Якая гэта пакута! Вакол адны голыя жанчыны ў сукенках без дэкальтэ.
Жыў духоўным жыццём, але клапаціўся пра лаяльнасць цела.
Калі апярэджваеш свой час, падрыхтуйся чакаць яго не ў самым утульным памяшканні.
Ці мае права канібал прамаўляць ад імя тых, каго з'еў?
Існуюць пародыі на няісныя творы.
Прэч, д'ябал! У мяне рандэву з д'ябаліцай!
Неўміручы пісьменнік памірае ў сваіх эпігонах.
Чалавек - персона non grаtа.
Норавы падаюць на ўсё больш камфартабельныя ложкі.
Вяршыня ведаў пра чалавека -дасье таемнай паліцыі.
І механізм дыктатуры - не перпетуум мобіле.
Будзьма далікатныя! Не след пытацца ў людзей, ці жывуць яны.
Сцеражыся тэм, якіх нельга ўнікнуць!
Кожны глядач прыносіць у тэатр сваю акустыку.
Той, хто перажыў трагедыю, не быў яе героем.
Здараецца, што лаўры пускаюць карані ў галаву.
Абодва персанажы чорныя, але якія розныя фарбы!
На брудэршафт з Сакратамі п'юць цыкуту.
«Твор вытрымаў выпрабаванне часам». Трэба ўказаць - якім.
Бываюць п'есы такія слабыя, што не могуць нават сысці са сцэны.
Я не згодны з матэматыкамі: лічу, што сума нулёў дае вусцішную лічбу.
І раптам аўтар прачынаецца ў чэраве ў чытача, як Іёна ў чэраве ў левіяфана, але адчувае, што ён ужо дарэшты ператраўлены. Каб жа гэтае адчуванне доўжылася вечна!
Няшмат хто з людзей XIX стагоддзя прадбачыў, што пасля яго прыйдзе XX.
Не ўсе феніксы, адрадзіўшыся з попелу, апавядаюць пра сваё мінулае.
Мара рабоў: кірмаш, дзе можна купіць сабе гаспадара.
Ар'ергард колішняга авангарду - гэта зазвычай авангард новага ар'ергарду.
Шэдэўр зразумее нават дурань. Але ж наколькі іначай!
Глыбіню можна імітаваць размалёўкай.
Правакаваць трэба не інтэлектуалаў, а інтэлект.
Памыляймася калектыўна!
Інтэлектуальная вузасць пашыраецца.
Прапаноўваць прафесійным жанглёрам не гуляць з агнём - нетактоўна.
Крыжык насупроць некаторых прозвішчаў сёй-той мае за плюс.
Хараство не бескарыснае, яно існуе, прынамсі, дзеля таго, каб яго ненавідзелі.
Шмат каму з тых, што прыйшлі да мора адно памачыць ногі, давялося зрабіцца Калумбамі.
Якой багатай павінна быць дзяржава, каб дазволіць сабе з адной паловы сваіх жыхароў стварыць паліцыю, а другую палову трымаць за дзяржаўны кошт за кратамі.
Пераехаў з Садома ў Гамору.
Калі заселім пустэльні, страцім аазісы.
Гэта быў мысліцель прагрэсіўна-рэлігійны. Пагаджаўся, што чалавечы радавод пачынаецца ад малпы, але ад той, што ацалела ў Ноевым каўчэгу.
Кемлівы тыран давядзе да інфляцыі - а ўрэшце і да дэвальвацыі - Галгофы.
Як цяжка схаваць тое, што цябе не існуе.
Я перастаў быць скептыкам - паверыў у існаванне іманентнага зла.
Не падаўжайце жыццё летаргіяй!
Тыраны трымаюць чалавека ў зняволенні нават у ім самім.
Часам само алібі і ёсць злачынства.
Не давайце ім веры! Гэта Адысеі з компасамі.
Пашырэнне невуцтва таксама трэба навукова распрацаваць.
Сцеражыся матылькоў-аднадзёнак: у іх мала часу.
Пераклад: Уладзімір Арлоў
Пераклад зроблены з выдання: Lec S.J. Liryka, 1-2. - Krakow: Wydawnictwo literackie, 1977.