Вальдэмар БаальПлацінавы абруч
1
Ёсць такое слова «мітусенне». Яно вось і лезе ў галаву, калі чуеш і справа і злева пра гэтых амікантактах і хосцікантактах, гэта значыць, выходзіць, прыязных і непрыязных адносінах з іншагасцямі. Не дае цяпер людзям супакою даволі вядомая Н-6813! Планета - не планета, штучная - натуральная, і адкуль толькі яна ўзялася ў вашай сістэме, і хто такія ноблы, што яе засяляюць, і чаму ноблы, і што ім ад нас трэба. Дыскусіі, гіпотэзы... Лепш бы людзям працаваць, а не мітусіцца. Але працаваць, мабыць, і няма калі - раней трэба, бачыце, пра назвы і разуменні дамовіцца... Божа! А ці стануць больш таннымі штаны ў краме, калі яны не «ноблы», а «барбы», чэрці, д'яблы?..
І чэшуць жа языкі - каму не лень, каб толькі выхваліцца: мы таксама, бачыце, не лыкам шытыя, не цураемся «апошняга слова». Але гэтых і браць пад увагу не варта - ім абы звон ды знешні выгляд. Але тыя, што рухаюць прагрэс, свяцілы і прыхільнікі, яны хіба не ў той жа моды, не ў таго ж мітусення пад абцасікам, пад гэтай лакіраванай шпількай, што цокае сабе і цокае па тратуарах, зменіцца пакаленне і - зноў цокаць, як цокала і стагоддзе і два таму назад?.. Вучоныя дзеячы, паважаныя і славутыя, - а калі разабрацца, то суцэльная гульня словамі, як у малых дзяцей. А ці не больш карысна, дазвольце запытацца, прыдумаць формулу, каб, напрыклад, суседзі жылі мірна?
Не, я не супраць навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ці там прагрэсу, бог з ім, - няхай сабе мудрацы адкрываюць розныя часцінкі, а свяцілы выводзяць заканамернасці і чытаюць галаваграмы. Але наўрад, наўрад ці якраз гэта - найважнейшы паказчык узроўню нашага быцця. Я - просты, сярэдні грамадзянін, звычайны член грамадства, і хіба маё самаадчуванне, маё пачуццё такі ўжо другарадны гук у аркестры жыцця?
Назавіце гэта лірычным адступленнем - але-але, так і лічыце: пачаў з лірычнага адступлення. Ваша справа. Не шмат іх тут сабе я дазволіў. Бо я - усяго толькі апавядальнік, і ўсё наступнае - не больш як апавяданне, якога я не мог не напісаць, бо вельмі паважаю Пасвячонага, гэтага дастойнага і заслужанага чалавека і вучонага, чые «Запіскі» мне пашанцавала трымаць у руках. Калі б не было яго «Запісак», не было б і гэтага апавядання. Але мушу заявіць, што яго не было б і ў тым выпадку, калі б прыхільнікі так званага амікантакту не паспяшаліся заявіць у адзін голас, што «Запіскі» - вада на іх млын.
Мала хто чытаў «Запіскі» - большасці гэта проста недаступна: увесь тыражок пайшоў на гэты іх сімпозіум (мне экземплярчык дасталі); таму вось больш звону, чым уяўлення - часцей за ўсё мяркуюць па чутках.
Проста здзіўляешся, колькі пустых клопатаў у чалавека! А спытайся, «нашто табе гэта трэба», - і адказаць яму няма чаго. «Усе, маўляў... Ну, і я...» Або пачне што-небудзь пра пярэдні край навукі. Патрэбны ён яму, гэты пярэдні край...
Паўтараю: я паважаю Пасвячонага. Ён - чалавек самавіты, аўтарытэтны, яму вунь рэдкімі прыладамі дазваляюць карыстацца. І не мне, вядома, тлумачыць і каментаваць яго словы. Але апавядаць, няхай і з лірычнымі адступленнямі, я ўсё-такі адважыўся. Потым, (каб, з аднаго боку, спыніліся плёткі, а з другога - астыў запал прыхільнікаў розных легкадумных амікантактаў.
Амікантакт, разумееце, гэта - сусветнае каханне... А ноблы, між іншым, да нас практыкантаў засылаюць...
2
Дык вось у гэтай гісторыі з дафніямі замешаны менавіта ноблы, і тым карысныя «Запіскі» Пасвячонага, што якраз і паказваюць, хто яны такія і чым любяць займацца.
Што мы ведалі?
Мы ведалі, што планету (або што яно там) занесла да нас у суседзі гадоў шэсцьдзесят таму назад, што яна, відаць, можа кіравацца, што на сігналы не адказвае і сама маўчыць, ну і яшчэ дзве-тры дробязі. А ці мы ведаем, з якой мэтай яна з'явілася ў нашай сістэме? А ці ведаем, на што нам спадзявацца, калі яны ўздумаюць высадзіць эскадрыллю? А ці зразумела ім будзе, што мы гуманоіды?.. Нічога мы не ведаем!
Вунь наша Служба Назірання ў сваім бюлетэні піша: «Н-6813 набліжаецца да нас і адыходзіць, зусім знікаючы з поля дасягальнасці з перыядычнасцю ад двух да шасці месяцаў». А між тым той жа бюлетэнь у 2036 годзе пісаў, што Н-6813 «адсутнічала» цэлых дзесяць месяцаў. Вось дык перыядычнасць!
Пасвячоны даказвае, што ноблы добра пра нас інфармаваныя і іх намер, як ён лічыць, «дакладна вызначыць немагчыма». Пры ўсёй павазе, прызнацца, не ўсё мне тут зразумела, не да ўсяго, што расказаў гэты вучоны муж, ляжыць маё сэрца, а некаторыя вывады, шчыра скажу, засмучаюць душу. З гэтай прычыны фразу пра намеры ноблаў, якія «дакладна вызначыць немагчыма», я ўспрымаю як сур'ёзную перасцярогу.
Пасвячоны бачыў іх не раз яшчэ да той сумятні з дафніямі, сумятні дзікай і непраўдападобнай, на падставе якой розныя разумнікі, аматары слоўцаў, адразу ж паспяшаліся абгрунтаваць ідэю пра «арбэвалюцыю» (развіццю па кругу) у супрацьвагу старой «гелэвалюцыі» (развіццю па спіралі). Пасвячоны піша, што хоць яны падобныя да нас рашуча ўсім, ён умее пазнаць нобла сярод сотні чалавекападобных. Перад іх ведамі ён, мабыць, стаіць навыцяжку (няхай не прымуць за непачцівасць у адносінах да шаноўнага Пасвячонага). А мне зразумела адно: планета іх перагружана, ім трэба кудысьці рассяляцца, а ўмовы ў нас і на Н-6813 амаль аднолькавыя. Вось і падумайце, з якімі намерамі яны круцяцца вакол нас і нават адважваюцца на экскурсіі сюды і, пры гэтым, адчуваюць сябе тут вельмі нават упэўнена.
У тым вось і справа, што не толькі Пасвячоны іх бачыў. Прагледзьце добра прэсу апошніх гадоў, будзьце ласкавы, пагартайце - такі цікавы малюначак адкрыецца!
3
Ці гэта ўжо ў Пасвячонага нейкі там свой метад, ці гэта звышдакладныя разлікі, ці гэта асаблівы нюх, - як бы яно ні было, а менавіта ён стаў сведкам таго, як аднаго дня на казачным поўдні, на паляне сярод джунгляў, ціхім раннім часам пагусцела крыху паветра, паднялося лёгкае воблачка пылу, і вось - ні адсюль, ні адтуль - на траву апускаецца невялічкі апарат калачападобнай формы, і з люка вылазяць двое.
Трэба адзначыць, што дзіўны іх карабель з'явіўся менавіта бясшумна і незаўважна: гэта значыць, яны прызямліліся і толькі потым сталі бачныя. Вось яна якая тэхніка, абскурацыя гэта самая, якая дазваляе рабіцца нібы адсутным, калі на самай справе ты ёсць. Але хто мае вочы, той бачыць.
Значыць, яны прызямліліся, паказаліся і пачалі аглядвацца. А ўжо да іх з узлеску спяшаецца трэці, і апрануты ён, не ў прыклад гэтым - у зіхатлівых камбінезонах, а зусім як чалавек у той краіне: саламяны капялюш лейкай, падкасаныя па калені штаны, хустачка на шыі. І яшччэ здалёк пачалі яны гаварыць, але так па-чужому, што Пасвячонаму давялося, само сабой, уключыць свой транскамунікатар (апарат, які выдаецца, між іншым, па асаблівым дазволе), і толькі тады ён пачаў разумець іх тарабаршчыну.
Аднак дадзім слова самому Пасвячонаму.
* * *
Яны прывіталіся, - піша ён, - стрымана, нават суха, але твары іх задаволена свяціліся ад сустрэчы. Тыя, што прыляцелі, былі дужа маладыя, а хто сустрэў - сярэдніх гадоў.
- Вітаем Настаўніка, - вымавілі юнакі, і старэйшы адказаў:
- Вітаю пасланцоў Студыі Прагнозаў.
Студыёзусы пачалі моцна мітусіцца, нібы яны адразу мусілі прыступіць да неадкладнай справы; старэйшы ж далікатна стрымліваў іх, запрашаючы спачатку сесці і выслухаць яго, а ўжо потым брацца за тое, дзеля чаго яны прыляцелі.
Якія былі іх намеры, я ў першыя хвіліны не мог здагадацца. Аднак хутка зразумеў: юныя пасланцы Студыі Прагнозаў Н-6813 - свайго роду практыканты, кажучы нашай мовай, і накіраваныя на Зямлю для збору пэўных звестак, чым надзвычай ганарыліся; а Настаўнік, таксама зразумеў я, жыве тут ужо даволі доўга, ведае пра нас усё і знаходзіўся сярод нас, мабыць, з мэтай асвойтацца, каб потым прымаць практыкантаў. Няма сумненняў, што іх Студыя Прагнозаў рыхтуе спецыялістаў па Зямлі, якіх ім, нягледзячы на рознабаковую пра іх інфармацыю, тым не менш не хапае. Магчыма, паняцці «вычарпальная інфармацыя» і ў іх і ў нас не супадаюць.
Настаўнік пасадзіў нарэшце сваіх падапечных, і яны надзелі на галовы зіхатлівыя абручы (прылады для хуткага і глыбокага засваення, як я здагадаўся), і такім чынам пачаўся першы ўрок для іх па Зямлі ўжо непасрэдна на Зямлі.
Цяжка перадаць, што я перажыў, назіраючы гэты ўрок. Здзіўленне? Збянтэжанасць? Захапленне?.. Настаўнік мала гаварыў, скупымі і сціслымі фразамі-формуламі вызначаючы толькі пэўныя вехі, абагульненні; затое яго міміка, позірк, які бурна мяняўся, былі настолькі разнастайныя і багатыя і неслі, як відаць, такое мноства інфармацыі і з такой інтэнсіўнасцю, што мой транскамунікатар адразу ж перагрэўся, я ўжо нічога не разумеў і вымушаны быў выключыць машыну. Усё было ясна: Настаўнік - унікальны выкладчык і прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.
Яны знялі свае абручы, урок скончыўся, пачалі спрачацца. А тут і мой транскамунікатар паспеў астыць, і я ўключыў яго і зноў пачаў разумець іх размову.
Гасцей, як высветлілася, цікавіла разумная істота гэтай планеты, якую яны, між іншым, называлі «Хі», што ў перакладзе з іх мовы азначае «яйка». Такое было яго заданне - яны жадалі неадкладна ўбачыць гэту разумную істоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлічыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзівосным з іх дзівоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнік, узнаўляльнік чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта «што-небудзь» пачалося нават мільён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнік, які паскараў працэс, а таксама - амнівізар, з дапамогай якога ёсць мажлівасць усё выразна назіраць - прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былі казачна, і не цярпелася ім сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнік прасіў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору і фаўну гэтай вось паляны. І яны да часу пакінулі свае грозныя апараты і разбрыліся, а выкладчык іх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.
А мне было цікаўна назіраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялікія скачкі (гэту асаблівасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з імі васемнаццаць гадоў таму назад), якім пазайздросцілі б самыя славутыя нашы спартсмены.
І вось адзін з іх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць «Першы», наткнуўся на адзінокі пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся і здзіўлена вымавіў:
- Лон!
- Так, - сказаў Настаўнік - Па-мясцоваму будзе «дафнія».
- Як тут апынуўся наш лон? І такі дробненькі! І чаму ён плавае?
- Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якія скачуць, - адгукнуўся Настаўнік. - Яны таксама дробныя. І паразітуюць на жывых.
- І разумных? - спытаўся Другі, які падышоў.
- І разумных.
- Нашы ў сто адзін раз больш.
- У сто адзін і шаснаццаць сотых, - паправіў Настаўнік. - І нашы на нас не паразітуюць.
- Гэта і немагчыма, - засмяяўся Другі.
- Ты верыш у той стары прымітыў? - насупіўся Першы.
- Тэорыя Спіу не прымітыў, - з лагоднай усмешкай вымавіў Настаўнік. - Яна была стройная.
І яны зноў пачалі спрачацца, і з іх спрэчак я зрабіў вывад, што нейкі іх мудрэц Спіу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзілася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад іх дафніяў: сведчаннем таму некаторыя іх старыя эмблемы, статуэткі, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя іх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай і аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, і гэта цяпер лічылася настолькі аксіёматычным, што, нават маючы на ўзбраенні такія разумныя машыны, як эвальвентар, амнівізар і іншыя, з дапамогай якіх можна было б за самы кароткі час аднавіць і прасачыць на экране іх эвалюцыю, яны адмаўляліся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкі, а то і амаральны, а таму правесці такі дослед проста нікому і ў галаву не прыходзіла. Ноблы паходзяць ад ноблаў - гэта зразумела і дзіцяці, гэта быў абсалют.
Аднак на Зямлі, удалечыні ад сваіх, яны дазвалялі сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якія не маглі гутарыць дома, і нават спрачаліся. Першы нешта ўжо вельмі ўпарта паўтараў аб прымітыўнасці і лжэнавуковасці старой тэорыі, а другі, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нібы пацяшаючыся яго ўпартасцю і ўпэўненасцю. Настаўнік зноў жа ветліва і тонка наводзіў на думку, што ўсякі пункт гледжання правільна было б, увогуле, паважаць, - вядома, без шкоды для дамінуючага, - таму што калі ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланіў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны і развязваў шмат якія вузлы. Ён нагадаў маладым іншапланецянам, што місія іх пакуль што выключна вучэбная і ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступіць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесці некалькі падрыхтоўчых, і чаму, напрыклад, не заняцца тымі ж дафніямі: такі вось вопыт мог быць павучальны.
- Настаўнік! - прамовіў Першы. - Мы ніколі не эксперыментавалі над лонамі. Гэта лічыцца...
- Глупствам, - перапыніў весела Другі. - Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хі і пазаймацца глупствам.
- Гэта не мае сэнсу, - сказаў Першы.
- Хто сказаў, што лоны і дафніі - аднаго роду істоты? - спытаўся Настаўнік. - Хіба вас не вучылі, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?
Так, ён пераканаў іх! Яны пачалі рыхтавацца да эксперыменту і правялі яго - эксперымент небывалы, які нельга ўявіць, і я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.
Яны настроілі сваю апаратуру. Каля пня былі ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнівізар і іншыя апараты, якім пакуль што і назвы няма на чалавечай мове. І калі ўсё было гатова, Настаўнік сказаў:
- Не забудзьцеся пра стымулятар, разлічыце час падключэння.
О, гэта ўжо не былі ранейшыя спрытныя, дураслівыя юнакі, энергія якіх рабіла іх такімі падобнымі на нашых зямных; гэта былі суровыя, сталыя істоты з засяроджанымі тварамі.
- Абскуратам кірую я, - сказаў Настаўнік.
І эксперымент пачаўся...
* * *
Як тут яе пазайздросціць Пасвячонаму, які ўбачыў такое? І шкада, што «Запіскам» не стае падрабязнасцяў. Ці ведаў гэты Настаўнік аб прысутнасці нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават і ўявіць, што не ведаў, калі ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут - усяго толькі метраў сто. Але ж - хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кіруе эвальвентарамі... Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзі вось, дапусціў прысутнасць чужынца, дазволіў яму, праўда, з купюрамі - не ўсё. Значыць, лічыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такі адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць...
А чортавы ноблы, відаць, і сапраўды далёка абагналі нас, калі на такую аперацыю юнакоў паслалі і называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у іх тады «не практыка», што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявіць!
Але дадзім далейшы ход дзеянню і як можам перакажам «Запіскі» Пасвячонага, каб карацей было.
Значыцца, яны пачалі сваю справу.
4
Пасярод лесу ў маленькім балотцы жыла Маленькая Дафнія. Гэта было ўжо і не балотца, а ўсяго толькі маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялічкі вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла і зарасло. Пад пнём вось і жыла тая Дафнія.
Сонца туды амаль не пранікала, толькі тоненькія праменьчыкі прарываліся часам праз карэнні і зараснікі, і тады каля пня рабілася светла і прыемна, усё ажывала і пачынала рухацца. Маленькая Дафнія ніколі не прамінала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замірала і грэлася. Яна нават ненадоўга засынала - так ёй было добра. Вакол у тым промні віселі і драмалі іншыя дафніі і таксама рухаліся ўслед за сонцам. Не спалі толькі вартаўнікі; яны размяшчаліся наўкола і сачылі, ці не з'явіцца раптам небяспека.
Моладзь здзіўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкі пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце...
Потым прамень знікаў, рабілася змрочна. І тады дафніі амаль не сустракаліся адна з адной, бо кожная жыла ў сваім куточку, а калі нехта некаму і трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кідаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся ці вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафніі свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы і хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: ніхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра - што ж! - праменьчык хутка зноў прыйдзе, і святла будзе ўволю.
Адным пахмурным днём пад коранем з'явіўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна і павольна, як страшэнна стомленая істота ці драпежны рабаўнік. Маленькая Дафнія спачатку спалохалася і стаілася ў шчыліне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец і не рабаўнік, а ўсяго толькі вялікая Старая Дафнія, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная і трухлявая.
- Не бойся, - вымавіла яна слабым голасам. - Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасіць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блізкія і сваякі адвярнуліся ад мяне і адусюль выгналі. Прымі мяне, у цябе добрае сэрца.
Маленькая Дафнія супакоілася і, усцешаная, запрасіла:
- Уваходзь, калі ласка, месца хопіць на дзвюх.
Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчыліны, паслала ёй ціны і пачала ганяцца за калаўроткамі і інфузорыямі, каб накарміць госцю. Але тая спыніла яе:
- Не трэба. У маіх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамі і памяццю. Клапаціся аб сабе - табе сілы больш патрэбныя.
А калі надышла ноч, Старая Дафнія сказала, што адчувае блізкую смерць і таму ёй трэба спяшацца - ёсць таямніца, якой нельга памерці разам з ёю.
- Падыдзі да мяне, - сказала яна, - будзь побач. Нас ніхто не павінен пачуць. Ты была добрая і ласкавая, таму сваю таямніцу я адкрыю табе. Слухай...
І Старая Дафнія расказала такую гісторыю.
Даўным-даўно, калі бабулі было столькі гадоў, колькі цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалі казку. Іх лужына каля пня нібы зусім не лужына, а глыбокая студня, і вось на дне яе ляжыць Плацінавы Абруч.
- Зусім невялікі абруч - самая маленькая дафнія магла б абабегчы яго ў адзін момант. Але ніколі не зможа гэтага зрабіць, бо бясконца будзе апісваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафній, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мінулае і, каб утаіць гэта, выдумляюць усялякія небыліцы.
Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзіла, што Абруч той - незвычайнай уласцівасці: варта да яго дакрануцца і сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссільны быў Абруч толькі ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго і таго ж жадання двойчы і не мог адмяніць выкананага. І яшчэ - Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.
Старая Дафнія ў маладосці была натурай уразлівай і летуценнай і таму запомніла казку, і ёй нават сніўся гэты Абруч.
Жыццё ў іх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзіўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафніям не было ратунку - нават калі ён не нападаў, а толькі здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах і не было сіл уцякаць і ратавацца. Тады вось і з'явіліся вартаўнікі, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб набліжэнні Чорнага Жука.
Аднойчы гэта дафнія, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мільгнуў чорны цень і побач з ёю ў жахлівай пашчы захрабусцелі панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.
- Я забілася ў нейкі кут, - апавядала яна, - і наваколле знікла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка - дрыжыкамі; часам здавалася, што храбусценне панцыраў - жахлівы сон. Перамяшаліся дні і ночы. А калі я нарэшце ачуняла і выглянула са свайго сховішча, то адразу ж адчула, што на мяне скіраваны бязлітасны і ненажэрны позірк. На гэтым мая маладосць і скончылася... Магчыма, Маленькая Дафнія, шмат што з гэтага табе расказвалі як старыя плёткі. Але Чорны Жук - не плётка... Ён быў бязлітасны і з'яўляўся ўсюды. Кідаўся імкліва і дакладна. А мы не былі арганізаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнікоў, кожны дрыжаў за сябе і нічога не ведаў пра іншага. Страх быў нашай доляй. І племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнія паддаліся роспачы і паніцы, і я тады зразумела, што калі так будзе далей, то хутка карычневых дафній залічаць у разрад зніклых відаў. І вось я асмелілася на самы важны крок у сваім жыцці. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлічыць усе дробязі і нарэшце прыйшла да адзінага вываду...
Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацінавы Абруч. І вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травінцы да сярэдзіны вадаёмчыка, адчапілася і кінулася ўніз.
І набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянілася пякучым холадам, ад хуткасці падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго - апраметная цемра. Падарожніца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволілася і знізу бліснула святло: яно было белае і нібы струменілася. Каменьчык ужо не імчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымі дафніямі муць у сонечным промні. І вось нарэшце ён спыніўся, і дафнія ўпала каля белага зіхатлівага круга. Гэта быў Плацінавы Абруч.
- Ты - малая і дурненькая казяўка, - гаварыла далей Старая Дафнія, - і з гэтай прычыны табе зараз шмат чаго не зразумець, Але калі-небудзь... калі-небудзь... Ты, вядома, як мага хутчэй хочаш даведацца, што было далей, і табе зусім не цікавыя мае разважанні. Гэта ўжо так: старыя паціху мудруюць сабе, маладыя спяшаюцца... Ну што ж! Я здзейсніла сваю задуму. Дакранулася да Абруча і папрасіла яго зрабіць так, каб знік з нашага вадаёма жахлівы Чорны Жук, а народ мой быў у далейшым згуртаваны і стойкі і каб пазбавіўся ад легкадумнасці і страху. Вось якое было маё жаданне. А потым я папрасіла Абруч яшчэ пра адно. «Дай мне, - сказала я, - магчымасць вярнуцца дамоў».
Пасля гэтага яе пачало паднімаць над Абручом, імкліва пацягнула ўверх, святло прапала, і ў наступны момант яна была выкінута да самай паверхні іх жылля.
Суродзічы адразу яе заўважылі і акружылі. І яна здзівілася іх позіркам, якія зрабіліся змрочнымі, нібы яна прынесла ім бяду. Нарэшце адна з былых сябровак вымавіла:
- Вось яна, баязліўка і дэзерцірка! Заяўляю ад імя ўсіх: з гэтага часу ў цябе не будзе ні сяброў, ні спраў ніякіх. Жыві як хочаш!
Наша Дафнія разгубілася, падумала, што сяброўка жартуе.
- Чаго ты?! Ці што-небудзь здарылася?
- Ха-ха-ха! Здарылася! Гляньце на гэту прытвору!
- Прытвора! - паўтарылі ўсе. - Прытвора і здрадніца! - Ніхто не жартаваў.
- Што ж, - сказала яна. - Судзіце, калі вінаватая.
- Судзіць! - зноў засмяялася сяброўка. - Ты сама сябе асудзіла! Подлая манюка! Лепш скажы, у якой нары ты адседжвалася, пакуль мы распраўляліся з Чорным Жуком! Ганьба!
І ўсе паўтарылі: «Ганьба!» І асуджаная паплыла ў сваю хату... Ёй было крыўдна і горка, але яна плакала ад радасці, што збылося яе жаданне: няма больш Чорнага Жука, і народ яе будзе жыць, і ніхто не залічыць карычневых дафній у разрад вымерлых відаў.
Яна, якой выракліся, жыла вельмі доўга, амаль у тры разы перажыла сваіх равесніц. Ёй было цяжка, бо да яе імя ставіліся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда - усё-такі пагарда.
- Хіба ты не чула легенды аб здрадніцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я ніколі ні на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змяніць - варта расказаць пра Плацінавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабіць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (і гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сілу Абруча, і невядома, чым бы скончылася яго спроба...
5
Старая Дафнія склала свае антэны.
- Маленькая Дафнія, - ціха прамовіла яна, - цяпер гэта твая таямніца, і я магу спакойна памерці. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам і карыстайся ёю толькі ў выпадку вялікай патрэбы - дробнае і пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнічай сілы Плацінавага Абруча! Але калі нашым зноў стане кепска - ты ведаеш, што зрабіць? І перадай таямніцу вартаму.
З гэтымі словамі яна лягла на бок і сціхла.
Маленькая Дафнія пахавала яе ў вузкай шчыліне суседняга кораня, вярнулася да сябе і пачала думаць.
Спачатку яна падумала: «Ах, якая мужная Старая Дафнія!» Потым яна падумала: «Якая ж яна дурная, гэта Старая Дафнія...» Але тут надышла раніца, пад пень зазірнуў праменьчык, і Маленькая Дафнія паплыла гуляць - яе сяброўкі ўжо збіралі карагод.
6
- Эксперымент скончаны? - сказаў Першы і выключыў эвальвентар.
- Усё?! - Другі быў відавочна расчараваны. - Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якія сапернічаюць, пачнуцца змаганні за жыццёвую прастору... Так, стары Спіу быў вялікім казачнікам.
- Стары Спіу валодаў цярпеннем, - прамовіў Настаўнік.
Маладыя ноблы пераглянуліся.
- Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? - палічыў Першы.
- Плацінавы Абруч - надзейны стымулятар, - сказаў Настаўнік. - Мы бачылі толькі пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзі дэкуртар на поўную магутнасць...
І тут запіс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькі праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснічалі са сваімі апаратамі, і Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць...
Вольнаму воля, але ці варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнічаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькі прыгадаю як факт «Запіскі» Пасвячонага напоўнены такімі «засмучэннямі» і шкадаваннямі.
Ну як тут усумніцца, што толькі чыстая цікаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён ці паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзі, назірай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага іншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлівасці. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне...)
О цікаўнасць - маці пачуццяў зямных! Ты - слізкая горка, і нясе па табе ўніз злоўленых табою, і няма за што ім зачапіцца. І ўсё ніжэй і ніжэй імчыць у туманную даліну ганарлівых вучоных забабонаў. І называецца гэта «прагрэс». Калісьці, расказваюць, зямлю не аблытвалі жалезныя і бетонныя істужкі, неба было светлае і ціхае, у модзе былі спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра...
Цікаўнасць - той Абруч, той іх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнікамі.
7
Увогуле, эксперымент іх паехаў далей. І Маленькая Дафнія вырасла настолькі, што пачала, як часта здараецца ў пэўным узросце, лічыць сябе самай дужай, самай разумнай, самай смелай і прыгожай. Ёй, значыцца, хацелася, каб пра яе ўсе гаварылі, захапляліся яе талентам і ўмельствам. І таму, што гаварылі зусім не тое, яна пачала грубіяніць, чапляцца да ўсіх узапар, выкідваць бясконцыя штучкі. Яна па-заліхвацку насілася па вадаёме, усчынала страшэнны вэрхал, разладжвала заадно розныя зборы і сходы, разбурала жыллё і нават некаторых калечыла.
Дарослыя стараліся яе ўціхамірыць, усяляк абразумлялі, але ніякай рады не далі - павучэнні і заўвагі на яе не дзейнічалі, нікога яна не чула, нікога не бачыла.
- Нікчэмныя казяўкі, я вас не баюся! - крычала яна. - Кожную правучу! Я лепшая за ўсіх!
Само сабой, у яе з'явіліся староннікі, падабралася кампанія, і пачалося такое... Казалі нават, што і ў часы Чорнага Жука было крыху лепш. І тады вырашыла грамада: гэту гарлапанку і хуліганку перад усімі пакараць.
Суд, які быў у карычневых дафній, караў вінаватага маўчаннем: асуджаны мусіў моўчкі і нерухома праплыць праз увесь строй - усе толькі з дакорам глядзелі. Да-сведчаныя, між іншым, кажуць, што падобны вопыт у сістэме выхавання - сапраўднае катаванне, у параўнанні з якім нават бізун - дробязь.
Вось гэта і здарылася з нашай паддоследнай. Праўда, яна праплыла скрозь строй з горда паднятымі антэнамі, а пасля, у сябе дома, залілася слязьмі ад крыўды і ўніжэння. Кепска было яшчэ і тое, што па дарозе дахаты ёй сустрзлася суседка, абазвала няшчаснай балбатухай і ўшчыпнула балюча за ножку. І вось Маленькая Дафнія сядзела самотна і плакала, і думалася ёй, што свет пабудаваны паскудна, што дафніі - лютае племя, і яна ўпершыню пашкадавала, што сама - дафнія. Яна не ведала, кім бы хацела быць, - ды хоць цыклопам якім-небудзь, хоць павучком пачварным, толькі б не дафніяй. Тут яна ўспомніла пра нейкую вялізную Белую Рыбу - з дзіцячых, вядома, казачак, - і адразу ж ёй уявілася нешта магутнае, вольнае і прыгожае. І раптам думка наткнулася на Плацінавы Абруч.
8
- Настаўнік, - прагаварыў Другі, - гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькі ці залічыць Савет Студыі...
- Савет Студыі Прагнозаў залічыць вашу паслядоўнасць, - адклікнуўся той.
- Ты казаў нам пра папярэднія эксперыменты, Настаўнік, - адклікнуўся Першы, - пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робім, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта - гульня.
- Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынікаў.
- Мы не атрымаем правільных вынікаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць - скажаем.
- Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.
- Настаўнік! - працягваў Першы. - Мы бывалі ў мясцінах больш далёкіх і неспрыяльных, чым гэта Хі. Ніколі нам не даводзілася займацца такой... працай!
- Ты хацеў сказаць «такой бяссэнсавай працай»?
- Так.
- Трэба было сказаць - «такой важнай», - далікатна ўдакладніў старэйшы. - Мы прыступілі ўжо да галоўнага эксперыменту.
- Нам патрэбны вышэйшы, які валодае вышэйшым розумам.
- Вышэйшае пазнаецца праз ніжэйшае.
- Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? - асцярожна спытаўся Першы.
- Я хачу сказаь: гульня - выпрабаваны сродак для зразумення сутнасці.
- Настаўнік! - сказаў Другі. - За намі назіраюць. Мой індыкатар сігналіць з самага пачатку.
- Мой таксама, - кіўнуў Першы.
- Так, - адказаў Настаўнік.
- Калі гэта назіранне, - то ў межах допуску. Але я лічу, што гэта - спецыфічныя токі планеты Хі.
- Ты даў два адказы!
- Такая асаблівасць Хі, - сказаў Настаўнік. - Далей...
* * *
Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнікі. Нават розуму недаступна - яны тут, і ў той самы час іх нібы няма: шчоўк - і прапалі. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далоні, што зусім побач стаіць нехта і глядзіць і ўсё яму пра цябе вядома, - ведаць гэта і нічога не бачыць, і няма куды падзецца... Самі, самі вінаватыя. Навучыліся, наадкрывалі, насігналіліся ў белы свет, і цяпер вось - будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды ніхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваім доме на становішчы той жа паддоследнай казяўкі: захочуць - пакажуць табе фокус, не захочуць - адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню і даўжыню, ад прашчураў да фініты, і ўбачаць яны навылет, як там з табою было і як будзе і ці надаешся ты да ўжытку...
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што за апошні час нашы мудрацы і так, дзякуй богу, прымоўклі. Ніхто ўжо без аглядкі не распінаецца пра ўсяленскае дабро, пра «спрыяльныя і прыхільныя адносіны да нас нязведанага», няхай гэта будзе космас або што іншае. Цяпер, прынамсі, скемілі, што калі ён калі-небудзь і адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынік можа быць розны, усякі, а не вось такі канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калі нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таі зла на другога, але не таі і пільнасці.
Урэшце - далей.
9
Такім чынам, Маленькая Дафнія ўспомніла пра Плацінавы Абруч. А на другі дзень, калі сяброўка, якая засталася добразычліўкай, прыйшла праведаць і супакоіць яе, жыллё было пустое. Чуткі пра гэта разышліся па ўсім вадаёме, зніклую пачалі шукаць, абшукалі ўсе зацішныя куточкі, але так і не знайшлі. І вырашылі, што бедалага або ўтапілася, або схавалася куды-небудзь, каб памерці галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпаліся ўзаемныя папрокі ў бессардэчнасці. Асабліва дасталося законніцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем - цяпер яе абвінавачвалі ў тым, за што ўчора ўзносілі: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць - нахабнасцю. І ўрэшце «Закон аб пакаранні маўчаннем» быў адменены назаўсёды. Дафніі гэтай ноччу спалі дрэнна: кожнай блюзнілася, што менавіта яна вінаватая ў пагібелі Маленькай Дафніі.
А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялізарны і страшны Чорны Жук і сажраў зганьбаваную напярэдадні законніцу, а потым - тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнію. А яшчэ праз дзень дафній ахапіла яшчэ большая жудасць: з'явіўся другі Чорны Жук, і пачаліся, як кажуць, беды вялікія...
Аднак, хоць Пасвячоны і спыняецца вельмі падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цікавяць іншыя сферы.
Няма сэнсу расказваць, як уладальніца таямніцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафніі не складала, відаць, вялікай цяжкасці) і адсыпалася каля Плацінавага Абруча. Толькі была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафніяй, а вялікай Белай Рыбай.
Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне і засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнілася ёй лужына каля пня, прыгадаліся блошкі-дафніі, іх дробныя справы, дробненькія жаданні - усё іх дробнае-дробнае жыццё...
Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнікі і хвост і, задаволеная і гордая, паплыла па цячэнні, і яе панесла ў невядомыя краіны.
Яна пабывала ў вялізарных вадаёмах, дзе багацейшая расліннасць і такі разнастайны і дзівосны свет новых суродзічаў, што немагчыма было не здзіўляцца часам, калі сустракалася якая-небудзь пачвара - таксама рыба і з якой па непісаных падводных законах трэба было прывітацца.
Яна зведала прэсныя і салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных - тут да таго ж было і спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацішны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот і ціна, дзе цень і злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробіш з натурай? Калі яе бачылі тут свае, яна рабіла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калі была адна, то ўпівалася асалодай, цішынёй і змрокам або палявала на ўсялякі дробны зброд - сталых жыхароў гэтых мясцін: жучкоў, лічынак, павучкоў. Асабліва ж яна адрознівала дафній - яны тут былі не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогіх стварэнняў, якія нават плаваць як след не ўмелі. Яна іх жэрла сотнямі і не таму, што была такая ненасытная, - яе страшэнна раздражняў іх выгляд.
Калі-нікалі Белая Рыба наведвала Плацінавы Абруч, яна пакутліва ўзважвала, што б яшчэ выпрасіць у яго, але далей багатай і смачнай ежы ні да чога не дадумвалася.
Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкі і цёмны калідор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь праціскалася праз яго, і таму здагадалася папрасіць Абруч перамясціць самога сябе ў адну з яе любімых затокаў, дзе было асабліва ціха і заценена. Іншыя рыбы не любілі сюды заплываць, такім чынам, Плацінавы Абруч быў і пад рукой, як кажуць, і надзейна схаваны ад пабочных вачэй.
Колькі б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, і, разгледзеўшы драпежны і галодны бляск варожых вачэй, кінулася ўцякаць, не разбіраючы дарогі, і Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы сківіцамі і выдаючы жудасны свіст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылі дзве выдры, якіх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што і гэта - ворагі, і, сабраўшы апошнія сілы, нырнула ў глыбіню і імчалася ўніз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна - так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеі, сяк-так аддыхалася і пачала, трымаючыся ценю і зараснікаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасці не пакідалі яе: яна заблудзілася.
Не будзем затрымлівацца на ўсіх калдобінах яе падарожжа. Выбіраць правільны напрамак ёй дапамаглі падслуханыя размовы іншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафній, не магла яе забыцца, як ні старалася, і цяпер яна ёй ах як спатрэбілася. Дафніі, вядома, языкатыя: заўсёды ў іх нейкія дыспуты і абмеркаванні, заўсёды - плёткі і крыватолкі пра таямнічыя воды, незвычайныя здарэнні і іншае глупства; і ў большасці выпадкаў яны не маюць ніякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблізу і лавіла кожнае слова і такім чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусію, а потым яе ўдзельнікаў з'ядала і плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафніі гаманілі пра тое, што нібыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафніі, ды толькі, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня - уяўляеце сабе?! - і быццам даводзіцца ім туга: знішчаюць іх два лютыя Чорныя Жукі, ужо зусім, бедалагаў, мала засталося. І гэтак далей, і да таго падобнае...
Белая Рыба слухала, і нешта ёй прыгадалася - не асабліва прыемнае. І каб не псаваць нерваў, яна накінулася на шумны гурт і цалкам праглынула яго.
Іншым разам яна заўважыла жука, які ёй нешта дужа нагадваў. Яна і яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны і нясмачны.
Так яна, урэшце, і дабралася да сваёй затокі.
10
Плацінавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зіхацеў, а вакол стоўпілася такая колькасць разявак, што вада аж кіпела. Яны заўважылі Белую Рыбу і ў паніцы пачалі разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы і так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам і ў ім, як у пекле, зніклі ўсе цікаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго і вымавіла:
- Хачу быць Шустрай Выдрай!
І адразу ж зрабілася ёю.
Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака - ёсць істота, якой і Шчупак баіцца, і гэтая істота - Выдра.
З гэтага часу пачалася паласа дзівосных ператварэнняў былой Маленькай Дафніі. Па меры таго як яна рабілася больш моцнай і дасканалай, больш моцнымі і дасканалымі рабіліся яе жаданні. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасіліся веды, розум. Пераходзячы з аднаго віду ў другі, яна, вядома, запамінала мовы, звычкі, схільнасці і такім чынам рабілася ўсё больш грозным праціўнікам ніжэйшых відаў, з якіх сама паходзіць. Ды і для сваіх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей і, значыцца, была разумнейшая за іх.
Першы вывад, які яна зрабіла пасля некалькіх ператварэнняў, быў такі: у кожнага ёсць вораг больш дужы і лепш прыстасаваны да жыцця; але і ў гэтага ворага ёсць свой вораг, і ў таго - свой, і дзе канец - невядома.
І другі вывад зрабіла былая Дафнія: жаданням - мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, і гэта таксама бясконца. Калі высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. І не толькі не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьці баяцца - яна ўжо не мірылася і з роўнымі сабе.
А вось і трэці вывад: немагчыма ўявіць нічога больш вартага жалю і ўбогага, як тая Старая Дафнія, якая першая знайшла Плацінавы Абруч...
Яна па чарзе перабывала ў ролі Шыпучай Змяі, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка і іншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нікога больш магутнага і грознага, чым ён. Але толькі першы час яна адчувала задавальненне ад становішча Грознага. Бо калі і Мядзведзь - мяжа, дык гэта вельмі сумна. Што бегае за мяжой?..
Так ён, цар лесу, і блукаў па гарах і далінах, і не давала яму супакою думка: што далей?
11
Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелі на экран.
- Якая алагічная эвалюцыя, - нарэшце сказаў Першы. - Не, гэта не нашы лоны, нічога нават прыблізна падобнага няма.
- Што мы ўжо адзначылі, - адклікнуўся Другі.
- Ты, выходзіць, лічыш, - звярнуўся Настаўнік да Першага, - што калі б гэта былі нашы лоны ці падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалі б у нас?
- Так, не думаў, што стары Спіу так звязаў цябе, - весела заўважыў Другі.
Першы сумеўся.
- Даўно... У першыя гады Студыі... Адным словам, тады я патаемна раскруціў лонаў. Настаўнік! Яны вымерлі! Нашы лоны вымруць!
- Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскім эльвентарам, - спакойна прамовіў старшы. - Гэта так?
- Так... Некалькі стадый прамільгнула... Я ведаю - я не павінен быў... Але такі вынік... Выміранне!.. Я гатоў сваю віну...
- Спецыфічныя токі планеты Хі, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклікаюць парой перабольшанае пачуццё віны.
- Спецыфічныя токі Хі, - нібы рэха, адклікнуўся Другі.
Першы апусціў галаву...
* * *
На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны і сумны. І раптам паказаліся маляўнічае возера, травяністы беражок, сонечнае неба і на беразе - тры істоты.
Гэта было апоўдні. Істоты сядзелі колам, пілі нешта, любаваліся прыродай і гутарылі. Усе тры - мужчыны.
Адзін піў гарбату з чарнічным сочывам і ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на інстынктах, бо інстынкты непераходныя.
- Адсюлека што выходзіць? - пытаўся ён. - Што і як? А тое выходзіць, што немагчыма пра інсцікт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны - цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзін, ці, па-вашаму, добрыя ўсе, - нікудышныя.
Другі піў гарбату з мёдам і нізашто не згаджаўся з ім.
- Гэнта твая кансэпцыя няправільная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калі ж па-тваёму, то акурат выходзіць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, ісцінты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне...
- Іові энд бові! - усклікнуў трэці з прыяцеляў. - Каралі і капуста! Усё так. - Ён быў самы худы і стары і самы нязграбны з трох; ён піў гарбату, падліваючы ў свой кубак нешта з фляжкі, якую вымаў з унутранай кішэні і хаваў назад. - Іові энд бові.
- Бач? - сказаў той, што піў з мёдам. - Падтрымлююць мяне. Калі ж для карысці вобчаства, дык трэбаць гэнтыя ісцінты падзяліць. Каторыя карысныя - туды, - і ён паставіў свой кубак перад худым, - а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлівыя, гэнтыя пушчай ідуць сюды. - І кубак худога апынуўся перад прамоўцам, і той адразу спорна адпіў.
- А хто ж табе скажаць, які інсцікт карысны, а які храновы? - усміхнулася чарнічнае сочыва.
- Дык трэба ж глядзеці, глядзеці! - загарачыўся мёд. - Глядзеці! А як жа? Добраму - калі ласка, просім. А каторы кепскі - стоп, хэндэ хох. А то адзін гэны толькі хавус выйдзець. Баб вунь распусцілі...
- Аддай мой кубак, - сказаў худы і заплакаў.
Злоўлены пакрыўдзіўся, сказаў, што маніпуляцыя з кубкамі патрэбна была для нагляднасці, адпіў яшчэ крыху, потым аднавіў статус кво і панура працягваў:
- Бабам волю дай, ім дай волю...
- Воля, - усё яшчэ ўсхліпваючы, працягваў худы. - Інсургенты. Іові энд бові.
- Ну а мужыкам яе дай? - спытаўся віноўнік спрэчкі. - Дай ім, і што будзе?
- А нашто яна мне? На які? Куды я пайду? А баба пойдзець - нішто не ўтрымаець...
- Воля! - яшчэ раз паўтарыў худы, супакоіўся, лёг на спіну і дадаў з палёгкай: - Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. І ні да чога нашага справы няма. Гэта - воля! - І, скончыўшы, ён адразу заснуў як забіты.
- Ты яво беражы, - сказала чарнічнае сочыва. - Высокага палёту быў.
- Быў ды сплыў, - помсліва ўсміхнуўся мёд.
- Ты за ім як за каменнай сцяной.
- А ты?
- Я маўчу.
- Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.
- Хто ж падзуджаіць?
- А пра ісцінты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Ісцінты! Ваны вось яво і даканаўшы. А за ім і нас з табою.
- А ты мяне з сабою не раўняй!
- Ах-ах, цаца!
- Гэта паскудства, калега! - пакрыўджана змянілася чарнічнае сочыва. - Я ж знарок пачаў зусім пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы...
- Ад паскуды чую, калега, - не застаўся ў даўгу мёд. - Вы не стаміліся аплакваць сябе, я ведаю. І вам не церпіцца каго-небудзь абвінаваціць у сваіх няўдачах.
- Гэта вы няўдачнік, а ў мяне вынаходніцтвы ёсць!
- Якая ж цана вашым талентам, калі вы трымаліся толькі дзякуючы яму.
- Я папрасіў бы вас заткнуцца, бездар вы і зайздроснік жаўтушны!
- А вы - паразітуючы неўрастэнік!
- А вы - жабрак і лёкай!
- Іові энд бові, - пралепятаў спячы. - Арол-бацюхна... Лунае сабе... Воля...
- Божа! - журботна вымавіла чарнічнае сочыва. - Як агідна завяршаецца так удала пачаты эксперымент...
За кустамі сядзеў мядзведзь і назіраў. Ён, вядома, мог бы іх адразу ўсіх задраць - гэта ў яго на пысе напісана, - але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховішча і зароў, і прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд і сочыва, а запаветную біклажку так і не знайшоў: гаспадар яе, відаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём.
* * *
Экран працягваў мігцець. Мядзведзь сунуўся берагам.
- Што гэта? - здзіўлена спытаўся Першы. - Хто яны?
- Гэта філосафы, - сказаў Настаўнік.
12
Над вольнай раўнінай, над шырокім стэпам плыў Магутны Арол. Ён ляцеў так высока, што там не адчувалася гарачыні нават самай спякотнай парой; паветра - свежае і мяккае, як пярына, і рухі Магутнага Арла былі плаўныя. Ён то хіліўся на крыло і планіраваў, робячы кругі і млява прыплюшчваючы вочы, то складваў крылы і падаў, маючы асалоду ад ветру і хуткасці, а потым зноў узносіўся і зноў лунаў, пазіраючы на сонца.
Ніжэй - дыстанцыя была раз і назаўсёды вызначана - ляцеў ад'ютант і целаахоўнік Старэйшы Сокал, а яшчэ ніжэй кружылі чароды шулёнкаў - гэта была ахова. Шулёнкі не маглі намнога адарвацца ад зямлі (ды гэта і не дазвалялася) і знемагалі ад спякоты і смагі. Дзякуючы востраму зроку яны бачылі, што робіцца на зямлі: кішачых мышэй, разнастайных птушак, сінія ручаіны і даўганогіх кулікоў, на мелізне нават бачылі рыбак, якія абгрызалі сцяблінкі трысця або проста раскашаваліся ў ціхіх затоках каля самай паверхні. Усё гэта было як на далоні, але ні адзін з шулёнкаў не меў права нават падумаць пажывіцца - Старэйшы Сокал надзвычай зоркі і пільны. Ахоўваць бяспеку і спакой Магутнага Арла - вось такі іх абавязак, і нічога іншага на свеце не павінна было для іх існаваць. Яны то згуртоўваліся ў непрыступнае карэ, то перастройваліся ў імклівы клін, то размяшчаліся кругам, ні на секунду не выпускаючы з-пад увагі ні ад'ютанта, ні самога ўладара, ні вельмі мізэрных змяненняў вакол іх - у паветры або ўнізе. Яны не ведалі, ад якіх ворагаў трэба ахоўваць Магутнага Арла, яны толькі ведалі, што трэба ахоўваць, і ахоўваць пільна. Час ад часу камандзір шулёнкаў, самы дужы і натрэніраваны з іх, адрываўся ад чарады і прабіваўся ўверх, да Старэйшага Сокала. Зразумела, ён не мог дасягнуць вышыні целаахоўніка, не кажучы ўжо пра вышыню Магутнага Арла; ён падымаўся ўсяго настолькі, каб быць пачутым, і, задыхаючыся, крычаў:
- Ваша сцярвятніцтва! На захадзе навальнічная хмара!
Старэйшы Сокал у сваю чаргу таксама ўзлятаў, наколькі мог, і перасцярога перадавалася галоўнаму адрасату.
Магутны Арол даўно ўжо бачыў хмару, якая не была не толькі навальнічнай, а нават і дажджавой і да таго ж праходзіла бокам. Ён пагардліва пакасіўся ўніз і адказаў:
- Бачу. Ты - вольны.
І Старэйшы Сокал імкліва зніжаўся, і гэтак жа імкліва ныраў уніз камандзір шулёнкаў і, з палёгкай расслабіўшыся, займаў месца ў чарговым пастраенні.
Бывалі - праўда, дужа рэдка - выпадкі, калі хто-небудзь з ахоўнікаў, заўважыўшы сусліка, які разлёгся на санцапёку, забываўся (спакуса брала сваё) і стрымгалоў кідаўся на ахвяру. Але ён не паспяваў нават адчуць смаку свежага мяса - сабрацці адразу разрывалі сусліка на кавалкі. Пасля гэтага парушаны строй аднаўляўся і служба працягвалася.
А Магутны Арол ціхамірна лунаў у вышыні. Вядома, ён часам заўважаў хвіліннае замяшанне ў шэрагах ахоўнікаў, але не надаваў гэтаму значэння.
«Няхай, - усміхаючыся, думаў ён. - У іх там свас клопаты». Было светла на душы, думкі цяклі спакойна, як ціхая рака або як гэты вецер, халаднаваты і плаўны.
Час, калі ён хваляваўся, аглядваўся, выпрабоўваў моц крылаў і прызвычайваўся да вышыні, даўно мінуў. Так, калісьці новае сваё становішча ён прымаў яшчэ як дар лёсу. Ён ацэньваў сябе збоку, каб пазбавіцца шмат якіх звычак, што ішлі ад мінулага, прыслухоўваўся да шматлікіх галасоў у сабе і ўважліва аглядваў кожнага, хто трапляўся на вока. Усё гэта даўно мінула. Ён убачыў, што больш магутнага за яго няма, і яму ўжо не трызнілася пра «дар лёсу», ён паверыў, што заўсёды быў такі, як цяпер, і што лёс да гэтага не мае дачынення. Ён цяпер не залежаў ні ад чога і ні ад кога; наадварот - усё жывое, з яго клопатамі, намерамі і інтарэсамі, з яго сённяшнім і будучым, падуладна толькі яму, Магутнаму Арлу, і цалкам залежыць толькі ад яго аднаго. Ён ужо не ўпіваўся сваёй магутнасцю, як спачатку, не даказваў яе на кожным кроку - яна ўжо і так была відавочная і непахісная. «Усталяваны парадак, - горда думаў Магутны Арол, - адзіна магчымы. Ён справядлівы. І калі б я нават сам нешта хацеў змяніць, дык не змог бы, бо гэта немажліва».
Кожнай раніцай ён вылятаў прагуляцца: прымаў паветраныя ванны, рабіў размінку, каб не здранцвелі мускулы і не аслаблі крылы, аглядаў свае ўладанні і думаў. Ён думаў пра сваё птушынае царства, але часцей за ўсё - аб прыгажосці свету. Яго, само сабой, не цікавілі дробязі - з вялізарнай арлінай вышыні ён акідваў зямлю пільным позіркам, і яна была блакітная і зялёная. Яна заўсёды была блакітная і зялёная, і гэта яшчэ раз пацвярджала нязменнасць і непарушнасць сутнасці. Часам - вядома, вельмі рэдка - у блакітнасці і зеляніне ўзнікалі нейкія пабочныя плямы, але іх існаванне было кароткачасовае.
Пасля прагулкі, якая працягвалася дзве з паловай гадзіны, Магутнаму Арлу дакладвалі, што надыходзіць час абеду. Гэта таксама ўваходзіла ў абавязкі Старэйшага Сокала - па ўстаноўленай форме ён адчаканіў:
- Ваша Недаступнасць! Час абеду набліжаецца, як пра гэта Вашай Недаступнасці вядома лепш за мяне.
І тут шулёнкі ўнізе размяшчаліся такім чынам, што атрымлівалася слова «АБЕД». Магутны Арол рэзка ўзмахваў крыламі, закідваў галаву насустрач сонцу і потым плаўна зніжаўся да свайго жылля. А крыху ніжэй, у гэтым жа напрамку, ганібалаўскім паўмесяцам рухалася ахова.
У непрыступных скалах, на галавакружнай вышыні стаяў палац Магутнага Арла. Гэта быў моцны і велічны замак, выкладзены знутры і ўсярэдзіне каштоўнымі камянямі. Яго складалі шматлікія залы, пакоі, калідоры; іх было такое мноства і так мудрагеліста яны злучаліся паміж сабою, што не толькі выпадковы наведвальнік, але і самі жыхары лёгка маглі заблудзіцца і трапіць у непрыемную гісторыю, калі б ім, напрыклад, захацелася пацікавіцца, куды вядзе такі вось, скажам, праход або што знаходзіцца ў тым вось замкнутым пакоі. Не заблудзіўся б у гэтым лабірынце толькі сам Магутны Арол і яго верны вартавы Старэйшы Сокал. І яшчэ адзін жыхар замка не заблудзіўся б тут - брамнік Старажытны Крумкач, які хоць і быў простым брамнікам і не меў ключэй, акрамя ўваходных, але затое меў добрую памяць, бо стары і мудры быў і шмат чаго пабачыў на сваім вяку.
Вось ён вылазіць са сваёй каморкі, бразгаючы ключамі, блізарука жмурыцца з-пад крыла, заўважае стройную чароду шулёнкаў і, пакульгваючы, ідзе адмыкаць вароты. Шулёнкі падлятаюць, садзяцца ў дзве шарэнгі, і Крумкач кажа ім, уздыхаючы:
- Намарыліся, бедненькія. Спякота! У цяньку б у такі час хавацца, а тут - служба. Ах, кра-кра-кра...
- Маўчаць! - крычыць у такіх выпадках Старэйшы Сокал. - Чым балбатаць, старая здыхля, лепш бы падмёў каля варотаў!
- Усё робіцца ў адпаведнасці з Улажэннем, ваша сцярвятніцтва, - адказвае Старажытны Воран.
- А балбатня з аховай таксама ў адпаведнасці з Улажэннем?
Яны заўсёды пачыналі сварыцца, бо даўно не любілі адзін аднаго, і спынялася сварка, як толькі з'яўляўся пан. Свіст ветру ў яго крылах заглушаў галасы, грозны грукат кіпцюроў аб каменную пліту ставіў кропку ўсялякім спрэчкам. Крумкач кланяўся. Старэйшы Сокал адступаў убок і таксама схіляў галаву, і Яго Недаступнасць Магутны Арол, велічна склаўшы крылы, нетаропка накіроўваўся ў замак.
13
На абед часцей за ўсё падаваліся жывая рыба або трус. Магутны Арол сядзеў у пуховым крэсле, побач стаяў Старэйшы Сокал, а каршуны-кухары падавалі стравы. Яны ставілі іх перад уладаром і, не ўзнімаючы позірку, выходзілі. І як толькі за імі зачыняліся дзверы, Старэйшы Сокал вырываў з кожнай стравы па кавалку, праглытваў і чакаў. Магутны Арол сачыў за ім. Такім чынам правяралася прыгоднасць ежы - яна ж магла быць і атручаная: ці мала што здараецца, калі на свеце жывуць зайздроснікі. Магутны Арол паназіраў некалькі хвілін за сваім слугой і пачынаў есці. Калі рыбу прыносілі ў акварыуме, ён удыхаў пах вады, і ў яго галаве лёгкім хмелем усплывалі цьмяныя вобразы; ён заплюшчваў вочы і нейкі час сядзеў нерухома. Потым быццам апамятаўся і ўпіўся ў самую вялікую рыбіну. Яна хацела вырвацца і круцілася ў яго кіпцюрах, па пругкім целе струменілася і капала ў ваду кроў, і толькі Магутнаму Арлу быў зразумелы маўклівы рыбін крык: «Хутчэй - хутчэй...»
Шчупакі, між іншым, паводзілі сябе інакш. Яны не кідаліся, як нейкія там язі ці галаўлі, на сценку акварыума, а ў кіпцюрах Магутнага Арла ўсё стараліся ўкусіць велічную асобу, білі хвастом і калоліся плаўнікамі. І ні разу Магутны Арол не чуў, каб шчупак крыкнуў.
Труса падавалі асвежанага, і есці яго ў такім выглядзе не было, шчыра кажучы, ніякай цікавасці, і калі б не правілы і этыкеты, магутны Арол загадаў бы падаваць труса жывога.
Абед канчаўся, і Яго Недаступнасць у суправаджэнні целаахоўніка ішоў на зацемненую веранду, каб пачысціць дзюбу і прыгладзіць узлахмачаныя пёры. Тут жа ён драмаў хвілін пятнаццаць-дваццаць, каб канчаткова прыняць прыстойны выгляд і сабрацца з думкамі - асабліва шчупакі заўсёды псавалі яму настрой. Потым пачыналася дзелавая частка дня.