.
Хвіліны дзве ён думаў і потым нясмела пытаўся:
- Гэтак жа, як і першая?
- Але. Пішы.
Гэтак памалу мы дабраліся да апошняй літары - «к» (цвёрды знак мы адкінулі), якая была ў нас вядома як «палка, а пасярэдзіне палкі крывуліна хвастом набок».
- А што вы думаеце, панычу, - гаварыў часам Ярмола, скончыўшы са сваёю працаю і пазіраючы на яе з любоўным замілаваннем, - мне яшчэ месяцаў з пяць або шэсць павучыцца, дык я зусім бы добра ведаў. Што вы на гэта скажаце?
II
Ярмола сядзеў на кукішках перад грубкай, перамешваючы ў печцы вуголле, а я хадзіў узад і ўперад па дыяганалі майго пакоя. З усіх дванаццаці пакояў вялізнага панскага дома я займаў толькі адзін, былую канапную. Астатнія стаялі замкнёныя на ключ, і ў іх нерухома і ўрачыста плеснелі старасвецкая штофная мэбля, дзівосная бронза і партрэты XVIII стагоддзя.
Вецер за сценамі дома шалеў, як стары, змёрзлы голы д'ябал. У яго рове чуліся стогны, віск і дзікі смех. Мяцеліца пад вечар усхадзілася яшчэ мацней. Звонку нехта шалёна кідаў у шыбы акон жмені дробнага сухога снегу. Недалёкі лес жаліўся і гуў з бесперапыннай, затоенай, глухой пагрозай...
Вецер забіраўся ў пустыя пакоі і коміны, і стары дом, увесь расхістаны, дзіравы, напаўразбураны, раптам напаўняўся дзіўнымі гукамі, да якіх я прыслухоўваўся з міжвольнай трывогай. Вось нібы ўздыхнула штосьці ў белай зале, уздыхнула глыбока, перарывіста, самотна. Вось захадзілі і зарыпелі дзесьці далёка высахлыя гнілыя маснічыны пад нечымі цяжкімі і ціхімі крокамі. Мроіцца мне, што побач з маім пакоем, у калідоры, нехта асцярожна і настойліва націскае на дзвярную ручку і потым, неспадзявана раз'ятрыўшыся, ляціць па ўсім доме, страшэнна грукаючы аканіцамі і дзвярамі, або, забраўшыся ў комін, скавыча жаласліва, самотна і безупынна, то ўзнімаючы ўсё вышэй, усё таней свой голас да жаласлівага віску, то апускаючы яго ўніз, да звярынага рыку. Часам, бог ведае адкуль, урываўся гэты страшэнны госць і ў мой пакой, прабягаў раптоўным холадам у мяне па спіне і хістаў полымя ў лямпе, якая цьмяна свяціла пад зялёным папяровым, абгарэлым зверху абажурам.
Мяне ахапіла дзіўная, няпэўная трывога. Вось, думалася мне, сяджу я глухой і завірушнай зімняй ноччу ў старым доме, сярод вёскі, закінутай у лясах і сумётах, за сотні вёрст ад гарадскога жыцця, ад кампаніі, ад жаночага смеху, ад чалавечай размовы... І пачынала мне здавацца, што гады і дзесяткі гадоў будзе цягнуцца гэты непагодлівы вечар, будзе цягнуцца да самай маёй смерці, і гэтак жа будзе раўці за вокнамі вецер, гэтак жа цьмяна будзе гарэць лямпа пад убогім зялёным абажурам, гэтак жа трывожна буду хадзіць я ўзад і ўперад па маім пакоі, гэтак жа будзе сядзець каля печкі маўклівы, засяроджаны Ярмола - дзіўная, чужая мне істота, абыякавая да ўсяго на свеце: і да таго, што ў яго ў хаце галодная сям'я, і да завывання ветру, і да майго няпэўнага і вялікага смутку.
Мне раптам нясцерпна захацелася парушыць гэтую цяжкую маўклівасць чым-небудзь, што нагадвала б чалавечы голас, і я спытаў:
- Як ты думаеш, Ярмола, адкуль гэта сёння такі вецер?
- Вецер? - перапытаў Ярмола, ляніва ўзнімаючы галаву. - А паныч хіба не ведае?
- Пэўна не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?
- І сапраўды не ведаеце? - пажвавеў раптам Ярмола. - Гэта я вам скажу, - гаварыў ён з таямнічым адценнем у голасе, - гэта я вам скажу: ці вядзьмака нарадзілася, ці чорт вяселле спраўляе.
- Вядзьмака - гэта чарадзейка, па-вашаму?
- Так, так... чарадзейка.
Я з прагнасцю накінуўся на Ярмолу. «Адкуль ведаць, - думаў я, - магчыма, зараз мне ўдасца пачуць ад яго якую-небудзь цікавую гісторыю, звязаную з чарадзействам, з закапанымі скарбамі, з ваўкалакамі?..»
- Ну, а ў вас тут, на Палессі, ёсць ведзьмы? - спытаў я.
- Не ведаю... Мабыць, ёсць, - адказаў Ярмола з ранейшай абыякавасцю і зноў схіліўся да печкі. - Старыя людзі кажуць, што былі калісьці... Можа, і няпраўда...
Я адразу расчараваўся. Характэрнаю рысаю Ярмолы была ўпартая маўклівасць, і я ўжо болей не спадзяваўся пачуць ад яго што-небудзь цікавае. Але, на маё здзіўленне, ён раптам загаварыў з лянівым нядбальствам і нібы звяртаючыся не да мяне, а да печы, у якой гуло полымя:
- Была ў нас гадоў пяць назад такая ведзьма... Толькі яе хлопцы з сяла выгналі!
- Куды ж яны яе прагналі?
- Куды!.. Вядома, у лес... Куды ж яшчэ? І хату яе пабурылі, каб ад таго праклятага котлішча і трэсак не асталося... А яе вывелі за вышніцы - і па шыі.
- А завошта вы з ёю так абышліся?
- Шкоды ад яе шмат было: сварылася з усімі, зелле пад хаты падлівала, закруткі вязала ў жыце... Адзін раз прасіла яна ў нашай маладзіцы злот (пятнаццаць капеек). Тая ёй кажа: «Няма ў мяне злота, адстань». - «Ну, добра, кажа, будзеш ты помніць, як мне злотага не дала...» І што ж вы думаеце, панычу: з тае самае пары пачало ў маладзіцы дзіця хварэць. Хварэла, хварэла ды і зусім памерла. Вось тады хлопцы вядзьмарку і прагналі, няхай ёй вочы павылазяць...
- Ну, а дзе ж цяпер гэтая вядзьмарка? - пацікавіўся я далей.
- Вядзьмарка? - павольна, як звычайна, перапытаў Ярмола. - А я ведаю?
- Хіба ў яе не асталося ў вёсцы якіх-небудзь сваякоў?
- Не, не асталося. Ды яна чужачка была, з кацапак ці з цыганоў... Я яшчэ маленькім хлапчуком быў, калі яна прыйшла да нас на сяло. І дзяўчынка з ёю была: дачка ці ўнучка... Абедзвюх прагналі...
- А цяпер да яе хіба ніхто не ходзіць: паваражыць там ці зелля якога папрасіць?
- Бабы бегаюць, - пагардліва кінуў Ярмола.
- Ага! Значыць, усё ж вядома, дзе яна жыве?
- Я не ведаю... Кажуць людзі, што недзе каля Бісавага Кута яна жыве... Ведаеце - балота, што за Ірынаўскім шляхам. Дык вось у гэтым балоце яна і сядзіць, ліха яе матары!
«Ведзьма жыве за якіх-небудзь дзесяць вёрст ад майго дома... сапраўдная, жывая, палеская ведзьма!» Гэтая думка адразу зацікавіла і ўсхвалявала мяне.
- Паслухай, Ярмола, - звярнуўся я да палясоўшчыка, - а як мне пазнаёміцца з ёю, з гэтай ведзьмай?
- Тфу! - плюнуў з абурэннем Ярмола. - Вось яшчэ дабро знайшлі.
- Дабро ці не, а я да яе ўсё роўна пайду. Як толькі крышку пацяплее, адразу і падамся. Ты мяне, вядома, правядзеш?
Ярмолу так уразілі апошнія словы, што ён нават усхапіўся з падлогі.
- Я?! - усклікнуў ён з абурэннем. - А ні ў якім разе! Няхай там яно бог ведае што, а я не пайду.
- Ну, вось глупства, пойдзеш.
- Не, панычу, не пайду... ні ў якім разе не пайду... Каб я?! - зноў усклікнуў ён, ахоплены новым наплывам абурэння. - Каб я пайшоў да вядзьмарчынага котлішча? Ды хай мяне бог беражэ! І вам не раю, паныч.
- Як сабе хочаш... а я ўсё ж пайду. Мне дужа цікава на яе паглядзець.
- Нічога там няма цікавага, - прабурчаў Ярмола, са злосцю бразнуўшы пячною дзверкаю.
Праз гадзіну, калі ён ужо вынес самавар і, напіўшыся ў цёмных сенцах гарбаты, сабраўся ісці дадому, я спытаў:
- Як завуць гэтую ведзьму?
- Мануйліха, - адказаў Ярмола са змрочным выглядам.
Ён хоць і не выказваў ніколі сваіх пачуццяў, але, здаецца, моцна да мяне прывязаўся; прывязаўся за нашую агульную цягу да палявання, за маё простае абыходжанне, за дапамогу, якую я зрэдку аказваў яго заўсёды галоднай сям'і, а галоўным чынам за тое, што я адзін на ўсім свеце не папракаў яго за п'янства, тых папрокаў Ярмола цярпець не мог. Таму мая рашучасць пазнаёміцца з ведзьмай вельмі моцна сапсавала яму настрой, што ён выявіў праз узмоцненае сапенне ды яшчэ, выйшаўшы на ганак, з усяе сілы выцяў нагою свайго сабаку - Рабчыка. Рабчык завішчаў і адскочыў убок, але адразу ж пабег услед за Ярмолам, не перастаючы скуголіць.
III
Дні праз тры пацяплела. Аднойчы на світанні, вельмі рана, Ярмола зайшоў у мой пакой і сказаў нядбайна:
- Трэба стрэльбы пачысціць, паныч.
- А што? - спытаў я, выпростваючыся пад коўдраю.
- Заяц уночы моцна пахадзіў: слядоў шмат. Можа, пойдзем на палёўку?
Я бачыў, што Ярмолу не цярпіцца хутчэй пайсці ў лес, але ён хавае гэтае жаданне паляўнічага пад выглядам абыякавасці. Сапраўды, у пярэднім пакоі ўжо стаяла яго аднастволка, ад якой не ўцёк яшчэ ніводзін бакас, нягледзячы на тое, што яна была ўпрыгожана некалькімі алавянымі латкамі, накладзенымі ў тых месцах, дзе ржа і парахавыя газы праелі жалеза.
Толькі мы зайшлі ў лес, як адразу напалі на заечы след: дзве лапкі побач і дзве ззаду, адна за адной.
Заяц выйшаў на дарогу, прайшоў па ёй сажняў з дзвесце і зрабіў з дарогі вялізны скачок у хваёвы маладняк.
- Ну, цяпер будзем абыходзіць яго, - сказаў Ярмола. - Як даў слупа, дык тут зараз і ляжа. Вы, паныч, ідзіце... - Ён задумаўся, мяркуючы па нейкіх яму аднаму вядомых прыкметах, куды мяне накіраваць... - Вы ідзіце да старой карчмы. А я яго абыду ад Замлына. Як толькі сабака яго ўзгоніць, я буду гукаць вам.
І ён адразу знік, нібы нырнуў у густыя нетры дробнага хмызняку. Я прыслухаўся. Ніводзін гук не выдаў яго браканьерскай хады, ні адна галінка не трэснула ў яго пад нагамі, абутымі ў лыкавыя пасталы.
Я павольна дайшоў да старой карчмы - нежылой, напаўразбуранай хаты, і спыніўся на ўскрайку хваёвага лесу пад высокай сасной з гонкім голым ствалом. Было так ціха, як бывае толькі ў зімовым лесе ў бязветраны дзень. Навіслыя на галінах пульхныя камякі снегу прыціскалі іх долу, надаючы чароўны, святочны і халодны выгляд. Час ад часу зрывалася з верхавіны тоненькая галінка, і вельмі добра было чуваць, як яна, падаючы, з лёгкім трэскам чаплялася за іншыя галіны. Снег ружавеў на сонцы і сінеў у ценю. Мной авалодала спакойнае зачараванне гэтай урачыстай, халоднай цішыні, і мне здавалася, што я адчуваю, як час павольна і бязгучна праходзіць паўз мяне...
Раптам далёка, з самага гушчару, даляцеў брэх Рабчыка - характэрны брэх сабакі, што гоніць звера: тоненькі, залівісты і нервовы, які амаль пераходзіў у віск. У тую ж хвіліну пачуў я і голас Ярмолы, які люта крычаў услед сабаку: «За - бы! За - бы!» - першы склад працяглым рэзкім фальцэтам, а другі - адрывістай басовай нотай (я толькі шмат пазней даведаўся, што гэты паляўнічы палескі крык ідзе ад дзеяслова «забіваць»).
Мне здавалася, мяркуючы па напрамку брэху, што сабака гоніць злева ад мяне, і я шпарка пабег цераз палянку, каб перахапіць звера. Але не паспеў я зрабіць і дваццаці крокаў, як вялізны шарак выскачыў з-за пня і, быццам бы не спяшаючыся, апусціўшы доўгія вушы, высокімі, рэдкімі скачкамі перабег цераз дарогу і схаваўся ў маладняку. Услед за ім маланкаю вылецеў Рабчык. Угледзеўшы мяне, ён матнуў хвастом, таропка схапіў некалькі разоў зубамі снегу і зноў пагнаў зайца.
Ярмола раптам гэтак жа ціха вынырнуў з нетраў.
- Чаму ж вы, паныч, не заступілі яму дарогі? - крыкнуў ён і дакорліва зацмокаў языком.
- Дык жа далёка было... больш за дзвесце крокаў.
Ярмола ўбачыў, што я збянтэжыўся, і памякчэў.
- Ну, нічога... Ён ад нас нікуды не ўцячэ. Ідзіце на Ірынаўскі шлях - ён зараз туды выйдзе.
Я падаўся ў напрамку да Ірынаўскага шляху і ўжо праз хвіліны дзве пачуў, што сабака зноў гоніць дзесьці непадалёку ад мяне. Захоплены паляўнічым хваляваннем, я пабег, трымаючы стрэльбу напагатове, праз густы хмызняк, ломячы галіны і не звяртаючы ўвагі на іх жорсткія ўдары. Я бег так даволі доўга і пачаў ужо задыхацца, як раптам брэх сабакі сціх. Я пайшоў цішэй. Мне здавалася, што калі я буду ісці ўвесь час у гэтым напрамку, дык абавязкова сустрэнуся з Ярмолам на Ірынаўскім шляху. Але хутка я зразумеў, што, калі абмінаў шматлікія кусты і пні, я зусім не думаў пра дарогу і цяпер заблудзіў. Тады я стаў гукаць Ярмолу, але ён мне не адказваў.
А тым часам я безразважна ішоў усё далей. Лес пакрысе радзеў, зямля апускалася і рабілася куп'істая. След, адбіты на снезе маёй нагой, хутка цямнеў і наліваўся вадою. Некалькі разоў я правальваўся па калена. Прыходзілася пераскокваць з купіны на купіну; мае ногі танулі ў густым рудым мосе, як у мяккім дыване.
Хмызняк неўзабаве зусім скончыўся. Перада мною было вялікае круглае балота, зацярушанае снегам, з-пад белага покрыву якога тырчалі рэдкія купіны. На процілеглым канцы балота, паміж дрэвамі, выглядвалі белыя сцены нейкай хаціны. «Мусіць, тут жыве ірынаўскі ляснік, - падумаў я. - Трэба зайсці і распытаць у яго дарогу».
Але дайсці да хаціны было не так лёгка. Кожную хвіліну я ўгрузаў у дрыгве. Боты мае набралі вады і пры кожным кроку гучна хлюпалі; ужо не ставала сілы валачы іх за сабой.
Нарэшце я перабраўся цераз гэтае балота, падняўся на маленькі пагорак і цяпер мог добра разгледзець хату. Гэта нават была не хата, а менавіта казачная хацінка на курыных ножках. Яна не краналася падлогай зямлі, а была пабудавана на палях, напэўна, з прычыны паводак, якія ўвесну залівалі ўвесь Ірынаўскі лес. Але адзін бок яе ад часу асеў, і гэта надавала хаціне сумны выгляд... У вокнах не хапала некалькіх шыбаў; іх замянялі нейкія брудныя анучы, якія гарбом выпіралі на вуліцу.
Я націснуў на клямку і адчыніў дзверы. У хаце было вельмі цёмна, а ў мяне, пасля таго як я доўга глядзеў на снег, хадзілі перад вачамі фіялетавыя кругі; таму я доўга не мог разабраць, ці ёсць хто ў хаце.
- Эй, добрыя людзі, хто з вас дома? - спытаў я гучна.
Каля печкі нешта заварушылася. Я падышоў бліжэй і ўбачыў старую, якая сядзела на падлозе. Перад ёю ляжала вялікая куча курынага пер'я. Старая брала па адным пёрку, здзірала з яго бародку і клала пух у кошык, а стрыжні кідала проста на зямлю.
«Дык жа гэта - Мануйліха, ірынаўская ведзьма», - мільганула ў мяне ў галаве, як толькі я больш уважліва прыгледзеўся да старой. Усе рысы бабы-ягі, як яе малюе народны эпас, былі ў наяўнасці: худыя запалыя шчокі пераходзілі ўнізе ў востры, доўгі, старэчы падбародак, які амаль датыкаўся да абвіслага носа; бабка варушыла бяззубым ротам, быццам перажоўвала нешта; выцвілыя, калісьці блакітныя вочы, халодныя, круглыя, пукатыя, з вельмі кароткімі чырвонымі павекамі, пазіралі, як вочы нейкай злавеснай птушкі.
- Добры дзень, бабка! - сказаў я як мага больш ветліва. - Ці не Мануйліхай цябе завуць?
У адказ нешта заклекатала і захрыпела ў грудзях у старой; потым з яе бяззубага рота вырваліся дзіўныя гукі, якія то нагадвалі задушлівае карканне старой вароны, то раптам пераходзілі ў сіпаты перарывісты фальцэт:
- Раней, можа, і Мануйліхай звалі добрыя людзі... А цяпер завуць завуткай, а называюць вуткай. А табе што трэба? - спытала яна непрыязна, не спыняючы сваёй аднастайнай працы.
- Ды вось, бабка, заблудзіў я. Можа, у цябе малака знойдзецца?
- Няма малака, - злосна адрэзала старая. - Многа вас тут па лесе ходзіць... Усіх не напоіш, не накорміш.
- Ну, бабка, і неласкавая ж ты да гасцей.
- І сапраўды, бацюхна мой: зусім неласкавая. Прысмакаў для вас не маем. Стаміўся - пасядзі, ніхто цябе з хаты не гоніць. Ведаеш, як у прыказцы гаворыцца: «Прыходзьце да нас на прызбе пасядзець, у нашага свята звону паслухаць, а абедаць да вас мы і самі здагадаемся». Вось яно як...
Такая гаворка адразу пераканала мяне, што старая сапраўды нетутэйшая ў гэтым краі; тут не любяць і не разумеюць вострай, прыпраўленай рэдкімі слоўцамі мовы, якой так ахвотна фарсіць гаварун-паўночнік. Між тым старая, механічна працягваючы сваю працу, усё яшчэ мармытала нешта сабе пад нос, але ўсё цішэй і цішэй. Я разбіраў толькі паасобныя словы, якія не мелі паміж сабою ніякай сувязі. «Вось табе і бабка Мануйліха... А хто такі - невядома... Гады мае не маленькія... Нагамі круціць, цвіркоча, сакоча - сапраўдная сарока...»
Я нейкі час моўчкі прыслухоўваўся, і раптоўная думка, што перада мной - вар'ятка, выклікала ў мяне пачуццё гідлівага страху.
Аднак я паспеў агледзецца вакол сябе. Большую частку хаты займала вялізная аблупленая печ. Абразоў у пярэднім куце не было. Па сценах, замест звычайных паляўнічых з зялёнымі вусамі і фіялетавымі сабакамі і партрэтаў нікому не вядомых генералаў, віселі пучкі сухіх зёлак, звязкі зморшчанага карэння і кухонны посуд. Ні савы, ні чорнага ката я не заўважыў, але з печы два рабыя паважныя шпакі пазіралі на мяне здзіўлена і недаверліва.
- Бабка, а вады ў вас напіцца можна? - спытаў я, павышаючы голас.
- А вунь, у кадушцы, - кіўнула старая.
Вада патыхала балотнаю ржою. Падзякаваўшы бабцы (на што яна не звярнула аніякай увагі), я спытаў у яе, як мне патрапіць на шлях.
Яна раптам узняла галаву, паглядзела на мяне пільна сваімі халоднымі птушынымі вачмі і замармытала хуценька:
- Ідзі, ідзі... Ідзі, хлопча, сваёй дарогай. Няма чаго табе тут рабіць. Добры госць у гасціну. Ідзі, бацюхна, ідзі...
Мне і сапраўды нічога больш не аставалася, як пайсці. Але раптам мне прыйшло ў галаву паспрабаваць апошні сродак, каб хоць крыху расчуліць суровую старую. Я дастаў з кішэні новы сярэбраны чацвяртак і працягнуў яго Мануйлісе. Я не памыліўся: угледзеўшы грошы, старая заварушылася, вочы ў яе загарэліся, і яна пацягнулася па манету сваімі скурчанымі, вузлаватымі, дрыготкімі пальцамі.
- Э, не, бабка Мануйліха, проста так не дам, - паддражніў я яе, хаваючы манету. - Давай лепш паваражы мне.
Карычневы зморшчаны твар чараўніцы скрывіўся ў нездаволенай міне. Яна, мусіць, вагалася, бо ў нерашучасці глядзела на мой кулак, дзе былі грошы. Але прагнасць узяла верх.
- Ну, ну, пойдзем, ці што, пойдзем, - прашамкала яна, з цяжкасцю падымаючыся з падлогі. - Нікому я не варажу цяпер, галубок... Забыла... Старая зрабілася, вочы не бачаць. Толькі табе хіба.
Трымаючыся за сцяну, калоцячыся на кожным кроку згорбленым целам, яна падышла да стала, дастала калоду бурых, распухлых ад часу карт, стасавала іх і падсунула да мяне.
- Здымі... Левай ручкай здымі... Ад сэрца...
Папляваўшы на пальцы, яна пачала раскладваць. Карты падалі на стол з такім гукам, як быццам яны былі збіты з цеста, і ўтваралі правільную васьміканцовую зорку. Калі апошняя карта лягла на караля, Мануйліха працягнула да мяне руку.
Я сунуў ёй падрыхтаваную манету. Старая спрытна, як малпа, схавала яе за шчаку.
- Вялікі інтарэс табе выпадае праз дальнюю дарогу, - пачала яна прывычнай скорагаворкай. - Сустрэча з бубновай дамай і нейкая прыемная размова ў важным доме. Неўзабаве атрымаеш нечаканае паведамленне ад трэфовага караля. Падаюць табе нейкія клопаты, а пасля зноў падаюць нейкія невялікія грошы. Будзеш у вялікай кампаніі, п'яны будзеш... Не тое каб вельмі, а ўсё ж выпадае табе выпіўка. Жыццё тваё будзе доўгае. Калі ў шэсцьдзесят гадоў не памрэш, дык...
Раптам яна спынілася, узняла галаву, быццам да нечага прыслухоўваючыся. Я таксама насцярожыўся. Чыйсьці жаночы голас, свежы, звонкі і моцны, спяваў, набліжаючыся да хаты. Я таксама пачуў словы грацыёзнай маларасейскай песенькі:
Ой чи цвіт, чи не цвіт
Калиноньку ломить.
Ой чи сон, чи не сон
Головоньку клонить.
- Ну, ідзі, ідзі цяпер, саколік, - трывожна замітусілася старая, адводзячы мяне рукою ад стала. - Няма чаго табе па чужых хатах ацірацца. Ідзі, куды ішоў...
Яна нават схапіла мяне за рукаў і цягнула да дзвярэй. На твары ў яе быў нейкі звярыны неспакой.
Голас, які спяваў песню, раптам абарваўся зусім блізка каля хаты, гучна бразнула жалезная клямка, і ў прасвеце расчыненых дзвярэй паказалася рослая вясёлая дзяўчына. Абедзвюма рукамі яна беражліва падтрымлівала паласаты фартух, з якога выглядалі тры маленькія птушыныя галоўкі з чырвонымі шыйкамі і чорнымі бліскучымі вачаняткамі.
- Глядзі, бабка, берасцянкі зноў за мною ўвязаліся, - усклікнула яна, гучна смеючыся, - паглядзі, якія смешныя... Галодныя зусім. А ў мяне як знарок хлеба пры сабе не было.
Але, убачыўшы мяне, яна раптам змоўкла і загарэлася густым румянцам. Яе тонкія чорныя бровы нездаволена сышліся, а вочы з запытаннем пазіралі на старую.
- Вось пан зайшоў... Пытаецца дарогі, - растлумачыла старая. - Ну, бацюхна, - з рашучым выглядам павярнулася яна да мяне, - хопіць табе тут прахалоджвацца. Напіўся вады, пагаварыў, ды трэба і меру знаць. Мы табе не кампанія...
- Паслухай, прыгажуня, - сказаў я дзяўчыне. - Пакажы мне, калі ласка, дарогу на Ірынаўскі шлях, а то з вашага балота ніколі і не вылезеш.
Мусіць, на яе падзейнічаў мой прыязны, лагодны тон, з якім я звярнуўся да яе. Яна асцярожна пасадзіла на печку, побач са шпакамі, берасцянак, кінула на лаву сваю кароценькую світку і моўчкі выйшла з хаты.
Я падаўся за ёю.
- Гэта ў цябе ўсе ручныя птушкі? - спытаў я, даганяючы дзяўчыну.
- Ручныя, - адказала яна коратка і нават не зірнула на мяне. - Ну, вось, глядзіце, - сказала яна, спыняючыся ля паркана. - Бачыце сцежку, вунь, паміж хвоямі? Бачыце?
- Бачу...
- Ідзіце проста па ёй. Як дойдзеце да дубовай калоды, павернеце налева і будзеце ісці ўвесь час лесам, лесам. А там неўзабаве будзе і Ірынаўскі шлях.
У той час, калі яна выцягнутай правай рукой паказвала мне напрамак дарогі, я міжвольна залюбаваўся ёю. Яна зусім не была падобна да мясцовых дзяўчат, твары якіх пад нязграбнымі хусткамі, якія закрываюць зверху лоб, а знізу рот і падбародак, бываюць такія аднастайныя, са спалоханым выразам. Мая незнаёмая, высокая чарняўка гадоў каля дваццаці - дваццаці пяці, трымалася лёгка і стройна. Шырокая белая кашуля вольна і прыгожа аблягала яе маладыя здаровыя грудзі. Арыгінальнай прыгажосці яе твару нельга было забыць ад першага позірку, але цяжка было, нават пры жаданні, дакладна яго апісаць. Чароўнасць яго была ў гэтых вялікіх, бліскучых, цёмных вачах, якім тонкія, надламаныя пасяродку бровы надавалі няўлоўнае адценне ўладнасці і наіўнасці; у смуглява-ружовым тоне скуры; у свавольным выгіне губ, з якіх ніжняя, крышку больш поўная, выдавалася наперад з рашучым і капрызным выглядам.
- Няўжо вы не баіцёся жыць адны ў такой глушэчы? - спытаў я, затрымаўшыся ля паркана.
Яна абыякава паціснула плячамі.
- Чаго ж нам баяцца? Ваўкі сюды не заходзяць.
- Ды хіба ваўкі адны... Снегам вас замесці можа, пажар можа здарыцца... І ці мала яшчэ што. Вы тут адны, вам і памагчы ніхто не паспее.
- І дзякуй богу! - махнула яна пагардліва рукою. - Каб нас з бабкаю зусім у спакоі пакінулі, дык лепей было б, а то...
- А то што?
- Шмат будзеце ведаць, хутка састарыцеся, - адрэзала яна. - Ды вы самі хто будзеце? - спытала яна трывожна.
Я здагадаўся, што, напэўна, і старая і гэтая прыгажуня баяцца якога-небудзь прыціску з боку «ўладаносцаў», і паспяшаўся яе супакоіць.
- О! Ты, калі ласка, не хвалюйся. Я не ўраднік, не пісар, не акцызны, адным словам - я ніякае не начальства.
- Не, вы праўду кажаце?
- Даю табе слова гонару. Далібог, я самы звычайны чалавек. Проста прыехаў сюды пагасцяваць на некалькі месяцаў, а там і паеду. Калі хочаш, я нават нікому не скажу, што быў тут і бачыў вас. Ты мне верыш?
Твар у дзяўчыны крышку пасвятлеў.
- Ну, значыць, калі не хлусіце, дык праўду гаворыце. А вы як: раней пра нас чулі ці самі зайшлі?
- Ды я і сам не ведаю, што табе сказаць... Чуць-то я чуў і нават хацеў калі-небудзь забрысці да вас, а сёння зайшоў выпадкова - заблудзіў... Ну, а цяпер скажы, чаго вы людзей баіцёся? Што ж яны вам благога робяць?
Яна паглядзела на мяне з дапытлівым недаверам. Але сумленне ў мяне было чыстае, і я, не маргнуўшы, вытрымаў гэты пільны позірк. Тады яна пачала гаварыць з хваляваннем, якое ўсё ўзрастала:
- Блага нам ад іх бывае... Простыя людзі яшчэ нічога, а вось начальства... Прыедзе ўраднік - цягне, прыедзе станавы - цягне. Ды яшчэ, перш чым узяць, бабку зневажаюць: ты, кажуць, ведзьма, чартоўка, катаржніца... Эх! Ды што і казаць!
- А цябе не чапаюць? - сарвалася ў мяне неасцярожнае пытанне.
Яна з ганарлівай самаўпэўненасцю павяла галавой знізу ўверх, і ў яе прыжмураных вачах мільганула злая радасць...
- Не чапаюць... Аднойчы сунуўся да мяне каморнік нейкі... Ласкі яму, бачыце, захацелася... Дык, напэўна, і да гэтае пары не забыў, як я яго прыгалубіла.
У гэтых насмешлівых, але па-свойму гордых словах прагучала столькі грубай незалежнасці, што я міжвольна падумаў: «Аднак нездарма ты вырасла сярод палескага бору - з табою і сапраўды небяспечна жартаваць».
- А мы хіба чапаем каго-небудзь! - гаварыла яна далей, усё больш і больш давяраючы мне. - Нам і людзей не трэба. Раз у год толькі схаджу я ў мястэчка купіць мыла ды солі... Ды вось яшчэ бабцы гарбаты - гарбату яна ў мяне любіць. А то хоць бы і зусім нікога не бачыць.
- Ну, я бачу, вы з бабкаю людзей не дужа любіце... А мне можна калі-небудзь завітаць да вас на хвілінку?
Яна засмяялася - і дзіўна, як нечакана змяніўся яе прыгожы твар! Ранейшай суровасці ў ім і следу не асталося: ён раптам зрабіўся светлы, сарамлівы, дзіцячы.
- Ды што ў нас вам рабіць? Мы з бабкаю невясёлыя... Што ж, заходзьце, мабыць, калі вы сапраўды добры чалавек. Толькі вось што... вы ўжо калі да нас заблудзіце, дык без стрэльбы лепей...
- Ты баішся?
- Чаго мне баяцца? Нічога я не баюся, - і ў яе голасе загучала ўпэўненасць у сваёй сіле. - А толькі не люблю я гэтага. Навошта страляць птаства або вось зайцоў таксама. Нікому яны шкоды не робяць, а жыць ім хочацца гэтак жа, як і нам з вамі. Я іх люблю: яны маленечкія, дурненькія такія... Ну, аднак, да пабачэння, - заспяшалася яна, - не ведаю, як зваць вас... Баюся, што бабка крыўдаваць будзе.
І яна лёгка і хутка пабегла ў хату, схіліўшы галаву і прытрымліваючы рукамі ўскудлачаныя ветрам валасы.
- Пачакай, пачакай! - крыкнуў я. - Як цябе завуць? Ужо будзем знаёмы як належыць.
Яна прыпынілася на хвілінку і павярнулася да мяне.
- Аленай мяне завуць... Па-тутэйшаму - Алеся.
Я закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў у напрамку, які мне паказала дзяўчына. Падняўшыся на невялікі пагорак, адкуль пачыналася вузкая, ледзь прыкметная лясная сцежка, я азірнуўся. Чырвоная Алесіна спадніца, якую злёгку калыхаў вецер, яшчэ відаць была на ганку хаты і вылучалася яркаю плямаю на сляпуча белым роўным фоне снегу...
Праз гадзіну пасля мяне прыйшоў дахаты Ярмола. Па сваёй звычайнай неахвоце да пустых размоў ён ні слова не спытаў у мяне аб тым, як і дзе я заблудзіў. Ён толькі сказаў быццам між іншым:
- Там... я зайца на кухню занёс... смажыць будзем ці пашляце каму-небудзь?
- А ты не ведаеш, Ярмола, дзе я быў сёння? - сказаў я, загадзя ўяўляючы сабе здзіўленне палясоўшчыка.
- Чаму ж мне не ведаць? - груба прабурчаў Ярмола. - Вядома, да вядзьмарак хадзілі.
- Адкуль жа ты даведаўся пра гэта?
- А чаму б мне не даведацца? Чую, што вы голасу не падаяце, ну, я і вярнуўся на ваш след... Эх, паны-ыч! - дадаў ён з дакорлівым папрокам. - Не трэба вам такімі справамі займацца... Грэх!..
IV
Вясна наступіла сёлета ранняя, дружная і - як заўсёды на Палессі - нечаканая. Пабеглі па вясковых вуліцах бурлівыя, карычневыя, зіхатлівыя раўчукі, злосна пенячыся вакол стрэчных камянёў і шпарка круцячы трэскі і гусіны пух; у вялізных лужынах вады адлюстравалася блакітнае неба з круглымі белымі воблакамі, якія павольна плылі па ім і цяжка варочаліся адно ля аднаго; са стрэх пасыпаліся частыя звонкія кроплі. Вераб'і, якія чародкамі абсыпалі прыдарожныя вербы, крычалі так гучна і ўзбуджана, што нельга было нічога пачуць за іх галасамі. Усюды адчувалася радасная, імклівая трывога жыцця.
Снег сышоў, толькі асталіся яшчэ там-сям брудныя наздраватыя лапіны ў лагчынах і цяністых пералесках. Выглянула голая, мокрая, цёплая зямля, якая адпачыла за зіму і цяпер поўнілася свежымі сокамі, прагаю новага мацярынства. Над чорнымі нівамі вілася лёгкая пара, якая напаўняла паветра пахам адталай зямлі - тым свежым і магутным п'яным пахам вясны, які нават і ў горадзе пазнаеш сярод соцень іншых пахаў. Мне здавалася, што разам з гэтым водарам улівалася ў маю душу вясновая туга, салодкая і пяшчотная, поўная неспакойных пачаканняў і цьмяных прадчуванняў, - паэтычная туга, якая робіць у нашых вачах усіх жанчын чароўнымі і якая заўсёды прыпраўлена невыразнымі згадкамі аб мінулых вёснах. Ночы сталі цяплейшыя; у іх густым вільготным мораку адчувалася нябачная спешная творчая праца прыроды...
У гэтыя вясновыя дні вобраз Алесі не выходзіў з мае галавы. Мне прыемна было, астаўшыся аднаму, легчы, заплюшчыць вочы, каб лепей засяродзіцца, і ўвесь час выклікаць у сваім уяўленні яе то суровы, то пяшчотны і вясёлы твар, яе маладое цела, якое вырасла сярод прыволля старога бору гэтак жа строга і гэтак жа магутна, як растуць маладыя елачкі, яе свежы голас з нечаканымі нізкімі аксамітавымі ноткамі... «Ва ўсіх яе рухах, у яе словах, - думаў я, - ёсць нешта высакароднае (вядома, у лепшым сэнсе гэтага даволі пошлага слова), нейкая прыродная прыгожая стрыманасць...» Таксама прыцягваў мяне і некаторы арэол таямнічасці, які акружаў Алесю, прымхлівая рэпутацыя ведзьмы, жыццё ў лясной глушы сярод балота і асабліва - гэтая гордая ўпэўненасць у сваіх сілах, якая адчувалася нават у тых нешматлікіх словах, з якімі яна звярталася да мяне.
Няма нічога дзіўнага, што, як толькі крышку падсохлі лясныя сцежкі, я падаўся да хацінкі на курыных ножках. На выпадак, калі б спатрэбілася супакоіць бурклівую бабку, прыхапіў я з сабою паўфунта гарбаты і некалькі жменяў кускавога цукру.
Я застаў абедзвюх жанчын дома. Старая корпалася каля печы, а Алеся прала лён, седзячы на вельмі высокай лаве; калі я, заходзячы, грукнуў дзвярыма, яна павярнулася, нітка абарвалася ў яе пад рукамі, і верацяно пакацілася па падлозе.
Старая нейкі час уважліва і злосна ўглядалася ў мяне, зморшчыўшыся і засланяючы далоняй твар ад гарачыні печкі.
- Добры дзень, бабуля! - сказаў я зычным, бадзёрым голасам. - Не пазнаеш, мусіць, мяне? Памятаеш, я ў мінулым месяцы заходзіў дарогі пытацца? Ты мне яшчэ варажыла?
- Нічога не памятаю, панок, - зашамкала старая, нездаволена круцячы галавою, - нічога не памятаю. І што ты забыў у нас - ніяк не зразумею. Што мы табе за кампанія? Мы людзі простыя, шэрыя... Няма чаго табе ў нас рабіць. Лес вялікі, ёсць месца дзе разысціся... вось так...
Збянтэжаны халодным прыёмам, я зусім разгубіўся і апынуўся ў тым недарэчным становішчы, калі не ведаеш, што рабіць: ці павярнуць грубасць на жарт, ці самому ўзлавацца, ці, нарэшце, не сказаўшы ні слова, павярнуцца і пайсці назад. Міжвольна я бездапаможна павярнуўся да Алесі. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася з адценнем незласлівай насмешкі, устала з-за прасніцы і падышла да старой.
- Не бойся, бабка, - сказала яна прымірэнча, - гэта не ліхі чалавек, ён нам благога не зробіць. Калі ласка, сядайце, - дадала яна, паказваючы мне на лаву ў пярэднім кутку і не звяртаючы больш увагі на бурчанне старой.
Падбадзёраны яе ўвагаю, я вырашыў скарыстаць самы рашучы сродак.
- Якая ж ты злосная, бабуля... Толькі госць на парог, а ты адразу і лаяцца. А я табе гасцінца прынёс, - сказаў я, вымаючы з сумкі свае пакункі...
Старая кінула хуткі позірк на пакункі, але адразу ж павярнулася да печкі.
- Ніякіх мне тваіх гасцінцаў не трэба, - прабурчала яна, заўзята разграбаючы качаргою вуголле. - Ведаем мы таксама гасцей гэтых. Спачатку без мыла ў душу лезуць, а потым... Што ў цябе ў пакуначку? - раптам павярнулася яна да мяне.
Я адразу ж аддаў ёй гарбату і цукар. Гэта падзейнічала на старую, хоць яна і працягвала яшчэ бурчаць, але ўжо не ранейшым, непрымірымым тонам.
Алеся ўзялася зноў за пражу, а я сеў каля яе на нізкім, кароткім і вельмі хісткім услончыку. Левай рукой Алеся хутка сукала белую, мяккую, як шоўк, кудзелю, а ў правай у яе з лёгкім гудзеннем круцілася верацяно, якое яна то пускала падаць амаль да зямлі, то спрытна падхоплівала і кароткім рухам пальцаў зноў прымушала круціцца. Гэтая работа, такая простая на першы погляд, так і кіпела ў яе руках, хоць і патрабавала вялікага навыку і спрыту. Міжвольна я звярнуў увагу на гэтыя рукі: яны загрубелі і пачарнелі ад працы, але былі невялікія і такой прыгожай формы, што ім пазайздросцілі б многія шляхетныя дзяўчаты.
- А вось вы мне тады і не прызналіся, што бабка варажыла, - сказала Алеся. І, угледзеўшы, што я з апаскаю павярнуўся назад, яна дадала: - Нічога, нічога, яна крышку на вуха тугая, не пачуе. Яна толькі мой голас добра адрознівае.
- Так, варажыла. А што?
- Ды так сабе... Проста пытаюся... А вы верыце? - кінула яна на мяне цішком хуткі позірк.
- У што? У тое, што твая бабка мне варажыла, ці наогул?
- Не, наогул...
- Як сказаць, дакладней будзе, што не веру, але адкуль ведаць? Кажуць, бываюць выпадкі... Нават у разумных кнігах пра іх надрукавана. А вось у тое, што твая бабка казала, дык зусім не веру. Так і кожная баба вясковая зможа паваражыць.
Алеся ўсміхнулася.
- Так, гэта праўда, што яна цяпер дрэнна варожыць. Старая стала, ды і баіцца яна вельмі. А што вам карты сказалі?
- Нічога цікавага не было. Я цяпер і не памятаю. Што звычайна гавораць: дальняя дарога, трэфовы інтарэс... Я і забыў нават.
- Так, так, дрэнная яна ўжо варажбітка. Словы многія забыла ад старасці... Куды ёй цяпер? Ды і баіцца яна. Хіба толькі грошы ўбачыць, дык згодзіцца.
- Чаго ж яна баіцца?
- Вядома чаго - начальства баіцца... Ураднік прыедзе, дык заўсёды пагражае: «Я, кажа, цябе ва ўсякі час магу запраторыць. Ты ведаеш, кажа, што вашаму брату за чарадзейства можа быць? Ссылка на катаржныя работы, без тэрміну, на Сакаліны востраў». Як вы лічыце, хлусіць ён гэта ці не?
- Не, хлусіць ён не хлусіць; сапраўды за гэта могуць пакараць, але ўжо не так страшна... Ну, а ты, Алеся, умееш варажыць?
Яна як быццам крышку збянтэжылася, але толькі на хвіліну якую.
- Варажу... Толькі не за грошы, - дадала яна хуценька.
- Можа, ты і мне кінеш на карты?
- Не, - ціха, але рашуча адказала яна, паківаўшы галавою.
- Чаму ж ты не хочаш? Ну, не цяпер, дык калі-небудзь пасля... Мне чамусьці здаецца, што ты мне праўду скажаш.
- Не. Не буду. Нізашто не буду.
- Ну, гэта ўжо нядобра, Алеся. Дзеля першага знаёмства нельга адмаўляцца... Чаму ж ты не хочаш?
- Таму, што я на вас ужо кідала, другі раз няможна...
- Няможна? Чаму? Я гэтага не разумею.
- Не-не, няможна, няможна... - зашаптала яна з вялікім страхам. - Лёс нельга два разы турбаваць... Не выходзіць... Ён даведаецца, падслухае... Лёс не любіць, калі ў яго пытаюцца. Таму ўсе варажбіты няшчасныя.
Я хацеў адказаць Алесі якім-небудзь жартам і не мог: вельмі ўжо многа шчырай веры было ў яе словах. Вось чаму, калі яна, спамянуўшы пра лёс, з дзіўнай бояззю паглядзела на дзверы, я міжвольна паўтарыў гэты рух.
- Ну, калі не хочаш мне паваражыць, дык тады раскажы, што табе карты сказалі, - папрасіў я.
Алеся раптам кінула прасніцу і дакранулася рукой да маёй рукі.
- Не... Лепш не трэба, - сказала яна, і яе вочы набылі ўмольна дзіцячы выраз. - Калі ласка, не прасіце... Нядобра вам выйшла... Не прасіце лепш...
Але я стаяў на сваім. Я не мог разабраць: ці былі яе адмова і цьмяныя намёкі на лёс найграным прыёмам варажбіткі, ці яна сапраўды верыла ў тое, пра што гаварыла, але мне зрабілася неяк не па сабе, амаль страшна.
- Ну, добра, я, бадай, скажу, - згадзілася нарэшце Алеся. - Толькі глядзіце, умова даражэй за грошы: не злавацца, калі вам што-небудзь не спадабаецца. Выйшла вам вось што: чалавек вы хоць і добры, але толькі слабы... Дабрата ваша не добрая, не сардэчная. Слову вы свайму не гаспадар. Над людзьмі любіце верх браць, а самі ім хоць і не хочаце, але падначальваецеся. Віно любіце, а таксама... Ну, ды ўсё роўна, гаварыць, дык ужо ўсё... - да нашай сястры дужа ахвочы, і праз гэта вам шмат у жыцці благога будзе... Грошай берагчы не любіце і збіраць іх не ўмееце - багатым ніколі не будзеце... Гаварыць далей?
- Гавары, гавары! Усё, што ведаеш, гавары!
- Далей выйшла, што жыццё будзе невясёлае. Нікога вы сэрцам не пакахаеце, бо сэрца ў вас халоднае, лянівае, а тым, якія вас будуць кахаць, вы шмат гора прынесяце. Ніколі вы не ажэніцеся, так, халасты, і памраце. Радасцяў вам у жыцці вялікіх не будзе, але будзе шмат смутку і турбот. Настане такі час, што рукі самі на сябе налажыць захочаце... Такое з вамі здарыцца... Але толькі не зробіце гэтага, так сцерпіце... Вялікую нястачу будзеце адчуваць, аднак пад канец жыцця лёс ваш зменіцца праз смерць нейкага блізкага для вас чалавека, і зусім для вас нечакана. Толькі ўсё гэта будзе яшчэ не скора, а вось сёлета... Я толькі не ведаю, калі дакладна, - карты гавораць, што вельмі хутка... Мабыць, нават і ў гэтым месяцы...
- Што ж здарыцца сёлета? - спытаў я, калі яна зноў спынілася.
- Ды ўжо баюся нават гаварыць далей. Выпадае вам вялікае каханне з боку нейкай трэфовай дамы. Вось толькі не магу здагадацца, замужняя яна ці дзяўчына, я ведаю, што чарнявая...
Я міжвольна кінуў хуткі позірк на Алесіну галаву.
- Што вы гледзіцё? - пачырванела раптам яна, адчуўшы на сабе мой позірк. - Ну так, накшталт маіх, - гаварыла яна далей, машынальна папраўляючы валасы і яшчэ больш чырванеючы.
- Дык ты гаворыш, - вялікае трэфовае каханне? - пажартаваў я.
- Не смейцеся, не трэба смяяцца, - сур'ёзна, амаль строга заўважыла Алеся. - Я вам усё толькі праўду кажу.
- Ну добра, не буду, не буду. Што ж далей?
- Далей... Ох! Нядобра выходзіць гэтай трэфовай даме, горш за смерць. Ганьбу яна праз вас вялікую прыме, такую, што ўсё жыццё забыць нельга, смутак доўгі ёй выпадае... А вам у яе планідзе нічога благога не выпадае.
- Паслухай, Алеся, а ці не маглі цябе карты падмануць? Навошта ж я буду трэфовай даме столькі непрыемнасцей рабіць? Чалавек я ціхі, сціплы, а ты столькі страхаў пра мяне нагаварыла.