Астрыд ЛіндгрэнЛота
ЛОТА ХОЧА ВЫРАСЦІ
Тата гаворыць, што калі не было ў хаце дзяцей, дык усюды быў мір і спакой.
Шум пачаўся з той самай хвіліны, калі троху падрос Джонас і пачаў калаціць сваёй бразготкай аб калыску.
Джонас - мой старэйшы брат. Мяне завуць Марыя, а маю маленькую сястру - Лота. Звычайна Джонас быў асабліва шумны ў нядзелю раніцай, калі тата вельмі хацеў спаць. З часам Джонас рабіў усё больш шуму, і тата празваў яго Вялікім Шумам. Мяне ён назваў Маленькім Шумам, бо я не такая шумлівая, як Джонас. Я магу быць зусім ціхай і сядзець моўчкі.
Калі ў нашай сям'і з'явілася Лота, тата даў ёй мянушку Маленькі Арэшак, я і сама не ведаю чаму.
Мама называе нас сапраўднымі імёнамі: Джонас, Марыя і Лота. Іншы раз яна, а таксама Джонас і Лота завуць мяне Міа-Марыя.
Мартэнсаны - наша прозвішча, і мы ўсе жывём у доме, пафарбаваным у жоўты колер.
Часам Лота злуецца, што яна не такая вялікая, як мы. Нам дазваляюць хадзіць на плошчу самім, а Лоце не.
Джонас і я ходзім туды кожную суботу, каб купіць у краме цукеркі. Але мы заўсёды прыносім цукеркі і Лоце, таму што так трэба рабіць.
Мінулай вясной, у адну з субот, ішоў такі густы дождж, што нам трэба было б застацца дома. Але мы, узяўшы вялікі парасон нашага таты, усё роўна адправіліся за цукеркамі. Мы купілі мятныя цукеркі і жвачкі, з якіх выдзімалі маленькія шарыкі. Калі мы вярталіся дамоў пад парасонамі і смакталі цукеркі, Лота назірала за намі праз акно.
Няшчасная Лота! Ішоў дождж, і ёй не дазвалялі нават гуляць на вуліцы.
- І чаму гэтаму дажджу трэба ісці? - спытала Лота.
- Каб гародніна расла, і нам было б што есці, - адказала мама.
- Але ж чаму трэба ісці дажджу на плошчы? - спытаў Джонас. - Мо каб раслі цукеркі?
Гэта рассмяшыла маму.
Увечары, калі мы ўжо леглі спаць, Джонас сказаў мне:
- Даражэнькая Марыя, калі мы паедзем да бабулі з дзядулем, мы больш не будзем саджаць моркву на агародзе, мы лепш пасадзім цукеркі.
- Але ж морква больш карысная для зубоў, - адказала я. - Мы маглі б паліваць іх, - я мела на ўвазе цукеркі, - маёй палівачкай.
Мне было вельмі прыемна нават успамінаць аб маёй маленькай, зялёненькай палівачцы. Яна стаяла на паліцы ў падвале дома маіх бабулі і дзядулі ў вёсцы. Мы заўсёды жылі там летам.
Вы ніколі не здагадаецеся, што зрабіла Лота, калі мы былі там мінулым летам. За клуняй знаходзілася вялікая куча гною. Містэр Джонас, дзядулеў памочнік, раскідваў гэты гной па зямлі, каб расла лепш гародніна.
- Чаму патрэбна ўгнаенне? - спытала Лота.
- Усё расце лепш, калі яго раскідаць па зямлі, - адказаў ёй тата.
- І трэба яшчэ, каб дождж пайшоў, - дадала Лота. Яна памятала, што гаварыла мама Джонасу, калі ішоў дождж у тую суботу.
- Правільна, Лота. - Тата быў вельмі задаволены.
Апоўдні пачаўся моцны дождж.
- Ці бачыў хто-небудзь Лоту? - спытаўся тата.
Мы ўсе паціскалі плячыма. Ніхто не бачыў яе ўжо даўно, і мы пачалі яе шукаць.
Спачатку мы шукалі яе ў хаце - у шафе, у паддашку, у падвале. Але Лоты не было нідзе.
Тата расхваляваўся. Ён абяцаў маме глядзець за намі. «Можа, яна на вуліцы?» - падумаў ён.
Мы пайшлі да клуні. Мы абшукалі ўсе куточкі, злазілі на вышкі, але Лоты не было нідзе.
Потым мы паглядзелі за клуню. Вось яна дзе была. Пад дажджом, прамоклая наскрозь, яна стаяла ў сярэдзіне гнаявой кучы.
- Што ты тут робіш, Маленькі Арэшак? - усклікнуў тата.
- Я хачу вырасці і быць такой жа вялікай, як Джонас і Марыя, - адказала Лота.
Часам Лота можа так дзяцініцца!
НАШЫ ГУЛЬНІ
Кожны дзень Джонас і я распачынаем гульні. Мы дазваляем Лоце гуляць з намі, калі яна ўжо ведае правілы гульні.
Але часам, калі мы гуляем у піратаў, мы не хочам, каб Лота была з намі. Яна ўвесь час блытаецца пад нагамі і падае са стала, які як быццам з'яўляецца нашым караблём. Потым яна плача, скардзіцца, але зноў і зноў хоча гуляць з намі.
Гэтымі днямі Джонас і я гулялі ў піратаў, і мы ніяк не маглі адчапіцца ад Лоты. Тады Джонас спытаў яе:
- Ці ведаеш ты, што трэба рабіць, калі гуляеш у піратаў?
- Калі ты пірат, ты ўзлазіш на стол, а потым саскокваеш з яго, - адказала Лота.
- Але ж можна зрабіць і лепш, - сказаў Джонас. - Запаўзці пад ложак і ціха-ціха ляжаць там.
- Чаму? - спытала Лота.
- Ты толькі ляжыш там, прытвараючыся піратам, і гаворыш увесь час: «Хачу есці, хачу есці, хачу есці». Гэта якраз тое, што піраты і робяць, - сказаў Джонас.
І Лота паверыла, што гэта сапраўды так. Яна забралася пад ложак і паўтарала: «Хачу есці, хачу есці».
Мы з Джонасам уладкаваліся на стале, які быў нашым караблём, і паплылі, а Лота тым часам сядзела пад ложкам і бубніла: «Хачу есці, хачу есці». Было нават больш цікава сачыць за Лотай, чым гуляць у піратаў.
У рэшце рэшт Лота спытала:
- Як доўга піратам трэба сядзець пад ложкам, гаворачы гэтыя словы?
- Да калядаў, - адказаў Джонас.
Лота выпаўзла з-пад ложка:
- Я не хачу больш быць піратам, таму што яны мне не падабаюцца.
Іншы раз Лота - добры памочнік у нашых гульнях. Напрыклад, калі мы гуляем у анёлаў - у анёлаў-захавальнікаў. Тады нам патрэбен хтосьці, каго трэба абараніць; мы абараняем Лоту. Яна ляжыць у сваім ложку, а мы стаім побач і размахваем рукамі, нібы анёлы, якія лятаюць і махаюць крыламі. Але Лоце гэтая гульня не падабаецца таксама, таму што яна зноў павінна ляжаць ціхенька. Гэта тое ж самае, што яна робіць, калі мы гуляем у піратаў, толькі на гэты раз ёй трэба ляжаць на ложку, а не пад ім.
Часам мы гуляем у бальніцу. Джонас - урач, я - сядзелка, а Лота - хворае дзіця, якое зноў ляжыць у ложку.
- Зноў мне ляжаць у ложку, - сказала Лота, калі мы неяк папрасілі яе пабыць хворай. - Я хачу быць доктарам і ўсунуць лыжку ў рот Марыі.
- Ты не зможаш быць доктарам, - сказаў Джонас, - таму што ты не ўмееш напісаць рэцэпт.
- Што я не ўмею напісаць? - спытала Лота.
- Рэцэпт - гэта тое, што піша доктар. Ён гаворыць табе аб тым, як ты павінна даглядаць за хворымі дзецьмі, - адказаў Джонас.
Джонас ужо навучыўся пісаць друкаванымі літарамі, хаця ён яшчэ не ходзіць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўніцца сем гадоў.
Аднак мы прымусілі Лоту легчы ў ложак і прыкінуцца хворай.
- Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка? - спытаў Джонас. Ён гаварыў, нібы доктар, які прыходзіць да нас, калі ў нас адзёр.
- Хачу есці, хачу есці, хачу есці, - паўтарала Лота. - Я раблю выгляд, што я пірат.
- Не дуры! - крыкнуў Джонас. - Спыніся! Мы не дазволім табе гуляць з намі, калі ты будзеш рабіць такое глупства.
Лота супакоілася і зноў стала «хворай». Яна нават дазволіла нам налажыць павязку на руку, а таксама і на грудзі. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмі хворае. А калі ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што і горла было вельмі і вельмі хворае.
- Прыйдзецца зрабіць ёй укол, - сказаў ён.
Аднойчы, калі Джонас быў хворы, доктар рабіў яму ўколы, і ён хутка ачуняў, і вось таму ён хацеў зрабіць укол Лоце. Ён узяў цыравальную іголку, якая была вельмі падобна на іголку доктара.
Але Лота не хацела ніякіх уколаў, - яна брыкалася, пішчала:
- Не хачу я гэтых уколаў!
- Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, - адказаў Джонас. - Я ж не збіраюся ўтыкаць у цябе гэтую іглу, ці ж ты не разумееш?!
- Усё роўна не хачу ўколаў, - енчыла Лота.
І мы амаль што спынілі гэтую гульню.
- Але ж я ўсё-такі выпішу рэцэпт, - сказаў Джонас. Ён сеў за стол і алоўкам напісаў друкаванымі літарамі на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: «За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павінен зрабіць укол доктар Джонас Мартэнсан».
Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальніцу. А Лоце - не.
УПАРТАЯ ЛОТА
Наш тата вельмі смешны. Калі ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я і Лота сустракаем яго, і тата звычайна гаворыць: «О, божа літасцівы! Колькі ж гэта ў мяне дзяцей!»
Аднойчы мы схаваліся за вешалкай і сядзелі там ціхенька, дык тата сказаў маме:
- Што гэта здарылася, чаму так ціха? Ці мае дзеці захварэлі?
Тут мы і выскачылі з рогатам.
- Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата. - Калі я вяртаюся дадому, дык павінен стаяць лямант і гоман, інакш я буду непакоіцца.
Аднойчы два грузавікі сутыкнуліся на вуліцы якраз насупраць нашага дома, і лязгат быў такі, што Лота прачнулася.
- Што зрабіў Джонас на гэты раз? - запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум і лязгат ідзе ад Джонаса.
Лота - такая маленькая, і ў яе такія тоўсценькія ножкі, што нам з Джонасам вельмі падабаецца ціскаць яе. Але ёй гэта зусім не падабаецца.
Лоце не падабаецца шмат чаго. На мінулым тыдні яна кашляла, і мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сціснула рот і затрэсла галавой.
- Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.
- Я не дурненькая, - адказала Лота.
- Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. - Калі мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпіць яго, і ўсё тут.
- А калі мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не піць яго, і ўсё тут, - адказала Лота.
Яна моцна-моцна сціснула рот і пакруціла галавой. Мама пагладзіла яе па галоўцы.
- Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут і кашляць.
- І добра, бо я зусім не хачу спаць, - радасна адказала Лота.
Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класціся спаць. Я таксама не вельмі ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзіўныя звычкі! Увечары, калі мы не хочам спаць, яна прымушае нас класціся, а раніцай, калі мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.
Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа і яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволіла ёй выходзіць з дому. Яна папрасіла мяне схадзіць да Вулвэрса і купіць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калі ўжо была ля прылаўка і чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.
- Ідзі дадому, - сказала я.
- Не пайду, - адказала Лота. - Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.
Яна чхала і чхала, і нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намі, спытала ў яе:
- У цябе ёсць насоўка?
- Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, - адказала Лота.
Аднойчы мама павяла нас да дантыста - Джонаса, мяне і Лоту. Мама заўважыла маленькую дзірачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збіраўся запламбаваць яе.
- Калі ты добра сябе будзеш паводзіць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, - паабяцала мама Лоце.
Мама чакала нас у прыёмным пакоі, пакуль мы былі ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было ніякіх дзірак, і я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалі Джонаса і Лоту.
Нарэшце мама сказала:
- Дзіўна, што Лота не крычыць!
Праз хвіліну адчыніліся дзверы і выйшла Лота.
- Ты добра сябе паводзіла? - спытала мама.
- Ён вырваў зуб, - адказала Лота.
- І ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!
- Не, я не плакала, - адказала Лота.
- Ты сапраўды вельмі паслухмяная дзяўчынка, - сказала мама. - Вось твае дзесяць пенсаў.
Лота ўзяла дзесяць пенсаў і паклала іх у кішэню. Яна была вельмі задаволена.
- Дай я зірну, можа, кроў цячэ? - запыталася я.
Лота разявіла рот, і я вельмі здзівілася:
- Ён жа не вырваў ніводнага зуба!
- Не, вырваў... у Джонаса, - адказала Лота.
Потым выйшаў Джонас з дантыстам.
- Я нічога не мог зрабіць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так і не адкрыла рот, - сказаў дантыст.
- Нам усюды і заўжды сорамна за гэтае дзіця, - сказаў Джонас, калі мы ішлі дадому.
- Але ж я яго зусім не ведаю, - сказала Лота. - Чаму я павінна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!
Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.
МІСІС БЕРГ
Місіс Берг - наша суседка. Нам вельмі падабаецца гасцяваць у яе. Паміж яе садам і нашым - плот, які мы з Джонасам пералезці можам, а Лота не. Але сабака місіс Берг вырыў яму пад плотам, і Лота магла прапаўзці там.
Гэтымі днямі мы былі ў місіс Берг. У яе ёсць камода з маленькімі шуфлядкамі, якія напоўнены цікавымі рэчамі.
- Місіс Берг, дазвольце, калі ласка, паглядзець на гэтыя цікавыя рэчы, - папрасіў Джонас.
- Добра, - адказала яна і паказала ляльку, з якой яна гуляла, калі была яшчэ маленькай. Ляльку звалі Роза.
Місіс Берг - вельмі старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.
- Ці бралі вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг? - спыталася Лота.
Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг і пра тое, як стары Ной пабудаваў вялізную лодку, якая і звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькіх тыдняў, ішоў моцны дождж, і ўсе людзі, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулі. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.
Місіс Берг засмяялася і адказала:
- Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!
- Як жа тады здарылася, што вы не патанулі? - спыталася Лота.
Потым місіс Берг паказала нам, як яна зрабіла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканіны, а коўдра - з зялёнага саціну. На Розе была блакітная вопратка.
У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькі шкляны кошык з ружовымі кветачкамі ў ім.
- Можна, мы пагуляем з Розай і з гэтым кошыкам? - спыталася Лота.
Місіс Берг дазволіла, і мы павесілі гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна - Чырвоная Шапачка, якая ідзе да сваёй бабулі і нясе ёй ежу і бутэльку з сокам. На піяніна стаяла ваза з цукеркамі. Цукеркі былі падобны на бутэлечкі і закручаны ў бліскучыя паперкі.
Мы паклалі ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкі і міндаль, якія нам дала місіс Берг. Сабака місіс Берг, Скоці, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнічым, які прыйдзе і заб'е ваўка.
- А што мне рабіць? - закрычала Лота. - Ці ж вы не хочаце, каб я была кімсьці?
Мы далі Лоце Розу і шкляны кошык і сказалі, што трэба рабіць Чырвонай Шапачцы. Але калі Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулі - а гэта была гасціная місіс Берг, - у кошыку не было ўжо ні разынак, ні міндаля.
- А дзе ежа для бабулі? - спытаў Джонас.
- Роза з'ела, - адказала Лота.
Пасля гэтага Джонас не хацеў больш гуляць з Лотай у Чырвоную Шапачку. А Скоці стаміўся прыкідвацца, што ён збіраецца з'есці бабулю. Джонас вісеў на ім увесь час, а Скоці віляў хвастом і нарэшце збег. Ён запоўз пад канапу і час ад часу выглядваў адтуль і гаўкаў. Скоці заўсёды падабаецца, калі мы прыходзім да місіс Берг.
Потым мы перагледзелі ўсе астатнія рэчы ў шуфлядках місіс Берг. Там быў ігольнік з чырвонага саціну, як сэрца, і маленькая карціна ў залатой раме, дзе быў намаляваны прыгожанькі анёл з доўгімі валасамі. У яго былі вялікія крылы, а апрануты ён быў у белую кашулю. Лоце падабаюцца малюнкі, мне таксама.
- Як жа гэта анёл змог апрануцца ў кашулю? У яго ж крылы. - Хацела ведаць Лота.
- Можа, ззаду ў кашулі ёсць маланка? - спытаў Джонас.
Місіс Берг зрабіла для нас вафлі. Калі мы прыходзім да яе, яна заўсёды частуе нас вафлямі.
- Сёння цёплы веснавы дзень, і вы можаце есці вафлі з гарачым шакаладам у садзе, - сказала яна.
Місіс Берг пайшла ў кухню, а мы засталіся ў гасцінай. Было горача, і вокны былі адчынены. Джонас і я высунуліся з акна, і Джонас кінуў мне шарык, што быў у яго кішэні. Я кінула гэты шарык Джонасу. Так мы і кідалі яго адзін аднаму, пакуль я не ўпусціла яго і ён не пакаціўся па лужку. Потым Джонас сказаў, што нам трэба паглядзець, хто з нас можа далей высунуцца з акна. Мы высунуліся так далёка, як маглі, і раптам Джонас вываліўся. Я вельмі спалохалася. Місіс Берг спалохалася таксама. Яна прыбегла, калі Джонас перакуліўся.
- Джонас! - закрычала яна.
Джонас сядзеў з вялізным гузам на лбе.
- Як гэта здарылася? - спытала місіс Берг.
- Міа-Марыя і я спрачаліся, хто можа далей высунуцца з акна, і я перамог, - адказаў ён.
У той час, калі мы з Джонасам высоўваліся з акна, Лота знайшла вязанне місіс Берг, якое ляжала на канапе. Місіс Берг вяжа світэры і прадае іх. Дык гэта Лота выцягнула пруткі і распусціла ўсё вязанне місіс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная ніткамі.
- Лота, што ты нарабіла? - закрычала місіс Берг.
- Я вяжу сабе світэр, - адказала Лота. - І паглядзіце, якая хвалістая шэрсць.
Місіс Берг сказала, што было б лепей, калі б мы пайшлі ў сад і з'елі нашыя вафлі, а потым пайшлі дадому.
Мы сядзелі ў садзе місіс Берг, пілі шакалад і елі вафлі з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есці вафлі і карміць вераб'ёў крошкамі!
Вельмі хутка місіс Берг зноў сказала, что нам пара ісці дадому. Джонас і я пералезлі цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзірку. Мы пайшлі ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.
- Рыба, - адказала мама.
- А здорава, што мы з'елі так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.
- Дык вы былі ў місіс Берг? - спытала мама. - Ці рада яна была бачыць вас?
- Вядома, - адказаў Джонас. - Яна была рада два разы: першы раз, калі мы прыйшлі, а другі - калі развіталіся.
Сапраўды, місіс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалі.
МЫ ЕДЗЕМ НА ПІКНІК
Аднойчы тата сказаў:
- У нядзелю мы едзем на пікнік!
- Ур-а-а! - закрычалі Джонас і я.
- Ура пікніку! - крыкнула Лота.
У нядзелю мама ўстала вельмі рана і зрабіла бутэрброды і аладкі. Яна таксама наліла гарачы шакалад у адзін з тэрмасаў для нас, каву - у другі для сябе і таты. Ліманад мы таксама збіраліся ўзяць з сабой.
Тата падагнаў машыну да дзвярэй.
- А зараз давайце паглядзім, як мы зможам уціснуцца ў гэтую лялечную машыну, - сказаў ён. - Як жа мы зможам знайсці месца для мамы, Вялікага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццаці шасці аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькі бутэрбродаў?
- І Бэмсі, - сказала Лота.
Бэмсі - гэта вялікае, ружовае, зробленае з матэрыі парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. І думае, што гэта мядзведзь, і таму кліча яго Бэмсі-медзведзяня.
«Гэтае парасё заўсёды было парасём!» - настойліва гаварыў ёй Джонас.
Вось і зараз Лота плача і гаворыць, што гэта медзведзяня.
- Мядзведзі не бываюць ружовыя, - спрачаецца Джонас. - Дарэчы, Лота, ён палярны ці звычайны мядзведзь?
- Гэта мядзведзь, у якога колер такі ж самы, як у парасяці, - адказвае Лота.
Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намі на пікнік. Таму калі мы ўсе ўладкаваліся ў машыне, яна раптам спытала:
- Мама, а ці могуць свінні мець дзяцей?
- Ты маеш на ўвазе Бэмсі ці сапраўдных свіней? - спытала мама.
Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свіней, а не пра Бэмсі. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свінні могуць мець дзяцей.
- Зразумела, не могуць, - сказаў Джонас.
- Але ж ты добра ведаеш, што могуць, - адказала мама.
- Немагчыма, каб яны мелі дзяцей, - зноў заспрачаўся Джонас. - У іх могуць быць толькі маленькія парасяты.
Мы ўсе засмяяліся, і тата заўважыў, што Вялікі Шум, Маленькі Шум і Маленькі Арэшак - самыя разумныя дзеці, якіх яму даводзілася сустракаць.
Мы ўсё ехалі і ехалі, пакуль не дабраліся да невялічкага возера. Тата пакінуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглі несці рэчы для пікніка да возера.
Доўгі мол спускаўся ў ваду, і Джонас з Лотай хацелі дайсці да канца гэтага мола, каб паглядзець, ці ёсць у возеры рыба. Мама села на траву і сказала тату:
- Я збіраюся ляжаць увесь дзень і не варушыцца. Ты сам паклапаціся аб дзецях.
Тата пайшоў з намі да канца мола. Мы леглі на жываты і сталі сачыць за тым, як у вадзе мітусіліся маленькія рыбкі. Тата зрабіў нам вуды з доўгіх галінак і прыладзіў да іх кручкі. Мы сталі вудзіць рыбу. Але ж, на жаль, мы нічога не злавілі.
Потым мы пайшлі ў лес. Маці папярэдзіла нас, каб мы не хадзілі вельмі далёка.
Мы ўбачылі, як птушка лётае каля куста. Калі мы падышлі бліжэй, мы разгледзелі птушынае гняздо з чатырма блакітнымі яйкамі. Гэта былі найпрыгажэйшыя яйкі, якія я калі-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут і яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсі так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас і я знайшлі вельмі цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезці, і прымусілі Лоту пайсці з намі.
Ні я, ні Джонас не баімся лазіць па дрэвах, а Лота баіцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбірацца наверх.
Потым яна пачала хныкаць:
- Зніміце мяне, зніміце мяне!
Калі яна была ўжо ўнізе, дык сярдзіта паглядзела ўверх на дрэва і сказала:
- Толькі звар'яцелыя людзі залазяць на такое дрэва!
Мы не дабраліся да самага верху, калі мама пазвала нас есці, і мы паляцелі да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкі і ўсё астатняе. Яна нават паставіла ў сярэдзіне вазачку з люцікамі.
Мы ўсе селі на траву і пачалі гаварыць, што лепей есці тут, а не ў сталовай дома. Аладкі былі вельмі смачныя, таму што мы клалі на іх джэм. Бутэрброды былі цудоўнымі таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу - яйкі і камса, і мы імі абменьваліся. А Лоце спадабалася ўсё, і яна ні з кім не дзялілася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовілася есці толькі аднойчы, і гэта здарылася, калі Лота захварэла. Тады мама была вельмі занепакоена тым, што Лота нічога не ела. Аднойчы вечарам, у час малітвы, яна сказала: «І дарагі Божа, зрабі так, каб я захацела есці зноў, але толькі не піражкі з сёмгай!»
У нас у кожнага была бутэлька ліманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласці пяску ў ліманад, і калі мы спыталі яе, чаму яна так зрабіла, яна адказала:
- Я хачу толькі паспытаць яго на смак.
Пасля абеду тата распластаўся на траве.
- На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, - сказаў ён. - А вы, дзеці, пакуль што паклапаціцеся аб сабе самі. Але памятайце, што вам забаронена хадзіць на мол!
Мы не пайшлі на мол. Трошкі далей, бліжэй да возера, быў вялікі абрыў. Мы забраліся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.
- Ён гэта робіць вось так, - сказаў Джонас, выцягваючы рукі ўперад і падскокваючы.
Калі мы пачалі нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, відаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволіла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота і я ўскрыкнулі. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, і калі Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапіўся за яе. А Лота толькі смяялася. Адразу ж прыбеглі мама і тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.
- Божа мой, Джонас, што ж ты робіш? - спытала мама.
- Ён толькі хацеў паказаць нам, як нырае тата, - сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здаліся ёй вельмі смешнымі.
Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесіла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калі нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захінутым у коўдру.
Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсці Бэмсі. Мы шукалі яго ўсюды. Але ён знік. Мама сказала, што нам, відаць, прыйдзецца паехаць без яго, і ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калі Джонас упаў у возера.
- Бэмсі, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзін, - сказаў тата. - Заўтра я вярнуся сюды і пастараюся знайсці яго.
Аднак Лота ўсё плакала і плакала:
- А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе і напалохае яго?!
- Калі Бэмсі сустрэне ведзьму, то, можа, менавіта яна, а не ён спалохаецца, - супакойваў тата.
- Ці можаш ты ўспомніць, калі ты апошні раз трымала ў руках Бэмсі? - спытала мама.
Лота паспрабавала ўспомніць.
- У дванаццаць гадзін, - сказала яна.
Але паколькі Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялікая хлусня.
Тата гаворыць, што наша Лота - гэта такі Маленькі Арэшак, які гаворыць усё, што прыходзіць яму ў галаву.
Раптам я ўспомніла, што Лота трымала Бэмсі, калі мы назіралі за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлі да дрэва, і там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсі.
Лота падхапіла яго, пацалавала ў нос і сказала:
- Дарагі Бэмсі, ты ўвесь час сядзеў і глядзеў на гэтыя блакітныя яйкі?!
- Няшчасная мама-птушка, відаць, не асмелілася падляцець да сваіх яек увесь дзень, - сказаў Джонас. - Ружовыя мядзведзі часам бываюць самымі лепшымі пудзіламі.
- Бэмсі нічога не кранаў, - сказала Лота. - Ён толькі сядзеў і глядзеў на яйкі.
Мы ўсе селі ў машыну і паехалі дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.
У той вечар тата і мама прыйшлі ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахіліўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсі. Тата сказаў:
- Ну што, Маленькі Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Іду ў заклад, відаць, тое, што мы знайшлі Бэмсі.
- Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, - адказала Лота.
МЫ ЕДЗЕМ ДА БАБУЛІ З ДЗЯДУЛЕМ
Летам мы з мамай ездзім у вёску да бабулі і дзядулі. Тата едзе з намі, калі ў яго адпачынак. Мы едзем цягніком, таму што мама не можа вадзіць машыну.
- Старайцеся добра сябе паводзіць у дарозе і не турбаваць маці, - сказаў тата.
- Мы павінны добра паводзіць сябе толькі ў цягніку? - удакладніў Джонас.
- Не, усюды, - адказаў тата.
Калі цягнік крануўся, тата памахаў нам рукой, і мы махалі яму ў адказ.
У купэ мы былі амаль што адны, толькі ў апошні момант у купэ ўціснуўся нейкі пажылы чалавек. Лота трымала Бэмсі, а я сваю самую вялікую ляльку, якую звалі Мод Івон Марлен. У пажылога джэнтльмена была на падбародку бародаўка, і калі ён выйшаў у калідор, каб паглядзець з акна, Лота выразна прашаптала маці:
- У гэтага старога чалавека ёсць бародаўка на падбародку.
- Ціха, - сказала мама. - Ён можа пачуць цябе.
Лоту гэта здзівіла, і яна сказала:
- А хіба ён не ведае, што ў яго ёсць бародаўка на падбародку?
Увайшоў кандуктар, каб сабраць білеты. У нас было толькі два білеты: адзін для маці, другі для Джонаса і мяне.
- Колькі гадоў гэтай дзяўчынцы? - спытаў кандуктар, паказваючы на мяне.
Я адказала, што хутка мне будзе шэсць. Ён не спытаў, колькі гадоў Лоце, таму што было відаць, што яна яшчэ занадта маленькая, каб мець білет. Да пяці гадоў білет не патрэбны ў тых мясцінах, дзе мы жывём. Але ж Лота сказала яму:
- Мне чатыры гады, маме - трыццаць два. А гэта - Бэмсі.
Кандуктар засмяяўся ў адказ і сказаў:
- На гэтым цягніку ўсе Бэмсі могуць ехаць без білетаў.
Спачатку мы сядзелі вельмі ціха і глядзелі ў акно. Але неўзабаве мы стаміліся ад гэтага. Джонас і я выйшлі ў калідор і пайшлі ў суседняе купэ, дзе пачалі гаворку з людзьмі. Час ад часу мы вярталіся да мамы, каб яна не хвалявалася. Мама была занята тым, што расказвала Лоце цікавыя гісторыі, каб Лота сядзела ціха. Яна не хацела, каб наша малая выходзіла ў калідор, бо нікому не вядома, што можа зрабіць Лота ў наступную хвіліну.
- А зараз раскажы мне пра двух казлоў, інакш я пайду ў калідор, - гаварыла Лота пасля чарговай мамінай гісторыі.
У абед мы елі бутэрброды і пілі ліманад. Лота ўзяла кавалачак кілбасы з свайго бутэрброда і прыляпіла яго да акна. Мама вельмі раззлавалася на яе.
- Лота, навошта ты прыляпіла кілбасу да акна?
- Таму што яна трымаецца на акне лепш, чым шарыкі з мяса, - адказала Лота.
Тады мама сапраўды раззлавалася на яе. Вядома, прыйшлося ж доўга церці тое акно, каб яно зноў стала чыстым.
Калі цягнік спыніўся на адной станцыі, Джонас вырашыў, што і мне і яму трэба выйсці, каб глытнуць свежага паветра. Мы ніяк не маглі адчыніць дзверы, аднак нейкая жанчына дапамагла нам.
- Вы выходзіце на гэтай станцыі? - спытала яна.
- Так, - адказалі мы. Але мы хацелі толькі на хвілінку выйсці на гэтым прыпынку, а потым збіраліся вярнуцца.
Мы пакінулі наш вагон, пайшлі ўздоўж усяго цягніка і селі ў апошні вагон. Пасля мы пайшлі па ўсім цягніку да нашага купэ. Мама і жанчына, якая дапамагла нам адчыніць дзверы, размаўлялі з кандуктарам. Мама плакала:
- Але вы павінны спыніць цягнік. Мае дзеці выйшлі!
- Мама, мы вярнуліся! - крыкнуў Джонас, калі мы падбеглі да яе.
Потым мама пачала плакаць зноў, а жанчына, якая дапамагла нам адчыніць дзверы, накрычала на нас. Я, відаць, ніколі не зразумею чаму. Яна ж была адзіная, хто дапамог нам сысці з цягніка.
- А зараз ідзіце ў купэ, сядзіце там і не варушыцеся, - загадала мама.