Сужэнства гэта пакута
як кожная іншая
дзе ад слодычы і цяпла
вібруе ў зубах метафізічны страх
Прыгледзьмася да сябе
на ростані дарог
здзіўленыя кпінамі лёсу
у здзеклівасці дакрананняў і рук
адвярнуўшыся сыходзім упрочкі
Сужэнства гэта пакута
у трыбуху Левіяфана
шукаем суцяшэння
хоць трохі нязмушанай радасці
разнапружання
не трэба затурзвацца думкай
што труціць нас жахлівы магут
Сужэнства гэта пакута
ў біблійнай арцы
калышамся на бязмежных акіянах
безнадзейна чакаем ацалення
спазматычны лямант розуму
адрываецца
заносіць
высока
Наіўна мы думаем
што гэта птушка ляціць
з чаканаю весткай
каханне
вывяраю яго
як падкіданне крышталёвага шарыка
каб не схапіць лішне моцна
і не раздушыць
ад мяне да цябе
ашаламляльна поўны пералёт
ад мяне да цябе
а ў тым пералёце спасцігаеш раптам
буфер паветра
подых космасу
як жа цудоўна мякка
вяртаецца шар
убіваючыся
у клуб майго цела
гэта як распусканне
у прасторы і паветры
у космасе тваёй душы
без страху
вяртанне шара як нараджэнне
можна сябе загубіць
у поўным нутры
вільготнай бяспекі
чарговы подзьмух ужо без кахання
і пакуты
толькі ў зачараванасць і радасць
вяртаемся так да сябе падкідаючы крышталёвы шарык
з мяне з табою ад цябе да мяне
бясконцае перапаўненне каханнем
нацягненыя паміж двума полюсамі космасу
адчуваем поўніцу ў хвілі пералёту
крышталёвага шара
полюсы таго самага космасу
што ўдасканальваюць самі сябе.
твой зрок
гэта не толькі вочы затоенага звера
гэта ўсё цела
адзетае ў кармазын
альбо на крывава-чырвоным фоне
адцятым ад белізны сцяны
тваё цела
гэта не толькі пажадлівасць занураная ў звярыным упіванні
незразумелы нам агонь
што паліць і нішчыць
надзіць і баліць
ёсць з намі блізка як скура
і дае радасць дотыку
твае клубы
у кармазынавай тканіне
якую скідаю прагнучы хутчэй цяпла
чысціні і асалоды
спакойна
лежачы на сафе глядзіш
і бачу як звяргаеш тыранію
тлуміш бунты
альбо пачынаеш рэвалюцыі
вызваляеш новыя гукі
падбіраеш паэтам словы
усе глядзяць з подзівам
на цуд які за тваім дакрананнем
пераменіць кавалак звычайнай матэрыі
у цяжарнасць і новае жыццё
гэта адзін позірк
у кармазынавым свячэнні
ад якога кожны шалее
увесь час цябе адкрываем
у месяцавай поўні
у хціва ўцягненым дыме папяросы
у ашаламленні вясною
у краявідзе гор пасля дажджу
увесь час адкрываем
пульсуючую кармазынавую
прастору