Астрыд Ліндгрэн

Браты Львінае Сэрца

Аповесць-казка


1

Я збіраюся расказаць вам пра майго брата. Мой брат, Джанатан Львінае Сэрца, і ёсць той самы чалавек, пра якога я хачу расказаць вам. Я думаю, што гэта амаль сага, ці, хутчэй за ўсё, як маленькая гісторыя з прывідамі, і тым не менш, кожнае яе слова - праўда, хаця Джанатан і я, магчыма, адзіныя людзі, хто ведае пра гэта.
З самага пачатку прозвішча Львінае Сэрца не належала Джанатану. Яго прозвішча было Леў, гэта значыць, як прозвішча маці і маё. Мяне завуць Карл Леў, а маму Сігрыд Леў. Бацьку называлі Аксель Леў, але з той пары як ён выйшаў у мора, мы пра яго больш нічога не чулі.
І расказаць я хачу вам менавіта пра тое, як Джанатан стаў Джанатанам Львінае Сэрца і што адбылося пасля гэтага.
Джанатан ведаў, што я павінен быў хутка памерці. Здаецца, усе ведалі пра гэта, акрамя мяне. У школе пра гэта таксама ведалі, таму што я часта прапускаў урокі, кашляў і заўсёды быў хворы. Апошнія шэсць месяцаў я зусім не мог хадзіць у школу. Усе жанчыны, якім мама шыла, таксама ведалі пра гэта, і дзякуючы адной з іх, якая размаўляла надта гучна, я даведаўся ўсю праўду. Яны думалі, што я сплю, але я проста ляжаў з заплюшчанымі вачыма і працягваў так ляжаць, каб яны не здагадаліся, што я даведаўся пра жахлівую рэч - што хутка памру.
У мяне, вядома, прапаў настрой, я напалохаўся, але не хацеў, каб маці бачыла гэта. Джанатану ж, калі ён прыйшоў дадому, я ўсё расказаў.
- Ты ведаеш, што я хутка памру? - запытаўся я ў яго.
Джанатан на хвіліну задумаўся. Відаць, яму не хацелася адказваць, але ў рэшце рэшт ён сказаў:
- Але, я ведаю.
Я заплакаў яшчэ мацней.
- Як гэта жахліва, як жахліва, што павінны паміраць людзі, якім яшчэ няма і дзесяці!
- А ведаеш, Сухарык, я думаю, што ўсё гэта будзе не так і жахліва, - сказаў Джанатан, - я думаю, тады для цябе настане дівосны час.
- Дзівосны? - не паверыў я. - Што ж тут дзівоснага - ляжаць пад зямлёй і быць мёртвым?
- Ну што ты. Гэта ж толькі твая абалонка ляжыць пад зямлёй, а ты сам трапляеш туды, дзе ўсё зусім іначай.
- Куды? - спытаў я, хаця ледзь яму паверыў.
- У Наджыялу.
«У Наджыялу». - Ён вымавіў гэта слова так, быццам яго паўсюдна вельмі добра ведалі, хаця я чуў яго ўпершыню.
- Наджыяла? - перапытаў я зноў. - А дзе гэта?
Джанатан прызнаўся, што дакладна не ведае, але гэта знаходзіцца недзе па той бок зорак. І ён пачаў расказваць мне пра Наджыялу.
- Там яшчэ час легенд і казак, і я ўпэўнены, што табе там спадабаецца. Бо ўсе нашы казкі прыйшлі з Наджыялы, і як толькі туды трапіш, ты пачнеш прымаць удзел у прыгодах - з раніцы да вечара, нават і ўночы. Павер, Сухарык, усё-ўсё будзе зусім іначай, гэта не тое што ляжаць, кашляць і не магчы рухацца.
Джанатан заўсёды называў мяне Сухарыкам. Ён пачаў называць мяне так, калі я быў яшчэ зусім маленькі. І калі я запытаў у яго, чаму ён так мяне называе, ён сказаў, што вельмі любіць сухарыкі, асабліва такія, як я. Так, ён любіў мяне, і гэта было цяжка зразумець, таму што быў я даволі непрыгожы, неразумны, няўклюдны хлопчык.
- Калі б ты не быў такі непрыгожы, бледнатвары, крываногі хлопчык, ты не быў бы Сухарыкам, якога я так люблю, - часта паўтараў мне Джанатан.
Але ў той вечар, калі я напалохаўся, што памру, ён сказаў, што як толькі траплю ў Наджыялу, я адразу стану дужым і прыгожым.
- І буду прыгожы, як ты?
- Ты будзеш яшчэ прыгажэйшы.
Яшчэ прыгажэйшы - гэта дарэмна, бо прыгажэйшых хлопчыкаў за Джанатана няма і быць ніколі не можа. Адна з маміных знаёмых заўважыла неяк, што яе сын падобны на сумнага прынца. Можаце быць упэўнены, што гаварыла яна не пра мяне. Джанатан сапраўды выглядаў, як казачны рыцар: валасы ў яго адсвечвалі золатам, у яго былі прыгожыя цёмна-блакітныя зіхоткія вочы, прыгожыя белыя зубы і зусім роўныя ногі. Але гэта яшчэ не ўсё. Ён быў добры і дужы, ведаў усё і разумеў усё. Джанатан быў лепшым вучнем у школе, і, дзе б ні з'яўляўся, дзеці абступалі яго з усіх бакоў і маглі ісці за ім куды вочы глядзяць. Ён прыдумваў цікавыя гульні, выпраўляўся з імі ў цікавыя падарожжы. Але я ніколі не гуляў з дзецьмі, бо дзень пры дні ляжаў на сваёй старой канапе ў кухні. Джанатан расказваў мне пра ўсё, што ён рабіў, што бачыў, пра што прачытваў. Вось так ён сядзеў і сядзеў каля мяне, расказваў і расказваў. Джанатан спаў таксама ў кухні, на раскладным ложку, які выцягвалі ўвечары з шафы. І калі клаўся спаць, ён заўсёды расказваў мне якую-небудзь казку ці легенду да таго часу, пакуль мама не крыкне з другога пакоя:
- Ну даволі. Супакойцеся! Спіце!
Аднак цяжка спаць, калі вакол нічога не чутно, акрамя кашлю. Зрэдку сярод ночы Джанатан уставаў, кіпяціў мне мядовую ваду, каб змякчыць кашаль. Які ён быў добры да мяне!
У той вечар, калі я так спужаўся смерці, ён сядзеў са мной некалькі гадзін і ўсё расказваў пра Наджыялу, але расказваў вельмі ціха, каб не пачула мама. Яна сядзела за шытвом у сваім пакоі, яе швейная машына паціху шумела, і яна спявала сваю заўсёдную старую песню пра марака, які пайшоў далёка ў мора. Мабыць, яна думала тады пра бацьку. Я не помню ўсе словы песні, але вось некалькі радкоў з яе:

Мне гэта песня здаецца прыгожай і сумнай, але Джанатан, пачуўшы яе, засмяяўся і сказаў:
- Ведаеш, Сухарык, калі-небудзь ты прыляціш да мяне. З Наджыялы. Дык, калі ласка, не забудзься сесці тут, на падаконнік, як беласнежны галубок, добра?
Я пачаў кашляць, ён прыўзняў мяне, паклаў маю галаву сабе на калені і пачаў напяваць:

З таго часу я пачаў думаць - як я буду ў Наджыяле адзін, без Джанатана? Навошта мне будуць усе легенды і казкі, калі побач не будзе яго.
- Я не хачу адыходзіць туды, - сказаў я і заплакаў. - Я хачу быць з табой, Джанатан.
- І я неўзабаве прыйду ў Наджыялу, разумееш? Толькі крыху пазней, - сказаў Джанатан.
- Ага, крыху пазней. А калі ты пражывеш да дзевяноста гадоў, тады як? І я ўвесь гэты час буду адзін?
Але брат на гэта адказаў, што ў Наджыяле няма часу, што калі нават ён і пражыве да дзевяноста гадоў, то для мяне гэты час здасца літаральна нібы два дні. Так бывае заўсёды, казаў ён, калі няма сапраўднага часу.
- Ну ўжо два дні ты і адзін як-небудзь пабудзеш? Пакуль палазіш па дрэвах, пасядзіш каля сапраўднага вогнішча ў лесе, паловіш рыбу ў рэчцы, карацей, пакуль будзеш рабіць усё тое, што так хацеў бы рабіць тут, на зямлі... І вось аднаго разу, калі ты будзеш сядзець з вудай, з'яўлюся я, і ты здзівішся: «Ого, Джанатан, ты ўжо тут?»
Я перастаў раўсці, бо адчуў, што сапраўды як-небудзь змагу пражыць два дні адзін.
- Хоць, ведаеш, было б усё-такі лепш, каб ты трапіў туды першы, каб гэта быў менавіта ты, хто сядзеў бы там і лавіў рыбу.
Джанатан пагадзіўся, доўга-доўга глядзеў на мяне ласкава, як звычайна, але я заўважыў, што ён сумны.
- Шкада, - сказаў ён жаласна, - што я павінен буду жыць на зямлі без майго Сухарыка. І, можа быць, нават дзевяноста год!

2

Цяпер я падыходжу да цяжкай задачы... Гэта тое, ад чаго галава мая заўсёды баліць, калі думаеш пра гэта... але я не магу не думаць пра гэта...
Джанатан... Магло ж быць так, што ён увесь час са мной... вечарамі... Ён ходзіць у школу... Гуляе з дзецьмі ў двары... Грэе мне ваду з мёдам... Але ўсё гэта не так... Не так...
Джанатан у Наджыяле!!!
Я не магу... Мне цяжка расказваць, як гэта было... Але вось як пра гэта пісала газета:
«Мінулай ноччу вялізны пажар ахапіў будынак на Факелрозэн Блок. Ён згарэў ушчэнт. Ёсць ахвяры. Дзесяцігадовы хлопчык Карл Леў, прыкаваны хваробай да ложка, быў дома адзін, калі разбушаваўся пажар. Неўзабаве пасля гэтага яго брат, трынаццацігадовы Джанатан Леў, вярнуўся дадому, і перш чым хто-небудзь змог спыніць яго, кінуўся ў палаючы будынак, каб выратаваць свайго брата. За некалькі секунд уся лесвіца была ахоплена морам полымя, і хлопчыкам нічога іншага не заставалася рабіць, як выскачыць з акна. Напалоханы натоўп быў сведкам таго, як старэйшы з братоў узяў сабе на спіну малодшага і скочыў уніз. Але скачок быў няўдалы, хлопчык разбіўся і неўзабаве памёр. Малодшы брат, які сядзеў на спіне старэйшага, не пацярпеў зусім. Маці хлопчыкаў была ў гэты час на візіце - яна краўчыха - і, вярнуўшыся дадому, знепрытомнела. Як пачаўся пажар, невядома».
На другой старонцы газеты пра Джанатана было крыху больш, пра яго напісала яго школьная настаўніца. Вось што там было:
«Дарагі Джанатан, тваім імем павінна было быць Джанатан Львінае Сэрца. Памятаеш, калі мы чыталі гісторыю пра смелага караля Рычарда Львінае Сэрца, ты сказаў: «Я мару пра тое, каб быць такім жа смелым, як ён. Але я ніколі не змагу стаць такім». Дарагі Джанатан, нават калі пра цябе не напішуць у падручніку гісторыі, ведай, ты быў такім смелым у крытычны момант, як і іншыя героі. Твая старая настаўніца ніколі не забудзе цябе. Твае сябры таксама будуць помніць цябе вельмі доўга. Наш клас будзе пусты без цябе, дарагі наш Джанатан. Але неба любіць тых, хто памірае маладым. Спачывай у міры, Джанатан Львінае Сэрца.
Грэта Андарсан».

Яна дзіўная, гэта настаўніца, але любіла Джанатана, як любілі яго многія, і добра, што менавіта яна так напісала пра Львінае Сэрца. Сапраўды добра.
Бадай, ва ўсім горадзе не было чалавека, які не насіў бы жалобы з прычыны смерці Джанатана і хто не думаў, што няхай бы лепш загінуў я. Прынамсі, я чуў гэта ад жанчын, якія прыходзілі да нас са сваімі заказамі. Яны глядзелі на мяне, уздыхалі, праходзілі праз кухню і гаварылі маме: «Бедная місіс Леў! Бедны Джанатан! Гэта быў выключны хлопчык!»
Цяпер мы жывем у будынку, які стаіць непадалёк ад таго, дзе мы жылі раней. Ён амаль такі ж, як наш стары, праўда, цяпер мы жывем на першым паверсе. Царкоўны прыход даў нам старую мэблю, жанчыны дапамаглі нам тым-сім з рэчаў. Я ляжу на сафе амаль такой самай, што была ў нас да пажару. Усё амаль тое ж, як было некалі. Але ўсё, выключна ўсё, не такое, як было тады. З намі няма больш Джанатана. Цяпер ніхто са мной увечары не сядзіць і нічога не расказвае. Мне так самотна, што ўсярэдзіне робіцца балюча. Адзінае, што я магу рабіць, гэта ляжаць і шаптаць словы, якія Джанатан прамовіў перад смерцю, калі мы апынуліся на зямлі. Ён ляжаў тварам уніз, але хтосьці павярнуў яго, і я ўбачыў яго твар. З куточка вуснаў сцякаў струменьчык крыві, ён ледзьве мог гаварыць. Здавалася, ён імкнуўся ўсміхнуцца, калі яго вусны шапталі: «Не плач, Сухарык, мы сустрэнемся ў Наджыяле».
Больш ён нічога не сказаў, заплюшчыў вочы, падышлі людзі, панеслі яго, і больш я яго ўжо не бачыў.
Ужо не памятаю, што я адчуваў потым. Але цяжка забыцца пра тое, што было такім жахлівым і балючым. Цяпер я ляжу і думаю пра Джанатана, думаю да болю ў галаве. Акрамя таго, я быў проста напалоханы. Напалоханы, бо раптам падумаў, што няма ніякай Наджыялы, што апавяданне пра Наджыялу - проста адна з дзіўных гісторый, якія мне расказваў мой брат.
Таму я і плакаў.
Але потым Джанатан прыходзіў і супакойваў мяне. Праўда, праўда! Ён прыходзіў (!), і як гэта было цудоўна. Усё зноў было вельмі добра. Хутчэй за ўсё там, у Наджыяле, ён ведаў, як мне тут без яго, і вырашыў, што павінен прыйсці і супакоіць мяне. Так, ён пачаў прыходзіць да мяне, і мне стала ўжо зусім не сумна, цяпер я проста чакаю.
Гэта адбылося аднаго разу вечарам, калі мне было надта сумна і цяжка. Акно на кухні было адчынена, таму што стаяла цудоўнае веснавое надвор'е. Я пачуў, як забуркаталі галубы. У мяне заўсёды ў пакоі чутно, як яны буркуюць; іх тут вельмі многа, асабліва вясной. Потым здарылася гэта.
Я ляжаў і плакаў у падушку, як раптам пачуў буркатанне зусім блізка; падняў вочы і ўбачыў, што на падаконніку сядзіць голуб і глядзіць на мяне сваімі добрымі вачыма. Заўважце, беласнежны голуб, а не адзін з тых шызых, якія сноўдаюцца па двары. Вы не можаце сабе ўявіць, што я адчуў, калі ўбачыў яго, таму што ўсё было, як у той песні - «Калі прыляціць беласнежны голуб». Было такое адчуванне, што я пачуў, як спявае Джанатан: «Мой мілы Сухарык, я ведаю, дарагі, што твая душа тут».
Я хацеў нешта сказаць, але не мог. Я проста ляжаў і слухаў, як буркоча голуб, але дзесьці за буркатаннем я пачуў голас Джанатана, які гучаў не зусім звыкла. Здавалася, што па ўсёй кухні праносіцца шэпт. Гэтыя гукі нагадвалі мне расказы аб прывідах, і хто-небудзь мог бы напалохацца, але толькі не я. Я быў такі шчаслівы, што гатовы быў падскочыць да столі - гэтак было ўсё тое, што я чуў, цудоўна.
Дык значыць, Наджыяла існуе! Джанатан прыспешваў мяне туды, таму што там вельмі добра. Падумайце самі, там ёсць дом, які чакаў яго, калі ён трапіў туды. Яго чакала старая сядзіба пад назвай Сядзіба Рыцараў, знаходзіцца яна ў Вішнёвай Даліне. Ці ж гэта не цудоўна? Але ўявіце сабе - першае, што ўбачыў Джанатан, была шыльдачка, прымацаваная да брамы: Браты Львінае Сэрца.
- Гэта азначае, што мы абодва павінны тут жыць, - сказаў Джанатан.
Цікава, а мяне ці будуць называць Львінае Сэрца, калі я траплю ў Наджыялу? Гэта ідэя мне па душы, таму што хочацца, каб мяне называлі гэтак жа, як Джанатана, хоць я не такі смелы.
- Прыходзь хутчэй, як толькі можаш, хутчэй. Калі ты не знойдзеш мяне ў Сядзібе Рыцараў, я буду на рэчцы лавіць рыбу.
Потым усё сціхла, і голуб паляцеў - проста над дахамі дамоў у сваю Наджыялу.
І цяпер я ляжу і чакаю, каб паляцець услед. Здаецца, мне не вельмі цяжка будзе знайсці туды дарогу. Бо Джанатан сказаў, што яму было зусім няцяжка; але на ўсякі выпадак я запісаў адрас:
Браты Львінае Сэрца,
Сядзіба Рыцараў,
Вішнёвая Даліна,
Наджыяла.
Джанатан жыве там ужо два месяцы. Для мяне ж гэта два жахлівыя месяцы без яго. Але адчуваю, што і я неўзабаве палячу туды. Мне нават здаецца, што гэта адбудзецца сёння ўначы. Я напішу запіску і пакладу яе на стол у кухні, каб мама раніцой прачытала яе:
«Не плач, мама! Да сустрэчы ў Наджыяле!»

3

Потым здарылася гэта. Больш дзіўнага са мной ніколі яшчэ не здаралася... Раптам я апынуўся ля брамы і чытаю зялёную шыльдачку: Браты Львінае Сэрца.
Як я трапіў сюды? Калі я прыляцеў? Як я здолеў знайсці дарогу, нікога пра яе не пытаючы? Не ведаю. Адзінае ведаў я, што знаходжуся ля брамы і гляджу на шыльдачку.
Я паклікаў Джанатана. Я клікаў яго некалькі разоў, але ён не адгукаўся, потым я ўспомніў: вядома ж, ён ловіць рыбу.
Я бегма кінуўся да рэчкі. Я бег і бег, а там унізе, ля моста, сядзеў Джанатан. Я нават не спрабую апісаць, што я адчуў у той момант. Ён не бачыў, як я падышоў. Я спрабаваў паклікаць яго: «Джанатан», але, здаецца, я заплакаў, і замест крыку ў мяне вырываліся нейкія хрыплыя гукі. Але ён пачуў і падняў галаву. Ён усклікнуў, кінуў вуду, падбег, схапіў у абдымкі і сціскаў мяне і сціскаў, быццам хацеў пераканацца, што я сапраўды прыйшоў. Потым я плакаў, праўда, зусім не многа. Чаму ж я павінен доўга плакаць з-за таго, што адбылося?..
Затое Джанатан смяяўся, і мы стаялі на строме берага, і сціскалі адзін аднаго ў абдымках, і рабіліся ўсё шчаслівейшымі ад таго, што зноў былі разам.
- Нарэшце ты прыйшоў, Сухарык Львінае Сэрца! - сказаў Джанатан.
Сухарык Львінае Сэрца - гэта гучала смешна, і мы зноў пачалі смяяцца. Мы смяяліся ўсё больш, быццам гэта была самая смешная ў свеце рэч, якую мы калі-небудзь чулі, але хутчэй за ўсё нам проста трэба было пасмяяцца, бо мы былі вельмі шчаслівыя. Насмяяўшыся, мы пачалі барукацца, але смех у нас так і вырываўся. Качаючыся па траве, мы не заўважылі, як апынуліся ў рэчцы. Мне нават здалося, што з-за смеху мы можам утапіцца.
Але замест гэтага мы паплылі. Я ніколі не плаваў, хоць вельмі хацеў навучыцца. І вось я плыў... Я плыў так, як плаваюць многія!
- Джанатан! Я ўмею плаваць! - закрычаў я.
- Ну, вядома, ты ўмееш плаваць, - адказаў ён.
Раптам мяне ўразіла адна думка.
- Джанатан, ты нічога не заўважыў? Я перастаў кашляць.
- Вядома, перастаў... Ты ў Наджыяле...
Я крыху паплаваў, потым вылез на мост, стаў на яго, увесь мокры, вада сцякала з адзення. Штаны прыліплі да ног, і я мог выразна бачыць, што здарылася: ногі ў мяне былі такія ж роўныя, як у Джанатана.
Потым падумалася, што, магчыма, я стаў такім жа прыгожым, як мой брат. Я запытаўся ў яго пра гэта.
- Паглядзі ў люстра, - сказаў ён, паказваючы на ваду ў рэчцы.
Вада была чыстая, спакойная і празрыстая. Я лёг на жывот і прыгледзеўся да свайго адлюстравання, але нічога асаблівага, а тым больш прыгожага, там не заўважыў. Джанатан падышоў, лёг побач і таксама пачаў глядзець на наша адлюстраванне. Знізу на нас глядзелі браты Львінае Сэрца: прыгожы Джанатан са сваімі залацістымі валасамі, блакітнымі вачыма і тонкім тварам, і я са сваім носам-шышачкай, калматай, распатланай грывай і ўсім такім іншым...
- Не, - сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, - я не стаў прыгажэйшы.
Але Джанатан лічыў, што ўсё-такі ёсць вялікая розніца.
- Цяпер ты выглядаеш здаровым.
Пакуль мы ляжалі на мосце і глядзелі ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такім шчаслівым, што ўсё ўва мне смяялася.
Мы яшчэ крыху паляжалі на мосце, сонца сагрэла і абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара ісці. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.
Джанатан ішоў паперадзе, я - за ім на сваіх роўных нагах. Я ішоў і дзівіўся, адчуваў, як гэта здорава ісці на здаровых нагах. Калі мы падняліся на строму, я павярнуў галаву і нарэшце ўбачыў Вішнёвую Даліну. О, яна была ўся белая ад вішнёвай квецені, дакладней, белая і зялёная, бо цвет вішні - белы, а трава - зялёная. І праз усё гэта царства белага і зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Відаць, акрамя Джанатана, я не мог нічога бачыць, але цяпер я стаяў і глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:
- Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлі даліна!
- Твая праўда, - адказаў ён, - але не на зямлі.
І тут я ўспомніў, што мы ў Наджыяле.
Вакол Вішнёвай Даліны стаялі горы, яны таксама былі прыгожыя. Па іх схілах цяклі ручаі і вадаспады: у Наджыяле была вясна.
Было штосьці незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такім, што хацелася яго піць. «Вось каб і дома было крыху такога паветра», - падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухні. А тут я дыхаў і не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: «Пакінь крышку і для мяне».
Дарожка, па якой мы ішлі, была белая ад пялёсткаў вішнёвай квецені, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, і гэта мне вельмі падабалася.
У канцы дарожкі была Сядзіба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.
- «Браты Львінае Сэрца», - прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.
- Добра, Сухарык. Ці ж тут не цудоўна?
Стары белы і невялікі дом, з зялёным плотам і зялёнымі дзвярамі, ды і наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткі. Побач, усыпаныя кветкамі, стаялі бэз і вішнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялікая шэрая сцяна з ружовымі кветкамі на ёй. Вы маглі б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзібе вы адчуваеце, што знаходзіцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былі два будынкі, дакладней, не зусім адзін, хаця другі быў хутчэй за ўсё стайняй ці нечым падобным. Яны стаялі пад вуглом адзін да аднаго; у тым месцы, дзе будынкі сыходзіліся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. І тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так і хацелася прысесці на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папіць соку.
- Мне тут падабаецца, - сказаў я Джанатану, - тут гэтак жа добра, як дома.
- Заходзь і паглядзі, - запрасіў Джанатан. Ён ужо стаяў каля дзвярэй і збіраўся зайсці, калі пачулася ціхае ржанне, так-так, сапраўднае конскае ржанне. Тады Джанатан прапанаваў: - Але давай спачатку агледзім стайню.
Ён зайшоў у той, другі будынак, і я пабег за ім. Гэта сапраўды была стайня, сапраўдная стайня, якой я яе ўяўляў, і дзе стаяла пара прыгожых гнедых коней; яны павярнулі да нас галовы і заржалі, як толькі мы ўвайшлі.
- Вось гэта Грым і Ф'ялар, - сказаў Джанатан. - Здагадайся, які з іх твой.
- Ды ну цябе, - сказаў я. - Не спрабуй пераконваць мяне, што адзін з гэтых коней мой. Я проста не веру ў гэта.
Але Джанатан адказаў, што ў Наджыяле ніхто не абыходзіцца без каня.
- Ты проста нікуды не зможаш дабрацца без каня. Разумееш, Сухарык, мне часам даводзіцца выпраўляцца ў няблізкі шлях.
Гэта была, відаць, адна з самых прыемных рэчаў, якую я калі-небудзь чуў: у Наджыяле я павінен мець каня, а я так люблю коней! Уявіце сабе, якія ў іх мяккія пысы. Не думаю, каб штосьці ў свеце было такое ж мяккае, як пыса ў каня.
Гэтая пара коней была вельмі прыгожая. У Ф'ялара на лбе - белая зорачка, што і адрознівала яго ад другога.
- Ну, значыць, Грым, відаць, мой, - сказаў я пасля таго, як Джанатан папрасіў мяне адгадаць, які з коней належаў мне.
- Не, ты не ўгадаў, - сказаў Джанатан. - Твой конь - Ф'ялар.
Я дазволіў, каб Ф'ялар пяшчотна дакрануўся да мяне, і ў гэты момант я зусім яго не баяўся. Я палюбіў яго адразу, і мне здаецца, што я яму таксама спадабаўся.
- У нас ёсць і трусы, - паведаміў Джанатан. - Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на іх пазней.
Ці можна было і думаць пра гэта!
- Я павінен бачыць іх зараз жа, - усклікнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.
Я хутка абышоў стайню і там, у клетцы, убачыў трусікаў, якія частаваліся свежым лісцем.
- Якія смешныя, - сказаў я потым Джанатану. - Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалі.
- Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.
На самай справе, усё было так, як ён мне расказваў, калі мы сядзелі разам на маім ложку дома на кухні. Цяпер я ўжо зусім пераканаўся, што ўсё менавіта так, усё праўда, і ад гэтага мне рабілася яшчэ больш прыемна.
Ёсць рэчы, якія ніколі не забываюцца. Я ніколі-ніколі не забуду першы вечар у Сядзібе Рыцараў. Якое гэта задавальненне быць побач з Джанатанам, размаўляць з ім, як і раней. Цяпер мы зноў жылі ў кухні, як дома ў горадзе, але гэта кухня зусім не была падобна на тую. Пэўна, кухня ў Сядзібе Рыцараў вельмі старая, з тоўстымі бэлькамі пад столлю і з вялізным камінам. Што гэта за камін! Ён займаў палову сцяны, і калі б вы хацелі прыгатаваць ежу, то давялося б гатаваць непасрэдна над агнём, як гэта рабілі ў старыя часы. Сярод пакоя стаяў самы моцны стол, які я калі-небудзь бачыў у сваім жыцці, з доўгімі драўлянымі лаўкамі з кожнага боку, і я падлічыў, што вельмі многа людзей магло б сядзець адначасова за гэтым сталом.
- Мы з табой будзем жыць у кухні, як і раней, - сказаў Джанатан. - А мама, калі прыйдзе сюды, зможа заняць пакой наверсе.
Кухня і пакой - вось што ўяўляла сабой Сядзіба Рыцараў. Але да большага мы не прывыклі, ды большага нам і не трэба было. А тут усяго было амаль у два разы больш, чым дома.
Дома! Я расказаў Джанатану пра запіску, якую пакінуў маме на кухні.
- Я напісаў ёй, што мы сустрэнемся ў Наджыяле. Толькі хто ведае, калі яна прыйдзе.
- Калі-небудзь гэта здарыцца, - сказаў брат. - І маме патрэбен будзе прасторны пакой для дзесяці швейных машын, калі яна захоча іх паставіць.
Угадайце, што мне падабаецца больш за ўсё? Я люблю палежваць у старой кухні, размаўляючы з Джанатанам, калі водбліскі полымя з каміна, гуляючы, адбіваюцца на сценах, выглядваць з акна і бачыць галінку вішні, якая пагойдваецца ад вячэрняга ветрыку. Потым агонь меншае і меншае - да таго моманту, пакуль не застануцца толькі вугольчыкі; цені на вуголлі цямнеюць, і ўсё вакол робіцца яшчэ больш сонным, а я ляжу і не кашляю. Джанатан расказвае мне розныя цікавыя гісторыі - расказвае, расказвае, расказвае, пакуль голас ягоны не ператвараецца для мяне ў шэпт, і я нарэшце засынаю. Вось гэта і ёсць тое, што мне найбольш падабалася ў Сядзібе Рыцараў. Такое было са мной упершыню, таму я ніколі гэтага не забуду.

4

Назаўтра раніцай мы паехалі вярхом на конях. Праўда-праўда, я ўмеў ехаць на кані вярхом, хаця ўпершыню ў сваім жыцці апынуўся ў сядле. Проста не разумею, чаму ў Наджыяле ўсё ў мяне атрымліваецца і я ўмею рабіць усё? Я скакаў галопам так, нібы нічым іншым ніколі не займаўся.
А вы паглядзелі б, як ездзіць на кані Джанатан! Жанчына, якая Джанатана называла прынцам з легенды, калі б яна апынулася тут і пабачыла Джанатана на кані, пэўна, сказала б, што ўбачыла такога прынца, якога ніколі не забудзе! О, калі ён перайшоў на галоп і быццам пераляцеў цераз рэчку, а яго валасы заструменіліся вакол галавы, сапраўды можна было паверыць, што ён - прынц з сагі. Ды і апрануты ён быў амаль як прынц, ці, хутчэй, як рыцар. Справа ў тым, што ў Сядзібе Рыцараў быў вельмі багаты выбар адзення. Не ведаю, адкуль яно паявілася, але ўсё такое не падобнае на тое, што мы носім. Сёе-тое знайшлося і для мяне, і я з задавальненнем выкінуў свае старыя рызманы, якія больш і бачыць не хацелася. Джанатан растлумачыў, што мы павінны апранацца так, каб адпавядаць часу, у якім мы жывем, інакш жыхары Вішнёвай Даліны падумаюць, што мы нейкія дзівакі. Час легенд і вячэрніх вогнішчаў... Ці ж гэта не тое, пра што мне тады расказваў Джанатан? Аднойчы, калі мы ехалі вярхом нашай цудоўнай далінай, я запытаўся ў брата:
- Тут, напэўна, вельмі стары час?
- Можна і так разумець, вядома. Гэта сапраўды стары час. Але можна сказаць, што для нас - гэта новы час.
Ён на нейкі момант задумаўся.
- Так, іменна новы. Малады, здаровы, добры час, у якім нам так лёгка жывецца.
Але яго вочы раптам чамусьці пацямнелі.
- Прынамсі, тут, у Вішнёвай Даліне.
- А што, у другіх месцах па-іншаму?
Джанатан адказаў, што ў іншых месцах можа быць па-рознаму. Але якое ўсё-такі шчасце, што мы трапілі менавіта сюды. Тут, як сказаў Джанатан, жыццё лёгкае і простае. Больш простым і лёгкім яно не можа быць. Перш-наперш цябе праз акенца будзіць сонейка, ты прачынаешся ў сваёй кухні і чуеш птушак, якія шчасліва шчабечуць у кронах дрэў, і ты бачыш Джанатана: ён спакойна гатуе малако і кроіць хлеб для цябе, а калі сняданне закончана, ты выходзіш, корміш трусоў і чысціш свайго каня. Потым сядлаеш яго, выязджаеш, а на траве ззяе і пераліваецца раса, пчолы і чмялі гудуць у вішнёвай квецені, твой конь пераходзіць у галоп, і ты не баішся, што ўсё гэта раптам скончыцца, як можа раптам скончыцца любая забава. Але толькі не ў Наджыяле! Толькі не ў Вішнёвай Даліне!
Мы скакалі па лузе туды і назад, уздоўж рэчкі. Потым убачылі ранішні дымок над вёскай у даліне, а потым і саму вёску з яе старымі дамамі і фермамі. Мы чулі, як кукарэкалі пеўні, брахалі сабакі, бляялі авечкі і козы: усё гэта было гукамі раніцы, якая толькі пачыналася.
Насустрач нам ішла жанчына, не старая і не маладая сялянка, з цёмным абветраным тварам - ад работы ў полі ў любое надвор'е. Яна была апранута старамодна, так, як апраналіся ў сагах.
- О, Джанатан, твой брат нарэшце прыйшоў? - сказала яна, па-сяброўску ўсміхаючыся.
- Ага, ён толькі прыйшоў, - адказаў Джанатан, і можна было адчуць, што ён быў рады гэтай падзеі. - Сухарык, гэта - Сафія.
Сафія кіўнула галавой.
- Але, Сафія, - сказала яна. - Рада пазнаёміцца з табой. Цяпер вы можаце ўзяць кашолку самі.
Джанатан узяў у яе кашолку так, быццам рабіў гэта заўсёды, але я не павінен быў ні аб чым пытацца.
- Ты возьмеш сёння вечарам брата ў «Залаты Пеўнік», каб усе маглі з ім пазнаёміцца? - спытала Сафія.
Джанатан паабяцаў узяць, потым мы развіталіся і паехалі дадому. Я спытаў у Джанатана, што такое «Залаты Пеўнік».
- Заезны дом «Залаты Пеўнік», - адказаў Джанатан. - Гэта там, у вёсцы, дзе мы збіраліся пагаварыць аб тым, аб чым трэба пагаварыць.
Я падумаў, што будзе вельмі цікава пайсці з ім вечарам у «Залаты Пеўнік» і паглядзець, што за людзі жывуць у Вішнёвай Даліне. Мне хацелася ведаць усё пра Вішнёвую Даліну ў Наджыяле. Я хацеў пераканацца, ці ўсё там на самай справе так, як пра гэта некалі расказваў Джанатан. Раптам я ўспомніў яго апавяданні і спытаў:
- Паслухай, ты казаў, што ў Наджыяле ў нас будуць прыгоды з раніцы да вечара і нават ноччу, памятаеш? Але тут так спакойна і наогул ніякіх прыгод.
Джанатан засмяяўся.
- Не забывай, дурненькі, ты прыбыў сюды толькі ўчора, у цябе ж ледзь было часу агледзецца. Не турбуйся, будзе дастаткова часу для прыгод.
Настроіўшыся на прыгоды, я сказаў, што тут і так усё, як у прыгодах: і Сядзіба Рыцараў, і нашы коні, і трусы, і ўсё іншае, і што мне іншых прыгод не трэба. Аднак Джанатан паглядзеў неяк дзіўна, быццам шкадуючы мяне, і сказаў:
- Каб ты ведаў, Сухарык, тут усё так, як гэта павінна быць для цябе. Але тут бываюць прыгоды, якіх лепш, каб не было.
Калі мы вярнуліся дадому, Джанатан распакаваў кашолку на кухонным стале. Там былі бохан хлеба, бутэлька малака, невялікі слоік з мёдам і чатыры блінцы.
- Сафія прыносіць нам ежу? - спытаў я здзіўлена. Я неяк не задумваўся, адкуль бярэцца ежа.
- Зрэдку, - адказаў Джанатан.
- Зусім дарма? - зноў спытаў я.
- Але, дарма, пэўна, можна так сказаць, - адказаў брат. - Усё ў Вішнёвай Даліне дарма. Мы ўсё даём адзін аднаму і дапамагаем адзін аднаму, калі гэта неабходна.
- Значыць, ты таксама штосьці даеш Сафіі?
Ён зноў засмяяўся.
- Раблю сёе-тое. Напрыклад, прывожу гной для яе клумбаў з ружамі. Сярод іншых спраў і даглядаю іх. Вядома, зусім дарма.
Потым дадаў ціха, што яго ледзь было чутно:
- І шмат іншых рэчаў я раблю для яе.
Я заўважыў, што ён дастаў з кашолкі тоненькі, скручаны трубачкай, кавалачак паперы. Ён разгарнуў паперу, прачытаў тое, што там напісана, і нахмурыўся, быццам яму штосьці не спадабалася. Але нічога не сказаў, а мне не захацелася пытацца. Я падумаў, што ён сам, калі захоча, раскажа, што там напісана.
У кутку нашай кухні стаяў буфет, пра які Джанатан збольшага расказаў мне ў наш першы вечар у Сядзібе Рыцараў. Аказваецца, у буфеце была сакрэтная скрынка, і калі не ведаць яе сакрэту, ніхто не можа ні знайсці яе, ні адчыніць. Мне, вядома, захацелася ўбачыць яе зараз жа, але Джанатан сказаў:
- Як-небудзь іншым разам. Ты павінен спаць...
Я заснуў і забыўся пра ўсё, але цяпер успомніў, як Джанатан падышоў да буфета і я пачуў дзіўнае, кароткае пашчоўкванне. Няцяжка было здагадацца, што ён рабіў: ён схаваў той кавалачак паперы ў сакрэтную скрынку. Потым ён замкнуў буфет і паклаў ключ на старую ступку, што стаяла на самай высокай паліцы.
Пасля нейкі час мы плавалі, і я ныраў пад мост. Нават і не ведаю, як я асмеліўся. Потым Джанатан зрабіў мне вуду, і мы злавілі некалькі рыб, якіх хапіла нам на абед. Я злавіў цудоўнага акуня, Джанатан - двух.
Мы зварылі рыбу на вялікім вогнішчы ў кацялку, падвешаным над агнём на ланцугу, а калі ўсё з'елі, Джанатан сказаў:
- Зараз, Сухарык, паглядзім, які ты стралок. Калі-небудзь табе давядзецца ім стаць.
Ён павёў мяне да стайні, і там, дзе была ўся збруя, віселі два лукі. Я здагадаўся, што іх зрабіў сам Джанатан, таму што ён заўсёды іх рабіў дзецям у двары нашага дома ў горадзе. Але гэтыя былі большыя і лепшыя - два сапраўдныя лукі.
Мы прымацавалі мішэнь да дзвярэй стайні і стралялі па ёй цэлы дзень. Джанатан паказваў мне, як гэта робіцца. Я страляў няблага, але, вядома, не так добра, як Джанатан, таму што ў яго было натрэніраванае трапнае вока.
З Джанатанам было добра. Хаця ён рабіў усё спраўней за мяне, ён ніколі не лічыў, што робіць штосьці асаблівае. Ён ніколі не хваліўся і рабіў усё так, быццам наогул пра гэта не думае. Бывала, я быў амаль упэўнены, што яму хацелася, каб я рабіў усё лепш, чым ён.
Калі пачало сутонець, Джанатан сказаў, што надышоў час адпраўляцца ў «Залаты Пеўнік». На яго посвіст прыбеглі Грым і Ф'ялар. Мы іх асядлалі і памчаліся да вёскі.
Раптам я адчуў сябе няёмка і сумеўся. Я не прывык знаёміцца з людзьмі, асабліва з такімі людзьмі, якія жылі ў Наджыяле, і сказаў пра гэта Джанатану.
- Чаго ты баішся? Няўжо ты думаеш, што хтосьці зробіць табе благое?
- Не, вядома, але яны могуць пасмяяцца з мяне.
Мабыць, гэта прагучала смешна і неразумна, але мне заўсёды прыходзілі ў галаву такія думкі.
- Ведаеш, мы цябе будзем называць Карлам, таму што Львінае Сэрца твая мянушка, - сказаў Джанатан. - Сухарык Львінае Сэрца - гэта сапраўды можа рассмяшыць іх.
Я быў не супраць, каб мяне называлі Карлам. Імя гэта сапраўды больш падыходзіла да майго прозвішча.
- Карл Львінае Сэрца, - прамовіў я. - Карл і Джанатан Львінае Сэрца едуць вярхом на конях.
«Што ж, гучыць зусім няблага», - падумаў я.
- Хаця для мяне ты ўсё яшчэ мой Сухарык, - сказаў Джанатан. - І ты гэта ведаеш - ці не так, маленькі Карл?
Неўзабаве мы ўехалі ў вёску. Дарогу было знайсці няцяжка, таму што яшчэ здаля чуліся гаворка і смех. А крыху счакаўшы, мы ўбачылі і знак у выглядзе вялізнага пазалочанага пеўня: гэта і быў «Залаты Пеўнік», падобны на ўсе заезныя дамы, пра якія мы прывыклі чытаць у кнігах. Калі святло сяброўства струменіцца з акон, сапраўды перажываеш пачуццё навізны, імкнучыся трапіць у заезны дом. Хоць да гэтага я ніколі ў заезных дамах не быў.
Першае, што мы зрабілі, заехаўшы на двор, - гэта прывязалі коней. Праўдай аказалася ўсё тое, што гаварыў Джанатан аб значэнні коней у Наджыяле. Відаць, кожны жыхар Наджыялы прыбыў у гэты вечар да «Залатога Пеўніка» на кані. Мужчыны і жанчыны, маладыя і старыя - усе былі тут, сядзелі, размаўлялі, некаторыя дзеці ўжо спалі на руках у бацькоў.
Якое ўзрушэнне пачалося, калі мы ўвайшлі!..
- Джанатан! - крычалі яны. - Джанатан прыехаў!
Гаспадар двара - высокі, чырванашчокі, даволі сімпатычны чалавек, крычаў так, каб перакрычаць усіх у гэтым шуме.
- Джанатан! Не - тут два браты Львінае Сэрца, божа мой! Абодва!
Ён падышоў і падняў мяне ўгору - так, каб кожны мог мяне бачыць, а я адчуваў, што твар мой да самых валасоў залівае чырвань.
Але Джанатан сказаў:
- Вось мой любімы брат, Карл Львінае Сэрца, які нарэшце прыбыў да нас. Вы павінны быць добрымі да яго, такімі ж, якія вы добрыя ў адносінах да мяне.
- Можаш разлічваць на гэта, - сказаў гаспадар і апусціў мяне. - Мы з ім пасябруем. Мы станем такімі ж добрымі сябрамі, як з Джанатанам. Мяне завуць Джосі. Хаця мяне амаль усе называюць Залатым Пеўнем. Вы можаце прыходзіць у «Залаты Пеўнік», калі вам захочацца. Не забывайце пра гэта, Карл Львінае Сэрца.
Сафія была за сваім столікам, і мы падселі да яе. Здаецца, яна гэтаму ўзрадавалася. Яна ўсміхнулася і спытала, як мне спадабаўся мой конь і ці не мог бы Джанатан прыйсці і як-небудзь дапамагчы ёй. Далей яна маўчала, і я заўважыў, што яе штосьці турбуе. Заўважыў я і яшчэ сёе-тое. Кожны, хто сядзеў у святліцы, ставіўся да Сафіі з пашанай і, перш чым пайсці, ківаў у знак развітання спачатку ёй, нібыта яна была нейкая асаблівая, ды толькі я не мог вырашыць, у чым была гэта асаблівасць. На ёй была простая сукенка, на галаве хустка, яе загрубелыя ад работы на сонцы рукі ляжалі на каленях. Што ж было ў ёй асаблівага?
Тут было весела. Мы шмат спявалі, некаторыя з песень я ўжо ведаў, а некаторыя пачуў упершыню. Усе былі шчаслівыя. А можа, не?.. Зрэдку ў мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсіх гняце нейкая таямнічая заклапочанасць, такая ж, як і Сафію. Здавалася, што зрэдку ўсе пачыналі думаць пра тое, чаго яны больш за ўсё баяцца. Але Джанатан казаў, што жыццё ў Наджыяле лёгкае і простае, дык чаго ж ім баяцца? Калі ўсе шчаслівыя і ўсе, як здавалася, адно аднаго любяць. Але больш за ўсё яны любілі Джанатана. Акурат так, як і дома, у горадзе. Сафія яго, па-мойму, таксама любіла.
Потым, калі мы збіраліся дадому і выйшлі ў двор, каб адвязаць нашых коней, я спытаў і Джанатана:
- Джанатан, а чым такім асаблівым валодае Сафія?
І тут жа мы пачулі сярдзіты голас ззаду: «Во-во! Што асаблівага ў Сафіі, часта думаў і я».
У двары было цёмна, таму я не мог бачыць, хто гэта гаварыў. Але раптам ён выступіў наперад на святло, і я пазнаў чалавека, які сядзеў каля нас за сталом, чалавека з чырвонымі кучаравымі валасамі і з маленькай чырвонай бародкай. Я заўважыў яго раней, калі ён сядзеў сумны і маўчаў, у той час калі ўсе спявалі.
- Хто гэта? - спытаў я ў Джанатана, калі мы ехалі назад.
- Яго завуць Губерт, - сказаў Джанатан. - І ён добра ведае Сафію.
Станавілася холадна, непрыкметна апусцілася ноч. Ніколі ў жыцці я не бачыў так багата зорак, і такія яны былі яркія. Я імкнуўся ўгадаць, дзе была зорка Зямля.
Але Джанатан сказаў:
- Зорка Зямля недзе вельмі далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе.
Мне стала ад гэтага сумна.

5

Але нарэшце надышоў дзень, калі я даведаўся, што ўсё-такі ёсць асаблівага ў Сафіі.
Неяк раніцай Джанатан прапанаваў:
- Давай паедзем да Каралевы Галубоў...
- Дык гэта ж цудоўна! - узрадаваўся я. - А якая яна, Каралева?..
- Гэта Сафія, - адказаў Джанатан. - «Каралева Галубоў» - гэта я яе так называю, проста дзеля жарту.
Неўзабаве я зразумеў чаму.
Да Сядзібы Цюльпанаў, дзе жыла Сафія, было даволі далёка. Яе дом стаяў на ўскрайку Вішнёвай Даліны, там адразу ж пачыналіся высокія горы.
Мы прыехалі туды раніцой, Сафія карміла галубоў, усіх сваіх беласнежных галубоў. Сярод іх я пазнаў тую галубку, якая сядзела ў мяне на падаконні, як мне цяпер падалося, амаль тысячу год таму.
- Паглядзі, - шэптам звярнуўся я да брата. - Ці не тая гэта галубка, якая дапамагла табе дабрацца да мяне?
- Напэўна... Бо іначай я не змог бы трапіць да цябе. Толькі галубы Сафіі могуць лётаць так далёка.
Галубы нагадвалі мне белую пушыстую аблачынку, сярод якой стаяла Сафія. Цяпер яна сапраўды была як Каралева Галубоў.
Заўважыўшы нас, Сафія ветліва, як звычайна, павіталася. Але штосьці яе трывожыла, і яна ціха сказала Джанатану:
- Мінулай ноччу я знайшла Віяланту мёртвай, са стралой у грудзях. У Цясніне Ваўка. Пісьмо, вядома, знікла.
Вочы ў Джанатана пацямнелі. Да гэтага я ніколі не бачыў яго ў такой злосці. Я не пазнаваў ні голасу ягонага, ні яго самога.
- Гэта азначае тое, пра што я думаў, - сказаў ён. - У Вішнёвай Даліне ёсць здраднік.
- Так, пэўна, ёсць, - згадзілася Сафія. - Але ўсё неяк не хацелася верыць гэтаму. Але, пэўна, так і ёсць.
Якой засмучонай ні была Сафія, яна ўсё ж павярнулася да мяне і запрасіла:
- Хадзем, Карл, ты павінен паглядзець, як я жыву.
У гаспадарцы Сафіі акрамя галубоў былі пчолы, козы, а ў садзе было столькі кветак, што цяжка было б, відаць, прабрацца з аднаго краю ў другі.
Пакуль Сафія вадзіла мяне па сядзібе, Джанатан пачаў рабіць тое, што звычайна робяць вясной на гародзе - ускопваць і палоць.
Я глядзеў на шматлікія вуллі, на цюльпаны, нарцысы, але ўвесь гэты час мяне не пакідала думка аб Віяланце, якую застрэлілі ў гарах.
Неўзабаве мы вярнуліся да Джанатана, ён палоў так старанна, што рукі яго сталі зусім чорнымі.
Сафія з журбой паглядзела на яго і сказала:
- Паслухай, мой дарагі садоўнік, здаецца, хутка чакае цябе зусім іншая работа.
- Я таксама пра гэта думаю, - адказаў Джанатан.
Бедная Сафія, яна была занепакоена больш, чым ёй хацелася, каб мы бачылі. Яна адышлася ўбок і пачала пільна глядзець на горы з такой трывогай, што я таксама захваляваўся. Што яна выглядвала? Каго чакала?
Раптам яна ўсклікнула:
- Вось яна! Слава богу, вось Палома!
Гэта вярталася адна з Сафііных галубак Палома. Спачатку яна бачылася маленькай кропкай на фоне гор, потым падляцела да нас і села на плячо гаспадыні.
- Хадзем, Джанатан, - сказала хутка Сафія.
- Добра. А як Сухарык, у сэнсе Карл? - запытаў брат. - Яму трэба пра ўсё расказаць?
- Вядома, - сказала Сафія. - Хадземце хутчэй.
Разам з галубкай, якая працягвала сядзець у яе на плячы, Сафія рушыла паперадзе. Яна прывяла нас у маленькі пакойчык каля кухні, зачыніла дзверы. Відаць, ёй не хацелася, каб хто-небудзь чуў ці бачыў, што мы робім.
- Палома, галубка мая, - сказала Сафія, - можа, сённяшняя твая вестачка лепшая, чым апошняя?
Яна працягнула руку да галубкі і дастала з-пад крыла птушкі маленькую капсулу, у ёй аказаўся маленькі камячок паперы, акурат такі, як Джанатан аднойчы выцягваў з кашолкі і хаваў у шафе ў нас дома.
- Чытай жа хутчэй, - прашаптаў Джанатан, - хутчэй, хутчэй!
Сафія прачытала, і ў яе вырваўся ўскрык.
- Яны Орвара таксама схапілі, - прамовіла яна. - Цяпер не засталося нікога, хто мог бы хоць што-небудзь зрабіць.
Яна працягнула кавалачак паперы брату, ён прабег вачамі, і братавы вочы пацямнелі яшчэ больш.
- У Вішнёвай Даліне - здраднік, - пераканана сказаў ён. - Як ты думаеш, хто гэты нягоднік?
- Я не ведаю, - адказала Сафія. - Пакуль не ведаю. Але хто б ён ні быў, я знайду яго, і яму тады ніхто не пазайздросціць.
Сафія ўздыхнула і сказала:
- Ты раскажы Карлу, а я пакуль пайду і збяру вам кашолку.
Яна знікла ў кухні.
Джанатан сеў проста на падлогу, прытуліўся спінай да сценкі, паглядзеў на свае брудныя пальцы і, нарэшце, загаварыў:
- Ну, добра, калі Сафія дазволіла, я раскажу табе ўсё.
Ён жа і раней расказваў мне пра Наджыялу, але нічога падобнага на тое, што мне давялося пачуць тут, у пакоі Сафіі, не гаварыў.
- Памятаеш, я казаў табе, што жыццё тут, у Вішнёвай Даліне, лёгкае і простае. Усё гэта было так і павінна было быць так, але, падобна, больш гэтага не будзе. Таму што калі ў якой-небудзь іншай даліне няшчасце і гора, то і ў Вішнёвай Даліне таксама робіцца кепска.
- А хіба ёсць яшчэ адна даліна? - здзівіўся я.
І тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя даліны ў гарах Наджыялы. Пра Вішнёвую Даліну і Даліну Дзікай Ружы, між высокімі гарамі, якія цяжка пераадолець, але калі ведаць таемныя сцяжынкі, то можна трапіць з адной даліны ў другую. Жыхары гэтых мясцін ведалі сцяжынкі і спакойна пераадольвалі горы, каб пабачыцца адзін з адным.
- Але, калі быць дакладным, то так было калісьці, - сказаў Джанатан. - Цяпер жа ніхто не мае права пакінуць Даліну Дзікай Ружы і ніхто не мае права трапляць у яе. Толькі галубы Сафіі.
- А чаму? - запытаў я.
- Таму што цяпер Даліна Дзікай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў.
Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае.
- А цяпер невядома, што будзе і з Вішнёвай Далінай.
У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела і бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах.
- А хто нам пагражае? - запытаўся я.
- Яго імя Тэнджыл, - адказаў Джанатан, і ў гэтым імені была нейкая злавеснасць.
- А дзе той Тэнджыл? - дапытваўся я.
Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краіну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалі валадарыў Тэнджыл, жорсткі, як той змей.
Мне стала яшчэ больш жахліва, але я стараўся гэтага не паказаць.
- Чаму ён не хоча заставацца ў сваіх Старажытных Гарах? - не вытрымаў я. - І чаму ён павінен прыйсці ў Наджыялу і разбурыць усё тут?
- Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства іншых. Я не ведаю, чаму ён павінен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, і ўсё. Ён зайздросціць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далін. Яму патрэбны рабы.
Ён замоўк, разглядваючы свае рукі, потым штосьці прамармытаў, але я не пачуў - што.
- Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! - паўтарыў Джанатан.
Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахліва, чым што-небудзь на свеце.
- Хто гэта - Катла?
У адказ Джанатан толькі паківаў галавой.
- Не, Сухарык, ты такі напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш.
Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цікавае пра Сафію.
- Яна - галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, - сказаў Джанатан. -Мы, каб ты ведаў, змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Даліне Дзікай Ружы. Але мы павінны рабіць гэта ў тайне.
- А чаму менавіта Сафія?
- Таму што яна моцная, шмат ведае і нічога не баіцца.
- Не баіцца? Але ж ты таксама не баішся, хіба не?
Ён крыху падумаў, потым сказаў:
- Гэта праўда, я нічога не баюся.
Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нічога не баяцца, як Сафія і Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такі напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць.
- А тое, што галубы Сафіі лётаюць з тайнымі лістамі, гэта вядома ўсім?
- Толькі тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод іх аказаўся здраднік. І гэтага дастаткова.
Вочы ў Джанатана зноў пацямнелі, і ён з сумам сказаў:
- У Віяланты, калі яе падстрэлілі мінулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафіі, і калі гэта пасланне трапіць у рукі Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многім жыхарам Даліны Дзікай Ружы.
Я падумаў: «Як гэта жахліва, што хтосьці забіў галубка - такога белага і невінаватага, нават калі ён нёс сакрэтны ліст».
Раптам мне згадаліся таямнічыя лісты, якія захоўваліся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, ці бяспечна захоўваць іх у нас?
- Так, гэта небяспечна, - адказаў Джанатан. - Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць іх у Сафіі. Шпіёны Тэнджыла, калі б яны прыйшлі ў Вішнёвую Даліну, пачалі б шукаць іх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўніка.
Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнік, які працуе ў Сафіі, а яе блізкі таварыш па барацьбе супраць ліхадзея Тэнджыла.
- Сафія так вырашыла сама, - сказаў ён. - Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вішнёвай Даліне ведаў пра гэта. І ты пакляніся, што нікому нічога не скажаш, пакуль Сафія не скажа пра ўсё гэта сама.
Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае.
Мы паснедалі ў Сафіі, а потым паехалі дадому.
Але быў яшчэ адзін чалавек, які выязджаў з дому ў гэту раніцу. Мы сустрэлі яго, калі выязджалі з Даліны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлі? Губерт?
- Вы, здаецца, наведвалі Сафію? Што вы ў яе рабілі, цікава?
- Я палоў у яе агарод, - адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукі. - А вы што, палюеце? - запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла.
- Так, хачу падстрэліць пару зайцоў, - адказаў Губерт.
Я адразу прыгадаў нашых маленькіх трусоў, якія чакалі нас дома, і з палёгкай уздыхнуў, калі Губерт прышпорыў каня і хутка паехаў.
- Што ты думаеш пра Губерта? - пацікавіўся я ў Джанатана.
Брат крыху падумаў.
- Ён самы трапны стралок у Вішнёвай Даліне.
Больш нічога не сказаў, крануў павады, і мы паехалі.
Ліст, які даставіла Палома, Джанатан хаваў у маленькім скураным кашальку пад кашуляй, а калі мы прыехалі дадому, ён паклаў гэты кавалачак паперкі ў тайніку ў шафе. Але спачатку дазволіў мне прачытаць тое, што там было напісана:
«Орвар быў схоплены ўчора і цяпер зняволены ў пячоры Катлы. Хтосьці ў Вішнёвай Даліне, напэўна, выдаў яго сховішча. Сярод вас ёсць здраднік. Даведайцеся, хто».
- Даведайцеся - хто, - сказаў Джанатан. - Як бы я хацеў даведацца, хто...
У лісце былі яшчэ нейкія знакі, але незразумелыя і, напэўна, на нейкай таемнай мове, і Джанатан папярэдзіў, што мне няма патрэбы цікавіцца гэтым, бо яно датычыць толькі Сафіі.
Але затое брат паказаў мне, як адчыняецца сакрэтная скрынка. Ён дазволіў некалькі разоў адчыніць і зачыніць яе. Потым ужо сам зачыніў яе, замкнуў і паклаў ключ у ступку.
Праз увесь дзень у мяне не выходзіла з галавы перажытае, і таму ноччу я дрэнна спаў. Я думаў пра Тэнджыла і забітых галубоў, пра вязня пячоры Катлы, у нейкі момант я, мабыць, ускрыкнуў і ад гэтага прачнуўся. Нечакана прахапіўшыся, я не паверыў сваім вачам - я ўбачыў, што ў цёмным кутку каля шафы хтосьці стаіць. Калі я ўскрыкнуў у сне, той, відаць, спалохаўся і знік, як цёмны цень, у дзвярах, перш чым я канчаткова прачнуўся.
Усё адбылося так хутка, і я падумаў, што ўсё гэта прымроілася мне ў сне, але Джанатан, калі я разбудзіў яго і пра ўсё расказаў, быў іншай думкі.
- Не-е-не, Сухарык, гэта быў не сон, ніякі не сон, гэта быў здраднік!

6

- Тэнджылаў час калі-небудзь ды праб'е, - задумліва прамовіў Джанатан.
Мы ляжалі каля рэчкі ў зялёнай траве, а была такая раніца, што проста не хацелася думаць, што ёсць на свеце Тэнджыл ці яшчэ якое-небудзь зло. Было зусім ціха і спакойна, пад мостам каля камянёў ледзь чутна цурчэла вада, і толькі гэты шум, калі прыслухацца, можна было пачуць. Было проста здорава ляжаць на спіне, глядзець у вышыню і не бачыць нічога, акрамя лёгкіх белых хмарак. Можна было так ляжаць і адчуваць сябе абсалютна шчаслівым, ціха напяваючы сам сабе, і ні пра што не клапаціцца.
Але Джанатан пачынае гаворку пра Тэнджыла, і я ў адказ пытаюся:
- Што ты хочаш гэтым сказаць - «Тэнджылаў час калі-небудзь ды праб'е»?
- А тое, што яго чакае, рана ці позна здараецца з усімі тыранамі, - адказаў Джанатан. - Яго раздушаць, як вош, і ён знікне назаўжды.
- Спадзяюся, што час гэты прыйдзе хутка.
У адказ Джанатан прамармытаў штосьці не вельмі зразумелае.
- Ён моцны, гэты Тэнджыл. У яго ёсць Катла.
Вось і зноў ён назваў гэта жахлівае імя. Мне хацелася спытаць пра яго яшчэ раз, але я стрымаўся. У такую дзівосную раніцу лепш нічога не ведаць пра тую Катлу.
Потым Джанатан паведаміў мне самае горшае, што можна прыдумаць:
- Сухарык, пэўны час табе давядзецца пабыць аднаму ў Сядзібе Рыцараў. Мне трэба з'ездзіць у Даліну Дзікай Ружы.
Ну як жа ён мог сказаць мне такую страшэнную навіну? Як ён мог падумаць, што я змагу застацца ў Сядзібе без яго хоць на хвіліну? Калі ён збіраецца кінуцца проста ў Тэнджылаву пашчу, то я іду з ім. І я сказаў Джанатану пра сваё рашэнне. Ён паглядзеў на мяне вельмі дзіўна і сказаў:
- Сухарык, ты ў мяне адзін брат, якога я хачу абараніць ад зла. Ты ж просішся ўзяць цябе з сабой, калі мне патрэбна ўся мая сіла для чагосьці яшчэ? Для таго, што сапраўды небяспечна.
Але гэта мяне не супакойвала. Я быў такі ўстрывожаны і злосны, што ўсё ўва мне кіпела.
- Дык навошта прымушаеш мяне заставацца тут аднаму, чакаць цябе, калі ты, можа, не вернешся?
Я раптам прыгадаў той час, калі Джанатан памёр і пакінуў мяне аднаго, а я ляжаў на сваёй канапе і не ведаў, ці ўбачу яго калі-небудзь зноў; о, гэта было падобна на зазіранне ў чорную дзірку.
І вось ён зноў хоча пакінуць мяне, проста знікнуць па нейкіх небяспечных справах, пра якія я нічагуткі не ведаю, і калі ён не вернецца, то на гэты раз ніякай надзеі ўжо не будзе, я застануся адзін назаўсёды.
Я ўсё больш і больш злаваўся, нават пачаў крычаць і, як ніколі раней, нагаварыў яму шмат непрыемнага і грубага.
Пэўна ж, яму было вельмі нялёгка супакоіць мяне, але, у рэшце рэшт, усё скончылася тым, як ён хацеў. Бо я добра ведаў, што ён разумее ўсё лепш за мяне.
- Глупства, безумоўна ж, я вярнуся, - гаварыў ён учора ўвечары, калі мы сядзелі ля каміна ў кухні і грэліся. Гэта быў наш апошні вечар перад расстаннем.
У мяне ўжо не было злосці, я толькі ўсё больш і больш сумаваў, і Джанатан бачыў гэта. Ён быў да мяне вельмі ўважлівы. Ён даў мне свежага хлеба з маслам і мёдам, расказваў легенды і казкі, але я не мог слухаць яго. Я думаў пра Тэнджыла, тое, што я даведаўся пра яго, не выходзіла з галавы. Я запытаў у брата - чаму ён павінен адпраўляцца ў такое небяспечнае падарожжа? Хіба ён не можа застацца дома са мной і грэцца каля каміна? На гэта Джанатан адказаў, што ёсць справы, якія трэба рабіць, нават калі гэта і вельмі небяспечна.
- Чаму? - не зразумеў я.
- Чаму... Бо ў другім выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнік.
І Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызваліць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмі многа значыць, нават больш, чым Сафія, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далінам Наджыялы быў бы канец.
Было ўжо цёмна, агонь у каміне патух, настала ноч.
Калі надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы і назіраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знікаючы ў тумане; так тою раніцай у Вішнёвай Даліне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калі Джанатан пачаў аддаляцца, а потым і зусім знік удалечыні, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзін. Гэта было невыносна. Ад гора я проста траціў розум. Тады я кінуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло і паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубіць назаўсёды.
Я ведаў, што Джанатан збіраўся наведацца ў Сядзібу Цюльпанаў, каб атрымаць указанні ад Сафіі, таму я скіраваў каня менавіта туды. Я імчаўся наўскач і дагнаў яго ўжо каля самай Сядзібы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, і я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азірнуўся і ўбачыў мяне.
- Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён.
Сапраўды, чаго я хацеў?
- А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.
Пэўны час мы ехалі поплеч, потым спыніліся, Джанатан выцер з маёй шчакі слёзы і сказаў:
- Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджыліме...
- У Наджыліме? - перапытаў я. - А што гэта такое?
- Я раскажу табе пра гэта як-небудзь іншым разам.
Цяжка апісаць, як я сумаваў у тыя дні, калі быў адзін у Сядзібе Рыцараў, і як марудна цягнуліся дні. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымліваўся ў стайні каля Ф'ялара, а потым ішоў да трусоў і доўга размаўляў з імі. Калі-нікалі лавіў рыбу, вучыўся паляваць з лукам і стрэламі, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафія прыносіла мне ежу, і зноў мы гаварылі пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: «Ён хутка вернецца», але яна маўчала. Вельмі хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам.
Як расказваў мне калісьці Джанатан, Тэнджыл ненавідзеў Сафію.
- Сафія ў Вішнёвай Даліне і Орвар у Даліне Дзікай Ружы - яго самыя заклятыя ворагі, і, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.
- Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, і яму хацелася б кінуць туды і Сафію, каб яны абое загінулі там. Гэты нягоднік паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафію, жывую ці мёртвую.
Вядома ж, я разумеў, чаму Сафія павінна трымацца як мага далей ад Даліны Дзікай Ружы і што іменна Джанатан павінен быў пайсці туды замест яе. Яны думалі, што Тэнджыл нічога не ведаў пра яго, ці, прынамсі, спадзяваліся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнік: гэта быў чалавек, які таемна прыходзіў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. І гэта вельмі непакоіла Сафію.
- Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна.
Яна папрасіла неадкладна паведаміць ёй, калі хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзібу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабіць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалі ў іншае месца, у табакерку, якую паклалі на самае дно меха з аўсом. Сафія дастала яе і паклала туды яшчэ штосьці.
- Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы.
Асабліва не па сабе мне было вечарамі і ноччу. Мне сніліся жахлівыя сны пра Джанатана, і калі я прачынаўся, мяне ахопліваў непакой.
Аднойчы ўвечары я паехаў да «Залатога Пеўніка». Мне проста немагчыма было сядзець дома ў Сядзібе Рыцараў, дзе так ціха, што, здавалася, можна пачуць мае думкі, а яны былі не з тых, што падымаюць дух.
Калі я ўвайшоў, усе здзіўлена паглядзелі на мяне, менавіта здзіўлена, таму што я быў адзін, без Джанатана.
- Вось гэта навіна! - усклікнуў Джосі. - З'яўляецца толькі палова братоў Львінае Сэрца! Дзе ж ты дзеў Джанатана?
На гэта пытанне адказаць было няпроста. Я памятаў, наконт чаго мяне папярэджвалі і пераконвалі Сафія з братам: што б ні здарылася, нікому не гаварыць, штб рабіў Джанатан і куды ён пайшоў. Ніводнай жывой душы! Не ведаючы, што адказаць, я рабіў выгляд, што не пачуў пытання. Але тут сядзеў і Губерт, яго таксама вельмі цікавіла, дзе мой брат.
- Дык дзе ж ён? - прагучала пытанне. - Не думаю, каб Сафія адмовілася ад свайго садоўніка.
- Джанатан на паляванні, - сказаў я першае, што прыйшло ў галаву. - Ён у гарах, палюе на ваўкоў...
Атрымалася даволі ўдала - мае словы былі добрай адчэпкай, бо сапраўды Джанатан неяк гаварыў, што ў гарах паявілася шмат ваўкоў.
Сафія ў той вечар не прыйшла, але астатнія жыхары Вішнёвай Даліны сабраліся як звычайна. Яны, як заўсёды, спявалі песні і весяліліся. Толькі я не спяваў разам з усімі, без Джанатана мне ўсё было не так, і з гэтай прычыны не хацелася тут доўга заставацца.
- Не будзь такім сумным, Карл Львінае Сэрца, - падбадзёрыў мяне Джосі, калі я выходзіў. - Джанатан хутка закончыць сваё паляванне і вернецца дадому.
О, як я быў удзячны яму за гэтыя словы! Ён па-сяброўску паляпаў мяне па плячы і даў з сабой некалькі смачных пірожных.
- Можаш паласавацца, пакуль вернецца Джанатан, - сказаў ён.
Ён быў добры, гэты Залаты Певень. Пасля яго слоў мне нават стала не так самотна.
Я прыехаў дадому, сеў каля агню і пачаў есці пірожныя. Хаця ўдзень і стаяла цёплае вясновае надвор'е, аднак тоўстыя сцены нашага дома яшчэ не прагрэліся.
У пасцелі было зябка, але неўзабаве я заснуў. У сне ўбачыў Джанатана, але сон быў такі жахлівы, што я міжволі прачнуўся.
- Зараз, зараз, Джанатан! - закрычаў я. - Я іду! - У цемры, якая шчыльнай сцяной акружала мяне, я выскачыў з пасцелі. Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клікаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кінуцца тут жа ў цемру, каб прыйсці яму на дапамогу, дзе б ён ні быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабіць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нічога не заставалася, як залезці зноў у пасцель і ляжаць, трасучыся ад страху і адзіноцтва.
Але тым не менш настала раніца, і пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомніць, які страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клікаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клікаў мяне, дык ці ж я не павінен быў хоць паспрабаваць памагчы яму?
Гадзінамі я сядзеў каля маіх трусоў і думаў, што я павінен зрабіць. Параіцца не было з кім, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьці вырашаць самому. Я не мог пайсці да Сафіі, таму што яна спыніла б мяне. Яна ніколі не дазволіла б мне, яна была разумнай жанчынай, а тое, што надумаў я, было справай не вельмі разумнай і бяспечнай. Нават вельмі небяспечнай, а я не быў такі смелы.
Не ведаю, колькі я сядзеў, прытуліўшыся да сцяны стайні і вырываючы траву. Неўзабаве вакол мяне не засталося ніводнай травінкі. Міналі гадзіны, і раптам мне прыгадалася, як Джанатан гаварыў, што не трэба баяцца здзяйсняць небяспечныя ўчынкі, інакш ты не можаш называцца чалавекам, а будзеш проста маленькай дрэнню.
І вось, я рашыўся. Я так ляпнуў кулаком па клетцы з трусамі, што яны падскочылі. Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас:
- Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь!
І калі я рашыўся, стала так лёгка на душы!
- Я ведаю, што мая праўда, - сказаў я трусам, таму што больш не было каму гэта сказаць.
Цяпер яны здзічэюць. Я выцягнуў іх з клеткі, узяў на рукі, вынес за браму сядзібы і паказаў ім на Вішнёвую Даліну.
- Уся Даліна поўная травы, - сказаў я ім. - Тут бегае шмат вольных трусоў, з якімі вы зможаце падружыцца. Думаю, тут будзе значна весялей, чым у клетцы, але бойцеся лісы і Губерта.
Трое з іх, здавалася, былі крыху здзіўлены, а астатнія скакалі вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалі прэч і зніклі сярод зялёных валатовак.
Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсіва, каб развесці агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамі для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нічога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, які спякла Сафія. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, і калі хлеб скончыцца, мне давядзецца есці траву, як трусам.
Сафія абяцала прынесці на наступны дзень супу, але да таго часу я буду ўжо далёка. Бедная Сафія, ёй давядзецца самой есці свой суп, але мне так не хацелася, каб яна здагадалася, куды я пайшоў. Яна, вядома, даведаецца, але даведаецца надта позна, каб спыніць мяне.
Я ўзяў кавалачак вугалю з каміна і напісаў вялікімі літарамі на сцяне кухні:
«Хтосьці паклікаў мяне ў сне, і я пайшоў, каб знайсці яго далёка-далёка за гарамі».
Я напісаў гэта так смешна, каб, акрамя Сафіі, калі хто прыйдзе вынюхваць штосьці ў Сядзібе Рыцараў, нічога не зразумеў. «Ён», па ўсёй верагоднасці, падумае, што я паспрабаваў напісаць верш ці штосьці такое. Але Сафія адразу здагадаецца, што я меў на ўвазе: я паехаў шукаць Джанатана.
Я быў рады, што ўпершыню адчуў сябе дужым і смелым, і спяваў самому сабе:
- Хтосьці паклікаў мяне ў сне, і я пайшоў, каб знайсці яго далёка-далёка за гарамі... - Ах, як хораша гэта гучала. Трэба будзе расказаць Джанатану пра мае спевы, калі я яго знайду.
«Калі я знайду яго, - падумаў я. - А калі не...»
Уся мая смеласць тут жа пакінула мяне. Я зноў стаў маленькім палахліўцам, якім быў заўсёды. Але тут жа пайшоў шукаць Ф'ялара. Я павінен быў зараз жа знайсці яго. Калі ён быў побач са мной, я не так баяўся. Колькі я прыходзіў да яго ў стойла, калі мне было цяжка ў адзіноцтве? Колькі разоў мяне супакойвала толькі тое, што я глядзеў у яго разумныя вочы і адчуваў, што ён быў цёплы, а нос яго мяккі? Калі б не Ф'ялар, я, напэўна, не змог бы жыць адзін увесь гэты час без Джанатана.
Я пабег да стайні.
Ф'ялар быў там не адзін. Каля яго стаяў Губерт. Так, ён стаяў, лёгка паляпваючы каня па загрыўку і ўсміхаючыся.
Сэрца пачало глуха калаціцца.
«Вось хто здраднік», - падумаў я. Мне здалося, што адчуваю гэта даўно, але зараз быў упэўнены. Губерт быў здраднікам. Інакш чаго ён прыйшоў сюды, калі не шпіёніць? «Гэты чалавек ведае надта многа», - сказала пра яго Сафія.
І сапраўды, ён шмат чаго ведае. І ў гэтым цяпер я быў перакананы.
Ну, але што ён ведаў? Ці ведаў ён усё? Ці ведаў, што мы схавалі ў мяшку з аўсом? Я стараўся не паказаць, як я напалохаўся.
- Што ты тут робіш? - запытаўся я як мага спакайней. - Што ты хочаш ад Ф'ялара?
- Нічога, - адказаў Губерт, - я прыйшоў да цябе, калі пачуў іржанне каня, я люблю коней. Твой Ф'ялар цудоўны...
«Мяне ты не абдурыш», - падумаў я і сказаў:
- А што ты хочаш ад мяне?
- Аддаць табе вось гэта, - Губерт працягнуў мне штосьці, загорнутае ў кавалак белай тканіны. - Ты выглядаў такім сумным і галодным, і мне здалося, што, пакуль Джанатан палюе, табе не хапае ежы.
Я не ведаў ні што рабіць, ні што сказаць. Я прамармытаў словы ўдзячнасці. Але ці ж мог я ўзяць ежу ў здрадніка? Ці, можа, трэба ўзяць? Я памацаў пакунак і здагадаўся, што ён прынёс загорнуты вялізны кавалак вэнджанай бараніны. Ад яго разліваўся смачны пах. Я ўжо адчуваў, як зубы мае ўпіваюцца ў мяса, хоць ведаў, што трэба вярнуць гэтае мяса і паслаць прэч таго, хто мне яго даў.
Але я гэтага не зрабіў. Займацца здраднікамі павінна Сафія. Мне трэба было прыкінуцца, што я нічога не ведаю і нічога не разумею. Дый што казаць, мне вельмі хацелася мяса, якое было б вельмі дарэчы ў маім доўгім паходзе.
Губерт усё яшчэ стаяў каля Ф'ялара.
- У цябе сапраўды цудоўны конь, як і мая Бленда.
- Бленда белая, - заўважыў я. - Ты любіш белых коней?
- Так, я вельмі люблю белых коней, - адказаў Губерт.
«Потым табе захочацца мець пятнаццаць такіх коней, ці не так?» - падумаў я, але прамаўчаў. Раптам чую, як Губерт прапануе штосьці жахлівае:
- Давай дадзім Ф'ялару крыху аўса? Яму ж таксама хочацца чаго-небудзь смачнага?
Я не мог яго спыніць. Ён адразу пайшоў да меха з аўсом і ўзяў шуфлік, які ляжаў зверху. Я ажно заплюшчыў вочы, каб не бачыць, як ён дастае шуфлікам табакерку. Але Губерт раптам ускрыкнуў, і я адкрыў вочы: з зерня на край мяшка выскачыў невялікі пацук. Губерт паспрабаваў злавіць яго, але той саскочыў уніз, шмыгнуў да дзвярэй стойла і знік у адной з норак.
- От, нягоднік, укусіў за палец, - сказаў Губерт. Ён стаяў і разглядваў свой палец, а я выкарыстаў гэты момант - сам хуценька напоўніў шуфлік аўсом і перад самым носам Губерта закрыў зерне.
- Ф'ялар будзе вельмі задаволены, - сказаў я. - Ён прывык есці авёс у гэты час.
«А табе няма чаго радавацца», - падумаў я ў той момант, як Губерт таропка развітаўся і, утуліўшы галаву ў плечы, выйшаў са стайні. На гэты раз яму не ўдалося перахапіць сакрэтныя пасланні, але было ясна, што трэба шукаць новае сховішча. Я доўга думаў і нарэшце схаваў табакерку ў склепе з бульбай.
Потым я напісаў на сцяне новую загадку для Сафіі:
«Чырвонай Барадзе неабходны белыя коні, і яна ведае вельмі многа. Будзь пільнай!»
Больш я нічога не мог зрабіць для Сафіі.
На наступную раніцу з узыходам сонца, калі ўсе ў Вішнёвай Даліне яшчэ спалі, я пакінуў Сядзібу Рыцараў і пачаў прабірацца ў горы.

7

Я ехаў і расказваў Ф'ялару, як адчуваю сябе адзін, зусім адзін у гэтым цяжкім падарожжы па гарах.
- Ты ўяўляеш, што азначае гэта падарожжа для мяне? Май на ўвазе, што я не прывык нічога рабіць, толькі ляжаў на ложку амаль усё сваё жыццё! Але ты не павінен думаць, што я хоць на хвіліну забыў Джанатана. Калі б забыў, то крыкнуў бы так гучна, што рэха раскацілася б па ўсіх гарах, бо вакол так цудоўна.
Так, было сапраўды цудоўна. Джанатан зразумеў бы мяне. Якія горы! Проста цяжка паверыць, што існуюць такія высокія горы, такія маленькія чыстыя азёрцы, струменістыя раўчукі і грозныя вадаспады... А якія даліны, поўныя пахкіх кветак, - і ўсё гэта ў гарах! І тут я, Сухарык, на сваім кані, і ўсё гэта бачу! Я нават не ўяўляў, што гэта можа быць такім прыгожым, у мяне нават галава пайшла кругам.
Але паступова ўсё змянілася. Я знайшоў маленькую сцяжынку, магчыма, тую, пра якую Джанатан мне расказваў. Па ёй можна было дабрацца да Даліны Дзікай Ружы. Яна пятляла і паварочвала, і неўзабаве я апынуўся на процілеглым баку палянкі. Горы сталі больш дзікімі і пагражальнымі, а сцяжынка ўсё больш небяспечнай. Яна то падымалася ўгору, то апускалася ўніз, пракладваючы свой шлях паміж скаламі ўздоўж крутых стром, і я думаў, што ніколі не змагу яе пераадолець. Але мой Ф'ялар, пэўна, прывык адольваць такі шлях па небяспечных горных сцяжынках: конь сапраўды быў цудоўны.
За дзень мы вельмі стаміліся - і я, і мой конь. Я выбраў на зялёнай паляне месца для начлегу: там мог пасвіцца Ф'ялар, недалёка быў ручай, дзе мы абодва маглі напіцца.
Усё сваё жыццё я марыў пасядзець каля вогнішча. Джанатан часта расказваў мне, як гэта цудоўна. Нарэшце я меў такую магчымасць.
- Зараз, Сухарык, ты зразумееш, што гэта такое, - сказаў я сам сабе ўголас.
Я назбіраў сухога галля, сукоў, скідаў усё ў вялікую кучу і запаліў агонь. Агонь хутка разгарэўся, зашугала полымя, у неба ляцелі іскры, а я сядзеў каля вогнішча і адчуваў, што адбываецца тое, пра што расказваў Джанатан. Было проста цудоўна, калі я заварожана глядзеў на полымя, са смакам еў хлеб з вяндлінай, і адзінае, што вяндліну гэту я атрымаў ад Губерта, вярэдзіла мне душу.
Я быў шчаслівы і сам сабе напяваў: «Мой хлеб, маё вогнішча і мой конь, мой хлеб, маё вогнішча, мой конь». І ні пра што іншае не мог думаць.
Сцямнела. Гор амаль не стала бачна. Мне стала вусцішна, было непрыемна адчуваць спіной гэтыя горы. Здавалася, што хтосьці падкрадваецца да мяне ззаду. Але надышоў час класціся спаць, я прытушыў агонь, сказаў Ф'ялару дабранач, загарнуўся ў коўдру і лёг бліжэй да вогнішча. Мне хацелася заснуць як мага хутчэй - да таго, як мяне агорне страх.
Так, я сапраўды мог паддацца страху, і вельмі хутка. Не ведаю, ці можа хто-небудзь так хутка палохацца, як я. Думкі блыталіся ў мяне ў галаве. Напэўна ж, хтосьці хаваецца тут у цемры. Можа, дзесьці тут, у гарах, сноўдаюцца салдаты і шпіёны Тэнджыла, а Джанатана даўно няма ў жывых. Вось пра што я думаў і не мог заснуць. Потым з-за гор выплыў месяц. Магчыма, гэта быў звычайны месяц, але ён выглядаў як незвычайны. Месячнае святло было нейкае асаблівае, якога я ніколі не бачыў раней. Але ж я наогул ніколі раней не бачыў месячнага святла над гарамі.
Усё стала такое дзіўнае, як у загадкавым свеце, які складваўся толькі з серабрыстых і чорных ценяў. У месячным святле ўсё выглядала цудоўна, на душы неяк дзіўна і жахліва, бо мне здавалася, што цемра хавае ў сабе шмат небяспекі.
Я нацягнуў на галаву коўдру, і мне не хацелася з-пад яе выглядваць. Потым я пачуў, так-так, пачуў далёка ў гарах выццё, паступова яно набліжалася. Ф'ялар затрывожыўся, і я зразумеў - чаго. Вылі ваўкі.
Кожны на маім месцы памёр бы ад страху; але калі я заўважыў, як напалохаўся Ф'ялар, то ўсім сваім выглядам паспрабаваў падбадзёрыць яго.
- Ф'ялар, ваўкі баяцца агню, ці ж ты не ведаеш? - Папраўдзе, сам я ў гэта не верыў, а ваўкі, магчыма, пра гэта і не ведалі. Цяпер я мог іх бачыць: яны падышлі бліжэй - страшныя шэрыя цені, якія выплывалі з месячнага святла, выючы ад голаду.
Я закрычаў так, як не крычаў ніколі раней. Такога нарабіў крыку, што, мабыць, гэта іх крыху напалохала.
Але ненадоўга. Неўзабаве яны вярнуліся, толькі на гэты раз падышлі яшчэ бліжэй. Ф'ялар кідаўся, спуджаны. Я ўжо быў упэўнены, што мы разам памром - і конь, і я. Мне-то было не прывыкаць да гэтага, аднойчы я паміраў ужо, але тады я хацеў гэтага, тады я нават марыў пра гэта, а цяпер не хачу. Цяпер я хачу жыць і быць з Джанатанам. О Джанатан, калі б ты мог прыйсці і дапамагчы мне!
Ваўкі падсунуліся яшчэ бліжэй. Самы вялікі і самы нахабны воўк - відаць, важак - кружыў вакол мяне і выў, выў так, што ў мяне кроў стыла ў жылах. Я кінуў у яго галавешку і гучна закрычаў, але гэта толькі яго раздражніла. Я ўбачыў адкрытую пашчу і страшэнныя зубы, яны так і нацэлены былі на маё горла. Ой, Джанатан, ратуй, ён скача!..
Але раптам!.. Што ж раптам адбылося? У час свайго скачка ён завішчаў і паваліўся ля маіх ног. Нежывы, зусім мёртвы: у яго ў галаве тырчала страла.
Адкуль узялася страла? Хто выратаваў мне жыццё? Вось нехта паказваецца з-за скалы. Ды хто, як не Губерт?! Гэта быў ён, і хаця глядзеў на мяне як заўсёды пагардліва, мне хацелася кінуцца да яго, абняць. Але гэта ўпачатку. Толькі ўпачатку.
- Мне здаецца, я прыйшоў своечасова, - сказаў Губерт.
- О, вядома, - усклікнуў я.
- А чаму ты не дома, у Сядзібе Рыцараў? - дапытваўся ён.
«А ты?» - падумаў я, добра памятаючы, хто ён такі. Якое ж ліхадзейства было задумана сёння ў гарах? І чаму менавіта здраднік прыйшоў мне на дапамогу? І чаму Губерту я павінен быць удзячны, з усіх людзей - менавіта Губерту, не проста за кавалак мяса, а за выратаванне майго жыцця?
- А што ты тут робіш уначы? - запытаў я пахмурна.
- Страляю ваўкоў, як бачыш. Наогул, я ўбачыў цябе, калі ты раніцай ад'язджаў, і падумаў, што, можа, мне варта паехаць за табой, каб не здарылася чаго кепскага.
«Ты лжэш, - падумаў я. - Рана ці позна табе прыйдзецца мець справу з Сафіяй, і тады ўжо я табе не пазайздрошчу».
- А дзе твой брат Джанатан? - зацікавіўся Губерт.
- Таксама паехаў паляваць і павінен забіць некалькі ваўкоў.
Я азірнуўся. Ваўкі зніклі. Усе да аднаго. Магчыма, яны спалохаліся, калі важак зваліўся мёртвым, а цяпер, мабыць, плачуць па ім: удалечыні чулася іх выццё.
- Дык дзе ж Джанатан? - настойваў Губерт.
Мне зноў прыйшлося хлусіць.
- Павінен хутка прыехаць, - адказаў я. - Ён паехаў за той воўчай зграяй.
Губерт ухмыльнуўся: ён не верыў мне, я гэта добра бачыў.
- Можа, табе ўсё-такі варта паехаць са мной у Вішнёвую Даліну? - прапанаваў ён.
- Не, я павінен пачакаць Джанатана, ён будзе з хвіліны на хвіліну.
- Та-ак... та-ак, - прамовіў Губерт, дзіўна пазіраючы на мяне, а потым выцягнуў з-за пояса нож, і ў мяне вырваўся крык. Што ён збіраецца рабіць! Калі я ўбачыў у святле месяца яго перад сабой з нажом у руцэ, дык спалохаўся больш, чым ад усіх ваўкоў у гарах, разам узятых.
«Ён хоча забіць мяне, - мільганула ў маёй галаве. - Ён здагадваецца, што я ведаю, што ён здраднік, таму і сачыў за мной, таму і хоча забіць мяне». Мяне пачало трэсці ад страху: вось такі я быў смелы.
- Не рабі гэтага, - закрычаў я, - не рабі гэтага!..
- Што не рабіць? - недаўменна спытаў Губерт.
- Не забівай мяне, - маліў я.
Губерт пабялеў ад злосці, падскочыў да мяне так блізка, што я ледзь не паваліўся.
- Ты, маленькі мярзотнік, што ты гаворыш? - Ён схапіў мяне за валасы і пачаў тузаць. - Ты, дурань, - казаў ён. - Калі б я хацеў бачыць цябе мёртвым, я даверыў бы гэтую справу ваўкам.
Ён пакруціў у мяне перад носам нажом, і я заўважыў, што гэта вельмі востры нож.
- Мне ён патрэбны, каб здзіраць з ваўкоў шкуру, а не забіваць дурненькіх хлопчыкаў.
І я атрымаў ад яго такога выспятка, што ажно заараў носам зямлю. А ён, лаячыся, пачаў здзіраць з ваўка шкуру.
Я заспяшаўся асядлаць Ф'ялара, бо хацелася з'ехаць адсюль як мага хутчэй, - ох, як мне хацелася хутчэй выбрацца адсюль!
- Куды гэта ты выпраўляешся? - злосна закрычаў Губерт.
- Хачу сустрэць Джанатана, - адказаў я. І адчуў, якім вартым жалю і спалоханым быў мой голас.
- Ну і едзь, дурань, - крыкнуў Губерт. - Едзь і прападзі, больш я цябе ратаваць не буду.
Але я ўжо скакаў прэч і не звяртаў ніякай увагі на яго словы.
Перада мной у святле месяца пачала праглядвацца сцяжынка ў глыбіню гор. Мяккае святло месяца залівала наваколле, і я ўсё добра бачыў. Якое шчасце! Іначай я заблудзіўся б. Я скакаў, нібы ў сне, па краі цясніны, з другога боку ўзвышаліся стромы скал, ад якіх кружылася галава. Як страшна і як прыгожа гэта было! «Гэта карціна ў месячным святле можа існаваць толькі ў нейкім фантастычным сне», - падумаў я і звярнуўся да Ф'ялара:
- Як ты лічыш, Ф'ялар, хто бачыць гэты сон? Я ці не я? Не, мабыць, нехта іншы, хто здольны выдумваць такое неймаверна жахлівае і прыгожае ў той жа час.
Я так стаміўся і так хацеў спаць, што ледзьве трымаўся ў сядле. Мне проста неабходна было адпачыць. Толькі дзе?
- Лепш бы там, дзе няма ваўкоў, - сказаў я Ф'ялару, і, здаецца, ён пагадзіўся з гэтым.
Хто праклаў горныя сцежкі паміж далінамі Наджыялы? Хто прыдумаў, каб гэтая сцежка ў Даліну Дзікай Ружы была такая - каб яна круцілася петлямі паміж гэтымі скалістымі выступамі, над прорвамі гэтых страшэнных цяснін? Я ведаў, што калі Ф'ялар спатыкнецца, то мы паляцім у бездань і ніхто на свеце ніколі не будзе ведаць, што здарылася з Карлам Львінае Сэрца і яго канём.
Станавілася ўсё страшней і страшней. Урэшце я нават заплюшчыў вочы, каб не бачыць, калі давядзецца падаць у цясніну.
Але мой Ф'ялар не спатыкнуўся. Калі я нарэшце адважыўся адкрыць вочы, мы апынуліся на выступе, цудоўным зялёным выступе, з аднаго боку якога былі высокія зялёныя горы, а з другога - прорва.
- Вось гэта якраз тое месца, што нам патрэбна, Ф'ялар, тут нам не страшныя ніякія ваўкі.
Гэта было сапраўды так. Ніводзін воўк не змог бы спусціцца сюды са стромых скал - яны былі вельмі высокія. І ніводзін воўк не змог бы выбрацца з прорвы, бо адхоны былі надта крутыя.
Калі б воўк і з'явіўся тут, то яму давялося б прайсці тым жа шляхам, як і нам, уздоўж прорвы па гэтай праклятай сцяжыне. Але яны не настолькі лоўкія.
Потым я ўбачыў сапраўды штосьці цікавае. Проста ў гары была глыбокая шчыліна, дакладней, пячора, над якой агромністыя камяні ўтваралі дах. Вось дзе можна будзе спакойна адпачыць.
Хтосьці ўжо спыняўся тут да мяне, бо на зямлі засталіся рэшткі ад вогнішча. Мне хацелася распаліць агонь, але ўжо не было сілы. Адзінае, на што я быў здольны, гэта спаць. Я ўзяў Ф'ялара за павады і ўвёў у пячору. Яна была глыбокая, і я сказаў Ф'ялару:
- Заходзь, заходзь... Тут хопіць месца і для пятнаццаці такіх, як ты. - Ф'ялар у адказ ціха заржаў: магчыма, ён засумаваў па сваёй стайні. Я папрасіў у яго прабачэння за тое, што ўцягнуў у гэта непрыемнае падарожжа, даў яму аўса і пажадаў добрай ночы. А сам загарнуўся ў коўдру, лёг у самы дальні вугал пячоры з жаданнем хутчэй заснуць, каб чаго-небудзь не напалохацца яшчэ раз.
Не ведаю, ці доўга я спаў, але раптам адчуў, што прачнуўся і сеў, бо ля ўвахода ў пячору чуліся галасы, фырканне коней.
Гэтага было дастаткова. Жах ахапіў мяне зноў. Хто ведае, можа, гэтыя людзі яшчэ больш небяспечныя, чым ваўкі?
- Заганіце коней у пячору, і ў нас будзе вальней, - пачуў я, і неўзабаве ў пячоры паявілася пара коней. Убачыўшы Ф'ялара, яны заржалі, Ф'ялар заржаў у адказ. Потым коні суцішыліся, пэўна, пасябравалі ў цемнаце. Людзі звонку, відаць, не зразумелі, што ржаў старонні конь, і спакойна размаўлялі.
Чаго яны з'явіліся тут? Хто гэтыя людзі? Што ім трэба высока ў гарах ды яшчэ ўначы? Я быў так напалоханы, што ў мяне зуб на зуб не трапляў. Мне захацелася быць адсюль як мага далей. Але я быў тут. І са мной зусім побач знаходзіліся людзі, якія маглі быць і сябрамі, і ворагамі, і мне неабходна было высветліць, хто яны, як бы напалоханы я ні быў. Я асцярожна папоўз на галасы. Месяц свяціў якраз над уваходам у пячору і крыху асвятляў тое месца, дзе я хаваўся. Павольна прасоўваючыся наперад, я імкнуўся трымацца ў цемрыве.
Перад кучай ламачча, спрабуючы распаліць вогнішча, сядзелі два чалавекі ў чорных шлемах, грубыя твары якіх асвятляў месяц. Упершыню я ўбачыў салдат Тэнджыла, і я ведаў, што гэта менавіта яны, жорсткія, бессардэчныя людзі, якія служаць Тэнджылу, каб знішчыць зялёныя даліны Наджыялы. Я не хацеў трапляць ім у рукі. Няхай лепш парве мяне воўк.
Размаўлялі яны ціха, але ў цемрыве я падпоўз даволі блізка да іх і чуў кожнае слова. Было падобна, што яны на кагосьці злавалі, бо адзін з іх з пагрозай сказаў: «Я адрэжу яму вушы, калі ён зноў не прыйдзе своечасова!» - «Так, яго трэба правучыць, - абазваўся другі. - Мы павінны сядзець тут дарэмна ноч за ноччу. Тады якая ад яго карысць? Забіваць паштовых галубоў? Гэта нядрэнна, але Тэнджыл жадаў бы большага. Ён жадаў бы кінуць Сафію ў Катліну пячору, дык калі гэты чалавек не пасобіць узяць яе, то яму будзе дрэнна».
І тут я зразумеў, што чалавек, пра якога яны гавораць і якога яны чакаюць, - не хто іншы, як Губерт.
«Не хвалюйцеся, - падумаў я, - набярыцеся цярпення, пакуль ён злупіць з ваўка шкуру. Ён хутка з'явіцца тут - чалавек, які дапаможа вам узяць Сафію».
Я гарэў ад сораму. Мне было сорамна, што ў нас, у Вішнёвай Даліне, быў здраднік. Дзіўна, але я хацеў, каб ён прыйшоў, тады ў мяне быў бы доказ. Адна справа - падазраваць каго-небудзь і зусім іншая - пераканана сказаць Сафіі: «Гэта - Губерт. Пазбаўся ад яго, інакш і табе, і Вішнёвай Даліне прыйдзе канец».
Страшна было чакаць яго. Здраднік - гэта штосьці жахлівае. Я адчуваў гэта ўсім сваім целам. Я амаль перастаў баяцца людзей ля вогнішча ад таго, што хутка ўбачу, як з-за скалы на сцяжынку выходзіць здраднік. Мяне агарнуў жах, што хутка ўбачу здрадніка, і ў той жа час да болю ў вачах глядзеў на тое месца, адкуль ён павінен паявіцца.
Тыя двое ля вогнішча глядзелі ў той бок, яны таксама ведалі, адкуль ён павінен з'явіцца, але ніхто з нас не ведаў - калі.
Мы чакалі. Яны чакалі ля вогнішча, а я - у сваім сховішчы. Ужо і месяц не асвятляў уваход у пячору, а час, здавалася, застыў на месцы. Нічога не адбывалася, мы проста чакалі, ажно мне захацелася ў нейкі момант скочыць і закрычаць, каб пакласці ўсяму канец. Здавалася, што ўсё чакае: месяц, горы вакол, як быццам уся месячная ноч стаіла дыханне, чакала здрадніка. Нарэшце ён паявіўся. Па сцяжынцы, залітай месячным святлом, здаля набліжаўся коннік. Ён ехаў менавіта з таго боку, адкуль яго чакалі. Убачыўшы яго, я закалаціўся ўсім целам: «Губерт, як ты мог...»
У мяне ажно пачалі вочы балець ад доўгага ўзірання, і я заплюшчыў іх. А магчыма, я заплюшчыўся, каб нічога не бачыць. Так доўга чакаў гэтага недавярка, а цяпер, калі ён прыйшоў, я адчуў, што проста не магу глядзець на яго. Я заплюшчыў вочы і толькі па стуку капытоў разумеў, што ён набліжаецца.
Нарэшце ён пад'ехаў, спыніў каня. Тады я адкрыў вочы, каб паглядзець, як выглядае здраднік, бо ён здрадзіў такім жа, як сам. Так, я хацеў бачыць Губерта, які прыйшоў, каб здрадзіць Вішнёвай Даліне і ўсім, хто там жыве.
Але гэта быў не Губерт. Гэта быў Джосі! Залаты Певень...

8

Джосі і ніхто іншы!
Мне спатрэбілася імгненне ці крыху больш, каб апамятацца. Джосі - чалавек, які заўсёды быў такі добры і такі лагодны, які частаваў мяне пірожнымі, які супакойваў мяне, калі я сумаваў, - і ён быў здраднікам Вішнёвай Даліны.
І вось ён тут, сядзіць ля вогнішча. Зусім недалёка ад мяне, разам з салдатамі Тэнджыла - Ведэрам і Кадэрам, як ён назваў іх, і тлумачыў, чаму не прыйшоў раней.
- Губерт палюе на ваўкоў у гарах, і я не хацеў трапляць яму на вочы.
Ведэр і Кадэр па-ранейшаму пахмурна маўчалі, а Джосі працягваў:
- Вы, напэўна, не забылі Губерта, яго таксама неабходна кінуць у пячору Катлы, ён таксама ненавідзіць Тэнджыла.
- Што ж, зрабі што-небудзь, - падаў голас Ведэр.
- Бо гэта ж ты наш чалавек у Вішнёвай Даліне, хіба не? - напомніў Кадэр.
- Так, так, - адказаў Джосі.
Ён увесь час падлізваўся, уніжаўся, але Ведэр і Кадэр не любілі яго, я зразумеў гэта адразу. Мне здаецца, ніхто не любіць здраднікаў, нават тыя, хто іх выкарыстоўвае.
Вушы яму пакінулі, не адрэзалі. Яны зрабілі іншае: паставілі кляймо Катлы.
- Усе людзі Тэнджыла павінны насіць гэта кляймо, нават такія здраднікі, як ты, - сказаў Ведэр. - Гэта для таго, каб ты мог паказаць яго, калі хто-небудзь з нашых, хто не ведае цябе, прыйдзе ў Вішнёвую Даліну.
- Так, так, - згадзіўся Джосі.
Яны загадалі яму расшпіліць кашулю і жалезам, нагрэтым на вогнішчы, паставілі на грудзях кляймо Катлы.
Джосі, калі да яго датыкнуліся нагрэтым да чырвані жалезам, войкнуў.
- Цярпі, - сказаў Кадэр. - Ведай, што цяпер ты навечна адзін з нас, хоць ты і здраднік.
З усіх начэй майго жыцця гэта, напэўна, была самая доўгая і самая цяжкая. Прынамсі, з таго часу, як я прыйшоў у Наджыялу, і самае горшае з усяго гэтага было тое, што мне давялося слухаць выхвалянні Джосі, як ён надумаў знішчыць Вішнёвую Даліну.
Джосі запэўніваў, што хутка ён зловіць і Сафію, і Губерта.
- Але ўсё гэта павінна быць зроблена так, каб нікому і ў галаву не прыйшло, хто стаіць за ўсім гэтым. Інакш як я надалей змагу быць вашым тайным чалавекам у Вішнёвай Даліне.
«Ты ўжо не будзеш ім, - падумаў я. - Таму што тут ёсць нехта, хто выкрые цябе, так што ты збялееш, чырванашчокі здраднік».
Потым ён сказаў такое, ад чаго маё сэрца зайшлося:
- Вы яшчэ не злавілі Джанатана Львінае Сэрца? Ён усё яшчэ на волі ў Даліне Дзікай Ружы?
Я зразумеў, што Ведэру і Кадэру не спадабалася пытанне.
- Мы ідзём па следзе, - сказаў Ведэр. - Добрая сотня чалавек шукаюць яго днём і ноччу.
- І мы знойдзем яго, нават калі б нам выпала абшукаць кожны дом у Даліне Дзікай Ружы, - дадаў Кадэр. - Тэнджыл чакае яго.
- Што ж, мне гэта зразумела, - азваўся Джосі. - Гэты Львінае Сэрца больш небяспечны, чым хто іншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.
Я быў вельмі горды, што Джанатана назвалі сапраўдным ільвом, і я адчуў вялікую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калі я думаў аб тым, што зрабіў Джосі. Ён здрадзіў Джанатану. Толькі Джосі мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Даліну Дзікай Ружы і паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была іменна яго віна, што сотня чалавек днём і ноччу высочвае майго брата і, калі знойдзе, аддасць яго ў рукі Тэнджыла.
Але пакуль Джанатан жывы. Уявіце сабе, ён жывы! Ён на волі, але чамусьці мне саснілася, што брат кліча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў і думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.
Хаця я ўжо даведаўся пра вельмі многае, падслухоўваючы Джосі.
- А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросціць Сафіі, што мы выбралі яе галоўнай у нашай Вішнёвай Даліне, - сказаў Джосі. - А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсіх.
Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, які злы быў Губерт, калі кінуў: «Ну што асаблівага ў гэтай Сафіі». Значыць, ён проста зайздросціў ёй і нічога іншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросціць і заставацца прыстойным чалавекам. А я ўбіў сабе ў галаву з самага пачатку, што Губерт - здраднік у Вішнёвай Даліне. І ўсё, што ён рабіў і гаварыў, усё было дрэнна. Вось бачыце, як лёгка дрэнна думаць пра людзей. Бедны Губерт, ён апякаў мяне, выратаваў мне жыццё, даў мне вяндліны, а ва ўдзячнасць я толькі крыкнуў яму: «Не забівай мяне!» Не дзіўна, што ён раззлаваўся. «Даруй мне, Губерт, - падумаў я, - даруй!..» Абавязкова я скажу гэта яму сам, калі сустрэну зноў.
Джосі адчуваў сябе ўжо больш упэўнена, і было бачна, што яму падабаецца сядзець тут, але, відаць, кляймо Катлы зрэдку давала аб сабе знаць, бо ён паціху стагнаў, і кожны раз Кадэр гаварыў:
- Так табе і трэба.
Мне хацелася зірнуць, як выглядае гэтае кляймо. Мусіць, відовішча мала прыемнае, таму добра, што я яго і не бачыў.
А Джосі ўсё хваліўся і хваліўся тым, што ён ужо зрабіў, і тым, што збіраўся зрабіць. Потым кажа:
- У Львінага Сэрца ёсць маленькі брат, якога ён любіць больш за ўсіх на свеце.
Я ажно застагнаў, так хацелася ўбачыць Джанатана.
- Мы маглі б выкарыстоўваць гэтага маленькага чарцяку як прынаду, каб злавіць на кручок Сафію, - сказаў Джосі.
- Ты, ёлупень, чаму не гаварыў нам пра гэта раней? - папракнуў Кадэр. - Вядома, можна было б выкарыстаць брата, каб выманіць Львінае Сэрца з яго сховішча. Бо дзе б ён ні хаваўся, ён абавязкова б даведаўся, што мы схапілі яго брата.
- Гэта прымусіць яго з'явіцца, - сказаў Ведэр. - Маўляў, вызваліце майго брата і забярыце мяне замест яго. Ён будзе вымушаны сказаць іменна так, калі ён сапраўды непакоіцца пра свайго брата і хоча абараніць яго.
Мне стала так страшна, што я нават не мог больш плакаць. Джосі надзьмуўся і пачаў хваліцца далей:
- Усё гэта я ўладкую, як толькі вярнуся дадому, я сам магу заманіць маленькага Карла Львінае Сэрца ў пастку. Гэта будзе не вельмі цяжка. Я змагу гэта зрабіць з дапамогай некалькіх пірожных. А потым можна будзе і Сафію заманіць, каб яна ратавала яго.
- А ці не здаецца табе, што Сафія для цябе занадта разумная? - з'едліва запытаў Кадэр. - Думаеш, так лёгка яе абмануць?
- Я ўпэўнены, - адказаў Джосі. - Яна нават не здагадаецца, хто гэта зрабіў. Яна давярае мне.
Ён быў так задаволены сабой, што ажно зарагатаў.
- І тады ў вас будуць абое - і яна, і малы Львінае Сэрца. А што мне за гэта? Колькі коней дасць мне Тэнджыл, калі захопіць Вішнёвую Даліну?
«А гэта мы яшчэ пабачым, - падумаў я. - Эх, Джосі, дык ты збіраешся дадому, каб заманіць Карла Львінае Сэрца ў пастку? Ну, а калі яго ўжо няма ў Вішнёвай Даліне, што ты тады будзеш рабіць?»
Пры ўсім маім жахлівым становішчы думка пра тое, як разгубіцца Джосі, калі высветліць, што я знік, падбадзёрыла мяне.
А Джосі ўсё распавядаў:
- Гэты малодшы Львінае Сэрца - неблагі хлопчык, але які ён леў? Гэта хутчэй напалоханае цяля. Яму больш падыходзіла б імя Заечае Сэрца...
Я і сам ведаў, што не надта смелы і што наўрад ці можна па праву называць мяне Львіным Сэрцам, як Джанатана. Але ўсё-такі было вельмі прыкра чуць гэта ад Джосі. Мне стала сорамна, і я падумаў, што павінен, абавязкова павінен стаць больш смелым, але, вядома, не зараз, калі мне так страшна.
Нарэшце Джосі змоўк і ўжо не хваліўся сваімі здрадніцкімі планамі.
- Я павінен быць дома да ўсходу сонца, - сказаў ён, устаючы.
А салдаты працягвалі настройваць яго да самага апошняга моманту.
- Ты абавязкова павінен штосьці зрабіць з Сафіяй і з тым малым брацікам, - загадаў Ведэр.
- Разлічвайце на мяне, - сказаў Джосі. - Але вы не павінны рабіць хлопчыку ніякай шкоды, ён мне падабаецца.
«Ну, дзякуй і за гэта», - падумаў я.
- Ды і не забудзься пра пароль, калі табе давядзецца ісці з якімі-небудзь навінамі ў Даліну Дзікай Ружы, - папярэдзіў Кадэр. - Калі, вядома, хочаш, каб цябе пусцілі жывым.
- «Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызваліцелю», - азваўся Джосі. - Не, што вы, я помню гэта днём і ноччу. А вось Тэнджыл - ён не забудзе пра сваё абяцанне мне?
Ён сабраўся ўжо ад'язджаць.
- Джосі - правадыр Вішнёвай Даліны, - сказаў ён. - Тэнджыл абяцаў, што я буду ім, спадзяюся, ён не забудзе?
- Тэнджыл ніколі нічога не забывае, - запэўніў Кадэр.
І Джосі знік гэтак жа непрыкметна, як і з'явіўся, а Ведэр і Кадэр доўга глядзелі яму ўслед.
- Яго таксама адправяць да Катлы, калі скончым з Вішнёвай Далінай, - сказаў Ведэр.
Ён сказаў гэта так, як ведаў, што азначае трапіць ва ўладу Катлы. Сам я пра Катлу ведаў мала, больш здагадваўся, але ажно здрыгануўся і нават адчуў да Джосі жаль, хаця ён і аказаўся такой нікчэмнасцю.
Агонь на вогнішчы амаль патух, і я ў душы спадзяваўся, што Ведэр і Кадэр неўзабаве знікнуць. Мне вельмі хацелася, каб яны зніклі. Я сядзеў, як мыш у мышалоўцы, і марыў выбрацца на свабоду, толькі б як-небудзь вывесці коней з пячоры, перш чым гаспадары прыйдуць забіраць іх. І тады, думалася мне, Ведэр і Кадэр паехалі б, нават не ўяўляючы, як лёгка яны маглі схапіць малодшага брата Джанатана Львінае Сэрца. Але раптам Кадэр кажа:
- Хадзем паспім крыху ў пячоры.
«Ну вось, надыходзіць канец, - падумаў я. - І чаго там цягнуць, няхай забіраюць мяне, няхай усё гэта заканчваецца».
Ведэр запярэчыў:
- А чаго спаць? Хутка ўжо раніца, і надакучылі мне гэтыя горы. Давай паедзем адразу назад, у Даліну Дзікай Ружы.
Кадэр саступіў.
- Ну, як хочаш, - сказаў ён. - Выводзь коней.
Здараецца, у час самай вялікай небяспекі чалавека выратоўвае выпадак. Я адкінуўся на спіну і запоўз у самы цёмны куток пячоры, як гэта зрабіў бы які-небудзь звярок. Увайшоў Ведэр, і ў наступны момант ён ужо быў у непрыгляднай цемры, таму я мог толькі чуць яго, але і гэта было вельмі непрыемна. Ён таксама не мог бачыць мяне, але, здавалася, мог чуць, як б'ецца маё сэрца. Яно гулка стукала, бо я ляжаў і чакаў, што будзе, калі Ведэр замест двух знойдзе трох коней.
Калі ўвайшоў Ведэр, коні слаба заржалі - усе трое, Ф'ялар таксама. Я пазнаў бы Ф'яларава ржанне сярод тысячы іншых. Але Ведэр, гэты дурань, не пачуў ніякай розніцы, уявіце сабе, ён нават не заўважыў, што ў пячоры былі тры кані. Ён вывеў двух, якія стаялі бліжэй да выхаду, сваіх уласных, і выйшаў следам за імі.
Як толькі застаўся адзін з Ф'яларам, я падскочыў да яго і пагладзіў па шыі. «Дарагі, мілы Ф'ялар, маўчы», - маліў я, бо калі ён заржэ зараз, яны пачуюць і зразумеюць, што штосьці тут не так. І Ф'ялар, ён быў такі разумны, зразумеў усё. Тыя два кані заржалі, быццам хацелі развітацца з Ф'яларам. А Ф'ялар стаяў моўчкі і не адказваў.
Я цікаваў, як Ведэр і Кадэр сядлалі коней, і цяжка апісаць, якую палёгку я адчуваў пры гэтым. Нарэшце я буду вольны, вызвалюся з гэтай мышалоўкі.
Потым чую - Ведэр кажа:
- Я забыўся крэсіва.
Ён саскочыў з каня і пачаў шукаць вакол вогнішча.
- Яго тут няма. Можа, згубіў у пячоры?
Вось мышалоўка зноў з грукатам зачынілася, і на гэты раз я папаўся. Ведэр зайшоў у пячору шукаць праклятае крэсіва і адразу напароўся на Ф'ялара.
Я ведаю, што нельга хлусіць, але калі гаворка ідзе пра жыццё і смерць, то даводзіцца.
У яго былі дужыя і грубыя рукі, да гэтага ніхто не хапаў мяне з такой сілай. Было вельмі балюча, і я быў злосны, нават больш злосны, чым напалоханы, што ўжо само па сабе даволі дзіўна. Магчыма, таму я пачаў хлусіць.
- Ну і як даўно ты сядзіш тут і падслухоўваеш? - крычаў Ведэр, выцягваючы мяне з пячоры.
- З вечара... Я не падслухоўваў, я спаў, - апраўдваўся я, міргаючы вачыма, нібы толькі што прачнуўся.
- Спаў? - з недаверам паглядзеў на мяне Ведэр. - Ты хочаш сказаць, што ты не чуў, як мы тут крычалі і спявалі ля вогнішча? Не мані.
Ён лічыў сябе вельмі хітрым, яны ж не спявалі зусім. Але я быў яшчэ хітрэйшы.
- Ну, можа, чуў крыху, як вы спявалі, - заікаючыся, маніў я.
Ведэр і Кадэр паглядзелі адзін на аднаго, цяпер яны былі ўпэўнены, што я спаў і нічога не чуў.
Але мне гэта не дапамагло.
- Хіба ты не ведаеш, што за падарожжа па гэтай сцежцы - пакаранне смерцю? - запытаўся Ведэр.
Я паспрабаваў давесці, няўцямна мармычучы, што ніколі не чуў ні пра якое пакаранне смерцю, ні пра што іншае. Што мне проста хацелася паглядзець на месяц, як ён асвятляе горы.
- І дзеля гэтага ты рызыкаваў сваім жыццём, хітрае ты лісяня? - выскаліўся Ведэр. - Дзе ты жывеш, у Вішнёвай Даліне ці ў Даліне Дзікай Ружы?
- У Даліне Дзікай Ружы.
Менавіта таму, што я жыў у Вішнёвай Даліне, то я хутчэй бы памёр, чым прызнаўся ім, дзе я жыву.
- Хто твае бацькі? - усё дапытваўся Ведэр.
- Я жыву з... з дзядулем.
- Тады як яго завуць?
- Я проста заву яго Дзядуля, - адказаў я, прыкідваючыся яшчэ больш дурнаватым.
- Дзе ён жыве ў Даліне Дзікай Ружы? - пытаецца Ведэр.
- У... у маленькім беленькім дамку, - кажу я, падумаўшы, што дамы ў Даліне Дзікай Ружы такія ж белыя, як і дамы ў Вішнёвай Даліне.
- Добра, пакажаш нам дзядулю з яго белым домам, - сказаў Ведэр. - Залазь на каня са мной.
І мы паехалі. Над гарамі Наджыялы ўзышло сонца. Неба асвятлілася, пад промнямі заблішчалі горныя рэкі. Я ніколі ў сваім жыцці не бачыў такой велічнай прыгажосці і мог быць шчаслівым, калі б перада мной не сядзеў Кадэр, а пада мной не быў яго конь.
Сцяжынка працягвала віцца як і раней, але неўзабаве яна пачала крута спускацца ўніз, і я зразумеў, што мы набліжаліся да Даліны Дзікай Ружы. Яна аказалася такой жа прыгожай, як і Вішнёвая Даліна. Яна ляжала ў ранішнім святле са сваімі маленькімі дамамі і зялёнымі схіламі, з зараснікамі квітнеючых дзікіх руж. Там было вялікае мноства дзікіх руж. Зверху гэта выглядала дзіўна: мора ружовай пены на зялёных хвалях. Так, Даліну Дзікай Ружы называлі так нездарма.
Але без Ведэра і Кадэра я ніколі не трапіў бы ў гэтую даліну, бо тут была высозная сцяна, якую Тэнджыл загадаў узвесці, таму што ён хацеў, каб людзі тут былі рабамі, рабамі назаўжды. Я ведаў - Джанатан расказваў мне пра гэта.
Ведэр і Кадэр, відаць, проста забыліся пацікавіцца, як я выбраўся з гэтай закрытай даліны, і я маліўся, каб хаця яны пра гэта не ўспомнілі. Што я мог адказаць? Як можна пераскочыць сцяну, нават калі ў цябе ёсць конь?
Людзі Тэнджыла ў чорных шаломах з мячамі і коп'ямі стаялі на сцяне на варце. І брама таксама надзейна ахоўвалася. Так, у сцяне была брама, у яе якраз упіралася сцежка з Вішнёвай Даліны.
Раней людзі свабодна пераходзілі з даліны ў даліну, а цяпер на іх шляху была сцяна і закрытая брама, і людзі Тэнджыла не маглі свабодна праходзіць праз яе.
Ведэр пастукаў па браме мячом, адчынілася маленькае акенца, і з яго высунулася галава вялікага дзецюка.
- Пароль, - закрычаў ён.
Ведэр і Кадэр прашапталі яму пароль на вуха - напэўна, каб я не пачуў яго, але ў такой засцярозе не было неабходнасці, бо я ўжо ведаў пароль : «Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызваліцелю».
Чалавек за акенцам паглядзеў на мяне, запытаўся:
- А гэта хто? Хто такі?
- Гэта маленькі дурань, якога мы сустрэлі ў гарах, - адказаў Кадэр. - Але, відаць, не такі ўжо дурны, бо як ён здолеў мінулай ноччу выйсці праз вашу браму? Што вы скажаце на гэта, старшы вартаўнік? Вы спытайце сваіх людзей, як яны ахоўвалі браму ўвечары.
Вартаўнік раззлаваўся. Лаячыся і праклінаючы мяне, ён адчыніў браму. Яму вельмі не хацелася пускаць мяне. Толькі Ведэра і Кадэра. Маё месца, лічыў ён, у пячоры Катлы.
Але Ведэр і Кадэр настоялі на сваім. Яны казалі, што мяне неабходна прапусціць хоць бы таму, што я павінен даказаць ім, што не маніў! Гэта іх абавязак перад Тэнджылам - высветліць усё.
Так у суправаджэнні Ведэра і Кадэра я праехаў праз браму.
Я думаў, што калі мы зноў сустрэнемся з Джанатанам, я раскажу яму, як Ведэр і Кадэр дапамаглі мне трапіць у Даліну Дзікай Ружы, і ён будзе доўга смяяцца.
А мне было не да смеху, бо я ведаў, як дрэнна ўсё складваецца для мяне. Я павінен знайсці белы дамок з дзядулем, інакш траплю ў пячору Катлы.
- Едзь уперад і паказвай нам дарогу, - загадаў Ведэр. - Мы павінны сур'ёзна пагаварыць з тваім дзядулем.
Белых дамоў было шмат, як і ў Вішнёвай Даліне, але я не бачыў таго, на які мог бы паказаць, таму што не ведаў, хто там жыве. Я не мог адважыцца сказаць: «Дзядуля жыве тут», бо Ведэр і Кадэр могуць увайсці і ўбачыць, што там няма ніякага дзядулі, ва ўсякім разе таго, які хацеў бы стаць мне дзедам.
Я быў у засмучэнні і ад страху ажно ўзмакрэў. Лёгка было выдумаць дзядулю, але я разумеў, што гэта была не самая лепшая выдумка.
Там і сям працавалі людзі каля сваіх двароў, але я не знаходзіў таго, хто паслужыў бы мне за дзядулю, і я адчуваў сябе ўсё больш і больш няшчасным. Было страх бачыць, як ішлі справы ў Даліне Дзікай Ружы, якімі збляднелымі, галоднымі і няшчаснымі выглядалі там людзі, ва ўсякім разе тыя, што трапляліся на вочы - яны былі так непадобны на жыхароў Вішнёвай Даліны. Бо ў нас не было Тэнджыла, які загнаў бы нас у рабства і забіраў у нас усю працу.
Ведэр і Кадэр пачалі ўжо нервавацца, а я ехаў, разумеючы, што гэта мой апошні шлях.
- Ну, ці далёка яшчэ? - бурчаў Ведэр.
- Не, недалёка, - адказваў я машынальна, не ўсведамляючы, што кажу і што раблю. Я ўжо гатоў быў да таго, што мяне кінуць у пячору Катлы.
Але раптам здарыўся цуд. Хочаце - верце, хочаце - не. Каля белага дамка сядзеў дзядуля і карміў галубоў. Магчыма, я ніколі не асмеліўся б спыніцца тут, калі б сярод яго шэрых галубоў не было аднаго беласнежнага.
Я ледзь не заплакаў. Такія галубы былі толькі ў Сафіі, такі галубок прылятаў да мяне на падаконнік - яшчэ ў іншым свеце.
Потым я зрабіў нечуваную рэч: саскочыў з Ф'ялара і, тут жа апынуўшыся каля дзядулі, кінуўся яму на шыю і прашаптаў у адчаі:
- Дапамажыце мне, выратуйце мяне, скажыце, што вы мой дзядуля.
Я быў напалоханы і чакаў, што ён, убачыўшы Ведэра і Кадэра ў чорных шаломах, адштурхне мяне. Чаму ён павінен ілгаць і трапляць з-за мяне ў пячору Катлы?
Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытуліў, і я адчуваў яго добрыя рукі, якія як бы абаранялі мяне ад зла.
- Унучак, - сказаў ён гучна, каб Ведэр і Кадэр пачулі. - Дзе ты быў увесь гэты час? І што ты нарабіў, дзіцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?
Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра і Кадэра! Яны ўсё крычалі і крычалі на яго, маўляў, калі ён не можа сачыць за сваімі ўнукамі і дазваляе ім бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул іх не ўбачыць, і ён павінен помніць пра гэта. На гэты раз яны яму даруюць, - сказалі яны і паехалі. Неўзабаве іх шаломы ператварыліся ўдалечыні ў маленькія кропкі. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулі... Можа, таму, што ноч была такая доўгая і цяжкая ў мяне і нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, паціху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маім сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.
- Можа, я і змагу стаць тваім дзядулем. Мяне завуць Маціяс, а цябе, дзіцятка?
- Карл Льві.. - пачаў я, але спахапіўся: неразумна было б называць гэта імя ў Даліне Дзікай Ружы.
- Дзядуля, дарагі, маё імя... - сакрэт, - сказаў я. - Называй мяне Сухарык.
- А, Сухарык, - засмяяўся дзядуля Маціяс. - Ідзі ў кухню і пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.
Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкі, некалькі крэслаў і пліты, нічога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.
Неўзабаве прыйшоў і Маціяс.
- Такі самы буфет і ў нас дома, у Віш... - пачаў я і замаўчаў.
- Дома ў Вішнёвай Даліне? - здагадаўся Маціяс.
Я з жахам зірнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.
Але Маціяс больш нічога не сказаў, а падышоў да акна і выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нікога няма вакол, потым павярнуўся да мяне і ціха кажа:
- У маім буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвілінку і ты пераканаешся ў гэтым.
Ён адсунуў буфет плячом - за ім былі патаемныя дзверы. Калі ён адчыніў іх, высветлілася, што за імі - пакой. Хтосьці ляжаў на падлозе і спаў.
Гэта быў Джанатан.

9

Я магу прыгадаць усяго некалькі выпадкаў, калі я быў такі шчаслівы, што не ведаў, на якім свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на каляды Джанатан падарыў мне санкі, на якія ён збіраў грошы вельмі доўга. І другі раз, калі я ўпершыню трапіў у Наджыялу і знайшоў Джанатана каля рэчкі. Потым увесь той дзіўны вечар у Сядзібе Рыцараў, калі я быў такі шчаслівы, што ледзьве стрымліваў сябе. Але нішто не ішло ні ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Маціяса! Уявіце, як можа быць шчаслівы чалавек - усё ўва мне спявала!
Я не чапаў Джанатана, не будзіў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасці. Проста лёг побач з ім, зусім ціха, і заснуў.
Колькі я спаў - не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калі я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў і ўсміхаўся, а ніхто не ўсміхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмі ўзрадуецца майму з'яўленню. Магчыма, ён ужо і забыўся, што клікаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як і я. Я таксама заўсміхаўся. Мы так і сядзелі, гледзячы адзін на аднаго, і нічога не гаварылі.
- Ты клікаў на дапамогу, - сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усміхацца. - Чаму ты клікаў? - запытаўся я.
Ясна, штосьці такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмі ціха, як быццам адказаць мне было яму вялікай цяжкасцю.
- Я бачыў Катлу, - сказаў ён. - Я бачыў, што яна робіць.
Я не хацеў мучыць яго пытаннямі пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, і ў першую чаргу - пра Джосі.
Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, і ён ажно заплакаў.
- Не, не, не Джосі, - паўтараў ён, і слёзы цяклі з яго вачэй.
Потым Джанатан спахапіўся.
- Трэба неадкладна расказаць пра ўсё Сафіі, - заклапочана прамовіў ён.
- Але як мы зможам гэта зрабіць? - здзівіўся я.
- Тут знаходзіцца адзін з яе галубоў, - сказаў ён. - Б'янка. Сёння вечарам яна можа вярнуцца назад.
Я так і думаў. Гэта ж галубок Сафіі! І расказаў яму, што дзякуючы гэтаму галубку я апынуўся тут, а не ў пячоры ў Катлы.
- Гэта было проста дзіва, - расказваў я. - Сярод усіх дамкоў Даліны Дзікай Ружы я пад'ехаў менавіта да таго, дзе ты. Але калі б я не ўбачыў Б'янку, то, напэўна, праехаў бы міма.
- Б'янка, Б'янка, дзякуй за тое, што ты сядзела тут, - сказаў Джанатан.
Але ў яго ўжо не было часу далей слухаць мяне: трэба было спяшацца. Ён злёгку пастукаў у патаемныя дзверцы, неўзабаве яны адчыніліся, і ў праёме паявіўся Маціяс.
- А, маленькі Сухарык усё спіць, - пачаў Маціяс, але Джанатан не даў яму дагаварыць.
- Калі ласка, прынясі Б'янку, - папрасіў ён. - Яна павінна ляцець, як толькі сцямнее.
Ён растлумачыў чаму, расказаў Маціясу пра Джосі. Маціяс паківаў галавой так, як гэта робяць старыя людзі, калі яны нечым азмрочаны.
- Джосі! Так, я ведаў, што гэта нехта з Вішнёвай Даліны. Вось чаму Орвар знаходзіцца зараз у пячоры Катлы. Так, розныя людзі бываюць на свеце.
Зачыніўшы за сабой дзверы, ён пайшоў, каб злавіць Б'янку.
Добрае сховішча знайшлі Маціяс і Джанатан: маленькі патаемны пакойчык, у якім не было ні дзвярэй, ні акна, адзіны ўваход у які хаваўся за буфетам. Мэблі таксама ніякай не было, на падлозе ляжаў толькі матрац, маленькая лямпа асвятляла пакой.
Пры святле гэтай лямпы Джанатан напісаў запіску Сафіі: «Імя здрадніка, якое павінна быць праклята навечна - Джосі «Залаты Певень». Тэрмінова злавіце яго. Мой брат - тут, са мной».
- Вось чаму Б'янка прыляцела сюды ўчора вечарам, - паківаў галавой Джанатан. - Каб сказаць мне, што ты знік і паехаў шукаць мяне.
- Ты толькі падумай! Значыць, Сафія зразумела загадку, якую я напісаў у кухні на сцяне, - усклікнуў я. - Відаць, калі яна прынесла мне суп.
- Якую загадку? - здзівіўся Джанатан.
- «Я пайшоў, каб знайсці яго далёка-далёка ў гарах», - напісаў я. - І зрабіў гэта, каб Сафія не непакоілася.
- «Не непакоілася», - Джанатан засмяяўся. - Гэта ты так думаеш, а я? Уяўляеш, якім спакойным быў бы я, калі б даведаўся, што ты недзе высока ў гарах Наджыялы!
Відаць, я выглядаў прысаромленым, таму што ён паспяшаўся супакоіць мяне.
- Адважны маленькі Сухарык, - сказаў ён, - як здорава, што ты ёсць, а яшчэ лепш, што ты тут са мной.
Гэта было ўпершыню, калі мяне назвалі адважным і смелым. І я падумаў, што калі так будзе і далей, то я змагу называць сябе Львіным Сэрцам.
Потым я прыгадаў, што яшчэ нешта пісаў на сцяне. Гэта тычылася кагосьці з рыжай барадой, хто хацеў мець белых коней. Таму я папрасіў Джанатана дадаць яшчэ адзін радок у яго запіску.
- Чуткі пра рыжую бараду - няпраўда.
І я расказаў, як Губерт выратаваў мяне ад ваўкоў. Джанатана гэта вельмі ўсхвалявала, і ён прызнаўся, што будзе ўдзячны яму да канца сваіх дзён.
Паступова на Даліну Дзікай Ружы апускаліся прыцемкі.
І ў дамах на схілах гор то тут, то там пачалі загарацца агеньчыкі. Было ціха і спакойна, і можна было падумаць, што людзі зараз сядзяць за цудоўнай вячэрай, ці, можа, размаўляюць адзін з адным, або гуляюць са сваімі дзецьмі і спяваюць ім калыханку. Але, ведаеце, усё было зусім не так. У іх, відаць, не было чаго есці, і ім зусім не было спакойна.
Людзі Тэнджыла са сваімі мячамі і коп'ямі дапамагалі ім не забывацца, якое яно, жыццё, у сапраўднасці.
У вокнах Маціяса не было святла. Яны былі цёмнымі, усё вакол ціха, быццам у доме не было жывой душы. Але мы былі тут, не ў доме, а на двары; Маціяс стаяў на варце на рагу дома, а мы з Джанатанам паціху прабіраліся скрозь дзікія ружы з Б'янкай.
Паўсюль вакол дома Маціяса былі зараснікі дзікіх руж, яны мне вельмі падабаліся сваім тонкім пахам - не моцным, а пяшчотным-пяшчотным. Але сам сабе я думаў, што ніколі больш не змагу ўдыхаць пах дзікіх руж без таго, каб у мяне не зашчымела сэрца пры ўспамінах пра тое, як я і Джанатан прадзіраліся праз іх, вельмі блізка да той сцяны, дзе людзі Тэнджыла прыслухоўваліся і вышуквалі таго, хто насіў імя Львінае Сэрца.
Джанатан нацягнуў капюшон ажно на вочы. Я павінен сказаць, што ён ужо мала быў падобны на Джанатана. І добра, бо для яго гэта было небяспечна; пакідаючы сховішча, ён рызыкаваў сваім жыццём. Цэлых сто чалавек шукалі яго днём і ноччу, і раз я ведаў, то вырашыў сказаць яму пра гэта. Але ён спакойна так адказвае:
- Так, я думаю, яны яшчэ шукаюць мяне.
Б'янку ён павінен быў выпусціць сам. Як ён растлумачыў, хацеў пераканацца, што яна сапраўды паляцела.
Відаць, у кожнага вартаўніка быў свой участак сцяны, які ён павінен ахоўваць. Адзін з іх, тоўсты такі, расхаджваў туды-сюды па самым версе сцяны, якраз насупраць таго месца, дзе жыў Маціяс, і мы павінны былі ўважліва сачыць за ім.
Але Маціяс стаяў на рагу свайго дома з лямпай, з дапамогай якой, як мы дамовіліся, ён падасць нам сігнал, калі што-небудзь здарыцца.
- Калі я апушчу лямпу вельмі нізка, - папярэдзіў Маціяс, - вы не павінны нават дыхаць, гэта значыць, што таўстун Додзік зусім блізка. Калі ж я падыму лямпу ўгору, значыць, ён знаходзіцца далей, за згібам сцяны, і размаўляе з іншым вартаўніком. Вось тады вам і трэба выпускаць Б'янку.
Так мы і зрабілі.
- Ляці, ляці, - прашаптаў Джанатан. - Ляці, мая Б'янка, над гарамі Наджыялы ў Вішнёвую Даліну і сцеражыся стрэл Джосі.
Я не ўпэўнены, што галубы Сафіі разумелі чалавечую мову, але Б'янка, здаецца, зразумела, бо дакранулася дзюбкай да шчакі Джанатана, нібы хацела супакоіць яго, і паляцела.
Наша беласнежная галубка была такая прыкметная ў прыцемках, што мы проста баяліся за яе лёс. Вартавы Додзік лёгка мог заўважыць яе, калі яна пралятала над сцяной. Але ён не заўважыў, бо стаяў і размаўляў, нічога не бачачы і нічога не чуючы. Маціяс працягваў назіранне, а потым апусціў лямпу.
Мы прасачылі, як Б'янка знікла ўдалечыні, і я пацягнуў Джанатана ў наша сховішча. Але Джанатану не хацелася хавацца. Быў такі добры вечар, паветра такое свежае і прыемнае, што і мне хацелася дыхаць на поўныя грудзі. Я разумеў яго нежаданне вяртацца ў душны, маленькі пакойчык. Ніхто б не мог зразумець гэта лепш за мяне, таму што я сам дома ў горадзе доўгі час праляжаў зачынены ў маленькай кухні.
Джанатан сядзеў на траве, абхапіўшы рукамі калені, глядзеў уніз, у даліну. Можна было падумаць, што ён збіраецца праседзець тут цэлы вечар, хоць шмат вартаўнікоў хадзіла па сцяне ў яго за спінай.
- Ну што ты сядзіш? - запытаў я.
- Таму што мне падабаецца, - усміхнуўся Джанатан. - Мне падабаецца гэта даліна ў прыцемках. І гэта халоднае паветра, яно мне таксама падабаецца, і гэтыя дзікія ружы, якія пахнуць улетку.
- Мне таксама, - прызнаўся я.
- Я люблю кветкі, траву, дрэвы, палі, лясы і ўсе гэтыя маленькія прыгожыя азяркі, - летуценна загаварыў Джанатан. - І калі сонца садзіцца, і калі ўзыходзіць, і калі выглядвае месяц, і калі ззяюць зоркі, і яшчэ шмат іншых рэчаў, якія я не магу прыгадаць адразу.
- Мне таксама падабаецца ўсё гэта.
- Кожны гэта любіць, - сказаў Джанатан. - І калі гэта тое, што людзям патрэбна, то скажы мне, чаму яны не могуць жыць у міры і спакоі без Тэнджыла, які ўсё разбурае?
Я не мог адказаць. Тады Джанатан прапанаваў:
- Падымайся, нам лепш пайсці.
Але мы не маглі проста так устаць і пайсці. Спачатку трэба было даведацца, як справы ў Маціяса і дзе знаходзіцца зараз таўстун Додзік.
Стала зусім цёмна. Самога Маціяса мы ўжо не маглі бачыць, а бачылі толькі святло яго лямпы.
- Лямпу трымае высока, значыць, Додзіка няма, - сказаў Джанатан. - Хадзем.
Але як толькі мы пабеглі, святло лямпы, як маланка, хутка апусцілася ўніз, і мы вымушаны былі адразу спыніцца. Было чутно, як да Маціяса пад'ехалі коннікі і спыніліся.
Джанатан падштурхнуў мяне ў спіну.
- Ідзі, - прашаптаў ён. - Ідзі да Маціяса.
Ён кінуўся ў зараснік дзікіх руж, а я, дрыжучы ад страху, пайшоў на святло лямпы.
- Мне проста хацелася падыхаць, - пачуў я голас Маціяса. - Такі цудоўны вечар.
- Цудоўны вечар, - прабурчаў грубы голас. - Ці ты не ведаеш, што выходзіць пасля захаду сонца нельга, гэта караецца смерцю?
- Непаслухмяны дзед, вось хто ты. А дарэчы, дзе хлопчык?
- Ён зараз прыйдзе, - сказаў Маціяс, калі я ўжо быў побач з ім. І я пазнаў гэтых двух коннікаў: гэта былі яны, Ведэр і Кадэр.
- Ты што, зноў збіраешся ў горы паглядзець на месяц? - строга запытаў Ведэр. - Ага, а як цябе завуць, маленькі нягоднік? Я не запомніў.
- Мяне завуць Сухарык, - адказаў я. Я вырашыў сказаць так, бо ніхто не ведаў гэтага імя - ні Джосі, ні хто іншы, толькі Джанатан, я і Маціяс.
- Так, Сухарык, - буркнуў Кадэр. - Як думаеш, чаго мы прыехалі сюды?
Я адчуў, што ногі ў мяне падкошваюцца. «Кінуць яны мяне ў пячору Катлы, - падумаў я. - Напэўна, пашкадавалі, што адпусцілі, дык цяпер вярнуліся, каб схапіць. А чаго б яшчэ?»
- Ведаеш, - працягваў Кадэр, - вечарамі мы аб'язджаем гэту даліну, каб пераканацца, што народ падпарадкоўваецца загадам Тэнджыла. А твой дзядуля не разумее гэтага, ты б растлумачыў яму, чым для вас гэта можа скончыцца, як не будзеце сядзець дома, калі ўжо цёмна.
- Май на ўвазе, - дадаў Ведэр. - Табе не ўдасца пазбегнуць непрыемнасцей другім разам, калі мы знойдзем цябе там, дзе табе не належыць быць, запомні гэта, Сухарык. Будзе жывы ці мёртвы твой дзядуля, нам усё роўна. А ты, ты яшчэ вельмі малады, ты ж хочаш вырасці і стаць чалавекам Тэнджыла, ці не так?
«Чалавекам Тэнджыла? Не, лепш памерці», - падумаў я, але не сказаў гэтага. Я так хваляваўся за Джанатана, што не асмеліўся іх дражніць, таму прамямліў:
- Так.
- Добра, - сказаў Ведэр. - Заўтра зранку спусціся да вялікай прыстані, там ты зможаш пабачыць Тэнджыла, вызваліцеля Даліны Дзікай Ружы. Заўтра ён перасякае Старажытную Раку на сваім залатым парусніку і збіраецца высадзіцца на вялікай прыстані.
Яны ўжо збіраліся ад'язджаць, як раптам Кадэр у апошні момант прытрымаў свайго каня.
- Паслухай, стары, - крыкнуў ён Маціясу, які ўжо скіраваўся да дамка. - Можа, дзе-небудзь тут ты бачыў прыгожага светлавалосага маладога чалавека па імені Львінае Сэрца?
Я трымаўся за руку Маціяса і адчуў, як ён задрыжаў, але адказаў спакойна:
- Не, не бачыў і не ведаю ніякага Львінага Сэрца.
- А, не ведаеш... Ну, а калі выпадкам сустрэнеш яго, то не забывай, што чакае таго, хто дасць яму прытулак ці схавае яго. Пакаранне смерцю!
Нарэшце Маціяс зачыніў дзверы.
- Пакаранне смерцю тут і пакаранне смерцю там, - прабурчаў ён. - Гэта ўсё, пра што людзі толькі і могуць думаць.
Як толькі цокат капытоў аціх удалечыні, Маціяс выйшаў з лямпай зноў. Джанатан неўзабаве з'явіўся, яго рукі і твар былі падрапаны калючкамі, але ён быў рады, што нічога дрэннага не здарылася і што Б'янка паляцела над гарамі.
Пазней мы вячэралі ў кухні. Дзверы ў патаемны пакойчык былі прачынены, каб Джанатан мог хуценька знікнуць у сваё сховішча.
Але спачатку мы з Джанатанам схадзілі ў стайню і накармілі коней. Як прыемна было бачыць іх зноў побач аднаго з другім. Напэўна, яны расказвалі адзін аднаму пра ўсё перажытае. Я падсыпаў ім крыху аўса. Спачатку Джанатан хацеў спыніць мяне, але потым згадзіўся:
- Добра, няхай паядуць, але тут, у Даліне Дзікай Ружы, лепш не даваць авёс коням.
Калі мы вярнуліся на кухню, Маціяс паставіў на стол вялікую міску супу.
- Нічога ў нас больш няма, і тут, у асноўным, вада, - як апраўдваючыся, сказаў ён, - але хоць цёплага пасёрбаеце.
Я развязаў свой мяшок, і, калі выцягнуў з яго лусты хлеба і вяндліну, у Джанатана і Маціяса перахапіла дух і вочы заблішчалі. Мне было так прыемна наладзіць ім маленькае свята. Я адразаў невялікія кавалкі мяса, і мы елі суп з хлебам і вяндлінай - елі, елі і елі. Доўгі час ніхто нічога не гаварыў, потым Джанатан, нарэшце, сказаў:
- Ну, даволі есці, я ўжо забыўся, што значыць быць сытым.
Я ўсё больш радаваўся таму, што трапіў у Даліну Дзікай Ружы, мне здавалася, што гэта правільна і разумна. Хацелася расказаць Джанатану і Маціясу пра ўсё, што адбылося са мной пасля таго, як я паехаў з дому, як Ведэр і Кадэр дапамаглі мне трапіць у Даліну Дзікай Ружы. Я ўжо расказаў ім збольшага, але Джанатан прасіў расказваць яшчэ і яшчэ, асабліва пра Ведэра і Кадэра. Ён ад душы рагатаў над усім гэтым, як я і чакаў. І Маціяс пасмейваўся таксама.
- Не такія ўжо яны разумныя, гэтыя людзі Тэнджыла, - казаў Маціяс, - хаця думаюць пра сябе, што і вельмі.
- Дзе там, калі нават я абвёў іх вакол пальца, - сказаў я. - Толькі ўявіце, калі б яны ведалі, што маленькі брат, якога яны намерваюцца злавіць, быў у іх руках, што гэта той самы хлопчык, якога яны прывялі ў Даліну Дзікай Ружы, - о, яны не адпусцілі б яго проста так!
Сказаўшы гэта, я задумаўся аб тым, што раней неяк у галаву не прыходзіла, і запытаўся ў Джанатана:
- Слухай, а як ты сам трапіў у Даліну Дзікай Ружы?
Джанатан засмяяўся.
- Я пераскочыў.
- Як гэта пераскочыў?.. На Грыме хіба?
- Так, - адказаў Джанатан, - у мяне няма іншага каня.
Я ведаў, якія скачкі робіць Джанатан на Грыме. Але пераскочыць сцяну, якая акружае Даліну Дзікай Ружы, - ды гэтаму ніхто не дасць веры.
- Разумееш, сцяна яшчэ не была закончана, - растлумачыў Джанатан. - Яна тады была ўзведзена не ўсюды і не на ўсю вышыню, праўда, ужо была даволі высокая.
- Добра, але варта! - усклікнуў я. - Як цябе не заўважылі?
Джанатан укусіў яшчэ хлеба і зноў засмяяўся:
- Так, за мной ляцела цэлая гайня, а Грыма нават паранілі. Але я ўцёк, а добры чалавек схаваў мяне ў свірне, а потым прывёў сюды, да Маціяса. Вось цяпер ты ведаеш усё.
Джанатан памаўчаў.
- Не, яшчэ не ўсё, - загаварыў ён зноў. - Ты не ведаеш, што Маціяс кіруе тайнай барацьбой у Даліне Дзікай Ружы, таму што Орвар зараз у пячоры Катлы. Людзі павінны Маціяса назваць вызваліцелем, а не мяне.
- Не, я стары ўжо, - сказаў Маціяс. - Ён мае рацыю, той Ведэр, жывы я ці мёртвы - усё роўна.
- Ты не павінен так гаварыць, - запярэчыў я, - бо ты мой дзядуля.
- Вось таму я і павінен застацца жывым. Але не мне весці людзей у гэтай барацьбе, тут трэба быць маладым.
Ён уздыхнуў:
- Калі б Орвар быў на волі, але ён у пячоры Катлы, пакуль яго не кінулі ёй.
Я заўважыў, як Джанатан пабялеў.
- Яшчэ пабачым, - прамармытаў ён, - пабачым, хто ў рэшце рэшт ёй трапіць.
Памаўчаўшы, ён дадаў:
- А цяпер мы павінны працаваць. Ты яшчэ не ведаеш, Сухарык, што спім мы ўдзень, а працуем ноччу. Хадзем, я пакажу табе.
Ён першы ўвайшоў у сховішча, адкінуў матрац убок і падняў дзве маснічыны. Пад імі віднелася вялікая чорная дзірка.
- Тут пачатак падземнага хода, - растлумачыўДжанатан.
- А куды ён вядзе? - запытаўся я, хоць здагадваўся - куды.
- Па той бок сцяны, - адказаў ён. - Мяркую, праз дзве-тры ночы ён будзе закончаны.
І ён пачаў апускацца ўніз, папярэдзіўшы:
- Ты пачакай, а я пакапаю далей. Ты ж разумееш, што я не хацеў бы паявіцца пад носам у таўстуна Додзіка.
Потым ён знік, і я доўга сядзеў, чакаючы яго. Нарэшце ён з'явіўся, штурхаючы перад сабой ночвы з зямлёй. Джанатан падаў іх мне, а я, працягнуўшы за дзверы, перадаў Маціясу.
- Вось і яшчэ зямля для майго агарода, - сказаў Маціяс. - Калі б у мяне было крыху гароху і бабоў, дык можна было б пасеяць і вырасціць, і голад у нас кончыўся б.
- Ты сапраўды так думаеш? - спытаў Джанатан. - Тэнджыл забірае дзевяць з дзесяці бабоў, якія вырашчаны на вашых палях. Ці ты забыўся пра гэта?
- Твая праўда, - уздыхнуў Маціяс. - Пакуль Тэнджыл жывы, у даліне будзе голад і галеча.
Маціяс збіраўся выйсці і высыпаць зямлю на поле, а мне было загадана стаяць каля дзвярэй і назіраць. Калі заўважу што-небудзь падазронае, я павінен быў свіснуць. Калісьці, яшчэ на зямлі, Джанатан навучыў мяне насвістваць адну мелодыю. У той час мы часта насвіствалі разам па вечарах, калі клаліся спаць. Таму свістаць я ўмеў. Джанатан залез у сваю нару зноў, каб працягваць работу, а Маціяс зачыніў дзверы, паставіў буфет на месца.
- Запомні, Сухарык, - папярэдзіў ён, - ніколі не пакідай дзверы адчыненымі, а буфет непадсунутым. Запомні, што ты ў краіне, дзе жыве і правіць Тэнджыл.
- Я запомню, - сказаў я.
На кухні было цёмна, адзіная свечка гарэла на стале, але Маціяс патушыў і яе.
- Ноччу ў Даліне Дзікай Ружы павінна быць цёмна, - растлумачыў ён. - Тут так многа вачэй, якія імкнуцца ўбачыць тое, што ім не трэба бачыць.
Потым ён узяў ночвы і знік, а я стаяў ля адчыненых дзвярэй, назіраў. Было цёмна, як і хацеў Маціяс. Было цёмна ў дамах, і неба над Далінай Дзікай Ружы было цёмным: ні зорак, якія б мігцелі, ні месяца, а я наогул нічога не мог бачыць. Але і тыя начныя вочы, пра якія гаварыў Маціяс, яны ж таксама нічога не маглі бачыць, падумалася мне, і гэта супакойвала.
Я зноў адчуваў сябе няшчасным і адзінокім. І мне было зябка, пакуль я чакаў. Маціяса доўга не было. З кожнай хвілінай усё больш і больш мне станавілася не па сабе. Чаму ён не ідзе? Я ўважліва ўглядаўся ў цемру. І раптам пасвятлела, а можа, мае вочы прывыклі да цемры? Потым стала зразумела, у чым справа. З-за хмар выглянуў месяц, а гэта было самае дрэннае, што магло здарыцца. Я пачаў маліцца, каб Маціяс вярнуўся своечасова, пакуль яго хавае цемра. Але месяц ззяў ярка, і мора месячнага святла разлілося над далінай.
У гэтым святле я ўбачыў Маціяса, ён прабіраўся з ночвамі між кустоў руж. Я азірнуўся вакол, каб паглядзець, і раптам заўважыў Додзіка - таўстун Додзік спускаўся са сцяны па вяровачнай лесвіцы спінаю да мяне.
Вельмі цяжка свістаць, калі ты напалоханы, і таму свіст не вельмі добра чутно, але я здолеў выціснуць з сябе некалькі гукаў. І Маціяс, як яшчарка, схаваўся за бліжэйшы куст ружы.
І вось Додзік паявіўся перада мной.
- Чаго ты свішчаш? - закрычаў ён.
- Таму што, таму што... я толькі сёння навучыўся, - замармытаў я. - Я не ўмеў свістаць раней, а сёння атрымалася, хочаце паслухаць?
Я зноў пачаў свістаць, але Додзік спыніў мяне.
- Не, не, заткніся! - крыкнуў ён. - Я не ўпэўнены, што свістаць забаронена, але не трэба. Не думаю, каб Тэнджылу падабалася гэта. І акрамя таго, ты павінен зачыняць дзверы.
- А Тэнджылу не падабаецца, калі і ў цябе дзверы адчынены? - запытаўся я.
- Не твая справа, - буркнуў Додзік. - Рабі тое, што табе сказана. Дай мне папіць. Я паміраю ад смагі на гэтай сцяне.
Я падумаў, што калі ён пойдзе са мной на кухню і высветліць, што там няма Маціяса, бедны Маціяс... яму пагражае пакаранне смерцю за тое, што ўначы выйшаў з дому. Я ўжо дастаткова пра гэта чуў.
- Я прынясу вады, - хутка знайшоўся я. - Пастойце тут, і я прынясу вам.
Я пабег на кухню і ў цемнаце спрабаваў дабрацца да вядра з вадой. Добра, што запомніў, у якім кутку яно стаіць. Знайшоў кварту і зачэрпнуў вады. І раптам адчуў, што хтосьці за мной стаіць. Так, ён стаяў у цемры ў мяне за спінай. Ад гэтага ў мяне зноў забегалі па целе мурашкі.
- Запалі свечку, - загадаў Додзік. - Я хачу паглядзець, як гэта дзірка выглядае.
У мяне затрэсліся рукі. Я ўвесь тросся ад страху, але неяк запаліў свечку.
Додзік узяў кварту, выпіў ваду. Ён піў і піў, як быццам быў бяздоннай бочкай. Нарэшце паставіў кварту і падазрона азірнуўся. Потым спытаў якраз тое, чаго я асабліва баяўся:
- А гэты стары Маціяс, які жыве тут, дзе ён?
Я не адказаў. Я не ведаў, што адказаць.
- Ты не чуў, што я пытаю? - павысіў голас Додзік. - Дзе Маціяс?
- Ён спіць, - адказаў я. Нешта трэба было сказаць.
- Дзе?
За кухняй быў маленькі закутак, дзе стаяў Маціясаў ложак. Я ведаў гэта, але ведаў таксама, што яго там няма цяпер. Я паказаў на дзверы:
- Там.
Я выціснуў з сябе гэта амаль бязгучна. Слова прагучала так слаба, што Додзік пачаў здзекавацца:
- Ты мне вельмі добра лжэш, пачакай жа, пакуль я пагляджу.
Ён быў вельмі задаволены, ведаючы, што я лгу, і мне здавалася, што ён падрыхтаваў ужо для Маціяса смяротны прысуд, каб дагадзіць Тэнджылу.
- Дай мне свечку, - сказаў ён.
Я даў яму свечку. Мне хацелася выбегчы, памчацца да Маціяса і папярэдзіць, каб уцякаў, пакуль не позна, але я не мог скрануцца з месца, я проста стаяў, і мне было моташна ад страху.
Додзік бачыў гэта і цешыўся. Ён не спяшаўся. Не, ён ухмыляўся, нібы гуляў, проста, каб напалохаць мяне яшчэ больш. Потым, відаць, яму надакучыла, і ён сказаў:
- Пайшлі, хлопец, пакажаш мне, дзе стары Маціяс спіць.
Ён расчыніў дзверы закутка і так штурхнуў мяне, што я паляцеў з высокай прыступкі. Потым ён схапіў мяне і крыкнуў:
- Ты, хлус, паказвай - дзе? - Ён асвятліў закутак.
У мяне не было сілы ні рухацца, ні глядзець. Я быў у такім адчаі, што гатовы быў растварыцца.
Але потым, сярод усяго гэтага жаху, я пачуў сярдзіты голас Маціяса:
- Што гэта робіцца? Чалавеку нават ноччу спакойна паспаць не даюць!
Я зірнуў і ўбачыў Маціяса, так, ён быў тут, ён сядзеў у самым цёмным кутку пакойчыка на сваім ложку, утаропіўшыся на свечку. На ім была толькі кашуля, валасы ўскалмачаныя, як быццам ён даўно спаў. Пад акном стаялі ночвы, якія ён прысланіў да сцяны. Мой дзядуля, выходзіць, быў хуткі, як яшчарка.
Мне проста было шкада Додзіка. Я ніколі не бачыў яго такім разгубленым, як тады, калі ён углядаўся на Маціяса.
- Я... проста зайшоў выпіць вады, - выціснуў ён з сябе пахмурна.
- Вады? Гэта добра, - сказаў Маціяс. - А ці ж ты не ведаеш, што Тэнджыл забараніў вам браць у нас ваду? Ён баіцца, што мы вас атруцім. І калі прыйдзеш і разбудзіш мяне яшчэ раз, дык і сапраўды атручу.
Я не ведаю, як асмеліўся ён так размаўляць з Додзікам, але, магчыма, з людзьмі Тэнджыла і трэба было размаўляць менавіта так, бо Додзік, штосьці прабурчаўшы ў адказ, адразу знік.

10

Ніколі раней я не сустракаў у поўным сэнсе жорсткага чалавека, пакуль не ўбачыў Тэнджыла з Карманьякі.
Ён перасек на сваім залатым парусніку Старажытную Раку, а я ў гэты час з Маціясам стаяў на беразе.
Сам Джанатан прыслаў мяне сюды. Ён хацеў, каб я ўбачыў Тэнджыла.
- Тады ты лепш зразумееш, чаму тутэйшыя жыхары пакутуюць, галадаюць і паміраюць з адной-адзінай думкай і адной-адзінай марай - убачыць сваю зямлю зноў свободнай.
Замак Тэнджыла знаходзіўся высока ў Старажытных Гарах. Ён жыў там пастаянна, толькі зрэдку перапраўляўся цераз раку, каб з'явіцца ў Даліне Ружы і нагнаць жаху на людзей, каб ніхто ніколі не забываўся, хто ён, або каб хто-небудзь не пачаў марыць пра свабоду.
Спачатку я ледзьве мог што-небудзь разгледзець, бо перада мной стаялі доўгія шэрагі салдат Тэнджыла. Яны, відаць, павінны былі ахоўваць яго, пакуль ён знаходзіўся ў Даліне Дзікай Ружы. Яму, напэўна, было страшна доўга заставацца ў Даліне, бо нечакана з-за любога вугла магла прасвістаць страла. Тыраны заўсёды баяцца, казаў Джанатан, а Тэнджыл быў самым горшым з усіх тыранаў.
Калі спачатку мы нічога не бачылі, ні я, ні Маціяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялі, як каменныя, шырока расставіўшы ногі. І мне прыйшла думка, што калі легчы на жывот і прапаўзці паміж іх нагамі, дык можна будзе ўсё ўбачыць.
Але я не мог прымусіць Маціяса зрабіць тое самае.
- Галоўнае, каб ты што ўбачыў, - сказаў ён. - І тое, што ўбачыш, ты ўжо ніколі не забудзеш.
І вось бачу: вялізны, прыгожы, зіхатлівы паруснік насоўваецца на нас з вады, а ў ім - весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлічыць, яны паблісквалі кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзілася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, які абрынваўся ніжэй па рацэ, - можна было чуць яго грозны грукат.
- Тое, што ты чуеш, - сказаў Маціяс, - гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Даліне Дзікай Ружы, пад якую дзеці кладуцца спаць.
Я падумаў пра дзяцей Даліны.
Напэўна, яны калісьці бегалі і гулялі на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, ім перашкаджае гэта вялізная праклятая сцяна, зусім глухая. Па ўсёй даўжыні было толькі двое варот, першыя з іх - гэта тыя, праз якія я прайшоў, яны называліся галоўнымі, а другія - гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваімі салдатамі. Вароты былі адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азіраў прыстань і чорнага скакуна Тэнджыла, які ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом і залатой збруяй, якія блішчалі на сонцы. Тэнджыл ступіў на зямлю, сеў на каня і паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусім побач са мною, і я ўбачыў яго жорсткі твар і жорсткія вочы. Жорсткі, як змей, - праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такі: жорсткі і прагны да крыві. Гарнітур на ім быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлёме былі чырвоныя, нібы ён акунуў іх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелі ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нікога, акрамя Тэнджыла з Карманьякі. Так, ён быў страшны ўжо сваім выглядам.
Усім у Даліне Дзікай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збіраўся сказаць прамову. Мы пайшлі з Маціясам таксама.
Гэта была невялікая ўтульная плошча з прыгожымі старымі будынкамі вакол. Тэнджыл сабраў тут усіх жыхароў Даліны Дзікай Ружы. Людзі стаялі моўчкі, з невясёлымі думкамі. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калісьці радаваліся жыццю, гулялі, танцавалі і спявалі па вечарах, сядзелі на лаўках пад ліпамі і размаўлялі.
На плошчы раслі дзве старыя ліпы. Тэнджыл пад'ехаў да іх і спыніўся. Не злазячы з каня, ён уталопіўся на плошчу і на людзей, але я ўпэўнены, што ніводнага чалавека ён не бачыў. Побач з ім быў яго саветнік, вядомы ўсім па імені П'юк. Пра яго мне расказаў Маціяс. У П'юка быў такі ж цудоўны конь, як і ў Тэнджыла, адно што белы. І вось яны сядзелі, як два ўладары, на сваіх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелі так доўга, што салдаты, якія акружалі іх шчыльным кальцом, з выцягнутымі з ножнаў мячамі, абліваліся потам пад яркімі праменнямі сонца.
- Як думаеш - што скажа Тэнджыл? - запытаўся я ў Маціяса.
- Што ён намі не задаволены. Ён ніколі добрага слова не скажа.
Але на гэты раз Тэнджыл наогул нічога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамі. Ён толькі гаварыў штосьці П'юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Даліны. Маўляў, людзі дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.
- Браты Львінае Сэрца яшчэ не знойдзены, - працягваў П'юк. - Наш міласэрны ўладар не задаволены гэтым.
- Ну, вядома, вядома, - хтосьці прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькі дзядок са зблытанымі валасамі і барадой.
- Цярпенне нашага ўсеміласцівага гаспадара падыходзіць да канца, - вяшчаў П'юк. - Папярэджваю: ён жорстка пакарае Даліну.
- І правільна, і правільна, - шаптаў стары побач са мной, і я падумаў, што ён, пэўна, з'ехаў з глузду.
- Але, - працягваў П'юк, - наш міласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловіць Львінае Сэрца.
- Значыць, я злаўлю гэту маленькую лісу, - прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. - Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсеміласцівага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хітрую лісу!
Я так узлаваўся на яго за такія словы, што, здаецца, гатоў быў забіць. Хіба ён ненармальны, што гародзіць такую лухту?
- Ці пры сваім ты розуме? - абурыўся я.
- Не, не зусім, - стары засмяяўся і пільна паглядзеў мне ў вочы.
Яго вочы здаліся мне знаёмымі. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькі ў Джанатана маглі быць такія цудоўныя ззяючыя вочы, такі добры і чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапіла смеласці з'явіцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, ніхто яго пазнаць не мог. Нават Маціяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў і не паляпаў яго па спіне:
- А што, стары, ці мы раней з табой не сустракаліся?
Джанатан заўсёды любіў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамі разыгрываў сцэнкі на кухні, калі мы жылі на зямлі. Ён мог зрабіць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзіўся ад смеху.
Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.
- Я ж таксама павінен бачыць, што адбываецца, - прашаптаў ён мне.
Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулі, было зусім не смешнае.
Тэнджыл загадаў